РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вітаўт Чаропка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Імя ў летапісе
У пошуках мінулага
Ад аўтара
Рагвалодаў род. Рагвалод, Рагнеда
«Акаянны». Святаполк
Аднаўленне незалежнасці. Брачыслаў Ізяславіч
Вешчая душа. Усяслаў Брачыславіч
Няспраўджаныя надзеі. Глеб Менскі
У часы міжусобіц. Рагвалод-Васіль
За два стагоддзі да Грунвальда. Уладзімір Полацкі
Падманлівая веліч. Міндоўг
Наваградскі князь. Войшалк
З пакалення рускага. Трайдзень
Сны аб Радзіме. Даўмонт
Меч і слава. Давыд Гарадзенскі
З ПАКАЛЕННЯ РУСКАГА. ТРАЙДЗЕНЬ
З ПАКАЛЕННЯ РУСКАГА
ТРАЙДЗЕНЬ
        
        Вельмі мала захавалася звестак пра Трайдзеня – князя, які пасля Войшалка падняўся на велікакняжацкі наваградскі пасад. Можна было б звярнуцца да ліцьвінскіх летапісаў ХVІ стагоддзя, але яны так зблыталі падзеі, якія адбываліся пры Міндоўгу, з падзеямі часоў Трайдзеня, што не выклікаюць даверу. Толькі з малой доляй дапушчэння можна ўслед за імі казаць, што Трайдзень быў малодшым сынам вялікага князя Нарымонта (гістарычныя крыніцы не ведаюць такога князя), а яго братам – крязь Гольша, легендарны продак князёў Гальшанскіх з пакалення рускага.
        Паводле ліцьвінскіх летапісаў, Нарымонт пасадзіў Трайдзеня князем над яцьвягамі. Новы валадар «зарубил город, и назовет его Райгород»[1]. Нельга адмаўляць, што ў 60-х гадах Наваградак далучыў да сваіх уладанняў яцьвяжскія землі па рацэ Бобр, і Трайдзень быў тут наваградскім намеснікам*. На гэта, дарэчы, указвае і летапіс, кажучы, што Трайдзень «прибавил ятвяг»[2]. Красамоўны факт: горад, які нібыта заснаваў Трайдзень, насіў славянскую назву. Гэта яшчэ раз указвае, якая мова гучала ў вуснах Трайдзеня і хто быў ён па паходжанні.
        * Т.Нарбут лічыў Трайдзеня князем Дайноўскім, які сядзеў у Лідзе[3].
        Так, сапраўды яго імя славянскае, як і імёны яго братоў Борзы, Лесія, Свелкення і Серпуція. У Кроніцы Быхаўца сказана, што яны з «пакалення рускага». «Родство великих князей литовских» называе Трайдзеня сынам нашчадка полацкіх князёў Віда[4]. Распавядаюць летапісы пра тое, што Трайдзень «великие вальки чынил з Ляхи, и з Русю, и з Мазовшаны, и завжды зыскивал и над землями их сильные окрущества чынил»[5]. Што так, дык так – Трайдзень нямала паваяваў з ворагамі беларускай дзяржавы. Прыступы нянавісці выклікала ягонае імя ў крыжакоў, якія называлі яго Хіжым. А колькі жоўці і злосці выліў у яго адрас галіцка-валынскі летапісец! «Окаяньный и безаконьный, проклятый, немилостивый Тройден, яго же безаконья не могохом псати срама ради». Летапісец параўноўваў Трайдзеня з Ірадам і Неронам, не забыўшы дадаць, што ён «многа злейша того безаконья чиняша»[6], што ён ледзь не вораг чалавецтва, ледзь не ўвасабленне д’ябла. Летапісец хацеў хоць гэтак адпомсціць таму, хто паклаў канец дамаганням галіцка-валынскіх князёў на Наваградскую зямлю. Аднак словы летапісца наводзяць на думку і пра тое, што наваградскі князь быў чалавекам уладарным, рашучым і хітрым, які асабліва не выбіраў сродкі для дасягнення сваіх мэтаў і руку меў цяжкую, моцна трымаў у ёй ганарлівых князёў.
        Войны для яго былі з’явай звычайнай: «...весь живот свой до войны и крови розляне простовал», – кажа «Кроніка Літоўская і Жамойцкая»[7]. Той трывожны час і вымагаў такога ўладара: крыжакі, галіцка-валынскія войскі, манголы, свае князі, якія пасля смерці Войшалка паднялі галаву і пагражалі незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага. Толькі цвёрды душой, мудры розумам, смелы ў брані мог адбіць варожую пагрозу.
        Да таго як Трайдзень падняўся на велікакняжацкі пасад, яго імя звонам пераможных мячоў гучала ў Літве. Паводле «Кронікі Літоўскай і Жамойцкай», ён з вялікім войскам спустошыў Мазовію і Холмскую зямлю. Невядома, як дамогся Трайдзень улады: ці сілай, ці мірным шляхам. Але ў 1270 годзе ён «нача княжити в Литве».
        Дванаццаць гадоў уладарыў Трайдзень. Для стагоддзяў – імгненне. Аднак і гэтага імгнення хапае, каб знікла ў нябыт не адна дзяржава, здавалася б, учора яшчэ моцная, непераможная, каб у попел ператварыліся яе квітнеючыя гарады. Дзе Эгіпет? Дзе Месапатамія? Дзе дзяржава ганарлівых рымлян? Дзе Хазарыя? Дзе Волжская Булгарыя?
        У гады княжання Трайдзеня старажытнай беларускай дзяржаве выпалі цяжкія выпрабаванні. Расправіўшыся з прусамі, земігаламі, выйшлі да межаў Вялікага Княства крыжакі і ўжо ў марах дзялілі яго землі. У прадсмяротнай агоніі, абапіраючыся на золатаардынскія тумены, двойчы спрабавала Галіцка-Валынскае княства пакончыць з Наваградкам. Калі б не выстаяла ў гэты час Вялікае Княства Літоўскае, калі б перамаглі яго ворагі, які лёс чакаў бы нашых продкаў? Лёс полаўцаў? Прусаў? Яцьвягаў?
        З самага пачатку свайго княжання Трайдзеню прыйшлося браць меч. Упартая барацьба распачалася паміж ім і валынскім князем Уладзімірам Васількавічам. І хоць ваявалі яны «не великими ратями», але крыві пралілі нямала. Загінулі Трайдзеневы браты Борза, Лесій і Свелкеній. З малых іскраў гатовы быў успыхнуць агонь вялікай вайны. І ён успыхнуў. Зусім нечакана Трайдзень пасылае гарадзенскую дружыну на Драгічын-на-Бузе, які належаў галіцкаму князю Льву Данілавічу. А з ім жа Трайдзень «живаше во величе любови, шлюче многа дары межи собою»[8]. Чым жа растлумачыць дзеі вялікага князя? Тым, што «забыв любви Лвови»? Тады трэба прызнаць, што на наваградскім пасадзе сядзеў валадар, які не ведаў, што тварыў. Было ж ясна, што напад на Драгічын парушыць мір паміж Наваградкам і Галічам. Але ўсё ж паслаў гарадзенцаў, і тыя ў ноч на Вялікдзень захапілі горад, «избиша вся и мала и до велика».
        Не трэба літаральна верыць у летапіснае паведамленне. Летапісец быў верны традыцыі паказваць ворагаў ягонай зямлі як аспідаў неміласцівых, прагных да крыві хрысціянскай. Якой жорсткай не была расправа над драгічынцамі, але наўрад ці ўсе яны загінулі пад шаблямі гарадзенцаў. Хутчэй за ўсё смерць напаткала ваяроў і гараджан, якія са зброяй абаранялі свой горад. Усіх астатніх вывелі ў палон.
        Ці не быў напад на Драгічын помстай Льву Данілавічу? Аб чым маўчыць летапіс, чаго не сказаў летапісец? А мо не ведаў усіх палітычных таямніц галіцкага князя? Даць загад на такое жорсткае пакаранне драгічынцаў Трайдзень мог у гневе на Льва Данілавіча за здраду, за патаемную падтрымку Ўладзіміра Васількавіча. Калі згадаць пра злахітрасць і аблуднасць галіцкага князя, які ўжо дагэтуль парушыў святы закон гасціннасці – забіў вялікага князя Войшалка, – дык можна ўявіць, што і з Трайдзенем ён збіраўся расправіцца не ў адкрытым баі, а хітрасцю і ашуканствам, ударам у спіну. І вось угневаны Трайдзень паслаў на Драгічын свае войскі.
        А гэтага толькі і чакаў Леў Данілавіч: «И посла в татары ко великому царю Меньгаут-Мереви, прося себе помочи у него на Литвоу»[9], – як паведамляе Іпацьеўскі летапіс. Галіцкаму князю карцела вымусіць Трайдзеня пачаць з ім вайну. Цяпер галіцкія паслы палохаюць ардынскага валадара Трайдзенем: маўляў, хоча захапіць ханскі ўлус. Разлік правільны. Хан шле да Льва Данілавіча войска пад зверхнасцю Ягурчына, а разам з тым прымушае ісці на Літву і князёў, што знаходзіліся ў «волі татарскай»: Рамана Бранскага, Глеба Смаленскага і «иные князии заднепровские». Да гэтай кааліцыі далучыліся тураўскія і пінскія дружыны. Леў Данілавіч прагне захапіць Літву разам з Наваградкам, дзе можна было б набраць нямала скарбу дарагога, каб ім выплочваць ардыншчыну. Лядашчая дзяржава галіцка-валынскіх князёў, якая ўжо занепадала, яшчэ мелася пажывіцца за чужы кошт, каб выратавацца ад загубы.
        Ды не ўсё так адбылося, як хацелася Льву Данілавічу. Ні Раман Бранскі, ні Глеб Смаленскі, ні князі задняпроўскія не збіраліся класці свае галовы за галіцкія інтарэсы. Глеб і Раман не спяшалі ў сечу і адсталі ад асноўных войскаў. А тураўскія і пінскія князі ўвогуле ўхіліліся ад паходу. Мсціславу Холмскаму прыйшлося са сваімі ваярамі караць аслушнікаў, плюндраваць Палессе. Удар, які, паводле задумы Льва Данілавіча, павінен быў стаць смяротным для Вялікага Княства, мог яшчэ атрымацца моцным, але не атрымаўся.
        Саюзнікі падышлі да Наваградка, акружылі яго і сталі чакаць падыходу смаленска-бранскіх дружын. І тут Леў Данілавіч не вытрымаў. Навошта з кімсьці дзяліцца ворапам (нарабаванай здабычай) і здабыткам? У сваёй неспатольнай празе здабычы князь дзейнічаў не як дзяржаўны муж, а як звычайны таць з лясных гушчароў. «Лев же лесть учини межи братью своею, оутаивше Мстислава и Володимера взя окольный град»[10]. Так апавядае нам Іпацьеўскі летапіс пра гэты «подзвіг» галіцкага князя. І не словы падтрымкі, ухвалы, нават зайздрасці, а абурэння і гневу зляталі з вуснаў князёў і татарскіх важароў, калі яны даведаліся аб дзеяннях Льва Данілавіча. Хаўруснікі так перасварыліся між сабою, што ўжо не маглі дамовіцца аб далейшых дзеях супраць Літвы і з «гневом про Льва» вярнуліся назад.
        Так закончыўся гэты паход. Нібыта пашчасціла Трайдзеню: без бою здабыў перамогу. Дзень за днём мацаваў ён Вялікае Княства Літоўскае, жорстка распраўляўся з праціўніўкамі нутранага адзінства, што марылі аб самастойнасці і гатовы былі ў міжусобных спрэчках і войнах аслабляць дзяржаву. Уцёк у Лівонію Суксе, так і не дамогся самастойнасці Нальшчанаў, якія канчаткова зліліся з Літвой у адзіны палітычны арганізм. Паступова падпадае ў залежнасць ад Наваградка і другая балцкая зямля – Аўкштота.
        Менавіта пры Трайдзене на аснове беларускіх вайсковых традыцый – знакамітай Пагоні – складваецца сістэма абароны Вялікага Княства ад варожых нашэсцяў. Трайдзень распачаў справу, якую пасля яго працягнулі Віцень і Гедзімін, Альгерд і Вітаўт, – будаваць замкі. Першая мураваная вежа ўзведзена ў Наваградку, «столп бо без камен» паўстаў у Горадні. На дарогах, што вялі з суседніх краін, рабіліся засекі і завалы дрэў, насыпаліся земляныя валы. Дзень і ноч на памежных заставах несла службу варта. Пры з’яўленні ворага падаваўся вогнішчамі знак наступнай заставе. Тут жа пра небяспеку папярэджвалі сёлы і гарады. Мужчыны браліся за зброю: удзел у вайне з ворагам быў абавязкам кожнага з іх.
        Падумаў Трайдзень і пра «камунікацыю». Уцёкшых ад крыжакоў прусаў князь наўмысна рассяляе ля перапраў цераз Нёман, прызначыўшы ім павіннасць будаваць масты. Ён стварае добра ўзброенае і навучанае ратнай справе войска, якое ходзіць на Валынь, Падляшша, Мазовію, Лівонію.
        Мацнела, падымалася з попелу былых пажарышчаў, поўнілася жыццёвай сілай Нёманская зямля.
        Леў Данілавіч яшчэ спадзяецца скарыць Вялікае Княства Літоўскае. Не атрымалася раз, можа, дасць Бог перамогу за другім разам. Ён не складвае зброі і разам з Уладзімірам Васількавічам нападае на Турыйск і на Слонім. У адказ Трайдзень пасылае свайго брата Серпуція «воевать около Камене». Не, на доўгую вайну ў галіцка-валынскіх князёў не хапае сілаў, патрэбна перадышка. Але ці надоўга заключаны мір паміж імі і Трайдзенем? Разумеюць, што ненадоўга. Вялікі князь спяшаецца з войскам пад Дынабург (сучасны Даўгаўпілс), дзе крыжакі паспешліва ўзвялі на мяжы з Літвой і Полацкай зямлёй крэпасць. А ў Льва Данілавіча іншы клопат: ён рыхтуецца да новага паходу на Наваградчыну. Адправіліся ў Залатую Арду паслы са скаргамі на Літву: зноў яна зарыцца на ханскі ўлус. Уладзімір Васількавіч паставіў на мяжы з Вялікім Княствам новы град-крэпасць Камянец. «Градоруб» Алекса ўзвёў славутую Камянецкую вежу.
        А тым часам Трайдзень ваюе Дынабург. Здабыць яго нялёгка, бо, размешчаны на высокім абрывістым беразе Дзвіны, акружаны мурамі, крыжацкі замак амаль непрыступны. І хоць Трайдзень вядзе аблогу па ўсіх правілах тагачасных войнаў, крэпасцю яму не авалодаць. Пабудаваны чатыры вялікія рухомыя вежы для штурму – балісты, штоночы кідаюць на замак камяні. На дапамогу Трайдзеню прыходзяць «рускія лучнікі». Імі маглі быць толькі палачане, бо ні ў пскоўскіх, ні ў ноўгарадскіх летапісах няма ўспамінаў аб паходзе пскавічоў або ноўгарадцаў пад Дынабург. Можа, пра гэтае полацкае войска паведамляў на берасцяной грамаце, датаванай прыкладна тым часам, ноўгарадскі пасаднік: «Пришел искупник (выкуплены палонны. – В.Ч.) из Полоцка. Сообщает о большом войске. Пришлите же пшеницы для гарнизона»[11]. Тая грамата лепш за ўсе летапісныя паведамленні сведчыць пра нерастрачаную моц Полацка. Адно паведамленне пра вялікае полацкае войска, як бачым, выклікала трывогу ў Ноўгарадзе. Толькі не на Ноўгарад пайшлі палачане, а пад Дынабург.
        Чатыры тыдні доўжылася аблога. А пасля гэтага Трайдзень павёў сваё войска з-пад сцен Дынабурга. Не, гэта не прызнанне бяссілля. Калі б у Трайдзеня быў час, ён узяў бы замак на змор. А часу якраз і бракавала. На паўднёвых межах гучала бразганне зброі: Леў Данілавіч рыхтаваў сваё воінства ў паход, і трэба было спяшацца сустрэць яго.
        Усё ж такі ў 1277 годзе пад Дынабургам атрымана перамога і важная – над узаемным недаверам паміж ліцьвінамі і наваградцамі, з аднаго боку, і палачанамі – з другога. Не ворагамі адзін аднаму, не праціўнікамі прадсталі яны, а саюзнікамі, у якіх адзін вораг, братамі, што адчуваюць сваю этнічную блізкасць, разумеюць агульнасць лёсу, ведаюць: будучыня не ў раз’яднанні, а ў адзінстве. Пад Дынабургам зроблены яшчэ адзін крок дзвюх беларускіх дзяржаў – Вялікага Княства Літоўскага і Полацкай зямлі – да аб’яднання ў адну дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае і Рускае. Гэта здарыцца пры Вялікім князі Віцені, але ідэя нараджалася ўжо тады, у 1277 годзе.
        А Дынабургам Трайдзень усё ж авалодаў. У 1281 годзе ён захапіў Герцыке, адрэзаў Дынабург ад Лівоніі і прымусіў крыжакоў аддаць яму крэпасць узамен захопленага Герцыке.
        Галіцкім паслам удалося вымаліць у Залатой Арды войска пад павадырствам ваяводы Мамшына. Разам з мангола-татарамі і галічанамі ў паход на Наваградак выправіліся і валынскія князі. Праўда, замест сябе Леў Данілавіч паслаў сына Юрыя. І зноў гэтае жаданне замест бітваў рабаваць сёлы і гарады, нібыта адзінае, аб чым марылі, дык аб багатай здабычы.
        Мамшынава раць адразу накіравалася да Наваградка. А што ж галіцка-валынскія князі? Яны сабраліся ў Берасці, дзе і даведаліся, што татары ўжо каля сталіцы Вялікага Княства. І што, паспяшалі на дапамогу сваім хаўруснікам? Як бы не так! «Поедем к Новоугродкоу а тамо оуже татарове извоевали все»[12]. І да Наваградка не пайшлі, адправіліся «ко Городкоу» – там татары яшчэ не зваявалі нічога. Але чым бліжэй Горадня, тым болей трывожна на сэрцы ў князёў, каб хто з іх «лесть не учинил». Ужо за Ваўкавыскам луцкі князь Мсціслаў і Юрый Галіцкі, утоіўшыся ад Уладзіміра Васількавіча, паслалі свае дружыны плендраваць гарадзенскія ваколіцы. І, пэўна, няблага папрацавалі. Сп’янеўшы ад удачы, дружыннікі разбілі на ноч стан і забыліся пра варту. Перабежчык паведаміў пра гэта гарадзенцам. А тыя раздумваць не сталі. Тут жа была накіравана дружына прусаў і борцей, якія жылі ў горадзе. «И избиша я все, и дроугим изоимаша и в город ведоша»[13], – паведамляе Іпацьеўскі летапіс. Паранены ваявода Таюма трапіў у палон. Мсціславаў сын, «наг и бос», ледзь уцёк да бацькі.
        Раз’ятраныя князі наступным днём сталі палком перад горадам. Толькі гараджане, «аки мертва стояша на забролях города»[14], мужна адбілі штурм. Такога адпору князі не чакалі. Адзінае, што заставалася: прасіць міру, «како города ими не имати»[15], ды ісці прэч. Так і зрабілі. І князі, атрымаўшы на знак міру палонных, «городу не вспеша ничего же тако возвратиша во свояси»[16]. Так бясслаўна скончыўся паход.
        Аднак у той жа час з поўначы рухаўся новы вораг – крыжакі. Вялікае войска – ордэнская брація, дружыны ліваў, лэтаў, земігалаў, куршаў, дацкіх і нямецкіх рыцараў – адправілася ў крыжовы паход. Трайдзень, які, відаць, у гэты час знаходзіўся на Наваградчыне, не змог сустрэць ворага. Усю зіму крыжакі беспакарана рабавалі Аўкштоту, але кара іх не абмінула. Трайдзень са сваёй дружынай кінуўся па слядах захопнікаў, калі яны са здабычай і палонам вярталіся ў Рыгу. Ужо ў межах Лівоніі, пад Ашэрадэнам, Трайдзень нагнаў крыжакоў. 5 сакавіка ў жорсткай сечы ліцьвінскае войска разбіла ордэнцаў. Сам магістр Эрнэст і 71 ордэнскі брат загінулі. Дружыны земігалаў, ліваў, лэтаў разбегліся, толькі датчане, якія трапілі ў акружэнне і страцілі свайго важара Эйларта, здолелі прабіцца праз шэрагі Трайдзеневых вояў.
        Калі вестка пра паразу крыжакоў дасягнула Земгаліі, там успыхнула паўстанне супраць Ордэна. Узначаліў земгалаў Наймес, які прызнаў сябе васалам Трайдзеня. Паўстанцы захапілі крыжацкія замкі, а палонных адправілі да Трайдзеня ў надзеі на яго дапамогу.
        Але галоўную пагрозу Вялікаму Княству Трайдзень бачыў у Прускім ордэне, Рыцары няўмольна прыбіралі да рук Прусію. І адчаяная барацьба прусаў не магла спыніць іх. Трайдзень, нягледзячы на тое, што і самому даводзілася адбівацца ад ворага, падтрымліваў прусаў і яцьвягаў. Так, у 1277 годзе дружыны з Вялікага Княства ўдзельнічалі ў паходзе на Хельмінскую зямлю чатырохтысячнага атрада яцьвяжскага князя Скомунда. У 1280 годзе Трайдзень зноў шле сваё войска на дапамогу яцьвягам у паходзе на Самбію. Па яго ж загаду і Найміс хадзіў на Памезанію. Ды Ордэн быў мацнейшым. Адну за другую скаралі крыжакі прускія землі. Натоўпы прусаў і яцьвягаў уцякалі з Радзімы ў Вялікае Княства. Трайдзень даваў ім прытулак на землях Наваградчыны, воінаў прымаў у свае дружыны. Па сутнасці Вялікае Княства Літоўскае знаходзілася ў варожым акружэнні. Суседнія дзяржавы паглядалі на Наваградскую зямлю і Літву, як на ахвяру будучых заваёў, кожны марыў адарваць сабе кавалак зямліцы: Ордэн – Аўкштоту, Залатая Арда – Наваградчыну. Відавочна, што пры такім становішчы выстаяць няпроста.
        Трайдзень падтрымліваў земгалаў, прусаў, яцьвягаў у іх вайне з Ордэнам, але разумеў, што, нягледзячы на іх мужнасць і гераізм, асуджаны яны на паразу. Ну, год, два, дзесяць будуць абараняцца ад крыжакоў, але не выстаяць ім. А значыцца, ужо Вялікаму Княству ўступаць у доўгую і цяжкую вайну з Ордэнам. Каб гэтага не здарылася, патрэбен мір з Польшчаю, або Мазовіяй, або з Галіцка-Валынскім княствам.
        Польшча – хаўруснік Ордэна. Трайдзень спрабуе разарваць гэты саюз. У канцы 1278 года князь пасылае брата Серпуція з раццю на дапамогу яцьвягам, якія ваявалі Мазовію і Ўсходнюю Польшчу. Аж да Любліна дайшлі яцьвяжскія і ліцьвінскія дружыны. Больш за ўсё выпала на долю Мазовіі. Мазавецкія князі, каб выратаваць свае землі ад спусташальных нашэсцяў, разарвалі адносіны з Ордэнам і запрасілі ў Трайдзеня прымірэння. У 1279 годзе быў заключаны мір паміж Мазовіяй і Вялікім Княствам. Мазавецкі князь Баляслаў ажаніўся з Трайдзенавай дачкой Гайдамундай-Софіяй. Саюз гэты быў накіраваны як супраць Ордэна, так і супраць Польшчы. Пад гэты год М.Стрыйкоўскі адносіць шлюб паміж Трайдзенем і мазавецкай княгіняй Ганнай. Паводле падання, Трайдзень з дружынай захапіў замак Бабін, які належаў князю Конраду Земавітавічу. Сам князь у гэты час паляваў на звера ў навакольных лясах, а ў замку засталася ягоная хворая маці ды сястра Ганна. Уварваўшыся ў замак, ліцьвіны пачалі рабаваць яго. У адным з пакояў Трайдзеня сустрэла Ганна, і ён, уражаны яе прыгажоскю, апусціў меч. Быў ён чалавекам хуткім на рашэнні і адразу прапанаваў Ганне стаць ягонай жонкай. Ганна адказала, што дзеля гэтага трэба спыніць рабаванне і бязбройным прасіць дазвол на шлюб яе маці. Трайдзень паслухаўся, зняў з сябе зброю і адправіўся ў пакой да Ганнавай маці. Між тым вярнуўся з палявання Конрад, і Трайдзень выйшаў яму на сустрэчу, і таксама прасіў у яго сабе ў жонкі Ганну. Конрад прадставіў права выбару сястры, і яна, жадаючы міру паміж Літвой і Мазовіяй, згадзілася пайсці за Трайдзеня[17]. Калі гэта сапраўды адбылося ў 1279 годзе, дык значыць першая Трайдзенева жонка да гэтага часу памерла і ад яе ён меў двух дачок названых Софіяй. Іх хрысціянскія імёны сведчаць, што яны спавядалі хрысціянства, а значыць, і Трайдзень быў хрысціянінам.
        Усё актыўней Трайдзень вядзе палітыку на міжнароднай арэне. Хочаш не хочаш, а з Вялікім Княствам павінны лічыцца і Галіцка-Валынскае княства, і Залатая Арда, і Ордэн, і Польшча, і Полацкая зямля. Гэта быў час сталення Вялікага Княства, нялёгкі час. У 1282 годзе Трайдзень загінуў ад рукі змоўшчыкаў. Сын нальшчанскага князя Даўмонта Полюш марыў адваяваць ад Літвы Нальшчаны. Ён уцек у Ордэн, прыняў каталіцтва і стаў рабіць набегі з рыцарамі на Літву і Нальшчаны. Аднак такі сродак барацьбы з Трайдзенем не прынёс яму поспеху, тады ён задумаў забіць вялікага князя. Гэта і зрабілі два ягоных памагатых, мабыць, нальшчанцы Стуманд і Гірдзела, якія адразу ж уцяклі ў Ордэн[18]. Але ворагі ліцьвінскай дзяржавы пралічыліся – яна пасля Трайдзеневай смерці не заняпала і не развалілася, як, напрыклад, Галіцка-Валынскае княства пасля смерці Данілы Галіцкага. Было каму на Літве і ў Наваградку захаваць адзінства і моц Вялікага Княства Літоўскага.
        Дванаццаць гадоў з мячом у руках Трайдзень бараніў нашу Бацькаўшчыну ад ворагаў. Дванаццаць гадоў на мяжы быць або не быць?.. Быць нашым продкам вольнымі на сваёй спрадвечнай зямлі, быць на ёй гаспадарамі, быць іхнім спевам і паданням, гучаць іх мове ці паўтарыць лёс полаўцаў, яцьвягаў, прусаў і знікнуць у небыцці. «Быць!» – такім быў адказ Трайдзеня.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.