РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Мрый
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Запіскі Самсона Самасуя
СКРУТАК ПЕРШЫ
СКРУТАК ДРУГІ
І. Жыў чалавек, жыве яго вантроба!
ІІ. Выраўнаць лінію!
ІІІ. Сонечная кампанія
ІV. Гостры гастрыт
V. Вага расьце
VІ. Прапаганда Агіды да старога
VІІ. Пякельная праца
VІІІ. Трагладыт
ІХ. Пратарчака жыцьця
І. Ад роднай хаты
ІІ. На новым месце
ІІІ. Сувязь мацнее
ІV. Жартоўны птушанок
V. Вуж закаханы
VІ. У шэрагах мяшчан
VІІ. Увязаць, узгадніць трэба...
VІІІ. Грамадзкая рошчына
ІХ. Тонкая мэханіка
Х. Сьмерць мілэдзі
ХІ. Душ!
ІХ. ТОНКАЯ МЭХАНІКА
        
ІХ. ТОНКАЯ МЭХАНІКА

        
        А далей падзеі разгарнуліся шалёным тэмпам. Мы склікалі нараду па культпрацы ў раёне. Былі прадстаўнікі ад мясцкомаў, школ, жанаддзелу, райкому, камсамолу. На тэму аб спосабах ажыўленьня культпрацы даклад зрабіў я. Удзельнікам нарады я прапанаваў:
        – Неабходна ў нардоме правесьці шэраг лекцыяў на жыватрапетныя тэмы!
        – Заснаваць гурткі пры клюбах, асабліва рэкамандаваць два гурткі: упартай самаадукацыі і гурток па вывучэньні пэрспэктываў!
        – Увесьці ў практыку культпрацы індывідуальныя даклады паасобных сяброў прафаб’яднаньняў. Сутнасьць іх: таму ці іншаму сябру ў вабавязкавым парадку прапануецца зрабіць даклад агульнаму сходу аб сваёй грамадзкай, савецкай і сямейнай чыннасьці за вядомы пэрыяд.
        – У плянавым парадку правесьці па вёсках абгаварэньне двох дакладаў: аб Сун-Ят-Сэне і аб юрыдычным ці фактычным шлюбе.
        Прапановы былі прыняты. Спрачаліся толькі аб індывідуальных дакладах і даручылі, як першую спробу, на бліжэйшым агульным сходзе заслухаць такі індывідуальны даклад. Нарада вызначыла тэмы папулярных лекцыяў і вылучыла лектараў. Мамону даручылі лекцыю «Аб стварэньні сьвету», мне – «Аб гангрэнах нашага часу», тав. Домне – «Аб ролі жанчыны наогул і ў прыватнасьці», настаўніку Гылі – «Аб рэлігіі, як стадыі масавага шалёнства».
        Калі абмяркоўвалі пытаньне, каму-ж даручыць гэты індывідуальны даклад, я высунуў кандыдатуру Ліна і Крэйны. Гэтыя кандыдатуры выклікалі агульнае задзіўленьне, хацелі адхіліць іх, але я лоўкім чынам замацаваў за імі. У мяне ў галаве ў гэту хвіліну варушыўся цікавы плян помсты і Ліну і ёй, Крэйне.
        Не магу я забыцца на яе. Гэта вышэй мае прыроды. Як Гарачы сьпявае ў сваім рамансе:
        Лягу спаць я на белай ложы, Каханьне спаць мне не дае!
        У вапошні момант дзяўчына вельмі наруглівай зрабілася. Робіць усё насупор мне. У сваім пакоі вельмі гучна, выклікаюча сьмяецца. Літаральна кажучы – іграе на струнах мае душы. Калі я загавару зь ёю, чым-небудзь зачэпіць за жывое мяне, у вочы рагоча, як трохгадовая жаробка.
        – Калі-ж ты такую лінію вядзеш, смазьлівая каньюнктура розных частак цела, дык і я-ж давяду табе цьверж свае натуры! – зларадасна думаю я, ідучы з нарады.
        Праз тыдзень прызначылі агульны сход. На абвестку яго занесьлі лекцыю Мамона і індывідуальны даклад Ліна. Сабралася шмат народу, што і клюб не зьмясьціў усіх. Прышлося адчыніць дзьверы і з вуліцы слухаць.
        Мамон прышоў і нават ня ведаў, што яму далі даклад – лекцыю. Тав. Мілёнак сказаў:
        – Праз 10 хвілін твая лекцыя, тав. Мамон!
        – Мая лекцыя! Аб чым?
        – Аб стварэньні сьвету.
        – Дзіўна!.. Нічога ня зробіш! Добра! Што-небудзь скажу!
        І знайшоў, што сказаць. Нават разьвесяліў.
        А вось калі чарод дайшоў гаварыць Ліну, той быў вельмі зьбянтэжаны. З пуду пачаў гаварыць у нос, часта ваду ліў і нёс нейкую лухту, нявытрыманую на ўсе 100 працэнтаў.
        К канцу свайго дакладу Лін увесь пад пенаю стаў. Я ўзброіўся блёкнотам і даў яму запытаньні: як ён праводзіць свой вольны час, дзе бывае, куды ў госьці ходзіць, у каго ён быў 15, 18, 23 і 25 чэрвеня, якія яго адносіны да жанчын наогул і да супрацоўніцы РВК тав. Шуфер Крэйны ў прыватнасьці, што адчувае ён, калі сядзіць побач з Крэйнай Шуфер і, урэшце, як выконвае тав. Лін свае абавязкі перад сям’ёй.
        Другі, больш устойлівы індывід, магчыма, і даў-бы мне належны і рашучы адбой, але Ліна я захапіў неўспадзеўкі і ён яшчэ больш замітусіўся. Толькі цяпер ён зразумеў, што гэта я наваліў на чалавека гэты недарэчны для Ліна даклад. Лін глядзеў на мяне, як выпса, як зьвярына затуканая.
        Крэйна сядзела чырвоная, як каліна ўвосень, не падымаючы вачэй угору.
        Я востра перажываў перамогу. У спрэчках сказаў:
        – Наш абавязак зьвярнуць увагу на жыцьцё і паводзіны сваіх таварышаў. У іх жыцьці ёсьць гангрэны, якія трэба выразаць, зьнішчыць, не даваць разьвівацца. Мы павінны сыстэматычна правяраць становішча працы на нашых вузлавых вучастках працы. Трэба ў кажнага праверыць якасьць працы, яе зьмест. Праца павінна быць творчая, сьвядомая, не такая, як у тав. Ліна. Ён нават ня ведае, дзе быў, што рабіў, жыве бяз тэорыі, бяз пэрспэктываў. А мы павінны памятаць, што бяз тэорыі чалавек лезе ў балота. Тав. Лін ня толькі сам гэта робіць, але цягне ў балота й другіх. Мы павінны дзергануць яго і сказаць: «Тав. Лін, прыдзі ў сябе, ты паўзеш па гнілому шляху распусты!»
        Лін не дачакаўся заключнага слова:
        – Здахата на ўсіх, на вас! Чаго ад мяне хочуць! Яшчэ-ж нічога ня было! Сьвішчу я на ўсе гэтыя самасуеўскія запытаньні, прапановы, парады. Якая яму справа, дзе я быў? Дзе быў, там няма, куды прышоў – там ёсьць! Усюды нос свой утачыць хоча! Якая яму справа? Кажны чалавек сваім стылем жыве! Тут, таварышы, асабістая глеба, што ён прычапіўся да мяне! Ён закахаўшыся ў Крэйну Шуфер, дык з хворай галавы валіць на здаровую.
        – Гэта ня факт! – пачырванеўшы, закрычаў я.
        – Гэта ня факт, а фактар! – сказаў Лін.
        На дзіва знайшліся людзі, якія пачалі абараняць пазыцыю Ліна. Супроць мае лініі выступілі тэлефаністы Сьвердзялюк, тэлефаністка Горбік, Зоя Люсарэнка. А самае няпрыемнае на гэтым сходзе было тое, што адзін таварыш зь Менску, які рэвізаваў РВК, выслухаўшы нашы спрэчкі і даклады, заявіў:
        – Толькі злачынная фантазія можа прыдумаць такую нуду, глупства і дзікунства. Я прапаную кароткую рэзалюцыю – аддаць тав. Самасуя таварыскаму суду за такія даклады, за такую культпрацу!
        Я не пабаяўся, што ён зь Менску, і супакойна сказаў:
        – Гэта – ініцыятыва профбюро, я толькі выконваю яго даручэньні!
        Менскі таварыш абстрыкаўся. Але страшэнны тлум узьняўся на сходзе. Замужнія сямейныя жанчыны прынялі мой бок і з пагардай глядзелі на Крэйну, якая разьбівае сям’ю Ліна, а ўся моладзь рашуча выступіла за Крэйну і, не саромячыся, у вочы гаварыла мне, нібы я сваімі ганебнымі ўчынкамі і прыдзірствам узмацняю шзрагі мяшчан. Нехта нават прыкруціў электрычнасьць і тады другі правакатар пусьціў у мяне скруткам паперы. Гэтыя жарты мне не спадабаліся. Я плюнуў, хутчэй вышаў з клюбу і паляцеў дамоў.
        На плошчы мяне дагнаў Лін, ішоўшы падпашку з Крэйнай. Нахабна загаварыў штучна-добрым голасам:
        – Я раю вам, тав Самасуй, жаніцца! Гэта для вашай асобы неабходна, вы сталі-б больш супакойнымі, не рабілі-б такіх дураскокаў, як сёньня, а галоўнае – дурні не зьвяліся-б на сьвеце!
        Я фур’ёзна падскочыў да Ліна, схапіў яго за грудзі і нічога лепшага ня прыдумаў:
        – Ты паскуднік, цэнтральны гад!
        Лін моўчкі схапіў мяне за рукі, крыжом перакруціў іх і пры ліхтарным сьвеце насьмішліва глядзеў у мае вочы.
        – Я запішу табе гэта крывавымі літарамі! – вырываючыся зь яго рук, сказаў я, адчуваючы, што ён мацней за мяне і ўжыць цяпер вулічную фізкультуру будзе для мяне небясьпечна.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.