РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вітаўт Чаропка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Імя ў летапісе
У пошуках мінулага
Ад аўтара
Рагвалодаў род. Рагвалод, Рагнеда
«Акаянны». Святаполк
Аднаўленне незалежнасці. Брачыслаў Ізяславіч
Вешчая душа. Усяслаў Брачыславіч
Няспраўджаныя надзеі. Глеб Менскі
У часы міжусобіц. Рагвалод-Васіль
За два стагоддзі да Грунвальда. Уладзімір Полацкі
Падманлівая веліч. Міндоўг
Наваградскі князь. Войшалк
З пакалення рускага. Трайдзень
Сны аб Радзіме. Даўмонт
Меч і слава. Давыд Гарадзенскі
ЗА ДВА СТАГОДДЗІ ДА ГРУНВАЛЬДА. УЛАДЗІМІР ПОЛАЦКІ
ЗА ДВА СТАГОДДЗІ ДА ГРУНВАЛЬДА
УЛАДЗІМІР ПОЛАЦКІ
        
Пачатак Лівонскага ордэна
        
        У 1186 годзе высадзіўся на бераг Лівоніі святар ордэна блаславеннага Аўгусціна Мейнард і «проста дзеля справы Хрыстовай» прыняўся «садзіць вінаграднік Гасподні». Полацкі князь Уладзімір – валадар Лівоніі – дазволіў Мейнарду прапаведаваць хрысціянства лівам. Ні полацкі князь, ні Ўсевалад, князь Герцыке, ні кукейноскі князь Вячка – ніхто з іх не адчуваў, якая бяда пастукала ў дзверы іхняга дома. Як жа не спрыяць было святой справе – слова Божае распаўсюдзіць сярод пазбаўленых выратавальнай веры паганцаў.
        З’яўленне Мейнарда ў Лівоніі не было выпадковым. Яшчэ ў сярэдзіне Х стагоддзя пры германскім каралі Генрыху І Птушкалове нямецкія феадалы пачалі заваёву земляў заходніх славянаў. Пасля доўгай і крывавай барацьбы Генрыху І удалося скарыць лужыцкіх сербаў і люцічаў. Але ўжо ў канцы таго ж стагоддзя падуладныя немцам славянскія плямёны паўсталі і на цэлыя паўтара стагоддзі адваявалі сабе незалежнасць, толькі землі люцічаў засталіся ў руках немцаў. Аднак з сярэдзіны ХІІ стагоддзя немцы зноў пачалі «рух на ўсход». У 1160 годзе саксонскі герцаг Генрых Леў перамог абадрытаў. На захопленай абадрыцкай зямлі нямецкія феадалы стварылі Мекленбургскае герцагства. Такі ж трагічны лёс напаткаў астатніх люцічаў і шпрэвян, на іх землях захопнікі стварылі Брандэнбургскае герцагства са сталіцай Берлін. На славянскіх землях немцы адчувалі сябе ўладарамі: гвалтоўна хрысцілі славянаў, прымушалі іх працаваць на сябе, а непакорных каралі смерцю. Заваёўніцкі імпэт нямецкіх рыцараў павялічыўся, іх прагнае вока ўглядалася ва ўсход – там ляжалі новыя землі. Ад купцоў даведаліся яны і пра Лівонію.
        А Лівонія ў той час належала Полацку. Лівы, як падуладны народ, плацілі полацкаму князю даніну, а ў час вайсковых дзеянняў выстаўлялі войска. Апроч Лівоніі, полацкая ўлада распаўсюджвалася на Латгалію, на землі селаў і лэтаў. Так, папа рымскі Урбан ІІІ лічыў, што Латгалія знаходзіцца «ў Русіі»[1]. Паводле Рыфмаванай кронікі, землі селаў, ліваў, лэтаў да прыходу мечаносцаў былі ў руках рускіх[2]. Хто былі гэтыя рускія, указаў Арнольд Любецкі, які пісаў: «Кароль Русіі з Полацка меў звычай час ад часу збіраць даніну з гэтых ліваў»[3]. Палачане валодалі Ніжняй Дзвіной аж да вусця Балтыйскага мора, што давала ім магчымасць бесперашкодна гандляваць з нямецкімі і скандынаўскімі купцамі. Па Дзвіне стаялі полацкія гарады Кукейнос і Герцыке – шматлюдныя, з мноствам цэркваў, у якіх знаходзіліся дарагія абразы і срэбнае начынне, з добраўмацаванымі замкамі. Гэта былі цэнтры крывіцкай каланізацыі ў Прыбалтыцы, на якія абапіраўся ў сваім кіраванні Лівоніяй полацкі князь, яны ж з’яўляліся і сталіцамі ўдзельных княстваў. Апроч Герцыке і Кукейноса, палачане мелі ў Лівоніі шэраг невялікіх гарадоў-крэпасцей: Аіціна, Ашуце, Лепэкэ, Бебшынэ, Бебінэ, Ліксна, Гердынэ, Рэжыца.
        Каб заваяваць Лівонію, нямецкім феадалам трэба было не толькі змагацца з лівамі і суседнімі плямёнамі, але перш за ўсё з Полацкам. А сілу гэтага княства яны разумелі. Вялікім каралём называў нямецкі краніст Генрых Латвійскі князя Ўладзіміра. І пакуль нямецкія каланісты не замацаваліся ў Лівоніі, не набраліся сілы, ім патрэбны быў мір з Полацкам. Таму Мейнард і дзейнічаў асцярожна, хаваў сапраўдныя мэты сваёй дзейнасці. Разам з пропаведдзю ён займаўся зусім далёкімі ад веры справамі – узводзіў з нямецкімі паломнікамі замкі Ікесколь і Гольм. Пасля дабіваўся ў брэменскага архібіскупа дазволу на ўтварэнне Ікескольскага біскупства.
        У Рым ад наваяўленага біскупа да папы прыбыў пасол з просьбай абвясціць крыжовы паход супраць язычнікаў-ліваў. Мейнард зняў маску дабрадзейнага святара, пад ёю прадстаў жорсткі і хітры палітык з нясцерпнай прагай заваёвы новых земляў. Цэлестын ІІІ не мог не ўхваліць дзеянні Мейнарда: у Рыме таксама марылі аб новых землях і новай пастве. У 1192 годзе папа абвясціў крыжовы паход у Лівонію і паабяцаў адпушчэнне грахоў усякаму, хто ўскладзе на сябе крыж для падтрымкі новазаснаванай царквы. Разлік Мейнарда быў дакладны – ён дамогся падтрымкі каталіцкага свету. І паспяшылі ў Лівонію бедныя нямецкія рыцары ў надзеі атрымаць зямельныя лены, святошы-пілігрымы, грэшнікі – адкупляць крывёю язычнікаў грахі, проста авантурысты і шукальнікі прыгодаў. Ахвотнікаў было нямала. Гэта ж не далёкая і небяспечная Палесціна з яе спёкай і пустынямі і не войны з ваяўнічымі сарацынамі. Да Лівоніі – рукой падаць, падарожжа туды не доўгае, а лівы амаль бяззбройныя, куды ім ваяваць супраць закутых у латы рыцараў. І запалалі ліўскія сёлы, пралілася кроў.
        Пасля смерці Мейнарда «місію хрысціцеля» Лівоніі працягваў дзейны біскуп Бертольд. Але ў баі з лівамі ён загінуў. На яго месца заступіў біскуп Альберт. Дзе трэба было хітрыць – Альберт хітрыў, дзе выгадна было забыцца на хрысціянскія запаветы – Альберт забываў, дзе неабходна было праліваць кроў – Альберт праліваў яе. Як і Мейнард, звярнуўся да папы рымскага з просьбай абвясціць крыжовы паход на ліваў. Інакенцій ІІІ заклікаў вернікаў Саксоніі і Вестфаліі прыйсці на дапамогу Лівонскай царкве супраць «язычнікаў». Сам Альберт і прапаведаваў у Германіі паход на Лівонію. Толькі на востраве Готландзе пасля ягонага казання болей за пяцьсот чалавек згадзіліся прыняць крыж. Біскуп зачасціў у двары знатных нямецкіх феадалаў, у якіх дамагаўся падтрымкі крыжаносцаў. Сустрэўся ён і з дацкім каралём Кнудам VІ, спакушаючы яго на заваёву Ўсходняй Прыбалтыкі. Быў Альберт прыняты і германскім каралём Філіпам, дзе выступіў у каралеўскай радзе.
        Увесну 1200 года 23 караблі з крыжакамі прычалілі да берагоў Лівоніі. «І залілі крывёю паганцаў усе дарогі і месцы», «І схапілі яны многіх, і перабілі ўсіх мужчын і звялі ў палон жанчын і дзяцей», «Спустошылі і аддалі агню ўсе сёлы, а мужчын, якіх захапілі, усіх спалілі жывымі...» Як ні апяваў подзвігі нямецкіх рыцараў Генрых Латвійскі, але ўсё ж не ўтойваў і праўды аб хрышчэнні Лівоніі. Каб полацкі князь не ўстрывожыўся і не павёў сваё войска на крыжакоў, Альберт плаціў Полацку даніну за ліваў.
        Захопленыя землі натхніцель экспансіі раздаваў на ленных правах рыцарам, якія павінны былі несці вайсковую службу. Аднак Альберт разумеў, што без пастаяннай вайсковай сілы нельга ўтрымаць Лівонію ў сваіх руках. Многія паломнікі пасля году службы ў біскупавым войску вярталіся ў Германію. Нічога новага рыжскі святоша не прыдумаў – ён заснаваў вайскова-манаскі ордэн на ўзор існаваўшых рыцарскіў ордэнаў.
        Папа рымскі Інакенцій ІІІ надаў новаму Ордэну статут храмоўнікаў (тампліераў) і сымбалі для нашэння на вопратцы. Першапачаткова новы Ордэн называўся «Fratres militiae Christi» – «Браты воінства Хрыстова», але па сымбалях на вопратцы – чырвонаму крыжу і мячы – ён называўся Ордэнам мечаносцаў, або Лівонскім.
        Кожнаму, хто ўступаў у Ордэн, адрасавалі такія словы: «Ты вельмі памыляешся, калі думаеш жыць у нас спакойна і весела: наш статут – калі жадаеш снедаць, дык павінен пасціцца, калі хочаш пасціцца, дык павінен снедаць, калі не хочаш спаць, павінен спаць, калі хочаш спаць, павінен забыцца на сон. Дзеля Ордэна ты павінен адрачыся ад бацькі, ад маці, ад брата і сястры, і ўзнагародай за гэта Ордэн дасць табе хлеб, ваду і вопратку»[4]. Ордэнскі статут быў суровы. Кожны рыцар даваў чатыры зарокі – зарок паслушэнства начальству, зарок дабрачыннасці, зарок беднасці і зарок прысвячэння ўсяго свайго жыцця барацьбе з паганцамі ды іншаверцамі. За парушэнне статута рыцара жорстка каралі. На чале Ордэна стаяў магістр, які карыстаўся неабмежаванай уладай.
        Больш за два стагоддзі Ордэн мечаносцаў быў сама небяспечным ворагам Полацкай зямлі.
        
«Вялікі кароль Вальдэмар»
        
        Толькі тады, калі ў вусці Дзвіны Альберт узвёў Рыгу і загарадзіў палачанам выхад у Балтыйскае мора, у Полацку забілі трывогу. Уладзімір пачаў збіраць войска... Але няўжо раней не было бачна небяспекі, што так позна схамянуліся? Калі і бачылі, і разумелі, што з’яўленне ў Лівоніі немцаў – прамая пагроза Полацку, дык куды болей важныя і неадкладныя справы ў той час адцягвалі сілы палачанаў ад Лівоніі.
        Полацкая зямля ў сярэдзіне ХІІ стагоддзя трымала шчыльны саюз з Суздальскім княствам, дзе ўладарыў Андрэй Багалюбскі. Полацкія дружыны разам са смаленскімі і суздальскімі ў 1167 і 1169 гадах хадзілі на Ноўгарад, а ў 1168, 1174 і 1178-м – на Кіеў. І аслабленне Ноўгарада, і аслабленне Кіева – даўніх палітычных праціўнікаў Полацка – было яму на руку. Так што паходы гэтыя прынеслі Полацку карысць – хаця б тое, што працяглы час у межах Полацкай зямлі не з’яўляліся варожыя войскі. А гэта – уцалелыя сёлы і гарады, гэта мірнае жыццё, гэта гандаль і развіццё рамёстваў, гэта росквіт культуры. Ззаду засталіся міжусобіцы, і ўсё выразней было імкненне полацкіх удзелаў да згоды і адзінства.
        Ужо ў 1180 годзе ў паходзе на падуладны Смаленску Друцак удзельнічалі шэсць полацкіх князёў разам з ліцьвінамі і лівамі. Адзінства стала залогам перамогі. Палачанаў падтрымалі чарнігаўцы і ноўгарадцы. Смаленскі князь Давыд Расціславіч, каб пазбегнуць сечы, адступіў з-пад Друцка ў Смаленск. Аднак ён не змог змірыцца з тым, што страціў Друцак і ўсяляк намагаўся аднавіць свае пазіцыі на Полаччыне. Ён дабіўся поспеху ў гэтым.
        Пасля інтрыг Давыд пасадзіў у Друцку саюзнага сабе Ўсяслава Мікуліча, былога лагожскага князя. А ў 1186 годзе арганізаваў паход на Полацак. Разам са смалянамі выступілі ноўгарадцы на чале з сынам Давыда – Мсціславам. Падтрымалі смаленскага князя і яго саюзнікі – друцкі князь Усяслаў і лагожскі князь Васілька Валадаравіч. Такія сілы спатрэбіліся Давыду для заваёвы Полаччыны і далучэння яе да Смаленскага княства. Тым самым Смаленск выступаў у ролі пераемніка даўняй палітыкі Полацка – аб’яднання крыўскіх земляў у адну дзяржаву. Ды вось бяда: ні раней Смаленск ні цяпер Полацак не хацелі пазбавіцца палітычнай самастойнасці. Таму палачане без асаблівай радасці ўспрынялі перспектыву хадзіць пад уладаю Смаленска. А гэта значыць, што зноў вайна. Толькі вось сілы не на карысць палачанам.
        Веча вырашыла не дапусціць варожае войска на свае землі і дыпламатычным шляхам пазбегнуць спусташальнай вайны: «Не можам стаць супраць ноўгарадцаў і смалян, і калі пусцім іх у сваю зямлю, калі і мір учынім з імі, шмат нам зла ўчыняць, пустую зямлю ўчыняць тыя, хто ідуць на нас, але пойдзем да іх на сумежжа і ўчынім там з імі мір»[5]. Паслы з Полацка з багатымі дарамі сустрэлі ноўгарадцаў і смалян на полацкай мяжы і дамагліся свайго. Задобраны падарункамі князь Давыд спыніў свае войскі. Не абышлося і без зямельных уступак: да Смаленска адышоў Віцебск. Вось у гэты час і пачаў княжыць у Полацку князь Уладзімір.
        Хто ён, гэты загадкавы «вялікі кароль Вальдэмар»? У рускіх летапісах пра яго няма ніякіх звестак. І каб не ордэнскі краніст, нічога б мы не даведаліся пра яго, і загінулі б у забыцці яго імя, яго дзеянні, яго жыццё.
        У гістарычнай літаратуры прынята, што Вальдэмар – гэта нямецкая форма імя Ўладзімір. Мікола Ермаловіч лічыць, што імя полацкага князя магло быць іншае – харакэрнае для палачанаў Валадар або Валодша[6]. Яны гучаннем падобныя на імя Ўладзімір, і не выключана, што Генрых Латвійскі назваў Вальдэмарам Валадара ці Валодшу. Гэты ж вучоны выказаў думку, што князь Валодша ў летапісах мог быць узгаданы пад імем Уладзімір – ён той самы, якога ў 1159 годзе менскія князі Глебавічы пасадзілі ў поруб у Ізяслаўлі і які вельмі верагодна мог быць сынам Рагвалода Барысавіча. Не выключна, што пазней яго абралі на полацкі пасад і ён дажыў да 1216 года[7].
        «Каралём Вальдэмарам» мог быць і менскі князь Уладзімірка Валадаравіч, сын Валадара Глебавіча, звесткі пра якога знаходзім у Тацішчава[8]. Паводле гісторыка, Уладзімірка ў 1182 годзе напаў на Падляшша – землі дарагічынскага князя Васількі Яраполкавіча. Дарагічынскі князь паклікаў на дапамогу палякаў і мазураў. На рацэ Буг варожыя войскі сустрэліся. У жорсткай сечы Ўладзімірка Валадаравіч быў разбіты і адступіў у Менск. Васілька ўзяў Берасце, дзе пакінуў з дружынай свайго швагра – мазавецкага князя, і вярнуўся ў Драгічын.
        А Ўладзімірка рыхтаваўся да новага паходу. На дапамогу яму прыйшлі палачане. Менскі князь зноў адваяваў Берасце, пасля чаго рушыў на Васільку, які з войскам палякаў стаяў на Нуры за Драгічыным. Цяпер перамога была на баку Ўладзіміркі. Не вытрымаўшы націску ягоных вояў, палякі пачалі адступаць да лесу, а Ўладзімірка ў помсце за сваю ранейшую паразу амаль усіх іх пасек. Васілька з невялічкай дружынай уцёк да свайго цесця Лешкі і пры падтрымцы таго ў рэшце рэшт прагнаў з Падляшша Ўладзімірку.
        Адсутнасць дакладных крыніц і сведчанняў пра асобу полацкага вялікага князя не дае магчымасці вызначыць, хто ён быў сапраўды.
        
Полацкае княства напрыканцы ХІІ ст.
        
        Запрашаючы Ўладзіміра ў Полацак, веча, мабыць, паставіла перад ім дакладныя задачы, ад вырашэння якіх і залежаў яго лёс як кіраўніка Полацкай дзяржавы. Што ж маглі патрабаваць ад новага князя палачане? Аднаўлення былой магутнасці і велічы Полацкага княства, вяртання страчаных земляў, захавання адзінства полацкіх удзелаў. Мяркуючы па тым, што Ўладзімір княжыў у Полацку на працягу трыццаці гадоў (1186-1216), чаго пасля славутага Ўсяслава Чарадзея не ўдавалася ніводнаму полацкаму валадару, ён, калі і не выканаў усе тыя патрабаванні веча, усё ж сваёй дзейнасцю шмат у чым апраўдаў спадзяванні палачанаў. Галоўнае – не толькі дамогся аб’яднання ўсіх удзельных полацкіх князёў пад сваёй уладай, але і здолеў абараніць полацкі пасад ад іх дамаганняў. Унутраная стабільнасць дзяржавы, моцная ўлада яе кіраўніка давала палачанам надзею на поспех і ў знешняй палітыцы. І першай мэтай было – вызваліцца ад палітычнага ўплыву Смаленска, вярнуць Віцебск. А там, магчыма, бачылася баярам перспектыва авалодання Смаленскам і аб’яднання пад сваёй рукой усіх крыўскіх земляў.
        Для барацьбы са Смаленскам у Полацку шукалі саюзнікаў. Спачатку надзея была на Ноўгарад. У 1191 годзе ноўгарадскі князь Яраслаў Уладзіміравіч у Вялікіх Луках сустрэўся з полацкімі пасламі, якіх, верагодна, узначальваў Уладзімір. У асвятленні гэтага эпізоду нельга не пагадзіцца з думкай М.Ермаловіча, які лічыў, што Ноўгарад у адплату за саюз з Полацкам патрабаваў ад яго паходу на чудзь і на літву[9]. Гэта было не выгадна Полацку, і палачане адмовіліся ад саюза з Ноўгарадам. Полацак дамаўляецца з Чарнігавам, які таксама быў зацікаўлены ў аслабленні Смаленска. У 1195 годзе чарнігаўскі князь Алег пасылае на Смаленскае княства войска на чале са сваім сынам Давыдам. Дзесьці каля Віцебска чарнігаўцы сустрэліся з палачанамі, якіх, без сумненняў, прывёў Уладзімір, бо ўдзел князя ў баявых паходах – адзін з яго абавязкаў.
        Сюды, пад Віцебск, паспяшалася і смаленскае войска пад зверхнасцю Мсціслава Раманавіча, а таксама разанская дружына. Мсціслаў Раманавіч, убачыўшы перад сабой чарнігаўцаў, адразу рушыў у бой, нават «не изрядивши полков своих». Баявы дух і мужнасць смаленскіх вояў былі добра вядомыя на Русі (летапіс паведамляе пра іх «дерзи боевы»). Смаленцы змялі чарнігаўскія палкі, патапталі сцягі Алегавы і забілі яго сына Давыда.
        Вось тут і паказалі сябе «грозные» палачане. Паводле тацішчаўскіх звестак, палачане сталі перад лесам, і смаленцы, выступіўшы супраць іх, палічылі, што перад імі толькі частка полацкага войска, а другая схавалася ў лесе[10]. Тысяцкі (водца гарадскога апалчэння) Міхалка даў смаленцам загад адыходзіць. Тым не меней палачане не пагналіся на злом галавы за ворагам, а патаемна абышлі яго і ўдарылі нечакана ў спіну. У шэрагах смаленскага войска пачалася сумятня. Да самай цемры палачане распраўляліся са смаленцамі. Мсціслаў Раманавіч у гэты час пасля пагоні за чарнігаўцамі вяртаўся з перадавой дружынай, але ў цемры натрапіў на палачанаў. Друцкі князь Барыс захапіў яго ў палон. Астатнія смаленскія князі ў паніцы кінуліся наўцёкі. Уладзімір авалодаў Віцебскам і пасадзіў там князя Васільку.
        Так ярка была здабыта перамога над Смаленскам, і цяпер у Полацку выношвалі задуму аслабіць Ноўгарад. Уладзімір, як гэта часта ён рабіў раней, набірае ў Літве войска, якое разам з палачанамі нападае на бліжэйшы ад іх княства ноўгарадскі горад Вялікія Лукі і спальвае яго. Гэты паход выклікаў шаленства ў Ноўгарадзе. Зімой 1198/99 года вялікае войска ноўгарадцаў, пскавічоў, ладжанаў, наваторжцаў рушыла на Полацак. Уладзімір, каб не дапусціць спусташэння сваіх земляў, пусціўся ў дыпламатыю, як у 1186 годзе, калі такім чынам удалося вырашыць канфлікт са Смаленскам і Ноўгарадам. Полацкія паслы каля возера Каспля сустрэлі варожае войска і дарамі і грашамі задобрылі ноўгарадскага князя, які ўсё ж палохаўся і добра ведаў, што сустрэча з палачанамі не абавязкова скончыцца перамогай. Так паступова Полацак вызваляўся ад уплыву двух моцных суседзяў і сам пераходзіў да агрэсіўнай палітыкі ў дачыненні да іх.
        Моц княства выявілася і ў 1201 годзе, калі частка літоўскіх князёў выправілася ў рабаўніцкі паход на падуладных Полацку земігалаў. Тут жа Ўладзімір увёў свае войскі ў Літву, вымусіўшы літоўцаў вярнуцца ў свае межы.
        Толькі пасля гэтага – у 1203 годзе – Уладзімір пачаў адкрытую вайну з крыжакамі.
        
Пачатак вайны з Ордэнам
        
        Існавала ў сярэднявеччы традыцыя: перад сечай лепшыя віцязі варожых рацей скрыжоўвалі зброю паміж сабой. Пераможца гэтага паядынку нібыта рабіў зачын на перамогу, усяляў у сэрцах сваіх таварышаў адвагу і мужнасць. Вельмі падобны на гэтых віцязяў палачане – яны першымі з усходніх славянаў прынялі бой з небяспечным ворагам. Грунвальд пачынаўся тут, у Лівоніі, дзе беларускія дружыны ўпершыню ўступілі ў бой з крыжакамі – зачын на грунвальдскую перамогу рабіўся за два стагоддзі да яе.
        Паход 1203 года болей паходзіў на набег (наскок), чым на прадуманую і добра падрыхтаваную вайсковую аперацыю. Яшчэ ў барацьбе з лівамі, што прызналі ўладу Ордэна, Уладзіміру спрыяў поспех (ягоная дружына абклала замак Ікескола і вымусіла ліваў плаціць даніну), але вось з крыжакамі... Тых жахам не возьмеш, у тых навейшая ў Эўропе зброя: далёкасяжныя самастрэлы і моцныя каменямёты. Пад Гольмам рыцары з самастрэлаў і каменямётаў паранілі ў палачанаў шмат коней – і Ўладзімір не рызыкнуў пад абстрэлам перапраўляцца цераз Дзвіну. Палачане адступілі ад Гольма. Відаць, Уладзімір усё ж такі не даацаніў крыжацкай пагрозы і ўзяў з сабой у паход невялікую дружыну.
        Адразу пасля адступлення палачанаў герцыксю князь Усевалад з летонамі, як іх называе «Кроніка Лівоніі», таксама зрабіў напад на Рыгу і парабаваў рыжскія ваколіцы.
        Нягледзячы на адносную няўдачу першага сутыкнення палачанаў з крыжакамі, паход 1203 года стаў сур’ёзнай перасцярогай Альберту. Яму неабходна было шукаць шляхі стрымання Полацка, не даць разгарэцца вайне з ім, трэба было выйграць час, каб паспець умацаваць свае пазіцыі ў Лівоніі, папоўніць Ордэн новымі пілігрымамі. Альберт працягвае лічыць Уладзіміра ўладаром Лівоніі, прызнае ягоную ўладу і выплачвае яму даніну за ліваў, але адначасова мячом заганяе ліваў у хрысціянства, захоплівае і раздае рыцарам у леннае карыстанне лівонскія землі. Так доўга не магло працягвацца. Да Ўладзіміра ў 1206 годзе прыбыло ліўскае пасольства. Паслы скардзіліся на немцаў, што тыя не трымаюць мір, нападаюць на ліваў, прымушаюць іх прымаць новую веру. І Ўладзімір зрабіў выбар: ён разаслаў па ўсёй Полацкай зямлі вестуноў збіраць дружыны для паходу на Лівонію. Князь вырашыў на караблях і плытах з бярвенняў спусціцца да Рыгі і захапіць яе.
        Нейкім чынам пра пасольства ліваў даведаўся Альберт, і ён, каб задобрыць полацкага князя і сарваць паход, пасылае да Ўладзіміра сваё пасольства, а на чале яго ставіць хітрага манаха Тэадорыха – таго самага, што яшчэ пры Мейнрадзе ездзіў да папы рымскага. Па дарозе ў Полацак на пасольства напалі летоны і адабралі дары для полацкага князя. Верагодна, да гэтага прыклаў руку герцыкскі князь Усевалад – ён быў у сваяцтве з летонскім князем Даўгерутам і часта ўзначальваў летонаў у паходах. Усеваладу, валоданні якога знаходзіліся ў Лівоніі, нічога не выгарала ад міра Полацка з Рыгай. Ён разумеў, што рана ці позна крыжакі нападуць і на ягонае княства.
        Паслы прыбылі ў Полацак. Прымаючы іх, Уладзімір вырашыў выкрыць хлусню ордэнцаў, што нібыта Ордэн не парушаў мір і не нападаў на ліваў. Для гэтага ён паклікаў і лівонскіх паслоў. Тыя пацвердзілі свае словы: крыжакі не выконваюць умоў міру. Князь загадаў немцам выйсці на двор і чакаць ягонага рашэння. Пакуль князь раіўся са сваімі баярамі, Тэадорыху ўдалося грашыма падкупіць аднаго з княжацкіх слуг і выведаць у яго аб намерах Уладзіміра выступіць паходам на Лівонію. Генрых Латвійскі, які апісвае гэтыя падзеі, распавядае, што Тэадорых, знайшоўшы ў Полацку жабрака з Гольма, наняў таго і паслаў у Рыгу да Альберта з папярэджаннем аб небяспецы. Але ўзнікае пытанне: як мог Тэадорых так хутка знайсці ў вялікім горадзе гэтага «жабрака з Гольма»? Ці не быў гэта ордэнскі віж?*
        * Падзеі 1216 года, калі нечакана перад самым паходам памёр Уладзімір, празрыста сведчаць, што ён быў атручаны і гэта справа крыжацкіх шпегаў. Вельмі верагодна, што Альберт меў у Полацку сваю агентуру.
        Даведаўшыся, што Ўладзімір рыхтуецца да паходу на Рыгу, Альберт затрымаў у Лівоніі пілігрымаў, што збіраліся вярнуцца ў Германію. У сваю чаргу і Ўладзімір даведаўся пра ўчынак Тэадорыха і, зразумеўшы, што яго намер выкрылі, задумаў хітрасць. Ён адпусціў Тэадорыха дадому і адправіў разам з ім сваіх паслоў да Альберта, нібыта дзеля таго, каб яны, выслухаўшы абодва бакі – крыжакоў і ліваў, – вырашылі, хто з іх кажа праўду. Сапраўднай жа мэтай іх было падняць супраць Ордэна ліваў і лэтаў. Прыбыўшы ў Лівонію, полацкія паслы спыніліся ў кукейноскага князя Вячкі. Разам з Тэадорыхам у Рыгу паслалі дзяка Стафана, каб той запрасіў Альберта на сустрэчу з пасольствам 30 траўня 1206 года каля ракі Вогі (зараз Огер). Як толькі Тэадорых са Стафанам пакінулі Кукейнос, палачане раз’ехаліся па селішчах ліваў і лэтаў і пачалі заклікаць іх падняцца на крыжакоў. Тут і праявілася раз’яднанасць і варожасць паміж плямёнамі, чым не раз карысталіся крыжакі. Калі лівы падняліся на барацьбу з ворагам, дык лэты не падтрымалі іх.
        На запрашэнне Стафана Альберт пасля нарады са сваімі набліжанымі адказаў: «Ва ўсіх краінах, як вядома, існуе агульны звычай, каб паслы, адпраўленыя сваімі валадарамі, самі шукалі таго, да каго пасланыя, і з’яўляліся да яго, але ніколі гаспадар, якім бы сціплым і ласкавым ён ні быў, не выходзіць са сваіх умацаванняў насустрач паслам. Таму і паслам, і іх ганцам належыць шукаць нас у нашым горадзе, дзе мы са сваімі маглі б прыняць і ўтрымліваць іх з большай пашанай. Такім чынам, хай завітаюць, нічога не баючыся, чакаючы ганаровага прыёму»[11]. Альберт адмовіўся пакідаць Рыгу. Можа, на яго выезд з Рыгі і спадзяваўся Ўладзімір, каб з дапамогай ліваў захапіць рыжскага біскупа.
        У прызначаны дзень лівы сабраліся на рацэ Возе. З Гольма на караблі прыбылі іх старэйшыны, што жылі ў гэтым замку. Па дарозе яны спрабавалі хітрасцю выманіць з Ікесколя мечаносцаў, запрашаючы тых сесці да іх на карабель, але немцы не згадзіліся. Тады лівы, аб’яднаўшыся з летонамі з Тарэйды і з Вейкалы, напалі на Гольм і захапілі яго. Адсюль паўстанцы накіраваліся на Рыгу. Калі б былі ў іх даспехі, навейшая зброя, хто ведае, як бы закончыліся падзеі ў Лівоніі. Закутыя ў браню крыжакі, лёгка разбіўшы ліваў, вярнулі сабе Гольм. Апошняй надзеяй для ліваў быў полацкі князь, і яны звярнуліся да яго па дапамогу.
        Уладзімір сабраў «войска з усяго свайго каралеўства, а таксама ад суседніх каралёў, сваіх сяброў»[12], – так Генрых Латвійскі засведчыў адзінства Полацкай зямлі. Палачане на караблях спусціліся ўніз па Дзвіне. Пры высадцы ля Ікесколя многіх у полацкім войску крыжакі паранілі з каменямётаў. Уладзімір не стаў штурмаваць замак, а нечакана падышоў да Гольма і акружыў яго з усіх бакоў. Некалькі дзён паміж абаронцамі і палачанамі доўжыўся бой. Крыжакі адбіваліся з дапамогай каменямётаў, палачане, «вопытныя ў стральбе з лукаў»[13], закідвалі замак стрэламі. Спрабавалі палачане падпаліць умацаванні, расклалі вялікае вогнішча пад сценамі, толькі ўсё дарэмна – крыжакі тушылі агонь. Не прынесла поспеху і баліста, якую зрабілі палачане па ўзору тэўтонскіх: не ведаючы майстэрства кідаць з такога прыстасавання камяні, яны ранілі многіх сваіх. Не дапамаглі Ўладзіміру і лівы з Тарэйды, амаль бяззбройныя ў параўнанні з крыжакамі.
        Між тым вярнуліся пасланыя пад Рыгу віжы і паведамілі, што ўсе дарогі і палі вакол горада поўныя жалезных трохзубых шыпоў, аб якія коні колюць ногі.
        Уладзімір перадумаў пасылаць войскі пад Рыгу і працягваў аблогу Гольма. «Калі б працягнуліся дні вайны, дык наўрад ці рыжане і жыхары Гольма пры сваёй малалікасці змаглі б абараніцца», – прызнаецца Генрых Латвійскі[14]. Выратавала крыжакоў падмога, што прыбыла з Германіі, а таксама дацкі кароль Вальдэмар з войскам, якое ён збіраў тры гады і з якім высадзіўся на Эзелі. Суадносіны сіл палачанаў і крыжакоў адразу перамяніліся. Дзе тут было працягваць вайну – Уладзімір адступіў.
        Адчуўшы сваю сілу, Ордэн ад тактыкі ўступак Полацку, мірных пагадненняў з ім, прызнання яго правоў на Лівонію пераходзіць у наступ. Да 1207 года ўся Лівонія апынулася ў руках крыжакоў. Яны падступілі да межаў Кукейноскага княства.
        Яшчэ ў 1205 годзе Вячка сустракаўся ў Рызе з Альбертам і заключыў з ім мір. У 1207 годзе ён зноў адпраўляецца ў Рыгу. Пужаючы кукейноскага князя летонскай пагрозай, біскуп вымушае яго аддаць палавіну княства Ордэну, які за гэта быццам будзе абараняць Кукейнос ад летонаў. Аднак не з прычыны летонскай пагрозы саступіў Вячка Альберту (летоны ні разу не напалі на Кукейнос і, больш за тое, былі саюзнікамі полацкіх князёў). У Вячкі не хапала сілы супрацьстаяць агрэсіі Ордэна. І каб зусім не пазбавіцца княства, ён пайшоў на кампраміс, згадзіўся з Альбертам. Але гэта не значыць, што змірыўся кукейноскі князь з залежнасцю ад Ордэна. Некалькі разоў Вячка нападаў на крыжакоў. У адказ і тыя пад павадырствам нейкага рыцара Данілы аднойчы ноччу напалі на Кукейноскі замак. Узышоўшы на вал, крыжакі захапілі галоўнае ўмацаванне. У ліку палонных апынуўся і Вячка. Біскуп Альберт вярнуў яму горад, але з умоваю размясціць там крыжацкі гарнізон. Хітры біскуп ведаў, што рабіў. Далучыць адкрыта Кукейнос да сваіх уладанняў – значыць пачаць вайну з Уладзімірам. У ход пускаецца прыём з арсеналу візантыйскіх базылеўсаў. Вячку з пашанай прымаюць у Рызе, дораць яму коней, дарагую вопратку. У сама пачцівых інтанацыях біскуп просіць прабачэння ў Вячкі за «непаразуменне»: крыжакі без ягонай, біскупавай, згоды захапілі горад. Таму ў знак міру вяртае яму Кукейнос. Але вось крыжацкі гарнізон... Вячка нібы і гаспадар у сваім горадзе, а разам з тым і нібы вязень. Кожны ягоны крок пад увагай крыжакоў. І, прадчуваючы ў любое імгненне здрадніцкі ўдар у спіну, Вячка распраўляецца з крыжакамі, спальвае замак і ідзе ў Ноўгарадскую Русь непрымірымым ворагам «хрыстовых рыцараў».
        
Наступ Ордэна
        
        ...Языкі полымя дрыготка ўздымаліся ў неба. Агонь знішчаў хаты, цэрквы, замкавыя сцены і вежы – усё тое, што гадамі будавалася руплівымі рукамі гараджан. Чорны час надышоў для Герцыке. Паспешліва пакідалі ахоплены пажарам полацкі град крыжакі, «бласлаўляючы Бога за тое, што так нечакана ён даў ім перамогу», вялі закутых у кайданы нявольнікаў, гналі жывёлу, везлі на вазах здабычу. Сярод палонных ішла і герцыкская княгіня. А сам валадар Герцыке, кароль Усевалад, як называлі яго крыжакі, ледзь выратаваўся ад палону. З некалькімі служкамі пераправіўся ён на лодцы цераз Дзвіну і з другога берага глядзеў на трыумф пераможцаў. Не, ён не працягваў да Бога рукі і не ўсклікаў са слязьмі на вачах: «О Герцыке, мілы горад! О спадчына бацькоў маіх! О нечаканая гібель майго народа. Гора мне! Навошта я нарадзіўся, каб бачыць пажар майго горада і знішчэнне майго народа»[15]. Гэта ўжо крыжацкі летапісец Генрых Латвійскі ў сваёй «Кроніцы Лівоніі» ўклаў у княжацкія вусны запазычаныя ў плачу Макавеяў словы. Усевалад быў сапраўдны воін, і небяспечнае баявое жыццё навучыла яго мужна трываць няўдачы і цяжкасці. Ён моўчкі перажываў гібель Герцыке і мсціва да болю сціскаў у руцэ рукаяць мяча. Была восень 1209 года.
        А здарылася ўсё гэта вось якім чынам. Біскуп Альберт, які вельмі ўважліва сачыў за падзеямі на Полаччыне, хутка здагадаўся аб ролі Ўсевалада ў полацкай палітыцы. «Герцыскі кароль заўжды быў ворагам рыжан, змагаючыся з імі і не жадаючы заключыць мір», – адзначае ён[16].
        Восенню 1209 года Альберт сабраў раду, абмеркаваў на ёй, «якім чынам пазбавіць маладую царкву ад падкопаў летонаў і русаў, нагадаў усё зло, прычыненае каралём Герцыке разам з летонамі гораду Рызе»[17]. Было вырашана захапіць Герцыке. Біскуп распачаў збіраць вялікае войска з усёй Лівоніі. Да яго далучыліся нямецкія каланісты з Рыгі, пілігрымы, рыцары, атрады хрышчоных ліваў і лэтаў. Супрацьстаяць гэтым полчышчам Усевалад не меў сілы. Крыжакі разбілі ягоную дружыну і ўварваліся ў Герцыке.
        Як і ў выпадку з Кукейносам, біскуп Альберт зрабіў выгляд, што напад адбыўся без ягонага ведама і выказаў жаданне заключыць з Усеваладам мір, вярнуць палонных і нарабаванае дабро. Зноў імкненне не развязваць вайны з полацкім князем, які, паводле тагачасных законаў, павінен быў бараніць свайго васала. Усевалада гэты «грасмайстарскі ход» не ўвёў у зман, ён разумеў, што біскуп навяжа яму, як і Вячку, сваю волю, але выйсця не было. Толькі згадзіўшыся з умовамі Ордэна, князь мог вызваліць з няволі сваю сям’ю. Герцыкскі князь прыехаў у Рыгу. Непрыемнай была для яго сустрэча з Альбертам. Давялося і прыніжацца перад святаром, прасіць «забыць былое зло». «Калі ты згодзішся ў далейшым пазбягаць зносін з паганцамі, не будзеш разам з летонамі ваяваць зямлю тваіх рускіх хрысціян, калі ты згодзішся аддаць сваё каралеўства ў вечны дар царкве святой Марыі...»[18] – вось пры якіх умовах Усевалад мог атрымаць назад палонных і заключыць мір з крыжакамі. Ён згаджаецца, абяцае «заўсёды быць верным царкве святой Марыі, пазбягаць зносін з паганцамі і быць саюзнікам рыжан».
        «Тым не меней у далейшым ён працягваў удзельнічаць у задумах летонаў», – адзначае Генрых Латвійскі[19]. Так, Усевалад і не збіраўся служыць Ордэну, хаця вонкава і выконваў мірныя ўмовы. Ужо праз год летоны нападаюць на Рыгу. У 1211 годзе яны двойчы ваююць ордэнскія землі. Канечне, натхняў гэтыя паходы Ўсевалад, які прагнуў адпомсціць тэўтонам за разрабаванне Герцыке.
        Першым з крыўскіх князёў ён разумее, што змагацца з крыжакамі паасобку нельга: толькі сумеснымі сіламі ўсходніх славян і балтаў можна разбіць Ордэн. Не без ведама Ўсевалада ягоны цесць Даўгерут з багатымі дарамі едзе ў Ноўгарад і заключае там саюз. На зваротным шляху ён быў схоплены крыжакамі і кінуты ў вязніцу, дзе пакончыў з сабою, працяўшы сябе мячом.
        Але якімі б значнымі ні былі поспехі мечаносцаў у Лівоніі, усё роўна Альберт не мог адчуваць сябе спакойна. У любы момант Полацак мог зноў пачаць з Ордэнам вайну. Таму біскуп імкнецца ўсяляк адцягнуць яе. Да Ўладзіміра ў 1210 годзе прыбываюць яго паслы пад зверхнасцю рыцара Арнольда. Ведаючы зацікаўленасць Полацка ў гандлі з Рыгай, Арнольд паспрабаваў скарыстаць гэта. Уладзіміру прапануецца заключыць з Рыгай мір і адчыніць рыжскім купцам доступ у свае ўладанні. За ветлівымі словамі і зычлівасцямі кожны бок хаваў свае карысныя інтарэсы. Каб абмеркаваць умовы пагаднення, Уладзімір адправіў да Альберта багатага чалавека Лудольфа са Смаленска. Гэта нейкім чынам можа сведчыць, што Ўладзімір выступаў у інтарэсах як Полацка, так і Смаленска. Галоўнае, што хвалявала князя, – даніна біскупа за ліваў. Альберт ахвотна згаджаецца выплачваць яе. Гэта тыя путы, якія будуць стрымліваць Уладзіміра. Калі хто болей і выйграе ад міру, дык Ордэн, які цяпер без хвалявання за свае падзвінскія ўладанні мог ваяваць Эстонію. І толькі тады, калі тэўтоны скарылі эстаў, Уладзімір зразумеў сваю памылку: сваёй згодай з Альбертам развязаў Ордэну рукі, які з заваёвай Эстоніі яшчэ болей умацаваўся ў Прыбалтыцы.
        Занепакоены князь настаяў на сустрэчы з Альбертам і ў Герцыке, дзе спадзяваўся канчаткова вырашыць лёс ліваў, абмеркаваць пытанне бяспекі плавання купцоў па Дзвіне і аднаўлення міру. Альберт адпраўляецца разам са сваімі людзьмі і былым пскоўскім князем Уладзімірам, які ўцёк у Лівонію.
        То прамымі пагрозамі, то ўгаворамі полацкі князь вымагае біскупа адмовіцца ад хрышчэння ліваў, сцвярджаючы, што толькі ў яго ўладзе або хрысціць рабоў яго ліваў, або пакінуць нехрышчонымі, бо каралі русаў, пакараючы зброяй які-небудзь народ, звычайна клапоцяцца не аб хрышчэнні, а пра выплату даніны. Альберт і не думаў паддавацца на патрабаванні Ўладзіміра – сіла была на ягоным баку, цяпер ён фактычны ўладар Лівоніі. Насміханнем і над Уладзімірам, і над хрысціянствам гучалі ў вуснах Альберта словы пра выкананне ім святой справы пропаведзі, даручанай яму вярхоўным святаром. Як выконваў Альберт гэтую «святую справу», Уладзімір ведаў. Біскуп, нібыта не адмаўляўся ад выплаты даніны, кіруючыся эвангельскім: «Аддайце кесарава кесару, а Богава Богу», ды вось лівы не жадаюць служыць двум гаспадарам і ўмольваюць яго вызваліць іх ад ярма русаў. Так Альберт адмовіўся выплачваць за ліваў даніну. І Ўладзімір страчвае вытрымку, пагражае спаліць усе замкі Лівоніі, а разам з тым і Рыгу. Ён выводзіць сваё войска з замка і рушыць на рыцараў, якіх прывёў з сабою біскуп. Калі абодва войскі сышліся, былы пскоўскі князь Уладзімір і настаяцель царквы св. Марыі Іаан сталі пераконваць полацкага князя не трывожыць вайной маладую царкву, каб і яго не трывожылі тэўтоны. Прымусіць ордэнцаў зброяй слухацца яго Ўладзімір не наважыўся. Ён загадаў свайму войску адступіць, а сам зноў адправіўся на сустрэчу з біскупам. Перамовы нічога не далі. Альберт настойваў на сваім, і князь саступіў – перадаў Лівонію ва ўладу Ордэну.
        Змірыцца са стратай Лівоніі Ўладзімір не мог. Знешне пачцівы, называючы біскупа айцом, князь застаўся ў душы яго непрымірымым ворагам. Ён пачаў дзейнічаць супраць Ордэна праз Усевалада. Нібы і мір трымаў з ім, але ў той час з дапамогай Усевалада ўваходзіў у зносіны з летонамі і падтрымліваў іх у вайне з крыжакамі. «Бо кароль Усевалад з Герцыке заўсёды быў ворагам хрысціянскага роду, а болей за ўсё лаціян. Ён быў жанаты з дачкою аднаго з найболей магутнейшых летонаў (Даўгерута. – В.Ч.). І будучы як зяць ягоны для іх амаль сваім, звязаны з імі звыш таго і сяброўствам, часта ўзначальваў іх войскі, аблягчаў ім пераправу цераз Дзвіну, забяспечваў іх прадуктамі, калі ішлі яны на Русію, Лівонію ці Эстонію»[20]. І схапіць за руку Ўладзіміра немагчыма: ён нібы не мае ніякага дачынення да летонскіх паходаў.
        Тую самую палітыку мы назіраем у адносінах Полацкай зямлі да суседніх рускіх княстваў. Альберт указвае, што Ўсевалад ваяваў землі рускіх хрысціян. Якія ж землі меў на ўвазе біскуп? Трэба думаць, не полацкія. Не мог Усевалад у такі складаны для ягонага княства час, калі над ім навісла крыжацкая навала, падняць меч супраць свайго сюзерэна і саюзніка ў барацьбе з Ордэнам. Таму можна сцвярджаць, што з Уладзімірава ведама Ўсевалад нападаў на смаленскія, пскоўскія і ноўгарадскія землі. І тут таксама Ўладзіміра было цяжка схапіць за руку, абвінаваціць у парушэнні міру з суседнімі княствамі, а значыць, пачаць з ім вайну.
        Як правіла, летонскія набегі адбываліся з Полацкай зямлі, што пасля дало падставу гісторыкам сцвярджаць, нібыта Полацкая дзяржава ў канцы ХІІ стагоддзя настолькі аслабела, што падпала пад уладу Літвы. Паведамленне Генрыха Латвійскага ў многім абвяргае гэты міф. Характэрна, што рускія князі так і не здзейснілі ніводнага паходу на Літву праз Полаччыну. Відаць, полацкія князі, якія не былі зацікаўлены ў паразе Літвы, проста не прапускалі іх праз свае землі.
        А Ордэн тым часам зноў перайшоў у наступ. Кукейноскія рыцары абвінавацілі князя Ўсевалада ў тым, што ён ужо шмат гадоў не з’яўляецца да Альберта і заўсёды дапамагае летонам і парадай, і справай. З біскупава бласлаўлення крыжакі з лэтамі ў 1214 годзе выправіліся на Ўсевалада. Паблізу Герцыке яны злавілі аднаго з русаў, звязалі яго і ноччу павялі з сабою да замка. Загадалі яму перабрацца цераз роў і загаварыць з вартавым, а самі крочылі за ім. Вартавы падумаў, што гэта ішлі свае гараджанне, якія днём пакінулі горад, і бесперашкодна прапусціў іх. Крыжакі падняліся на вал, акружылі замак. Раніцай яны захапілі Герцыке і разрабавалі яго. Жыхароў, якія не паспелі ўцячы, узялі ў палон.
        Усевалад у гэты час адсутнічаў, вярнуўся ён ужо на папялішча роднага дома. Толькі не аднаўляць спалены горад давялося яму, а зноў абараняцца ад ворага. Ордэн паўтарае паход на Герцыке. Усевалад пасылае вестуноў да летонаў. Але тыя спазніліся. Ёсць звесткі, што ў баі з крыжакамі Ўсевалад загінуў[21]. Хоць Генрых Латвійскі і згадвае ягонае імя ў 1225 годзе сярод тых, хто прыехаў у Рыгу на сустрэчу з папскім легатам, але хутчэй за ўсё крыжацкаму краністу было непрыемна заносіць на старонкі летапісу факт здрадніцкага забойства рыцарамі ордэнскага падданага, бо чым можна вытлумачыць, што амаль за дзесяць гадоў ён ані разу не памянуў імя герцыкскага князя. Змірэннем Усевалада? Нешта не падобна, каб ён, зацяты вораг крыжакоў, мог змірыцца з іхняй уладай над сабою.
        Так Полацак страціў свой апошні фарпост у Ніжнім Падзвінні. І ўсё ж Полацак не склаў зброі. Яго пазіцыі ў Прыбалтыцы па-ранейшаму былі моцныя. У руках палачан заставалася Латыгольская зямля. Па-ранейшаму народы, што змагаліся супраць крыжакоў, бачылі ў Полацку свайго саюзніка. У 1216 годзе эсты звярнуліся да князя Ўладзіміра з просьбай, каб ён з войскам прыйшоў ваяваць Рыгу. Самі эсты абяцалі адначасова пачаць вайну супраць ліваў і лэтаў, а таксама заперці гавань у Дынамюндэ. Гэта быў той момант, які так цярпліва чакаў Уладзімір. У выніку ўзгодненых дзеянняў эстаў і палачанаў Ордэн аказаўся б у акружэнні, а гэта абяцала перамогу над ім. Уладзімір пачаў дзейсна збіраць войска з Полаччыны і Літвы. Калі ўсё было гатова для паходу, Уладзімір, які збіраўся ўзначаліць войска, узышоў на карабель. Раптам ён беспрытомна паваліўся і адразу памёр. Застаўшыся без правадыра, войска разышлося па дамах. Верагодна, і гэта падобна на праўду, Уладзіміра атруцілі ордэнцы.
        А праз восем гадоў – у 1224 годзе – пры абароне Ноўгарадскага горада Юр’ева (цяпер горад Тарту ў Эстоніі) загінуў князь Вячка. Так і не ўклаў ён меч у похвы – ваяваў з крыжакамі. Як прызнаецца ордэнскі краніст: «...стаў корнем усялякага зла ў Лівоніі»[22]. Вячка ўзначаліў паўстанне эстаў супраць Ордэна і, калі крыжакі акружылі яго ў Юр’еве і прапанавалі «вольны шлях», адмовіўся ад гэтай прапановы. Пасля доўгага штурму крыжакі ўварваліся ў Юр’еў. У няроўным баі загінулі ўсе абаронцы горада.
        Пасля будуць годы жорсткай і ўпартай барацьбы з крыжакамі. Будуць і паразы, будуць і перамогі, і надыдзе дзень Грунвальдскай бітвы, калі беларускія, жамойцкія, украінскія, чэшскія, польскія палкі разгромяць Тэўтонскі ордэн. Але тады, калі на пажарышчах разбураных гарадоў крыжакі святкавалі сваю чарговую заваёву, ніхто з іх не ведаў аб сумным і бясслаўным канчатку той справы, дзеля якой яны ўзялі ў рукі зброю, не ведалі, што смерць і Ўсевалада, і Ўладзіміра, і Вячкі – гэта зачын вялікай перамогі над Ордэнам.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.