|
ІІ. ВЫРАЎНАЦЬ ЛІНІЮ! Аднойчы, калі цьвілі ліпы, і ў паветры духотна п’яным і гарачым плылі струмені ліпнёвага паху і квітнеючых сенажацяў, я стаяў на мосьце і глядзеў, як паціху бегла вада невялічкай рачулкі. Мост быў пад горкаю, каля могілак за мястэчкам. Лог ля рэчкі бялеў увесь рамонамі. Цяжка было на сэрцы. Газэтная кампанія, узьнятая супроць мяне Лінам, выклікала вультра-фіялетавы настрой. Я глядзеў на белыя, бязьвінныя рамоны й думаў: Ой, рамон-зельле кудравае! Скажы мне, рамон-зельле, Айдзе мая доля ліхая Бітым шляхам валачэцца? Ніякага выразнага адказу ад расьліны я не атрымаў. Ды й што мне параіла-б няшчасная кветка, якая сама, мусіць, думала, як праз 2 ці 3 дні гострае джгала касы дзікунска насьмяецца з прыгажосьці прыроды ў імя харчова-утылітарных запатрабаваньняў? Доўга думаў я над рэчкаю (да рэвалюцыі яе звалі Сіняй рэчкай), а калі дамоў ішоў, у галаве маёй быў цьвёрда задуманы і добра сканструяваны плян. Як відаць, мяне ня так лёгка зламаць. Жыцьцё ў мяне пырскае з усіх каморак арганізму. Як відаць, бліскучае, гарачае сонца, сіняе, бясхмарнае неба і лёгкі, лагодны ветрык супольна апрацавалі маю думку ў пажаданым напрамку і стварылі мой плян. Ад пэсымізму ня было і сьледу. Зьмест пляну: праз 3 ці 5 дзён я афіцыйна падаю заяву аб вызначэньні мне месячнага тэрміну для адпачынку. Дамоў да бацькі не паеду. Адпачынак правяду тут, у Шапялёўцы! Кажны мае рацыю прызнаць гэты плян дзівацкім. Але, калі лёгічна да канца прадумаць усю мясцовую сытуацыю і разгледзець яе пад кутом барацьбы за вытрыманую лінію, дык больш разумнай пастановы нельга вынесьці. Я прызнаю, што ў першы пэрыяд свае шапялёўскае чыннасьці з майго боку шмат было зроблена палітычна няверных крокаў. Неабходна хутчэй выраўнаць лінію і зноў заваяваць страчаны аўтарытэт. Вось асноўны стымул, які рухаў мною, каб застацца ў Шапялёўцы. З другога боку, усе зробленыя раней памылкі выплывалі з таго, што я ня ведаў усіх умоў працы і на новай пасадзе зьявіўся, як Піліп з канапель. Праўда, Торба раіць: – Трэба ўсюды торкацца, як Піліп з канапель! У гэтым сакрэт перамогі ў жыцьці. Але, на мой пагляд, жыцьцё поўнасьцю яшчэ не падкрэсьліла правільнасьць прыведзенай думкі. Мамон цалкам падтрымаў мяне: – Табе, Самсон, патрэбна дэтальна пазнаёміцца з чатырма формамі савецкай працы наогул: з арганізацыйнай працай, вытворчай працай, тарыфна-эканамічнай і культпрацай. У працэсе штодзённай працы ня лёгка гэтага дасягнуць. Заўсёды ў цябе ёсьць бягучая праца, якую нельга ні прадбачыць, ні акрэсьліць, ні падлічыць. Я сказаў: – Мне трэба, дружа Мамоша, супакойна праверыць і тэарэтычна ўдасканаліць асноўныя ўстаноўкі працы... – А для гэтага трэба, як ты сказаў раней, тэрмінова ўзяцца за індывідуальнае вывучэньне кажнага шапялёўскага працаўніка ў мэтах належнай арганізацыі раённай культпрацы і плянавага ахопу ёю розных пластоў насяленьня – пасьпяшыў сказаць Мамон. – Так, так! Толькі тут, наглядаючы, як трэці элемэнт, жыцьцё розных савецкіх устаноў, я адшукаю цэлы шэраг новых форм, рычагоў і мэтадаў карыснай і грамадзкай працы наогул. Цяпер я добра бачу, што мы ў сваёй культпрацы часта ўжывалі нясучасныя мэтады, і гэта выклікала такое непажаданае абвастрэньне суадносінаў... Празь пяць дзён я свой плян поўнасьцю правёў у жыцьцё. Мне далі месячны адпачынак. Адначасна з гэтым навальнічнае паветра, якое згусьцілася над маёю галавою, нібы само сабой разрэдзілася. Неяк раптам ўсё ўлагодзілася. Я зрабіў яшчэ адзін крок, які зьявіўся пераломным момантам. Я падаў заяву ў райком аб сваім шчырым жаданьні працаваць у шэрагах партыі. Сакратар райкому тав. Андросаў зьдзіўлена зірнуў на мяне: – Гэта справа добрая, і, праўду кажучы, загадчык культ-аддзелу павінен быць партыйным. Толькі не чакаў я... Нявытрыманы ты працаўнік. Часам такой лухты наробіш, што партыйцу ніякім чынам нельга дараваць... – Я выраўнаю сваю лінію... Я хачу быць задаволеным вашым кіраўніцтвам на ўсе 100 процантаў! – сказаў я. – Добра, добра! Пабачым. Трэба, каб два камуністыя із стажам далі заручку... Сакратар правёў із мною доўгую гутарку, падрабязна дапытваючы маё крэда і маю куррыкулю віту. На ўсе пытаньні я даў падрыхтаваныя адказы. Пытаньне ўскладнялася толькі тым, дзе я знайду вытрыманых доўгалетніх камуністых, якія ведалі-б мяне з добрага боку. Усе-ж думаюць: я – паветраны чалавек, за мяне цяжка ручаць. Пасьля доўгіх шуканьняў у памяці я напісаў ліст камбату тав. Арахвейчыку, зь якім мы калісьці здалі белым 4 кулямёты, а самі ледзь-ледзь улалэхалі. У той час як я, так і ён зь вялікай асьцярогай ваявалі за сацыялістычную бацькаўшчыну і з наківу разумелі адзін аднаго. А цяпер як?.. Кажуць – Арахвейчык зусім зьмяніўся. Так яно й ёсьць. Праз тры дні прышоў ад яго ліст, які для мяне быў уважыстай маральнай даўбнёй... – «Тое, што ты надумаў, лічу найвялікшым сусьветным глупствам. Партыя – ня дзеўка, якую можна спакушаць бяскарна. Зарубі сабе гэта на тваім кірпатым носе!.. Які ты будзеш камуністы? Толькі сьмяшыць людзей будзеш! Кажучы фігуральна, цябе трэба каленам пад мяккія часткі штурхаць да сацыялізму!.. Ты, бачу, зусім не зьмяніўся і добраму не навучыўся. А трэба, трэба! Бо ў людзей дурні здыхаюць, а ў нас як з вады вылязаюць!...» Гэты абразьлівы ліст на 100 процантаў атруціў мне два дні. Зноў у галаве замітусіліся зрадныя думкі. Зноў паўстала пэрспэктыва завярнуць аглоблі фартуны на бацькавы гоні. Два дні поўнай дэмаралізацыі! Трэба было на што-небудзь адважыцца. На трэці дзень я схапіў ліст зрадніка Арахвейчыка, перачытаў тры з палавінай разы і ў мэтлахі разьнёс яго. Тады адразу лягчэй зрабілася ўнутры, быццам ліманаду выпіў. Нават засьмяяўся і вышаў на вуліцу. Я накіраваўся ў райком, каб узяць назад сваю заяву й сказаць: – Тав. Андросаў, я лічу сябе мала каштоўным элемэнтам у шэрагах партыі і нё стаю на вышыні камуністычнай сьвядомасьці. На вуліцы я пачуў вельмі цікавую размову дзьвёх дзяўчынак, ішоўшых сьпераду за мяне. Адна зь іх была з чырвоным гальштукам, чысьценька апранута і гаварыла друтой, у старэнькай, зношанай вопратцы: – Ведаеш, Гэнька, я з табой больш дружыць ня буду. Ты беспартыйная, а я партыйная... – Ай, Ліда, не кажы так, а то я заплачу... – Цяпер мне можна толькі з партыйкай гуляць, а калі буду з табой, дык магу залезьці ў балота і абрасьці мяшчанствам!.. Другая дзяўчынка сумна павесіла галоўку... Размова дзяўчынак падкрэсьліла маю думку: – Займаючы такую адказную пасаду, як мая, трэба быць партыйным. Няёмка быць беспартыйным! І я прыняў цьвёрдую пастанову: – Няхай Лін укусіць сябе за вуха, а я буду ў партыі. Тады ён загаворыць із мною іншым тонам, будзе поўзаць, лісьліва глядзець у мае суворыя вочы, будзе лавіць на ляту кажнае маё слова! Тады і рыбачка Крэйна зьменіць свае халодныя адносіны да мяне. Я буду ў яе вачох разумным, прыгожым і цікавым! Лін ня будзе больш агражаць мне: я цябе ў таганрог скручу за сьмерць сваёй Мілэдзькі. Ня ён мяне, я скручу яго. Тады рафінадная пыса ня будзе ўжо ўсім і кажнаму даводзіць, што я бытавая зьява, што ў кажным раёне БССР ёсьць свой Самасуй. З таго дню я цьверда пачаў дамагацца партыйнай кандыдатуры, акуратна хадзіў на партыйныя сходы й праявіў вялікую актыўнасьць. На сходах я заўсёды трымаў блёкнот у руках і пасьля кажнага дакладу вусна задаваў вялікую колькасьць пытаньняў. Хутка я пачаў адчуваць, што мая вага расьце, і трэба толькі замацаваць спрыяючы стан рэчаў. У гэты час тав. Сом паехаў на курорт, на Каўказ. Я блізка пазнаёміўся з Соміхай. Кажны дзень я знаходзіў прычэпку, каб зайсьці да яе і пасядзець вечарам на ганку пад цянёвымі ліпамі. Добрая яна жанчына, сакаўная! Гладка разабраныя на два фронты чарнявыя валасы, заўсёды чырвоная хустачка на галаве, яе масьліны вочы, доўгія павекі, падатны на грубыя ласкі мясёны рот і ўся ў гарачых мязях постаць здаровай вясковай жанчыны пад 30 год. Э-хо-хо! – як кажа Торба. Уся кроў мая хадуном хадзіла кажны раз, калі яна ціснула маю руку і ўсьміхаючыся расчыняла поўны рот белых пэрлямутраў. Мяне цягнула да яе дзікае мужчынскае пачуцьцё, спрадвечны стымул працягу племя людзкога. Зусім ня тое з Крэйнай. Ня толькі зьвярыны інстынкт быў падставай майго закаханьня ў дзяўчыну, але і нейкі зусім ценкі матар’яльна магнэс. Хацелася схапіць яе, як пісклёнка, абшчапіць яе галаву і гладзіць, гладзіць, надрыўна стогнучы ад ласкі. Але аб гэтым я ўжо пісаў... У Соміхі я сустрэўся з жонкай Ліна. Яна ў маёй асобе знайшла хаўрусьніка супроць Лінаўскага зрадніцтва. Лініха часта гаварыла (як мы былі адны) пра свайго распуснага мужыка, пра Крэйну, якую клялася зжыць ізь сьвету. Я ўва ўсіх галінах інфармацыі спачуваў ёй. Паводля слоў Надзеі, жонкі Ліна, апошні зусім выскрабся зь сямейнага кола, пасьля заняткаў некуды зьнікаў і варочаўся толькі тады дамоў, як разьвідняла. Адзін раз Надзея, усхваляваная, паведаміла мяне: – Гэта праклятая Крэйна галаву яму скруціла. Але я пастаяла за сябе, за дзяцей! Як сустрэла іх разам на вуліцы (падсьцерагла такі), адразу трах яму поўху з аднаго боку, з другога, а яе за косы, ды аб землю! Шкада толькі, штб ня ў дзень было... Гэты інцыдэнт лёг непраходнаю сьцяною між рыбай і яго жонкай. Лін узяў 2-тыднёвы адпачынак і паехаў быццам на сваю бацькаўшчыну. Толькі ўсе ўпарта гаварылі: – Кінуў Лін і жонку і Шапялёўку! Хутка гэта спраўдзілася. Адзін раз сядзелі мы на ганку ў Соміхі. На імя Надзеі прышла тэлеграма. Бедная жанчына ўзьняла ўгару рукі і застагнала, прадчуваючы гора. Лін тэлеграфаваў у мэтах згусьціць фарбы: «Супольнае жыцьцё немагчымае. Страшэнны галоўны боль валіць мяне з ног. Дахтары кажуць: яшчэ тыдзень сямейнага жыцьця – і я скончу ўсе разьлікі агрэсыўным паралюшам. Ня шукай мяне, дай супакой». Надзея страціла прытомнасьць, дачытаўшы да канца гэтыя глыбока зрадніцкія словы, а я, як толькі жанчына зноў атрымала здольнасьць хоць на 20 процантаў чуць і разважаць, пачаў суцяшаць: – Дарагая! Менш сьлёз і стогнаў сэрца! Ня вы адна! Цяпер мужчынскае зладзейства бязьмежнае, і адзін сродак ёсьць для абясшкоджваньня распусьнікаў – гэта суд. Скарыстайце яго на ўсе 100 процантаў! Цяпер, тав. Надзея, ня верце мужчыне, хоць ён клянецца, хоць ком зямлі глынець зь яйцо, як перасьцерагае ўсіх жанчын пясьняр Гарачы ў сваёй паэме «Кроў і зялеза». Праўда, скажу вам, тав. Надзея, што паэма гэта цяпер ужо не актуальная. Яна напісана з эпохі, калі, як вам добра вядома, за фунт шчавелю плацілі мільён. Цяпер для нас гэта – ужо пройдзены шлях!.. Так супакойваў я разбураныя сыстэматычнай зрадай Ліна нэрвы няшчаснай жанчыны, ахвяры мужчынскага зьвераломства. На мястэчку толькі Торба паспрабаваў «зразумець» Ліна і абараніць прынцыпы вольнага каханьня: – Лін? Кажны з нас – лін. Кажнаму з нас перажванае ня смашна! А ў мяне лядашна было на сэрцы. Крэйна не пакідала мае галавы і моцна там засела. Часта я думаў: – Якая мне справа да таго, што Крэйну празмусьціў Лін і выпіў да дна келіх дзявоцтва? Няўжо сьвет клінам сышоўся на Крэйне? Што яна мне? Яна сваю полавую волю аддала Ліну, гэтай адыёзнай рыбе? Што тут дзіўнага? Адзін любіў, другі кахаў, а трэці ўзяў! - так кажа Торба і мае рацыю. Каб Лін не закахаўся ў дзяўчыну, магчыма, ніхто і ня прыкмеціў-бы, што Крэйна – краля, якіх няма ў адміністратыўных і этнаграфічных межах БССР. Торба фармуляваў маё захапленьне Крэйнай: – Таму яна табе да ўпадобы, што Лін увіхаецца за ёю. У людзей так і бывае: тая карова малошна, якую воўк зьесьць. Такімі доўгімі разважаньнямі спрабаваў я сябе, спрабавалі і людзі мяне адцягнуць ад Крэйны. Але гэта спроба не дала каштоўных вынікаў. Сэрца, як і раней, моцна грукацела пры думцы аб Крэйне. Крэйна цяпер сумавала і, як зьнік Лін, нібы маскавалася ў пацыфізм. Нават із мною гаварыла некалькі дзесяткаў слоў у дзень і нічога не варушыла зь мінулага. Міжвольны адыход Ліна (і магчымыя новыя зладзейскія залёты на новым месцы) зрабіў на яе моцны ўплыў. Яна ні на кога не зьвяртала ўвагі, і прышоўшы пасьля заняткаў, ухапіўшы якой-небудзь ежы, або адна або зь Зізем ішла на Лютнянскі шлях. А я з узрушаным мэханізмам сэрца, троху счакаўшы, усьлед за ёю ішоў за мястэчка, там каля могілак садзіўся над ровам, як анёл сьмерці, і пільна сачыў за хадой Крэйны. Я глядзеў у чыстае, дагараючае фарбамі поле, хацеў бачыць, ці шуміць дуброва зялёная лютнянская, ці зырчэіць дарога шырокая шапялёўская, ці ідзе, дробна ступае Крэйна, радасьць мая недасяжная. Позна вяртаўся я дамоў. У цемені вечару ўжо цяжка было распазнаць прадметы, асабліва кіруючыся маім дрэнным зрокам, і я часта гакаўся ілбом аб бярозы, асіны і дубы на могілках. Я наляпляў сабе значных памераў гузы, суцяшаючы сябе толькі адным: – Не радзімае – сойдзе! Часта боль ад гэтых прыгод быў непераносным, і сьлёзы мае былі, як боб неўмалотны. Так пакутваў я за Крэйну. А тым часам жыцьцё ішло сваёю ступою. У гэты пэрыяд я яшчэ больш сышоўся з Мамонам, і нам абодвым канчаткова абрысаваліся асноўныя прынцыпы культурнай рэвалюцыі ў раёне. Гэта праблема запаланіла нас. І мы падрабязна абмеркавалі спосабы выкананьня трох лёзунгаў нашага часу: – Навуку ў масы! Мастацтва ў масы! Хараство ў масы!
|
|