РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Мрый
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Запіскі Самсона Самасуя
СКРУТАК ПЕРШЫ
СКРУТАК ДРУГІ
І. Жыў чалавек, жыве яго вантроба!
ІІ. Выраўнаць лінію!
ІІІ. Сонечная кампанія
ІV. Гостры гастрыт
V. Вага расьце
VІ. Прапаганда Агіды да старога
VІІ. Пякельная праца
VІІІ. Трагладыт
ІХ. Пратарчака жыцьця
І. Ад роднай хаты
ІІ. На новым месце
ІІІ. Сувязь мацнее
ІV. Жартоўны птушанок
V. Вуж закаханы
VІ. У шэрагах мяшчан
VІІ. Увязаць, узгадніць трэба...
VІІІ. Грамадзкая рошчына
ІХ. Тонкая мэханіка
Х. Сьмерць мілэдзі
ХІ. Душ!
ІІІ. СОНЕЧНАЯ КАМПАНІЯ
        
ІІІ. СОНЕЧНАЯ КАМПАНІЯ

        
        Цяпер, халодным розумам аналізуючы мінулае, я канкрэтна бачу, што я з Мамонам шмат памылак рабілі і часам зрывалі правільную ўстаноўку на заваёву шырокіх мас. Але ў той час Мамон так красамоўна, пераконваюча гаварыў, такія рэзоны за няўхільнае пашырэньне нашых ідэяў прыводзіў, што толькі чалавек, пазбаўлены мінімальнай порцыі развагі й кансалідацыі крытычнай думкі, ня прызнаў-бы ідэі і мэтоды іх афармленьня адпавядаючымі моманту.
        Пэрспэктыўны малюнак нашай далейшай культпрацы быў такім захапляючым, што я хутчэй хацеў праявіць гэраізм і зьвярнуць на гэта ўвагу Крэйны.
        Пасьля доўгага начнога абгаварэньня з Мамонам усіх дэталяў культпаходу ў Шапялёўцы і ўзгадненьня асноўных прынцыпаў кампаніі ў вадпаведных ворганах (профбюро, райком і інш.) мы канчаткова вызначылі сабе праграму чыннасьці. Канечная мэта – прасунуць культуру ў масы. Для пасьпяховага правядзеньня гэтага лёзунгу ў жыцьцё Мамон лічыў неабходным спачатку даць фізкультуру масам. Яго фармулёўка:
        – Мы павінны спачатку быць здаровымі, а пасьля будзем мець права быць разумнымі. Я спрачаўся зь ім:
        – Спачатку трэба кінуць навуку ў масы, бо народ пакутуе ад слабага разьвіцьця мазгавых паўкуляў.
        Мамон пераканаў мяне ў правільнасьці свайго пагляду, і мы першым этапам фізкультурнага выхаваньня мас намецілі арганізацыю солярыя каля Сіняй рэчкі.
        На другі дзень мы правялі мабілізацыю грамадзкай думкі наконт неабходнасьці правесьці гэта культурнае мерапрыемства ў парадку ўдарнасьці. Камсамольцу Дусіку, як самаму актыўнаму элемэнту ўва ўсіх галінах працы моладзі, мы сказалі:
        – Наш заклік да сонца, вады й паветра павінен быць здабыткам усяе камсамольскае і беспартыйнае моладзі, усіх працоўных індывідаў!
        Дусік праявіў ініцыятыву і з быстрынёй маланкі склікаў сход камсамольцаў і пераросткаў-піянэраў. На сходзе ён інфармаваў:
        – Мы доўга шукалі такой формы масавай грамадзкай працы, якая давала-б карысьць, здароўе і была для нас цікавай. Цяпер гэта форма знойдзена. Перад намі сонца, паветра, вада, а мы ня ўзялі іх на рэмус, ня прыцягнулі да адказнасьці. Няхай яны працуюць нам, як мы працавалі паном!
        Мамон у сваім слове намаляваў бязьмежна шырокую пэрспэктыву аздараўленьня шапялёўскіх мас.
        Крэйна таксама была на сходзе і ў піку мне крытыкавала наш плян.
        Моладзь аднадушна ўхваліла нашы тэзісы і пасьля сходу вечарам правяла пампозную факельную праходку зь лёзунгамі за сонечную кампанію.
        Такім чынам, мы ў парадку дэманстрацыі пачалі ўцягваць у кампанію насяленьне. Кампанія ў самым пачатку дала ўжо добрыя вынікі. Мамон радасна гаварыў мне:
        – Бачыш, нам толькі адзін дзень прыйшлося ўжываць кампанейскія мэтады вэрбоўкі прыхільнікаў сонца, паветра й вады! Далей усё, як па маслу, пойдзе!
        На другі дзень, як толькі мы з Мамонам а 9 гадзіне прышлі да рэчкі й абралі мясьціну, каб распрануцца (цяпер гэта месца зрабілася вурочышчам, усе яго завуць пожняй Самасуя), мы ўбачылі, што з усіх бакоў мястэчка зь песьнямі і бязь іх да рэчкі накіроўваецца моладзь. Празь мінімальна кароткі тэрмін усе пожні каля рэчкі былі, як макам, засеены стрыкатымі групамі моладзі, а паветра густа напоўнілася іх тлумлівымі галасамі.
        Надвор’е цэлы тыдзень было сонечнае, на небе ні хмаркі, і моладзь цэлыя дні ў трусох і бязь іх праводзіла ля рэчкі.
        Канкрэтна выявіліся неабмежаваныя магчымасьці ў разьвіцьці гэтай культпрацы, і я прапанаваў Мамону й Дусіку, як арганізатарам сонечнай кампаніі:
        – Нам ня трэба зьвязваць формамі гэты грамадзка-карысны рух, але неабходна ўсё-такі нябывалы культурны ўздым мас уціснуць у межы закону.
        – Як гэта зрабіць? – запытаўся Дусік.
        – Трэба напісаць у Спорт’інтэрн, каб ён прыняў нашу арганізацыю – адказаў Мамон.
        – Арганізацыі яшчэ няма... – заўважыў я. Мамон і тут знайшоўся. Схапіў шматок паперы і буйнымі літарамі вывеў:
        – ШАЧ. Статут.
        Мы нічога не разумелі. Які ШАЧ, на што ШАЧ?
        Чорт ведае што!
        Мамон растлумачыў:
        – Наша арганізацыя будзе звацца ШАЧ. Поўны тытул: Шапялёўская Асацыяцыя Чырвонаскурых.
        – Добра! – сказалі мы з Дусікам у вадзін голас. Заўтра мы напішам у Спорт’інтэрн. Нам нельга марудзіць ні хвіліны. Нам-жа трэба адшукаць матар’яльную базу, бо выявіўся вялікі рост актыўнасьці, і перад намі стаіць рэальная небясьпека стыхійнага росту...
        – Але! – сказаў Мамон. – Трэба будзе спыніць гэты стыхійны рост, ад стыхійнага росту нам трэба перайсьці да якаснага, каб праца пайшла ўглыбкі.
        Нам прышлося грунтоўна падумаць аб далейшых пэрспэктывах гэтай формы культпрацы. Перад намі была пагроза вульгарызацыі нашай ідэі. Моладзь цэлы дзень праводзіла на сонцы каля рэчкі. Усе сенажаці і некаторыя засевы там былі бязьлітасна стаптаны. Аднойчы ўраньні прышоў я да рэчкі, зірнуў на сенажаці, на жыта, на грэчку – і жах ахапіў мяне. Маё быўшае сялянскае нутро запратэставала, але, раздумаўшы хвіліну, я махнуў рукой:
        – Рэвалюцыя ня бывае без ахвяраў!
        У моладзі я заваяваў аўтарытэт. Над рэчкаю цэлы дзень вісеў галас, найвялікшы гармідар у сьвеце. Дзеці адарваліся ад бацькоў, ад хаты, ад гаспадаркі. Часта бацькі зь дзягамі фурыёзна зьяўляліся на солярый і праганялі дзяцей дамоў, а па майму адрасу дазвалялі сабе надзвычайна абразьлівыя словы.
        Была для нас і досыць вялікая няпрыемнасьць. Сяляне арганізавалі мітынг пратэсту каля рэчкі. Старшынёй мітынгу быў Ахрэм Руды, які ўвесь цяжар пратэсту ўзваліў на мяне. Ад імя сялян ён патрабаваў, каб я, зьяўляючыся ініцыятарам гэтага сусьветнага глупства, сплаціў ім за зьбітыя сенажаці, склычанае жыта і зафэканую бульбу.
        Быў самы разгар сонечных ваннаў, і я голы прымушаны быў супакойваць несьвядомыя масы. Ня страціўшы раўнавагі, я ўзяўся ў бокі і, высунуўшы ўперад грудзі, упэўненым голасам пачаў разьбіваць довады Ахрэма Рудога. Вось стэнаграма маіх слоў:
        – Тав. Руды! Ты жорстка, фатальна памыляешся! Ты павінен грунтоўна ўлічваць агульна-палітычнае значэньне кампаніі за новы быт, якую праводзіць наша моладзь! Культурная рэвалюцыя, якая зьяўляецца ўдарным лёзунгам нашага часу, патрабуе карэннай перабудовы нашага быту, аздараўленьня ўсяго цела, прыгнечанага буржуазіяй і фашызмам... Без пралетарскай культуры цела ня можа быць сацыялізму...
        – Які гэта сацыялізм! – закрычалі сяляне і пальцамі тыцнулі ў мяне. – Вось які трахтар ты разгадаваў! Як бізун ляжыш, ды яшчэ сьмяешся з нас.
        Я абразіўся й сказаў:
        – Нашы сялянскія масы несьвядомыя... Яны глядзяць на фізкультуру, як на мэтад выламваньня чалавека, як на фізвывіх, але той (тут голас я моцна ўзьняў), хто выварыўся ў пралетарскім катле і закапціўся дымам фабрык і заводаў, той ня будзе так несьвядома, абстрактна гаварыць!
        Я шырокім гэстам паказаў на сенажаці і сказаў абурана:
        – Вам на тры рублі прынесьлі шкоду, і вы такі галас узьнімаеце? Сорам!
        Ахрэм нахабна зірнуў мне ў вочы:
        – Ты сядзіш у канцылярыі ды пяром скрыгаеш. Што ты ведаеш аб нашым гарапашным жыцьці?
        – Я сам селянін! – з гонарам заявіў я.
        – Ты селянін? – пачулася некалькі галасоў, і пракаціўся аглушны рогат разбэшчанай масы.
        – Ах вы, чортавы дзеці! – залямантаваў я, падбег да першага, якога ўбачыў, селяніна з касой, выхапіў зь яго рук касу і ў вадну хвіліну плаўна замахаў касой. Памойму, уся сялянская праца ня мае сэнсу, і толькі касьба мне падабаецца – фізкультурная праца!
        Я вярнуўся да групы пратэстантаў і пераможна пазіраў на іх. У вачох маіх грала актыўнасьць і гэраізм. Я нават не запыхаўся, хоць і быў вельмі злосным ад праяў някультурнасьці і цемры. Я сказаў яшчэ раз:
        – Нам трэба весьці прапаганду агульнай культуры! Нам трэба праводзіць урбанізацыю вёскі! А вы з прычыны свае несьвядомасьці і замкнёнасьці цэхавых інтарэсаў ня йдзеце нам на сустрэчу. Вы маглі-б для нашай культпрацы ўнесьці шэраг каштоўных прапаноў. Дык-жа не! Вы хочаце забіць ініцыятыву!
        – Каго мы хочам забіць? Мы нікога ня хочам забіць. А цябе дык пацягнем у суд.
        – Я не баюся. Справа ў верных і цьвёрдых руках. Мы вывучаем формы й мэтады, мы актывізуем насяленьне. Вы знаходзіце структуру нездавальняючай? Калі ласка – у суд падавайце.
        – Ня спусьцім, ведай гэта! Глупства нейкае гародзіць, ды яшчэ кланяйся яму.
        Мне нечага было сказаць, і я кінуў словы Мамона:
        – Нам спачатку трэба быць здаровымі, пасьля – разумнымі. Ахрэм азірнуўся на мяне і сказаў замест адвітаньня:
        – Трасца ўсім вам, трасца нашым ворагам.
        Усе пайшлі ўсьлед за Ахрэмам, бубнячы пад нос. Відавочна, што мы ніякім чынам не маглі спыніць сонечнай кампаніі. У яе ўцягваліся ўсё новыя кантынгенты. Сяляне скасілі свае пожні, і мы далей бесьперапынна вялі сваю працу. Мы наладзілі першую раённую шапялёўскую алімпіяду пры чым ува ўсіх галінах алімпійскіх гульняў пяршынство атрымаў я, і мая вага сярод моладзі вырасла да казачных памераў. Цяпер я ўжо не баяўся за свой лёс.
        Сяляне падалі на ШАЧ у суд, і Торба сказаў, што прысудзяць здорава:
        – На два месяцы тваёй самасуеўскай пэнсыі. Ня судзіся зь бедным.
        – Дудкі я ім заплачу! – супакойна адказваў я, ведаючы, што за маёю сьпіною моладзь.
        На рэчку пачалі прыходзіць і настаўнікі. Сонца і беспрацоўе вельмі прыцягальныя. Гыля і Юрлік прыносілі з сабой шахматы і газардавалі да вышэйшай меры. Гэта зьявілася найлепшай агітацыяй за культурнае часаправаджэньне.
        Увесь час ля рэчкі ляжаў і дэклямаваў пясьняр Гарачы, які наглядаў быт моладзі ў мэтах ідэялізаваць яе ў сваіх паэмах. Ля рэчкі ім напісана славутая паэма «Дні мае крутыя». Шкода толькі, што ў мяне цяжкая памяць на вершы, а між тым у паэме ёсьць месцы, хвалюючыя да стогнаў фізіялягічных. Там былі радкі, якія да вар’яцтва падабаліся ўсім. Нешта:
        Ў 17 годзе парвалі мне радасьці цуглі. Дротам калючым пралезьлі ў грудзі. Сьціснулі торбу сардэчную Вяроўкаю помсты.
        За гэты час я на сонцы вельмі папрыгажэў. Зь люстэрка на мяне глядзеў зусім іншы чалавек: супакойна-моцныя вочы, уладна-сьціснуты рот, упэўненыя рухі. Але сонца ня выгнала з мае галавы Крэйны. Яно распаліла цела нястрыманай пякотай каханьня, напоўніла кроў ліхаманачным пульсам, у кажную каморачку ў арганізьме стрыжнем паставіла паланеючы агнём матар’яльна спакусны абраз Крэйны. Да вар’яцтва даходзіла жаданьне напіцца крывавага піва каханьня.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.