РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вітаўт Чаропка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Імя ў летапісе
У пошуках мінулага
Ад аўтара
Рагвалодаў род. Рагвалод, Рагнеда
«Акаянны». Святаполк
Аднаўленне незалежнасці. Брачыслаў Ізяславіч
Вешчая душа. Усяслаў Брачыславіч
Няспраўджаныя надзеі. Глеб Менскі
У часы міжусобіц. Рагвалод-Васіль
За два стагоддзі да Грунвальда. Уладзімір Полацкі
Падманлівая веліч. Міндоўг
Наваградскі князь. Войшалк
З пакалення рускага. Трайдзень
Сны аб Радзіме. Даўмонт
Меч і слава. Давыд Гарадзенскі
СНЫ АБ РАДЗІМЕ. ДАЎМОНТ
СНЫ АБ РАДЗІМЕ
ДАЎМОНТ
        
        Князю снілася Бацькаўшчына. У снах ён вяртаўся да яе. Раніцай князь сумна паглядаў з вокнаў палат у бок ліцьвінскай мяжы, туды, дзе ляжала зямля бацькоў – Нальшчанская*. Зямля бурштынавых лясоў і крынічнай сінявы азёраў і рэк, старажытных міфаў і паданняў. Зямля, дзе свята верылі ў адухоўленасць нябёсаў, зямлі і водаў, дзе гарэў нязгасны агонь Зніча. Край, дзе князь нарадзіўся. Пад зорамі якога спазнаў ён каханне жанчыны. З крыніц якога наталяў смагу. Там засталося ягонае дзяцінства, там адгаралі дні ягонага юнацтва.
        * Нальшчанская зямля – паўночны захад Беларусі, раён Крэва, Гальшанаў, Ашмянаў.
        У мігаценні агменя бачылася князю палыханне Зніча. У завыванні зімовага ветру, вясновым шапаценні зялёных вяршалін, у тужлівым мармытанні восеньскіх дажджоў чуўся князю спеў нальшчанскіх пушчаў. І нават у шматгалоссі знаменных распеваў чулася песня роднага краю, яго хвалюючы кліч. І бачылася князю вечаровае сонца, што стомлена пакідала залітае рабінавай чырванню неба і кацілася за спічастую сцяну лесу. Апошнія промні бліскавіцамі зіхацелі на рачных хвалях. А на беразе бачылася адзінокая постаць хлопчыка, на пачцівай адлегласці – узброеныя слугі, што суправаджалі яго. Хто гэта? Гэта ён – Даўмонт. Яшчэ не дарос ён да сядла. Яшчэ далёка яму да баявых паходаў, і птах славы яшчэ не пралятаў над ім. Бацька ўпершыню ўзяў яго ў аб’езд па Нальшчанскай зямлі. Вось бацька падыходзіць да яго, кладзе на плячо руку. А за ракой зямля крывічоў. Памяць зберагла ў віхуры падзей і панесла праз не адно кола часу гэтую яву далёкага дзяцінства. Бацькаўшчына – яна сонцам, заходзячым за лес, рэчкай, на хвалях якой мігацелі сонечныя промні – апошняй мяжой перад Чужыншчынай, крыніцамі, у якіх спаталяў смагу, і бурштынавымі стваламі хваін – гэтымі вобразамі жыла ў ягоным сэрцы. І водар скошаных траў... І крыкі драчоў на лугах... І бацькоўская рука на плячы... Як гэта было даўно!
        Нікому князь не казаў пра свае сны.
        Даўно ў князя была другая Айчына – Пскоў. Даўно ён насіў другое імя – Цімафей. Даўно забыта бацькоўская вера.
        Каму-каму, а яму грэх наракаць на лёс. Не напаткала князя смерць, як многіх, з кім сутыкнуўся на шляхах зямных. Няма ўжо Міндоўга, Таўцівіла, Траняты, Войшалка. Не туляецца ён ізгоем пры дварах лівонскіх рыцараў, як той Суксе. Ужо якое дзесяцігоддзе ён улюбёнец і абраннік пскоўскі. Любяць яго пскавічы за храбрасць і ўмельства ў ратным баі, багалюбства і дабрачыннасць да люду хрысціянскага, спагаду да сірот і ўдавіц, за дух разумнасці святой, за дзеянні дзеля прыбытку і славы Пскова. І слаўнае імя ягонае вядома не толькі ў Пскове, але і ў іншых краях і землях. Шматмудрыя мніхі-летапісцы заносяць ягоныя дзеянні на старонкі летапісаў нашчадкам для павучання і памяці, параўноўваюць яго з вялікім Аляксандрам Неўскім – князем князёў, ваяводам ваявод. Грэх наракаць на лёс.
        Малады быў тады князь нальшчанскі Даўмонт, калі на Літве прагным звычаем брат пайшоў на брата. Дружалюбства і іншыя добрыя норавы забыў Міндоўг, зірнуць смерці ў вочы многіх ліцьвіноў прымусіў, правам і вольнасцям баярскім гвалт ад яго стаў. Улады, славы, пажытку, новых зямель Міндоўгу хацелася. Але болей, чым князю, хацелася гэтага ягоным воям і прыяцелям-наваградцам. Ім патрэбна была Літва, ужо даўно абжытая і заселеная крывічамі ды дрыгавічамі. Наваградак прагнуў уладарыць Літвою, і Міндоўг быў мячом, якім наваградскае баярства ваявала яе. Паклікалі яго ў Наваградак. Сказалі: «Прымі веру нашу – і будзеш князем». Прыняў Хрост. І стаў князем. А што ён, князь нальшчанскі? Ён укленчыў перад наваградскім князем. З Міндоўгам звязвала сваяцтва – іхнія жонкі былі сёстры. Часта гасцяваў у Міндоўгавым доме і не раз прымаў будучага ліцьвінскага караля ў сваім.
        Да Міндоўга тоіў ён нелюбоў. Неміласцівы на кроў, вуздою хцівасці абрытаны, хіжы і злахітры. Сэрца сваё да сяброў і паплечнікаў зачыніў і лічыў іх сваімі галдоўнікамі (тымі, хто плаціць дань). Ад боязі за карону і кволасці ўлады было гэта.
        І здзіўляла Міндоўгава любоў да жонкі Марфы. Была яна тым чалавекам, ля якога забываўся ён пра цяжар улады. Калі памерла яна, тугою і смуткам пакутаваў былы кароль. Ці не ейныя незабыўныя рысы ўбачыліся Міндоўгу ў твары Даўмонтавай жонкі, ці не голас Даўмонтавай жонкі нагадваў яму голас каханай? І гвалтам узяў за сябе чужую жонку.
        Стрываць, змірыцца з абразай, праглынуць крыўду? А дзе гонар? Можна дараваць учарашняму ворагу, які просіць у цябе літасці, зла не памятаць, пусціць у сваё жытло, пасадзіць побач за сталом, падняць кубак за любоў і яднанне, але як дараваць таму, каму служыў без хітрасці, а ўзнагародай табе – здзек? Аднак хто ён, Даўмонт, а хто – Міндоўг? Вялікая сіла ў Міндоўга – моцная ў бранях наваградская дружына. І малая – у яго, у Даўмонта. Не паспееш і меч падняць на вялікага князя, як сам без галавы ляжаш ля ягоных ног.
        А тут Транята. Той ведаў, што яму трэба ад іншых. Прагнуў жамойцкі князь улады, і таму, хто мог дапамагчы яму, гатовы быў дапамагчы і ён. Так яны змовіліся. І падышла ноч, калі іхнія воі акружылі Міндоўгаў дом. Без шуму, нібы прывіды, выраслі яны з начной цемры перад вартай і пасеклі яе. Сам Транята і Даўмонт кінуліся ў велікакняжацкія пакоі. Кароль спаў. Соннага яго ў ложку і забілі. І сыноў ягоных – Руклю і Рэпенью – забілі. Хіба дзеці прычынілі яму зло? Навошта было гэтае забойства? Каб ніхто не змог узяць меч помсты, каб ніхто не адпомсціў за Міндоўга.
        Было каму помсціць за Міндоўга – Войшалку. Ён з-пад Пінска прыйшоў на Літву, у Верхняе Панямонне. Наваградскія дружыннікі і баяры, пінчукі – сіла вялікая. Літасці нальшчанцы не чакалі. Уцёкамі выратаваўся Даўмонт. Тады не ведаў, што назаўсёды пакідае Бацькаўшчыну. Не мог князь прадбачыць, што рыхтуе яму лёс. Ды і думаць пра гэта не думаў. Смерць была побач – ратаваўся ад яе. І толькі вось цяпер, пасля столькіх гадоў, смуткам адзывалася ў душы памяць аб Бацькаўшчыне. А была магчымасць вярнуцца. Была. Загінуў Войшалк. У Наваградку сеў Войшалкаў швагер Шварн Раманавіч: можна было вяртацца. Не вярнуўся, застаўся ў Пскове.
        Пскоў – малодшы брат «господина Великого Новгорода». Малодшы прагнуў роўнасці са старэйшым. Малодшаму надакучыла несці цяжар залежнасці ад старэйшага. Малодшы марыў пра вольны дух вечавы. Ноўгарад, аслеплены велічнасцю, па-ранейшаму прызнаваў Пскоў сваім прыгарадам. І не болей. Па-ранейшаму ноўгарадскае веча вырашыла лёс пскавічоў. Толькі вось у бедах, калі імклівым набегам ваявала Пскоўшчыну Літва або прыпаўзаў да яе межаў жалезны цмок крыжацкай навалы, не спяшаў старэйшы брат дапамагчы малодшаму, і ўсё часцей пскавічы адбіваліся ад ворага сваімі сіламі. Пскоў шукаў выйсце і часта не лепшае знаходзіў. Мір з крыжакамі, які заключылі яны, не прынёс чаканага. Давялося пакласці за Ордэн многіх лепшых мужоў сваіх у бітве з жамойтамі пры Шаўлях у памятным 1236 годзе. А праз чатыры гады Ордэн, сабраўшыся сіламі, рушыў свае закутыя ў браню «свінні» на пскоўскую зямлю. Ізборск і Пскоў расплаціліся за лішнюю даверлівасць незалежнасцю. Праз два гады Аляксандар Неўскі разбіў крыжакоў і вызваліў Пскоў, але на гэтым вайна з імі не закончылася.
        Пскову патрэбны быў баявы князь, які адвагу і ўмельства яўляў бы ў рацях, які мог бы адстаяць інтарэсы пскоўскія перад Ноўгарадам, які разбіраўся б ва ўсіх хітраспляценнях адносін літоўска-рускіх, ноўгарадска-рускіх і ў супярэчнасцях іхніх шукаў выгаду для Пскова. Надзеі ўскладалі на Даўмонта. Пскавічы добра разлічылі. У ізгоя выбару мала, нават зусім няма – значыць, волі вечавой падначаліцца. Падтрымку ў іншых землях яму цяжка знайсці – значыць, стане даражыць месцам баявога князя. А вопыту баявога Даўмонт паднабраўся нямала. Чаму б не ўзяць яго? Узялі ж палачане Таўцівіла, і верай і праўдай служыў ім, атрымаўшы ад іх імя Добры.
        «И крещен был бысть у соборной церкви святой Троицы и наречено было имя ему в Святом крещении Тимофей», – пакіне летапісец паведамленне пра Даўмонтава хрышчэнне[1]. А пасля адразу выпрабаванне. Вядзі, княжа, дружыну ў паход. І павёў Даўмонт пскавічоў на сваю былую Бацькаўшчыну. Не гонару сабе шукаці ішлі пскавічы, не імя слаўнага, нават не здабытку. Хай пралье Даўмонт кроў былых суайчыннікаў, хай гора і слёзы прынясе Літве, каб не вабіла яго дарога назад. Разумеў гэта Даўмонт, а вёў патаемнымі сцежкамі ў Нальшчаны пскоўскую дружыну. Праз адрачэнне ад Радзімы мог ён застацца ў Пскове і адрокся. За ўсё прыходзіцца плаціць у гэтым свеце. За вячыстае шчасце на нябёсах – адрачэннем ад зямных радасцей. За каханне да жанчыны – неспакоем душэўным. За славу ваярскую – крывёй. І ён таксама плаціў...
        Браталюбна жыў раней з Гердзенем, полацкім князем, а цяпер – вораг яму. На ягоныя землі напаў і аб браталюбстве забыў, аб сваяцтве. Хацелі гэтага ад яго пскавічы – і ён падняў на Гердзеня меч, і не па-ваярску ў адкрытым баі, а, як таць, патаемна. Гвалту і рабавання не спыняў. Закон войнаў святы. Узятае зброяй у ворага – тваё. Нямала здабыткаў пскавічы захапілі, нямала палону павялі з сабою. Паланянкай стала і жонка Гердзеня з двума сынамі. Праўда, не ўзяў грэх на душу, не пакараў іх смерцю.
        Гердзень з дружынай у семсот ваяроў дагнаў яго за Дзвіной. І хаця толькі сотню вояў і меў Даўмонт, але бой прыняў. Уцякаць? Толькі пераможцам мог ён вярнуцца назад у горад. Абняславіць сябе баязлівасцю – пазбавіцца пасаду пскоўскага. «Браты, мужы, пскавічы, хто стары – той бацька мне, а хто малады – той брат; чуваць пра вашу мужнасць ва ўсіх краінах: дык вось жа, браты, нам выбіраць жывот і смерць: браты, мужы пскоўскія, падніміцеся за святую Тройцу і за святыя цэрквы, за сваю айчыну», – заклікаў ён пскавічоў за сабою ў бой[2]. Першым рушыў у сечу Даўмонт.
        І кожны раз, апускаючы цяжкі меч на галовы нальшчанцаў, ён нібыта зноў рассякаў тыя павязі, што яшчэ злучалі яго з Бацькаўшчынай.
        Той бой ён выйграў. У Літве яго імя клялі – у Пскове славілі. І ў Ноўгарадзе з пачцівасцю аднесліся да новага пскоўскага князя. Таму і не падтрымалі ноўгарадцы вялікага князя ўладзімірскага Яраслава, калі той з сваімі палкамі прыйшоў у Ноўгарад з прапановаю рушыць паходам на Пскоў, каб выгнаць Даўмонта.
        У наступным 1267 годзе Даўмонт зноў павёў на Літву пскавічоў, цяпер ужо разам з ноўгарадцамі. І зноў прынёс Бацькаўшчыне кроў і слёзы. Новай Радзіме служыў верай і праўдай. Хто ў дакор слова скажа? Усякае было: смяротная пагроза ад вялікага князя Яраслава, выгнанне з Пскрва і зноў вяртанне ў горад, сечы з крыжакамі, паходы ў Лівонію, адраджэнне спаленых пскоўскіх пасадаў, узвядзенне крамля.
        Перамогамі над крыжакамі праславіў імя сваё Даўмонт. У 1268 годзе ягоныя воі разам з ноўгарадцамі, князем Дзмітрыем Аляксандравічам і дружынамі Яраслава пасля жорсткай сечы ля Кергольма разбілі ордэнскае войска. У баі гэтым загадваў ён правым крылом, стрымліваючы націск жалезнай «свінні». Пасля перамогі агнём і мячом прайшоўся князь з пскавічамі па Эсцейскай зямлі да самага мора. Магістр Отан, помсцячы пскавічам, праз год прывёў пад сцены Пскова васемнаццаць тысяч ваяроў Хрыстовых. Тыя падзеі ўжо сталі легендай, дзе прыдуманае і праўдзівае пераплялося, як карані дрэў... Адзнаку пераможнага мяча атрымаў ад пскоўскага князя на твары сам магістр. І крыжакі адступілі. Як адступалі яны і пазней – у 1271 і 1272 гадах, – так і не перамогшы Даўмонта.
        На многія гады адбіў ён ахвоту ў крыжакоў хадзіць на Паўночную Русь, на многія гады дараваў Пскову мір. Цэлае пакаленне пскавічоў вырасла не пад звон мячоў, а пад спевы жнеяў і гучанне саборных званоў. Ягоным клопатам аперазаўся горад каменнай сцяной, сама моцнай на Русі. Імем прышлага князя называецца сцяна і цяпер – Даўмонтаў град. Пскоў рос, багацеў, набіраўся моцы перад новымі выпрабаваннямі. Славілі пскавічы свайго ўладара. Шчаслівы, зайздросны лёс.
        Усё часцей снілася князю Бацькаўшчына, на крылах памяці ляцеў ён туды. Там і сонца не такое, там і месяц не такі, там і зоркі не такія, там і дрэвы не такія, там усё да болю роднае, мілае, апетае моваю матчынаю, там усё сваё. Там засталося маленства, там ягонае юнацтва. Там спяць вечным сном яго бацькі. Апавядаюць, што легендарны Ўсяслаў Чарадзей у Кіеве звон сваёй Сафіі Полацкай чуў. І да яго, Даўмонта, людзі трызнілі аб страчанай Бацькаўшчыне. А можа, ад старасці гэта? Жыццё, як знічка, дагарае. І цягне азірнуцца назад. А там бачыцца постаць хлопчыка на рачным беразе, а побач – постаць ягонага бацькі. І сонца ўжо зайшло за лес. Напіцца б вады з тае ракі...
        Стары князь зноў возьме ў рукі пераможны меч і разаб’е крыжакоў, што з’явяцца пад Пскоў. «Бысть сеча зла яко николи яше тока не бывала у Пскове»[3]. Гэта адбудзецца ў сакавіку 1299 года. А праз месяц князь памрэ.
        «Гэты князь не адной храбрасцю быў паказаны ад Бога, але і богалюбцам паказаўся, у міры ветлівы і цэрквы ўпрыгожваў і папоў, і жабракоў любіў і ўсе святы чэсна праводзіў, і папоў і чэрнецоў карміў і міластыню даваў сіротам і ўдовіцам». «Быў тады жаль вялікі ў Пскове, мужам, жонкам і малым дзецям, па добрым уладары прававерным князю Цімафеі»[4].
        Так запісалі летапісцы.
        І не хлусілі яны. Дзіўныя справы твае, пане Божа! Змірыла свой гонар пыха ў сэрцы чалавека, прасветленага тваёй верай. Узвышаны нізкі і нягодны тваёй любоўю да святога прызначэння – служыць людзям. Іншая тайна жыцця, іншы сэнс жыцця раскрыліся перад дзікуном і рабаўніком. І гэтая тайна абараніла ад бед, і гэты сэнс усцярог ягоную душу ад вечнай няволі цемры і зла. Той, хто спазнаў любоў да Бога, той спазнаў і гэтую тайну, і гэты сэнс. Іх існасць не выкажаш словам – гэта адчуеш душой. І хай нам, нашчадкам ліцьвіноў, хай нашай легендарнай Літве-маці руплівым заступнікам будзе і святы Цімафей. У коле нябёсных заступнікаў нашай Айчыны і ён бярэ на сябе нашы грахі і нашу паняверку, і ён, нябесны віцязь, абараняе бацькоўскую зямлю ад цяжкіх выпрабаванняў. Хай малітва святога Цімафея падтрымае нас: «Пане Божа, дай нам сіл, мы людзі твае, авечкі пожні тваёй, імя тваё заклікаем, зміласціся над лагоднымі людзьмі сваімі, і змірэнных узвысі, і ганарлівых высокія думкі спакладзі, хай не апусцее пожня авечак тваіх».
        ...У адзін з летніх дзён 1299 года літоўска-пскоўскую мяжу пераехаў атрад вершнікаў. Суправаджалі яны Даўмонтавага сына – князя Давыда. Сын выканаў перадсмяротную волю бацькі – вярнуўся на зямлю сваіх продкаў. Што чакала яго на ёй? Але гэта ўжо новы аповяд пра славутага ваяводу ліцьвінскіх дружын Давыда Гарадзенскага.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.