|
VІІІ. ГРАМАДЗКАЯ РОШЧЫНА Цэлых тры тыдні я быў заняты пякельнай працай і ня мог пільна сачыць за злачыннай дзейнасьцю майго канкурэнта Ліна. Некалькі разоў я выяжджаў на раён для правядзеньня калёквіюмаў. Да гэтай справы я падышоў вельмі ўважліва й сумленна. Толькі дзьве школы я прызнаў здавальняючымі з боку вучобы. Вучні не навучыліся грызьці навуковае каменьне сваімі маладымі зубамі. Яны ня ведаюць, хто кіруе рознымі галінамі гаспадаркі і культуры ў Саюзе, на Беларусі, ня ведаюць, што такое фашызм, імпэрыялізм, нават ня ведаюць, хто кіруе асьветай у раёне! На гэтыя недахопы нельга глядзець праз памяншальнае шкло (я ўсім так і гаварыў!), нельга адгаварвацца, што яны малеча і шмат чаго не разумеюць. Хто ў гэтым вінен? Зразумела – настаўнікі, гэтыя ліхтары ў раёне! За гэта ўпушчэнства я добра прашмараваў іх. Толькі ў дзьвюх школах на маё запытаньне, хто кіруе асьветай у раёне, вучні, як сьвядомыя байцы, адказалі: – Асьветай у нашым раёне кіруе тав. Самасуй! Шмат прышлося паклапаціцца мне і аб рамантаваньні школ. Я наведаў усе школы і хаты чытальні. Дзе толькі магчыма было, я склікаў сходы сялян і праводзіў ударную кампанію за новы быт. На сходах я гаварыў сялянам агульнымі фразамі, так, як і трэба было. Я канкрэтна даводзіў, што ў сялян няма грамадзкай рошчыны, сьвядомасьці, дзякуючы чаму і бываюць пэрманэнтныя супярэчнасьці і паганы капіталізм яшчэ часткова мае стабілізацыю. Каб зьнішчыць гэтыя недарэчнасьці, я заклікаў сходы выказаць сваё канкрэтнае я і ўзьняць гармідар за новы быт! Мяне ўсюды ўважліва слухалі і прыймалі маю рэзалюцыю, якую я напісаў яшчэ ў Шапялёўцы, узяўшы пад увагу ўсе дэталі пытаньня. Толькі ў в. Брылёўцы знайшліся суб’екты, якія аб’ектыўна зьявіліся рупарамі дробна-буржуйскай стыхіі. Яны арганізавана выступілі супроць мяне. Адзін зь іх, па прозьвішчы Хвёдар Трайка, чалавек вельмі невялікага росту, увесь заросшы валасамі, як шчацінай, з лупатымі вочкамі і ў зрэб’і, нахабна гледзячы ў вочы мне, закончыў сваю прамову: – Таварыш гаварыў, гаварыў нам, а мы сядзелі, як мамоны глухія! Нічога не зразумелі! Нейкая птушыная мова! Як грамахвон гаварыў! За Трайкай яшчэ іншыя хвасьцісты пасыпалі на маю галаву розныя ганебныя інсынуацыі й запытаньні. Я паабяцаў арыштаваць Трайку, як склочніка, і тады раптам усе супакоіліся. Я з гонарам гаварыў сваю заключную прамову, і рэзалюцыя была ўхвалена пераважнай большасьцю. У другой вёсцы Забягаеўцы нейкі несьвядомы гарлапан замест мае рэзалюцыі сказаў: – А я даю рэзалюцыю: не таўчы ў ступе вады, а ўзяцца за масты, за школы, за шляхі, за іншыя дзіркі ў нашай гарманізьме! А то ў нас, у Забягаеўцы, школа ў зямлю ўрасла і на прызьбе нават вырасла некалькі падасінавікаў! Гэта выступленьне я кваліфікаваў, як правакацыю, дэмагогію, разьлічаную на танны эфэкт. У трэцяй вёсцы, Радулі, вылезла адна манада, чырвона-рудая як агонь і, хітра ўсьміхаючыся, прыплюшчыўшы свае бегаючыя вочы, сказала: – Мне ўжо больш за 50 год. І я доўга ўсё думаў і надумаў, што ёсьць самая дрэнная рэч. А цяпер ведаю, як паслухаў таварыша. Самая дрэнная рэч, калі розуму мала, ды калі жыта засееш, а яно не зародзіць. Маё ўсё! А наогул, мяне вельмі добра прыймалі і слухалі, што-б я ні сказаў. Часта віталі мой прыезд, як сваячасовы. Тыя хворыя зьявы, аб якіх гаварыў я, бязумоўна, ёсьць хваробы росту і ў вагульны малюнак не павінны ўваходзіць. Для ажыўленьня культпрацы на вёсцы із мной выяжджаў загадчык нардому, пясьняр Гарачы. Сялянам на сходах ён чытаў сваю паэму «За тваім гарбатым носам нічога ня бачу». Ён сапраўды стаўся тварам да вёскі. Вечарамі кандыбоберам хадзіў зь дзяўчатамі па вуліцы, на ўсе грудзі цягнуў вясковыя прыпеўкі і, каб высока ўзьняць сьцяг паэзіі, сам новыя прыпеўкі прыдумаў. Яны вельмі спадабаліся на вёсцы. Некаторыя і мне ўлезьлі ў галаву: Галіфэ маё худое Разарву я да кален. Думаў з восені жаніцца – Маўчыць дзевачка, як пень. Каля нашага ваконца Прашкандыбала цяля, Я за хвосьцік ухапіла – Думала маё міля! Гарачы дзяўчат навучыў сьпяваць рамансы, чаго яны раней ня ўмелі. Асабліва спадабаўся раманс: Труну зялезную пастаўлю, Абальлю яе сьлязамі, Абсаджу яе квятамі. О! дзяўчаты на вёсцы добрыя, крамяныя! У ваднэй вёсцы нават я захапіўся складаньнем прыпевак. Я пазнаёміўся зь дзяўчынай Хадоркай Белабокай і на ўспамін аб дзьвёх ночках, якія прагуляў зь ёю, склаў прыпевачку: Баліць сэрца і пячонка – Мэтазгодная дзяўчонка, Баліць тулава, нага – Не забуду цябе я! А калі зьвярнуліся мы з Гарачым у Шапялёўку, мне сказалі, што за гэты час Лін некалькі разоў прыходзіў да Крэйны і наладжваў пасяджэньні зь ёю, зрабіў зь ёю 5 экскурсіяў на Лютнянскае поле і лес, зь невядомымі мэтамі (нібы на кірмаш?!) правёў экспэдыцыю на канёх у в. Пільну. Мала гэтага, вечарам у сваім пакоі ў РВК зачыніўся зь ёю і правёў вечар самадзейнасьці, пры чым на брудэршафцік была высмактана адна бутэлька чырвонага і зьедзена два кілё лахардзікаў. Гэтыя сумныя весткі, як варам, абварылі мяне. Вечарам маё пякельнае пачуцьцё зайздрасьці павялічылася ў пяць разоў, бо ў пакоі Крэйны пачуўся непераносны для мяне голас Ліна, самаўпэўнены, здаволены. Адчуваў сябе гэгэмонам. Мне цяжка было стрымаць свой шалёны тэмпэрамэнт. Хацелася ўварвацца ў іх мяшчанскае адзіноцтва агнёвым клубком і ўсё перавярнуць дагары нагамі. Я нагою моцна пагрукаў у іх сьцену і даў сыгнал маўчаць і ня перашкаджаць мне займацца дзяржаўнымі справамі. Лін на гэту прапанову справіў іго-го, а Крэйна пырснула. Праз хвіліну яны вышлі на вуліцу, а я, каб пазбыць дрэнны настрой, пачаў галіць вусы, бараду і нават усю галаву. Гэтая працэдура з прычыны майго тэмпарамэнту не прашла бязбольна: я параніў сябе і вельмі моцна за вухамі, на самай макушцы і, як касой, зрэзаў барадаўку, якая мела рэзыдэнцыю на патыліцы. Шмат крыві страціў і на хвіліну выгнаў з галавы Крэйну, сьцішаючы кроў, што цурком бегла з маей поўнакроўнай асобы. Працы і ў мястэчку шмат было. За тыдзень я пабываў на пасяджэньні крамнай камісіі, мэтадычнай камісіі, склікаў сход інтэлігэнцыі мястэчка і местачковага актыву, схадзіў на гурток па вывучэньні пастаноў ХV зьезду, зрабіў пасяджэньне ў лесе па агляду нявывезеных дроў, схадзіў ажывіў працу сельскагаспадарчага гуртка, правёў урачысты сход ячэйкі Мопру і наладзіў вечар спайкі з вайскоўцамі ў фізкультуры. Гэта праца троху затрымлівала бунт у крыві. Прыехаўшы, мне прышлося вельмі няпэўную справу вясьці і нават выклікаць абурэньне цёмных сялянскіх мас. Прыходзіць да мяне настаўнік Мамон і, як старшыня нейкага т-ва, просіць даць загад аб канфіскацыі наступных рэчаў: у гр. Сандрыгайліхі старасьвецкага пісталета вагою да 3 пудоў, у гр. Андрэя Выбейдуха старалатынскай кнігі, па якой ён займаецца чорнай магіяй і наводзіць цень на ўсіх добрых людзей, у гр. Багдана Злыбядухі рукапіснай кнігі, па якой ён лечыць жывёлу і людзей ад мэханічнай хваробы трасцы... Мамон з сабою прывёў яшчэ нейкага маскоўскага мастака, які дамагаўся, каб я даў загад нацыяналізацыі некаторых абразоў у мясцовай царкве, бо яны павінны быць вывезены ў Маскву, як маючыя ўсесаюзнае значэньне. Гэта: абраз Хрыста з трыма насамі, абраз сьвятога Лынды, вельмі падобнага на зялёную рапуху, абраз «Вочы мае выну ка Госпаду», на якім нейкі хударлявы, хворы, відаць на лейкэмію, сьвятоша трымае на руках вочы свае і кажа прывітальную прамову Богу, урэшце, вельмі каштоўны абраз «Узыграўся малойчык у чэраве маім», на якім анатамічна разрэзана чэрава цяжарнай жанчыны, і ў гэтым орыёле сядзіць эмбрыён і на скрыпачцы рэжа. Ой, колькі няпрыемнасьцяў прынесьлі мне ўсе гэтыя вымудры Мамона! Праўду кажучы, я і здружыўся зь ім за гэты час і знайшоў свой двойнік, але колькі перашкод! У далейшым мяне чакае яшчэ больш перашкод, але я сьмела пазіраю ўперад. Пералез пярэднімі нагамі, пералезу і заднімі! – як кажа Торба. Шмат энэргіі і дыплёматычнай лоўкасьці прышлося мне ўжыць, каб пераканаць тав. Сома ў неабходнасьці даць загад аб канфіскацыі ўсіх гэтых рэчаў. Я паказваў дэкрэты, статуты, абежнікі. Урэшце даручылі міліцыі зрабіць канфіскацыю. У гр. Сандрыгайліхі ніякага старасьвецкага пісталета не знайшлі, затое адшукалі каля гумна нейкую дзіўную прыладу, прызначэньня якой ніхто ня ведае. Ня то бамбамёт, ня то агнямёт, ня то мінамёт. А нейкі вэтэран імпэрыялістычнай бойні сказаў нават, што гэта сьвечка генэрала Махныткі, ракета такая. Сама Сандрыгайліха, гаварыла: – Няхай мае і ногі адсохнуць, і рукі адломяцца, і валосьсе павылезе, калі я ведаю што-небудзь! Андрэй Выбейдух у пратаколе падпісаў: – Апрача саманавейшых кніг, ніякіх старалатынскіх ня маю і, як радзіўся, ня меў. А Злыбядуха Багдан даў паказаньне: – Я загаварваю людзей і жывёлу бязь ніякіх кніг і за ўсё сваё жыцьцё ў мяне ня знойдзена ніякіх кніг. Я і ня ведаю, што яны такое. Мамон упарта даводзіў, што грамадзяне хаваюць гэтыя каштоўныя рэчы ў суседзяў. Прышлося павальна ператрусіць усіх грамадзян. Гэта выклікала нябывалае і нячуванае ажыўленьне ўва ўсім грамадзкім жыцьці вёскі. А калі да гэтага далучылі яшчэ канфіскацыю славутых абразоў, дык грамадзяне зусім ашалелі. Фанатычна настроеныя жанчыны ледзьве не пабілі мяне, калі я ішоў па вуліцы. Тав. Сом, як толькі дайшлі да яго чуткі аб гэтым, паклікаў мяне ў габінет і насеў: – Што ты робіш? На якога д’ябла патрэбна табе барахло гэта? – Гэта пытаньне вельмі важнае! – з гонарам адказаў я. – Гэтыя рэчы маюць усесаюзнае значэньне! – Дурыла ты ўва ўсесаюзным маштабе! Паглядзіш на цябе, здаецца, нічым прырода не пакрыўдзіла. А толькі розум нейкі дзівацкі. І загадаў зараз-жа спыніць кампанію.
|
|