V. ВУЖ ЗАКАХАНЫ Вечарам у той дзень быў урачысты сход усіх прафсаюзаў. Я няўхільна працягваў палітыку заваёвы сэрца Крэйны. Сход быў у клюбе пры нардоме. Клюб быў цесны, на другім паверсе, і ад залі нардому быў аддзелены тонкімі шалёвамі, празь якія добра было чуваць усё, што рабілася ў нардоме. А там у гэты час адбывалася рэпэтыцыя да першамайскага спэктаклю, і людзі, якія прыймалі ўдзел, выварачвалі ўсе свае вантробы ад наплыву трагічных пачуцьцяў. – Я заб’ю вас, як сабаку, генэрал! – крычаў нехта на сцэне. – А-а-а! – задыхаўся другі ад злабы – гэта вы той самы анёл сьмерці, што зьдзекваўся над людзьмі! На ўзвышшы ў клюбе стаяў засланы чырваньню стол і вакол яго вельмі нізкія лавы. У прэзыдыюм вызначылі 7 асоб: Крэйна высунула і маю кандыдатуру. Я зрабіў ёй пагрозу пальцам, але з прыемнасьцю пашоў і сеў. У прэзыдыюм абралі яшчэ жанчыну доктара, але яна адгаварвалася. – У мяне на мястэчку цяжкія нарадзіны, і кажную хвіліну мяне могуць паклікаць. – Тады і пойдзеце! – не згаджаўся сакратар райкому. – Не, не і не! – змагалася доктарша. – Я лепш тут каля дзьвярэй сяду. А сама акушэрцы ціха гаварыла, і я чуў гэта: – Нялоўка мне, немаладой ужо, Ісьці туды, ды сядзець куклай, глядзець на ўсіх. «Якая несьвядомасьць!» – падумаў я. Калі мы ўсе селі за стол, дык не адразу змаглі вызначыць сакратара. Пры гэтым лавы не адпавядалі сваёй мэце: над сталом было добра відаць толькі нашы ілбы, а рот, нос і ўсё іншае было схавана ад вока прысугных. Хацелі мяне вызначыць за сакратара, але я прасіў устрымацца. Калі ўсё больш-менш супакоілася, і слова далі дакладчыку, я сеў збоку стала і пачаў асьцярожна глядзець на Крэйну. Побач зь ёю сядзеў бухгальтар РВК тав. Лін. Яго я прыкмеціў у райвыканкоме. У гэты дзень ён вельмі часта прыбягаў да Крэйны, нешта ціха гаварыў ёй, паказваў нейкія паперы, чытаў нейкія рэзалюцыі, тэзісы, мітусіўся, як уліцкаваны растратчык. Лін быў досыць уважысты чалавек, у маіх гадох, бялявы, з доўгімі, пухнатымі як вафлі, вусамі, блакітна-шэрымі мяккімі, з масьлявай вільгацьцю вачыма і ружовым, як у сьвіньнёнка, тварам. Зірнуўшы на яго, адразу можна было канстатаваць, што гэты індывід мае значныя дасягненьні ў галіне сыстэматычнага паляваньня за ідэйна трухлявымі, але чароўнымі мяшчаначкамі. Мяне моцна разанула па сэрцы, калі я пераканаўся, што Лін (і прозьвішча як у сук улеплена!) зусім ня слухае дакладу, а шчыльна, як вуж, абкруціўся каля Крэйны і мілосна нешта напявае ёй. О, кваліфікаваная падла! Як я хацеў-бы ў той час ціхенька падабрацца да яго шапкай нявідкай і вострай іголкай калянуць яму язык ці стабілізаваны зад. Пасьля дакладу былі запытаньні. У прэзыдыюм было пададзена 7 пісулек, у якіх прасілі растлумачыць, што азначаюць словы: пэрыфэрыя, квінтэсэнцыя, прызма, рацыяналізацыя, стабілізацыя, уцілізацыя і г.д. Пасьля афіцыйнай часткі абвесьцілі перапынак. Чакалі канцэрту. Крэйна выйшла з нардому. Я пасьпяшыў за ёю, бо хацелася хутчэй намацаць глебу для больш інтымных спраў. Але дзяўчына, вышаўшы з нардому, як вадою разьлілася. Сумны, з пачуцьцём нейкай смолі на сэрцы, я накіраваўся за глухую сьцяну нардому. Тамака было цямрава, і толькі троху далей высоўваўся змрочны сілуэт сынагогі, за ёю сілуэт другой сынагогі і трэцяй. Будынак нардому да рэвалюцыі таксама быў сынагогай і самай пекнай з усіх 5 местачковых сынагог. Але ў 19 годзе, дзякуючы няўтомнай энэргіі і маньяцтву двох людзей – настаўніка Кадабухі і старшыні рэўкому Беларыбкі – сынагога перавярнулася ў добра абсталяваны з дэкарацыямі і мэбляй нардом. Мне гаварылі яшчэ, як будавалі гэты нардом. Калі выканком зачыніў сынагогу і пачаў шукаць людзей, каб перарабіць яе на нардом, дык ніхто зь цесьляроў не пашоў на працу, ні яўрэі, ні хрысьціяне. І будавалі ўсё настаўнік Калабуха і старшыня Беларыбка. Зь імі яшчэ працаваў адзін чалавек, ды ён быў зусім глухі. І вось адзін раз, настаўнік Калабуха ўбіваў цьвік у самы кумпал сынагогі. Прыладзіў драбіны і пачаў моцна бухаць па цьвіку, але... драбіны пахіснуліся... Настаўнік затрымаўся на ўбітьм цьвіку і павіснуў на сьцяне, а драбіны ўніз паляцелі. Ён закрычаў, але ніхто ня чуў... Зь ім працаваў і той глухі дзед, якому ўсё роўна было, ёсьць Бог ці няма. І ён ня чуў крыку «ратуйце». А з вуліцы ніхто ня прышоў, хоць, кажуць, і чулі ўсё гэта. Толькі выпадкова дзед узьняў вочы ўверх і ўбачыў, што трэба ратаваць. Цяпер часта апавядаюць гэту гісторыю. Я стаяў у змроку каля сьцяны нардому і разьбіраўся ў сваіх думках. Было ціха. Ніхто сюды не заглядаў. Там, з другога боку нардому, чуўся тупат бязьлікай колькасьці ног. Раптам мае вушы схапілі стрыманы дзявочы сьмех і нізкі гудлівы працяжны голас мужчыны. О, як затахала маё сэрца, як заварушыўся мой мазгавы апарат! Яна! Яна! А зь ёю Лін! Яшчэ больш прыціснуўся я да сьцяны, урос у яе. Два чорных цені прайшлі за нардом і спыніліся. Лін, як жаба пяшчотная, вёў сваю лінію: – Крэйна, каб ты ведала маю горкую долю, ты ніколі не сьмяялася-б зь мяне... Як убачыў я цябе, на ўсё забыўся! Ты прыгажэй за сонца (Сабачае мяса! – сказаў я сам сабе), мацней за магнэс! Калі гляджу я ў твае вочы, я забываюся на прафсаюз (Сьвіньнячае вуха! Сёньня-ж гаварыў: мы, шапялёўскі пралетарыят, павінны паказаць профдысцыпліну!), на абавязкі і бачу толькі цябе, Крэйна! Ты стаіш днём і ноччу перад вачыма... Крэйна яшчэ раз дзынкнула сьмехам. – Глупства! – сказала яна яму, а ў мяне на сэрцы лёгка, лёгка зрабілася. – Гэта вар’яцтва! Ці ня сорамна табе дзяўчыну спакушаць? У цябе-ж, паважаны таварыш, жонка, трое з паловай дзяцей! – Ты сьмяешся, а я не магу жыць безь цябе!.. Хочаш, Крэйна, кіну жонку, буду жыць з табой! – Я зусім ня думаю аб гэтым. Ніколі гэтага ня будзе! – ціха сказала яна. – А памятаеш Лютнянскае поле? Памяташ, сосны ў лесе шумелі, і мы з табой... Няўжо ня зьвернецца той час? Скажы, Крэйна! – Мала што было! – ізь сьмехам адказала яна і зрабіла некалькі крокаў да нардому. Лін схапіў яе за рукі, прыціснуў да грудзей і з запалам, якога не чакаў я, узмацніў сваё наступленьне: – Крэйна, пашкадуй мяне! Ты мне патрэбна, як паветра, як жыцьцё. Я звар’яцею, калі ты ня будзеш кахаць мяне... Слухай! Ня хочаш запісацца, будзем жыць так... – О, гэта вельмі проста... Ты думаеш, я гэтага баюся? – Слухай, Крэйна! Цяпер маёй жонкі няма. Паехала да маткі. Кінем усё тут, пойдзем да мяне – пагаворым. Ніхто ня ўбача... Я адзін на ўвесь дом... Лін задыхаўся. – Дзе ты цяпер жывеш? – запытала раўнадушна Крэйна, а ў мяне, як полымем, грудзі абсмаліла. Гэта было нечаканае гора, ад якога паваліцца трэба было. Але я стаяў на месцы, як прыкалочаны да сьцяны. – Жыву я цяпер у 5-ым мундоме, ведаеш там, каля барака! – сказаў Лін, і ў яго голасе мне пачулася перамога. – Што-ж, пойдам! Пагляджу, дзе ты жывеш! – проста сказала яна. Лін радасна і ціха засьмяяўся, і сьмех яго быў, як у акулы імпэрыялізму. У мяне як абарвалася што ў сяродку. – Дзяўчына вулічнага маштабу! – падумаў я, каб суцешыць троху сябе. Што-ж? Другім можна – даб’юся і я гэтае асалоды! Я бачыў, як Лін крывацмокам прыліп да Крэйны, і яны ціха прайшлі каля мяне, не заўважыўшы маёй прысутнасьці. На самым рагу нардому Крэйна раптам вырвалася з цапаў Ліна і сур’ёзным голасам зьмяніла сытуацыю: – Тут ёсьць невялікая перашкода! Ня быць таму, аб чым просіш ты! Хоць і не праціўны ты, хоць і прыгожы і прышоўся да спадобы іншым дзяўчатам, але я пашукаю лепшага! І шпаркімі крокамі, дзынкаючы сваім голасам, як балабончыкам, Крэйна пашла ў дзьверы нардому і кінула застыглага, як слуп, Ліна ў поўнай расхлябанасьці. – Ляцеў, як анёл, а ўдарыўся, як чорт! – ледзьве ня ў голас сказаў я, пераканаўшыся, што Лінаўскія прапановы не знайшлі практычнай рэалізацыі.
|