|
Х. СЬМЕРЦЬ МІЛЭДЗІ Незадача ня прыходзіць адна, а заўсёды цягне за сабою шэраг іншых. Цяпер я хацеў-бы, каб усяго гэтага ня было: супакойна жылося-б, і жывот лепш варыў-бы! Цяпер-жа літаральна паносная гісторыя! Усе глядзяць на мяне, як на пошасьць якую, ледзьве пальцамі ня тыкаюць. Я і сам ня ведаю, які чорт лысы падштурхнуў мяне прыняць удзел у гэтай шалёнай аблаве на бяспрытульных сабак! Праз два ці тры дні пасьля апісаных вышэй падзеяў прыходзіць да мяне ў РВК старшыня саюзу паляўнічых тав. Дулянок. і кажа: – Трэба як мага хутчэй зрабіць аблаву на сабак, аб якой, памятаеце, мы з вамі гаварылі. Тады прышлося адкласьці. А цяпер іх столькі набегла, што жудасьць бярэ. Тэрарызуюць насяленьне. Ёсьць выпадкі шалёных. Далей марудзіць нельга. – Рабеце! – кажу я. – Нічога ня маю супроць, нават вітаю. Толькі гэта не з мае кампэтэнцыі. У мяне культпраца. – Добра вам гаварыць: рабеце! У вас няма кіраўніка, каб правесьці гэту складаную апэрацыю. – А вы? Старшыня лавінен ведаць, як арганізацыйна аформіць аблаву! – Я нават і страляць ня ўмею – прызнаўся ён. – Мяне высунулі, каб я праводзіў пэўную лінію. А вось вы, як усе хажуць, можаце зварганіць ўсё гэта ў 5 хвілін. – Ня ў пяць. Але мне няма часу. – Дык гэта-ж ня ў дзень будзе, а на золачку, як толькі разьвіднее, калі сабакі... – На зарэ ты яе ня будзі – сказаў я мэлянхольна, успомніўшы чорныя вочы Крэйны. Не, не і не! Не хачу я гэтай сабачай какафоніі! У мяне вушы будуць балець. – Тав. Самасуй! У нас няма іншага выхаду, толькі прасіць вас. Вы і страляеце добра і найлепшы арганізатар. Так падмаўлялі яны мяне. Прызнаючы мяне найлепшым арганізатарам, яны лілі ваду на млын майго гонару і ўжывалі лоўкі падхалімаўскі мэтад. Я толькі цяпер пачынаю бачыць усе гэтыя спрунжыны. Магчыма, Дулянка падгаварыў Лін, каб чым-небудзь дыскрэдытаваць мяне або замарыць грамадзкай чыннасьцю. Пасьля доўгіх размоў я даў згоду. Я накідаў плян атакі на сабак, вызначыў на пляне мястэчка пункт для кажнага застрэльшчыка, вылучыў ударныя адзінкі, запрапанаваў мець двох санітараў на выпадак раненьня і г.д. Я прадбачыў усё. Па дадзеных мясцовай статыстыкі, такіх сабак было ня менш 73 асоб – лічба ў нашых умовах жудасная. У склад нашай застрэльнай дружыны ўваходзілі, апрача Дулянка і мяне, які атрымаў вярхоўную ўладу, яшчэ 7 міліцыянараў, на чале з начмілам Какоцькам, начпошты Белабрыська, настаўнік Ігнат Міхайловіч, камсамолец Дусік, настаўнік Сашок і іншыя сябры саюзу паляўнічых, усяго лікам да 30 асоб. Перад аблавай была нарада, на якой падрабязна разглядалася баявая задача, і кажнаму было дадзена пэўнае заданьне. Апэрацыя праходзіла бліскуча, як па нотах усё ігралася. Галоўны ўдар мы нанесьлі каля местачковай бойні, дзе звычайна ў гэты час бадзяюцца, задраўшы хвасты, сабакі. Палажыўшы там каля дзесятка забітымі, мы галоўную сабачую масу пагналі па вуліцах мястэчка, дзе іх чакалі застрэльшчыкі. І вось узьнялася такая страшэнная страляніна, што абудзіліся грамадзяне. Іх спалоханыя твары высунуліся ў вокны і крычалі: «Ай, ратуйце! Рэжуць!» Мы супакойвалі народ, як умелі, і некаторым санітары нават давалі валер’янавыя кроплі – так добра ўсё было прадбачана. Толькі аднаго я не прадбачыў. Калі ў стратэгічным захапленьні я бег па Больнічнай вуліцы, дык каля мундому No.5 на мяне накінулася нейкая жоўтая сучэнцыя і, ні слова ня кажучы, пачала шкумардзіць мае зусім яшчэ новыя штаны. Яна такія вострыя зубы мела, што празь мінімальна кароткі момант адной штаніны як ня было. Я трэснуў яе па сабачай мордзе. Тады яна зь нячуваным гавам укусіла мяне за абедзьве лыткі і нават адарвала ладны шматок мяса. Я ледзьве ня страціў прытомнасьць і нечалавечым голасам зароў: – Ратуйце! Паміраю! Шалёны сабака! Я галасаваў, што было моцы, яна яшчэ з большым імпэтам ірвала мяне. Тады, кіруючыся нейкім інстынктам самазахаваньня, я бахнуў у галаву ёй. Сучэнцыя цяўкнула і скончыла жыцьцё. Я перавёў дух, прысеў на лавачцы і хацеў клікнуць санітара, каб ён ёдам мяне памазаў ці што. Сабака наяўна быў шалёны. Раптам дзьверы адчыніліся, выскачыў ускалмычаны Лін і, пабачыўшы здарэньне, не сваім голасам закрычаў: – Што ты зрабіў, гад? Нашто ты забіў яе? Я-ж цябе самога прыкончу! Лін кінуўся да сабакі і, падымаючы яго няжывое цела, сумна гаварыў: – Мілэдзі, Мілэдзечка! За што ён цябе? Што ты яму, няшчасная, зрабіла? Кроў гаду на вочы наступіла! Вось яны крывавыя літары! Лін схапіў нейкую даўбешку і кінуўся на мяне. А я накіраваў стрэльбу прама ў яго галаву. Гэта мела эфэкт. Лін перапалохаўся і, як агонь, пыхнуў праз прасла. Пералязаючы, зачапіўся за цьвік, штурмануўся аб зямлю і разарваў штаны. Кроў цурком лілася з мае нагі і трэба было ратавацца. Хоць сабака і добраякасны быў, але ўсё бывае. Можа ён толькі-толькі ашалеў. Я выбыў з шэрагаў застрэльшчыкаў. Дружына засталася бязь кіраўніка. Праўда, апэрацыя ня спынілася і мела здавальняючыя вынікі (было забіта 20 эгзэмпляраў – процант значны), але разьвіталіся з жыцьцём некаторыя сабакі, якія нічога агульнага ня мелі зь бяспрытульнасьцю і загінулі за сваю салідарнасьць. На мяне некаторымі грамадзянамі была пададзена скарга тав. Сому і ў нарсуд. Такім чынам, мяне ў два забоі пачалі біць. Бясспрэчна, усё гэта падвухрыў Лін. Сом паклікаў мяне і зноў наваліўся: – Які ты вапрук! Дзе ні павернешся – шкоды наробіш. Зноў на цябе нездаволены. І адкуль у цябе юр гэты? Жаніўся-б ты, Самасуй, можа тады было-б куды энэргію пхаць! – Я, тав. Сом, не хацеў у гэту гісторыю ўлязаць. Мяне гвалтам уцягнулі. Апрача таго, я шмат пацярпеў! Вось бачыце!.. – Ведаю, ведаю. Трэба было-б цябе ня так яшчэ! Трэба было-б табе... Я вышаў з габінэту і, ня гледзячы на боль, які адчуваўся ў назе, упарта працаваў увесь дзень. Думкі самыя невясёлыя раіліся ў маёй галаве. Я праклінаў сябе, што «чырвонымі літарамі» адпомсьціў Ліну, забіўшы яго сабаку. – Прарок! Скула мне ўбок! – касьціў я сам сябе.
|
|