РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Мрый
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Запіскі Самсона Самасуя
СКРУТАК ПЕРШЫ
СКРУТАК ДРУГІ
І. Жыў чалавек, жыве яго вантроба!
ІІ. Выраўнаць лінію!
ІІІ. Сонечная кампанія
ІV. Гостры гастрыт
V. Вага расьце
VІ. Прапаганда Агіды да старога
VІІ. Пякельная праца
VІІІ. Трагладыт
ІХ. Пратарчака жыцьця
І. Ад роднай хаты
ІІ. На новым месце
ІІІ. Сувязь мацнее
ІV. Жартоўны птушанок
V. Вуж закаханы
VІ. У шэрагах мяшчан
VІІ. Увязаць, узгадніць трэба...
VІІІ. Грамадзкая рошчына
ІХ. Тонкая мэханіка
Х. Сьмерць мілэдзі
ХІ. Душ!
І. ЖЫЎ ЧАЛАВЕК, ЖЫВЕ ЯГО ВАНТРОБА!
        
І. ЖЫЎ ЧАЛАВЕК, ЖЫВЕ ЯГО ВАНТРОБА!

        
        Папярэдняя інтрыганцкая фаза разьвіцьця, у якую ўступіў я дзякуючы напружанай барацьбе з бузацёрам і сьвістулянтам Лінам, вельмі моцна грукнула мне ў галаву і наскрозь пракалола ўсю маю істоту. Тая склочная культура, якую разьвёў вакол мяне Лін, вельмі зьнясіліла мяне. Я хацеў ужо адбой біць. Хацеў кінуць, рынуць усё ды асесьці на бацькавай гаспадарцы.
        Але раптам, нечакана для мяне, тэмп шалёнай барацьбы зь Лінам значна зьнізіўся, і падзеі пайшлі ў мой бок.
        Цяпер, калі я пішу гэты другі скрутак сваіх запісак, мая пазыцыя больш-менш умацавалася. Зразумела, і цяпер небасхіл майго грамадзка-вытворчага жыцьця яшчэ ня зусім бяз хмарак. Небясьпека яшчэ засталася. Той антысамасуйны блёк, які стварыў Лін, час ад часу дае сябе адчуваць. Гэта прымушае мяне рабіць няверагодна ўдалыя манэўры й сваячасова разрываць павуціньне варожых мне пэрсанажаў і арганізацыяў.
        За мінулы пэрыяд свае дзейнасьці я дабіўся значных дасягненьняў. Цяпер я досыць прыкметны працаўнік акруговага маштабу. Я ўжо ня жыву пад знакам вадалея. Жыцьцё маё цяпер арганізацыйна афармавалася. У мяне добрая кватэра з цэнтральным ацяпленьнем, электрычнасьць, мармуровая купель з дожджыкам, добры сад, а ў ім пышныя кветкі, якія разносяць дуротны пах і напаўняюць увесь арганізм салодкімі, бязьмежнымі марамі. Я вельмі ўпадабаў сваё цяперашняе жыцьцё і гляджу на яго з «псыхалюбаваньнем». Праўда, нялёгка далося гэта!
        Я праявіў максімальнае напружаньне сіл і шмат творчай энэргіі сканцэнтраваў, каб узьняцца на гэту вышэйшую стадыю ў разьвіцьці грамадзкага жыцьця. У далейшьм мне трэба будзе адпаведным чынам зафіксаваць гэты свой сацыяльны і матар’яльны стан і дабіцца далейшых посьпехаў.
        Пэўная доза асьцярогі, якую набыў я за пройдзены адрэзак часу, ёсьць парукай, што тыя цяжкасьці, якія сустрэнуцца на маім шляху, будуць мною пераможаны. Яны ня ліквідуюць майго грамадзкага «я».
        Часта прыходзіць мне ў галаву прыказка Торбы:
        – Жыў чалавек, жыве яго вантроба!
        Цалкам далучаючыся да гэтых слоў, я досыць аптымістычна гляджу на далейшае разьвіцьцё падзеяў.
        Я добра ведаю, што кашаль бяз колік нікуды ня варты (Торба), і што трэба выпіць да самага доньня келіх гарчышнага жыцьця, толькі пры гэтай умове зразумееш і адчуеш слодыч існаваньня наогул.
        Вось прадпасылкі майго аптымізму. Нядаўна мяне канфідэнцыйна інфармавалі ў цэнтры:
        – З восені мы маем намер перакінуць цябе сюды на вельмі адказную працу. Згодзен?
        Мяне гэта вельмі ўсхвалявала і выклікала нястрыманае маральнае здавальненьне. Гэта прапанова найлепшы сьветка маіх шматлікіх дасягненьняў. І я даў генэральную згоду на перакідку.
        Сьпяшу падкрэсьліць: у нашым жыцьці няма яшчэ выстарчаючай плянавасьці. І мне нямэтазгодна браць прыклад з таго цыгана, які круціў сонцам, або праяўляць нездаровае імкненьне скупсьці цецярука, калі яшчэ не злавіў яго. А таму я да часу маўчу і не праяўляю публічна свае здаровае ў прынцыпе экспансіі.
        Замест разважаньняў аб далейшых хвалюючых пэрспэктывах я лепш занатую падзеі, якія адбыліся ў Шапялёўцы пасьля той ганебнай баталіі зь Лінам, што ацьвярэзіла мяне і пераканала ў неабходнасьці мэтавай цьвёрдай устаноўкі і плянавага прынцыпу ў маёй далейшай чыннасьці. Занатаваць падзеі насьпела неабходнасьць. Бо, калі іх разглядаць у цэнтральным аспэкце, дык магчыма, яны і ня маюць першараднага значэньня, але для мястэчка Шапялёўкі і раёну іх значэньне можна параўняць зь геалёгічным пераваротам.
        А для мяне пройдзены этап мае выключную гістарычную цікавасьць. Разгортваючы ў сваёй галаве ход мінулага жыцьця ўва ўсіх дробязях фактычных абставін, я бачу:
        – Не малую ролю ў культурнай рэвалюцыі, што адбывалася ў Шапялёўцы і мела ўдарна-кампанейскі характар, адыграла і мая пэрсона. Справу, якую гістарычны лёс усклаў на мае плечы, я выконваў так добра, як п’яўка кроў сьсе (з разьвітальнай прамовы, словы Мамона).
        Кароткая заўвага. Тры чалавекі ў Шапялёўцы зрабілі ўплыў на маю фразэалёгію і памаглі фармаваньню маіх мастацкіх пачуцьцяў.
        Гэта трыяда: судзьдзя Торба, загадчык нардому пясьняр Гарачы (Пушкінзон) і настаўнік Мамон.
        Што датычыцца паршага, дык у самым пачатку мінулага лета я ў садзіку каля сваей кватэры (дзе і Крэйна жыла) знайшоў няхоцьцю кінуты блёкнот Торбы. Там былі запісаны яго штодзённыя прыказкі з прычыны розных актуальных здарэньняў. Гэта быў скарб для мяне. Я тады некалькі разоў перачытваў гэты помнік эпохі. Пасьля з-за гэтага блёкноту, дзякуючы маёй нявытрыманасьці (язык – мой вораг!), увосень была праведзена ўдарная кампанія. Быў наладжаны паказальны грамадзка-таварыскі суд над Торбай. Аб гэтым у запісках я мімаходам скажу. Цяпер хачу падкрэсьліць адно:
        – Ня гледзячы на тое, што на судзе я фігураваў у якасьці пракурора і паводля дадзеных мне вышэй стаячай арганізацыяй дырэктыў сурова выкрываў антыграмадзкія пагляды і думкі Торбы (– Як сабака віляў у чаўне! – гаварыў мне пасьля Торба, які ня вельмі злаваўся на мяне) і разышоўся з былым прыяцелем ува ўсіх напрамках, але Торбаў блёкнот я ціхаматна перапісаў сабе на ўспамін і часта пад нос мармочу сабе няўміручыя прыказкі Торбы. Часта густа яны для мяне, як рэлігійны опіюм для народу, як валер’янавыя кроплі для нэрвова-стомленых, замардаваных людзей. Магутная моц слова!
        Пра песьняра Гарачага скажу: яго шалёная фантазія, прызнаюся, троху ськіўнула і мяне з розуму. Яго паэмы вытрыманыя ў стылю рэвалюцыйнага трубадурства, зьяўляюцца яскравым доказам, як вырасла за гэты час наша паэзія, як вырасьлі масы, якія культурныя турботы апаланілі іх думкі ў наш час. Я паддаўся ўплыву яго паэзіі, як чулы баромэтр.
        Пра Мамона будзе ў далейшым сказана.
        А цяпер, пасьля пададзеных заўваг, я пераходжу да справы.
        Шпарчэй скачы, маё пяро, і, нічога не хаваючы, чорным насеньнем зафіксуй мінулае!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.