|
ІХ. ПРАТАРЧАКА ЖЫЦЬЦЯ І тут раптам маю культурную дзейнасьць у Шапялёўскім раёне гвалтоўна ліквідавалі. Хацелі нават зусім адшыць мяне ад культбуду, але гэта спроба не ўдалася. Мая культпраца зноў разгарнулася ў іншым месцы і ўжо на больш пашыранай базе. Гэнэзіс усяе гэтае, ганебнае для некаторых асоб, гісторыі наступны: Напрамак нашай культпрацы заўсёды быў такі, каб адна праца мела зрашчваньне з другой. Папулярызуючы навуку ў сялянскіх і рабочых масах, мы ў той-жа час прасоўвалі і мастацтва ў масы. Мы арганізавалі раённы вандроўны тэатр і дырэктарам яго прызначылі тав. Бычанка, вельмі здольнага арганізатара і прыгожага мужчыну, на якога толькі паглядзеўшы, дзеўкі ўжо млелі. Шляхам падачы заяў ён набраў 8 акторак і 12 актораў і распачаў тэатральны сэзон. Вельмі адчуваўся рэпэртуарны голад, але дзякуючы ўмеламу тэатральнаму кіраўніцтву знайшлі аднаго дзеда, і ён напісаў у 4 дзеях п’есу «Рэў Сопік». Бліскуча выканаў яе тзатральны калектыў. Другую п’есу «Каханьне пад прымусам» напісала піянэрка Палага Кулік, А трэцюю, з-за якой усё ліха загарэлася, напісалі калектыўна: я, Сьвердзялюк, Мамон, Гыля і Юрлік. У ход мы пусьцілі ўсё калектыўнае выабражэньне і ў п’есе былі малюнкі, захапляючыя і падаўляючыя сваёй індустрыяй і хараством. Назва п’есы «Пратарчака жыцьця». Пралёг да п’есы напісаў я з Мамонам. Пад моцным уражаньнем гаспадаркі Трагладыта мы паказалі, як жылі тыя людзі ў даўнія часы. Згодна нашаму задуму, у пралёгу выконваецца вялікі эксцэнтрычны балет па прынцыпу тармасухі. Акторы да поясу голыя, апранутыя ў ваўчыныя, лісіныя, авечыя скуры. Шмат мы затрацілі энэргіі, каб бліскуча ў нашых умовах спрацаваць п’есу. Але п’еса так падабалася ўсім, што мы да глыбокай ночы сядзелі ў пакоях сямігодкі і рыхтавалі яе. Роль галоўнай гэроіні мы далі Сошы-Дошы, і яна цэлыя дні і ночы праводзіла ў шуканьні найлепшай вопраткі, цікавых гэстаў і інтанацыяў. Я не адставаў ад яе. Гэта агульная культурная справа зблізіла нас. Як толькі канчаліся мае заняткі, я ішоў на кватэру Сошы-Дошы, і мы да таго часу, як трэба было зьбірацца на рэпэтыцыю, рыхтавалі для яе і для мяне адзеньне, рабілі з кужалю і афарбоўвалі эгзатычнае валосьсе, прыладжвалі зьвярыныя скуры і г.д. Яна была такой мілай у сваей дзіцячай непасрэднасьці, што часта я ня мог устаяць, вельмі рух мяне забіраў, і тады я палка цалаваў гэта 18-гадовае дзіцё. Трэба падкрэсьліць, што заўсёды я даваў належныя камэнтарыі. Я рабіў тое самае, што адзін гэрой у нейкім рамане: цалуючы Сошу-Дошу і маючы на ўвазе сакратара, гаварыў ёй: – От табе, Соша, мой палкі пацалунак, а ўсё іншае дасьць табе твой жаніх! Адказам на гэтыя словы быў яе сьмех. Гарэзьліва гледзячы мне ў вочы, дзяўчына гаварыла: – Я не хачу, каб усё іншае даў мне жаніх! Я не кахаю яго! Выходжу замуж, бо ў яго палажэньне... Гэта распаляла мяне, але я стрымліваўся, канкрэтна ўяўляючы ўсю небясьпеку, якую можа мець адзін неасьцярожны крок, тым больш, што вельмі марудзілі з залічэньнем мяне нават у кандыдаты партыі. А тут нейкі навухаданосар інфармаваў сакратара, што мае адносіны зь яго нявестай зайшлі вельмі далёка, куды далей, чымся ў сакратара. У час спэктаклю, калі ўзьнялася заслона, першая на сцэну выйшла Соша-Доша голай да пояса. У яе была прыгожая лісіная скурка ніжэй пояса, а на грудзёх бліскучыя па спэцыяльна зробленаму заказу бляшкі, прыгожа выпукляючыя яе дзявочыя грудзі. Валасы на галаве былі зусім чырвоныя, пышныя, да самых пят. Яна была бязьмежна чароўнай, і я ахаў за кулісамі. І калі пачаўся балет па прынцыпу першабытнай захапляючай тармасухі, я, выконваючы ролю цэнтральнага гэроя, вырабляў надзвычайныя выкрутасы ў пары з Сошай-Дошай. Гэтым «па» нас навучыў адзін Ленінградзкі рабочы Ярмаловіч, які ў гэты час прыехаў да нас у вадпачынак. Ён вельмі захапляўся фокстротам і ведаў каля 17 відаў яго. Ен стылізаваў першабытныя скокі па прынцьту фокстроту. Я забыўся на ўсё і з захапленьнем тармасіў Сошу-Дошу. Калі скончыўся пралёг, і зачынілася заслона, толькі некалькі ціхіх аплёдысмэнтаў пачулася ў залі – факт нябывалы ў практыцы шапялёўскага тэатральнага жыцьця. Звычайна ў Шапялёўцы пляскаюць усякаму, хто выступае. А нам не зрабілі гэтай ласкі, бо ўся публіка была вельмі шакіравана, пабачыўшы нашы голыя «лыткі, ляшкі, грудзі і дзіўныя рухі» (літаральна-сказаныя словы). Тут і адбыўся фінал маёй Шапялёўскай дзейнасьці. На сцэну, дзе былі мы ўсе, узьляцеў абураны сакратар і запытаў у мяне: – Хто даў дазвол ставіць гэтую брыду? Хто аўтар? Я ня стрымаўся. Мяне абурыў тон. З гонарам: – Калі вас цікавіць гэта пытаньне, зайдзеце сюды праз паўгадзіны, і я адкажу вам. А цяпер трэба рыхтаваць першы акт. – П’есу трэба зьняць, каб ня было потым... – П’есу дазволіў паставіць я. Я райліт і адказваю за свае крокі. – У такім разе я настойваю, каб п’есу спынілі... – Я гэтага не зраблю... На мой бок стала Соша-Доша і з усім сваім інтрыганцка-жаночым талентам кінулася на сакратара, шпігуючы яго невуцтвам. Гэтага ён сьцярпець ня мог, абурана пакінуў сцэну, а празь пяць хвілін зьявіўся ўпаўнаважаны й арыштаваў мяне. Але гэта не зламала мае энэргіі. На другі дзень я даведаўся, што на пасяджэньні прэзыдыюму РВК мяне за нетактоўныя паводзіны зьнялі з працы. Гэта абурыла мяне. Я напісаў у РВК, што, лічачы гэту пастанову няправільнай, я абвяшчаю галадоўку. Сакратар назваў мой учынак «нябывалым у савецкіх умовах выбрыкам». Ініцыятары маёй ліквідацыі перапалохаліся і накіравалі мяне ў вакругу. Там добра высьветлілі маю публіцыстычную і культурную дзейнасьць і перавялі мяне ў вакруту на больш адказную працу, як вытрыманага, непалахлівага працаўніка, а сакратару зрабілі вымоўку. Соша-Доша доўга ня ведала, да каго сьхіліцца. Пасьля доўгіх хістаньняў яе дзіцячыя вочы ўсьміхнуліся сакратару, а галоўка прытулілася да яго пляча. Так скончылася мая Шапялёўская дзейнасьць.
|
|