РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вітаўт Чаропка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Імя ў летапісе
У пошуках мінулага
Ад аўтара
Рагвалодаў род. Рагвалод, Рагнеда
«Акаянны». Святаполк
Аднаўленне незалежнасці. Брачыслаў Ізяславіч
Вешчая душа. Усяслаў Брачыславіч
Няспраўджаныя надзеі. Глеб Менскі
У часы міжусобіц. Рагвалод-Васіль
За два стагоддзі да Грунвальда. Уладзімір Полацкі
Падманлівая веліч. Міндоўг
Наваградскі князь. Войшалк
З пакалення рускага. Трайдзень
Сны аб Радзіме. Даўмонт
Меч і слава. Давыд Гарадзенскі
ВЕШЧАЯ ДУША. УСЯСЛАЎ БРАЧЫСЛАВІЧ
ВЕШЧАЯ ДУША
УСЯСЛАЎ БРАЧЫСЛАВІЧ
        
        Сучаснікі ў жаданні хоць неяк растлумачыць незвычайны лёс гэтага чалавека, таямнічасць і легендарнасць яго асобы, ягоную бурлівую дзейнасць, бліскучыя перамогі, далучылі Ўсяслава Брачыславіча да чарадзеяў, волхваў. Нават у летапісе пра Ўсяславава нараджэнне запісана, што паявіўся на свет ён ад «волхования». Верылі, што можа князь абвярнуцца ў ваўка, тура, сокала, нібыта герой быліннага эпасу волат Вольга. Лічылі, што меў ён вешчую душу. Ужо пры жыцці пра яго подзвігі складалі быліны і паданні. Яскравая і каларытная постаць Усяслава натхняла і невядомага аўтара «Слова пра паход Ігаравы»:
        
Усяслаў-князь людзям чыніў суды,
Радзіў князям гарады,
А сам уночы ваўком рыскаў,
З Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя,
Хорсу вялікаму шлях перацінаў.
Яму ў Полацку пазвоняць Ютрань рана
У званы святое Сафіі,
А ён той звон чуе ў Кіеве*.
        
        * Тут і надалей «Слова пра паход Ігаравы» даецца ў перакладзе Р.Барадуліна (ЛіМ, 1985, 24 траўня).
        На адзінай вядомай выяве князя – у мініяцюры Радзівілаўскага летапісу бачым яго схуднелы і стомлены твар. Быццам не грознага ваяра паказаў мастак, а пакутніка. Нейкая наканаванасць адчуваецца ва ўсім абліччы, у позірку сумных вялікіх вачэй, а княскі вянец на Ўсяслававым чале ой як падобны на цярновы. Але хіба не пакутаваў Усяслаў у сваім жыцці?
        
Хоць і вешчую меў душу ў дзёрзкім целе,
Ды часта ад бедаў цярпеў ён.
        
        Дзень 10 ліпеня 1067 года, калі Ўсяслаў прыехаў на перамовы да Ізяслава Яраславіча, стаў адным з сама трагічных у яго жыцці. Пад ціскам свайго брата, чарнігаўскага князя Святаслава, Ізяслаў, парушыўшы «крестное целование», звязеніў Усяслава, прывёз яго ў Кіеў і кінуў у поруб – турму без дзвярэй, з адным маленькім акенцам, праз якое падавалі ежу. Што яго чакала? Ніякіх надзей на вызваленне. Ізяслаў не выпусціць яго жывога з поруба, не пашкадуе і сыноў. Так і скончыцца дынастыя полацкіх князёў. І невыносная думка пра тое, што цяпер у родным Полацке запраўляе чужынец, што ходзіць той на службы ў яго Сафію, якую ён, Усяслаў, колькі гадоў з любоўю будаваў... І цяжка змірыцца, што без дагляду застануцца магілкі продкаў, а з часам забудуцца іх слаўныя імёны... Няма ніякага суцяшэння. Колькі гадоў паклаў на служэнне Полаччыне, і ўсе яго намаганні дарэмныя. Засталіся толькі ўспаміны. Можна ўзгадаць бацьку, князя Брачыслава, яго аповяды пра мінулае Полацка. Можна аднавіць у памяці, як ён, Усяслаў, пятнаццацігадовым юнаком узышоў на полацкі пасад*, сустрэчу з вечам, калі тысячу вачэй з надзеяй паглядалі на прапраўнука князя Рагвалода, праўнука Рагнеды і ўнука Ізяслава, успомніць, як марыў ён аб велічы і славе Полацка, як будаваў святую Сафію, жадаючы давесці Ноўгараду і Кіеву роўнасць з імі Полацка, як забіраўся на самы верх і адтуль пазіраў на горад, што ляжаў перад ім. Можна згадаць, як сем гадоў назад радасна сустракалі яго кіяне, калі прывёў дружыну на дапамогу Ізяславу супраць торкаў. Як насцярожліва паглядаў на яго Ізяслаў, нібыта прадчуваў, што хутка падняць ім мячы адзін на аднаго. І ён, Усяслаў, ведаў, што не абысціся без вайны з Кіевам. Быццам цмок, разявіў сваю пашчу на Полацкую зямлю Кіеў. З поўначы – Пскоў, з захаду – Наваградак, з усходу – Смаленск, з поўдня – Кіеў. Здавалася, жалезныя зубы ўпіваліся ў цела Полаччыны. І вось-вось сціснуцца сківіцы...
        * Аб тым, што Ўсяслаў у пятнаццацігадовым узросце стаў вялікім полацкім князем, дае падставу сцвярджаць быліна пра Волха Ўсяславіча, правобразам якога быў Усяслаў:
        Стал себе Волх дружину прибирать,
        Дружину прибирал в три года.
        Он набрал дружину себе сем тысячей:
        Сам он, Волх, в пятнадцать лет...
        (Былины. Л., 1984. С.390)
        Не раз успамінаў Усяслаў у порубе тыя тры гады, што прайшлі ў вайне з Кіевам. Нанесці ўдар па тых цвержах Кіеўшчыны, якімі яна акружыла Полаччыну, – вось дзеля чаго і пачаў раць трымаць. Не думаў, што ўсё так кепска для яго скончыцца.
        Першы ўдар нанёс ён ў 1065 годзе па Пскове. Ізяслаў у гэты час разам з братамі, чарнігаўскім князем Святаславам і пуціўльскім князем Усеваладам, ваяваў супраць цьмутараканскага князя Расціслава Ўладзіміравіча. Акружыў ён Пскоў, расставіў парокі (камнекідальныя машыны) і пачаў з іх разбіваць крапасныя сцены. Яшчэ колькі дзён – і паў бы горад. На дапамогу Пскову з Ноўгарада выступіла войска пад зверхнасцю князя Мсціслава Ізяславіча. Давялося здымаць аблогу, ісці насустрач ноўгарадцам. На рацэ Чарэсе яны сустрэліся.
        Перамога над Мсціславам акрыліла яго. Цяпер і Ноўгарад не палохаў. Праз год Усяслаў пайшоў на заходняга суседа. І вось ён, «господин великий Новгород». Узнёсся ганарліва золатам купалоў Сафіі над Паўночнай Руссю – сама багаты і вялікі горад на ёй. Кіеву, «мати городов русских», у красе сваёй і велічы не саступіць. Але ж спазнаў ты, «господин великий», і прыніжэнні, і сорам, калі князь Брачыслаў пераможцам ехаў па тваіх вуліцах. Прыйдзецца і зараз схіліць ганарлівую выю перад Полацкам. І яго, Усяслававы воі, раз’юшаныя ад упартага супраціўлення ноўгарадцаў, уварваліся ў горад. І пачалося тое, што звычайна адбываецца на войнах. Пераможцы рабавалі дамы, палацы баяраў, захаплялі ў палон. Лілася, як віно перамогі, людская кроў. Чорны дым ад пажараў стаяў над Ноўгарадам.
        Быць можа, летапісцы назавуць яго няміласцівым, крывавым? Так яно і будзе. У апраўданне сабе ён можа сказаць, што вайна не бывае без крыві.
        Можа, нагадаць, як пры Рагвалодзе тое самае з Полацкам учынілі ноўгарадцы? Але хіба гэта даруецца? На апошнім судзе цяжка будзе адказ трымаць. Казаў жа яму вешчы Баян: «Ни хытру, ни горазду, ни птицю горазду суда Божио не минути!..»[1]
        На знак падначалення Ноўгарада зняў з Сафійскага сабора званы і перавёз іх у Полацак – там свая Сафія...
        Пасля Ноўгарада выступіў ён на Наваградак. Заклаў гэты горад Яраслаў Мудры на землях Літвы, якія ён заваяваў. Наваградак – апірышча кіеўскай улады ў Верхнім Панямонні – пагражаў полацкім інтарэсам у Літве. Таму і адчыніў ён браму Наваградку – «разшыбе славу Яраславу».
        Вось тут і ўстрывожыліся Яраславічы. Падасланы імі грэк Катапан атруціў Расціслава Ўладзіміравіча, супраць якога яны ваявалі. Развязалі сабе рукі і раццю пайшлі на Полацкае княства. У снег, у завіруху спяшаліся перахапіць яго, Усяслава, па дарозе з Наваградка ў Полацак. І вось варожыя войскі падышлі да Менска. Толькі сілы былі няроўныя. Дзе ж купцы месцічаў было ўстояць супраць дружын, якія трымалі ў пакоры землі ад Варажскага да Рускага мораў. Расправа з Менскам была жорсткая: усіх мужчын русы забілі, жанчын і дзяцей узялі ў палон, а сам горад спалілі.
        Такі быў адказ Кіева. А ён, Усяслаў, спазніўся і сустрэў Яраславічаў на Нямізе, непадалёку ад Менска. 3 сакавіка 1067 года адбылася бітва. Калі б перамаглі Яраславічы, Полаччына засталася б безабароннай: бяры і дзялі яе. Не ведаў тады Ўсяслаў, што і праз стагоддзі нашчадкі будуць памятаць аб гэтым жорсткім пабоішчы. Аўтар «Слова аб паходзе Ігаравым» напіша: «На Немизе снопы стелют головами, молотят чепи харалужными, на тоце живот кладут, веют душу от тела. Немизе кровави брезе не бологом бяхуть посеяны, посеяни костьми руских сынов»[2]. Яраславічы так і не перамаглі.
        Толькі верыў ён сваім воям – ганебны бег не ўчыняць, шукаюць яны сабе гонару і слаўнае імя і змагаюцца за Радзіму. І паклаўшы спадзяванні на Бога, павёў ён іх у сечу. Да цемры біліся дзве раці. Мячы булатныя прытупіліся. Стрэлы схавалі сонца. Трубы ратныя гласам гласілі, а не чуваць іх было з-за лязгату зброі і баявых клічаў. Шмат палачан паклалі жываты свае ў сечы, душы жамчужныя аддалі Богу і вянцы нябесныя атрымалі. Не прайшоў вораг. Сцягі яго не залуналі на Палаце.
        Поле сечы засталося за ім, Усяславам, а так ужо павялося: хто застаўся «стаяць на касцях» – той і пераможца. Ён засланіў Полаччыну ад варожай навалы, вораг адступіў. Аднак не радасныя весткі панеслі вестуны ў Полацак. Шмат, ой як шмат загінула палачанаў на Нямізе. Плачам асірацелых матуляў, аўдавелых жонак, нявестаў, што не дачакаліся сваіх каханых, адзначаць гэтую перамогу ў Полацку. Калі б была ў яго, Усяслава, тады тысяча-другая вояў, не выпусціў бы Яраславічаў з Полацкай зямлі. А праз чатыры месяцы з новым войскам яны ўжо стаялі каля Воршы, на беразе Дняпра. Аднак яго палохаліся і цяпер, памяталі Нямігу. Таму і задумалі ўзяць хітрасцю: выклікалі да сябе на перамовы і крыж святы цалавалі: «Прыйдзі да нас, не зробім табе зла»[3]. І паверыў ім. Некалі так прыехаў да Яраслава Мудрага бацька, князь Брачыслаў, і паразумеліся яны паміж сабою. З тое і назвалі Яраслава Мудрым, што і сапраўды быў ён мудры – ведаў, што мір куды карыснейшы за вайну. Яраславічы ж аказаліся вераломнымі, крыж пераступілі. Звязенілі яго з сынамі і кінулі ў поруб. І вось ён, былы полацкі валадар, цяпер нявольнік.
        Ці гэта Божае пакаранне за спусташэнне Ноўгарада, за разрабаванне Сафіі? Ці спраўдзіліся словы вешчага Баяна і не мінуў ён Божага суда? Можа, яму трэба пакаяцца за пралітую кроў? Пакаецца, але ж гэта здрада самому сабе, прызнанне сваёй паразы, свайго бяссілля. А Полаччына? Як яна без яго? Пакуль ён жывы, пакуль ён не выракся Радзімы, палачане адданы яму, спадзяюцца на яго чарадзейную сілу, вераць, што ён зноў апынецца на волі. Таму і не замірыліся з ворагам, змагаюцца. Як доўга ён будзе тут, у порубе? Да канца свайго жыцця? Няхай так, але ён не мае права адымаць веры ў свайго народа. Ён не належыць сабе, ён належыць Полацку, палачанам. І яны ніколі не даруюць яму маладушша, здрады.
        А з усходу, з бяскрайніх азіяцкіх стэпаў, прыйшла новая бяда – полаўцы. Як і хазары, і печанегі, і торкі, вогненным смерчам уварваліся яны ў Паўднёвую Русь. У 1068 годзе Яраславічы выступілі супраць полаўцаў. На рацэ Альце 15 верасня ў жорсткай сечы браты былі разбітыя і ледзьве выратаваліся ганебнымі ўцёкамі. Гэта і выклікала гнеў у кіян. Сабраўшыся на веча, яны звярнуліся да Ізяслава: «Полаўцы разышліся па зямлі; дай, княжа, зброю і коней, і яшчэ паб’емся з імі»[4]. Куды болей за полаўцаў баяўся Ізяслаў свайго народа: а раптам зброю падымуць супраць яго? Тады не быць яму на пасадзе. Князь адмовіў кіянам – і як алею ў агонь лінуў. Успыхнулі кіяне. Раздаліся заклікі да паўстання. Гэта і скарысталі палачане, якія былі ў горадзе, і прапанавалі паўстаўшым: «Пойдзем, высадзім дружыну сваю з порубу»[5].
        Кіяне рушылі да княжацкага двара, дзе ў порубе сядзеў Усяслаў. Баяры раяць Ізяславу: «Пашлі да Ўсяслава, ды пакліч падманам да ваконца, пракалі мячом»[6]. Лёгка было даваць парады: забі князя! А Ўсяслаў папулярны сярод кіянаў, памятаюць яны, як той прывёў сваю дружыну і дапамог яму, Ізяславу, перамагчы торкаў. Памятаюць, як, забыўшыся на цалаванне крыжа, звязеніў ён полацкага князя. І за гэты грэх паслаў на Русь Бог паганых. Забі князя – і кіяне ў гневе самога заб’юць. Ізяслаў не адважыўся ажыццявіць баярскую параду, вырашыў сам, пакуль жывы-здаровы, несці ногі з Кіева. А Ўсяслава пад вітальныя крыкі кіяне вызвалілі з няволі, праслаўляючы, абвясцілі вялікім князем кіеўскім.
        Вось такі лёс. Не думаў, не гадаў учарашні вязень, што ўзнясецца ён па волі народнай на самы верх улады. Па волі народнай, але не баярскай... У свой час Брачыслаў сядзеў у Кіеве, цяпер і ён сеў.
        Сем месяцаў кіраваў Усяслаў Руссю, але доўга памяталі ў народзе справядлівае і мудрае княжэнне свайго абранніка. Памяць гэтая жыла і ў часы аўтара «Слова...»:
        Усяслаў – князь людзям чыніў суды,
        Радзіў князям гарады.
        А вось баярства ўспрымала Ўсяслава як незаконнага ўладара кіеўскага пасада. Баярскую варожасць да сябе князь адчуваў і разумеў, што ў цяжкі момант кіеўская знаць не падтрымае яго. Не прызнавалі полацкага ўладара вялікім князем і ўдзельныя князі. Ноўгарадцы на патрабаванне заплаціць даніну адказалі: «Княжа, мы ёсць племяні Яраслава і да Полацка даніны бацькі і дзяды не давалі і табе не хочам, а бяры са сваей воласці»[7]. Што ж, як дарабілі ліха, прарэжуцца і зубы.
        А тым часам з Польшчы з войскам свайго цесця, караля Баляслава ІІ, рушыў на Кіеў Ізяслаў. З кім выходзіць супраць яго? З дружынай і баярамі, на якіх няма надзеі, што не здрадзяць табе? З натоўпам чэрні, які не ўстаіць перад закутым у браню войскам? На каго спадзявацца? Калі б былі ў яго пад рукою палачане, можна паваяваць, ды Полацак далёкі.
        Раніцай, калі прачынаецца пад звон Сафіі, здаецца яму, што звоніць яго родная, полацкая Сафія, а падыдзе да акенца ў княжацкіх палатах – убачыць не Дзвіну, а Дняпро, не Полацак, а Кіеў. Чужы ён тут, і ўсё яму тут чужое, не роднае. Ды што гэта ён? Няўжо пачне ваяваць за кіеўскі пасад, забыўшыся пра родную зямлю? Там яго любяць, там яго чакаюць, там ён моцны. І Ўсяслаў патаемна ад кіянаў, якіх прывёў супраць Ізяслава пад Белград, уцякае ў Полацак.
        Ізяслаў заняў Кіеў і жорстка расправіўся з тымі, хто падтрымліваў Усяслава.
        Не доўга Ўсяслаў заставаўся ў Полацку. Ізяслаў з польскім войскам выступіў на яго. Сабраць за кароткі час дружыну Ўсяслаў не паспеў і вымушаны быў пакінуць Полацак. Куды яму цяпер? Як за ваўком, гоняцца за ім Ізяслававы воі. І, як воўк, па начах, употайкі, па воўчых сцежках прабіраецца князь-ізгой з купкай верных сваіх паплечнікаў. Спакойныя, яны вераць яму, вераць, што ў князя вешчая душа, што валодае ён чарадзейнай сілай, знойдзе выйсце і з гэтага цяжкага становішча, пераможа і на гэты раз. І ні адчаем, ні злосцю, ні разгубленасцю не павінен Усяслаў паказаць, як цяжка яму цяпер.
        Ён знаходзіць прытулак у фінскага племені водзі. Сярод водзі і набраў Усяслаў вояў.
        Аднак, відаць, водскія старэйшыны, спадзяючыся на вайсковы талент полацкага князя, марылі з яго дапамогай аслабіць Ноўгарад. І, пэўна, умовай прадастаўлення войска быў захоп Ноўгарада. Калі шлях у Полацак ляжыць праз Ноўгарад – Усяслаў пойдзе гэтым шляхам. 23 кастрычніка 1069 года ён падышоў да Ноўгарада. Ноўгарадскі князь Глеб Святаславіч на чале войска сустрэў яго на рацэ Гзені. Ноўгарадцы разбілі водзь, а Ўсяслава захапілі ў палон. Цяпер яны маглі адпомсціць яму за 1066 год. Ды палітычныя меркаванні ўзялі верх над пачуццямі.
        Яшчэ ў 1015 годзе ноўгарадскі князь Яраслаў Уладзіміравіч адмовіўся плаціць Кіеву даніну, але Кіеў у гэтай спрэчцы аказаўся мацнейшым. Мара ж быць самастойным і незалежным не пакідала Ноўгарад. Толькі ці магла яна здзейсніцца, калі Кіеў захапіў Полацак і рэальна пагражаў накласці руку і на тую прывідную, але ўсё ж самастойнасць Ноўгарадскай рэспублікі. Ноўгарадцам быў патрэбны саюз з Полацкам для барацьбы з Кіевам. Тут інтарэсы ноўгарадскага і полацкага баярства супалі. Таму і адпусцілі ноўгарадцы свайго палоннага.
        Два гады Ўсяслаў пры падтрымцы войска, якое, пэўна, набраў з варагаў[8], змагаецца супраць кіеўскага стаўленніка ў Полацку, князя Святаполка, і выганяе яго. З Кіева тут жа ідзе войска пад зверхнасцю Яраполка Ізяславіча, каля Галацічаска (месца знаходжання гэтага горада не вызначана) разбівае Ўсяслава. І сапраўды паверыш, што Ўсяслаў – чарадзей. Вось і зараз, нягледзячы на паразу, ён не прыпадае прыніжана да ног пераможцы, а, нібыта зачараваўшы Яраполка, пазбаўляе яго волі, перацягвае на свой бок. І параза становіцца для Ўсяслава перамогай: паміж ім і Яраполкам заключаны мір. Усяславаў сын, будучы менскі князь Глеб, бярэ за сябе Яраполкаву дачку.
        Здавалася б, трывалы саюз паўднёварускіх князёў даў трэшчыну. Але Ўсяслаў не спыніўся на гэтым. Калі зброяй перамагчы Кіеў цяжка, дык на дапамогу прыходзіць інтрыга. Пасеяць варожасць паміж Яраславічамі, нацкаваць іх адзін на аднаго – вось мэта Ўсяслава. І дамогся свайго, паразумеўся з Ізяславам. А вынікі міру з Ізяславам пажынаў ён, Усяслаў. Святаслаў і Ўсевалад, устрывожаныя сепаратнымі зносінамі Ізяслава з полацкім князем, здагадаліся, што гэты саюз накіраваны супраць іх: «Ізяслаў сватаецца з Усяславам, думаючы на нас, калі яго не сцерагчыся, дык прагоняць нас»[9], таму выгналі свайго брата з Кіева. А выгадаў Усяслаў. Сеўшы на Кіеўскі пасад, Святаслаў, які баяўся вайны з Ізяславам, пакінуў у спакоі Полацкую зямлю. Тры гады мірнага жыцця выйграў Полацак. Усяслаў скарыстаў іх для ўмацавання сваёй дзяржавы. Не ведаў ён спакою, снаваў па Полаччыне з краю ў край, збіраў ваяроў у дружыны, узводзіў цвержы: рыхтаваўся да новай вайны з Кіевам.
        Відаць, у гэты час Усяслаў і аднавіў Менск. Паводле дакументаў Менскай епархіі, полацкі князь пабудаваў цвержу пры вусці ракі Нямігі ў Свіслач, на тым месцы, дзе некалі адбылася Нямігская бітва. Ён жа заснаваў Узнясенскі манастыр, дзе жыў легендарны Баян[10]. З той прычыны, што першапачатковага Менска, які стаяў на рацэ Менцы, ужо не было, Усяслаў стаў заснавальнікам новага Менска на Свіслачы.
        У канцы 1076 года Святаслаў памёр. На кіеўскі пасад сеў Усевалад. Ён і распачаў наступ на Полаччыну. Разам са сваім сынам, чарнігаўскім і смаленскім князем Уладзімірам Манамахам, з вайсковымі сіламі ўсёй Паўднёвай Русі ў 1077 годзе рушыў на Полацак. Толькі не перамогі дамагліся яны. Палачане пад зверхнасцю Ўсяслава адбілі ад сцен свайго горада ворага.
        Няўдача яшчэ болей раззлавала паўднёварускіх князёў. З Полацкам тэрмінова трэба было канчаць. Уладзімір Манамах збірае велізарнае войска, якога з часоў Святаслава Ігаравіча не было на Русі. Усе вайсковыя сілы Паўднёвай Русі, ноўгарадская дружына князя Святаполка (якога некалі Ўсяслаў выгнаў з Полацка) і палавецкая арда зімою 1078 года пайшлі на Полацак. Некалі з такою сілаю Алег вымусіў Візантыю да пакорлівасці, павесіў свой шчыт на браму Канстанцінопаля. Напэўна, цешыў Манамах сябе надзеяй, што дажывае Полацак апошнія дні сваёй незалежнасці. Але і на гэты раз аказаліся бяссільнымі супраць Полацка Манамахавы раці. Зноў Усяслаў абараніў сталіцу сваёй дзяржавы. У гневе Манамах спаліў полацкія прадмесці, а вяртаючыся дадому ў Чарнігаў, каменя на камені не пакінуў ад Одрска. Гэты горад так і не адрадзіўся да жыцця. За такой жорсткасцю хавалася бяссілле Кіева. Гады барацьбы з непакорлівым Усяславам не прынеслі жаданай перамогі. Цмок, які гатовы быў праглынуць Полаччыну, абламаў на ёй свае зубы.
        Помсцячы за разрабаванне сваёй зямлі, Усяслаў напаў на Смаленск, захапіў яго і спаліў. Манамах з чарнігаўцамі «о двое коне» (г.зн. з запаснымі конямі) памчаўся ў Смаленск. Не заспеўшы там Усяслава, пайшоў за ім у пагоню, ды той ужо быў у Полацку, а сунуцца туды ў Манамаха прапала ахвота. Ён і тут выказаў свой крывавы нораў, «пожег землю, повоевав до Лукомля и до Логожска, та на Дрютск воюя»[11]. У 1084 годзе Ўладзімір нападзе на Менск, возьме яго на шчыт. Але перамагчы Ўсяслава сілаў у Кіеве не хапала і, хочаш не хочаш, трэба было прызнаваць сваю паразу – адступіцца ад Полаччыны. І калі на Любецкім з’ездзе ў 1097 годзе сабраліся рускія князі, каб дамовіцца кожнаму трымаць «вотчыну сваю», з Полацкага княства як з самастойнай, асобнай ад Русі дзяржавы не прыехаў ні адзін князь.
        Апошнія гады жыцця Ўсяслаў пражыў у міры. Суседзі асцерагаліся нападаць на полацкія землі, каб не выклікаць яго помсту. На гэтыя гады прыпадае росквіт магутнасці Полацкага княства, яго ўлада распаўсюджваецца на Ніжняе Падзвінне аж да Балтыйскага мора – на Земігалію, Лівонію, Летонію, Літву.
        У 1101 годзе Ўсяслаў памёр. Летапісец дакладна адзначыў і дзень (14 красавіка), і час (9 гадзін), калі вялікі сын Полаччыны адышоў у бессмяроцце.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.