|
ХІ. ДУШ! За сьмерць сваёй Мілэдзі Лін распачаў плянавую помсту. Кажны дзень у РВК ён соты раз апавядаў пра трагічнае эабойства сваей сучкі. – Якая разумная была мая Мілэдзі! Разумней за некаторых людзей. Як добра яна бараніла сваё жыцьцё! Усе штаны яму ў мэтлахі разьнясла, за нос, за вуха, за ногі ўкусіла. Няшчасная! Што ты зробіш! Гэта-ж не чалавек із стрэльбай! Чым яна сябе абароніць! І такога ні ў чым непавіннага сабаку забіць! Так гаварыў за сьценкай Лін. А пасьля абеду ён прыходзіў да Крэйны. Прыходзілі і другія галдадрымы, мае ворагі. Усе яны садзіліся на лавачцы каля саду, супроць майго вакна, і Лін пачынаў апавядаць пра гэройскую сьмерць сваёй сучкі. Тут ён яшчэ больш дадаваў: нібы яна мяне скусала ўсяго і сьпераду і ззаду, нібы я тры разы страляў і ўсё не пападаў. Лін так рассусоліваў гэту гісторыю, што немагчыма было ўтрываць. Адзін раз я высунуўся ў вакно і закрычаў: – Брэшаш ты, паганая рыба, ня так усё было. Усе нахабна засьмяяліся. Гэта вывела мяне з раўнавагі. Я зноў пачаў шукаць моманту, каб адчапіцца ад Ліна. Крэйна канчаткова адмяжавалася ад мяне. Не хацела і слова сказаць мне, хоць я асабіста ні словам, ш пальцам ніколі не пакрыўдзіў дзяўчыну. Яе раўнадушша распаляла мяне. Яе вобраз сьніў я кажную ноч, хоць, па праўдзе сказаўшы, сон ня браў мяне. Перад самым сьветам з пагулянкі прыходзіла Крэйна, яе праводзіў Лін. Яго крокі чуліся пад вакном, і мяне ахапляла зьвярыная лютасьць. «Чаму я прычапіўся да Крэйны? Няўжо безь яе мне сьвет зачыніўся?» – часта думаў я і, каб забыцца на Крэйну, маляваў яе ў сваёй думцы ў самым агідным стане, у самым неэстэтычным фізіялягічным працэсе. Нічога не дапамагала. Я і кахаў яе і люта ненавідзеў. У гэты час пажарнікі наладзілі начныя вучэбныя манэўры. Мне хацелася расьсеяць свае думкі і паглядзець на гэта збоку, і вось ноччу, калі людзі паўспаліся, пажарнікі забілі сыгнал. Як маланка, усе яны падняліся на ногі. Адным махам запрэглі коней у таратайкі, напоўнілі бочкі вадою, прыладзілі куды трэба драбіны, забралі кішкі, насосы і з грукатам накіраваліся па вуліцах. Але куды ехаць і што рабіць? На гэтае пытаньне ня было адказу ў пляне. І вось тут мяне нейкая шалёная муха ўкусіла. Я прапанаваў паказальнае тушэньне пажару правесьці на доме № .5. – А там ніхто ня жыве? – запыталі. – Здаецца, адзін чалавек жыве, але ў самым заднім кутку, дык ён і не пачуе нічога. Ды і дах там зялезны якраз. Такім чынам уся кавалькада з форсам пад’ехала да гэтага дому. Праз хвіліну зялезны дах мундому абліваўся вадою, прыладжваліся драбіны, і па іх, як чэрці, лезьлі пажарнікі. Тлум быў грандыёзны. Я стаяў, заклаўшы рукі, і з маральнай уцехай глядзеў на гэта пекнае зьявішча. Раптам вакошка ў доме адчынілася, на хвіліну высунулася галава Ліна, зноў схавалася, а ў пакоі пачуўся жаночы голас і, як здалося мне, голас Крэйны. Як забілася сэрца маё! Я ня мог супакойна разважаць, схапіў кішку і пачаў абліваць ня толькі дах, але й вокны, і сьцены. Я нічога ня чуў, нічога ня бачыў. Я прышоў у сябе толькі тады, калі ўбачыў у начной сарочцы азьвярэлы твар Ліна. Ён з кулакамі накіраваўся ў мой бок. Тады я ня доўга думаючы, з галавы да ног абдаў яго вадою і гэту апэрацыю спыніў толькі тады, калі Лін рэтыраваўся. На зьмену яму з чапялой у руцэ вылецела нейкая мясёная жанчына і прымусіла ўсіх нас у баявым парадку пакінуць пазыцыі. Як пасьля даведаўся, гэта была жонка Ліна, якая перад гэтым нечакана прыехала дамоў і спыніла такім чынам залёты свайго бугайчыка. Цяпер супроць мяне кампанія ўзьнялася. Кажуць – я падарваў свой аўтарытэт. Тав. Сом шукае прычыны, каб мяне прыстойна сьпіхнуць. Лін напісаў (думаю, што ён) карэспандэнцыю ў газэту, дзе падрабязна зьмясьціў маю біяграфію і маю чыннасьць за апошнія 3 месяцы. Факты ўсе ўзяты з жыцьця, але як яны пададзены, як асьветлены, як ілюстраваны і камэнтараваны? Усё пададзена пад злачынным сосам, каб зьнішчыць мяне. Я таксама не маўчу. Таксама пішу ўва ўсе газэты і даводжу – Лін ёсьць растратчык, распусьнік і белагвардзеец, а Крэйна ёсьць Офэлія, якую трэба накіраваць у Салавецкі манастыр. Але ад усяе гэтай калатні ў мяне лядашна на сэрцы. Думаю спыніць сваю культпрацу і ўзяцца за зямлю. Гэта мяне супакойвае, і я ня вельмі турбуюся: – Ат! Пройдзе ўсё, а я застануся.
|
|