РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пярсцёнак апошняга імператара
Пралог
Маскоўскія камуналкі
Дым Айчыны...
...і пыл гісторыі
Два крыжы
Кальварыйскія вароны
Сібірскія крумкачы
Ліст застаецца ў сне
Гісторыя працягваецца
Карл Карлавіч ідзе ў госці
Лёсы сплятаюцца
Логвішча адмірала
У нетрах пушчанскіх...
Апошні карнавал
Калі разбіваюцца крыжы...
Агонь і жалеза
Эпілог
ПРАЛОГ
        
ПРАЛОГ

        
        На чалавека палююць часцей, чым на звера.
        Іншыя гома сапіенсы, вядома.
        Прынамсі, ягоны анёл-ахоўнік схаваўся, мусіць, вунь за тую аблачынку і роспачна захінае светлы твар лёгкімі рукамі, каб не бачыць перапэцканага гразёю і крывёю падахоўнага. Той ушчаміўся спіной у зарослую кісліцай яміну пад вывернутым карэннем сасны, і дрыжыць ад стомы і адчаю, і дыхае хрыпла і хутка, як і належыць зацкаванаму зверу. І ўжо, мабыць, нічога чалавечага не засталося ў ягоных запалых вачах... Хіба той самы сіні колер, за які сябры называлі яго Валошкаю... Чалавек, нібыта спрабуючы пазнаць самога сябе навобмацак, праводзіць па зблажэлым твары рукой з тонкімі доўгімі пальцамі. Рагі гразі і крыві размазваюцца па скуры. Вось цяпер ён цалкам выклікаў бы ўхвалу ў сваіх улюбёных старагрэцкіх кінікаў. Зліўся з прыродай. Шкада, запозна... Ён нават усміхаецца куточкамі пакусаных вуснаў. Над галавой праляцеў авадзень. Чалавека скаланае – зумканне здаецца па-здрадніцку гучным. Нібыта на гэты гук прыйдзе пагоня... Заплюшчвае вочы і прыслухоўваецца. Ціха... Ніколі не думаў, што ягоная магіла будзе такой зялёнай, прагрэтай летнім сонцам... Што ж, родная зямля, дзякуй табе хоць за гэта. Ці я не змог даць табе волі, ці ты не схацела такога дарагога дарунку... Як у «Фрынасе» Сматрыцкага, «раззявілі на мяне свае пашчы, як варожыя пашчы, напоўненыя здрадлівымі і фальшывымі словамі. Узялі ў свае рукі сякеры і шукаюць душу маю для таго, каб яе загубіць... З усіх бакоў сеці, усюды ямы, з усіх бакоў ядавітыя джалы...»
        Чаму яны з сябрамі заўсёды ўяўлялі радзіму ў абліччы Чароўнай Дамы, няшчаснай і адначасова жорсткай, за якую варта памерці і ад якой нельга чакаць удзячнасці?
        Рамантыкі...
        Ці то здаецца, ці сапраўды да птушынага аркестра далучаецца медзь далёкага сабачага брэху. Уся істота чалавека зусім па-жывёльнаму ўздрыгвае і намагаецца ўцякаць... Але цела ўжо зрабілася часткай зямлі. Пагоня спозніцца. Што ж, зацкаваны звер назаўсёды застанецца ў зялёнай яміне. Скрозь густыя шаты дрэваў сеюцца сляпучыя сонечныя промні, яны ўтвараюць лесвіцу, ніжняя пры-ступка – на самых грудзях чалавека, а верхнія губляюцца ў зялёна-блакітнай вышыні. Яшчэ адно, што трэба аддаць зямлі... Чалавек дастае з-пад лахманоў скрываўлены скрутак і апошнім намаганнем непаслухмяных цягліцаў хавае яго глыбей пад вывернутае карэнне сасны...
        Сінія-сінія вочы чалавека на звярыным, у крыві і гразі, абліччы спыняюцца на краі маленькай аблачынкі, відочнай праз акенца ў зялёных шатах. З аблачынкі светла-светла ўсміхаецца анёл.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2018. Беларусь, Менск.