|
VІІІ. ТРАГЛАДЫТ Пасьля гзтага працэсу ў мяне было пачуцьцё пякельнай нездаволенасьці. Каб пазбыць яго, я заняўся навуковай і публіцыстычнай чыннасьцю. Я паслаў у цэнтральную газэту артыкул: «Як разьмяркоўваць свой час савецкаму працаўніку, калі ён ня прысутнічае на пасяджэньнях, сходах, нарадах і канфэрэнцыях». У Акадэмію Навук я паслаў тры трактаты. Першы трактат аб вугалі ў Шапялёўскім раёне. Тут я падрабязна высьвятляў: – У раёне ёсьць жоўты вугаль (сонца), белы вугаль (вада), блакітны вугаль (вецер), як аснова для заснаваньня грандыёзнага ветрабуду, зялёны вугаль (торф) і чырвоны вугаль (чалавек, жывёла). Пільныя досьледы ў раёне праводзяцца ў мэтах адшуканьня чорнага вугалю, якога пакуль што не ўдалося выкрыць. Другі трактат вырашаў вельмі важнае ў нашых умовах пытаньне «Аб фактарах, якія рэгулююць навучальны год у раёне». Я прызнаў, што галоўны фактар – сьвіньня. Як толькі кінуць гэту зьвярыну ганяць у поле, тады пачынаецца вясковы навучальны год. Практычны вывад нацыяналізаваць усіх сьвіней БССР. У гэтым трактаце я зачапіў яшчэ тры пытаньні, зьвязаныя зь першым. аб простых спосабах праверкі налічча фармальных навыкаў у вучняў, аб устанаўленьні працэнту ахапленьня школай дзяцей вучнёўскага ўзросту і аб стане беларусізацыі школы. Я раіў адказным працаўніком, якія зацікавяцца гэтымі пытаньнямі, уяжджаючы ў вёску, пільную ўвагу зьвяртаць на тое, ці на ўсіх варотах крэйдаю награмзолены вядомыя ўсім няпрыстойныя словы і лаянка і ці сустракаецца ў іх «ў» заместа звычайнага. Калі вы атрымаеце станоўчыя вынікі, дык, не марудзячы ні хвіліны, вы, як дасьледчык, маеце права зрабіць вывад: 1) фармальныя навыкі ёсьць (калі можна разабраць, што напісана), 2) усе дзеці ахоплены школай (калі, хоць і рэдка, сустракаецца «ў»). Трэці мой трактат аб першабытнай гаспадарцы ў Шапялёўскім раёне зьвярнуў увагу навуковай думкі ўсіх саюзных рэспублік. Вывучаць гэта пытаньне на месцы прыяжджалі Татары, Украінцы, Мардвіны, Чукчы і Гілякі. А справа ў тым, што я выкрыў гаспадарку аднаго селяніна, у якога непарушна захавалася земляробчая традыцыя, пачынаючы мусіць ад нэаліту ці бронзы, як заўважыў Мамон. Гэта гаспадарка належыць селяніну Трагладыту (гэта яго імя; прозьвішча няма; як завуць па бацьку – ня высьветлена) і знаходзіцца ў Воўчыцкім сельсавсце, у 5 клм. ад вёскі Галадранкі. Гаспадарка ляжыць у глухім лесе, з чатырох бакоў абкружана непраходным балотам і дае сабой тыповае ўмацаваньне – гарадзішча старога часу, з высокім драўляным астракольным загародам. Гаспадарка ізалявана ад усяго сьвету і да гэтага часу, ня гледзячы на 10-годзьдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, ня была абкладзена ніякім падаткам і не занесена ў сьпіс насельных месц БССР. У гаспадарцы Трагладыта няма ніякіх сьлядоў нашай культуры. Там ня ўжываюць сярнічак, а вечны (сьвяты) агонь гарыць на пяколачку. Няма дымаходаў, шкла. Нешта накшталт вакешак разьмерам 10х15 цм. ёсьць, і замест шкла ў іх устаўлены бычыны пузыр. Сям’я Трагладыта ня ведае мыла, газы, ня ўжывае нічога жалезнага. Іголкі не сталёвыя, а драўляныя, або з рыбіных костак. Хата і пунькі сваёй архітэктурай ня маюць сабе нічога адпаведнага ўва ўсім дзікунскім сьвеце. У сенцах хаты (калі так можна назваць невялікую дзюрку, празь якую трэба паўзком улязаць) і ў пунях такія галаваломныя закруткі, што я ручаю: найвыдатныя тэхнікі і вынаходцы Саюзу не разгадаюць іх. Трагладыт і яго сям’я (тры сыны з жонкамі, якіх яны «ўмыкалі»; у кажнага, як бобу, дзяцей) ня ведаюць абутку ў нашым разуменьні слова. Іх абутак з лазовай каравіны. А зімой носяць досыць моцны абутак. Яны абкручваюць ногі анучамі, а верхнюю анучу паліваюць вадой і некалькі хвілін стаяць марозе. Тады зьверху абмерзьне ўсё, дубам стане і можа добра адыгрываць ролю ботаў. Сам Трагладыт як зьвер абыходзіцца зь сям’ёй, што добра ілюструе патрыярхальную эпоху чалавецтва. Сам лечыць сваю жывелу і сям’ю словам, «кухтулём» (тэхнічнае слова, якое азначае мэханічны ўдар), расьлінамі, сам вытварае кастрацыю, сам кроў пушчае і г.д. Сям’я жыве замкнёным жыцьцём. Ніхто ня ходзіць ні ў царкву, ні на сход, ні нават на кірмаш. Я дасьледваў слоўнік мовы трагладытаў і вельмі спрачаўся з Мамонам аб колькасьці слоў, якімі карыстаюцца трагладыты. Мамон даводзіць, што на Беларусі няма ніводвага сялянскага двара, у якім колькасьць слоў была менш 15 000, а я запэўняў што трагладыты ведаюць ня больш 1 000 слоў. Цяпер я бачу сваю памылку: цяпер я складаю вялікі трагладыцкі слоўнік (ня менш 3 000 слоў), які думаю пяць раз выдаць. Што датычыцца рэлігійных пачуцьцяў у трагладытаў, дык практыка паказала, што нейкія рэлігійныя эмоцыі ёсьць. Ніякіх абразоў выявіць не ўдалося, затое недалёка ад хаты, сярод двох карчавых дубоў стаіць вялікі каменны статуй (Мамон кажа, што гэта каменная баба, я ня ведаю, ці так гэта, бо родавыя адзнакі адсутнічаюць), і трагладыты, як ідуць каля яго, неяк таемна ўсьміхаюцца, зь іх вуснаў выходзяць нейкія дзіўныя дыфтонгі уо, ыя, а часта нават поліфтонгі. Сюды неабходна накіраваць асобную экспэдыцыю, якая дапаможа сацыялістычнаму будаўніцтву. Праўда, гаспадарка дажывае свой век. Бурныя падзеі апошняга часу хваляй і сюды зайшлі. Калі я першы раз выкрыў гэту гаспадарку, кіруючыся мутнымі весткамі вёскі, і ўзброены зьявіўся з Мамонам да трагладытаў, – усе схаваліся: і чалавек і жывёла, якая дзейнічала па прынцыпу супрацоўніцтва. Толькі зь цягам часу мы атрымалі некаторыя весткі. Трэба адзначыць адну рысу, якая сьветчыць аб нейкім руху ўперад у гэтай гаспадарцы. Тры гады назад сам Трагладыт пачаў ужываць штучнае ўгнаеньне на сваім полі. У якасьці ўгнаеньня ен браў кавалкі трухлявага дрэва ці балотнага зёму і клаў у барозны з бульбай, адзінай культурнай расьлінай, якая нейкім чынам папала сюды. У канцы свайго трактату я прапанаваў: – Захаваць гэту гаспадарку, як музэйна-паказальную і абвясьціць дзяржаўным заказьнікам, даўшы ахоўную грамату, сюды наладжваць экскурсіі рабочых, сялян, вучняў і студэнтаў, каб азнаёміць зь першабытнай гаспадаркай даўняга часу. Адказу на маю прапанову няма. Маўчаць пад прыкрыцьцем валакіты. – А каштоўная прапанова гібее! – кажа Мамон. Існаваньне трагладыцкай гаспадаркі і гэты цікавы быт вельмі штурханулі ўперад нашу думку. Я дабіўся ад РВК выпісаць на сродкі самаабкладаньня наступныя прылады, неабходныя для разгортваньня нашай культпрацы ў раёне і прапаганды навукі ў масах: 1) шкалу вачэй, каб навукова сыстэматызаваць і падзяліць на клясы насяленьне раену паводля колеру вачэй; 2) шкалу валосься – аналёгічная першай мэта; 3) ручныя сіламеры для падрабязнага падлічэньня, колькі конскіх сіл ёсьць у раёне; 4) сьлінавую прыладу для вывучэньня складаных рэфлэксаў; 5) поўны набор мерак вагі і даўжыні для высьвятленьня будовы цела, твару і варыяцыйнай крывой індэксу чэрапу ў шапялёўскага насяленьня. Усё гэта абяцала вялікія посьпехі ў нашай прады.
|
|