ІV. ЖАРТОЎНЫ ПТУШАНОК Пасьля гарбаты я з Крэйнай і Зояй накіраваліся ў выканком. Было напярэдадні 1 траўня. Вуліцы падмяталі, вокны мылі, ганкі шаравалі. Міліцыя наглядала, каб мястэчка выглядала сьветлым і прыбраным. Была разьвешана аб’ява, каб перад сьвятам тры разы ў дзень падмяталі вуліцы: а 9-ай гадзіне, а 15-ай і 21-ай. Усе грамадзяне шчыра выконвалі гэты зусім сваячасовы загад. Мы асьцярожна праходзілі паміж узброеных доўгімі мятламі падлёткаў і дарослых. Прыходзілася пільна сачыць, каб не папасьці ў самы пыл. А пыл быў узьняты такі моцны, што нельга было нічога разгледзець. Каля вэтэрынарнай амбуляторыі мы спаткалі нейкага жвавага піпканосага маладога чалавека ў вышыванай сарочцы. Правільней кажучы, ён наляцеў на нас і ледзьве ня зьбіў нас з ног. Ён некуды сьпяшаўся. Крэйна схапіла хлапца за рукаў. – Ці не на дождж ты разьбегаўся? Малады чалавек радасна ўсьміхнуўся дзяўчатам і, схапіўшы лоўкім манерам пад пашкі абедзьвюх дзяўчын, адразу зьмяніў кірунак свае хадзьбы разам з намі. Крэйна пазнаёміла: – Гэта тав. Шкулік Зізь, касір рабкопа і кіраўнік драмгуртка. Я зірнуў на Зізя. Хударлявы, чарнамазы хлапец, зь вельмі кучаравымі згуртаванымі валасамі, але такімі вялікімі, што на галаве нібы сядзела сароччае гняздо. У яго былі бегаючыя бліскучыя вочы, чырвоныя бэконныя губы і крыклівы, тлумна-вясёлы голас. Шкулік засыпаў: – У мяне да вас прапанова і нават загад. Вы ведаеце, што заўтра будзе? – Што будзе? Сьвята будзе. – Гэта ўсе ведаюць, нават эмбрыёны. А ці ведаеце, мы заўтра наладжваем грандыёзную маёўку ў лесе. – Аб гэтым мы ня чулі! – зацікаўлена ў вадзін голас прызналіся дзяўчаты. – Дык вось, я прапаную вам запісацца ў мяне. Ганеце адзін рубель з вашага чароўнага рыла. Мяне гэта як сярпом разанула. Паколькі ў маіх руках цяпер асноўныя спрунжыны культуры ў раёне, дык павінен-жа я наглядаць, каб людзі былі ветлівы, абыходлівы і ня выходзілі зь межаў прыстойнасьці. Я зрабіў незадаволены выгляд і зьнішчаюча зірнуў на Зізя. Крэйна зразумела: – Яго сумазбродзьдзе даўно з глуздоў зьехала! Усё Шкуліку дазволена, усё з рук сходзіць. Як здалося мне, Крэйна нават мяккімі вачыма, як маці, зірнула на Шкуліка, і мне было зайздросна. – Не, мае глузды ўсе дома – адгрызнуўся Шкулік і, нядоўга думаючы, ушчыкнуў Крэйну. Гэты выбрык ён правёў пад акампанімэнт уласнага голасу: Як мой мілы ушчыкнуў, Маё сэрца здрыгануў. Крэйна мякка шляпнула яго па патыліцы. На даламогу зьявілася і Зоя, якая, відаць, яшчэ раней атрымала ад Крэйны адпаведныя дырэктывы і працавала па мэтаду індывідуальных заданьняў. Не саромлячыся мяне, дзяўчаты ўзялі Шкуліка на рэмус, ірвалі яго за вушы, зь нябывалай актыўнасьцю чапляліся ў яго валосьсе, зь нячуваным зьдзекам адносіліся да яго ружовага твару. У гэтую юнацкую булку яны ўпіваліся, як у памідор. Але і Шкулік лоўка калатушыў супраціўніц, хапаючы іх за рукі, бязьлітасна шчыплючы, дзе прыдзецца. Такім чынам, штурхаючыся, рагочучы, ойкаючы і вясёла стогнучы, дайшлі мы да выканкому. Мая пазыцыя была досыць нявытрыманая. Мне хацелася схапіць гэтага кудлатага хлапчука і расьцягнуць як мыш якую, але прысутнасьць Крэйны стрымлівала мяне. Яна мне была міла, ня гледзячы на тое, што прыймала ўдзел у бясчынствах на вуліцы і дыскрэдытавала савецкага працаўніка. Добра яшчэ, што на вуліцах пыл вялікі быў, і ніхто ня бачыў нашых учынкаў. На ганку РВК Шкулік спыніўся. Крэйна запытала: – А хто яшчэ запісаўся? – Будзе невялікая кампанія, але цёплая. Самыя цікавыя для цябе, Крэйна, людзі... – Хто-ж гэта? – У першую чаргу я... – Ты? Ты заўсёды прылепішся. Безь цябе ніяк нельга. Шкулік прычыніў адно вока, другім зірнуў на Крэйну, потым на Зою і, як чалавек барахольнага маштабу, шальмоўна падміргнуў. Яны абедзьве засьмяяліся. Я хацеў пайсьці ў канцылярыю – гэты шылахвост Шкулік выклікаў у мяне паступова ўзрастаючае абурэньне. Крэйна спыніла мяне: – А вы будзеце на маёўцы? – Калі вы будзеце, дык і я. – Мы з Зояй будзем. – Добра! Можаце і мяне кааптаваць у склад цёплай кампаніі! – сказаў я Шкуліку. Ён запісаў мяне, узяў грошы і потым пералічыў удзельнікаў: – Будуць: Торба, Мамон, Гарачы, Юзька Гыля, Сьмятана-Бурчайла з жонкай, Сьвердзялюк, Хвэя бяз жонкі, Самчык, настаўніца Крутарожкава, настаўніца Зазюлька, тэлефаністка Горбік... – Жанчын можна ня пералічаць. Нас гэта зусім ня цікавіць! – заўважыла Крэйна. – Зразумела, будуць яшчэ Зычок, Дулянок, Кудлянок і ўся сям’я Галавасьцікаў. – А багародзіца з сынамі будзе? – запыталася Зоя. Усе пераглянуліся і аж сагнуліся ад сьмеху. Я нічога не разумеў. Крэйна дала тлумачэньне: – У нас ёсьць такая грандама, якую нехта назваў яшчэ грандотэльдама, а мы завем багародзіцай. У яе тры надта вучоныя сыны: адзін спэцыялісты па сельскай гаспадарцы, другі юрыст, трэйці нейкі дыплямат быў, адным словам, ня людзі, а багі. Яны, сыны, у Маскве і прыехалі сюды, каб усё сваё кодла забраць туды. Нават бабу стагоднюю забіраюць. Досыць жыць тут. – Як прозьвішча іх? – запытаўся я. – Багародзіца была два разы замужам. Першы раз была замужам за Курыцай, а другі раз за Курапатай. І сыны яе два ад Курыцы, а адзін ад Курапаты. Як Курыца, так і Курапата былі арандатарамі ў пані Більдзюкевічыхі і толькі за арэнду ў год плацілі 15 000 руб. – Ого-го!
|