РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вітаўт Чаропка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Імя ў летапісе
У пошуках мінулага
Ад аўтара
Рагвалодаў род. Рагвалод, Рагнеда
«Акаянны». Святаполк
Аднаўленне незалежнасці. Брачыслаў Ізяславіч
Вешчая душа. Усяслаў Брачыславіч
Няспраўджаныя надзеі. Глеб Менскі
У часы міжусобіц. Рагвалод-Васіль
За два стагоддзі да Грунвальда. Уладзімір Полацкі
Падманлівая веліч. Міндоўг
Наваградскі князь. Войшалк
З пакалення рускага. Трайдзень
Сны аб Радзіме. Даўмонт
Меч і слава. Давыд Гарадзенскі
НАВАГРАДСКІ КНЯЗЬ. ВОЙШАЛК
НАВАГРАДСКІ КНЯЗЬ
ВОЙШАЛК
        
        На акладзе помніка старажытнай беларускай пісьменнасці – Лаўрышаўскага Евангелля ёсць выбітая на срэбры выява воіна з дзідай і шчытом. Па традыцыі лічыцца, што гэта вобраз святога Лаўрыша, а ў свеце Войшалка, сына Міндоўга, князя наваградскага, вялікага князя літоўскага. Глыбока сімвалічна, што яго вобраз змясцілі на Евангеллі. Князь, дзяржаўны дзеяч, воін, а разам з тым богабаязны манах, паломнік, заснавальнік Лаўрышаўскага манастыра – два розныя бакі жыцця гэтага чалавека. Многія дзеі і ўчынкі Войшалка выклікалі ў сучаснікаў неразуменне і здаваліся непаслядоўнымі і нелагічнымі. Але калі прыгадаць, у якім складаным становішчы апынулася Наваградская зямля пасля паразы ў вайне з Галіцка-Валынскім княствам, дык стане ясна, што толькі ўмелая, вытанчаная дыпламатыя, хітрасць, дэталёвы разлік маглі прынесці Наваградку поспех. Войшалк у адрозненне ад Міндоўга дзейнічаў не грубай сілай, не аблудлівасцю. Ён да патрэбнага часу хаваў свае намеры, без шуму плёў інтрыгі, пускаўся на хітрасці, ішоў на кампрамісы. Учынкі яго толькі на першы погляд здаваліся нелагічнымі. На самой справе кожны князеў крок быў прадуманы, паслядоўны. Менавіта Войшалку выпала фактычна стаць заснавальнікам буйнейшай эўрапейскай сярэдневяковай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага.
        Разам са сваім бацькам, князем Міндоўгам, Войшалк у маладосці трапіў у Наваградак. Ён адчуў уплыў новай культуры, новага ладу жыцця, новых людзей і прасякнуўся інтарэсамі Наваградка, прысвяціў сябе служэнню сваёй другой Радзіме. Тут, у Наваградку, Войшалк разам з бацькам прыняў праваслаўе. Міндоўг, вядома, зрабіў гэта з палітычных меркаванняў, і вера яго была нетрывалая. Іншая справа – Войшалк. Праваслаўным хрысціянінам ён стаў у юныя гады, калі душа падатлівая да ўспрымання духоўнасці. Наведваючы храм, прысутнічаючы на службах, ён убірае ў сябе дух праваслаўя. Іпацьеўскі летапіс, прыводзячы ў прыклад Войшалка, даказвае на эфекце кантрастаў сілу хрысціянскай веры. Войшалк-язычнік, дзікун – неміласцівы да людзей, штодня забівае па тры, па чатыры чалавекі, а калі ў які дзень не заб’е нікога, «печаловашеть тогда, коли же убьяшеть кого, тогда весел бяшеть». Але вось «вниде страх божий во сердце его»[1] – і як падмянілі Войшалка. Святасць на душы ў яго, дні ў малітвах праводзіць, на Афон паломнікам адпраўляецца – святы чалавек. Няма чаго і казаць пра ўсю надуманасць гэтай летапіснай характарыстыкі, якая нічога агульнага з гістарычнай праўдай не мае. Але вінаваціць Войшалка-хрысціяніна за хітрасць, жорсткасць не выпадае: час і абставіны патрабавалі менавіта такога чалавека на чале дзяржавы. Больш важна адзначыць іншае: Войшалк не здраджваў сваёй веры, як Міндоўг, ён быў ваяўнічы праваслаўны хрысціянін.
        У гады, калі ў Наваградку сядзеў Міндоўг, Войшалк ад яго імя правіў у Ваўкавыску і Слоніме. І толькі ў 1254 годзе ён выступіў як самастойны палітычны дзеяч. Няўдачы Міндоўга ў вайне з Данілам Галіцкім вымусілі наваградскіх баяр шукаць яму замену, іх выбар і спыніўся на Войшалку.
        Усе спробы Міндоўга заключыць з Данілам мір заканчваліся няўдачамі. Цяпер заключэнне міру стала справай Войшалка. Не магло быць ніякай гаворкі аб тым, каб Наваградак выступаў як роўны з Галіцка-Валынскім княствам: ён павінен паслухмяна прыняць усе ўмовы пераможцы. Аднак трэба было неяк выгадаць і свае інтарэсы. Войшалк адправіўся ў Холм на сустрэчу з Данілам Галіцкім. Каб знайсці хаўрусніка ў лагеры галіцка-валынскіх князёў, ён аддае сваю сястру за сына Данілы, холмскага князя Шварна. І цяпер яго візіт мае выразную афарбоўку: вось бачыце, ён прыехаў да Данілы з сама лепшымі намерамі, ён хоча міру і сяброўства з ім. Нялёгка было Данілу разгледзець гэтага маладога князя. Што ў яго на розуме? З Міндоўгам ясна – той хітры і вераломны, і верыць яму нельга. А гэты?
        Даніла Галіцкі запатрабаваў аддаць Наваградскую зямлю Шварну, дзеці якога маглі б мець яе ў спадчыну. Войшалк быў гатовы ўступіць Наваградак, але з умовай, што ў ім сядзе не Шварн, а яго брат – князь Раман Данілавіч. Які разлік Войшалка? Было відавочна, што Галіцка-Валынскае княства не змагло трывала далучыць да сябе Наваградскую зямлю хаця б таму, што паміж імі ўкліньвалася Пінская зямля. Галоўнае ж заключалася ў тым, што дзяржава Данілы Раманавіча кацілася да скону, усё болей і болей трапляючы ў залежнасць ад Залатой Арды, таму і сілай утрымаць Наваградчыну ў сваіх руках Даніла Галіцкі не меў. Войшалк гэта добра разумеў. Якія пяць-шэсць гадоў – і Наваградак акрыяе, збярэцца з сіламі.
        Даніла згадзіўся з Войшалкам. Наваградскім князем стаў Раман. Аднак Войшалк як заложнік павінен быў жыць пры двары Данілы. Каб пазбавіцца ад гэтага ганаровага палону, Войшалк прымае манаства. Даніла лічыў, што Войшалк адмовіўся ад палітычнай барацьбы і цалкам аддаў сябе на служэнне Богу. І сапраўды, Войшалк нібыта выракся свецкага жыцця, забыўся пра ўладу. Тры гады жыве ён у Палонінскім манастыры. Як і кожны з браціі, творыць малітвы, посціцца, працуе ў манастырскай гаспадарцы. Змірыў свой княжацкі гонар, моліцца аб уратаванні сваёй душы і нават хрысціць унука Данілы Галіцкага – Юрыя Львовіча. Потым просіць адпусціць яго ў паломніцтва на Афон, і Даніла дазваляе. Адпраўляўся Войшалк на Афон з канкрэтнай мэтай – прывесці адтуль святароў для будучага хрышчэння Літвы пасля яе заваёвы, але з-за ваенных перашкод вярнуўся назад.
        Паверыў Даніла былому князю і тады, калі той выказаў жаданне заснаваць каля Наваградка манастыр. У 1258 годзе Войшалк з манахамі, выбранымі ім у Палонінскім манастыры, зноў у Наваградку. На самай літоўскай мяжы ён засноўвае манастыр і адначасова ўважліва сочыць за падзеямі на Наваградчыне. Для яго не сакрэт, што наваградцы не задаволены князем Раманам. Удзел Наваградка ў вайсковых авантурах Данілы Галіцкага (у 1255 годзе наваградцы хадзілі разам з галіцка-валынскімі войскамі на Яцьвязь; у 1258-м – на Кіеў супраць татараў) не толькі не адпавядаў інтарэсам наваградцаў, але і прыносіў ім людскія страты. Дый давялося несці цяжар «волі татарскай», якою было заярэмлена Галіцка-Валынскае княства. Войшалк мог сустракацца – і, верагодна, не раз гэта рабіў – з прадстаўнікамі наваградскага баярства і ведаў, што ў Наваградку чакаюць яго. Але, рыхтуючыся да паўстання супраць Данілы Галіцкага, ён цвяроза ацэньваў свае сілы – іх не хапала, патрэбна была дапамога. І ён знайшоў хаўрусніка – полацкага князя. Можа, Таўцівіл не пайшоў бы на саюз з сынам свайго непрымірымага ворага, але палачанаў непакоіла распаўсюджанне ўлады Галіцка-Валынскага княства на Наваградак і Літву, і ён як баявы князь Полацкай рэспублікі вымушаны быў выконваць насуперак сваім асабістым інтарэсам волю веча.
        Зноў Войшалк усё разлічыў дакладна. Ён не мог не ведаць аб будучым паходзе мангола-татарскага войска Бурундая на Паўднёва-Заходнюю Русь і разумеў, што ў такі нялёгкі час Данілу Галіцкаму будзе не да Наваградка. Незадоўга да паходу Бурундая Войшалк пакідае манастыр і бярэцца за зброю. Аднак і ў свеце Войшалк не забываўся пра свой манаскі чын. Як піша ў сваёй «Кроніцы» Ф.Сафановіч: «Стаўшы вялікім князем літоўскім, Войшалк жыў набожна ў чэрнечым законе, у княжых адзежах ходзячы, насіў заўсёды клобук на галаве»[2]. Выпадак у гісторыі выключны – на чале дзяржавы стаў манах-князь.
        З Полацка прыбывае з дружынай Таўцівіл. Удвух яны авалодалі Наваградкам і, відаць, забілі Рамана.
        Пасля чатырох гадоў прыніжэнняў, змірэння са сваім становішчам, прытворства Войшалк зноў сеў на наваградскі пасад. Толькі часу ні для радасці, ні для ўрачыстасцяў у яго няма. Раз’юшаны Даніла Галіцкі рушыў з войскам на Наваградскую зямлю. Войшалк і Таўцівіл, не ўступаючы з ім у сечу, умела манеўруюць, заблытваюць сляды. І Даніла ніяк не можа знайсці іх. Ён захапіў Ваўкавыск, паслаў атрад на Зэльву, а сына Льва – на Горадню. Войшалк, так і не ўступіўшы з Данілам Галіцкім у бой, захаваў сваю дружыну ад разгрому і выйграў час. У Паўднёва-Заходнюю Русь прыйшло войска Бурундая. Даніла Галіцкі вымушаны быў выводзіць войскі з Наваградчыны і слаць іх па загаду Бурундая на Літву і Нальшчаны.
        Вызваленне Наваградка з-пад улады галіцка-валынскіх князёў з’явілася пачатковым этапам у планах наваградскіх баяраў стварыць сваю моцную дзяржаву. Наступны крок – заваёва Літвы. Першая спроба яе заваёвы закончылася няўдачай. Сумны вопыт стаў добрым настаўнікам наваградскаму баярству. Ранейшых памылак яно не паўторыць. На сваёй скуры адчулі наваградцы, што значыць не ўлічыць палітычнай кан’юнктуры, не прадбачыць наперад развіццё падзей, паспяшыць. Цяпер яны былі мудрэйшыя.
        Не ўсё ў палітыцы вырашае зброя. Хіба ўменне сыграць на супярэчнасцях паміж тваімі суседзямі, перацягнуць на свой бок будучага ворага, пасварыць саюзнікаў не з’яўляецца сілай, якая можа прынесці болей плёну, чым зброя? Яшчэ якой сілай! Гэта і возьме на ўзбраенне Наваградак у сваёй новай палітыцы, а Войшалк яе бліскуча ажыццявіць на справе.
        Пасля Міндоўгавай смерці жамойцкі князь Транята захапіў уладу «во всей земле Литовской и Жемоти». Але ён не мог адчуваць сябе ў бяспецы, ведаючы, што ў Полацку і Наваградку сядзяць законныя прэтэндэнты на Літву. Таму Транята і вырашыў паасобку расправіцца і з полацкім, і з наваградскім князямі. Ён запрасіў Таўцівіла да сябе дзяліць «зямлю и добыток Миндовгов». У Полацку вырашылі, што надышоў час дзейнічаць, забіць рукамі Таўцівіла Траняту і далучыць Літву да Полаччыны. Каб падтрымаць свайго князя і дапамагчы яму расправіцца з Транятам, разам з Таўцівілам у Літву адправілася цэлая світа полацкіх баяраў. Цяжка сказаць, што вымусіла баярына Пракопія выдаць Траняту намеры палачанаў. А той не стаў марудзіць. Апярэдзіўшы Таўцівіла, ён забіў яго і паланіў полацкіх баяраў. Перад Полацкам была пастаўлена ўмова – прыняць да сябе залежнага ад Траняты князя, а ўзамен палонныя баяры атрымаюць волю. Выбару не было – Полацак згадзіўся.
        Усё ж Транята не насмеліўся пасылаць у Полацак чужога палачанам князя. Чаго добрага яны выправадзілі б яго. Таму ў Полацак адправіўся нальшчанскі князь Гердзень, сын полацкага князя Давыда Расціславіча. Транята яшчэ дамагаўся выдачы Таўцівілавага сына, але палачане адмовілі яму ў гэтым і дапамаглі таму ўцячы ў Ноўгарад.
        Цяпер, калі Полацак выйшаў з палітычнай барацьбы, Транята мог расправіцца і з Войшалкам. Аднак Войшалк аказаўся і хітрэйшы, і прадбачлівы за літоўскага ўладара. Ён не толькі не паехаў у Літву, але больш за тое – пакінуў Наваградак і адправіўся ў Пінск, у Ляшчынскі манастыр. Зноў надзеўшы манаскую расу і клобук, Войшалк збірае войска і, верагодна, вядзе перамовы з літоўскімі феадаламі. Трэба думаць, што не без ягонага ўдзелу сярод літоўскай знаці, якая была незадаволена жамойцкай уладай, узнікае змова супраць Траняты. Былыя Міндоўгавы слугі забілі Траняту. Атрымаўшы вестку пра гэта, Войшалк з пінскай дружынай выступае да Наваградка, дзе «съвкупи около себя вои отца своего и приятели»[3], г.зн. наваградскую дружыну, абапіраючыся на якую Міндоўг у свой час «зане Литву». Як і спадзяваліся ў Наваградку, Войшалка прынялі на Літве як законнага ўладара: «Литва же вся прияше с радостью своего господитича»[4]. Але з «радостью» да Войшалка ставіліся не ўсе. І былы манах, забыўшыся на хрысціянскую літасць, з жорсткасцю «поча вороги свои убивати, изби их бесчисленное множество, а друзии разбегошося камо кто видя»[5]. Відавочна імкненне наваградскіх баяраў рукамі Войшалка расправіцца з літоўскімі феадаламі, знішчыць тую нутраную сілу, якая яшчэ пры Міндоўгу выступіла супраць Наваградка і магла гэта зрабіць і зараз.
        Расправіўшыся з нутранымі ворагамі сваёй дзяржавы, Войшалк зрабіў захады, каб забяспечыць мір з суседзямі, унікнуць вайны з імі. Ён вырашыў перацягнуць на свой бок Ордэн. З палону былі вызвалены хрысціяне, якіх пасля адрачэння ад хрысціянства звязеніў Міндоўг і якіх трымаў у палоне заўзяты язычнік Транята. Да магістра ў Рыгу прыбыў Войшалкаў пасол. Новы ордэнскі магістр Конрад адразу ацаніў тую выгоду, якую прынясе крыжакам мір з Войшалкам. Жамойць зноў заставалася без хаўрусніка, і можна было прыступаць да яе заваёвы.
        Забяспечыўшы мір з Ордэнам, Войшалк шукае магчымасць паразумецца з Галіцка-Валынскім княствам. Калі б не зрабіў ён гэтага, магло б паўтарыцца тое, што адбылося пры Міндоўгу: тады Даніла Галіцкі скалаціў супраць Наваградка кааліцыю і пайшоў на яго вайной. Войшалк прызнаў сябе васалам князя Васількі Берасцейскага. Як ён і спадзяваўся, галіцка-валынскія князі забыліся на яго вераломства і, прывабленыя перспектывай валодаць Наваградскай зямлёй і Літвой, згадзіліся на мір.
        Галіцка-Валынскае княства ўжо не тая моцная дзяржава, якою яно было раней. Супярэчнасці паміж яго ўдзельнымі князямі падрывалі моц княства, і яно ўсё болей трапляла пад уладу Залатой Арды. Так, па загаду мангольскага хана Даніла Галіцкі зруйнаваў крапасныя сцены сваіх гарадоў. Утрымаць жа пад сабой Наваградак Галіцка-Валынскае княства не мела сіл. На гэта і разлічваў Войшалк. Ён прызнаў над сабою ўладу Васількі, забяспечыў мір з варожай дзяржавай, атрымаў ад яе вайсковыя сілы для заваёвы новых зямель і ўтрымання іх пад сваёй рукой. На наваградскі пасад Войшалк запрашае «дапамагаць яму ўладарыць» Шварна. Калі ў 1254 годзе Войшалк асцерагаўся перадаваць Наваградак жанатаму з ягонай сястрой Шварну, дык цяпер трывогі не было: Шварн не меў дзяцей, і пасля яго смерці Войшалк зноў мог стаць паўнапраўным гаспадаром у сваёй дзяржаве на Наваградчыне і Літве.
        З вайсковай дапамогай Шварна і Васількі Войшалк у 1264 годзе напаў на Дзяволтву і заваяваў яе. Гэтакі лёс напаткаў і другую балцкую зямлю – Нальшчаны з яе сталіцай Крэва (паўночны захад сучаснай Беларусі і крайні паўднёвы ўсход сучаснай Летувы). Як ў Літве, так і на новых заваяваных землях наваградскі князь жорстка расправіўся з мясцовымі феадаламі, «вороги своя избив»[6]. Пасля заваёвы Дзяволтвы і Нальшчан Войшалк вярнуўся ў Наваградак. Захоп Літвы, як слушна адзначыў М.Ермаловіч: «быў адначасова і ўдарам па Полацку, які пасля страты Ніжняга Падзвіння страціў сваю апору і ў гэтых землях. Каб карыстацца і ў далейшым матэрыяльнымі рэсурсамі і вайсковай сілай балцкіх земляў, Полацак павінен быў прызнаць «волю» Наваградка. У гэтым і заключаўся стратэгічны план Войшалка»[7]. Ужо ў грамаце полацкага князя Ізяслава (прыблізна ў 1265 годзе) прызнаецца «воля» Войшалка над Полацкам.
        Аб’яднанне Войшалкам вакол Наваградка Літоўскай і Нальшчанскай земляў, а таксама Дзяволтвы, саюз з Пінскам і Полацкам – усё гэта і было пачаткам утварэння Вялікага Княства Літоўскага. Першай сталіцай гэтай дзяржавы стаў Наваградак, а яго герб – коннік на белым кані з мячом у руцэ – дзяржаўным гербам Вялікага Княства. З тае прычыны, што Наваградак, які ўзнік на землях старажытнай Літвы, і сама Літва былі ядром новай дзяржавы, яна і атрымала назву Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ).
        Утварэнне ВКЛ – гэта вынік эканамічнага, палітычнага і культурна-этнічнага збліжэння і аб’яднання беларускіх і балцкіх земляў. Дзяржава з’яўлялася перш за ўсё беларускай, і таму ў ёй панавалі беларуская мова, беларуская культура, беларускае права. Няшмат паспеў зрабіць Войшалк на велікакняжацкім пасадзе. У 1266 годзе ён разам з князем драгічынскім і луцкім Шварнам удзельнічаў у паходзе на Польшчу. Аб’яднанае руска-ліцьвінскае войска паваявала ваколіцы гарадоў Скарышава, Ваўжы і Таржка. Мабыць, ініцыятарам гэтага паходу выступіў Войшалк, бо Шварн, апраўдваючыся перад польскім каралём Баляславам, заявіў: «Не я, але Літва воевала». Баляслаў гэтаму не здзівіўся: «На Літву не скарджуся, бо яны з намі не маюць пакою»[8]. Сапраўды пасля таго, як Польшча і Мазовія сталі спрабаваць захапіць яцьвяжскія землі, «пакой» з Літвой скончыўся. І Міндоўг ваяваў з-за Яцьвязі з Мазовіяй, а вось зараз і Войшалк арганізаваў паход з мэтаю заваёвы яцьвяжскіх земляў[9]. Праўда, жаданай мэты ён не прынёс, аднак раскрыў Войшалкавы задумы – далучыць да Літвы і Яцьвязь.
        Пасля заваёвы Літвы і другіх балцкіх земляў Войшалк задумаў хрысціць іх. Рэлігія разглядалася ім не толькі як магчымасць ідэалагічнага ўплыву на паганскае насельніцтва Літвы, але і як сродак асіміляцыі балтаў. Ужо пры ім вызначыўся адзін з галоўных напрамкаў у палітыцы ўладароў Вялікага Княства – абеларушванне балтаў па прынцыпу «адна дзяржава – адзін народ», што і выявілася ў вядомых артыкулах статута Вялікага Княства Літоўскага аб дзяржаўнасці беларускай мовы і прыманні на дзяржаўныя пасады тых феадалаў, якія ведалі яе.
        З мэтай ахрысціць Літву Войшалк у 1265 годзе звяртаецца з просьбай у Пскоў прыслаць яму святароў, бо яны больш за іншых знаёмыя з мовай і звычаямі Літвы. Войшалк так і не дачакаўся іх. У гэты час пскоўскім князем быў вораг ягонага бацькі – нальшчанскі князь Даўмонт. Не дачакаўшыся адказу з Пскова, Войшалк адправіўся ў Палонінскі манастыр, каб набраць там манахаў.
        А на велікакняжацкім пасадзе пакінуў Шварна. Той адгаворваў Войшалка ад вяртання ў манастыр, але ён адказаў: «Согрешил есмь много перед Богом и человеки, ты княжи, а земля ть опасена»[10]. Ён зноў надзеў клобук і расу, каб дзейнічаць як манах, бо, мабыць, асцерагаўся помсты князя Льва Данілавіча за тое, што «дал землю Литовскую брату яго Шварновы». Але той усё ж даведаўся аб прыездзе Войшалка ў Галіцка-Валынскае княства, і паслаў вестуна да Васількі: «Хотел бых снятися с тобою, абы туто и Войшелк был!..» Васілька паслаў да Войшалка: «Прислал ко мне Лев, а быхомся сняли; а не бойся ничего же»[11]. Войшалку нічога не засталося, як ехаць да свайго «сюзерэна» ва Ўладзімір-Валынскі. Паводле Іпацьеўскага летапісу, Леў Данілавіч і Войшалк сустрэліся ў доме нейкага немца Марколта, які паклікаў іх да сябе на абед. Госці селі «обедати и пити и веселитися». Васілька, напіўшыся, паехаў спаць дадому. Паехаў у манастыр, у якім спыніўся і Войшалк. Следам сюды прыехаў Леў Данілавіч і мовіў: «Куме! Напъемся»[12]. За хмельнымі чашамі і абудзіліся ў Льва даўнія крыўды на Войшалка. Галіцкі князь, відаць, пачаў пагрозамі патрабаваць ад Войшалка перадачы яму Наваградка. На гэта Войшалк не згадзіўся, чым выклікаў у Льва гнеў, і той у п’яным шаленстве выхапіў шаблю дый засек Войшалка.
        Так трагічна і неспадзявана абарвалася жыццё гэтага чалавека.
        Іншую версію забойства Войшалка падае «Кроніка Літоўская і Жамойцкая». Паводле кронікі, пасля смерці Данілы ягоныя сыны мячом пачалі дзяліць бацькоўскую спадчыну. Князь Леў Данілавіч захапіў Шварнаў удзел – Драгічынскую зямлю. Шварн звярнуўся па дапамогу да саўладальніка Наваградскага пасада. І Войшалк не прамінуў выкарыстаць спрыяльны момант нанесці ўдар па Галіцка-Валынскаму княству. На чале вялікага войска ён заняў Драгічынскую і Берасцейскую землі і рушыў на сталіцу Валыні Ўладзімір. Тут ужо Льву Данілавічу было не да варажнечы са сваякамі, ён адразу памірыўся з імі. Але ясна бачыў, што сіл супрацьстаяць Войшалку ў яго не хапае, а таму прыбегнуў да аблудлівасці. Праз пасрэдніцтва князя Ўладзіміра Леў запрасіў Войшалка на перамовы. Шварн і Васілька «верою своею» абяцалі Войшалку «безпеченство». І Войшалк паверыў іх клятве, спыніў сваё войска і з набліжонымі прыехаў ва Ўладзімір. Вось у манастыры святога Міхайлы п’яны князь Леў Данілавіч забіў Войшалка, рассекшы шабляй яму галаву. Гэта быў не хвілінны гнеў аслепленага злосцю чалавека, а загадзя спланаваная змова супраць ліцьвінскіх паслоў, бо «гасціныя» гаспадары ў тую ж ноч пасеклі іх, парэзалі сонных і бязбройных. Такая нябачная раней аблудлівасць абурыла Васільку і Шварна. Вечная ганьба лягла на дом Данілавічаў і Бог пакараў іх. Не прайшло і стагоддзя, як іх род вырадзіўся, спадчына стала здабыткам чужынцаў, а імёны забыліся. Яшчэ адзін яскравы прыклад містычнай сувязі паміж злачынствам і пакараннем. Рана ці позна любое злачынства будзе пакарана ці па законах зямных, ці па законах божых.
        Смерць Войшалка ўжо нічога не вырашыла: Вялікае Княства не загінула. Наваградскі князь Шварн абараніў новую дзяржаву ад пасягнення галіцка-валынскіх заваёўнікаў. У бітве на рацэ Ясельдзе наваградскае войска да звання разграміла галіцка-валынскае. Пераможцам Шварн уехаў у Пінск і Тураў. Пасля смерці бяздзетнага Шварна ўладу ў Вялікім Княстве ўзяў у свае рукі князь Трайдзень. Сеўшы ў Наваградку, ён адбіў усе спробы галіцка-валынскіх князёў авалодаць Вялікім Княствам Літоўскім. Закладзены Войшалкам падмурак аказаўся трывалым. На ім і пабудавалі Войшалкавы наступнікі буйнейшую ў Эўропе дзяржаву, якая стала на многія стагоддзі агульным домам для ліцьвіноў, жамойтаў і ўкраінцаў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.