РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Мрый
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Запіскі Самсона Самасуя
СКРУТАК ПЕРШЫ
СКРУТАК ДРУГІ
І. Жыў чалавек, жыве яго вантроба!
ІІ. Выраўнаць лінію!
ІІІ. Сонечная кампанія
ІV. Гостры гастрыт
V. Вага расьце
VІ. Прапаганда Агіды да старога
VІІ. Пякельная праца
VІІІ. Трагладыт
ІХ. Пратарчака жыцьця
І. Ад роднай хаты
ІІ. На новым месце
ІІІ. Сувязь мацнее
ІV. Жартоўны птушанок
V. Вуж закаханы
VІ. У шэрагах мяшчан
VІІ. Увязаць, узгадніць трэба...
VІІІ. Грамадзкая рошчына
ІХ. Тонкая мэханіка
Х. Сьмерць мілэдзі
ХІ. Душ!
І. АД РОДНАЙ ХАТЫ
        Я скажу ўсім, хто гэтага пачаў-бы дамагацца, што я – сучасны чалавек. Маё імя Самсон Самасуй.
        Я з мужыкоў.
        Мой бацька, дзед, прадзед, прапрадзед, прапрапра... і г.д. усе былі мужыкамі. Я надзвычайна гарды тым, што маю мужыцкі твар і асабліва нос у форме бульбы. У залежнасьці ад гэтага і розум мой ёсьць розум выразна мужыцкі. Мне могуць сказаць, што няма такой катэгорыі, як мужыцкі розум, а я скажу, што ў мяне толькі такі і ёсьць.
        Далей сьмела ўсім заяўляю, што бацька мой ня кулак. Даю фактычную даведку.
        Дзьве каровы, конь, жаробка, сьвіньня, здаецца, 4 ці 7 прадстаўніц курынага роду, хата з трыма вакешкамі, ды яшчэ рознае не стандартызаванае хаўбосьце. Такім чынам, па эканамічнай адзнацы майго бацьку ніяк нельга залічыць да ганебнага стану кулакоў. А з пункту гледжаньня ідэялёгіі, дык ня ведаю, як зарэгістраваць яго. Хто можа аб гэтым упэўнена сказаць, калі, як кажа мой прыяцель, філёзаф Торба, заблытана чалавечае жыцьцё, і няма ў ім строга акрэсьленай намэнклятуры.
        Другі мой прыяцель, настаўнік Цыба, сказаў мне, што мой бацька, магчьма, і ёсьць кулак, бо пытаньне аб прыналежнасьці да гэтага заалягічнага тыпу вырашаецца часта ня лікам кароў ці коняй, а настроем і экспляататарскай чыннасьцю. Вось гэта як у сук улеплена.
        Пра сябе скажу, што іншы раз я вельмі абураны ангельскімі імпэрыялістымі, здаецца, горла ім перарэзаў бы, а ў другі раз салодка мару аб прынадах буржуазнага жыцьця. Так салодка мару, што пасьля і самому сорамна робіцца. Нават чырванею. Мой лепшы сябра, настаўнік Мамон, жартуючы кажа:
        – У цябе ўсё мужыцкае, а пуза панскае!
        «І праўда!» – думаю я і хачу высьветліць прычыны гэтага. Знаходжу толькі адно тлумачэньне для гэтай дыспрапорцыі: прырода вядзе гандаль з маім целам – яна дае мне сыр, масла, хлеб, розныя іншыя карысныя й некарысныя фэрмэнты (ня ведаю, ці можна так гаварыць: у мяне нейкі пал да чужаземшчыны). У замену за гэта прырода адбірае ад мяне зусім нявартыя для мяне рэчы, за якія ніхто і шэляга ня дасьць. І вось гэты гандаль з прыродай выклікае ў мяне такую пярэстую рознастайнасьць маіх настрояў, эмоцыяў, хаценьняў, жаданьняў, перажываньняў.
        Адна ня вельмі разумная жанчына, якую я аднойчы ў вочы назваў індыйскім просам дурро, атэставала мяне, як дэклясаванага мешчаніна. Зразумела, гэта зусім ня так. Гэта назва выклікана помстай за маю досыць удалую атэстацыю. Праўда, памянёны філёзаф Торба адзначыў мяне, як клясава нявытрыманага байца, сказаў мне, што я неўраўнаважаны (а ён ураўнаважаны?) чалавек. Няхай сабе так. Скажу толькі, што я сам лічу сябе сучасным і здавальняюча-разумным чалавекам, хоць павінен зь вялікай неахвотай памянуць пра шапялёўскіх яўрэяў, якія пад нос завуць мяне «мішугэнэ». І гэта ня гледзячы на тое, што я ў райвыканкоме ў сваіх руках трымаю важныя спрунжыны культуры і ведаю, што раблю!
        Пра мінулае маўчу.
        Скажу толькі: я бывалы чалавек.
        Мяне матка часта ўпікае:
        – Трынку, валынку, сьвету палавінку аб’езьдзіў, сьвет абкалаціў, ды сюды вараціў!
        Некалькі разоў сядзеў я пад арыштам і карміў сваёй чырвонай кроўю блох ды іншых шасьцікрылых і шасьціногіх херувімаў і сарахвімаў. Ды і не магло быць інакш з маім тэмпэрамэнтам.
        Спамяну пра адзін выпадак.
        У 20 годзе я быў прадагэнтам. Прыяжджаю ў Гомель, і на кажным кроку мне анкеты запаўняць даюць. Хто мой бацька, хто мая матка, што яны рабілі да рэвалюцыі і пасьля яе, ці была ў мяне маёмасьць, і калі была, дык куды яна дзелася? Да 300 запытаньняў было ў той анкеце, якую падсунулі мне ў заежджым доме No.3. На мяне ўсьсеў д’ябал нейкі. Думаю: дай-жа я пажартую зь імі, пагляджу, што зь іх будзе.
        Пішу: да рэвалюцыі быў буйным земляўласьнікам, меў 300 000 акраў чарназёму, быў сакратаром пасольства ў Лёндане. І шмат яшчэ чаго нахлусіў.
        Яны, галубчыкі, і сцапалі мяне. Пасадзілі ў блыхарню і трымалі там, пакуль добра высьветлілі, што я ніякім буйным земляўласьнікам ня быў.
        Выпусьцілі мяне, але кар’ера мая была сапсавана, і я доўга ня мог знайсьці сабе месца, якое адпавядала-б маім здольнасьцям. Праз год я знайшоў сабе пасаду, і пра гэта будуць гаварыць мае запіскі.
        Цяпер-жа скажу, чаму я сеў за стол і пачаў пісаць.
        Яшчэ тры гады назад я неяк напісаў у газэту карэспандэнцыю аб выбрыках старшыні каапэратыву і прачытаў яе асобе, якая для мяне даражэй за ўсё на сьвеце. І яна сказала мне:
        – Пішы, пішы! Зь цябе можа і выпішацца што!
        Гэтыя словы, як маланкай, спалілі мяне. Як вар’ят, хадзіў я па пакою і мармытаў сабе гэтыя словы:
        – Пішы, пішы! Можа што і выпішацца!
        Цяпер я і пішу.
        Але я не паперапсуй, пішу зусім не для таго, каб бачылі ўсе напісанае мною. Розум мой даўно прайшоў эмбрыёнальную стадыю разьвіцьця і я добра ведаю, якое вялікае значэньне маюць дробязі ў жыцьці. У маім цяперашнім пакоі я павесіў на сьцяне плякат із словамі аднаго вучонага, які сказаў:
        – Каб мы ведалі ўсе дробязі жыцьця якой-небудзь казюлькі, мы шмат якіх памылак маглі-б не зрабіць!
        Вось я і пішу свае запіскі. У іх буду гаварыць аб дробязях свайго жыцьця: як я з бацькам пасварыўся, як паехаў я шукаць свайго шчасьця, як хацеў там пашырыць сваё фізычнае я і як з гэтага нічога ня вышла.
        Сам я не надаю ўсяму гэтаму вялікага значэньня. У сусьветныя маштабы ня веру.
        Але мой сябра, настаўнік Мамон, каторы ўвесь час штурхае мяне на шлях славы, кажа мне, як Мэфістофэль:
        – Твае мэмуары будуць перакладзены ня нямецкую, ангельскую, францускую і нават готэнтоцкую мову! Каб я меў час і здольнасьць, я зараз пачаў-бы перакладаць на гэтыя 4 мовы.
        Заўважце што ў настаўніка Мамона ёсьць вельмі складаныя абавязкі мужа, бацькі, сына, загадчыка, рэвізора 7 устаноў і прамоўцы на ўсіх пасяджэньнях і нарадах. Калі ён гаворыць так, значыцца мае запіскі маюць значэньне, якое выходзіць за межы маёй асобы.
        Гэта мне паддае жару, і ў поўнай сьвядомасьці цьвёрдай памяці я пачынаю свае запіскі.
        
        
        
        
СКРУТАК ПЕРШЫ

        
        
І. АД РОДНАЙ ХАТЫ

        
        – Ты-ж глядзі, мой сынок! – гаварыла мне маці, калі я пасьля доўгага беспрацоўя атрымаў пасаду ў Шапялёўскім выканкоме.
        – Ты ўжо не хлапчук. Час падумаць на сябе ды аб нас старых... Жаніцца-б табе, ды супакойна гадаваць дзетак. І я з радасьцю пачукала-б тваіх дзетак! Глядзі-ж, сынок, хоць цяперака трымайся, каб зноў не ўкарацілі!
        На гэтае матчына выступленьне я самаўпэўнена адказаў:
        – Я ведаю, маці, як сябе трымаць! Ці я людзей ня бачыў? Ці мне гэта ў першы раз?
        Маці сумна памахала галавою:
        – Заўсёды, сынок, так кажаш, а як дадуць справу, дык і выкінеш! Ой, баюся я за цябе! Па бацькавай вудалі пашоў.
        Мой бацька, раўнадушна зірнуўшы на матку, пыхкаючы люлькай, у нос прамармытаў:
        – Па маёй вудалі? Каб па маёй, дык сядзеў-бы на зямлі. А то сьвет аб’езьдзіў, усе гарады абнюхаў, ды нідзе прыстану не знайшоў. Казаў і кажу: лепш кінуў-бы вандраваць ды ўзяўся-б за зямлю.
        Я выйшаў на сярэдзіну хаты, растапырыў ногі, як крынджалы, задраў нос уверх і, прыплюснуўшы правае вока, тэатральна запытаў у бацькі:
        – Як-жа? Буду калупацца ў пясочку вашым? Няхай троху пачакае! Якое тут жыцьцё? Бачыўшы цывілізацыю, які разумны чалавек пачне рабіць гэта калупайства ваша? Краты вы, а ня людзі! Які сэнс у вашай крацінай працы?
        Не адзін раз бацька слухаў мае разважаньні аб адсутнасьці матар’яльнай базы ў яго вытворчасьці і, трэба сказаць, слухаў іх з вужацкім спакоем, а цяпер раптам закрычаў на мяне высокім голасам:
        – Ах каб ты выпруціўся, чортаў сын, вучоная раськірэка! Дык я крот? І матка краціха? Рыемся ў зямлі і сьвету ня бачым?
        – Ты – ня крот, а праца твая краціная!
        – Калі так, чаго-ж ты, Хадора сьвятая, як дадуць табе перцу, зноў хвост падтуліўшы сюды ляціш ды на бацькавай шыі сядзіш? І працаваць ня хочаш, хочаш дурыкамі жыць! Над бацькавымі мазалямі сьмяешся... Вучыў цябе, ночай не дасыпаў, хацеў, каб сын вучоны быў, а ты цяпер і сьмяешся з бацькі, з маткі...
        Бацька не на жарты ўсхадзіўся, Гэта параўнаньне з кратом фарсіравала яго кроў.
        – Калі-ж так, – кінуў ён ужо нізкім тонам, – ня дам табе кабылы! Едзь на сваіх, на дваіх! Цягні, як хочаш, свае прычындалы! Досыць зь мяне! Наслухаўся твайго мудрагельства!
        Бацька грукнуў дзьвярыма і вышаў на двор. Там ужо стаяла ў поўнай баявой гатоўнасьці запрэжаная кабыла.
        Бацька пачаў нэрвова распростваць яе, нешта злосна бубніў сабе пад нос, некалькі разоў абазваў ні ў чым нявіннае стварэньне «шэльмай гарбаносай». Кабыла зусім не хацела разумець бацькавай крыўды і зьдзіўлена пазірала на слаба каардынаваныя рухі свайго гаспадара і яго палітычна нявытрыманую тактыку.
        Распрогшы кабылу, бацька ў пуню яе не загнаў. Адыйшоў ад кабылы і сеў на калоду. Кабыла пастаяла хвіліну і падышла да бацькі, нюхаючы паветра.
        Бацька даў ёй шэраг запытаньняў:
        – Чаго прышла? Чаго стала тут? Ідзі ў пуню! Не паедзем мы з табой, кабылка!
        Зірнула на яго зьдзіўлена сваімі добрымі вачмі і ціха пасунулася ў вадчыненую пуню.
        Я злосна пазіраў у вакно на бацьку, кабылу і каламашку, у якой мусіў быў ехаць, каб ня гэты нікчэмны крот. З практыкі ведаў, што цяпер ня хутка наладзіш дыплёматычныя зносіны з бацькам.
        Матцы я сказаў, вачмі паказваючы на бацьку:
        – Вунь сядзіць, надзьмуўся, як сава! Здаецца, каб быў бацька маладзей, пашоў-бы я туды ды адкалатушыў бацьку!
        Матка ласкава сказала мне:
        – Кінь злавацца! Бацька адходлівы! Пасьля абеду паедзеш, а нанач там будзеш. А цяпер лепш сабраў-бы ўсё сваё да кучы. Я табе памагу.
        Я паслухаў маткі і пачаў упакоўваць свой гардэроб. За 15 гадоў бадзяньня па сьвеце шмат чаго сабралася ў мяне.
        Дзьве хутры, адна лісіная, другая ваўчыная, дзьве бэкэшы, шынэлька вельмі пралетарскага крою, прастрэленая ў некалькіх мясцох: пахаджэньне гэтых дзірак я добра ведаў і ўсім гаварыў, што кулі белагвардзейскай сволачы прастрэлілі яе на Дзінікіным фроньце. Было яшчэ паліто даімпэрыялістычнай эпохі, зусім куртатае і цеснае для маёй асобы. Іншы раз я апранаўся ў яго і, як заўважыла мне тэлефаністка адна, паліто сьмешна выпучвала мае заднія формы. Шмат было ў мяне і нагавіц: галіфэ розных колераў і фасонаў, райтузы, клёшы, спрынджыкі (апошні крык амэрыканскай моды), шаравары і нават беларускія споднікі зь «сеслам» для эфэктных выступленьняў у спэктаклях.
        Увесь мой гардэроб і апісаць нельга. Бацька называў усе мае рэчы «прычындаламі» і часта гаварыў маёй матцы:
        – Тысячы паўтары можна было-б скалаціць за гэта прычындальле! Але што ты зробіш сыну, калі ён носіцца з цацкам, ды хварэе на пана? А можна было-б паправіць гаспадарку!
        Уся вопратка ляжала ў кучы і была перасыпана нафталінам. Матка, парадкуючы яе, увесь час чмыхала, круціла носам і бубніла:
        – Каб табе праваліцца, нячыстая сіла! Ня звыкнуся з гэтым смуродам! І выдумаюць-жа людзі!
        Я сачыў за кажным рухам маткі і даваў інструкцыі. Матка адгаворвала:
        – На што ты забіраеш усе рэчы?
        – Я там асяду. Апошні раз цягнуся з дому. Можа ажанюся там, маці!
        – Няхай-жа Бог пасылае, сынок!
        Матка зірнула на мяне, статнага, бялявага зь вельмі пухнатымі вусамі і дужа кірпатым тварам мужчыну, і мімаволі з вачэй яе сыпнулі сьлёзы.
        «Прычындалы» былі ўпакаваны. Я зірнуў у вакно. Бацька ўсё сядзеў на калодзе.
        – Пакладу яшчэ кніжкі і розную дробязь, тады ўсё будзе ў парадку! – сказаў я сам сабе і пачаў даставаць з паліцы кніжкі.
        Чатыры кніжкі я лічыў настольнымі і ніколі зь імі не разлучаўся:
        1) падручнік, як гаварыць мала і важка,
        2) культура трох камераў цела,
        3) як разьмяркоўваць свае функцыі і
        4) падручнік па агульнаму кіраваньню.
        Апрача гэтых кніжак я ўзяў яшчэ іншыя падручнікі ў розных галінах нашага жыцьця і «палітэканомію ў пытаньнях і адказах». Узяўшы апошнюю ў рукі, я задаў сабе некалькі пытаньняў і, зачыніўшы вочы, адказаў на іх.
        Паверх кніжак я паклаў яшчэ складаны зэдлік і столік і ўсё гэта ўціснуў вяроўкамі. Ад натугі засопся і сеў на лаву.
        – Сапрон, ідзі палуднаваць! – клікнула маці бацьку. Елі моўчкі. Мне хацелася распачаць спрэчкі, але матка, як відаць, сваячасова мірганула бацьку і дала яму дырэктывы маўчаць. Як падмацаваліся, матка, прыбіраючы стол, запыталася ў бацькі:
        – Паедзеш ты ці не? Калі думаеш, дык трэба думаць. Каб ня было позна? Усёроўна трэба-ж ехаць!
        – Каму трэба, няхай едзе! Няхай ідзе ды сам запрагае.
        – І пайду! Запрэгчы нядоўга – сказаў я і вышаў на двор. Але ня ведаў я ўсіх тонкасьцяў бацькавага рамяства і развучыўся вазёкацца. На вучоныя лез! Доўга я марудзіў, шукаючы даўно знойдзеныя Амэрыкі. То гужы кароткія, то кляшчы ня сходзяцца, то яшчэ якая хвароба. Нават не з таго боку пачаў дугу ўстаўляць.
        Вышаў з хаты бацька і з пагардай глядзеў на мае апэрацыі.
        – Куды ты сунеш? Ня гэтак! У другую дзірку! Мацней нацягвай! Нагою ўпірайся!
        Бацька злосна плюнуў, падышоў да кабылы і перарабіў усё пасвойму.
        – Гэта табе ня рэзалюцыі выносіць! – закончыў ён і пашоў у хату.
        На разьвітаньне із мною прышлі з поля мае сёстры. Яны мяне вельмі паважалі, глядзелі на мяне, як на вялікую шышку. Цалуючы старэйшую сястру Ганульку, я сказаў:
        – Замуж не сьпяшайся, асабліва за Яўмена. Я табе знайду добрую пару!
        Гануля троху адукаваная, тры зімы хадзіла ў школу. Як прыбярэцца калі, дык вельмі падобна да інтэлігенткі, хоць бацька і дражніць яе ў гэты час «чыпірадлай». Я не разумею, які сэнс бацька ўкладае ў гэта слова, але Ганулька вельмі ня любіць гэтага слова.
        Матка троху сьлёзак ськінула і зноў наказала мне, каб быў асьцярожным і трымаўся за пасаду.
        Пад акампанімэнт матчыных знаёмых мне сьпеваў узьлез я на воз. З правага боку да мяне падсеў бацька, і нашы калёсы выкаціліся з двара.
        Праз хвіліну мы ўжо трухам ехалі па шляху на Шапялёўку.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.