РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вітаўт Чаропка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Імя ў летапісе
У пошуках мінулага
Ад аўтара
Рагвалодаў род. Рагвалод, Рагнеда
«Акаянны». Святаполк
Аднаўленне незалежнасці. Брачыслаў Ізяславіч
Вешчая душа. Усяслаў Брачыславіч
Няспраўджаныя надзеі. Глеб Менскі
У часы міжусобіц. Рагвалод-Васіль
За два стагоддзі да Грунвальда. Уладзімір Полацкі
Падманлівая веліч. Міндоўг
Наваградскі князь. Войшалк
З пакалення рускага. Трайдзень
Сны аб Радзіме. Даўмонт
Меч і слава. Давыд Гарадзенскі
МЕЧ І СЛАВА. ДАВЫД ГАРАДЗЕНСКІ
МЕЧ І СЛАВА
ДАВЫД ГАРАДЗЕНСКІ
        
        Вялікі князь літоўскі Віцень прымаў Давыда, сына былога нальшчанскага і пскоўскага князя Даўмонта. У яго дзёрзкім поглядзе адчуваў Віцень смеласць і ганарыстасць. Што прывяло Давыда на Літву? Віцень хацеў верыць, што малады князь, выконваючы наказ свайго бацькі, вярнуўся ў яго Айчыну, каб служыць ёй. Хацеў верыць і сумняваўся. А што, калі ён задумаў вярнуць вотчыну? Абжывецца, агледзіцца, а пасля пакліча пскавічоў і разам з імі пачне адваёўваць Нальшчаны. Не ўдасца – уцячэ да крыжакоў.
        Для асцярогі ў Віценя меліся сур’ёзныя падставы. Каторы ўжо год ваюе Літву князь Полюш. Таксама імкнецца вярнуць страчаныя бацькоўскія землі. Як воўк, па патаемных сцежках вядзе за сабою крыжацкія зграі ў глыб Вялікага Княства. Колькі сёлаў папаліў, колькі крыві праліў. Чатыры гады таму, у 1296 годзе, разам з тэўтонамі напаў на Нальшчанскую зямлю, дзе сваяк яго гуляў вяселле сваёй дачкі. Семсот гасцей – знатных князёў, баяраў, вояў – забіў, а маладых, жанчын і дзяцей вывеў у палон. І гэта толькі адзін Полюш. А калі вось і гэты ганарысты юнак возьме меч у рукі і стане ваяваць Вялікае Княства? Нутраныя ворагі небяспечнейшыя за знешніх. Хіба лёс Міндоўга таму не прыклад? Учарашнія паплечнікі нанеслі першаму каралю Літвы здрадніцкі ўдар. Аднак пры ўсёй асцярожнасці нельга адмовіць Давыду, не ўзяць яго на службу: праз Давыда можна нарэшце памірыцца з Псковам, знайсці саюзніка ў барацьбе з крыжакамі, гандляваць з пскавічамі.
        ...Іншы раз, калі думаеш аб лёсе той ці іншай гістарычнай асобы, задаеш пытанне: ці мог бы ён стаць тым, кім стаў для гісторыі, калі б жыў у іншым часе, ці змог бы праявіць сябе ў іншых абставінах? Ці быў бы Давыд тым славутым ваяводам і як склаўся б яго лёс, калі б застаўся ён у Пскове? Можна гадаць, можна ўяўляць. Мог быць ён любімым пскавічамі, а маглі яны выправадзіць яго з горада, як гэта здаралася не з адным князем, і туляўся б ён ізгоем па чужых дварах. Толькі прадчуваў малады князь, што ў Літве чакае яго слава, прызнанне, каханне, што там, на бацькавай радзіме, ён патрэбнейшы, чым у Пскове, і рашыўся – ад’ехаў з горада, у якім нарадзіўся.
        Не адразу Віцень паслаў Давыда кашталянам у Горадню, трымаў каля сябе і ўвачавідкі пераканаўся і ў вернасці свайго васала, і ў яго рыцарстве, адвазе, ваяводскім таленце. У паходах не шукаў сабе Давыд бяспечнага месца, пераносіў, як і воі, усе нястачы і цяжкасці, у бітвах не хаваўся за чужыя спіны, змагаўся з ворагам у першых шэрагах. Малады, дзейсны і адважны князь спадабаўся Віценю, таму і даверыў ён Давыду абарону Горадні.
        Назначэнне Давыда адбылося якраз напярэдадні аднаўлення вайсковых дзеяў паміж Тэўтонскім ордэнам і Вялікім Княствам Літоўскім. Сам Ордэн быў заснаваны нямецкімі рыцарамі ў 1197 годзе ў Палесціне. Але, так і не дамогшыся перамогі над арабамі, тэўтоны перанеслі сваю дзейнасць у Эўропу. Пад добразычлівай апекай папы рымскага Ганорыя ІІІ Ордэн набыў землі ў Германіі, Італіі. Атрымаўшы запрашэнне вугорскага караля Андрэя ІІ, атабарыўся ў Сяміграддзе, паабяцаўшы ахоўваць усходнія межы краіны ад ваяўнічых полаўцаў. Не вайна з полаўцамі вабіла тэўтонаў, а новыя землі. Кароль своечасова разгледзеў сапраўднае аблічча «хрыстовых вояў» і сілай выгнаў іх з Вугоршчыны. Але і цяпер Ордэн не застаўся без справы. Мазавецкі князь Конрад звярнуўся да яго па дапамогу ў вайне супраць прусаў. Тэўтоны перабраліся ў Прусію, і з падтрымкай і блаславеннем папскай курыі прыняліся заваёўваць прускія землі. Нічым не адрозніваліся яны ад лівонскіх рыцараў, агнём і мячом скаралі прусаў. Пасля паразы тэўтонаў, што нанёс галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч, пасля бітвы пры Сауле (сучасны Шаўляй у Летуве) у 1237 годзе, калі жамойцка-куршскія войскі разбілі войска лівонскіх крыжакоў, Тэўтонскі і Лівонскі ордэны аб’ядналіся.
        Ні перамогі над ордэнскімі войскамі, ні гераізм прускіх вояў не змаглі стрымаць крыжацкі наступ на Прусію. Уся Заходняя Эўропа падтрымлівала Ордэн. Здрадніцкі ўдар у спіну нанёс прусам Міндоўг сваім мірам з крыжакамі. У 1283 годзе Прусія была скорана. Рэшткі прусаў знайшлі прытулак у Літве, астатніх асімілявалі немцы. Ордэнскія ўладанні раскінуліся ад Ніжняй Віслы да Нёмана, ад паўночнай мяжы Мазовіі да Балтыйскага мора.
        Для ўтрымання заваявальных земляў Ордэн будаваў гарады і крэпасці, запрашаў туды каланістаў з Германіі. Асаблівая ўвага надавалася войску. У ім пры абозе і на караблях служылі нямецкія сяляне, у лёгкай кавалерыі – прусы, у цяжкай кавалерыі – рыцары са сваімі васаламі. Апроч таго, Ордэн звяртаўся па дапамогу да шматлікіх паломнікаў, якія прыязджалі ў Прусію. А каб прыцягнуць іх да сябе, не сквапіўся на куплю святынь царквы, мошчаў святых, якім пакланяліся вернікі.
        Уважліва сачылі ў Ордэне за развіццём вайсковай справы ў Эўропе. Усё навейшае ўзбраенне выкарыстоўвалі ў сябе. Так, у 1324 годзе ў Эўропе з’явілася гармата, а ўжо праз чатыры гады Ордэн валодаў паходнымі, абложнымі і марскімі гарматамі. Навейшае ўзбраенне, матэрыяльная падтрымка Германіі, строгая дысцыпліна, вайсковая вывучка рабілі ордэнскае войска адным з лепшых. У паходах своечасова вызначаўся парадак руху харугваў, праводзілася віжаванне маршруту. Войска ахоўвалася авангардам і ар’ергардам. Без дазволу старэйшага ніхто не мог выйсці з шэрагу або зняць даспехі.
        Вось такі вораг стаяў каля мяжы Вялікага Княства Літоўскага. Ужо ў наступным годзе пасля скарэння Прусіі крыжакі перайшлі яе і свой першы ўдар нанеслі па Горадні. Дзякуючы дапамозе князя Скомунда, выхадца з Прусіі, які патаемна правёў тэўтонаў да горада, яны захапілі і спалілі яго. Разумеючы важнае стратэгічнае значэнне Горадні, Віцень зноў аднавіў паселішча, умацаваў замак. Узімку 1296 года камандор Ордэна Зігфрыд Рэйберг спрабаваў штурмам авалодаць замкам, але яго войска было адбіта. Увесну таго ж года ўмацаванне штурмавалі крыжакі з камандорам Генрыхам Зугівертам на чале, і зноў без поспеху.
        Сюды, у Горадню, і адправіўся Давыд.
        Непрыступным быў гарадзенскі замак. На крутой трыццацімятровай гары ўзвышаліся па-над Нёманам яго сцены. Аб высокую каменную вежу-данжон («столп камен») не раз разбіваліся штурмавыя хвалі варожых рацей. Але не толькі на непрыступнасць сценаў і вежаў спадзяваўся Давыд. Ён дзейсна ўзяўся за стварэнне баявой дружыны, з якой можна і бараніць замак, і хадзіць у далёкія паходы. І такую дружыну Давыд стварыў. А крыжакоў доўга чакаць не давялося. Зімою 1305 года брандэнбургскі комтур Конрад Ліхтэнхатэн з ордэнскім войскам асадзіў замак. Пад кіраўніцтвам Давыда гарадзенцы два дні змагаліся супраць крыжакоў, пакуль на дапамогу не падаспела Віценева дружына.
        Праз год крыжакі паўтарылі паход на Горадню. На гэты раз кёнігсбергскі комтур Эбехард фон Вірненбург прывёў з сабою 100 рыцараў і 6 тысяч вояў. Крыжакі ўварваліся ў горад, захапілі падзамча, разбурылі і спалілі гарадскі пасад. Але, калі рынуліся на штурм замка, іх сустрэў град стрэлаў, дроцікаў, камянёў. У разгар бою Давыд вывеў дружыну з брамы і адкінуў крыжакоў ад сцен. Да самых поцемкаў кіпеў бой. Той жа ноччу крыжакі адступілі за Нёман.
        У 1311 годзе ваколіцы Горадні спустошыў атрад Ота фон Бертана. Праз некалькі месяцаў славуты Генрых фон Процкі, былы ордэнскі магістр, а зараз вялікі маршал, што ў адной з бітваў у Прусіі разбіў чатырохтысячны атрад Віценя, сабраў вялікае войска. Нейкі гарадзенскі баярын, якога калісьці маршал вызваліў з палону, абяцаў яму дапамагчы авалодаць горадам. Да гарадзенцаў прыйшоў Віцень з дружынай, і, калі крыжакі з’явіліся пад сценамі Гарадзенскага замка, іх чакалі стройныя шэрагі ліцьвінскага войска. Вялікі маршал так і не прыняў бой, паспешліва адступіў ад горада.
        Першыя перамогі Давыда над крыжакамі развеялі ўсе сумненні Віценя адносна мэтаў сына Даўмонта: не, не дзеля ўлады, не дзеля барацьбы за бацькоўскую воласць прыехаў ён у Вялікае Княства, а служыць яму. З гэтага часу вялікі князь у вайсковых і дзяржаўных справах аддаваў перавагу Давыду і перад сваімі братамі, і перад прыбліжанымі.
        Менавіта князю Давыду Віцень даручыў у 1314 годзе абарону Наваградка. Ордэн вырашыў нанесці ўдар у самае сэрца Вялікага Княства. У верасні дзве арміі пад кіраўніцтвам таго ж Генрыха фон Процкі выправіліся ў паход на Літву, на яе сталіцу Наваградак. Войска рухалася двума шляхамі: конніца – па дарозе ўздоўж Нёмана, а астатнія воі плылі на караблях па рацэ. Пасля кожнага пераходу крыжакі рабілі склады з правіянтам і выстаўлялі каля іх шматлікую ахову. Усе сёлы, што сустракаліся на шляху, рабаваліся і спальваліся. Так тэўтоны дабраліся да Наваградка. Захапіўшы гарадскія прадмесці, яны спрабавалі штурмаваць замак. Сустрэўшы адчайнае супраціўленне наваградцаў, крыжакі адступілі. Яны ўзялі замак у аблогу і разбілі каля яго баявы стан. Назаўтра штурм аднавіўся. Рыцарам у цяжкіх даспехах нязручна было падымацца на высокую замкавую гару, таму яны пакінулі баявое аблачэнне ў лагеры. Наваградцы мужна абараняліся ад ворага, кідалі на галовы штурмуючых камяні і бярвенні, стралялі з лукаў.
        А з Горадні на дапамогу са сваёй дружынай выступіў Давыд. Дзейнічаў ён не сілаю, а хітрасцю і смеласцю. Гарадзенцы напалі на крыжацкія склады з правіянтам, перабілі варту і забралі ўсе прыпасы. Пасля Давыд нечакана з’явіўся каля стаянкі ордэнскага флоту на Нёмане, захапіў і спаліў караблі. Патаемнымі сцежкамі дружына зайшла крыжакам у тыл, потым імклівай атакай уварвалася ў крыжацкі стан, перабіла 30 чалавек аховы, авалодала даспехамі, абозам, павяла з сабою 1500 коней. Гэты напад Давыда на крыжацкі лагер быў настолькі дзёрзкім і нечаканым, што напужаныя тэўтоны, чакаючы новага ўдару ліцьвіноў, спынілі штурм і ў баявым парадку адступілі ад Наваградка. Варта ім было дайсці да Нёмана, дзе павінен быў знаходзіцца флот, і ўбачыць, што караблі спаленыя, як роспач і замятня расстроілі ордэнскія шэрагі. Войска страціла ўсялякую дысцыпліну. Рыцары, не слухаючы комтураў і камандораў, пакідалі зброю, параненых таварышаў і кінуліся наўцёкі. Не здолеўшы здабыць сабе ежы, тэўтоны харчаваліся карэннямі і травамі, сілы пакідалі іх. І ўвесь час іх непакоілі атрады ліцьвінскіх вояў, што нападалі з засадаў. Амаль усё крыжацкае войска загінула ад голаду, знясілення і ад зброі пагрозлівых мсціўцаў з Горадні. Толькі адзінкі праз шэсць тыдняў вярнуліся дадому. Бясслаўная гібель крыжацкага войска аслабіла моц Ордэна. З шаленствам, схаваўшыся за непрыступныя сцены Марыенбурга, рыцары пазіралі, як ліцьвінскія дружыны спусташалі Прусію. Арганізаваць ім адпор не хапала сілаў. Чатыры гады не асмельваліся тэўтоны нападаць на Вялікае Княства.
        У 1315 годзе, вяртаючыся з паходу ў Прусію, загінуў Віцень. На велікакняжацкі пасад сеў Віценеў сын Гедзімін. Можна было чакаць, што пры новым вярхоўным уладары Вялікага Княства зменяцца адносіны да фаварыта ягонага бацькі. Але не, Гедзімін таксама вылучаў гарадзенскага кашталяна сярод усіх сваіх дзяржаўных мужоў. Ён жа аддаў за Давыда сваю дачку Біруту. Выпадак выключны, калі нагадаць, што Гедзімін праз шлюб сваіх дачок парадніўся з уладарамі Ўсходняй Эўропы: маскоўскім, цвярскім, галіцка-валынскім, мазавецкім князямі, а таксама з польскім каралём. Значыць, высока цаніў вялікі князь Давыда Гарадзенскага, даражыў яго дружбай.
        І не дарэмна давяраў Гедзімін свайму зяцю: любую адказную вайсковую акцыю Давыд выконваў бліскуча, з той падманлівай лёгкасцю і ўдачлівасцю, за якой хаваецца штодзённая цяжкая праца з дружынай, рэдкая вайсковая адоранасць і доблесць, пагарда да небяспекі і смерці. Калі ў 1319 годзе крыжакі рыхтаваліся да паходу на Жамойць, Гедзімін паслаў на Прусію Давыда Гарадзенскага. З васьмістамі вершнікаў ліцьвінскі ваявода дасягнуў прускай правінцыі Вегендорф, непрыкметна апынуўся ў ордэнскіх уладаннях і, як снег на галаву, з’явіўся ў самай глыбіні Прусіі. Крыжакі ад нечаканасці так і не здолелі абараніцца. Разрабаваўшы Вегендорф, Давыд без перашкод вывеў сваю дружыну з Прусіі.
        Пасля гэтага паходу па ўсёй Аўкштоце, Літве і Наваградчыне разнеслася слава аб адважным ваяводзе з Горадні. Дасягнула яна і Пскова. Згадалі пскавічы сына свайго ўлюбёнца – князя Даўмонта, згадалі перад нялёгкімі выпрабаваннямі, калі лівонскія і дацкія рыцары збіралі раці для паходу на Пскоў, і запрасілі ў 1322 годзе Давыда да сябе. Паводле лівонскіх дакументаў, крыжакі, устрывожаныя запрашэннем у Пскоў Давыда, заключылі ў студзені 1323 года хаўрус з Ноўгарадам і, каб вымусіць пскавічоў адмовіцца ад свайго рашэння, захапілі Гдоў, перабілі на Чудскім возеры пскоўскіх купцоў. У гэты час у Пскове знаходзіўся маскоўскі князь Юрый Данілавіч, брат Івана Каліты, і пскавічы звярнуліся да яго, просячы адпомсціць крыжакам. Маскоўскі князь, не жадаючы звязвацца з Ордэнам, палахліва пакінуў горад і ад’ехаў у Ноўгарад. Тады пскавічы адправілі пасла ў Горадню – да Давыда, і ён паспяшаў на іхні кліч. Далучыўшы да гарадзенскай дружыны пскоўскіх вояў, Давыд пайшоў у Эстонію.
        Попел пакідалі пасля сябе Давыдавы воі. Быў узяты штурмам Рэвель (сучасны Талін). Рыцарскі краніст Петр Дузбург пісаў, што Давыд забіў «многіх святароў, парафіяльных і манастырскіх. Святыні царквы, святыя ўборы і посуд бажніцы, і ўсё, што адносілася да набажэнства, ён бесчалавечна ганьбіў і раскрадаў»[1]. Не верыцца, што сам Давыд асабіста забіваў манахаў, рабаваў цэрквы. Безумоўна, аўтар кронікі жадаў ачарніць гарадзенскага ваяводу, прыпісаць яму антыхрысціянскія ўчынкі. Але і тое, што расправа з крыжакамі была жорсткаю, праўда. У многіх вояў з гарадзенскай і пскоўскай дружын загінулі ад крыжацкіх мячоў сваякі і блізкія, і воі забыліся аб літасці. А многія, як звычайна, імкнуліся абагаціцца ў паходзе.
        З вялікім войскам лівонскія рыцары пагналіся ўслед за Давыдам і 13 красавіка падышлі да Пскова. Трое сутак прабылі яны каля Даўмонтава града. Увесь гэты час Давыд знаходзіўся на крапасных сценах. Напад крыжакоў быў адбіты, і яны без славы пайшлі прэч. А Давыда пад вітальныя крыкі пскавічы праводзілі дадому.
        З тужлівым сэрцам пакідаў ён Пскоў. Многа роднага і памятнага засталося ў гэтым горадзе. Калі яшчэ прыедзе сюды? Аднак лёс зноў прывёў Давыда ў горад юнацтва ўжо праз месяц.
        Пасля ад’езду з Пскова ліцьвінскага ваяводы лівонцы асмялелі і ў маі на ладдзях і конях рушылі да горада. Кіраваў рыцарамі намеснік лівонскага правінцыйнага магістра Кецельгод. Васемнаццаць дзён працягвалася аблога. Крыжакі абстрэльвалі горад з каменямётаў, разбуралі сцены сценабітнымі машынамі. Пры першым жа прыступе ворага загінуў пскоўскі пасаднік Сяліла Алексініч, пскавічы засталіся без правадыра. Адзінае выратаванне ў гэтым становішчы – дапамога Ноўгарада. Некалькі вестуноў «з многою печялию и тугою» паслалі пскавічы да князя Юрыя Данілавіча. Ён і зараз спалохаўся, «не помогоша».
        А на дапамогу Пскову «приспе князь Давыд из Литвы с людьми своими»[2]. Дзень і ноч, не шкадуючы ні сябе, ні коней, імчаліся гарадзенцы. Кароткі адпачынак – і зноў у дарогу. У гэты час з Ізборска выступіў князь Астафій і ўдарыў па крыжаках. Давыд паспеў у самы разгар бітвы і адкінуў ордэнцаў за раку Вялікую. Усе асадныя машыны і каменямёты дасталіся пераможцам. Крыжакі ўцяклі ў Лівонію.
        Сяброўства з Давыдам Гарадзенскім шукае Рыга. У пасланні рады горада Гедзіміну ад 1323 года чытаем: «Пасля даведаліся мы, быццам пан Давыд стаў цяпер князем пскоўскім. А паколькі вы з ім вельмі блізкія сябры, дык мы настойліва просім вашу міласць не адмовіць зрабіць так, каб з вашага ўплывовага пасрэдніцтва ён стаў сябрам нашага горада і заступнікам нашых суайчыннікаў, таму што яны не аднойчы праязджаюць праз яго землі»[3].
        Не здолеўшы перамагчы ліцьвінскага ваяводу ў адкрытым баі, Ордэн вырашыў расправіцца з ім хітрасцю. У раннюю вясну 1324 года атрад з 600 крыжакоў патаемна прабраўся ў гарадзенскія ваколіцы і напаў на родавае памесце Давыда. Усіх, хто там жыў, напаткала смерць. Пад мячамі крыжакоў, відаць, загінула і жонка Давыда, Бірута. Сам ён у гэты час знаходзіўся ў Горадні, а калі з дружынай паспяшыў дадому, крыжакі паспелі ўцячы за мяжу. Толькі попел убачыў Давыд на месцы свайго дома.
        Жорсткай і крывавай, інакш не назавеш, была помста Давыда Гарадзенскага. У тым жа годзе ён з гарадзенцамі напаў на саюзніка тэўтонаў – Мазовію. Гарадзенская дружына ўзяла штурмам горад Пулуцк, авалодала 130 сёламі, разбурыла 30 касцёлаў, вывела ў няволю 2 тысячы палонных. Адначасова Гедзімін спустошыў Добрынскую зямлю. Па Польшчы быў нанесены сакрушальны ўдар. Польскі кароль Уладзіслаў Лакетак адправіў да Гедзіміна пасольства з прапановай заключыць хаўрус супраць крыжакоў. Вялікі князь прыняў гэтую прапанову і, каб умацаваць саюз, выдаў сваю дачку Альдону (у хрышчэнні – Ганну) за сына Ўладзіслава – Казіміра і вярнуў з палону 20 тысяч палякаў. Мірны саюз з Вялікім Княствам заключыла і Мазовія. І гэтую дамову Гедзімін змацаваў шлюбам сваёй дачкі Марыі з мазавецкім князем Трайдзенем.
        Упершыню супраць Ордэна выступілі Вялікае Княства Літоўскае і Польшча. Давыд Гарадзенскі з 1200 ліцьвінскімі ваярамі і польскім атрадам уварваўся ў Брандэнбургскую мархію. Саюзнае войска дайшло да Франкфурта-на-Одэры, захапіўшы 6 тысяч палонных. На зваротным шляху падкуплены крыжакамі мазавецкі рыцар Анджэй Гост, скарыстаўшы даверлівасць Давыда, прыйшоў да яго ў шацёр і па-здрадніцку забіў ваяводу. Па даўняй славянскай традыцыі ліцьвінскія ваяры на шчытах прынеслі цела свайго правадыра ў Горадню. Пахавалі Давыда на беразе Нёмана, каля Каложскай царквы. І назаўсёды застаўся Давыд на зямлі сваіх продкаў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.