|
|
У ЧАСЫ МІЖУСОБІЦ. РАГВАЛОД-ВАСІЛЬ
|
|
|
 | У ЧАСЫ МІЖУСОБІЦ РАГВАЛОД-ВАСІЛЬ |  | Вялікая Скуфь – так называлі Русь візантыйцы. «Шматковая імперыя Рурыкавічаў» – паводле К.Маркса і Ф.Энгельса. Замешаная на крыві, сабраная мячом, яна і сотні гадоў не пражыла ў адзінстве і міры. Ад былой велічы толькі засталіся аповяды ў летапісах. І дарэмна будуць намагацца кіеўскія князі хоць неяк уратаваць сваю дзяржаву. Сам Кіеў, пакорліва схіліўшыся перад Андрэем Багалюбскім, стане толькі сталіцай невялікага Кіеўскага княства. Перыяд феадальнай раз’яднанасці не абмінуў і Полацкую зямлю. І тут брат пайшоў на брата. Але ў адрозненне ад міжусобных войнаў, якія адбываліся ў Кіеўскай Русі, дзе асобныя землі дамагаліся самастойнасці, на Полаччыне барацьба адбывалася за палітычнае пяршынства паміж Полацкам і Менскам. Напал гэтай барацьбы прыпадае на 1158-1167 гады, калі ў Полацку сядзеў князь Рагвалод-Васіль – старэйшы сын вялікага князя Рагвалода-Барыса. Не назавеш яго выдатным палітычным дзеячам або ваяводам. Увесь ягоны шлях – няўдача за няўдачай. Гэта ў рэшце рэшт і абумовіла лёс Рагвалода як полацкага валадара. У 1119 годзе Полаччына страціла Менскае княства, а разам з ім – Сярэдняе Падняпроўе з Воршай і Копыссю і Верхняе Панямонне, якое было заселена балцкімі плямёнамі і якое паступова каланізавалі дрыгавічы і крывічы. Цяпер у Кіеве маглі спадзявацца на паслухмянасць Полацка. Але пралічыліся. Ізяславічы былі настроены ваяўніча і не мірыліся са стратай полацкіх земляў. Устрывожаны іх настроем Уладзімір Манамах у 1121 годзе склікаў у Смаленску сваіх сыноў, каб паразумецца супраць крыўскіх князёў. Запрасіў у Смаленск Манамах і Ізяславічаў. Мабыць, пужаў іх вайной, калі яны не перастануць быць у «нязгодзе» з Руссю. І на час Ізяславічы затоіліся. Аднак, калі ў траўні 1125 года памёр Уладзімір Манамах, крыўскія князі вырашылі скарыстацца спрыяльным для іх момантам. Паводле звестак В.Тацішчава, полацкія князі пачалі нападаць і спусташаць землі, што належалі Русі[1]. Вось тады разгневаны вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч вырашыў скарыць Полацкае княства. У паход на Крывію ён сабраў дружыны Ноўгарадскага, Уладзіміра-Валынскага, Чарнігаўскага, Курскага, Тураўскага, Клецкага, Гарадзельскага княстваў, а таксама атрады торкаў. Князі ўзгаднілі план сумесных дзеяў, паводле якога яны адначасова павінны былі выступіць на Полацкае княства з чатырох бакоў і ўзяць у аблогу Ізяслаўль, Лагожаск, Барысаў і Друцак. На 4 жніўня 1127 года намячаўся штурм гэтых гарадоў, тым самым Мсціслаў не даваў палачанам магчымасці змагацца з праціўнікам паасобку. Аднак і на гэты раз Русь не дамаглася жаданай перамогі над Крывіяй. Няўдача напаткала курскага князя Ізяслава Мсціславіча, які не змог узяць Лагожска. Тады ён паспяшыў да Ізяслаўля, куды ўжо падышлі дружыны ўладзіміра-валынскага князя Андрэя, тураўскага князя Вячаслава (братоў Мсціслава), гарадзельскага князя Ўсевалада і клецкага князя Вячаслава. Ізяслаўскі князь Брачыслаў, які быў жанаты на Мсціслававай дачцэ, выехаў з горада на сустрэчу са сваім цесцем, жадаючы пакорлівасцю заслужыць ягоную міласць. Па дарозе Брачыслаў трапіў у рукі да Ізяслава Курскага. Нядоўга бараніліся ізяслаўцы, паверыўшы абяцанню ворага, што іх горад не будзе «ўзяты на шчыт», яны здаліся. Як толькі адчынілі браму Ізяслаўля, рускія ваяры забыліся пра сваё слова і ўварваліся ў горад. Цэлую ноч рабавалі Ізяслаўль пераможцы. Нават маёмасць Мсціслававай дачкі ўдалося адстояць толькі з праліццём крыві. Невядома, як адбываліся падзеі каля Барысава і Друцка, але, калі пра гэта маўчаць летапісы, дык можна дапусціць, што рускіх напаткала там няўдача. Надзея палачан адбіць ворага прапала, калі на Полацак выступіў ноўгарадскі князь Усевалад Мсціславіч. У гэты цяжкі час полацкае веча выдаліла з Полацка князя Давыда, а на яго месца выбрала Рагвалода-Барыса. Ён, пэўна, прызнаў над сабой уладу Мсціслава. Рускія князі не сталі рызыкаваць працягваць вайну з Крывіяй і задаволіліся дасягнутым. Толькі і Рагвалод-Барыс аказаўся непаслухмяным волі вялікага кіеўскага князя. Калі ў 1128 годзе Мсціслаў Уладзіміравіч, збіраючыся на полаўцаў, паслаў загад крыўскім князям удзельнічаць у паходзе, дык яны здзекліва адказалі ўладару Русі: «Ты з Бонякам Шэлудзюком будзьце здаровымі і ўпраўляйцеся самыя, а мы маем што рабіць дома»[2]. Палачане зноў паказвалі свой свабодалюбівы дух. І Мсціслаў не дараваў ім гэтага. Тым больш, полацкія дружыны пачалі нападаць на кіеўскія землі, пэўна, жадаючы вярнуць Менск. Адразу ж пасля паходу на полаўцаў Мсціслаў у 1129 годзе паслаў войска на Полацак. Становішча палачан ускладнілася нечаканай смерцю Рагвалода-Барыса. Полацкае веча, каб уратаваць дзяржаву ад спусташэння, выдала Кіеву князёў Расціслава, Святаслава, Рагвалода-Васіля, Івана, Давыда. Мсціслаў саслаў іх у Візантыю. Кіеўскі князь не пасмеў расправіцца з Ізяславічамі – за імі стаяла Візантыя. У сваёй антыкіеўскай палітыцы Полацкае княства знаходзіла саюзнікаў у Царградзе, у асобе візантыйскіх імператараў. Невыпадкова, што адзін з іх парадніўся з полацкім княжацкім домам, узяўшы адтуль жонку*. * Цётка Ефрасінні Полацкай была замужам за сынам імператара Мануіла – Аляксеем. У Полацку сеў кіеўскі намеснік. Але і цяпер палачане не склалі зброі. У суседняй Літве ацалелыя ад высылкі Ізяславічы збіралі войска. І Мсціслаў у 1130 годзе здзейсніў паход у Літву да Ізяслаўля, спаліў нямала сёлаў, вывеў шматлікі палон, але галоўнай мэты не дасягнуў: полацка-літоўскае войска не было разбіта. І таму ў 1131 годзе ён з кіянамі і чарнігаўцамі зноў пайшоў на Літву. Палачане і ліцьвіны напалі на войска кіеўскага князя і нанеслі яму цяжкую паразу. Пасля Мсціслававай смерці (1132), калі Русь канчаткова развалілася на асобныя княствы, Кіеву было ўжо не да Полацка, самому б уцалець у той віхуры міжусобнай барацьбы, што пачалася паміж Рурыкавічамі. Палачане тут жа выгналі з Полацка кіеўскага стаўленіка князя Святаслава: «пазбаўляешся нас» і ўзвялі на полацкі пасад свайго князя Васільку Ўсяславіча. А ў канцы 30-х – пачатку 40-х гадоў менскія землі перайшлі да сыноў Глеба. У Менску сеў князь Расціслаў Глебавіч. У 1140 годзе з Візантыі вярнуліся князі Іван і Рагвалод – пасля дванаццацігадовай разлукі з Радзімай яны зноў убачылі яе. Пастарэлыя, праславіўшыя свае імёны ў войнах з сарацынамі, пазнаўшыя не адну бяду і расчараванне. О Радзіма, колькі разоў там, на чужыне, ляцелі птушкай думкі да цябе, колькі разоў ажывала ў памяці твая мілая, непаўторная прыгажосць. Вось гэтыя хваёвыя бары, дзе так лёгка дыхаецца водарам лясным, вось гэтыя дубровы з паганскімі капішчамі, вось гэтыя палеткі, дзе каля самай дарогі сярод жыта квітнеюць валошкі і рамонкі, зялёныя выганы, адкуль чуваць няхітрыя спевы пастуховай жалейкі. Хвалі роднай Дзвіны. Усё з дзяцінства знаёмае і дарагое сэрцу. І як стала трывожна на сэрцы, калі ўбачылі купалы Сафіі. Полацак! Вось і вярнуліся да цябе. Не быў князь Рагвалод-Васіль улюбёнцам лёсу. Яму выпала доля няўдачніка, нявольніка, ізгоя. Гэта пра яго сказана: адна бяда не ходзіць... Хаця хіба толькі Рагвалода тое тычыцца? Увесь Ізяславаў род выпіў з гэтай чашы нямала, а колькі яшчэ наканавана горычы! Не для мяккіх пуховых ложкаў, не для хмельных баляванняў, не для пустых забаў і пацех, не для асабістай выгоды жылі полацкія князі. Меч узнялі яны супраць Яраславічаў, супраць Кіева. Ганарлівыя варагі служылі Кіеву, лацінскія каралі за гонар лічылі парадніцца з Яраславічамі, ваяўнічыя куманы палохаліся іх. Магутная Візантыя з Кіевам на ліслівым «Вы», а вось яны, Ізяславічы, на «Ты». Паднялі меч за веліч і славу роднай зямлі, за яе свабоду і незалежнасць. Кроў Рагвалода на іх сцягах. Нялёгкая барацьба з Кіевам, ды лёс, як і Радзіму, не выбіраюць. Значыць, несці ім крыж на сваю Галгофу, а шлях на Галгофу – шлях у вечнасць. Не дажываць свой век на Радзіме, а служыць ёй вярнуўся Рагвалод. Напачатку ўсё складвалася ў яго даволі добра, прынамсі ён аб такім не марыў. Палачане з радасцю сустрэлі яго. Праз тры гады выбралі сваім князем. У той жа час другая, не меншая прыемнасць – жаніцьба з дачкой Ізяслава Мсціславіча. Сам кіеўскі князь Усевалад Ольгавіч з усёй сваёй сям’ёй і баярамі прысутнічалі на вяселлі. Пашану яму выказалі. Здавалася, цяпер толькі і жыві, уладар, служы Бацькаўшчыне, Полацку. Восем гадоў княжыў Рагвалод. Ніякіх звестак пра яго гаспадаранне ў нас няма. Толькі ў «Кроніцы Літоўскай і Жамойцкай» туманна паведамляецца: «Той Василий псковян долгою войною примусил до голду и поступленя некоторых волостей, которые были от князства Полоцкого оторвали, а, гды в покою потым пановал много лет». Нельга адмаўляць падобны канфлікт паміж Полацкам і Псковам. Цалкам верагодна, што Пскоў мог скарыстацца аслабленнем Полацкага княства і захапіць некаторыя полацкія воласці. І вось Рагвалоду-Васілю давялося зброяй вяртаць страчанае. Не выключана, што складальнік «Кронікі...» карыстаўся летапісамі, якія не дайшлі да нас, і там знайшоў паведамленне пра «долгую войну» паміж Полацкам і Псковам. Можна думаць, сярод асноўных клопатаў полацкага князя найважнейшым было далучэнне да Полацка земляў Менскага княства. Але як гэта зрабіць? На Меншчыне ўмацаваліся Глебавічы, якія яго ўлады не прызнавалі і марылі самі завалодаць Полацкам. Пачынаць вайну з Менскам? Але ці прынясе яна жаданы вынік? Нерашучасць Рагвалода не задавальняла полацкае баярства. І тады яны вырашылі запрасіць у Полацак менскага князя Расціслава Глебавіча, які пад сваёй уладай аб’яднаў бы Полацкую і Менскую землі. Каб унікнуць сутычкі з Мсціславічамі, да якіх мог звярнуцца Рагвалод, палачане папрасілі ў ноўгарад-северскага князя Святаслава Ольгавіча апекі над імі, тым самым заручыліся падтрымкай моцнай кааліцыі паўднёварускіх князёў. Самога ж Рагвалода яны звязенілі і «держаша в велице нужи». Гэтая перасцярога не была залішняй: Рагвалод-Васіль, апынуўшыся на волі, мог паклікаць на дапамогу зацікаўленых у міжусобнай калатнечы на Полаччыне суседзяў, пайсці вайной на Полацак. Да Расціслава Глебавіча прыбылі паслы з прапановай стаць полацкім князем. І Расціслаў не адмовіўся: полацкі пасад для Ізяславічаў меў значэнне велікакняжацкага. У 1151 годзе Расціслаў сеў у Полацку, а Рагвалода саслаў у Менск. Восем доўгіх гадоў знаходзіўся былы вялікі князь у няволі. Пэўна, не пакідала яго крыўда на палачанаў. Ён аказаўся цацкай у руках полацкага веча, баяраў, якія там верхаводзілі. І не няволя яго прыгнятала, а няўдзячнасць суайчыннікаў. Верай і праўдай служыў ім, а падзяка якая! Ну, не спадабаўся ён ім, не спраўдзіў іх надзей, дык мовілі б яму: «Пазбаўляешся нас», – і развіталіся б у любові, адпусцілі б яго на ўсе чатыры бакі. Дык не ж!.. За сваю службу ізгоем быць ён не заслужыў. Як злодзея і душаемца, кінулі ў цвержу, пахлебнічалі перад Расціславам. Горкі прыклад Рагвалода, ды і іншых князёў, якіх свавольнае веча выгнала з Полацка, вымусіла Расціслава Глебавіча імкнуцца да ўмацавання сваёй улады. Жорсткі, рашучы, не паслухмяны вечавой волі, Расціслаў не ўсім падабаўся ў Полацку. Многія палачане марылі вярнуць назад «ціхмянага» Рагвалода. Рагвалодавыя прыхільнікі звяртаюцца да магутнага Юрыя Даўгарукага. Той, даведаўшыся пра нялёгкі лёс былога полацкага князя, патрабуе ад Расціслава адпусціць яго. Так Рагвалод атрымаў волю. Адразу ж пасля вызвалення ён адпраўляецца да Святаслава Ольгавіча, у якога і знаходзіць падтрымку. Святаслаў дае Рагвалоду «полк», з якім той і пайшоў на Полаччыну. А ў Полацку ўсё болей незадаволеных Расціславам. У 1158 годзе полацкая дружына, якую вёў Расцілаў, удзельнічала ў паходзе на Тураў. На гэты паход спатрэбіліся немалыя выдаткі ад палачанаў, і яны спадзяваліся акупіць іх вайсковай здабычай. Расціслаў з дружынай спазніўся пад горад, усе навакольныя вёскі ўжо былі разрабаваныя саюзнікамі, і полацкім воям ні з чым давялося вяртацца назад. Гэта таксама магло выклікаць незадавальненне палачанаў сваім князем. Тым часам Рагвалод-Васіль прыбыў у Слуцак. Адсюль ён пасылае сваіх людзей у Друцак. Дручане з радасцю запрашаюць Рагвалода да сябе, бо, мабыць, яны стаміліся ад Расціслававай улады (князем у Друцку быў сын Расціслава – Глеб). Такі ўдалы пачатак абнадзеіў Рагвалода. Ён выступае да Друцка. Дручане паўсталі супраць Глеба Расціславіча, выгналі яго з горада, разрабавалі двор і з пашанай і ўрачыстасцю разам з палачанамі – прыхільнікамі Рагвалода, якія прыбылі ў Друцак, – сустрэлі былога свайго ўладара. З’яўленне Рагвалода ў Друцку падштурхнула да дзеянняў і палачанаў. Яго прыхільнікі ў Полацку выступілі супраць Расціслава. Толькі дарамі і ўдалося Расціславу ўціхамірыць незадаволеных ім месцічаў, прывесці іх да прысягі. Не губляючы часу, ён аб’ядноўваецца з братамі. Што-што, а тлумачыць Глебавічам, які іх чакае лёс, калі ў Полацку сядзе Рагвалод, не трэба: яны разумеюць, што застануцца без удзелаў, як і Глеб Расціславіч. Наступныя падзеі падштурхнулі князя да рашучых дзеяў. У Полацку ўспыхнуў мяцеж. Мяцежнікі патрабавалі вяртання на полацкі пасад Рагвалода. Дарамі многімі Расціслаў супакоіў сваіх непрыяцеляў і вадзіў іх да крыжа – узяў клятву на вернасць. Хутчэй трэба было расправіцца з Рагвалодам. На Друцак рушыла вялікае войска, сабранае з усяго княства. Рагвалод замкнуўся ў Друцку. Дручане падтрымалі яго. «Бъяхутся крепко», – сказана ў летапісе аб тых баях[3]. Абодва бакі неслі вялікія страты. Працяглая аблога пагражала Расціславу паразаю. А ў Полацку гэтага яму не даравалі б. І Расціслаў ідзе на мір з Рагвалодам, прызнаўшы яго друцкім князем. Няўдача пад Друцкам дала Рагвалодавым прыхільнікам зачэпку для таго, каб узбунтаваць палачан супраць Расціслава. Яны шлюць спачатку патаемных паслоў да Рагвалода: «Княже нашь! Согрешили есмь к Богу и к тобе, оже въстахом на тя без вины, и жизнь твою всю разазграбихом и твоея дружины, а самого емше выдахом тя Глебовичем на великую муку: да аще ныне помнеши всего того, и же створихом своим безумием, и хрест к нам целуеши, то мы людие твое, а ты еси нашь князь; а Ростислава ти емше вдамы в руче, а ежь хощеши, то створиши ему»*[4]. Рагвалод пакляўся на крыжы, што даруе палачанам учыненае яму зло. * Даследнікі лічаць, што гэта ўрывак з Полацкага летапісу. На Пятроў дзень было вырашана звязеніць Расціслава. Палачане запрасілі князя з яго рэзідэнцыі ў Бельчыцах удзельнічаць разам з імі ў свяце. Расціслаў разважліва апрануў пад адзежу даспехі і прыехаў у горад. Але тады змоўшчыкі не адважыліся напасці на яго. Наступным днём яны зноў паклікалі яго з Бельчыцаў: «Княже! Поеди к нам, суть ны с тобою речи; поеди же к нам в город». Расціслаў здзівіўся: «А вчера есмь у вас вчера был; а чему есте не молвили ко мне, а что вы было речи?»[5]. Аднак усё ж згадзіўся прыехаць. Каля Сафіі тым часам сабралася веча, якое і вырашыла пазбавіць Расціслава пасаду. Найболей гарачыя галовы ўжо раззбройвалі княжацкіх дружыннікаў. Аб гэтым Расціслаў і даведаўся ад аднаго са сваіх слуг. Той уцёк з горада і папярэдзіў князя: «Не езди, княже, вече ти в городе, а дружину ти избивають, а тебе хотять яти»[6]. Для Расціслава ўсё стала ясна: Полацак падняўся супраць яго і полацкім князем яму не быць. Ён вяртаецца ў Бельчыцы і, забраўшы дружыну, уцякае да брата Валадара ў Менск. Па дарозе, помсцячы за сваю паразу, рабуе і паліць Полацкія воласці. Рагвалод па запрашэнню палачанаў прыйшоў у Полацак і сеў «на столе деда своего и отца своего с честью великою»[7]. Але з выгнаннем Расціслава парушалася адзінства Полацкай зямлі: зноў яна падзялілася на Полацкае і Менскае княствы. Рагвалоду неабходна было аб’яднаць іх. Мірным шляхам зрабіць гэтага ён не мог. Расціслаў не дараваў Полацку свайго выгнання. Разам з братам Валадарам нападаў ён на полацкія ўладанні. Рагвалод звярнуўся па дапамогу да дзядзькі сваёй жонкі, Расціслава Мсціславіча, які прыслаў яму смаленскую дружыну. Да палачанаў і смаленцаў далучыліся ноўгарадцы і пскавічы. За гэта Рагвалод павінен быў удзельшчаць у паходзе на Ўшчызну. Першы ўдар Рагвалод вырашыў нанесці па Ізяслаўлі і тым самым адрэзаць Менск ад саюзнай з ім Літвы (тут, у Літве, набіралі дружыны менскія князі). Заслаўскі князь Усевалад, спадзяючыся на былыя сяброўскія адносіны з Рагвалодам, выйшаў з горада на сустрэчу з ім. Сяброўства сяброўствам, а палітыка палітыкай – Рагвалод забірае ў былога сябра Ізяслаўль, а яго самога высылае ў Стрэжаў. У горадзе ён садзіць сваіх намеснікаў: князеў Брачыслава і Валодшу. На гэтым і закончыліся поспехі Рагвалода. Дзесяць дзён яго войска прастаяла пад Менскам – так і не рашыўся ён на штурм. Вялікія страты маглі выклікаць незадаволенасць полацкага веча. Давялося Рагвалоду заключыць мір з Расціславам. Але калі Расціслаў памірыўся з Полацкам, дык ягоны брат Валадар «не целова хреста, темь оже ходяше под Литвою в лесех...»[8], збіраў там войскі. Так што вайна не закончылася. Адразу пасля таго як Рагвалод вярнуўся ў Полацак, Глебавічы напалі на Ізяслаўль, захапілі яго. Валодшу кінулі ў поруб, Брачыслава закавалі ў жалеза. Рагвалоду зноў давялося надзяваць баявыя даспехі. На дапамогу сваяку Расціслаў Мсціславіч, які цяпер сядзеў у Кіеве, прыслаў 600 торкаў. Шэсць тыдняў прастаяў Рагвалод Барысавіч каля Менска. Ад голаду ў торкаў падохлі коні, і саюзнікі, не дачакаўшыся канчатку вайсковых дзеяў, адправіліся пехатою ў Кіеў. І на гэты раз Рагвалод не авалодаў Менскам «и створи мир с Ростиславом по своеи воли». Удалося толькі вызваліць з няволі Брачыслава і Валодшу. У Полацку засталіся незадаволены паходамі – Менск не зломлены, і ў наступным 1161 годзе Рагвалод хадзіў на Менск. І зноў няўдача, зноў з нічым прыйшлося «възвратися въсвои». Тры безвыніковыя паходы на Менск, бездапаможнасць у кіраванні дружынай... І сцішыліся галасы Рагвалодавых прыхільнікаў. Рагвалод адчуваў холад, з якім цяпер адносіліся да яго ў Полацку. Адзіны сродак вярнуць сабе прыхільнасць палачанаў – перамагчы Менск. У 1162 годзе Рагвалод-Васіль з полацкімі ваярамі зноў каля Менска, дзе пасля смерці Расціслава сеў Валадар. Хітры і асцярожны менскі князь не ўступіў у бой з Рагвалодам днём, а ўначы з войскам, якое набраў у Літве, выступіў з горада і напаў на полацкі стан. У бітве шмат палачанаў загінула, яшчэ болей трапіла ў палон. Рагвалод з рэшткаю дружыны ўцёк ў Слуцак. Ён разумеў, што Полацак не даруе яму ганебнай паразы. Са Слуцка ён пасылае сваіх людзей у Полацак, каб яны сказалі, што вялікі князь адракаецца ад пасаду, а сам вяртаецца ў Друцак. Так бясслаўна скончылася княжанне Рагвалода ў Полацку. Яму не хапала ні рашучасці, ні цвёрдасці, ні вайсковага ўмельства, ні палітычнай мудрасці. І калі ў мірныя гады ён яшчэ спраўляўся са сваімі абавязкамі полацкага валадара, дык у вайне не змог праявіць сябе. І да самай смерці Рагвалод заставаўся князем у Друцку. А міжусобная вайна паміж Полацкам і Менскам не закончылася. Праз пяць гадоў Валадар з менска-літоўскім войскам пайшоў на Полацак. Полацкі князь Усяслаў Васількавіч выступіў яму насустрач і стаў чакаць падыходу віцебскага князя Давыда Расціславіча. Валадар нечакана напаў на палачанаў і разбіў іх. Пасля паразы Ўсяслаў Васількавіч уцёк у Віцебск да Давыда Расціславіча. Полацкім князем стаў Валадар, і першай яго справай з’явіўся паход на Віцебск. Князь Давыд ухіліўся ад бою, бо чакаў дапамогі ад брата, смаленскага князя Рамана. Аднак неспадзяваны выпадак перакрэсліў усе Валадаравы намаганні. Ноччу расхадзілася навальніца, ударылі перуны. Воі Валадаравы ўспрынялі гэта як нядобры знак і сталі прасіць князя адступіць. Валадар вымушаны быў паслухаць. Раніцай Давыд, убачыўшы, што варожае войска адступіла, пусціўся наўздагон, але не дагнаў яго. Валадар, не заходзячы ў Полацак, вярнуўся ў Менск, назаўжды адмовіўшыся ад мары стаць полацкім князем. Міжусобная вайна на Полаччыне закончылася. Яе горкія ўрокі не прайшлі дарэмна для палачанаў. Ужо праз дванаццаць гадоў – у 1180 годзе – у вайне са Смаленскам за Друцак усе полацкія князі, у тым ліку і менскія, выступілі на абарону сваёй зямлі. І адзінства прынясло перамогу. А што ж Рагвалод-Васіль? Ён жыў у Друцку і, мабыць, не праяўляў былой актыўнасці ў палітыцы, а таму яго імя знікла з летапісаў. Аднак 7 траўня 1171 года ў ягоным жыцці павінна была адбыцца нейкая важная падзея, бо ён выбіў на камяні, што ляжаў паміж Друцкам і Воршай, зварот да Бога. «В ле(то) sход мсца маия въ з днь доспе(н)ъ (к)ръсні гипомози (ра)бу своему Василию в с крщенц(и) (и) менемь Рогволод(у) сну Борисову» Што за падзея? У летапісах пад 1175 год князь Усяслаў Васількавіч названы віцебскім князем, значыць, да гэтага часу ён страціў полацкі пасад. Калі? Можа, якраз у 1171 годзе і Рагвалод паспрабаваў зноў вярнуцца ў Полацак. Праўдзівая наша версія або памылковая, застаецца толькі гадаць. Далейшы лёс Рагвалода-Васіля нам невядомы. Але свой след у гісторыі ён пакінуў не толькі дзеямі, але і слаўнымі нашчадкамі. У ліцьвінскіх летапісах распавядаецца, што князь меў сына Глеба, які нядоўга княжыў у Полацку, а таксама дачку Параскеву, якая за сваю хрысціянскую добразычлівасць пасля смерці была прылічана да святых. Магчыма, што і князь Усяслаў Васількавіч быў ягоным сынам, бо ў Густынскім летапісе ён названы паводле княжацкага імя бацькі Ўсяславам Рагвалодавічам. Увогуле лёс нашчадкаў Рагвалода-Васіля вельмі загадкавы. Ад Рагвалода-Васіля летапісцы выводзяць такія княжацкія роды, як Друцкія, Астрожскія, Пуцяты, Сакалінскія. Стрыйкоўскі даводзіў, што і польская каралева Сафія паходзіла ад Друцкіх. Але сама заблытанае, дык гэта радавод ліцьвінскіх князёў. Незалежна адзін ад аднаго розныя летапісцы выводзілі ўладароў Літвы ад Рагвалода-Васіля. Гэтак паводле Васкрэсінскага летапісу і Міндоўг, і Тройдзень, і Віцень былі нашчадкамі Рагвалодавага сына Расціслава. Той жа Стрыйкоўскі пісаў, што ліцьвінскі князь Таўцівіл, а значыць і ягоны брат жамойцкі князь Транята, былі сынамі Глеба Рагвалодавіча, а таму і стаў Таўцівіл па «праву дзедзічнаму» полацкім князем. А можа, так яно і ёсць, Рагвалод-Васіль паклаў пачатак дынастыі вялікіх князёў літоўскіх? І сапраўдную славу і памяць пра Рагвалода-Васіля прынеслі яму ягоныя нашчадкі! Вось такая гісторыя пра князя Рагвалода-Васіля – асоба не гераічная і не славай праславіўся ў летапісах. Але пакінуў сваё імя на памяць нашчадкам. Жыў такі чалавек, можа быць, мяккадушны і нерашучы па натуры, стаў нявольнікам свайго княжацкага паходжання і воляю людской і паверыў, што можа спраўдзіць надзеі, што ўсклалі на яго, пераацаніў сілы, а сіл вось і не хапіла. Асудзіў сябе на пакуты і другім прынёс нямала бяды. Ды і гонар княжацкі не дазваляў прызнацца ў сваёй слабасці і праліваў братняю кроў, мячом і гвалтам сцвярджаў сябе. І сабе шчасця не здабыў, і не тым, хто даверыўся яму. Павучальная гісторыя пра ўладара,не вартага высокага пасаду і княжацкага вянца. Пэўна, трэба толькі пашкадаваць гэтага чалавека, ну што рабіць, калі абставіны былі мацнейшымі за яго. Але не хочацца і асуджаць. Усё ж вабіць барацьба слабага, які смела кідае выклік моцнаму, не хаваецца за чужымі спінамі, а мужна бярэ свой крыж у рукі і нясе яго. Прыніжалі і білі, а нёс. А калі зразумеў, што ноша не па ім, змірыў свой гонар, выракся ад таго, што наканавана не яму. І можа быць, у сваім маленькім і зялёным Друцку, дзе яго любілі месцічы, дзе штодня радавалася сэрца, гледзячы на сваіх дзяцей, састарэлы князь адчуваў сябе як ніколі шчаслівым, і адкрывалася яму новая ісціна, што ні ўлада, ні багацце, ні пераможная, на крыві ўзгадаваная слава, ні самаўлюблёнасць у свой гонар – шчасце. І дзякаваў Богу князь, што давялося яму пажыць простым жыццём, як людзі жывуць. І не карона яго суцяшала, а любоў людзей да яго і любоў яго да людзей. Чамусьці верыцца, што Рагвалод-Васіль дажыў апошнія гады ў шчасці, любові і згодзе з самім сабой.
|
|