|
ІV. ГОСТРЫ ГАСТРЫТ Два тыдні майго адпачынку пранесьліся досыць ціха. У пачатку жніўня мой бястурботны небасхіл ахмарыўся. Шэраг дажджовых дзён – і я міжвольна зрабіўся ахвярай свайго сладастрашша (Гарачы). Аднойчы, калі ўся прырода жалосьліва скуголіла і прасіла сонца, пашоў я на тэлефонку, пагутарыў зь Сьвердзялюком і хутка вельмі блізка сышоўся зь ім. У яго нязьмерна больш тонкія пачуцьці, чым я раней думаў. Мяне ў гэты час цягнула да прымітыўных форм каханьня і ў пошуках ціхай, на ўсё згоднай, фізычна ня брыдкай жанчыны я сустрэўся зь Сьвердзялюком, як надзвычайным махінатарам у справах натуральнага каханьня. Складаная натура – Сьвердзялюк і часта, як жывы, стаіць ён у маіх вачох. Дзе ты цяпер Сьвердзялюша? Па якой зямлі сягаюць твае борздыя ногі? Каму ўсьміхаюцца твае містычназьвярыныя, часоў нэоліту ці бронзы вочы, такія непераможныя для жанчын? Вочы, вочы! Колер іх як у мутнавадзянога зялёнага шкла ці, яшчэ лепш, як у вады зь віру глыбокага. Ня ведаю, дзе ён цяпер і каго ў сучасны момант абымаюць яго доўгія, цапкія рукі. Зьехаў ён, кінуў Шапялёўку, замардаваны адначасным каханьнем пяці дзяўчын. Ёсьць інфармацыя, што Сьвердзялюк перажыў гэту стадыю шалёнства і ад полігаміі пасьля пакутнай барацьбы з сабою перашоў да моногаміі. Ужо і адростак ёсьць у яго. Што-ж? Усё цячэ, усё старэе, усё разумнее. А тады Сьвердзялюк жывы быў, як уюн. У два махі пазнаёміў мяне зь дзяўчатамі, якія марылі аб моцным, на ўсё жыцьцё расьцягненым каханьні. Аднаго вечару, калі дождж бубнеў у вакно тэлефонкі, сядзеў я там зь дзьвюма дзяўчынамі, замяняючы Сьвердзялюка, якога некуды панесла вятровае ліха. Адна зь дзяўчын – настаўніца Цыцоха, кабетка так сабе, смазьлівая Божая цёлачка. Другая новая тэлефаністка Мычка, якая знаёмілася з працай, дзяўчына беленькая, уся ў кужалёвых кудзёрках, зь лёгкадумным бляскам у вачох. На яе ўскладаў я вялікія надзеі. Я завёў вучоную гутарку на вольныя тэмы. – Біялёгічна завяршона толькі тая жанчына, якая прыймала ўдзел у нараджэньні новага чалавека. Кажная жанчына павінна імкнуцца да гэтага. Настаўніца Цыцоха сказала: – Ня ведаю, што будэе далей, а цяпер у мяне да дзяцей няпераносная агіда. Сам сабе такую дурату чалавек напусьціць. Народзіць дзяцей, а пасьля ўсё жыцьцё пакутуе, вазёкаецца зь імі, аддыхі ня ведае. – А я інакш думаю! – сказала тэлефаністка Мычка. – Я – вольная жанчына і ніколі ня буду залежыць ад мужчыны. І замуж у прынятым сэньсе слова не пайду. На што мне гэтыя кайданы. А дзіцёнка буду мець. Бяз гэтага нейкая пустэльня ў жыцьці. Мяне гэта моцна трусанула. Гэткі жаночы гэраізм і аўтаномія! І як нагадвае адну прыродную зьяву, аб якой паведаў мне настаўнік-прыродавед: – Некаторыя павучыхі-саміцы жываглотам зьядаюць самцоў пасьля таго, як апошнія добра выканалі заданьне. Я сказаў тэлафаністцы: – Хоць замуж не пайду – дзіцёнка буду мець! Дык што-ж? У чым перашкода? Калі ласка, Параска! І я досыць нявытрымана зарагатаў. Дзяўчына нечакана абразілася, уся заружавела і, як ластаўка перад дажджом, замітусілася па пакоі, потым зьбегла. На другі дзень яна падала заяву ў мясцком сувязі і ў профбюро тав. Мілёнку. Скардзілася, што я зьняважыў яе ў афіцыйнай установе ў прысутнасьці настаўніцы Цыцохі. Мясцком сувязі ўнёс прапазыцыю ў профбюро аб выключэньні мяне з шэрагаў профсаюзу за абразу савецкай перадавой жанчыны, але тав. Мілёнак сказаў мне: – У парадку ўдарнасьці прасі прабачэньня ў тэлефаністкі. Каб унікнуць гострых непаразуменьняў, я зламаў сваю ўпартасьць. Прасіў выбачэньня. Пасрэднікам у гэтай справе быў камсамолец Дусік, які прыдумаў лоўкую камбінацыю. Сабраў некалькі дзяўчат і хлапцоў і арганізаваў начную экскурсію ў саўгасны дзіўны парк. Там і адбылося маё прымірэнцтва з тав. Мычкай. Дасягнуўшы згоды, я ўжо не адходзіў ад яе ні на крок. Мы адлучыліся ад кампаніі і ноч скончылі на самым краю парку, там, дзе ў начы бялела бязьмежнае мора грэчкі і яе мёдны пах круціў галаву, напаўняў істоту выразнымі імкненьнямі. Мы сядзелі пад белай бярозай. Белая бяроза бязь ветру шумела, калі я, прытуліўшыся да пляча дзяўчыны, паакторску выконваў ролю спакусьніка. Мы вярталіся дамоў, калі апошняя зорка патухла ў небе. Я дзівіўся: як непасьлядоўныя жанчыны! Дзяўчыну звалі Люля. Люля, сустрэнемся яшчэ раз? Сьвердзялюк пазнаёміў мяне з другой цікавай дзяўчынай – Сошай-Дошай. У яе блакітныя вочы, выпукленыя, як бурбалкі вадзяныя, тонкі нос Клеапатры, лебядзіная шыйка, стрыжаная галава і добра абсталяваны грудны сэктар. Знаёмячы нас, Сьвердзялюк шапарнуў мне на вуха: – Беражыся зь ёю! Справа тут тонкая! Чырканеш няўдала сярнічку – шмат будзе турбот. – Не разумею твае алегорыі! – На яе мае пляны райком. Ці ня жэніцца ён... – Разумею цяпер. Няўхільнае абвастрэньне адносін з сакратаром на груньце каханьня. У галаве маёй адлюстравалася фігура сакратара з насупленымі вачыма, нэрвовымі ўздрыгамі губ і нагамі з доўгай трансляцыяй. Параўнаў зь ім Сошу-Душу і падумаў: – Прыгожая будзе яму бабулька. Ня кіне. У той-жа дзень вечарам мы сабраліся ў нардоме на рэпэтыцыю. Я падхалімнічаў з Сошай-Дошай, пераконваў яе, што нікому так не падыходзіць роля Люркі, як ёй. Угаварылі. На другі дзень мяне выклікалі ў райком, была заслуханая мая справаздача аб культпаходзе і пляне далейшай працы. Мімаходам сакратар параіў мне ня ставіць п’есу, якую ўчора рэпэтавалі, бо яна ідэялягічна нявытрымэная. Дзіўна толькі, скуль ведае гэта сакратар, калі самай п’есы ня чытаў і ў вочы ня бачыў. Я згадзіўся зь ім. Але тым-жа вечарам Соша-Доша сказала: – Тав. Самасуй – палахлівы заяц! П’есу трэба абавязкова падрыхтаваць і паказаць публіцы. Відаць роля местачковай прымадонны вельмі да густу прышлася дзяўчыне, а магчыма, былі яшчэ якія меркаваньні. Відавочна толькі адно: дзяўчына выразна ішла насупор свайму жаніху. А я стаўся між двох агнёў. Яна камандавала мной, як чорт піпкай. У пэрспэктыве – зноў калізіі, зноў пачаў закручвацца вузел драмы. Не пасьпеў я ўсё гэта абдумаць, як новая хмярэча да мяне прычапілася, ды такая хмярэча, што высунула мяне на мяжу між жыцьцём і сьмерцю. Гаспадыня мая (Хайка Каплун), каб яе пярун па галаве троху смалянуў, на сьняданьне засмажыла мне рыбу, ды нейкую дзіўную, з доўгім хвастом і вялізнай галавой (ні хваста, ні галавы я ня бачыў!) і накарміла мяне. Мала гэтага, калі я, зьнішчыўшы ладны кавал гэгай ядзі, падзякаваў гаспадыні, як яна, як авантурніца чыстай вады (у гэты час мой язык аблізваў мае губы), сказала: – На здароўе! Будзьце тоўсты! Ежце із смакам яшчэ! І, нібы заклапочаная маім здароўем маці, наліла мне яшчэ порцыён. Я ўмахаў яго. Паклала яшчэ. І той апынуўся ў тым-жа месцы. Праз гадзіну як схапіла мяне за жывот, дык тату-маму крычаў, забыўся, як мяне завуць. Пасьля па мястэчку дзейкалі, што мая гаспадыня, замест рыбы, засмажыла зьмяю. Гэта зусім магчымы варыянт, бо, па-першае, бязь Ліна гэта агідная гісторыя не абыйшлася, па-другое – усё цела маё пакрылася нейкімі цёмнымі плямкамі – наяўны сымптон зьмяёвай атруты. Я і сам ня ведаю, якім цудам у жывых застаўся. У першую чаргу я ўськінуўся на гаспадыню: – Вы мяне атруцілі. Каб рыбу есьці – на гэта ў мяне курсу ня было. У турму пасаджу, хоць памру! Гаспадыня ламала рукі і божкалася, што яна ні ў чым ня вінна. А мяне такі нявыносны боль заламаў, што я, ня помнячы нічога, застагнаў як недарэзаны вяпрук, і стралой паляцеў у больніцу. Як на бяду мне, дохтарша, якую ўсё мястэчка за матку прызнавала, паехала ў вадпачынак, а доктар Крутагалоў (каб яму галаву адкруціла!) паехаў на эпідэмію трасцы. Ніякой эпідэміі ня было, але пасьля высьвятлілася. Ды ён і ня доктар быў, а захапляўся жаночай фігуральнай структурай. Як прыдзе ў больніцу прыгожая дзяўчына, дык ён загадае ёй распрануцца ды тры з палэвінай гадзіны выстуквае, вымацвае яе. На мястэчку ёсьць яшчэ прыватнік – доктар Зэлік. Дык добрыя людзі рагочуць, заходзяцца ад сьмеху. Падумайце: ня мог пазнаць, што яго жонка цяжарная і на працягу 9 месяцаў усім дурыў галаву: – Маю жонку трэба везьці ў Маскву пад апэрацыю. У Беларусі няма такіх вучоных. У жываце, бачыце, нейкі вопух, паводля яго слоў, арганізаваўся і расьце, расьце. А як прышоў фінал ды жонка застагнала і хутка дзяўчынку прывяла ў жыцьцё, дык ён вочы свае выпукліў. Дык гэты доктар мог мяне на той сьвет накіраваць і дапамогу даў-бы ў вадмоўным сэньсе слова. У больніцы засталася толькі акушэрка. Нават фэльчароў як вадою змыла. Жанчына памацала мой напуклены жывот, паціснула ў розных мясцох. Пры кажнай маніпуляцыі я галасіў: – Ой, здыхаю! Ратуйце! Ня дайце разлучыцца з жыцьцём! Спакойна сказала: – Гостры гастрыт! Дала нейкіх парахоляў. Тут нейкая баба прычапілася да акушэркі: – У мяне жывот баліць, як цяжкое падыму. Дык і ў мяне гайстрыт? Што-ж ён такое? Гліст такі, ай што? – Гліст, гліст, – замахала на яе акушэрка. Баба высунулася ў пярэдні пакой і сваім суседкам: – У мяне гліст, такі гостры, як іголка. Гостры гайстрыт. Ён зь мяне ўсё шлуньне выцягвае. Мне не да сьмеху было. Прыняў зельле, ледзьве завалокся дамоў, а там яшчэ горш падкаціла. Саромна мне было стагнаць на сваёй кватэры – не хацелася, каб мае енкі чула Крэйна. Узаўрэў я, але сьцягнуўся з ложка і паплёўся ў сасоньнік каля вёскі Вялікія Насы. Там на ўзлоньні прыроды сярод сьпеючых аўсоў і грэчкі я «охаў, ёкаў і стагнаў», як апяяў у вершу маю цяжкую хваробу Гарачы. Птушкі сьпявалі, сьвяціла гарачае сонца па дубох зялёных, па соснах стромкіх, а я з болю грыз зямлю і кулдыкаўся, як уюн атручаны. Урэшце не хапіла ўсьцерпу. Бачу, сьмерць нямінуча – не закрыешся анучай. Пабачыў на дарозе падводу, зь ёю ледзьве жывы даехаў дамоў. Там мяне чакалі двое людзей: селянін Мікіта Корда, які разы два вазіў мяне па раёну, і выкладчык прыродазнаўства ў сямігодцы настаўнік Яжджыль. Мікіта, пабачыўшы мой зялёны твар, замітусіўся і выбег з пакою. Празь пяць хвілін вярнуўся: – Во баба мая вам раду прыслала! Праглынеце гэта – усё як рукой зьніме. Калі не адно, дык другое. Я зірнуў на Мікіту. У ваднэй руцэ ў яго былі нейкія сушаныя грыбы, а ў другой карэц з вадой. Мікіта тлумачыў: – Тут два грыбы. Адзін, во гэты – завецца чортава яйцо, дужа палзіцельны грыб ад рэзі ў пузе, трэба яго праглынуць ды запіць во гэтай сцаленай вадой з крынічкі. А калі не пасобіць. дык тады праглынуць другі грыб. Ён завецца пірдзіна, дужа сьмярдзючы грыб, але ўсё як рукой зьніме. Прыродавед схапіў грыб у рукі: – Дзіўна! Як народ кавярае навуковыя назвы. Гэты грыб па-латыні завецца лікапэрдум. Відаць, што тут была калісьці досыць высокая культура, калі ў народзе была пашырана латынская тэрміналёгія. А мне зусім ня было справы да лікапэрдума. – Мне нічога не дапаможа! – крычаў я, калі Мікіта пхаў мне ў рот другі грыб і даваў запіваць вадою. – Нічога! Сьмерць мая прышла. Мяне атруцілі. Зьмяю засмажылі замест рыбы. Мікіта прасьвятлеў: – Дык тады нагавор трэба. Я ўмею ад вужакі й сіпучай зьмяі. Я ўжо ляжаў, як няжывы чуў, што гаварылі над маім вухам, але ніякага руху зрабіць ня мог. Мікіта сьціснуў мой жывот і шаптаў: – Ехаў Міхайла-архайла, сьвяты папіхайла, на агняной кабылі, з гострай мячой у руцэ. Мячой выразаў, агнёй выпякаў, па імхох, па балотах адсылаў; вы, гады, не зявайце, свае джгалы вымайце, у балоты напраўляйце. А не, то клікну Міхайлу-архайлу, сьвятога папіхайлу, ад вас і пылу ня будзе. Агнёй запячэ, мячой засячэ, мятлой разьмяце. Дасьць па зубах, па трэцяму языку!... Я ляжаў у няпрытомнасьці. Мікіта і настаўнік Яжджыль пашлі дамоў, на зьмену ім прышоў Мамон. Боль зноў узмацніўся. Я стагнаў: – Дружа мілы, Мамося ясны, забі мяне, ратуй мяне ад пакуты гзтай! Захліпваючыся словамі, плачучы, разлучаўся зь нескарыстаным жыцьцём і даваў Мамону свае апошнія распараджэньні, як быць з маімі прычындаламі, што сказаць матцы. Часам нібы ў тумане ўспамінаў Крэйну і праяўляў надзвычайную моц волі. Я імкнуўся пяяць, каб троху спыніць ці сьцішыць грандыёзны боль у маёй вантробе. Я сьпяваў прыдушаным голасам, ад якога ў Мамона валосьсе ўгору ўздымалася: – Баліць-жа мой жываточак – Мусіць я памру. Ой пайдзеце, прывядзеце, Каго я люблю! І раптам дзьверы адчыніліся. Крэйна! Вочы яе сумныя, спачуваючыя, не насьмішлівыя. Ні слова ня кажучы, бярэ шклянку з вадой, сыпе туды лыжку стоўчанага вугалю (бярозавага!!!) і тонам, не дазваляючым дыскусіі, кажа: – Выпі, тав. Самсон! Я выпіў і празь дзьве хвіліны боль адступіў. Я плакаў з радасьці і цалаваў яе калені. Заспакоены заснуў. У маіх галавах сядзела Крэйна, а я сьніў, што маё чало яна ўпрыгожыла ружамі.
|
|