РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Уводзіны
Гульня №1
Гульня №2
Гульня №3
Гульня №4
Гульня №5
Гульня №6
Па-за гульнёй-1
Па-за гульнёй-2
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-4
Па-за гульнёй-5
Па-за гульнёй-6
Па-за гульнёй-7
Па-за гульнёй-8
Фінальная гульня-1
Фінальная гульня-2
Эпілог 1
Эпілог 2
Эпілог 3
Эпілог 4
Эпілог 5
Эпілог 6
ПА-ЗА ГУЛЬНЁЙ-1
        
ГУЛЬНЯ №1

        
        Пасьля мы спрабавалі адзін аднаму пераказаць, што адбываецца па той бок сьцяны. Словы падалі, як цьмяныя штучныя перліны, ня здольныя адлюстраваць нічога. Вядома, мы шукалі адказы, чаму менавіта ў хаце Разаліі Іванаўны ўтварыліся дзьверы ў іншы час, і як такое ўвогуле магчыма. Яшчэ да таго, як да Гульні далучылі мяне, Макс адкапаў у Інтэрнеце зьвесткі пра Чорны Камень на ірландскай ферме, ля якога час ад часу зьнікалі жывёлы і нават людзі, пра зялёную калону з жоўтымі прожылкамі ў левым куце мячэці маленькага гарадка Саудаўскай Аравіі, ля якой ніколі ня моляцца, бо аднойчы раніцай убачылі, што з каменю высоўваецца рука… Рука немаладога мужчыны, спрацаваная, з чорнымі пазногцямі, аголеная па локаць… Руку сузіралі цікаўныя цягам часу між дзвюма ранішнімі сьпевамі пеўняў, глядзелі, як б’ецца жылка на запясьці, а потым рука варухнулася і ўцягнулася ў калону, як сьлімак у сваю ракавінку. Самае страшнае, казалі сьведкі — менавіта кантраст паміж будзёным, нехлямяжым, прафанным выглядам канечнасьці — і неверагодным, звышчалавечым яе месцазнаходжаньнем.
        На лонданскай Канон-стрыт, насупраць Кітайскага банку, у закратаванай нішы захоўваецца камень Брута. Саксонскі кароль Этэльстан распавёў летапісцу, як ён праз гэты камень хадзіў па сваю карону. Вытанчаная срэбная карона нагадвала ўпрыгожаньні піктаў у часы росквіту іх цывілі­зацыі, якая пры Этельстане заняпала да людажэрства і касьцяных упрыгожваньняў. Паўстанец Джэк Кэйд нібыта пры дапамозе каменю Брута зайшоў у Лондан і спаліў яго, і абвесьціў сябе каралём Мантгомеры… Хаця які сэнс абвяшчаць сябе каралём пажарышча — ведае толькі егіпецкі бог Гор, адказны за самалюбства.
        І гэтак далей, далей… І паспрабуй адрозьніць, дзе спрацавала фантазія затурканага начальствам журналіста, якому абавязкова — дайд-лайн праз гадзіну — трэба скінуць у ленту навінаў сем сенсацыйных паведамленьняў, а дзе — рэальныя падставы паўтараць словы Гамлета да Гарацыя… Ёсьць, маўляў, многае на сьвеце…
        Сьвет нагадвае скамечаны ліст паперы, таму нам у ім няўтульна, і мы ўвесь час сасьлізгваем з абранага шляху. А тут патрапілі на самы згін, сьцерты так, што ўтварылася невялікая дзірачка…
        Куды можна выйсьці праз такое выпадковае вакенца?
        Запісы Разаліі Іванаўны ў зялёным нататнічку з залатым надпісам “Ле­нинград” пачыналіся: “Менск, 1933 год”.
        Лагічна было падумаць, што ты трапіш на тое самае месца, дзе цяпер знаходзішся, толькі ў іншым часе, і першае, што ўбачыш — яшчэ не зруйнаваныя могілкі, касьцёл, капліцы, расьпісаныя знакамітым мастаком Янам Дамелем…
        Але ня ўсё так проста… Ня ў госьці схадзіць да бабулі Ганны на бліны ці да суседа Радаслава на каньяк. Ты прабіраешся Туды, у чужы асяродак, нібыта спрабуеш скрозь поліэтыленавую плёнку дакрануцца да чужога аголенага цела. Кагосьці часткова замяшчаеш, выціскаючы яго таксама некуды… І прыцягвае цябе абавязкова яна, Сьмерць.
        І плата за знаходжаньне Там была высокая. Як за знаходжаньне ў любым чужародным асяродку — у вадзе, агні, на лютым марозе ці страшэннай вышыні. Стан трохі падобны на ліхаманку пры высокай тэмпературы… Хвіліны забіралі гады. Гэта на прыкладзе Разаліі Іванаўны было відно.
        З таго, што запісала Разалія, вынікала: яна ўпарта спрабавала выправіць лёс свайго роду, скручаны, як жалезны крыж, у які ўдарыла маланка… Абрэзаць галінку дзедавай ігрушы…
        Мы, цынікі-маргіналы, пасьмейваліся: няшчасная Беларусь зацыкленая на пладовых дрэвах. Ігруша на беразе Дняпра з прэлюдыі “Каласоў пад сярпом тваім”… Ігруша з постмадэрновага раману гомельскага літаратара Балахонава, у ствале якой кінутая кабета пахавала труп забітага каханка… І зноў “Імя ігрушы”.
        Бабулька ўсур’ёз спадзявалася, што як толькі галінка зьнікне — павінен зьнікнуць і высокі жалезны крыж з бляшаным вяночкам на ўскрайку могілак. Дзе ляжыць ейны Сева.
        Даліла, вядома, узяла да галавы. Выканае, маўляў, запавет…
        Але сьмерць кожнаму прапаноўвае сваю галінку.
        І кожны сам выбірае, ці гуляць яму са сьмерцю…
        Чаму дасюль вінавацяць ангельскага мастака-дэкадэнта Обры Бердсьлея ў распусьце? Ён быў прававерны каталік… Але хварэў з васьмі гадоў на сухоты. Кажуць, хворы на сухоты ў пэўны момант свае хваробы перажывае павышаную сэксуальнасьць.
        Багдановіч, таксама хворы на сухоты, пакінуў дзёньнік, дакладней, некалькі алоўкавых запісаў на аркушах паперы пра адносіны з замужняй жанчынай Клавай. Бердсьлей, які ненадоўга перажыў Багдановіча, маляваў падоўжаныя, як у блёкаце, белыя жаночыя целы з чорнымі кветкамі граху.
        Перад сьмерцю пакаяўся. Папрасіў спаліць грахоўныя малюнкі, асабліва ілюстрацыі да “Лісістраты” — неверагодна вялізныя напружаныя чэлесы, белыя жаночыя сьцёгны, як узьбітыя вяршкі…
        Менавіта хвароба спараджае падвышаную пачуцьцёвасьць ды эмацыйнасьць. Здаровы, па-прыроднаму здаровы чалавек ураўнаважаны і ня стане засільвацца з-за таго, што самка адмовіла яму ў спарваньні альбо чужая бабулька папрасіла сьпілаваць галінку ігрушы коштам у некалькі гадоў твайго жыцьця.
        Але ніхто з нас ураўнаважаным ад пачатку ня быў.
        Першым Туды пайшоў Едрусь.
        Мой Едрусь. Худы бялявы рокер з блакітнымі вачыма, няспраўджаны млынар…
        
        …Чалавек, на якога глядзіць Едрусь, крануў пяром аркуш. Маленькая кропачка атраманту… Быццам першая ракавая клетка. З яе можа вырасьці літара, потым — метастазы словаў… сказаў… Сьмяротная пухліна.
        “Я, Павал Глебавіч Налецкі, 15 красавіка быў запрошаны на невялікі банкет у дом прафесара гісторыі Люцыяна Нічыпаровіча з нагоды дня народзінаў гаспадара. Паколькі я працую з прафесарам у адной установе (Бел. універсітэт), і паколькі я ведаў, што сярод гасьцей будуць комуніс­ты і комсамольцы, я вырашыў пайсьці. Хаця да мяне даходзілі чуткі, што прафесар Нічыпаровіч яшчэ не да канца пераадолеў у сабе буржуазна-ліберальныя ўхілы…”
        Пяро затрымалася… Павал Глебавіч асьцярожна паклаў яго. Нібыта яно магло выстраліць… Па вялікім рахунку, можа. Налецкі незаўважна для сябе пачаў разважаць услых. Не, не, гэта невыносна… За што такое на старасьці гадоў… Калі яго змусілі напісаць “адчот” пра тую злашчасную вечарынку ў педтэхнікуме, ён жа не напісаў нічога кепскага... Выбіраў кожнае слова… Але як, як ён мог не згадаць пра выбрык гэтага ненармальнага шляхцюка з Камароўкі Апіевіча! Гарлаць пры сьведках пра тое, што няшчасную Беларусь падзялілі між Усходам і Захадам, і топчуцца, і разрываюць яе жывое цела…
        Дваццаць гадоў таму і сам Налецкі мог кінуць падобнае ў твар нават жандарам… Тады ён ня быў баязьліўцам. А цяпер… Ён жа вымушаны… У яго жонка… Дачка… Не за гарэлы блін душу аддаць… Ня ён — дык іншыя напішуць. Ды што крывіць? Колькі пер’яў рыпяць у гэты ж самы час, апіс­ваючы застольле ў Нічыпаровіча! І, напэўна, тыя, што старанна выводзяць літару за літарай, не вярэдзяцца, яшчэ й перакананыя, што робяць добрую справу… Асабліва – той, чарнявы мярзотнік Валяр’ян Скаловіч, што сядзеў за сталом насупраць. Нездарма ж сябруе з галоўным катам горада, Касіянавым. Налецкі сам бачыў, як ехалі яны разам у шыкоўным чорным “Фор­дзе”. Дзіва што – хто з такім тыпам, як Скаловіч, будзе яшчэ сябраваць? Скура белая, быццам з сутарэньняў ніколі на сонца не выпаўзаў. Неахайныя цёмныя валасы, нібыта ніколі не прычэсваецца. І гэта на пятым дзясятку, прафесар! Вочы зьедлівыя, нос вялікі, кручком. Але зьнешнасьць нічога ў параўнаньні з характарам. Кажан. Не зразумела, чаму Нічыпаровіч яго так любіць. Глядзіць — нібыта бацька на хворага сына. Не адымеш, Скаловіч — геній у хіміі. Каб хацеў — даўно апынуўся б зноў у якой Сарбоне… Грахі не пушчаюць, ці што? Успомніць толькі гісторыі з закаханымі студэнткамі… Што яны знаходзілі ў гэтым мярзотніку? Ён жа ўсьміхацца нармальна ня ўмее. Выгляд, нібыта з жанчынай ні разу ў жыцьці не цалаваўся.
        Так, гэты ня будзе вагацца — даносіць або не. Кажуць, нават студэнтаў сваіх не шкадуе, пасылае на перавыхаваньне ў ГПУ.
        Ён, Налецкі, ніколі ня будзе перакананы ў тым, што данос можа быць добрай справай.
        Апіевіч павесіўся б усё роўна — пісаў пра яго, не пісаў… Акрамя таго — ён жа, у адрозьненьне ад некаторых, не падлюга.
        …Ён — узважвае — кожнае — слова.
        З фотаздымкаў у зялёных рамках на гаспадара пакоя глядзелі добрыя ўсьмешлівыя вочы. Зьезд славістаў… Гадавіна вясельля з Ганнай… Дачка — на лецішчы ў Ліфляндыі, у матросцы, на трохколавым роварчыку…
        Пяро ізноў кранула паперу, нейкім рыўком, нібыта ўпілося ў яе сваёй жалезнай дзюбай.
        “Акрамя мяне, сярод гасьцей знаходзіліся загадчык кафедры неарга­нічнай хіміі БДУ Валяр’ян Скаловіч, выкладчык педтэхнікума літаратуразнаўца Пятро Замоцкі, паэт Зьмітрок Кадура і яшчэ два чалавекі, якіх я асабіста ня ведаю. Аднаго звалі Андрэем, другога Антонам. Апошні быў у суправаджэньні жонкі. Яе імя я не запомніў.”
        Запомніў, яшчэ як запомніў! Антаніна. Антон і Антаніна… Абодва студэнты. Ён — вучань Нічыпаровіча, будучы філолаг, камсорг універсітэту, яна — хімік. Прыгожыя, маладыя… Асабліва адметныя ў яе вочы: зялёныя, як смарагд, і з разрэзам, быццам у Неферціці…. Як Антаніна пагардліва зірнула на яго, Паўла Налецкага, старога, сьсівелага навукоўца з сусьветным імем, калі ён сказаў, што ня варта трымацца за старыя ілюзіі, хіба мала — сумленна працаваць, рабіць сваю справу. Каб захаваць хоць нешта для нашчадкаў, для тых, хто захоча адкапаць гэтую Трою, засыпаную палітычнымі пяскамі…
        Пра тое, што яна яму сказала, ён не напіша.
        “Беларусь разадралі напалам, вынішчаюць яе лепшых сыноў, дасылаюць кіраваць ёю чужынцаў… Катаў з іншых краёў, малаадукаваных, без сумленьня, без чалавечнасьці. Але Беларусь моцная. Яна не памрэ. А вось дзеля яе варта памерці”.
        Застаецца спадзявацца, што Скаловіч тых словаў ня чуў. Вось ужо ад гэтай студэнткі любоўных цыдулак мярзотнік не дачакаецца.
        Налецкі і сам калісьці думаў, як Антаніна. А цяпер… Хто ён цяпер? Ён усё яшчэ верыць, што можна збалансаваць паміж подласьцю і сумленнасьцю?
        Можа быць, варта выкрасьліць сказ пра буржуазна-ліберальныя ўхілы? Але ж пра гэта пісалі ў “Звязьдзе”… Не было б Рымшы — дык быў бы чорт іншы… Калі не напісаць — атрымаецца, што ён замоўчвае, альбо — барані Божа! — падзяляе погляды Нічыпаровіча…
        Насамрэч, вядома, падзяляе. Нічыпаровіч — ня тое каб душэўны сябра, але калега самы паважаны, высакародны па-старасьвецку, да наіўнасьці…
        “Мы пілі віно партвейн, а яшчэ гарэлку, якую прынёс паэт Зьмітрок Кадура. Я выпіў таксама, таму мала памятаю, што гаварылі за сталом. Размова насіла бытавы характар. Памятаю, што Кадура чытаў свой верш, у якім давалася апісаньне буры. Магчыма, тут быў нейкі палітычны намёк, але, паколькі я быў п’яны, я гэтага дакладна не зразумеў”.
        Чалавек кладзе пяро на стол і выцірае дрыжачай рукой спацелы лоб. Але, здаецца, пакуль нічога кепскага не напісана. Зараз жа гнюсны, ненавісны страх сьціснуў сэрца. Вось гэта і не спадабаецца! Яны адразу ж вырашаць, што ён ілжэ, ня хоча супрацоўнічаць па-сапраўднаму! А тады… Ён ужо пабываў у іх кабінетах і іхніх сутарэньнях. Смак крыві ў роце, кроў, якая цячэ з носу проста ў глотку, так, што захлынаешся… Перхаеш крывёй… Ходзіш у прыбіральню крывёй… Не, болей — ніколі! Урэшце, ня ён — іншыя ўжо даклалі… Успомні пра Скаловіча!
        Пяро нібыта само скочыла ў зьнямелыя пальцы.
        “Прафесар Нічыпаровіч вельмі хваліў верш Кадуры і сказаў, што беларусы — таленавіты народ, толькі, як гаворыцца ў казцы, начальства Бог заўсёды пасылае яму самае паганае”.
        Павал Глебавіч схамянуўся і пераправіў літару “Б” у слове “Бог” на малую.
        “Я не адобрыў слоў прафесара, нагадаўшы, што зараз нарэшце ўлада належыць народу. На гэта прафесар адказаў, што гэта вялікі зман, і на зьмену старым дыктатарам прыходзяць новыя, толькі менш пісьменныя, якім непатрэбная беларуская культура, да таго ж многія прыехалі з іншых краёў”.
        Пяро на хвілю затрымалася. Што далей? Расьпісваць, як абурылі яго, даносчыка, словы прафесара? Няшчасны Нічыпаровіч… Але ж павінен быў гэты стары ідэаліст разумець, што сам наклікае сваю сьмерць! А Кадура… Ды ён жа правакатар! Як гэта раней не зразумелі! Вядома, ходзіць, гарлае, чытае вершы! Вось і на зборышчы ў Нічыпаровіча, гледзячы ў прыгожыя вочы Антаніны, прачытаў верш Янкі Купалы, да якога цягаецца, як галодны зяць да цешчы на аладкі:
        
        Раз абселі беларуса
        Маскалі ды Ляхі,
        І давай яму сваяцтва
        Тыкаці з-пад пахі:
        – Ты мой ісьцінны браточак! –
        Маскалёк бармоча;
        – Ты мой хрэсьнік, мой сыночак! –
        Юда-Лях сакоча.
        Беларус жа ім на тое:
        – Сваячкі мае вы!
        Смачны жолуд вам на каву,
        Дый высока дрэва!
        
        Вар’ят… Правакатар… Але такі малады. Ён столькі мог бы стварыць… І яго кроў ляжа на гэтыя рукі…
        Рукі сялянскага сына з Рэчыцкага павету, за здольнасьці вывучанага вясковым дзячком ды пасланага на грошы апякунства ў магілёўскую семінарыю…
        Налецкі перагортвае ў памяці старонкі свайго жыцьця, нібыта рыхтуецца не забіць, а памерці.
        З семінарыі, аднак, пайшоў не ў сьвятары. Пакуль жыў, здымаючы на мізэрную дабрачынную стыпендыю катух у мясцовага краўца, знайшоў у шафе Біблію на іўрыце, што належала яшчэ прадзеду гаспадара. І, ад цікаўнасьці і самоты, вывучыў па ёй, успамінаючы некалькі семінарскіх урокаў па старажытнагабрэйскім, іўрыт… Гэта была шостая мова, якой авалодаў веткаўскі “вундэр-кіндэр” — пасьля польскай, рускай, нямецкай, лаціны і грэчаскай. Беларуская ў гэты пералік, зразумела, не ўваходзіла… Што за мова? Грубая мужыцкая гаворка! Ад якой належала як мага хутчэй па­збавіцца, каб не выклікаць насьмешак адукаваных людзей.
        Магілёўскія габрэі прыходзілі паглядзець на дзіва: шаснаццацігадовы беларускі хлопец вольна чытае Тору! Як можна даць такому таленту згінуць у глухой правінцыі імперыі? Скінуліся — хто колькі мог, ды яшчэ дадало грошай мясцовае таварыства прыгожай славеснасьці…І Пятрок апынуўся ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце на аддзяленьні ўсходніх моваў. І ўжо славутым маладым вучоным, аўтарам трох манаграфіяў, дзясяткаў артыкулаў, мужам прыгажуні з сям’і піцерскага архітэктара змушаны быў наведаць родную вёсачку, загубленую між палескіх балатоў. Ехаў, каб атрымаць дазвол “обчества”, да якога па законе быў прыпісаны, як селянін, на “открепление” — каб мець магчымасьць працаваць настаўнікам… “Обчество” належала паіць, карміць дні тры, як на вясельлі, улагоджваць, каб далі грамадою згоду. А сусед-апівоха ўсё куражыўся над “вучоным”: “А вось не адпусьцім цябе! У паны захацеў! Заставайся з намі гной варочаць!”
        Адпусьцілі… Потым была вялікая праца. Міжнародныя канферэнцыі, лекцыі, дыскусіі, змаганьне з цэнзурай. Адкрыцьцё Беларусі і яе мовы. Гістарычныя крыніцы, якіх дагэтуль упарта не заўважалі. Зборнік народных казак, за які яго маглі адны — спаліць на вогнішчы, як блюзьнера і сакрушальніка “устоев”, а другія — ушанаваць вечнай павагай і ўдзячнасьцю…
        Не спалілі. Не ўшанавалі. Лаўравы вянок, як і цярновы, даецца толькі абранцам. А ён у душы так і застаўся звычайным сялянскім сынам — абачлівым, няўпэўненым у тым, што заўтра ня выгарыць ягоная ніва, не адбяруць ліхія паны апошнюю худобу... З пакрыёмым, агідным самому жаданьнем цалаваць у ручку таго, хто можа паслаць на стайню… Пасьля, можа, выйдзе мужык з панскіх пакояў ды сплюне, ці выдзера з плоту калаціну на панскую сьпіну… Але пакуль трэба бараніць сябе ды свой надзел, чаму б не схіліцца… Ён ненавідзеў у сабе гэта сялянскае, халопскае, у маладосьці, здаралася, трымаўся сярод сьвецкіх, бліскучых знарочыста годна, часам нават задзёрзка… Потым, калі зьявіўся дасканалы касьцюм, пенснэ, партфель з ангельскай скуры — гэта сталася залішнім. Інтэлігент да апошняй валасіны.
        Рэвалюцыя гукнула голасам колішняга суседа: “Бач, панам зрабіўся! А да обчаства вяртайся, у гной!”
        Было невыносна цяжка… Але з крыві і гразі паўстала Беларусь. Тое, пра што ня марылася ў самых сьмелых мроях. Такія ж сялянскія сыны задумалі стварэньне акадэміі і універсітэту — у якіх гаварылася б на мове тутэйшага люду. Ён прыняў запрашэньне, не разважаючы.
        А потым…. А потым былі гады волі і веры, якія паступова зьмяніліся на адчуваньне, што сядзіш у палонцы, вада ў якой паволі замярзае, ператвараецца ў лёд, і вось-вось абхопіць цябе цьвёрдымі халоднымі абцугамі, і згасіць апошнюю жарынку жыцьця… Маленькія саступкі новай уладзе — добра, я звольню гэтага асістэнта… Галоўнае — не чапайце кафедру. Добра, мы аб’яднаем нашы кафедры… Але дайце магчымасьць выкладаць надалей. Добра, я ня буду называць у лекцыі тыя імёны — пакіньце гэтыя… Яны таксама вартыя. Добра, далучу да шэрагу вартых прозьвішча аднаго патрэбнага і важнага пустазвона… Ну хаця б у такім выглядзе гэта надрукуецца?
        Ён падпісваў паперы, згаджаўся — вядома, з агаворкамі, з адваёвамі нечага ўзамен на нешта… Але ад душы адкусвалі кавалачак за кавалкам, і яна сьцякала сумленьнем… Першым ня вытрымала не душа — сэрца.
        Павал Глебавіч устае… Пяро падае на стол з цёмнага дрэва, кроплі атраманту на пашарпанай паверхні амаль ня бачныя. Як кроў на крыві. За што? Як жыць далей з гэтым на душы? Дрыжачая рука імкнецца скамечыць ліст… Боль, які перапаўняе сэрца, раптам выплюхваецца, ахоплівае ўсё цела… Налецкаму здаецца, што над ім нахілілася тая амаль незнаёмая дзяўчына Антаніна, чужая жонка, і шэпча: “Так будзе лепей…”
        
        Едрусь, задыхаючыся, глядзеў на чалавека, які ўпаў на падлогу. Які боль… Нібыта спыняецца сэрца. Але ж увесь гэты час госьця з будучыні як бы тут не было — не варухнуцца, не ўмяшацца ў падзеі. Блёкат? Сон? Але ж госьць сачыў, як гаспадар пісаў свой “адчот”, запомніў кожнае слова… І пры гэтым — не адчуваў уласнага цела. Ён што, таксама памёр? Едрусь амаль у жаху паспрабаваў варухнуцца. Дзякуй Богу, цяпер можа рухацца. Правёў рукой па твары... Хістаючыся, нахіліўся над гаспадаром… Павал Глебавіч Налецкі глядзеў у столь шырока адкрытымі, нібыта зьдзіўленымі, вачыма, у кутках якіх блішчэлі сьлёзы. Рокер асьцярожна дакрануўся да рукі гаспадара… Адчуваньне — нібыта спрабуеш нешта ўхапіць пад хуткай плыньню… Пульса няма. Можа, трэба зрабіць нейкі масаж сэрца?
        Але Сьмерць паставіла тут ужо сваё кляйно. Едрусь нібыта адчуваў яе нялюдскі, цяжкі гнеў на недазволенага сьведку ейнай працы.
        Трэба адсюль сыходзіць…
        Перад тым, як выйсьці з пакою, упрыгожанага пажаўцелымі фота­здымкамі ў зялёных рамках, госьць скамечыў і сунуў у кішэню сьпісаную няроўным старэчым почыркам паперу.
        Вядома, першы раз Едрусь не пасьпеў нічога толкам ні разгледзець, ні паспрабаваць зьмяніць — гэта пасьля мы адзін за адным пачнем тузаць за ніты ня намі сатканага сувою.
        Наш рокер цьмяна памятаў, што было потым. Ішоў праз нейкія дзьверы, спускаўся па лесьвіцы… Нібыта бачыў іншых людзей. Ці бачылі яны яго? Ніхто не загаварыў, не спрабаваў затрымаць. Так, выйшаў і на вулі­цу. Шэрае неба, як мёртвае вока. Менск… Але непазнавальны. Драўляныя дамы, незнаёмая цэркаўка за імі — як сьветлы анёл за сьпінамі сагнутых старэчаў, што рыхтуюцца ў апошні шлях. Што яшчэ? Прысмак медзі ў роце. Такі бывае, калі прыкладзешся да старога крыжа. Незвычайная лёгкасьць — і туга ад усьведамленьня, што гэты сьвет толькі цень.
        Едрусь не шукаў шляху назад — дый у тым сваім стане і ня мог бы знайсьці. Дзе тыя могілкі, дом Разаліі, злашчасная ігруша? Яго проста нейкая неадольная сіла выціснула назад, бы кроплю алею з халоднай вады.
        У кішэні Едруся, які вываліўся проста са сьцяны на драўляную падлогу дома Разаліі, хапаючы паветра ротам, быццам выцягнутая з вады рыбіна, ніякай паперкі не засталося. Але й у сакрэтных архіўных тэчках даносу Налецкага Макс не знайшоў. Хаця праверыў, як мог, па архівах, а Генусь па Сеціве “прабіў”. Высьветлілася, амаль усе, хто названы ў незакончаным даносе, былі неўзабаве пасьля “банкету” арыштаваныя і асуджаныя. Скаловіч, аднак, праз паўгода адпушчаны. Выслужыўся, зразумела. Шкада, у энцыклапедыях не прынята дадаваць да навуковых званьняў слова “даносчык”. Значылася толькі: “Нарадзіўся ў 1890 г. у г. Менску. З сям’і артыстаў. У 1911 г. скончыў хімічнае аддзяленьне фізіка-матэматычнага факультэту Юр’еўскага універсітэту, у 1913-м – Вышэйшыя педагагічныя курсы (аддзяленьне фізікі, матэматыкі і касмаграфіі), абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1913-1923 г. працаваў у Сарбонскім універсітэце. У 1923-1933-м прафесар і загадчык кафедры неарганічнай хіміі БДУ, дэкан хімічнага ф-ту (з 1931). Неаднаразова арыштоўваўся органамі НКУС. У 1934-м абвінавачаны ў “шпіёнска-дыверсійнай дзейнасьці” і асуджаны да вышэйшай меры пакараньня. Час і месца сьмерці невядомыя.”
        Яшчэ былі сьпіс навуковых працаў ды падрабязнасьці ўкладу ў разьвіцьцё каардынацыйнай хіміі і нейкіх там пераксідных злучэньняў.
        Тады ўдзельнікам Гульні здавалася, што калі яны сутыкаюцца з кімсьці па той бок сьцяны, гэта выпадковасьць. Наіўныя!
        І яшчэ вырашылі: хаця папера са стала прафесара ў нашым часе не зьявілася, але ж і ў тым, здаецца, не засталася. Значыць, можна нешта зьмяніць! І варта спрабаваць! Усе гэтыя сантыменты пра матыля на дарозе — тыпу, раздушыш у іншым часе, а ў тваім настане апакаліпсіс, — лухта. Гэта ня крылы матыля — гэта млын. Пачварна цяжкія каменныя жорны — кшталту тых, на якіх волат Мянеск перамолваў валуны на месцы будучага гораду свайго імя. Усё замесіцца з аднаго цеста, усё пройдзе праз адну печ… А ці памятае той, хто спажывае хлеб, імя кожнага зерня?

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.