|
ІІ. НА НОВЫМ МЕСЦЕ Кабылка наша, хоць і была задаволена на ўсе 100%, але вельмі слаба пасоўвалася ўперад. І маці мая, такім чынам, памылілася. Мы нанач ня прыехалі ў Шапялёўку. Мала гэтага. Усю ноч ішоў моцны дождж. Мы ехалі вярстоў з 20 лесам, і некуды было схавацца ад залевы. Ніякае дрэва не магло быць хаўрусьнікам у нашым змаганьні зь нябесным самагонным апаратам, бо ўвесь лес яшчэ толькі пачынаў абрастаць лісьцем, і яно не ратавала нас. Прыехалі мы на месца, як пачало разьвідняць. Былі мы мокрыя. Раньне выдалася прыгожае, сьветлае, бліскучае. Усе мае рэчы прамоклі дашчэнту і ад гэтай незадачы настрой мой і тэмпэратура цела значна зьнізіліся. Усё раньне сушыўся я, ськінуўшы зь сябе ўсю вопратку і застаўшыся, у чым маці нарадзіла. Я зрабіў прапанову, каб і бацька на гэткі манер прасушыўся, але ён зарагатаў. – Ня хочу сядзець голым апосталам, як ты! І так падсохне, ды яшчэ хутчэй, як у цябе! Сон ня йшоў да мяне, і я голы шпацыраваў па пакою. Бацька глядзеў на мяне ды ўсьміхаўся ў сваю сівую бараду. Што да маіх рэчаў, ці «прычындалаў», як кажа бацька, дык аб іх я падумаў у першую чаргу і зрабіў такія практычныя мерапрыёмствы. Я вынес іх на заежджы двор і пачаў разьвешваць на частаклеце, досыць новым і яшчэ не запэцканым. А бацька ў гэтым кірунку прытрымліваўся наплявізму і нават угаварваў мяне: – Не саром сябе прад людзьмі, цэлы гамазын паразьвешваў тут! – У цябе, бацька, кунктатарская тактыка! Прапусьцім час – і рэчы папсаваны. Зразумела, што мае рэчы прыцягнулі ўвагу самых шырокіх мас. З самага раньня народ кучкамі праходзіў каля заежджага дому і ўва ўсе вочы глядзеў на «прычындалы». Мне гэта троху псавала кроў, асабліва, калі я на свае вушы чуў мяшчанскія праклямацыі, што «прыехаў альбо пан, альбо а грэйсэ шышкэ». О чэрці перапялёсыя, гнойнікі мяшчанскія! Каб у вас на носе села а грзйсэ шышкэ! У выканкоме праца ўжо йшла, калі я прышоў туды. Я лічыў пытаньнем выключнай важнасьці разьведаць пра сваё начальства ўсё, што можна, і яшчэ ў заежджым доме мяне інфармавалі, што старшыня РВК цяпер у разьездах па раёне, што ён зь сялян, зусім просты чалавек, жанаты, здаецца, і прыплод ёсьць, здаравяк-махіна і ўпарты, як вол. Яго нядаўна сюды прыслалі, бо ведалі, што толькі ён можа зьнішчыць галавацяпства Шапялёўскіх устаноў. «Як бачу, маналітны чалавек!» – падумаў я. Некаторыя дадатковыя неабходныя весткі атрымаў я ад кур’ера РВК, якога я сустрэў, ідучы ў РВК, і якому сказаў, што я прыехаў на пасаду загадчыка культаддзелу. Першае, што я ўзяў на ўвагу, калі ўвайшоў у вагульную канцылярыю выканкому, была машыністка. Яна сядзела каля вакна і задумёна татахала на машынцы. Каля дзяўчыны мітусіліся дзелаводы, перапісчыкі, падсоўвалі ёй свае паперы і спрачаліся між сабою за чаргу. Кажны зь іх пахмыляўся, нахабна глядзеў ёй у вочы, блізка дыхаў на яе, часам мармытаў ёй два-тры словы. Яна давала гэтаму мінімум увагі і, мусіць, канкрэтна разумела сваю задачу. Яе аблічча адразу ўціснулася ў маю памяць. Троху ўдоўжаны твар, з шырока-адчыненымі, чорнымі і троху гульлівымі вачамі, кучаравыя, чарнявыя, абчыкрыжаныя на гарадзкі манер валасы, нос зь невялікім горбікам і зграбная постаць з прыгожымі курганчыкамі грудзей – усё гэта адразу асьвяжыла маю кроў, надало мне бадзёрасьці, якую я страціў быў у мінулую мокрую ноч. А вакол гудзеў народ, шчырчэлі пёркі скрыбаў, з шолахам пераварачваліся аркушы паперы, рыпалі дзьверы шафаў, із стогнам перакладваліся зь месца на месца вялізныя, тоўстыя кнігі зь лічбамі сялянскага жыцьця. Я спыніўся на хвіліну і моўчкі завастрыў сваю ўвагу на дзяўчыне. Яна павярнула сваю галаву ў мой бок і зірнула на мяне. Хацела зноў узяцца за справу, але я ўпарта глядзеў на яе і хацеў накіраваць яе думку на сябе. Я выцягнуўся і стаяў перад дзяўчынай высокі, уважысты, зь сьвежым мужным (праўда карпаносым) тварам чалавек. Я наўмысьне разглядаў яе, як цікавую, але непатрэбную ў нашым будаўніцтве рэч. У першы момант дзяўчына нібы засаромілася, лёгкі налёт чырвані прабег па яе абліччы, але потым яна, відаць, урэгулявала сваю кроў. Дзяўчына сьмела і нават з пагардай пачала глядзець на мяне. Некалькі хвілін цягнулася наша вочнае спаборніцтва. І вядома, перамога была на маім баку. Дзяўчына адвяла ў бок свае прыгожыя вочы, і яе пальчыкі няўпэўнена пачалі скакаць па машынцы, а грудзі парыўна заварушыліся пад тонкай кофтай. Мне хацелася патаварыць зь ёю. Я пашоў да яе. – Пакажэце мне сакратара РВК! – Ён у габінэце старшыні. – Старшыні яшчэ няма? Ня ведаеце? – Ня бачыла. Здаецца яшчэ ня прыехаў. Я прайшоў у габінэт, адчуваючы, што ў сьпіну мне глядзелі яе вочы. Адзначыўшы гэтыя станоўчыя вынікі маёй кароткай размовы зь дзяўчынай, я ішоў у габінэт шырокімі, упэўненымі крокамі і нават сымуляваў некаторую распусную развальцу ў хадзе, чаго звычайна ў мяне ня прыкмячалася. Дзяўчына памылілася. Старшыня тав. Сом ужо вярнуўся з раёну і сядзеў у габінэце. Я назваў сябе. Старшыня сустрэў мяне досыць раўнадушна. У яго нізкі, грузлы голас, самы звычайны, з усімі адценьнямі, сялянскі голас. Ні кроплі адукацыі ня бачна. Калі ён гаворыць, ад яго слоў у вагульным і цэлым пахне жытам, полем, непарушнай моц’ю лясоў і сенажацяў. І я канкрэтна разумею прычыну ўплыву яго на людзей. Тав. Сом ня доўта гаварыў із мною. Я пашоў у вагульную канцылярыю прыняць справы. У маім веданьні два сталы, дзьве шафы і тры зэдлі. Тут адразу вызначыўся шлях маіх дачыненьняў з машыністкай. Мае сталы стаялі побач зь яе столікам. Дзякуючы гэтаму, можна было бязь перашкод наглядаць за ёю. Я на сябе зазлаваў не на жарты. Як-жа? Прышоў у савецкую ўстанову, атрымаў важную пасаду і зь першага моманту больш цікаўлюся спадніцай, чымся дзяржаўнымі справамі. Мне трэба адразу разьмежаваць свае функцыі ад функцыяў дзяржаўных. Хачу зрабіць гэта, але ў першы дзень мне ня хочацца займацца справамі, і ўсю ўвагу прыцягвае яна. Даведваюся, што завуць дзяўчыну Крэйна Шуфэр. «Надзвычайна прыгожая яўрэйка!» – падумаў я і пасьля малёнага змаганьня з сваім тэмпэрамэнтам вынес рэзалюцыю: зрабіць крокі да ажыцьцяўленьня самай шчыльнай сувязі зь ёю. Я нават пачаў у галаве намячаць трохгадовы пэрспэкцыйны плян майго закаханьня ёю і не заўважыў, як да яе століка падышоў малады белагаловы з блакітнымі вачыма чалавек. Крэйна яму прыхільна ўсьміхнулася, неяк дзіцяча расчыніла рот і кіўнула галавой, а ён мэлянхольна працягнуў ёй руку. Я запытаў у дзелавода, што гэта за Джэк-вантробшчык дзявочага сэрца. Дзелавод сказаў: – Гэта аграном Агнісьцік. Аграном прысеў на рог стала і неяк сумна пазіраў на Крэйну. Прышоў яшчэ настаўнік Юрлік, які, сказаўшы мне пяць слоў у галіне культпрацы, падсеў потым таксама каля Крэйны і пачаў чытаць інструкцыю аб карыстаньні жыцьцём. Ён павольна скруціў вялікую таўшчэзную цыгарку, прыляпіў яе да ніжняе губы, запаліў і, ня вымаючы яе з роту, гаварыў, гаварыў і гаварыў, алраўдваючы сябе ў нейкім злачынстве. – Я быў п’яны тады, Крэйна! – паўголасам гаварыў ён. – У нелегальнай форме. А ты дурненькая... у цябе палітычная верлавокасьць, калі ты прыймаеш гэта ўсур’ёз. – У цябе грубы падыход да жанчыны, – сказала Крэйна ціха. – Думаеш, што яна жывёла... Вось і наляцеў, цяпер самому сорамна ў вочы глядзець... – Крэйна, пагодзь мяне зь ёю! Я ня буду больш так рабіць! Ведаеш, я ня вінен у гэтым... У школе 3 настаўніцы, а я адзін хлопец, ну і шчыплю іх. А яны склоку між сабой завялі. Пасьля я даведаўся пра гэту гісторыю. Юрлік незадоўга перад гэтым на нейкай вечарыне наладзіў сыстэматычнае паляваньне на жанчын. Першай ахвярай была настаўніца Зязюлька, якая публічна, у прысутнасьці шырокіх савецкіх мас, абразіла яго, па-першае, абазваўшы яго высокакваліфікаваным хамам; па-другое, змазаўшы яго па твары нечаканай і выразнай па гуку поўхай; па-трэцяе, не пасьпеў Юрлік ачухацца і нейкую абарону ці рэабілітацыю прыдумаць, як Зязюлька новую поўху прыляпіла ўжо левай рукой і хутка зьнікла з вачэй усіх прысутных. Гэты інцыдэнт меў дзіўныя вынікі: настаўнік Юрлік загарэўся нястрыманым імкненьнем да Зязюлькі і шукаў выпадку зноў па-сяброўску гаварыць зь ёю. З габінэту вышаў старшыня тав. Сом, прашоў каля нашых сталоў, спыніў свае вочы на аграноме і настаўніку і роўным голасам заўважыў: – Сталы ў канцылярыі зроблены не для сядзеньня. Таксама і курыць нельга: калі кажны будзе курыць, тут немагчыма будзе працаваць. Мне прыдзецца штрафаваць за парушэньне правілаў. Сказаўшы гэта, старшыня пашоў далей. Аграном замітусіўся і адразу страціў усю сваю мэлянхолію. – Калі ў вас і зэдляў няма, – апраўдваўся ён перад Крэйнай і пачырванеў. – Чаму ўсе дзелаводы кураць, ім дык можна! – сказаў і Юрлік. – Ім можна, яны ўвесь час працуюць тут, а вы... – заўважыла Крэйна. – А я набрыдзь? – усьміхаючыся запытаў настаўнік і пакінуў канцылярыю. А мне дык вельмі спадабаўся гэты інцыдэнт. Я падумаў: правільна, трэба з дробязяў пачынаць, трэба ўсё браць на ўвагу. Памойму, у гэтым і ёсьць агульнае кіраваньне, неабходнае ў нашым някультурным жыцьці. Прышоў яшчэ начміл Какоцька і, пабыўшы хвіліну каля Крэйны, прашоў у габінэт старшыні. Я таксама пашоў туды. У мяне зьявілася шмат запытаньняў, якія трэба было зараз-жа вырашыць. Тав. Сом слухаў справаздачу начміла. – Мною праводзіцца ў жыцьцё такая пастанова, – пачаў гаварыць начміл, – каб да 1 траўня ўсе грамадзяне нашага мястэчка паставілі перад дамамі ліхтары, каб на вуліцах праклалі тратувары. На камунальныя сродкі і часткова за прыватніцкія думаем вясною забрукаваць вуліцу да РВК. Па-другое, неабходна забараніць каровам хадзіць па тратуварах. У мястэчку налічваецца каля 30 штук такіх інтэлігэнтных кароў, якія лічуць ніжэй свайго гонару ісьці па вуліцы. Мы думаем аслухных штрафаваць і першы раз браць у каровы 1 р., другі раз 2 р. і трэці раз 3 р. Тав. Сом ледзьве ўсьміхнуўся і зьвярнуўся да мяне: – Якога вы пагляду адносна гэтага? – У мяне будуць такія дадаткі і зьмены да сказанага тав. Какоцькам, – сказаў я. – Неабходна яшчэ зусім пазбавіць сьвіньняў права паказвацца на вуліцы. Бяспрытульных валачобнікаў заганяць на выканкомскі двор і браць па 1 р. за эгзэмпляр, калі знойдзецца ўласьнік жывёлы. Апрача гэтага, неабходна зарэгістраваць у З-дзённы тэрмін усіх сабак і кошак і гэтым даць магчымасьць статорганам ведаць лік сабачага і кацінага насяленьня ў мэтах экспортных магчымасьцяў. Старшыня зірнуў на мяне і забарабаніў пальцамі. – Урэшце, – сказаў я, міліцыі неабходна завастрыць увагу і на такім факце: на вёсцы зьявіліся хлапцы, нават камсамольцы, якія таўкуцца ў народзе ды запісваюць стары быт. У гэтым няма выстарчаючай плянавасьці. Запісваюць усё, што пад руку пападзе – песьні, прыказкі, забабоны і ўсякае непатрэбнае глупства. Небходна, каб міліцыя мела за гэтым нагляд і дазваляла гэта рабіць толькі тым, у каго будзе ад культаддзелу паперка. Тав. Сом гучна засьмяяўся і сказаў: – Вашыя дадаткі й зьмены яшчэ рана ўносіць. А наконт вашых, – сказаў ён, зьвярнуўшыся да начміла, – пакуль што патурбуйцеся аб тратуварах, ліхтарох ды забрукаваньні вуліцы. Усё іншае кіньце. Мяне гэта задзівіла. А каровы, а сьвіньні, сабакі? – падумаў я. – Ніякай культуры. Навет дарогі ня ўступаюць. Поўнае роўнапраўе зь людзьмі!
|
|