ІІІ. СУВЯЗЬ МАЦНЕЕ Як скончылася праца ў выканкоме, я самую пільную ўвагу зьвярнуў на тое, каб ісьці дадому, разам з Крэйнай. У дачыненьнях да яе я меў пэўную мэтавую ўстаноўку. Я трымаў курс бліжэй пазнаёміцца зь ёю. Ідучы па вуліцы, я загаварыў зь ёю ў самых вытрыманых тонах. Я жаліўся ёй, што новаму чалавеку вельмі цяжка наладзіць жыцьцё ў мястэчку, і прасіў яе параіць мне што-небудзь добрае ў гэтым кірунку. Яна ўважліва слухала мяне, а я ў свой голас уліў усю пяшчотнасьць і мужчынскае зладзейства, наколькі мог. Яна спачувальна паставілася да мяне: пачала апавядаць пра мястэчка, пра тутэйшых людзей, іх звычаі, думкі, плёткі, забавы. Мы ня прыкмецілі, як падышлі да яе кватэры. Я ўжо хацеў разьвітацца зь ёю, але яна параіла мне кватэру тут-жа, у доме, дзе жыла яна. Даю фактычную даведку, што такі зварот справы вельмі ўзьвесяліў мяне, бо відавочным зрабілася, што я пачаў весьці на яе правільную атаку і адразу для мяне вызначыўся шэраг дасягненьняў. Вызначыліся й шляхі далейшага разьвіцьця нашых узаемаадносін: кажны дзень, жывучы побач зь ёю, я павінен паступова апрацоўваць яе думку наконт правільнасьці й натуральнасьці маей асноўнай вытворчай лініі. Ідучы ад Крэйны ў заежджы дом, я быў у такім узьнятым настроі, што адным махам пераскочыў на рынку шырокую яміну з гразнай вадой. Гэта выклікала нязвычайнае задзіўленьне хлапчукоў, якія бегалі тут. Некаторыя зь іх паспрабавалі быць маімі пасьлядоўцамі, але, ня гледзячы на свой юнацкі запал і спрытнасьць, сьвістарэзнуліся ў самае балота пад сьмех сваіх таварышаў. Я пашоў далей, а ўсьлед мне глядзелі з захапленьнем вочы хлапчукоў. Праз два дні я перавёз на новую кватэру свае «прычындалы». Мне вельмі добра спалася ў тую першую ноч, і сьніў я Крэйну. Быццам сядзеў я з Крэйнай у садзіку, і яна зрабіла мне прапанову пайсьці зь ёю на Лютнянскі шлях. Зразумела, я прызнаў гэту прапанову адпавядаючай сучаснаму моманту і прыняў удзел у прыродна-геаграфічнай экскурсіі. Па дарозе, калі з нашага вока схаваліся местачковыя будынкі, я мякка ўзяў яе пад пашкі і мы пашлі шчыльна прыціснуўшыся адзін да другога. Потым быў пералесак і на лагчынах шмат кветак, блакітных, белых, ружовых, і мы зрывалі іх. А потым... Ах, які жаль, якая згуба, што гэта было толькі ў сьне! Калі я абудзіўся, была ўжо 9-ая гадзіна раніцы. Я салодка пацягнуўся, перажываючы прыемны сон. У суседнім пакоі чутны былі лёгкія крокі Крэйны. Я падумаў: напэўна яна стаіць перад люстэркам і глядзіць, не наглядзіцца на сябе. Магчыма, думае, што ў гэтым глухім мястэчку яна, канешне, самая прыгожая, маладая і прывабная дзяўчына. Не! Яна, мабыць, ніколі і ня думае пра гэта, затое я добра ведаю, што ніводная дзяўчына ня мае такога сьвежага, бела-ружовага твару як у Крэйны, такіх глыбокіх, не стандартызаваных, таемных вачэй, такога спрунжыністага, як у п’яўкі, роту. Уся яе постаць, зграбная, умяркавана мясёная, запальвае мяне, напаўняе кроў ліхаманачным агнём, абяцае вар’ятна-гарачыя пяшчоты, саракаградуснае шалёнства. Што мне рабіць? Уся мая фізычная структура адчувае, што першачарговым заданьнем будзе заваяваць яе сымпатыі і спагаднасьць і потым ужо дабівацца практычных вынікаў у гэтым кірунку. Я ляжу на ложку, ня хочацца паварушыцца. Прыслухоўваюся да сваіх палкіх мараў, якія сваім зьместам маюць выключна яе, непараўнальную Крэйну. О, што-б сказала мая маці, каб даведалася, як Крэйначка закруціла галаву яе сыну? Што скажа маці, калі сын ажэніцца з Крэйнай? А бацька?.. Думаючы над гэтым, чую, што ў суседні пакой увайшла перапішчыца выканкому Зоя Люсарэнка. Я пазнаю яе па голасе, мэлёдычным, як у жалейкі. Яна таварышка з Крэйнай. Зоя квола, паветрана, як птушачка, лётае і пяе. Здаецца, падзьме вецярок – і дзяўчыны няма. Ўчора я гаварыў з судзьдзёю пра мясцовых дзяўчат. Судзьдзя – той самы філёзаф Торба, аб якім я пісаў раней. Дык ён сказаў мне наконт Зоі: – Аднаднёўка, міраж. Няма мяса, няма фізіялягічнай базы. Дакранешся, сарвеш кветку і нічога больш няма! Сьмешны судзьдзя чалавек! Зоя гаворыць, а мне чутна кажнае яе слова: – Я за табою. Ужо 9-ая гадзіна, а ты і ня думаеш. – Пачакай! Куды ляціш, як ва пажар?.. Лепш скажы, дзе ты ўчора была, чаму на сход не зьявілася? – пытаецца Крэйна. – Шкулік прычапіўся, і мы разам пашлі ў рабочы клюб на лекцыю. – Лекцыю? Якую? – Ат! Нічога цікавага! Зьбілі лектара з панталыку... Я добра і ня чула, што гаварылі... Падсеў да мяне гэты чорт тэлефаністы Сьвердзялюк, ды глупства рабіў... Ой, Крэйначка, чаго толькі ня вёрз ён! Вось яшчэ чапяла чортава! Да душы кажу, у другі раз не сьцярплю!.. А ўчора неяк нялоўка было цыкнуць на яго, ды вархал узьняць... У другі раз пры людзях абсаромлю. Знайшоў цацку, дурыла! – Але-ж, скажы, пра што гаварылі хоць? – А добра і ня ведаю. Нешта гаварыў пра наша мястэчка, як жылося тут даўно, даўно, тады, калі людзі рыбінымі іголкамі шылі ды ў скурах зьвярыных хадзілі... Пасьля быў тут нейкі князь Баболя, які катаваў людзей за бульбу, бо не хацелі сеяць яе... Дык ведаеш: Шкулік узяў блёкнот ды пачаў даваць пытаньні лектару: якая цана была тады на бульбу, які быў процант няпісьменных, колькі было беспрацоўных? А лектар ні бэ, ні мэ на гэта. А мы... Апошнія словы я ледзьве пачуў. Крэйна, мабыць, мірганула, што я тут і зьяўляюся перашкодай для вядзеньня інтымных размоваў. «Добра! – падумаў я. – Цяпер я троху ведаю, што вы за птушачкі. У справу ўнесена грунтоўная яснасьць. Ці не распачаць мне змаганьне на два фронты?» Ад гэтай думкі ў мяне зрабіўся вельмі вясёлы настрой і адпаведная тэмпэратура ўва ўсім целе. О, як добра жыць, быць здаровым, поўным энэргіі й мужнай сілы! У гэты момант я нават і ня ведаў добра, што я буду рабіць, але для мяне адно было вельмі зразумелым: неабходна ўзмацніць агонь па гэтым сэктары, неабходна зрабіць вылазку ў гэтым кірунку... Я хутчэй пачаў апранацца, пырснуў вадой на свой твар і шпаркімі крокамі вышаў на двор. Двор быў чысьценькі, абгароджаны частаклетам. Быў добры садзік. і зь яго плыў лёгкі пах чарэмхі. Прыемнае хваляваньне ў крыві выклікаў гэты пах. Я сеў на лавачцы каля саду і зрабіў належны выраз ва маім абліччы. Супроць лавачкі было вакно Крэйны, і мне хацелася, каб яна зірнула на мяне. Я галаву накіраваў троху ў бок, сьціснуў губы, прымружыў вочы, надаўшы ім выраз нейкага лёгкага суму. Адной рукой я абапёрся на калена, а другую, як быццам зьнясілены, спусьціў дадолу. Праз хвіліну мая тактыка мела бліскучыя вынікі. Ваконца Крэйвы ціха, бяз шолаху, адчынілася, і з боку яго высунуліся дзьве дзявочыя постаці, якія разглядалі моўчкі мяне. «Няхай жыве мая асоба! – радасна думаў я. Першы крок зроблены. Цяпер толькі трэба дэталізаваць праграму чыннасьці і вызначыць, так сказаць, арганізацыйныя формы нямінучага працэсу. Сягоньні-ж трэба падумаць аб гэтым, як прыду з канцылярыі». Я ўстаў зь месца, цяжка ўздыхнуў, нібы ў мяне вялікае, глыбокае і шырокае гора. На хвілінку нібы аслупянеў. Я глядзеў у далячыню, дзе за садам сінела неба і зелянелі лугі, а за імі зялёнаю, нібы пуховаю, мумкаю прыгажэў вясновы лес. Прызнаюся, я троху захапіўся малюнкам вясны і на хвіліну забыўся аб Крэйне. З дрымотна-салодкага аняменьня мяне вывеў ціхі мэлёдычны дзявочы сьмех. Я зірнуў на вакно і прывітаў: – Добры дзень, Крэйна! Гэта вы сьмяецеся так рана? – А можа нельга так рана сьмяяцца? – высунулася яна з вакна, за ёю і Зоя. Абедзьве прыветна кіўнулі мне. Крэйна запытала: – Ну, як падабаецца вам кватэра, сад? Я адказаў: – Ах, мілыя чалавечыцы, мне нячувана добра ў гэтым глухім і прыгожым куточку Беларусі, і я ўжыву ўсе захады, каб затрымацца тут на доўгі час, калі не навек!
|