РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вітаўт Чаропка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Імя ў летапісе
У пошуках мінулага
Ад аўтара
Рагвалодаў род. Рагвалод, Рагнеда
«Акаянны». Святаполк
Аднаўленне незалежнасці. Брачыслаў Ізяславіч
Вешчая душа. Усяслаў Брачыславіч
Няспраўджаныя надзеі. Глеб Менскі
У часы міжусобіц. Рагвалод-Васіль
За два стагоддзі да Грунвальда. Уладзімір Полацкі
Падманлівая веліч. Міндоўг
Наваградскі князь. Войшалк
З пакалення рускага. Трайдзень
Сны аб Радзіме. Даўмонт
Меч і слава. Давыд Гарадзенскі
НЯСПРАЎДЖАНЫЯ НАДЗЕІ. ГЛЕБ МЕНСКІ
НЯСПРАЎДЖАНЫЯ НАДЗЕІ
ГЛЕБ МЕНСКІ
        
        Пасля смерці Ўсяслава ў Полацку сеў яго старэйшы сын Барыс-Рагвалод. Але не ён, вялікі князь полацкі, вёў рэй палітычнага жыцця на Полаччыне ў першай чвэрці ХІІ стагоддзя, а менскі князь Глеб. Дзейны і ваяўнічы, гэты сын Усяслава мог прысвяціць сябе барацьбе за полацкі пасад і, трэба думаць, дамогся б свайго. Мог, аднак сваю дзейнасць падначаліў інтарэсам Полацкага княства. З усіх братоў ён адзіны паслядоўна працягваў справу бацькі. Мэты, якія Глеб ставіў перад сабою, былі яму не пад сілу, і жыццё ягонае закончылася не ў славе, не ў велічы здзейсненага, а на чужыне, ў няволі. Азіраючыся на пражытае, горка было яму ўсведамляць, што так і не спраўдзіліся надзеі.
        Амаль немагчыма без полацкага летапісу дэталёва крок за крокам прасачыць жыццёвы шлях Глеба. Дзякуй, Божа, і за тыя весткі, што дайшлі да нас пра менскага князя. А там, дзе постаць Глеба знікае ў невядомасці, нам застаецца спасылацца на здагадкі, версіі.
        Вось першая здагадка. Можа, гэта ён, Глеб, разам з бацькам сваім Усяславам Брачыславічам і другім сваім братам быў кінуты Ізяславам Кіеўскім у поруб і амаль год пакутаваў там. І што відавочна, дык тое, што маладосць Глеба не прайшла ў раскошы і забавах. Удзел у баявых паходах бацькі, вымушанае блуканне па чужыне ўдалечыні ад Радзімы, вайна з Кіевам выпалі на яго юнацкія гады. Але пры Ўсяслававым жыцці Глеб, як і астатнія яго браты, не мог праявіць сябе самастойным палітычным дзеячам: Усяслаў да самай смерці трымаў уладу ў Полацкім княстве ў сваіх руках. Быць можа, гэта і ўсцерагло яго сыноў ад памылак, якія звычайна робяцца ў маладосці. Перажылі яны з гадамі і сверб славалюбства, і зайздрасць адзін да аднаго. Пасталеўшы, набраўшыся мудрасці, зразумелі, што яны – будучыя гаспадары сваёй Бацькаўшчыны, а яе інтарэсы куды вышэйшыя за асабістыя амбіцыі і крыўды. Відаць, стары Ўсяслаў не раз прасіў і заклікаў сыноў не падымаць меч адзін на аднаго, памятаць, што іх нязгодай скарыстаюцца ворагі Полацкай зямлі. Вялікі быў аўтарытэт Усяслава, і не асмеліліся сыны парушыць яго запавет: быць разам, быць заадно.
        Гісторык, зазірнуўшы ў летапісы і кронікі, можа прывесці не адзін прыклад, як пасля смерці таго ці іншага валадара яго сыны мячамі пачыналі дзяліць спадчыну. Адно з красамоўных таму пацверджанняў – смерць Уладзіміра Чырвонага Сонейка. Адразу ж пачалася вайна паміж яго сынамі, пралілася братняя кроў... Пэўна, ох як чакалі ў Кіеве, што пачнуць Усяславічы ўздымацць меч адзін на аднаго. Не абышлося і без гэтага.
        У Менску сядзеў Давыд, ён праводзіў сепаратную палітыку на саюз з Кіевам. Больш за тое, у 1103 годзе Давыд хадзіў разам з паўднёварускімі князямі ў паход на полаўцаў. Гэтыя актыўныя стасункі менскага князя з варожым Полацку Кіевам выклікалі зразумелую трывогу ў Барыса. Не трэба быць вельмі разумным, каб здагадацца, што Кіеў сее зерне варожасці паміж Усяславічамі і спадзяецца прыбраць да рук Менск. І ў 1104 годзе Барыс ідзе з войскам на Менск і выганяе адтуль Давыда. На яго месца сеў Глеб. Дзейны, адданы Полаччыне, рашучы Глеб, на думку Барыса, якраз і падыходзіў на ролю князя ў Менску – важнейшым эканамічным і стратэгічным цэнтры Полацкай зямлі.
        Выгнаны Давыд знайшоў прытулак у Ноўгарадзе-Северскім, дзе князяваў Алег Святаславіч. У Кіеве з’явілася магчымасць пад выглядам дапамогі Давыду напасці на Полацкае княства. Каб не надаваць паходу характар адкрытай вайны, ні вялікі князь Святаполк, ні неўтаймонны Ўладзімір Манамах не бралі ў ім удзелу, але войскі свае Давыду далі. Падтрымаў князя-ізгоя і Алег Святаславіч. Так што ў добра арганізаванай вайсковай акцыі супраць Полаччыны ўдзельнічалі, як звычайна, усе вайсковыя сілы Кіеўскай Русі. Гэтае вялікае войска падышло да Менска.
        У памяці менчукоў былі яшчэ свежыя ўспаміны пра расправы паўднёварускіх князёў з іх родным горадам, калі ад яго засталіся адны галавешкі, а жыхароў вывелі ў няволю. Гэты жах спусташэння і палону мог паўтарыцца. Мог, але не паўтарыўся. Менчукі, мабыць, з удзячнасцю згадвалі Ўсяслава Чарадзея. У апошнія гады жыцця вялікі князь полацкі, замірыўшыся з Кіевам і Ноўгарадам, заняўся будаўніцтвам. Менск адрадзіўся з попелу. Вакол горада выраслі высокія крапасныя сцены. Паспрабуй цяпер узяць Менск! Глеб Усяславіч падняў менчукоў на абарону роднага горада. Дзесяць месяцаў прастаяла каля Менска рускае войска і так нічога і не дабілася. Ну, а Давыд яшчэ нейкі час памыкаўся пры двары Алега Святаславіча і таксама нічога не дамогся. Няўдача пад Менскам астудзіла заваёўніцкі імпэт паўднёварускіх князёў. Хочаш не хочаш, а давялося Давыду вяртацца дадому і мірыцца з Усяславічамі. Барыс не стаў караць брата. Яго вяртанне было дарэчы. Полацак рыхтаваўся да буйнога паходу на Земігалію, і варта было захоўваць адзінства і згоду паміж Усяславічамі.
        Смерць Усяслава скарысталі некаторыя падуладныя Полацку землі. Так, яшчэ ў 1102 годзе пачалі барацьбу за свабоду яцвягі, што жылі ў Верхнім Панямонні. І Барыс вымушаны быў ісці на іх паходам.
        Мы вельмі мала ведаем пра яцвягаў. Гэты мужны і свабодалюбівы народ у старажытнасці да прыходу славянаў жыў на левым беразе Нёмана і Прыпяці. Чатыры стагоддзі, не выпускаючы зброі з рук, яцвягі змагаліся за сваю свабоду супраць польскіх, кіеўскіх і вось цяпер полацкіх войскаў. Паміж смерцю на полі сечы і ганебнымі ўцёкамі яны выбіралі смерць і стаялі да апошняга ўдару сэрца. Помсцячы за напады на свае землі, рабілі набегі на Русь і Польшчу. Не лёгкай прагулкай па даніну з’явіўся для палачан паход 1102 года, але, відаць, ён быў удачлівы, і Полацак зноў аднавіў уладу над яцвягамі. У гэтым паходзе ўдзельнічаў і Глеб.
        Вяртаючыся ў Полацак, Барыс заснаваў на Бярэзіне горад Барысаў – паводле «Кронікі Літоўскай і Жамойцкай», «знак вечной границы умоцнити межи Литвою и князством Полотцким»*[1]. Беларускі гісторык М.Ермаловіч лічыць, што мяжа гістарычнай Літвы з Полацкім княствам праходзіла па Бярэзіне Нёманскай, а не па Дняпроўскай, але можна дапусціць, што валоданні Літвы даходзілі і да Бярэзіны Дняпроўскай. Таму яшчэ ў ХVІ стагоддзі Масква прызнавала мяжу Полаччыны з Літоўскай зямлёю па Бярэзіне[2]. Яшчэ адно падуладнае Полацку племя адмовілася плаціць даніну – земігалы. У 1106 годзе вялікае полацкае войска, у якім былі і менчукі пад зверхнасцю Глеба, выступіла ў паход. Відаць, палачане на караблях спусціліся ўніз па Дзвіне ў Лівонію, а адтуль пайшлі на Земігалію. Земігалы выкарысталі звычайную тактыку ўсіх балцкіх плямёнаў – завабліванне ворага ў глухі, непраходны гушчар, дзе яго чакала засада. Нечаканы напад з усіх бакоў, не даць ворагу ачуняць, перашыхавацца – і перамога! Палачане трапілі ў такую засаду. Параза была катастрафічнай. Паводле адных крыніц, у бітве загінула дзевяць тысяч полацкіх вояў, паводле другіх – дзевяцьсот. Немалыя страты панесла і Глебава дружына.
        * Цытаты з беларускіх летапісаў падаюцца на мове арыгінала.
        Параза ў Земігаліі ў пэўнай ступені адцягнула ажыццяўленне Глебам сваіх шыроказадуманых планаў. Амаль дзесяць гадоў Глеб не пераходзіў да актыўных дзеяў, збіраў сілы. Аб чым жа марыў менскі князь? А замахнуўся ён на многае – малое яго не задавальняла. Цягнула Глеба Падняпроўе. Авалодай сярэднім цячэннем Дняпра, авалодай шляхам «з варагаў у грэкі» – і ты багацейшы на Полаччыне і Русі князь. Колькі золата асядае ў тваёй скарбніцы, золата, якое бярэ з купцоў Смаленск і багацее штогод. А там марылася Глебу завалодаць Наваградскай зямлёй і Верхнім Панямоннем – трымаць у сваіх руках гандлёвы шлях па Нёмане, выхад у Варажскае мора. Калі б здзейсніў свае намеры Глеб, Менск на вачах багацеў бы і мацнеў. А праз колькі гадоў Можна было б адваяваць у Кіева дрыгавіцкія землі, аднавіць былое адзінства крывіцка-дрыгавіцкіх земляў, раз’яднаных пры Аскольдзе і Дзіры, аб’яднаных зноў Рагвалодам і наноў раз’яднаных Уладзімірам Святаславічам.
        Такія былі задумы менскага князя Глеба. І можна было спадзявацца іх ажыццявіць. Глеба падтрымліваў вялікі князь полацкі Рагвалод-Барыс, а праз сваю жонку быў ён у сваяцтве з яе бацькам Яраполкам Ізяславічам, князем уладзіміра-валынскім, луцкім і тураўскім. Не бедную меў Глеб і скарбніцу, калі ахвяраваў Кіеўскаму Пячэрскаму манастыру шасцісот грыўнаў срэбра і пяцьдзесят грыўнаў золата[3]. Сваю сілу Глеб ведаў, а сіла надавала яму надзею на поспех задуманага. Ужо да 1116 года ён, умацаваўшыся ў Друцку, захапіў у Смаленскага княства Воршу і Копысь. Асабліва важным для Глеба было авалоданне Копыссю, дзе знаходзіўся перавоз цераз Дняпро, мытні і корчмы, што прыносілі вялікія прыбыткі.
        А ў 1116 годзе Глеб «паваеваў Другавічы», захапіў Слуцак і спаліў яго, жыхароў узяў у палон[4]. Гэта быў удар па ўладзе Кіева на дрыгавіцкіх землях. Кіеўскі князь Уладзімір Манамах, каб выйграць час для падрыхтоўкі да вайны з Глебам і з мэтай запалохаць яго, прыслаў у Менск паслоў. Глеб і слухаць не захацеў аб скарэнні Кіеву, пасмяяўся ў адказ з паслоў і паабяцаў захапіць кіеўскія ўладанні. Значыць, адчуваў Глеб сваю сілу, не страшны быў яму вялікі кіеўскі князь, таму і кідаў Манамаху выклік. Аднак той не асмеліўся сам пайсці на Менск. Як раней супраць Усяслава, ён сабраў супраць Глеба кааліцыю паўднёварускіх князёў, далучыў да іх і смаленскага князя, свайго сына Вячаслава. Зноў уся Паўднёвая Русь паднялася на Полаччыну. Вячаслаў Смаленскі ў купе са сваім братам пераяслаўскім князем Яраполкам і чарнігаўскім князем Давыдам Святаславічам напалі на Друцак, разрабавалі яго, а ўсіх жыхароў узялі ў палон і пасялілі ў спецыяльна пабудавым горадзе Жэлні.
        Цяпер сам Манамах пайшоў на Менск. 28 студзеня 1117 года кіеўскія войскі апынуліся каля менскіх сценаў. Манамах на свае вочы мог убачыць, што ў Менску час дарэмна не гублялі. Уражвалі дзесяціметровыя, пакрытыя лёдам валы, на якіх высіліся моцныя сцены. Адзіны ўваход у горад абаранялі дзве высокія, па 12 метраў угору, вежы. Было відавочна, што прыступам Менск не ўзяць. Два месяцы стаяў Манамах перад горадам. Прыбліжалася вясна, таянне снягоў, а гэта адразала дарогі ад Кіева. Не хапала харчоў. Але ніяк не хацелася прызнавацца ў сваёй няўдачы і вяртацца ні з чым. Каб з гонарам выйсці з непрыемнага становішча, Манамах распачаў перамовы з Глебам.
        На вачах князёў-саюзнікаў Манамах пагрозліва пужае карамі Глебавых паслоў, патрабуе перадаць менскаму князю прапанову скарыцца. Хітрыў Манамах. Патаемна адразу ж пасля прыёму паслоў пасылае ў Менск сваіх давераных людзей, каб яны падвучылі Глеба пайсці да яго і прасіць заступніцтва. Відаць, за гэта Манамах абяцаў Глебу адмовіцца ад аблогі Менска. З тым паслы і прыбылі ў Менск. Глеб прыняў прапанову Манамаха, бо чакаць дапамогі з Полацка не выходзіла. Манамах прадугледзеў такую магчымасць, таму і заставаліся на ўсходніх межах Полаччыны смаленска-пераяслаўска-чарнігаўскія войскі.
        Наступным днём Глеб разам з жонкаю, дзецьмі і набліжонымі прыйшоў да Манамаха і «прыніжана» прасіў аб літасці. Уладзімір узяў ад менскага князя абяцанне не парушаць у далейшым міру і адпусціў яго.
        Аднак Сафановіч у сваёй «Кроніцы» падае іншыя звесткі – Глеб заваяваў Смаленск[5]. Менавіта ў гэтым горадзе і абараняўся Глеб ад раці кіеўскага князя. І толькі тады, калі Манамах пачаў «ставіць ізбу» – будаваць абложную вежу, Глеб запрасіў «пакоі». Уладзімір «зжаліўшыся крывіпраліцця» абяцаў Глебу «пакой» і выпусціў менскую дружыну з Смаленску. Падзеі даволі верагодныя. Вярнуць Смаленск да Полацкага княства намагаўся Ўсяслаў Вешчая Душа, а за ім паспрабаваў і Глеб. Заваяваць Смаленск яму ўдалося, а вось утрымаць – не ўтрымаў. Гэтае паведамленне не магло быць не дакладнасцю летапісца, бо Сафановіч, які карыстаўся кіеўскімі летапісамі, двойчы нагадаў, што Ўладзімір «Глеба вывеў з Смаленска» і адзначыў: «даў яму Менск»[6]. Дарэчы, і ў «Аповесці мінулых гадоў» сказана пра паход Манамаха супраць Глеба «к Смоленьску»[7].
        Што ж, першая спроба ажыццявіць свае задумы не ўдалася. Але застаўся ён жывы-здаровы, горад не спалены, дружына на полі бітвы не пасечана, менскія землі не спустошаны. І што, адмаўляцца ад мары? Сядзець да скону гадоў у Менску, як мыш у нары? Ну, не!..
        Цяпер Глеб вырашыў дзейнічаць у саюзе з Полацкам. Менскі князь папрасіў дапамогі ў палачанаў і атрымаў яе. І ў 1117 годзе (паводле іншых крыніц, у 1119 годзе) Глеб з полацка-менскім войскам праз Літву ўрываецца ў Наваградскую зямлю і, трэба думаць, заваяваў яе. Вярнуўшыся з гэтага паходу, менскі князь пачынае барацьбу за Падняпроўе, жадаючы вярнуць Воршу і Копысь.
        У кнізе «Воспоминания о древнем православии Западной Руси», напісанай у сярэдзіне ХІХ стагоддзя на падставе архіваў Тураўскай і Менскай епархій ігуменам Антоніем і адразу ж пасля яе выдання забароненай Сінодам, знаходзім цікавыя звесткі пра «нечестивого» князя Глеба. Паводле гэтых звестак, Глеб рабіў рабаўніцкія паходы на дрыгавіцкія землі, браў гарады Мазыр, Петрыкаў, Тураў і Давыд-Гарадок, выводзіў адтуль жыхароў, якіх у Друі прадаваў немцам[8]. Тое самае сцвярджае Нарбут. Менскі князь часта нападаў на Літву Завілейскую, дзе ўладарыў князь Жывінбуд, даходзіў да ракі Дзітвы і захопліваў нявольнікаў, якіх таксама прадаваў, але ўжо ў Друцку. Пасля ж таго, як Жывінбуд напаў на Менск і спаліў яго, Глеб стаў хадзіць за лупам (вайсковай здабычай) і палоннымі на Палессе. Спаленыя вёскі, разрабаваныя гарады пакідаў пасля сябе. Кіеўскі мітрапаліт пракляў менскага князя[9]. І хаця летапісы маўчаць пра падобныя паходы Глеба, але адмаўляць гэты факт нельга. Гандаль нявольнікамі быў важнай крыніцай прыбытку ў тыя часы, і Глеб мог займацца такім ганебным промыслам.
        Захоп Слуцка перапоўніў чашу цярпення Манамаха. У адказ Кіеў перайшоў да актыўных дзеяў супраць Глеба. Вялікае войска ў 1119 годзе рушыла на Менск. Глеб вярнуўся ў сваю вотчыну ў спадзяванні і на гэты раз адсядзецца за магутнымі крапаснымі сценамі. Але Ўладзімір Манамах штурмам авалодаў горадам.
        Кіеўскі князь ужо не верыў Глебу, не разлічваў на яго паслушэнства. Найлепшае вырашэнне «праблемы Глеба» – кінуць менчука ў поруб і згнаіць яго там. Ды памятаў Уладзімір выпадак з Усяславам, калі таго паўстаўшыя кіяне вызвалілі з няволі і абвясцілі сваім вялікім князем. Магло такое здарыцца і цяпер. Толькі тры гады назад бунтавалі кіяне. Лепш, каб Глеба не было ў жывых. Так спакайней, так надзейней. А пры больш спрыяльных умовах можна і Менск далучыць да кіеўскіх уладанняў. Няма чаго дзівіцца, што хутка пасля прыезду ў Кіеў Глеб памёр (13 верасня 1119 года). Так і засталіся не здзейсненымі мары князя Глеба Ўсяславіча.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.