РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вітаўт Чаропка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Імя ў летапісе
У пошуках мінулага
Ад аўтара
Рагвалодаў род. Рагвалод, Рагнеда
«Акаянны». Святаполк
Аднаўленне незалежнасці. Брачыслаў Ізяславіч
Вешчая душа. Усяслаў Брачыславіч
Няспраўджаныя надзеі. Глеб Менскі
У часы міжусобіц. Рагвалод-Васіль
За два стагоддзі да Грунвальда. Уладзімір Полацкі
Падманлівая веліч. Міндоўг
Наваградскі князь. Войшалк
З пакалення рускага. Трайдзень
Сны аб Радзіме. Даўмонт
Меч і слава. Давыд Гарадзенскі
ПАДМАНЛІВАЯ ВЕЛІЧ. МІНДОЎГ
ПАДМАНЛІВАЯ ВЕЛІЧ
МІНДОЎГ
        
        Ён загінуў тады, калі, здавалася, дасягнуў усяго, аб чым многія гады марыў: улады «во всей земле Литовской», славы, багацця. Толькі ці прынесла ўсё гэта яму шчасце, адчуванне недарэмнасці пражытых гадоў, супакой? Мяркуючы па тым, што ўсё жыццё ён ваяваў супраць ворагаў, падманваў, хітрыў, здраджваў учарашнім сябрам, хаўруснікам, паплечнікам, сам сабе, мяняў веру, ён адчуваў, што ўся ягоная веліч, усе дасягненні – мройныя, а таму зноў падманваў, хітрыў, здраджваў сябрам і хаўруснікам, мяняў веру, ваяваў... І хіба не адпомсціла яму жыццё за здраду і аблудлівасць, калі ўчарашнія паплечнікі забілі яго разам з сынамі? Пазней яму беспадстаўна прыпішуць тое, чаго ён не здзейсніў, яго назавуць вялікім, прысвецяць не адзін твор, ідэалізуюць яго вобраз. Але якім жа на самай справе быў той, каго клікалі Міндоўгам?
        Даводзіцца толькі шкадаваць, што час данёс да нас не так ужо шмат звестак як пра Міндоўга, так і пра яго эпоху. Фрагментарнасць звестак, іх «туманнасць», адсутнасць багатага фактычнага матэрыялу спарадзіла нямала спекуляцый адносна асобы Міндоўга. Да яго спраў далучалі «заваёву» Беларусі, прычым ніхто з гісторыкаў, якія сцвярджалі гэта, не прывёў ніводнага дакумента на доказ. Нам, беларусам, аднаго з дзеячаў нашай мінуўшчыны афіцыйная гісторыяграфія прадстаўляла як чужынца і заваёўніка.
        Але ж зазірнем у беларускія паданні, што распавядуюць яны пра Міндоўга. Як жа самі простыя беларусы з ваколіц наваградскіх успрымалі князя. Дык вось беларусы ў паданнях не называюць Міндоўга ні заваёўнікам, ні тыранам, ні чужаком, а называюць наваградскім князем[1] – гэтым самым прызнаюць яго законным уладаром Наваградка. Памяць народная зберагла і тое, пра што так сціпла нагадваюць летапісы, – што Наваградак «быў у той час сталіцай Літоўскай»[2]. І яшчэ адна акалічнасць. Так званыя «вызваліцелі» – галіцка-валынскія князі са сваімі дружынамі – старажытнымі наваградцамі, паводле паданняў, успрымаліся адназначна – вораг, а войска Міндоўга для іх – «наша» войска[3].
        Першы напамін пра Міндоўга мы знаходзім у Іпацьеўскім летапісе, у запісе пад 1219 годам сярод князёў Літвы і Жамойці, якія прыехалі да Данілы Галіцкага браць мір з Галіцка-Валынскім княствам. Другі раз згадвае летапіс пра Міндоўга пад 1235 годам. У той час Даніла Галіцкі ваяваў з Кандратам Мазавецкім, і «Даниил возведе на Конрада Литву Миндовга Изяслава Новогородьского»[4]. Гэты запіс дае нам каштоўную інфармацыю і як вынікае з яго, Літва Міндоўга залежала ад Ізяслава Наваградскага і знаходзілася недзе паблізу Наваградка. Дзе? Адказ на гэта пытанне даў М.Ермаловіч.
        
«Литва Миндовга»
        
        Прааналізаваўшы дадзеныя летапісаў, дакументаў, тапанімікі, гісторык высветліў, што летапісная Літва знаходзілася ў Верхнім Панямонні, а не на тэрыторыі сучаснай Летувы. Гэтая летапісная Літва «пакінула свае "аўтографы" ў выглядзе назваў вёсак Літва, якія мы знаходзім і зараз у Слонімскім, Ляхавіцкім, Уздзенскім, Стоўбцаўскім і Маладэчанскім раёнах. Яна ўрэзвалася клінам паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Навагародскай землямі і побач з імі з’яўлялася гістарычнай вобласцю Беларусі»*[5].
        * Можна дапусціць, што межы старажытнай Літвы былі куды шырэй, чым тыя, якія вызначыў М.Ермаловіч. На поўдні літоўская мяжа, пэўна, сягала да Ясельды і нават пераходзіла яе. «Кроніка Літоўская і Жамойцкая», распавядаючы пра паход Данілы і Васількі Раманавічаў на Літву, кажа: «...места и все их волости огнем и мечем аж за Ясолдаю и Нарвою реками выплендровали». Усходне-паўднёвая мяжа пралягала каля Слуцка і Менска, пра што ўказвае Магілеўская кроніка. У раёне Слуцак – Капыль і Шацак – Талька якраз і знаходзім значны арэал балцкіх назваў. Абагнуўшы Менск, літоўская мяжа на ўсходзе ішла, пэўна, да Барысава і пралягала па Бярэзіне. Не выпадкова супадаюць паданні «Кронікі Літоўскай і Жамойцкай», дзе гаворыцца, што князь Барыс заснаваў горад Барысаў: «...знак вечной границы умоцнити межи Литвою и князством Полотцким», і заява маскоўскіх паслоў, якія патрабавалі беларускія гарады: «...а рубеж был тем городом с Литовской землею по Березыню». І тут, у раёне к паўночнаму захаду ад Барысава і паўднёвага захаду ад Бярэзінскага запаведніка, у радыусе 80-100 кіламетраў знаходзіцца арэал балцкіх назваў. На поўначы мяжа, відаць, пралягала за Віліяй і праходзіла каля вёскі Крывічы. А на паўночны захад у кірунку Крэва ўжо пачыналася Нальшанская зямля. На захадзе па лініі Слонім – Наваградак – рака Нёман старажытная Літва мяжавала з яцьвяжскімі землямі.
        Тут, у старажытнай Літве, знаходзілася і так званая Літва Міндоўга, якая ляжала на левым беразе Нёмана паміж Пінскай і Наваградскай землямі. Сам Міндоўг жыў, пэўна, у гарадку Варута, дзе ён адбіваўся ад сваіх ворагаў. Розначытанне Хлебнікаўскага і Пагодзінскага спісаў з Іпацьеўскім дазваляюць удакладніць назву Міндоўгавай сталіцы. У Хлебнікаўскім і Пагодзінскім пішацца «въ Роута», што значыць Рута[6]. Некалькі населеных пунктаў з назвай Рута ёсць паблізу Наваградка, там працякае і рака з такой назвай. Тое, што Літва Міндоўга знаходзілася побач з Наваградкам, указвае і «Кроніка» Стрыйкоўскага. Так, у аповядзе пра вайну Данілы Галіцкага з Міндоўгам сказана, што галіцка-валынскія атрады: «...ад Наваградка пусціліся да Здзітава, бурачы і пустошачы краіну Мендогаву, і шмат замкаў літоўскіх пабраўшы». Гэты рух галіцка-валынскіх дружын апісвае таксама і Іпацьеўскі летапіс. Так што на правым беразе Нёмана паміж Наваградкам і Здзітавам і знаходзілася Літва Міндоўга – «Краіна Мендогава»[7]. Цікава, што побач са Здзітавам у Пружанскім раёне ёсць сяло Таўтведы, гэта можа ўказваць на пражыванне тут князя Таўцівіла, з якім змагаўся Міндоўг. А на ўсходзе, каля Клецка, два тапоніма «Балевівічы» сведчаць пра тое, што ў тых мясцінах жылі князі Булевічы – з імі таксама змагаўся Міндоўг. І яшчэ адна цікавая акалічнасць – наяўнасць у мінулым у Пінску кургану і вуліцы Мендога[8]. Можна дапусціць, што Міндоўг адзін час жыў у гэтым горадзе, дзе служыў са сваёй дружынай пінскаму князю. Вельмі падобна, што быў ён наймітам і прадаваў сілу свайго мяча таму, хто добра заплаціць. Не выключана і тое, што Міндоўг прызнаваў сябе васалам наваградскага князя. На гэта, апроч Іпацьеўскага летапісу, указвае і ў «Пачатках» Мацей Стрыйкоўскі: «Тая Літва, якая жыла над Нёманам у пушчах, здаўна прыслугоўвала Наваградскаму княству»[9].
        Сучасная Летува ў тыя далёкія часы называлася па-іншаму. Паўночная прыбалтыйская яе частка аж да ХХ стагоддзя мела назву Жамойць (Нізкая зямля)*. У раёне сучаснага Вількаміра была зямля Дзяволтва. Паўднёвы захад і цэнтр сучаснай Летувы займала Аўкштота-Аўкштайція (Высокая зямля). З утварэннем Вялікага Княства Літоўскага назва «Літва» распаўсюдзілася і на гэтыя землі. Але перш за ўсё яна адносілася да сучасных беларускіх земляў, аб чым сведчаць летапісы. Так, калі ў 1345 годзе з Вялікага Княства Літоўскага і Рускага выдзялілася Троцкае княства, «Кроніка Быхаўца» адзначыла: «І ў той час княжыў на Літве і ў Русі вялікі князь Альгерд», а пра вялікага князя Кейстута, уладанні якога былі ў Аўкштоце і Жамойці, кроніка кажа, што ён уладарыў «у Троках і зямлі Жамойцкай»[10]. Як бачым, раней не лічылі, што Трокі знаходзяцца на землях гістарычнай Літвы. І варта было князю Вітаўту вярнуць назад заваяваную Ягайлам бацькаву сталіцу, як «Кроніка Літоўская і Жамойцкая» адзначыла, што ён вярнуў «впавши до Литвы Троки»[11].
        * Пэўна, Жамойцкая зямля даходзіла на поўдні да ракі Святой (Свенты), бо ў Пскоўскіх летапісах Вількамір знаходзіўся «оу Жимоитской земли, оу Святои реке». (ПЛ. Вып.2. С.131).
        З той прычыны, што кароткая назва Вялікага Княства Літоўскага была Літва, дык яна пашырылася на старажытныя беларускія землі, што ўвайшлі ў яго склад. Ужо напрыканцы стагоддзя Літвой называлі старажытную Беларусь, а беларусы называлі сябе ліцьвінамі*. Гэтак звалі іх і суседзі – расейцы, украінцы, мазуры, палякі, жамойты. Белай Руссю яшчэ ў ХІІ стагоддзі называецца Растова-Суздальская зямля, а пасля гэтае імя носяць Ноўгарадская і Пскоўская землі, а ў ХV стагоддзі ўжо маскоўскія ўладары тытулуюць сябе князямі Белай Русі[12]. Аж да ХХ стагоддзя ліцьвіны лічылі, што Белая Русь гэта Расея. Беларусцамі ў Літве называлі праваслаўных і гэты тэрмін не быў этнонімам нашых продкаў[13].
        * У дадзеных нарысах згодна са шматвяковай традыцыяй пакінуты назвы старажытнай Беларусі з яе спрадвечным імем – Літва, а старажытных беларусаў – ліцьвіны.
        Ужо ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях старажытная Літва ў значнай частцы была каланізавана крывічамі і дрыгавічамі, а балты, што жылі тут, асіміляваліся. Узнікалі на яе землях славянскія паселішчы: Ізяслаўль, Гарадок, Менск, Крыў-горад (Вільня) і інш. Невыпадкова, што біскуп Хрысціян, які пры Міндоўгу (1253) узначальваў Літоўскае біскупства, адзначаў: «Літва, або Літванія, – гэта славянская краіна»[14]. Сведчанне славянскай каланізацыі летапіснай Літвы, а таксама іншых балцкіх земляў і асіміляцыі балтаў мы бачым у славянскіх імёнах ліцьвіноў: Жывінбуд, Вілікаіл, Вішымут, Кіндібоўт, Боўтавіт, Кіценій, Хвал, Логвеній, Лоў, Алехна, Данута, Будзікід, Будзівід, Слаўка, Нямір, Нялюб, Лялюш, Борза, Лесь, Лесій, Серпуцій, Трайдзень, Рукля, Войшалк, Транята, Любім, Любка, Лютавер, Віцень, Воін, Няжыла, Кумец, Круглец, Гольша, Ягайла, Рэпенья, Сірвід, Полюш, Спуд, Гердзень, Боўтавіт, Фёдар, Волчка, Лісіца, Казлейка.
        Часта славянскія імёны прыстасоўваліся балтамі да сваёй моўнай сістэмы. Менавіта тады і быў прыўнесены той літоўскі элемент, які прыдаваў славянскаму або царкоўнаму імю літоўскае гучанне. Напрыклад: Вітаўт (Віт), Альгерд (Аляксандар), Кейстут (Канстанцін), Любарт (Люб), Сенгайла (Семка), Карыгайла (Коргуй, Егор), Свідрыгайла (Сідрык), Скіргайла (Серга), Карыят (Кірыяй), Пацірг (Патрыкій), Вікант (Вікенцій), Таўцівіл (Феафіл), Карыбут-Корбут (Кора, Егор), Нарбут (Наруша), Гедзімін (Едзімей), Мінгайла (Міхайла), Пунігайла (Пунька), Яўнуцій (Іван), Гердзень (Андрэнь), Нарымунт (Наруша), Даўмонт (Домант). Імя Міндоўг, паводле меркавання філолага В.Юргевіча, таксама славянскае, атрыманае ад памяншальна-ласкальнага Менця (Дземянцей). Ноўгарадскае імя Мендуй атрымалася таксама з той жа формы[15]. Сустракаецца яно ў беларусаў у такіх формах: Міндзюк, Мінда, Мендыла, Мендык[16].
        З усяго сказанага вынікае, што Міндоўг нарадзіўся і жыў на землях сучаснай Беларусі. Паміж Наваградкам і Пінскам знаходзілася ягоная «краіна». Верагодна, быў ён нашчадкам полацкага князя Расціслава Рагвалодавіча, сыноў якога Давіла і Маўколда віленцы ўзялі сабе за князёў[17]. Калі гэта так, дык як спадкаемца крывіцка-дрыгавіцкіх уладароў ён меў права і на полацкі пасад, і на княжацкую карону ў Наваградку. Менавіта паходжаннем з дынастыі Рагвалодавічаў можна растлумачыць, чаму Міндоўга абралі наваградскім князем, а ягонага братаніча (пляменніка па брату). Таўцівіла – полацкім князем.
        Хаця ў некаторых ліцьвінскіх летапісах бацькам Міндоўга называецца наваградскі князь Рынгольд[18], аднак паводле Іпацьеўскага летапісу князем у Наваградку ў гэты час быў нейкі Ізяслаў, а значыць, што Рынгольд асоба міфічная. Не называе імя Міндоўгавага бацькі і Рыфмованая кроніка, аднак адзначае, што ён «быў вялікім каралем і ў свой час не меў сабе роўных у Літве»[19]. Як вынікае з гэтай узгадкі, Міндоўг пачынаў ажыццяўленне сваіх задум не з голага месца. Ад бацькі ён атрымаў і багацце, і землі, і ўладу, і моцную дружыну, што і надавала яму ўпэўненасці ў сваіх сілах.
        
Шлях у Наваградак
        
        У адрозненне ад іншых балцкіх земляў «Літва Міндоўга» не ведала спусташальных крыжацкіх нашэсцяў, не была ў гандлёвай блакадзе Ордэна, вяла ажыўлены гандаль з Наваградкам, і не выпадкова, што Міндоўг становіцца адным з моцных і ўплывовых феадалаў «всей земли Литовской». Саюзныя адносіны з галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам (Міндоўг двойчы ўдзельнічаў у яго паходах: першы ў 1235 годзе супраць Конрада Мазавецкага, другі ў 1245 годзе супраць чарнігаўскага князя Расціслава) забяспечвалі князя падтрымкай моцнага хаўрусніка. Таму і звярнуліся да яго куршы з просьбаю аб дапамозе ў барацьбе супраць немцаў, якія з 1242 года пачалі захопліваць куршскія землі, будаваць там замкі і мячом хрысціць насельніцтва.
        Міндоўг сабраў, паводле Рыфмаванай кронікі, каля 30 тысячаў вояў, што даволі верагодна (польская «Вялікая кроніка» называе такую ж колькасць войска Міндоўга падчас яго пахода на Мазовію[20]), і пайшоў на Амботэн і ўзяў яго ў аблогу. Пяць тыдняў беспаспяхова ваяваў ён гэтую цвержу.
        З Гольдынгена на дапамогу крыжакам падаспеў ордэнскі атрад. Калі Міндоўг павёў сваё войска на штурм, крыжакі нечакана з лесу ўдарылі ў тыл. Пачалася паніка, войска кінулася наўцёкі. 1500 воінаў згубіў Міндоўг. Крыжакі захапілі і яго абоз. Акрыленыя перамогай рыцары рушылі ўслед за Міндоўгам, каб канчаткова расправіцца з князем. Міндоўг зачыніўся ў сваім градзе (відаць, Руце, дзе ён пазней таксама будзе абараняцца ад сваіх ворагаў) і ледзь здолеў адбіцца ад крыжакоў.
        Паразаю тут жа скарысталіся ворагі Міндоўга ўнутры Літвы. «За ворожьство с ними»[21] яны і выгналі князя з яго зямлі. Міндоўга напаткаў лёс многіх літоўскіх феадалаў, якія ў выніку міжусобных войнаў уцякалі з Літвы і шукалі прытулак пры дварах рускіх князёў або ў крыжакоў. Уцекачы прымалі хрысціянства, а пасля з войскам, якое давалі ім новыя гаспадары, ваявалі сваю былую Радзіму. Так рабілі Таўцівіл, Едзівіл, Вікінт, Даўмонт, Суксе, Полюш, Вітаўт, Свідрыгайла. Міндоўг са сваімі баярамі ўцёк у Наваградак, дзе яго добра ведалі.
        Мінула два стагоддзі, як Яраслаў Мудры пасля пахода на Літву заснаваў на мяжы яцьвяжскіх і літоўскіх земляў Наваградак. За гэты час невялікая цвержа ператварылася ў багаты і шматлюдны горад – цэнтр славянскай каланізацыі балцкіх земляў. Горад акружалі высокія драўляныя сцены, а ўнутры ён быў забудаваны дварамі наваградскіх феадалаў і купцоў, дамы якіх упрыгожвалі яркія роспісы, разьба, мэбля. Урадлівая глеба, наяўнасць балотных рудаў, радовішчы крэйды ў раёне прытоку Нёмана Росі (археолагі знайшлі там старажытныя шахты), і як вынік – развіццё раместваў, сталі асновай эканамічнай магутнасці Наваградчыны.
        Важнай крыніцай багацця Наваградка быў гандаль. Па Нёману наваградскія купцы пападалі ў Балтыйскае мора, а далей у гарады Паўночнай і Заходняй Эўропы. Развітая волакавая сістэма звязвала Нёман з Дняпром і Заходняй Дзвіной. Па Дняпру быў выхад у Чорнае мора, а праз Заходнюю Дзвіну купцы маглі выйсці ў басейн Волгі, у Каспійскае мора. Як сведчанне шырокіх гандлёвых сувязей Наваградскай зямлі – знаходкі скарбаў з арабскімі дзірхемамі, манетамі візантыйскіх імператараў, пражскімі грошамі, дынарыямі манетнага двара Вісбю, шылінгамі Тэўтонскага ордэна, заходнеэўрапейскімі грашамі[22]. А па разнастайнасці прывазнога посуду, які знаходзяць археолагі ў Наваградку, можна вывучыць мастацкія стылі візантыйскіх, кіпрскіх, сірыйскіх сасудаў[23]. Усё гэта сведчыць, што ў наваградскіх баяраў назапасілася нямала багаццяў.
        Прыток славянскіх перасяленцаў спрыяў узнікненню гарадоў: Слоніма, Ваўкавыска, Гарадзеня, Здзітава, Зэльвы, Свіслачы. А выгаднае геаграфічнае становішча ўратавала Наваградчыну ад спусташальнага татара-мангольскага нашэсця. Тысячы і тысячы ўцекачоў з рускіх княстваў знаходзіла тут сабе паратунак ад мангольскай навалы.
        І не такой ужо нязбытнай марай было жаданне наваградцаў вызваліцца ад улады Данілы Галіцкага, зрабіць свой горад цэнтрам аб’яднання ўсіх беларускіх земляў. Для гэтага меліся ўсе ўмовы: выгадная палітычная кан’юнктура ва Ўсходняй Эўропе, і аслабленне Галіцка-Валынскага княства пасля мангольскага нашэсця, і развітая гаспадарка і эканоміка, і багатая скарбніца. Ордэнская і мангольская пагроза вымушалі не чакаць. Патрэбна была моцная дзяржава, якая б супрацьстаяла і крыжакам, і манголам, і другім ворагам. Сам лёс паслаў наваградскім феадалам Міндоўга: ён з полацкага княжацкага дома, нарадзіўся і жыў на Літве, добра яе ведаў, меў вайсковы досвед, быў неразборлівы ў сродках, прагнуў адпомсціць літоўскім феадалам за сваю паразу. Мог пакласці пачатак наваградскай княжацкай дынастыі. Так Міндоўга выбралі на наваградскі пасад. Але каб стаць паўнапраўным князем, яму давялося прыняць Хрост. Паводле Густынскага летапісу, адбылося гэта восенню 1246 года[24].
        Некалькі гадоў Міндоўг затраціў на збіранне баявой дружыны і падрыхтоўку да заваёўніцкага паходу на Літву. Якім было ўзбраенне і даспехі наваградскіх вояў, дае ўяўленне знойдзены на ваўкавыскім Замчышчы гравіраваны медны медальён. На ім выбіта выява воя. На галаве ў яго шлём-шышак, злучаны з кальчугай барміцай. У правай руцэ – меч, у левай – шчыт. Мяркуючы па археалагічных дадзеных, наваградскія воі шырока карысталіся баявымі сякерамі, лукамі, дзідамі, штылетамі, кісценямі, дубінамі і паліцамі. Так што адпраўляўся Міндоўг у паход з добра ўзброенай дружынай.
        Дзесьці ў 1252 годзе Міндоўг «Литву зане»[25]. Тое, што ён дзейнічаў на чале наваградскай дружыны, вынікае і з паведамлення Ноўгарадскага летапісу. Распавядаючы пра падзеі, якія адбыліся пасля Міндоўгавай смерці, летапіс указвае, што Войшалк прыйшоў на Літву «съвкупи около себя вои отца своего и приятели»[26], а Іпацьеўскі летапіс удакладняе, што гэта былі наваградцы[27]. Ваяводам у Міндоўга служыў разанскі баярын Астафій Канстанцінавіч, які ўцёк ад мангола-татарскага нашэсця ў Наваградак.
        Менавіта ў гэты час заходнебеларускі перапісчык «Кронікі» Іана Малалы ва ўстаўцы пра паганскую ерась Совія адзначыў, што яна распаўсюджана ў «Літве нашей», тым самым засведчыў прыналежнасць Літвы да Наваградскай зямлі[28].
        
        Вайна з Галіцка-Валынскім княствам
        Здрадніцкія забойствы, хітрасць, падман – ні перад чым не спыняўся Міндоўг, каб усталяваць сваю ўладу на Літве, той, хто станавіўся на ягоным шляху, быў забіты, як князі Булевічы, альбо вымушаны падзяліць лёс ізгояў, як князі Вікінт, Таўцівіл і Едзівіл. «Бесчисленное имение» літоўскіх феадалаў Міндоўг раздаваў сваім наваградскім паплечнікам.
        Вельмі ўмела выкарыстоўвае ён міжусобныя войны дробных літоўскіх і жамойцкіх князькоў. Напрыклад, падтрымаў нейкага князя Лонгвена, які варагаваў з князямі Дуцэ, Мільгернэ і Дзіндэне. «З тых часоў як Міндоўг пайшоў супраць нас, нам не жыць у гэтай краіне», – прызнаюць яны[29]. І ўцякаюць у Рыгу, дзе, прыняўшы хрысціянства, становяцца крыжацкімі прыслужнікамі і водзяць рыцараў у паходы на Літву. Падобны лёс напаткаў і князёў Таўцівіла (магчыма, тапонім Таўтвелы ў Пружанскім раёне паказвае, што Таўцівіл жыў там), Едзівіла, Міндоўгавых братанічаў, і жамойцкага князя Вікінта. Каб пазбавіцца ад іх, Міндоўг пусціўся на хітрасць – паслаў ваяваць Смаленск і паабяцаў: «Што кто приемлеть, собе держать»[30], а ўслед паслаў сваё войска для расправы з імі.
        Не думалі яны, калі Міндоўг з купкай сваіх баяраў «за ворожьство» з імі ўцёк з Літвы, што ўся вайна з ім яшчэ наперадзе. Што знойдзе ён падтрымку ў Наваградку і з наваградскімі дружынамі вернецца назад. І будзе зваявана «вся земля Литовская». І ўжо яны толькі ўцёкамі і выратуюцца. Не прадбачылі. Вяртанне Міндоўга было нечаканасцю. Хаця і змоцніліся яны супраць наваградскага князя, але давялося прызнаць над сабою ягоную ўладу. Ды хіба пакора магла выратаваць жыццё? Не падманула іх ветлая ўсмешка Міндоўга: у халодных ягоных вачах чыталі яны смяротны прысуд. Смерць князёў Булевічаў памятная ім. Ну, скарыліся яму, і што – чакаць, калі ён пачне іх знішчаць, ці ратавацца?
        Міндоўг пасля нямала будзе шкадаваць, што выпусціў іх з Літвы. А разлічыў, здаецца, усё. Не ўлічыў аднаго: што яго непрыяцелі, не спадзеючыся на ратунак, на Смаленск не пойдуць.
        Шляхі ізгояў... Куды яны вядуць? Туды, дзе вораг твайго ворага. Галіцка-валынскі князь Даніла, які быў жанаты з Таўцівілавай сястрой, – вось хто мог дапамагчы ім у барацьбе з Міндоўгам. Князь даўно з трывогай сачыў за падзеямі, што адбываліся на Наваградчыне і Літве. Наваградак станавіўся новым палітычным цэнтрам Усходняй Эўропы, канкурэнтам Галічу і Ўладзіміру. Да Данілы і прыбылі князі-ўцекачы.
        Адным моцным ударам рашае Даніла пакончыць з новай дзяржавай. А для гэтага патрэбны войскі, і таму князь звяртаецца да Польшчы. Адасобленая ад Наваградка і Літвы Падляшскай зямлёй, яна не бачыла пагрозы сабе. Наадварот, Наваградская дзяржава разглядалася палякамі як сіла, здольная супрацьстаяць Галіцка-Валынскаму княству. І Польшча адмовілася падтрымаць Данілу. Так Міндоўг, які яшчэ не ўступіў у вайну, атрымаў важную перамогу. А для Таўцівіла гэта было паразаю.
        Тады Даніла пасылае ў доўгі ваяж Вікінта – Яцьвезь, Жамойць, Лівонія. «Сребром и дарми многыми» Вікінту ўдаецца схіліць супроць Міндоўга яцьвяжскіх і жамойцкіх князёў. Трохі складаней было з «рыцарамі Хрыстовымі». Тыя таргаваліся. Умова: прыміце хрысціянства. Ну як жа: слугі хрысціянства і дапамагаюць паганцам. Вікінт прыняў хрысціянства, і крыжакі забылі аб крыўдах на яго. Занепакоены Міндоўг шле Данілу дары, каб той расправіўся з Таўцівілам: «Не чини има милости»[31]. Марная надзея.
        І пачалася вайна. «И многое воевание бысть межи ими»[32]. Можна ўявіць, што хаваецца за гэтымі скупымі летапіснымі словамі. «Воевание» не ведала літасці. Гарэлі сёла, коні тапталі жытнія палеткі, руйнаваліся «грады многи».
        Менавіта з тых часоў захавалася паданне пра гібель горада Свіцязь. Свіцязянскі князь Туган прыйшоў на дапамогу Міндоўгу, а гэтым і скарыстаўся вораг. Рускія дружыны ўзялі ў аблогу горад. «Тады свіцязянкі даюць клятву лепш памерці, пахаваць сябе жывымі ў зямлю, чым аддацца ў рукі ворагу». Паводле падання, жыхары Свіцязя паклікалі багоў, «каб не дапусцілі зганьбавання». А калі іх голас быў пачуты, горад праваліўся, а на ягоным месцы паўстала возера[33]. Паданне гэта, відаць, нарадзілася з рэальнай падзеі. Верагодна рускія ваяры разбурылі дамбы на беразе возера, або неяк інакш затапілі непакорлівы горад. З таго часу Свіцязь не адрадзіўся да жыцця, і памяць пра яго жыла ў паданнях. Яшчэ адзін эпізод з гэтай вайны знаходзім у ліцьвінскіх летапісах, дзе распавядаецца, што Міндоўгава войска здабывала Полацак, і толькі Таўцівіл, які прывёў з сабой лівонскіх рыцараў, адбіў «Литву пречь»[34]. Ні Рыфмованая кроніка, ні Іпацьеўскі летапіс не ўзгадваюць пра гэты паход на Полацак, аднак ён мог і адбыцца, бо ў планах наваградскіх баяраў і Міндоўга як раз і было аб’яднанне крыўскіх, ліцьвінскіх і дрыгавіцкіх земляў.
        Паводле кронікі Русава, лівонскі магістр Андрэй Сцірланд з рыцарамі спустошыў Міндоўгавы землі і падышоў да града, дзе зачыніўся князь. Галоўны ўдар наносіўся сіламі галіцка-валынскіх князёў Данілы і Васількі Раманавічаў на Ваўкавыск, Слонім, а пасля князі «поидоша к Новугородку», які захапіць так і не ўдалося.
        Таўцівіл тым часам разам з ордэнскім войскам вяртаецца ў Рыгу, дзе прымае хрысціянства. І пакуль каталіцкія святары пасвячалі новахрышчонага ў таемствы святой веры, магістр Андрэй Сцірланд вёў перамовы з Міндоўгам. «І калі яны (Міндоўг і магістр. – В.Ч.) любезна сустрэліся і пагаварылі, дык князь загадаў прыгатаваць шыкоўную вячэру і запрасіў магістра ў госці, падчас вячэры магістр доўга ласкава размаўляў з князем»[35]. Дзе ўжо там ласкава, магістр адразу паставіў свае ўмовы: «Не выратуешся і не пераможаш ворага, калі не пашлеш да папы і не прымеш хрысціянства. А служыць табе рад, і, хаця асляпіў вочы свае золатам, якое атрымаў ад цябе, усё ж я табе дапамагу»[36].
        «Так што, нарэшце князь абяцаў, што ён прыме хрысціянства. І князь пажадаў, каб магістр выпрасіў у папы, каб князя і яго княгіню адразу ж пасля хрышчэння каранавалі, як хрысціянскага караля, што яму магістр Андрэй Сцірланд і абяцаў»[37]. Як бачым, Таўцівіл у гэтай гульні аказаўся пешкай, якую мянялі на караля, праўда, яшчэ без кароны. Але што значыць выкаваць карону? Быў бы кароль, а карона знойдзецца. «Калі б ты быў хрысціянінам, дык я зрабіў бы табе яшчэ большы гонар і выпрасіў бы табе каралеўскую карону, клянуся жыццём»[38], – абяцаў магістр Міндоўгу. Ён ведаў, што Міндоўг раней прыняў праваслаўе. Але гэта для яго, католіка, не сапраўдная вера, да таго ж варожая. Магістр прапануе Міндоўгу не толькі самому прыняць веру Хрыстову, але і сваіх падданых прывесці да яе, ну, і за тружанне Ордэну саступіць частку земляў жамойтаў і селонаў, а магістр падтрымае яго ў барацьбе з Таўцівілам і Данілам. Міндоўг ведаў, на што ідзе: раз’яднаць варожую кааліцыю, знайсці сярод ворагаў саюзнікаў. А землі, што ён адпісваў Ордэну, яму не належалі. Нібыта ён, Міндоўг, з гэтага пагаднення выгадаў болей карысці, чым Ордэн. А па сутнасці крыжакі скарысталі яго ў сваёй палітыцы, знайшлі сабе хаўрусніка ў скарэнні балцкіх земляў, хаўрусніка, які хаця і не падтрымае іх войскам, але цяпер ужо не будзе ваяваць супраць Ордэна і дапамагаць жамойтам і куршам.
        У далёкі Рым разам з ордэнскімі пасламі адправіўся і Міндоўгаў баярын Парнус. Папа абрадаваўся, што Міндоўг «спазнаў хвалу Божую і праз хрышчэнне адрадзіўся» і прыслаў яму булу, якой абвяшчаў: «...каралеўства літоўскае і ўсе землі, якія здабыў ад няверных або ў будучым мог здабыць на права і ўласнасць святога Пятра і яго (Міндоўга. – В.Ч.) з жонкай, сынамі і ўсім дваром пад пратэкцыю і апеку апостальскай сталіцы вырашылі ўзяць»[39]. А ў другой буле папа прасіў дапамагчы «каралю літоўскаму, які жадае павярнуць паганцаў да веры» рыжскага, дерптскага і эзелійскага біскупаў[40]. Холмскаму біскупу Генрыху папа даручыў каранаваць Міндоўга.
        Так Міндоўг дабіўся яшчэ адной важнай перамогі.
        У адчаі Таўцівіл пакінуў Рыгу і павёў сваю дружыну на Міндоўгаў град Руту. А да Міндоўга на дапамогу прыйшоў нямецкі атрад. Градам Таўцівіл не змог авалодаць. У адной з начных вылазак Міндоўг «разогнаша и Русь и Ятвязе»[41].
        Таўцівіл бачыў, што воі ягоныя ўжо не вераць у перамогу і ў бітве не шукаюць ворага, а ўцякаюць ад яго. Зноў параза. Таўцівіл адпраўляецца ў Жамойць да Вікінта. А па ягоных слядах, «собрав силу велику»[42], урываецца туды Міндоўг. І хаця ўдалося адбіць яго ад Вікінтавага града, Цвірамента, але гэта не перамога. Удача адвярнулася ад Таўцівіла, а вось Міндоўгу лёс спрыяе. Той у Наваградку 6 ліпеня 1253 года карануецца каралеўскім вянцом. Сам лівонскі магістр са сваёю світаю прыехаў на каранацыю. Холмскі біскуп Генрых уздзеў на галаву князю каралеўскую карону. Міндоўг шчодра аддзячыў Ордэн і падпісаў некалькі грамат, у якіх саступаў яму Корсь, Яцьвязь, Нальшчаны, Дайнову і «ўгневаны на жамойтаў» – Жамойць[43]. Не адна з гэтых земляў не належала Міндоўгу, а з Яцьвязю і Жамойцяй ён ваяваў. Пэўна, трэба казаць, што Міндоўг даваў слова не прэтэндаваць на гэтыя землі. Так як сярод адпісаных Міндоўгам земляў былі Дайнова (зямля паміж Нёманам і вярхоўем ракі Нараў), Нальшчаны, мястэчка Вейшышкі (знаходзіцца на сучасным беларуска-летувіскім памежжы), а таксама мястэчка Лукаў на Падляшшы, дык можна прыблізна вызначыць межы Міндоўгавай дзяржавы на поўначы і на ўсходзе. На поўначы гэтая мяжа, пэўна, ішла па лініі Горадня – Ліда – Крэва, а на захадзе, пэўна, не сягала далей Ваўкавыска. Што ж датычыцца мяжы на поўдні, дык яна магла праходзіць па лініі Камянец – Здзітаў – возера Зьяце, а на ўсходзе па лініі возера Зьяце – Бялевічы – Койданава – Валожын – Маладэчна – Крэва.
        Не абышлося без хітрасці. Міндоўг хацеў, каб касцёл у Літве не падпарадкоўваўся рыжскаму біскупу. Ён просіць папу заснаваць на Літве асобнае біскупства са сваёй сталіцай, дзе гатоў за ўласны кошт пабудаваць катэдру. Папа згадзіўся і назначыў ліцьвінскім біскупам ордэнскага каплана Хрысціяна, чаму працівіўся рыжскі біскуп Альберт. Аднак Міндоўг адпісаў ліцьвінскаму біскупству землі ў Жамойці, якая не прызнавала ягонай улады і якую ён саступаў Ордэну. Хітры ход. З гэтага надання Хрысціян не меў ніякіх прыбыткаў, а значыць – падпаў пад залежнасць ад Міндоўга, з добрай волі якога біскупства магло існаваць ці бедна, ці багата. Хрысціян нават скардзіўся на караля новаму папе Аляксандру ІV і той у буле ад 7 сакавіка 1255 года пісаў, каб Міндоўг «памятаў аб патрэбах біскупства»[44]. Так што і ў сферы духоўнай Міндоўг прагнуў улады.
        Таўцівіл яшчэ гатоў змагацца. Уся надзея на Данілу Галіцкага. «Поди к Новугородку»[45], – пасылае ён да яго свайго слугу Роўбу (быць можа, назва сяла Раўбы ў Лідскім раёне ўказвае, што той паходзіў адсюль). У 1253 годзе Даніла з братам Васількам, з сынам Львом і з полаўцамі зімой прыйшлі да Пінска. Пінскія князі, якія ўжо даўно арыентаваліся ў сваёй палітыцы на Наваградак і Літву, «неволею» пайшлі на вайну. У першым жа баі на возеры Зьяце Міндоўгава дружына разбіла перадавыя атрады Данілавага войска і пагнала іх праз балоты да ракі Шчары. Раззлаваны Даніла патрабаваў ад саюзнікаў працягваць вайну: «Срамоту имеем от Литвы и от всех земель, аще не дойдем и вратимся»[46].
        Наступным днём галіцка-валынскае войска зламала супраціўленне Міндоўгавых войск, уварвалася на Літву, а адтуль і на Наваградчыну і «плениша всю землю Новогородьскую»[47]. Раман Данілавіч у гэты час захапіў Горадню.
        Міндоўг яшчэ спрабуе наладзіць абарону Наваградчыны, пасылае свайго сына (відаць, Войшалка) ваяваць каля Турыйска, але супрацьстаяць Данілу ён не ў сілах. На ўсе ягоныя звароты аб заключэнні міру Даніла не адказвае. Няўдачы Міндоўга ў гэтай вайне паўплывалі на адносіны да яго наваградскіх баяраў – ён пакідае Наваградак, а наваградскім князем выбіраюць яго сына Войшалка. Той і заключае мір з Данілам Галіцкім. А Міндоўгу застаецца правіць у Літве. Для Таўцівіла ж – гэта канчатковая параза. Застаўшыся без саюзнікаў, ён амаль бездапаможны перад Міндоўгам. Срэбра Міндоўгава адвяло ад яго і яцьвягаў, і жамойтаў. Як ваяваць? Адчай гоніць яго з Жамойці на Валынь да Данілы. Таўцівіл заклінае таго змагацца з Міндоўгам. Але Даніла свайго дамогся: Наваградак і Літва зноў падуладныя яму. Трэба перадыхнуць, сабраць сілы. З поўдня пагражаюць татары, і пра гэта забывацца нельга. Ніяк не выпадала зноў ваяваць. Адзінае, што застаецца Таўцівілу, – кінуць галіцкаму князю: «Миндовг убеди я серебром многим»[48]. Ды толькі ўгнявіў Данілу. І няма цяпер у Таўцівіла хаўруснікаў, застаўся адзін. З чаго пачынаў, тым і скончыў: ізгой, без войска, без надзейных сяброў і паплечнікаў, без грошай. А па слядах крадзецца смерць. Міндоўг не супакоіцца, пакуль ён жывы. Князь пакідае Радзіму.
        І вось Полацак. Мужы-палачане хочуць узяць яго за баявога князя. Выбару няма, і ён згодны.
        
Таўцівіл – полацкі князь
        
        Усю вайну 1252-1254 гадоў Полацак заставаўся ўбаку, староннім гледачом назіраў за падзеямі на заходніх і паўднёвых межах сваіх зямель. Што ў ягоным позірку? Зацікаўленасць? Трывога? Абыякавасць? Чаканне? Многа загадкавага і незразумелага ў гэтым бяздзейным маўчанні. Што скажа Полацак? Літва ж даўняя данніца, яго саюзнік, зямля, якую не першае стагоддзе каланізуюць крывічы разам з дрыгавічамі. Дык чаму бяздзейнічае Полацак? Страціў Смаленск – свой даўні прыгарад, страціў Лівонію – данніцу сваю, вось і Літву аддае на волю галіцкіх князёў. Няўжо няма каму ў Крыўі пазвінець мячамі аб варожыя шаломы? Аднак вось Полацак выклікаў да сябе Таўцівіла, ізгоя і ліцьвіна, мог жа свайго Ізяславіча пасадзіць, дык спатрэбіўся ліцьвін. Навошта? Якія такія надзеі звязваюць з ім палачане?
        Не ў інтарэсах Полацка было ўзвышэнне Наваградка і далучэнне да яго Літвы. Полацак і сам не супроць аб’яднаць Наваградскую зямлю і Літву пад сваёй зверхнасцю. Вайна Данілы Галіцкага з Міндоўгам Полацку на руку. Хай кідаюць у пашчу смерці лепшых сваіх вояў, а ён пачакае, а пасля можна і слаць свае дружыны, і мець зямлю Літоўскую. Можа, на гэта спадзяваўся Полацак? Аднак Наваградчына і Літва ў залежнасці ад Галіцка-Валынскага княства... Ці на гэта разлічваў Полацак? Не, не на гэта. Значыць, вынікамі вайны незадаволены. Некалі Міндоўга прытулілі наваградскія баяры, хрысцілі яго ў веру праваслаўную, далі вояў і паслалі ваяваць Літву. А цяпер і Полацак вырашыў такім прыёмам пакарыстацца. Вось і запрасілі Таўцівіла. Ён пераходзіць у праваслаўе і цяпер замест каталіцкага імя Готліб атрымаў праваслаўнае Феафіл. А каб болей прывязаць князя да Полацка, яго ажанілі з дачкою былога полацкага князя. І па жонцы ён парадніўся з Аляксандрам Неўскім.
        Полацкае веча прапаноўвала Таўцівілу стаць князем у Полацку паводле «права дзедзічнага», бо ён быў сынам Глеба Рагвалодавіча[49]. Праўда, Мацей Стрыйкоўскі пісаў, што гэтае абранне адбылося падчас паходу Таўцівіла, Вікінта і Едзівіла на Русь, аднак тагачасныя летапісы называюць яго полацкім князем з 1262 года. Можна дапусціць, што полацкім князем Таўцівіл стаў дзесьці ў 1256-1258 гадах, бо пад 1258 годам ёсць узгадка пра паход палачан і літвы на Смаленск, праўдападобна, што гэтую літву прывёў Таўцівіл. За верную службу Полацку палюбілі палачане Таўцівіла і празвалі яго Добрым.
        
Цяжар улады
        
        Цяжка было заваяваць уладу, яшчэ цяжэй было яе ўтрымаць. Міндоўг разумеў усю хісткасць свайго становішча: яму пагражае Таўцівіл з Полацка; незадаволеныя ім многія феадалы ўнутры Літвы наракаюць за хаўрус з Ордэнам; жамойты падбіваюць выракціся хрысціянства і парваць з крыжакамі. І гэта дваістае становішча: для хрысціянаў паказваць, што ты хрысціянін, для язычнікаў – што не адрокся ад старой веры, што «крещение... льстиво бысть»[50]. За пакланенне старым багам на яго наракае жонка. І гэтая зняважлівая залежнасць ад Ордэна і Данілы Галіцкага. Па першым патрабаванні галіцка-валынскага князя ён паслухмяна шле яму войска для барацьбы з татарамі, тым самым выклікае гнеў татараў. І вось паваяваў у 1258 годзе Літву Бурундай. Колькі сёлаў ляжыць у руінах. Такая расплата. Невядома, як бараніўся Міндоўг ад татара-манголаў. Захавалася паданне пра перамогу Міндоўга над ханам Кайданам у бітве каля Нёмана, пасля чаго месца гэтае пачалі называць Койданава[51]. У ліцьвінскім летапісу мы знаходзім узгадку, што Бурундай «имя мел власнае Кадан»[52]. Так што, магчыма, хан Кайдан з падання і быў Бурундаем.
        Трывожыў Міндоўга і сын Войшалк. Варожасць і нелюбоў між імі. Каля самай мяжы Літвы ён у Лаўрышава пабудаваў манастыр. Навошта? Трывогі, няўпэўненасць у заўтрашнім дні, сумненні... Цяжар улады не прыносіў ні радасці, ні шчасця, ні супакою. Сваё хісткае становішча Міндоўг усвядамляў, таму зноў заручыўся падтрымкай апостальскай сталіцы. Папа Аляксандар ІV на Міндоўгаву просьбу пацвердзіў ад 6 сакавіка 1255 года ягоны каралеўскі тытул і дазволіў каранавацца ягонаму сыну, пацвердзіў і ўладу Міндоўга на Літве[53]. Толькі рэальнай сілы папская була не давала.
        У 1260 годзе каля возера Дурбе жамойцка-куршскія дружыны разбілі войска Лівонскага ордэна. Паўсюдна ў Куроніі, Земігаліі, Жамойці супраць крыжакоў успыхнула паўстанне.
        Жамойці патрэбна была дапамога Літвы, і жамойцкія феадалы звярнуліся да свайго князя Траняты: «Жадаем, каб кароль загадаў перабіць усіх хрысціян, што жывуць у яго, сам зноў стаў язычнікам і выракся хрышчэння». Транята паабяцаў: «Не хвалюйцеся, жамойты, я сам пайду да Міндоўга і буду прасіць і пагражаць яму, пакуль ён не згодзіцца».
        Жамойцкі князь прыбыў да Міндоўга і, не хаваючы прыкрасці, выгаварыў яму за саюз з Ордэнам: «Жамойты не задаволены табою, і дзеля твайго гонару ты павінен выконваць тое, што ад цябе патрабуем. Так будзе лепш. Забудзь Хрыста, якім цябе падманулі. Усё хлусня, што табе распавядаюць ордэнскія браты, калі адгаворваюць ад тваіх багоў. Твой бацька быў знатны князь, і ў яго час не было яму роўных. Няўжо ты жадаеш прыняць ярмо сам і сваім дзецям, калі можаш быць вольным. Калі крыжакі скораць жамойтаў, дык слава твая загіне, а з ёю і ўсё тваё каралеўства, бо ты павінен будзеш скарыцца ім тады з усімі дзецьмі. Няўжо ты такі невідушчы? Калі жадаеш цяпер жа вызваліцца ад католікаў, на тваім баку жамойты, якія любяць цябе, ты павінен згадзіцца адрачыся ад хрысціянства. Пашкадуй ад усёй душы, што ты, усімі шанаваны, моцны і да таго ж багаты кароль, пакінуў сваіх багоў, якія так часта дапамагалі тваім бацькам. Хочаш застацца хрысціянінам, заставайся, аднак пасля пашкадуеш, што застаўся. Гэта табе параіць усялякі, хто жадае табе славы. Як толькі мы з табой прыйдзем да латгалаў і ў Лівонію, дык абедзве гэтыя землі адразу трапяць у твае рукі, бо яны так хочуць зрабіцца язычнікамі»[54]. Вось такія кароль выслухаў дакоры. Ніякай пачцівасці: «...Ты павінен выконваць тое, што ад цябе патрабуем... Пашкадуеш...»
        Спакуса ўладарыць у Жамойці, Куроніі, Лівоніі была вялікая, і Міндоўг згадзіўся з Транятам. Ён парывае з Ордэнам, адракаецца ад каталіцтва і ідзе на дапамогу Жамойці. У Куроніі ягоныя войскі занялі крыжацкія крэпасці Сіцеліс, Георгенбург, Добен. Адказнага ўдару крыжакоў доўга чакаць не давялося. Яны ў саюзе з мазавецкімі князямі і велікапольскім войскам у студзені 1261 года рушылі «ў землі літоўцаў і другіх паганскіх народаў з намерам іх заваяваць і вынішчыць»[55]. Калі заваёўнікі раздзяліліся на некалькі атрадаў і разышліся па краіне, Міндоўгава войска напала на варожы лагер і заняло яго. Крыжакі з саюзнікамі вярнуліся ў лагер і сустрэлі там непрыяцельскае войска. «Храбра з імі сышоўшыся, яны смела пачалі бітву. І хаця яны забілі многіх язычнікаў, аднак апошнія з дазволу Госпада і за грахі хрысціян дабіліся перамогі і прагналі хрысціян»[56]. Гэтая перамога яшчэ больш узвысіла Міндоўга ў сваім жа ўяўленні. Паняволеныя Ордэнам народы бачаць у ім надзею. О, ён моцны!..
        Аднак пасля таго як Жамойць адбілася ад крыжакоў, Транята і жамойцкія феадалы не пажадалі мірыцца з уладай Міндоўга. Транята і сам марыў стаць адзіным уладаром усёй зямлі Літоўскай і далучыць яе да Жамойці. Так у асяродку жамойцкіх феадалаў нарадзілася змова супраць Міндоўга.
        
Змова Траняты
        
        Пакуль Міндоўг цешыўся падманлівай веліччу сваёй улады, Транята рабіў усё, каб аслабіць свайго ўладара. Ён і падбіў Міндоўга зімой 1261/62 года на паход у Лівонію, абяцаючы падтрымку ліваў і латгалаў. Міндоўг паверыў яму, нават накіраваў пасольства ў Ноўгарад да Аляксандра Неўскага і заключыў з ім пагадненне аб сумесных дзеях супраць крыжакоў. Гэты крок Міндоўга ніяк не ўваходзіў у задумы Траняты: неабходна, каб літоўскага князя перамаглі крыжакі, атрымлівалася ж адваротнае – аб’яднанымі сіламі Літвы, Жамойці, Ноўгарада, Полацка і Віцебска Міндоўг мог разбіць Ордэн і тым самым умацаваць сваю ўладу на Літве. Таму Транята зрабіў усё магчымае, каб сарваць паход. Ні лівы, ні латгалы не паўсталі супраць крыжакоў, ноўгарад-полацкае войска своечасова не з’явілася, Транята пайшоў з жамойтамі, і Міндоўг ні з чым вярнуўся з Лівоніі. Толькі цяпер, пераканаўшыся ў здрадзе Траняты, Міндоўг прызнаў усю праўду жончыных слоў, што ён дарэмна слухае такую малпу, як Транята, дарэмна адрокся ад каталіцтва і здрадзіў Ордэну. Міндоўг з горыччу адказаў жонцы Марфе: «Падабаецца табе ці не, але я кінуў хрысціянства, парваў з магістрам і зноў прыйшоў да паганства. Вяртацца ў каталіцтва цяпер позна. Таму, жонка, маўчы цяпер. Што будзе, то будзе, я прытрымаюся ўказанняў Траняты і жамойтаў. Ведаю, што зрабіў неразумна, але тваім настаўленням цяпер канец»[57].
        «Што будзе, то будзе...» Паслухмяны нявольнік абставін, выканаўца чужой волі, які разумее, што не мае сіл неяк змяніць сваё незайздроснае становішча і вымушаны змірыцца з ім. Цяпер бы Міндоўгу болей разважлівасці, мудрасці, асцярожнасці, каб не нарабіць глупства, што магло абцяжарыць яго становішча. Ды пачаў ён неапраўданыя войны. Помсцячы мазавецкаму князю Земавіту за нядаўні напад на Літву, Міндоўг рушыў у паход на Мазовію. 30-тысячнае войска Міндоўга пакрыла попелам Мазовію. Ляжалі ў руінах Плоцк, Яздоў, Ловіч. Каля Яздова трапіў у палон мазавецкі князь Земавіт са сваім сынам Конрадам. Паводле «Вялікай кронікі», галіцка-валынскі князь Шварн адсек галаву Земавіту, але гэта выдумка. У каталозе кракаўскіх біскупаў ёсць паведамленне, што Земавіта забіў нехта з яго акружэння[58]. Такое ж спусташальнае нашэсце Міндоўгава войска перажыла і Прусія, дзе пры яго прыходзе паўсталі супраць Ордэна прусы. І, паверыўшы ў сваю моц, Міндоўг распачаў вайну з берасцейскім князем Васількам Раманавічам. Даніла Раманавіч Галіцкі прыслаў на дапамогу брату сваё войска. Адзін атрад ліцьвіноў прагналі за Ясельду, аднак галоўнае войска пад началам даводцы Жэкадбажада Мінавіча напала на ваколіцы Мельніца і, пабраўшы палон, павярнула да Літвы. Васілька са сваімі ваярамі дагнаў ліцьвіноў каля Невеля і дазвання разбіў іх, толькі адзінкам удалося выратавацца. Гэтая параза і разрыў Міндоўгам мірных адносінаў з Васількам былі толькі на руку Траняту. А Міндоўг робіць чарговую памылку, як пазней высветлілася – ракавую. Пасля таго як памерла ягоная жонка Марфа, ён захацеў, каб за ягонымі малалетнімі сынамі даглядала яе сястра – жонка нальшчанскага князя Даўмонта. Міндоўг запрасіў яе да сябе. «Се сестра твоя мертва, а поеди карить по своей сестре». А калі яна прыехала да караля, дык ён сілай узяў яе ў жонкі. «Сестра твоя, умираючи, велела ми тя пояти за ся: тако рекла ать иная детий не цвелить»[59].
        Становішча, у якім апынуўся Міндоўг, і сапраўды было нялёгкім. Ён ухітрыўся пасварыцца з усімі суседнімі дзяржавамі – і Ордэн, і Полацкае княства, і Галіцка-Валынскае княства, і Мазовія, і Наваградскае княства варагавалі з ім. У самой Літве супраць яго выступалі Транята і Даўмонт. На што мог спадзявацца Міндоўг? Нібыта ў адчаі ён робіць нечаканы для ўсіх крок. Пакінуўшы напрыканцы 1262 года Літву, Міндоўг адправіўся ў далёкі Рым шукаць заступніцтва папы. У Рыме ён зноў ахрысціўся паводле каталіцкага абрадка і выпрасіў у папы Урбана ІV дараванне за разрыў з хрысціянствам[60]. Толькі ў Літве ён сутыкнуўся з супрацьстаяннем Траняты, Даўмонта і паганцаў, незадаволеных ягоным вяртаннем у хрысціянства. Нічога лепшага не прыдумаў, як прыбегнуць да таго ж прыёму, які некалі выкарыстаў, каб расправіцца з Таўцівілам і Вікінтам, – паслаў Даўмонта і многіх варожых сабе князёў на Русь, пад Бранск у надзеі на іх паразу. Стары прыём і цяпер не прынёс жаданых вынікаў. І зараз Міндоўга перахітрылі. Даўмонт вярнуўся назад і нечакана ноччу напаў на дом соннага літоўскага ўладара, забіў яго разам з сынамі Рэпеньёй і Рукляй. Хаця ў рочніку Кракаўскага капітулу забойцам Міндоўга названы Транята[61]. Верагодна, што яны абодва ўдзельнічалі ў забойстве першага караля Літвы.
        Істотны факт падае Т.Нарбут, які паведамляе, што ў 1618 годзе ў Лівоніі каля мястэчка Аглона знайшлі мармуровую пліту з напалову сцертым надпісам, аднак можна было прачытаць «Mendocus Dux Lithuanas...», а таксама і дату 12 верасня 1263 год[62]. Нарбут лічыць, што гэтая пліта стаяла на месцы Міндоўгавай магілы. Аднак паводле падання Міндоўга пахавалі ў Наваградку і на месцы ягонай магілы наваградцы ў памяць аб сваім князі насыпалі высокі курган, які і дагэтуль называецца Міндоўгавым курганам. Праўдападобна, што гэта пліта стаяла на месцы забойства Міндоўга. Хаця калі ўлічыць паведамленні некаторых крыніц, дык паміж змоўшчыкамі і атрадам Міндоўга адбыўся бой, дзе кароль і загінуў[63], дык, пэўна, разам з ім загінулі і ягоныя паплечнікі і завесці ў Літву тулава свайго ўладара не было каму. А Транята не абцяжарваў сябе такім клопатам і пахаваў Міндоўга на месцы забойства. Пазней, мабыць, крыжакі паставілі на ягонай магіле помнік. Ва ўсёй гэтай гісторыі важны іншы момант, а менавіта чаму апынуўся Міндоўг так далёка ад Літвы – у Лівоніі. Сяло Аглоне, верагодна, знаходзілася на рацэ з назвай Еглоне – левым прытоку Заходняй Дзвіны. Упадае Еглоне ў Дзвіну непадалёк ад Герцыке[64]. Праўдападобна, што невыпадкова з’явіліся ў гэтых мясцінах Міндоўг, Транята і Даўмонт са сваімі войскамі. Мэта пахода на Лівонію становіцца зразумелай – адваяванне ў Ордэна былой полацкай цвержы Герцыке. Сама зацікаўленым у гэтым чалавекам быў Таўцівіл, як полацкі князь, ён і мог выступіць з прапановай аб’яднанага паходу на Герцыке. Ягоны брат Транята падтрымаў прапанову, а за ім і Даўмонт. А Міндоўг зноў трапіў у нялёгкае становішча – удзел яго ў вайне з Ордэнам пагражаў яму стратай заступніцтва папы, але і адмовіцца адкрыта ён не мог, бо ў гэтым выпадку зноў бы абвастрыліся адносіны з Таўцівілам і Транятам. Мабыць, Міндоўг вырашыў сарваць паход, каб і з Ордэнам не ваяваць і з жамойцкім і полацкім князямі не пасварыцца. У паходзе ён удзельнічаў, але калі войска падышло да Герцыке, нечакана пасылае яго на Бранск, добра ведаючы, што без яго ні Транята, ні Таўцівіл не наважацца на штурм Герцыке. Падставу можна было знайсці, напрыклад, перашкодзіць шлюбу сына Рамана Бранскага з дачкой Васількі Берасцейскага, які павінен быў адбыцца ў гэты час. З палітычнага і вайсковага пункту гледжання гэты паход быў бессэнсоўны: ні заваяваць, ні далучыць Бранск да Літвы Міндоўг не мог, бо Бранскае княства не межавала з дзяржавай. Але так, як Міндоўгу патрэбна было сарваць штурм Герцыке, ён даволі хітра выправадзіў сваё войска з Лівоніі за няблізкі свет. Як высветлілася, перахітрыў сам сябе.
        Справу бацькі прадоўжыў сын, наваградскі князь Войшалк. Менавіта ён з дапамогай пінскіх і наваградскіх палкоў і галіцка-валынскіх дружын аб’яднаў Навагародскую, Літоўскую, Нальшчанскую землі і Дзяволтву ў адзіную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.