РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Уводзіны
Гульня №1
Гульня №2
Гульня №3
Гульня №4
Гульня №5
Гульня №6
Па-за гульнёй-1
Па-за гульнёй-2
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-4
Па-за гульнёй-5
Па-за гульнёй-6
Па-за гульнёй-7
Па-за гульнёй-8
Фінальная гульня-1
Фінальная гульня-2
Эпілог 1
Эпілог 2
Эпілог 3
Эпілог 4
Эпілог 5
Эпілог 6
ФІНАЛЬНАЯ ГУЛЬНЯ-2
        
ПА-ЗА ГУЛЬНЁЙ-4

        
        Жоўтае лісьце на чорным граніце магіл —
        Быццам для сьмерці ляжаць залатыя манеты.
        Неба крумкач атрасае з натомленых крыл
        Проста на штучныя кветкі каля пастаменту.
        Як прабачэньня прасіць у таго, хто заснуў,
        Ці — верагодней — прачнуўся ад нашае явы?
        Лёс разьбіваецца, як аб глухую сьцяну,
        Аб міласэрнасьць і штучныя кветкі дзяржавы.
        Толькі рука твая — цёплая і пад дажджом —
        Мне не дае саступіць са сьцяжынкі да згубы.
        Ходзім па могілках, быццам прыглядваем дом.
        Толькі лістотай яго не аплоціш, мой любы.
        
        Жоўтае лісьце падала на магілы гэтак ціха, нібыта баялася кагосьці тут пабудзіць.
        Але нас наўрад маглі б напалохаць нябожчыкі.
        Тым болей, адзін з іх ішоў разам з намі.
        Спадар Валяр’ян у сваім доўгім чорным паліто (якое насамрэч, як вы­явілася, належала аднаму са сьледчых) на фоне крыжоў, мокрых чорных дрэваў і золата лістоты нагадваў не кажана, а крумкача — яшчэ нядаўна іх тут было, як пчолаў ля вульля. Пякельных пчолаў Тартарава вульля.
        Дачка Далілы Віка весела наразала кругі па сьцежках, а дзе й і па закінутых магілах, раскідваючы ножкамі ў чырвоных боціках кучы лістоты — ганяла “шуршыкаў”.
        Дзеці не баяцца пабудзіць нябожчыкаў. А што малым? Яны і так жывуць у сьвеце міфаў, і вераць, што іх лялькі па-за вачыма гаспадароў рухаюцца, размаўляюць, жывуць сваім жыцьцём… Дарослы пры адной думцы пра такое не заснуў бы ад жаху.
        Час ад часу Віка падбягала да дзядзькі ў чорным паліто, каб задаць вельмі сур’ёзныя (гены сказваюцца!) пытаньні. І пачуць ад дзядзькі таксама вельмі сур’ёзныя, паважлівыя адказы…
        Даліла, якая ішла наперадзе ўсіх нас, на самоце, незадаволена азіралася.
        А вось Макс шпацыраваў цалкам задаволены — нядаўна Скаловіч вычытаў пару ягоных артыкулаў і дадаў гэткія каларытныя дэталі ( вядома, бязьлітасна раскрытыкаваўшы прымітыўны стыль, ненавуковы падыход і малаабазнанасьць аўтара), што публікацыя абяцала выбухнуць маленькай сенсацыяй.
        У мяне таксама атрымалася выгода ад зьяўленьня госьця — учора ён дапамог мне зрабіць кантрольную па праклятым супрамаце, над якой я раўла ўжо два дні… Цікава, як прафесар мяняўся, варта было ягоны розум “загрузіць” складанай задачай — ніякага скепсісу-пацьвельваньня… Можна было падумаць, што ён па-сапраўднаму жыве толькі ў такія моманты… Сур’ёзны, уважлівы… Хоць наўрад калі раней эпюры крэсьліў — але падручнік мой пагартаў, падумаў — і рашыў… Мне нават уявілася, як добра было б, каб гэта быў мой бацька, да якога заўсёды можна зьвярнуцца... Мой жа сьвядомы татка, інжынер і фалькларыст-аматар, на мае просьбы толькі раздражняецца… Гультайка! Няздара! Канфармістка!
        Я нават прынесла Скаловічу пачытаць — пад абяцаньне нікому не расказваць — свае першыя празаічныя спробы…
        Раскрытыкаваў, вядома.
        Але я чамусьці не заплакала — як у мяне ў звычаі ад найменшых крытычных заўвагаў. Якім чынам Скаловічу ўдалося “размазаць” мае сьціплыя творчыя набыткі, як цеста на патэльні, і пры гэтым змусіць паверыць ва ўласныя сілы?
        Ва ўсялякім выпадку, я сустракала кастрычніцкую раніцу задуменная і ўся такая натхнёная, перабіраючы ў стрыжанай галаве магчымыя сюжэты.
        Увогуле, гэтая нядзельная раніца, восень, ціша ўлагодзілі ўсіх. Нават Генусь і Едрусь перасталі сварыцца… Чаго яны сварацца? Па-першае, тэмпераменты розныя, па-другое, Далілу на ўзроўні падсьвядомасьці (а можа і сьвядомасьці) дзеляць, па-трэцяе, у Едруся самі ўжо ведаеце, якая мамачка, толькі на дзень наркаманіі такую віншаваць, а Генусь сваёй ледзь ня кожную гадзіну тэлефануе. Суцешвае, падтрымлівае маральна. Вось цяпер блукае па могілках, але кажа, што звоніць з бібліятэкі. Каб не засмучаць.
        Калі б мой дваццаціпяцігадовы сын, не студэнт, заўважце, не асьпірант, сказаў мне, што тэлефануе з бібліятэкі, я б занепакоілася. Ці ўсё ў парадку ў маладога чалавека з асабістым жыцьцём?
        Але Генусева мамачка, сьціплая, хваравітая, трохі запалоханая медсястра да такога тлумачэньня звыкла, як да сынавых шакаладак: “Ну што ты трацішся на мяне, сынок…”
        Можа, Генусь таму й так лёгка расстаецца з закаханымі дзяўчаткамі? “Мамчын сынок”…
        А я ішла пад руку з госьцем з мінулага.
        Не падумайце нічога. Проста падчас сваіх вандровак у тэмпе электравеніка па бетонных брукаванках горада я падрала ўшчэнт красоўкі, і давялося выпараць са скрыні пад канапай школьныя боты. На абцасах у дзесяць сантыметраў! Быў у мяне такі “бзік”: вырашыла, што я маленькага росту. Не дацягваю да подыумнага стандарту. Не мазгі былі, а зацірка бяз солі.
        А хадзіць на гэтых хадулях так і не навучылася. А тут вузкія сьцежкі, гнілое лісьце, сьлізка… Скаловіч падтрымаў мяне падчас падзеньня, а потым моўчкі падставіў руку. За хлопцаў нашых не патрымаешся — што за пес­ты! У ЗША яшчэ ў 1985 годзе выдадзены “Feminist Dictionaru”, фемініс­тычны тлумачальны слоўнік. У якім гаворыцца: “Галантнасьць — зброя ўціску, якая робіць жанчыну няздольнай вырашаць жыцьцёвыя праблемы без штодзённай дапамогі мужчыны”.
        Вось і давялося дыбаць, нібыта павятовай паненцы са сваім старасьвецкім дзядзечкам. Вой, і ўпячэ мне пасьля за гэтую ганебную слабасьць Даліла…
        Каб Едрусь выказаў незадаволенасьць — я была б шчасьлівая.
        Але яму, што я пад руку са Скаловічам, што я ў абдоймах якога-небудзь заезжага алігарха альбо стрыптыз-хлопчыка Тарзана — так, гэта мая асабістая справа.
        Мы амаль перасталі кансьпіраваць ад хіміка відарысы “сьветлай будучыні” — ён толькі пагадзіўся не шукаць энцыклапедый ды навуковай літаратуры. Ганарыста абвесьціў, што ня схільны да плагіяту. Тым болей будучыня не выклікала ў спадара асаблівага захапленьня, наадварот: погляд на шэрыя шыхты “хрушчовак” ды “брэжневак” спарадзіў такую саркастычную ўсьмешку, што мне проста закарцела насуперак уласным перакананьням неяк абараніць звыклы ўрбаністычны саўковы пейзаж.
        Залаты ліст павольна праляцеў проста перада мной, нібыта маленькі човен запрашаў у падарожжа, апусьціўся на магільную пліту з чырвонага граніту з шэрымі прожылкамі… Тут адразу былі пахаваныя трое. Не, адна фотакартка адсутнічала, і пастаўленая толькі дата нараджэньня. Ніякавата выглядае. Немаладыя муж і жонка, памерлі гадоў дзесяць назад, у адзін дзень, і побач месца для іх, відаць, пакуль жывой пяцідзесяцігадовай дачкі. Няўжо яна такая самотная, што падрыхтавала ўжо сабе магілу з бацькамі? А магіла — заціснутая між помнікамі XIX стагоддзя… Значыць, на гэтым месцы таксама было старое пахаваньне. Жудасьць якая — ляжаць над іншым нябожчыкам… Нібыта на верхім ярусе турэмных нараў. Але, відаць, “гаспадыня” магілы над гэтым не задумвалася. Унутры агароджы з пафарбаванага ў чорны колер металу было прыбрана, у вазачцы — ня з пластыкавай бутэлькі, як тут часта сустракаецца, а з белай парцэляны сьвяціліся вострымі юлёвымі промнямі астры.
        — Дзіўна, але яшчэ дзесьці жывуць людзі, якія маглі б мяне памятаць, — задумна прамовіў Скаловіч. — Вось толькі наўрад хто з іх мяне памятае.
        — Вам ад гэтага сумна? — ня ў лад аптымістычна азваўся Макс.
        Хімік скептычна пакрывіў вусны.
        — Я хацеў, каб на мяне забыліся.
        Даліла, якая, відаць, прыслухоўвалася да размовы, рэзка спынілася і азірнулася.
        — Калі вы не ілжэце, то ў вас ня ўсё добра з псіхікай. Чалавек ня можа жадаць, каб на яго забыліся нашчадкі.
        — “Ня можа” — слабы аргумент, — зьедліва пракаментаваў Скаловіч. Чым і наклікаў на сябе гнеўную водпаведзь.
        — Гэта супярэчыць самаму галоўнаму інстынкту — самазахаваньня, — Даліла нават кулакі сьціснула — відаць, усё назапашанае раздражненьне на госьця ўскіпела. — Дзеля чагосьці вы ж працавалі, разьбіраліся ў сваіх іёнах-катыёнах? Ах, я здраднік… Ах, пакарайце мяне… Ах, я варты сьмерці… Колькі людзей, вашых сучасьнікаў, цудоўных, добрых, шчырых і ня вельмі, ляжыць на гэтых жа могілках безыменнымі, застрэленымі куляй у патыліцу, і іх сапраўды ніхто ніколі ня ўспомніць. І калі іх расстрэльвалі — тут, між гэтымі ліпамі, уночы, крадма, як хворае быдла, — у іх не павінна было заставацца надзеі на памяць, помнікі, вянкі, удзячныя словы… Каты не давалі ім ні пробліска веры ў гэта. Але я ве­даю — яны верылі. А вы проста… выкапнёвы мізантроп.
        Я прыняла сваю руку з рукі Скаловіча і трохі адступіла ўбок, каб якая трэска гневу ў мяне не патрапіла, калі зараз пачнецца гнеўная сеча.
        Хімік нібыта не заўважыў маёй ганебнай рэтырацыі і прамовіў на­дзіва спакойна:
        — На безыменных магілах ахвяраў спаконвеку расьлі гарады і храмы. Лозунг “Успомнім усіх” — гэта, вядома, прыгожа. Але гэта немагчыма. Пра гэта сьведчыць элементарная логіка. Мільярды людзей… Мільярды клетак цела сусьветнай цывілізацыі. Няхай кожная з іх непаўторная — што значаць іх імёны? Вы ведаеце хоць адно імя з тых, хто бараніў незалежнасьць царства Урарту? А там былі героі-патрыёты. Толькі на Страшным Судзе кожны верне сваю індывідуальнасьць. А для слабога чалавечага розуму — хоць бы сябе неяк уратаваць ад гардыні. Вы езьдзілі ў Чэхію, бачылі там знакамітую капліцу-костніцу? Усё ў ёй выкладзена з костак мніхаў. Агароджа, алтар, люстра… Кожны мніх ведаў, што пасьля ягонай сьмерці цялесны футарал ня будзе захоўвацца ў маўзалеі, і зямное імя згасьне, як рэха нябеснага. Вам, спадарыня, страшна ўявіць, што вас ня будзе ў зямным жыцьці. Вы па маладосьці год сваіх проста не можаце гэтага ўявіць увогуле. І цьвёрдай веры ў тое, што сьмерць — толькі пераход, брама — у вас няма. А наконт маёй мізантропіі — заўважце, я і не рабіў спробы вам спадабацца. Мяне, уласна кажучы, вашае меркаваньне пра маю сьціплую асобу не кранае. А кранае мяне, што дзесьці ў гэтай зямлі, магчыма, утварылася пустэча, таму што там няма мяне. Маіх непаўторных клетак. З-за вашай інфантыльнай любові да радыкальных эксьперыментаў над бліжнімі…
        Голас прафесара падчас ягонай прамовы ўсё больш набіраў лекцыйную моц, і ўрэшце ўсе мы згрувасьціліся купкай, як хмаркі, у лучнасьці якіх высьпявала бура. Нават маленькая Віка перастала раскідваць лісьце і заціхла, як зьмерзлая птушка.
        Касьцёл пазіраў на нас псеўдагатычнымі вачыма вокнаў, выцягнутых нібыта ў зьдзіўленьні — аркі, як зламаныя бровы.
        — Пра мой варты жалю інтэлект і безадказнасьць я ўжо наслухалася! — зялёныя вочы маёй сяброўкі ад гневу ледзь не палалі агнём, як у сапраўднай кобры.
        — Хто вам даў права гэтак размаўляць з Далілай? — выкрыкнуў Генусь на адрас хіміка. Я інстынктыўна падалася наперад, каб стаць паміж імі… Генусь нярвовы, а Скаловіч, між іншым, яшчэ ледзь на нагах стаіць — толькі дзе ж у гэтым прызнаецца. Вось і зараз атрутным тонам працягвае выклікаць на сябе:
        — Вы сур’ёзна лічыце, што гэтае права можа нехта даць?
        Генусь і праўда быў тузануўся, нібыта каб замахнуцца…
        — Ціха, ціха! — вылез наперад Макс.— Хто-хто, а гісторыкі лепей за іншых ведаюць, наколькі няпэўная штука памяць. Больш за ўсё, між іншым, ілгуць дакументы.
        — Гэта як? — падала голас я, бо захавала школьніцкі піетэт да кожнай паперкі з пячаткай.
        — А так… Вось трэба табе, скажам, зваліць з заняткаў, ты ж стопудова нешта выдумаеш — цётка захварэла, дзядзька з Кіева прыехаў… Напішаш жаласную заяву ў дэканат. А потым твае біёграфы пачнуць шукаць неіснуючую хворую цётку і дзядзьку з Кіева. Загадка паэтэсы Русланы Палынскай! А ўсе гэтыя паведамленьні пра адстаўкі высокіх чынуш! Перапрацаваўся, саслаб здароўем, добраахвотна вырашыў, што на іншай пасадзе прынясе большую карысьць дзяржаве… Ага, як жа… І ні ў водным дакуменце не напішуць проста — скраў, застуканы на распусьце, абразіў яшчэ вышэйшага чынушу…
        — Паслухай, але ж ёсьць сьведчаньні сучасьнікаў! — запярэчыў Генусь.
        — Ага, а яшчэ дзёньнікі! — зыранізаваў Макс.— Чытаў Кафку? Няшчасны, усе яго тыранілі… Сям’я, кабеты, шэф на працы… А тут яшчэ антысеміты пражскія… Але некаторыя дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што і ў дзяцінстве ягоным ніякіх жудасьцяў не сустракалася, і бацькі любілі, і начальнік страхавой кампаніі шанаваў геніяльнага падначаленага — той пару гадзінаў на дзень папрацуе, месяц хварэе… А шэф яму дапамогу вы­плочвае. Сябар, Макс Брод, як хвосьцік, ходзіць сьледам, расхвальвае, артыкулы піша, друкавацца дапамагае... А як з кабетамі абыходзіўся — таксама асобная размова. Эксьперыменты ставіў: спакуса праз перапіску. Ды й пагромаў у ягоны час яшчэ не было.
        — Ты хочаш сказаць, што ён шчасьліўчык, які прыкідваўся, што пакутуе? — абурылася Даліла.
        — Ды не, пакуты былі сапраўдныя… — пагадзіўся Макс. — Ня кожны вытрымае. Бяссоньне, страўнік ежу не прымае… Толькі прычыны ўсё-ткі больш унутраныя, чым зьнешнія. Геній бярэ на сябе пакуты ўсяго чалавецтва. Вось такі ён… выскачка.
        — За тое мы такіх людзей і памятаем! — урачыста падрахункавала Даліла. — У Оскара Уайльда ёсьць апавяданьне пра салаўя і ружу… Салавей, каб дапамагчы паэту заваяваць каханую, сваёй крывёй афарбаваў белую ружу ў чырвоны колер, працягваючы сьпяваць, калі шып уваходзіў у грудзі… Красуня і чырвоную ружу забракавала, кветку стапталі ў бруд… Але сьмерць салаўя ніколі не бывае дарэмнай! Песьні застаюцца!
        Скаловіч, які са сваёй раздражняючай усіх без выключэньня, апроч, можа, Вікі, усьмешкай гэта слухаў, не прапусьціў азвацца на пафас.
        — Ну так, памятаеце вы… Вось тут, непадалёк, я бачу крыж са знаёмым прозьвішчам. Вось ужо хто не шкадаваў сябе дзеля беларускай справы. Сапраўдны інтэлігент… Ягоная пецярбуржская суполка “Загляне сонца і ў наша аконца” і была для тутэйшых — як сонца. Без яе, можа, ні Купалы, ні Коласа не было б. “Вянок” Багдановіча выдаў на грошы Магдалены Радзівіл. А хто такі быў Багдановіч? Пакуль акадэмік Замоцін, запрошаны з Расіі, не адкрыў яго, як вялікага паэта… Ды яшчэ Сяр­гей Палуян, таксама “зялёны” крытык-самагубца, ацаніў, дастаў Баг­дановічавы вершы з кошыку “Нашай Нівы”… У БНР чалавек, пахаваны тут, працаваў міністрам асьветы. Напісаў першы падручнік па неарганіч­най хіміі на беларускай мове. Пры Саветах стаў рэктарам педінстытуту… У бальшавіках расчараваўся. Цяпер… дакладней, у маім часе — прафесар Варшаўскага універсітэту. Аўтарытэт! І вось — сьціплы крыжык з бел-чырвона-белай стужачкай…
        — А ён, можа, і крыжа не заслужыў, — з выклікам прамовіў Генусь.— Падчас апошняй вайны… вы да яе не дажылі,— кінуў Скаловічу, — гэты чалавек пайшоў служыць акупантам. Для якіх беларусы — рабы, якія падлягалі большай часткай вынішчэньню. Людзей забіваюць сотнямі тысяч, вешаюць, спальваюць жыўцом, мораць голадам у канцэнтрацыйных лагерох… Жанчын, дзяцей, немаўлятаў… А гэты ў касьцюмчыку горадам кіруе ды беларушчыну ратуе. Забілі яго партызаны… І пра­вільна зрабілі.
        — Чакай, ня так усё проста! — запярэчыў Едрусь. — Наш прафесар — сьведка… Як разабрацца, дзе праўда, калі ты ўнутры віру? Хто — здраднік, хто — герой, хто — сябра, хто — вораг? Вось бальшавікі… Зачышчалі тэрыторыі Украіны і Беларусі ад нацыянальнай інтэлігенцыі, каб гэтыя памежныя з Еўропай землі можна было спакойна дзяліць, каб не было народаў, а толькі насельніцтва. З беларускіх пісьменьнікаўкупка набярэцца ацалелых, і з тых прынамсі палова выжылі за кошт свайго стукацтва. “Кулакі” — у Сібіры. Гэта значыць, працавітыя, хоць троху ўмелыя людзі… А колькі іх проста “дзеля плану” забрана! Каб адрапартаваць, што вось столькі працэнтаў ворагаў “вычысьцілі”. Наняла самотная бабулька маладога суседа бульбу выкапаць — усё, “кулачка”, мае батрака. Беларусізацыя зварочваецца. Нават граматыку скалечылі, каб бліжэй да расейскай мовы. Людзі вар’яцеюць ад страху. Калі начальнікам “органаў” у Менск прызначылі Барыса Бермана, ён загадаў сьледчым “зьняць пальчаткі”, і кожную ноч толькі ў сталіцы хапалі па сто чалавек… Вам, спадар Валяр’ян, гэта яшчэ давялося б спазнаць. А пачварны закон “пра каласкі” — за сабранае на калгасным полі зерне дзесяцігоддзі катаргі… У прынцыпе, нічога новага для сусьветнай гісторыі. Гэткі строй называецца легізм. Яшчэ старажытны кітаец Шан Ян абгрунтоўваў “у рогі” Канфуцыю… Карай за малую правіну, як за вялікую — нікому ў галаву не прыйдзе ўтварыць вялікую. Народ подлы, яго трэба саслабляць, а дзяржаву ўмацоўваць.
        Едрусь стукнуў па фарбаванай чорным агароджы магілы, як быццам заклікаў нябожчыка таксама ў сьведкі:
        — І тут — немцы… Ідуць пад лозунгамі вызваленьня ад уціску каму­ністаў. Ёсьць надзея выкарыстаць іх, каб утварыць беларускую нацыянальную дзяржаву. Без палякаў, без расейцаў. Мара, дасюль недасяжная. БНР, дарэчы, таксама ж пры немцах утварылася… Іван Луцкевіч кайзераўцаў хлебам-сольлю ў Вільні сустракаў. І цяпер ня кожнаму хапіла б розуму ўсьвядоміць, што гэта ўжо ня проста немцы, нацыя Гётэ і Шылера — а фашысты. Якія не культуру нясуць, а генацыд. Беларускі паэт Майсей Сяднёў сядзіць у бальшавіцкай турме, сьмерці чакае — за вершы, за мову… Як ён павінен успрыняць гукі самалётаў, што лятуць бамбіць Менск?
        — Ты іх усіх апраўдваеш? Паліцаяў? — Генусь напяўся, як драпежны зьвер.— Не разабраліся… Затое па-беларуску газеткі выдавалі… А ведаеш, што было б, калі б мой дзед па бацьку ў якім сорак другім сустрэўся на вуліцы Менску з якой беларускай патрыёткай з камендатуры? Мой дзед, хлопчык з гета, з нашытай на падраны пінжак жоўтай латай… І дама ў капялюшыку, якая толькі што гарбату ці шампанскае піла з герам, які аддаў загад гета зьнішчыць.
        Вецер, зьніадкуль вазьміся, прашаргатаў па жоўтым лісьці, узьвіхурыў яго ў прывідных “джынчыкаў”, якія хутка прабегліся па магілах, спалохаліся і рассыпаліся.
        — Я глядзеў фільм пра вайну ў Карэі, — задумна прамовіў Едрусь. — Мы ж мала ведаем гісторыю іншых краінаў… А там ужо пасьля другой сусьветнай схапіліся паўднёвыя “капіталісты” і паўночныя “камуністы”. Карэйцы супраць карэйцаў. І загубілі мільёны тры. І вось ужо наш час, дакументальныя кадры. Раскопкі на месцы баёў. Парэшткі кожнага салдата з пашанай дастаюць, накрываюць карэйскім нацыянальным сьцягам… Гімн грае, слава героям… А фішка ў тым, што ніхто не адрозьнівае, не разьбіраецца — які жаўнер за які бок ваяваў. Таму што прыйшло разуменьне — усё гэта карэйцы. І кожны з іх верыў у нейкую ідэю, хацеў лепшага для свайго народу. У нас пакуль гэтага разуменьня няма. Наш народ хворы вайной.
        — Ёсьць рэчы, якія нельга дараваць нават у імя самай высокай ідэі! — ускрыкнуў Генусь.
        — Ага, свабода, роўнасьць, братэрства… — скептычна прамовіла Даліла. — А яшчэ дэмакратыя.
        — А што, табе падабаецца жыць пры таталітарызьме? — Генусь паглядаў спадылба, праз цёмныя доўгія пасмы валасоў — відаць, вось гэткі ягоны позірк і страшыў у свой час школьных настаўнікаў. — Усе — строем, усе ідэалагічна правільна мысьляць, а намёты пікетоўшчыкаў можна і бульдозерам… Вунь я хадзіў міма Дому прэсы, і справа ад яго белая сьцяна гаража тры гады была спрэс у надпісах “СС” ды “Слава России!”. І тры гады ніхто не замазваў. Хаця хадзілі ж побач людзі… А чаму? Баяліся чапаць. А раптам гэта правільна? Вось каб напісаў хто “Жыве Беларусь!” — на наступны ж дзень зафарбавалі б. Брамнікаў языком змусілі б зьлізаць.
        — Ну, скажам, і пры самых тваіх улюбёных дэмакратыях намёты пікетоўшчыкаў паліцыя прыбірае. Дзе — бульдозерам, а дзе й вадамётамі ды газамі, — адрэзаў Макс. — Дэмакратыя — гэта яшчэ ня значыць агульнае шчасьце. Каб пабудаваць нацыянальную дзяржаву, часам даводзіцца нечым ахвяраваць, каб пераламаць сітуацыю ў бок нацыянальнага.
        — А што такое — “нацыянальнае”? — ціха спытаў Едрусь. — Вось, спадар Скаловіч — напалову венгр. Я — напалову расеец. Генусь — на чвэрць габрэй. Усе мы гатовыя памерці за Альбарутэнію. Піцерскі паэт Гарадніцкі, габрэй па паходжаньні, неяк напісаў верш-адказ тым, хто спрачаўся наконт таго, чый ён паэт: “Родство по слову порождает слово. Родство по крови порождает кровь”.
        Скаловіч, які ўвесь гэты час адмоўчваўся — відаць, паглынаў і пера­працоўваў каштоўную інфармацыю пра будучыню, скрыжаваў рукі на гру­дзях і агледзеў нашу кампанію звысоку.
        — Та-ак, ну і каша ў вашых мазгах, сябры. Замілоўваюць мяне падлеткі, які разважаюць пра палітыку. А вось цяпер адкажыце мне, а галоўным чынам, сабе сумленна ўсяго на адно пытаньне: ці згадзіліся б вы жыць у самай дэмакратычнай краіне, з самым высокім узроўнем жыцьця, калі б яна перастала быць Альбарутэніяй? Воля, дабрабыт… Можа быць, і назва тая самая. Але няма жывой мовы — хіба ў якасьці фальклору. А так — расейская, польская, ангельская. Літаратура беларуская — што на лаціне, у якасьці помніка.
        Восень глядзела на нас жоўтымі вачыма, як рысь.
        — Гэта… дэмагогія! — абурыўся Генусь. — У дэмакратычным грамадстве захаваюць нацыянальнае…
        — Некарэктнае дапушчэньне. Я паставіў пытаньне вельмі проста. Баіцеся адказаць самі сабе?
        Зеленавокая Віка асьцярожна тузанула крысо чорнага паліто.
        — Дзядзька Валяр’ян, а ў гэтай краіне будуць Дысьнейленды? Ну, такія… паркі з каруселямі?
        — Колькі хочаш! — запэўніў Скаловіч.
        — Тады я згодная!
        — Чаму вы вучыце дзіця? — крыкнула Даліла і адцягнула Віку да сябе за рукаў. — Хочаце ведаць мой адказ — магу сказаць. Мне не патрэбная самая лепшая ўлада, калі пры гэтым не захаваецца Альбарутэніі. Калі мне ня будзе каму сказаць “Калі ласка”.
        — Можна падумаць, зараз вы часта гэта гаворыце. Словы відавочна ня з вашай лексікі, — не ўтрымаўся ад чарговай порцыі атруты Скаловіч і абвёў вачыма астатніх.
        — Ну? А што думаеце вы?
        — Пакуль жывы я, жывая Альбарутэнія, — спакойна ўсьміхнуўся Едрусь. — Помніце, як у апавяданьні Грына… Чалавека падманулі, паслалі ў джунглі шукаць цудоўны горад. Ён шукаў, пакутліва і дарэмна, а праз нейкі час пабудаваў яго. На пытаньне, як гэта ўдалося, адказаў: “Я нёс гэты горад у сэрцы маім”.
        — А вы, Руслана?
        Я адарвала вочы ад Едруся, нібыта давялося аддзіраць пластыр ад раны.
        — У нашай краіне заўсёды жылі ня толькі беларусы... Я ня супраць – няхай гучыць расейская, польская, габрэйская... На здароўе. Але калі тут ня будзе чуваць беларускай мовы– дзе яшчэ ёй гучаць? Дзе яшчэ яна можа быць гаспадыняй? Зразумела, небеларуская Беларусь, нават з самым лепшым урадам, гэта не мая краіна. А вы самі? Змаглі б жыць без Альбарутэніі?
        У прафесарскіх валасах, цёмных, з рэдкімі нітамі сівізны, заблытаўся вецер.
        — А я і ня змог.
        І куды нам, няшчасным, у такім выпадку падзецца? Сказана — хочаш даведацца, чыя ў краіне ўлада, паслухай, на якой мове вучаць дзяцей у школах. Адна паэтка, памятаю, у сярэдзіне дзевяностых прапаноўвала, каб беларускамоўным беларусам дазволілі стварыць сваю рэзервацыю. Накшталт індзейскіх вёсак. Каб хоць так захавалася наша культура. А турысты будуць езьдзіць, спачуваць… Подпісы пад зваротам зьбірала. Думала, улады прысаромяцца, адчуюць “сьцёб”. А яшчэ памятаю, як мае бацькі змагаліся, каб я працягвала навучаньне ў беларускамоўным класе. А дырэктарка тлумачыла, што дзеля трох чалавек (менавіта столькі бацькоў не пагадзіліся з пераводам класа на рускую мову) асобны клас стварыць ня могуць. А паколькі ў нас свабодны выбар моў, дык вось усяго за дзесяць прыпынкаў са зручнымі перасадкамі ў вельмі добрай школцы ёсьць беларускамоўны клас, і нават з эстэтычным ухілам. І хай там на гэтым непрыгожым языку і выяўляецца ваша дачка.
        З боку шашы, якая жыла сваім мітусьлівым жыцьцём за агароджай могілак, пачулася адчайнае выцьцё механічнага зьвера.
        — Ну і клаксоны ў вашай тэхнікі… — прабурчэў хімік, павярнуўся і павольна пайшоў назад, да белай брамы, чорны, няўклюдны, чужы ў гэтай залатой восені.
        — Стойце!
        Даліла кінулася за ім, схапіла за рукаў, нібыта непаслухмянае дзіця.
        — Я нешта мушу вам паказаць…
        І пацягнула некуды ўлева ад сьцяжыны… Я здагадалася — там жа магілы Севы Касіянава і Разаліі! Няўжо Даліла спадзяецца, што, калі туды падыдзе Скаловіч, то зямля расьсядзецца, і нябожчыкі ажывуць?
        А наша амазон-феміністка, сьцяўшы вусны, подбегам цягнула прафесара за сабой, не жадаючы заўважаць, што ён ня можа ісьці хутка. Урэшце ён і праўда пахіснуўся і цяжка ўпаў на адно калена, нібыта паранены рыцар перад чароўнай дамай. Я адарвала руку Далілы ад ягонага рукава.
        — Ты што, ашалела? Яму нельга!
        — Жаласьлівая… Ты ў нас, Руся, заўсёды самая жаласьлівая ды памяркоўная. Як мікстура ад кашлю. З усімі згаджаешся, усіх мірыш, тыповая пазіцыя здрадніка. — Даліла выплёўвала словы, як згуслую жоўць. — А я хачу, каб ён… прафесар наш… паглядзеў на гэтыя магілы.
        Скаловіч адхінуў маю дапамогу і ўзьняўся сам. Ён стаяў, сунуўшы рукі ў кішэні чорнага паліто, купленага нейкім сталінскім арлом, дакладней, сьцярвятнікам, і вусны яго былі ганарыстыя, нібыта ў маршалка на сойме.
        Просты жалезны крыж на магіле ўнука ягонага ката трохі пахіліўся, блакітная фарба на ім аблупілася, а твар юнака ў маленькім авале ледзь праглядаўся скрозь пацалункі соцень дажджоў.
        — Касіянаў… Трэба разумець, што ў Мадэста Пятровіча меўся ўнук. Запэўніваю вас, што я не душыў яго пад лесьвіцай, як Рычард Трэці сваіх пляменьнікаў. Дый, дарэчы, няшчаснаму каралю таксама гэта злачынства толькі прыпісвалі.
        — І ўсё-ткі гэты хлопец загінуў з-за вас! І яшчэ шмат вартых людзей… Напрыклад, пахаваная побач з ім, вось у гэтай магіле, папярэдняя гаспадыня маёй хаты.
        Маладая Разалія з кароткай стрыжкай з грыўкай трохі спадылба па­зірала з партрэту, які стаяў, прыхілены да часовага драўлянага крыжа побач з магілай Касіянава.
        Жудасная гісторыя пра галіну ігрушы прагучала гэтак тэмпераментна, што Далілу ад самой сябе ледзь на сьлёзы не прабіла.
        Скаловіч толькі вусны пакрывіў.
        — Нават ня буду абяцаць, што, ведаючы гэта і вярнуўшыся, не праеду ў машыне Касіянава пад згаданай ігрушай. Гэтак жа падгадаваны кабанчык ня можа паабяцаць вам сустрэчы пасьля Калядаў.
        А ў маім горле стаялі сьлёзы крыўды.
        — Як табе ня сорамна, Даліла! Няўжо ты не разумееш — калі Валяр’ян Іванавіч тут, і нічога не зьмянілася — значыць, усё адбылося не з-за яго! І колькі б ні сьпілоўваць тую галіну ігрушы — нічога ня зьменіцца!
        — А з-за каго ж гэта ўсё адбылося? Бачыце, прафесар, якое ўражаньне вы зрабілі на нашу даверлівую Русю! Пакутнік… Карбанарый Авадзень у балагане… Думаеце, калі на допытах нікога не называлі, а проста сядзелі прывязаным у крэсьле ды маўчалі — дык вы чысты? Вы ж спрыялі таму, каб людзей ператваралі ў зьвяроў! Ды сумленны чалавек на вашым месцы сапраўды засіліўся б! Ці на ката кінуўся! Зубамі грыз… У вас жа быў час зьбегчы… Вы — не Раскольнікаў, які забіў бабульку, а пасьля прыняў пакуты катаргі. Вы — здраднік. Нянавісьць да сябе нічога не апраўдвае!
        Скаловіч стаяў, апусьціўшы галаву. Ён раптам падаўся мне разгубленым, я нібыта пабачыла самотнага няўклюднага юнака, які робіць на продаж бенгальскія агні.
        — Я ўжо адзін раз зрабіўся забойцам — досыць. Засіліцца? Загубіць душу? Часам сьмерць — гэта баязьлівасьць. А ўцякаць… Я ня маю права ўцякаць.
        Маленькая Віка прарабіла чырвонымі боцікамі сьцежку ў лістоце ад закінутай капліцы да сярдзітай матулі.
        — За што ты крычыш на дзядзьку?
        Даліла, відаць, зьбіралася нешта брыдкае вымавіць, але стрымалася. Затое пракаментаваў прафесар, да якога вярнулася ягоная суровасьць.
        — Таму што твая мама заўсёды шукае вінаватых. Ва ўсім жа нехта вінаваты. Габрэі, кулакі, нацдэмы…
        — Ня параўноўвайце мяне з катамі!
        Генусь тут жа падскочыў да хіміка.
        — Прасіце прабачэньня!
        — Шкада, што вас гэтак раздражняюць цалкам лагічныя супастаўленьні. — Скаловіч дадаў атруты ў свой гучны нізкі голас, хаця й бачыў, што ў нашага хакера ажно вусны дрыжаць ад гневу. — Не дзіўлюся — логіка неўласьцівая вашаму мысьленьню. Гэта ж тычыцца і вашай дамы… Калі вы так моцна ў яе закаханыя — дык стрымлівалі б неяк яе афрыканскі тэмперамент.
        Магу паспрачацца на сшытак сваіх вершаў — апошнія словы прафесар прамовіў, выдатна разумеючы, што будзе далей. Я ледзь пасьпела захінуць сабой хіміка — кулак Генуся дакладна заехаў бы мне ў лоб, калі б Скаловіч маланкавым рухам не перахапіў яго. Ды так перахапіў, нягледзячы на свой яшчэ паганы стан, што Генусь ад болю сагнуўся.
        Пачалася непрыгожая тузаніна.
        — Слухай, ты, Тэрмінатар! — раўнуў Едрусь на хакера, адкідваючы яго назад. — Ты рэальнасьць са сваім улюбёным “Думам” не пераблытаў?
        А Генусь, зьбялелы, з растрапанымі чорнымі валасамі, усё яшчэ парываўся зьвесьці рахункі са Скаловічам.
        — Няхай ты хоць акадэмік, але ня маеш права нас прыніжаць! Хто ты такі? Ля цябе ж трава вяне! Мефістофель у лапцях! Брыдка глядзець, як нашыя дзеўкі за табой упадаюць. Што адна, што другая. Гэта нізка — выкарыстоўваць іх! Яны табе ў дочкі…
        — Заткніся! — Даліла прамовіла гэта хрыплым шэптам, і гэта было так страшна, што Генусь змоўк, адчайна закінуў галаву да восеньскага неба, нібыта зьбіраўся завыць ад тугі, рэзка павярнуўся і пайшоў прэч.
        — Стой! — закрычала я. — Ты ж абяцаў зрабіць прафесару пашпарт…
        Тэрмінатар нават не азірнуўся, толькі падняў угору левую руку з адстаўленым сярэднім пальцам.
        Не, ён сапраўды “зрушыўся” ад непадзеленага каханьня. Я і Даліла — і ўпадаем за старым зьвяглівым дзядзькам? Яшчэ б да могілкавай брамы прыраўнаваў.
        — Ну што, цяпер вы задаволеныя? — прагаварыла Даліла тым жа ненавісным шэптам на адрас прафесара. І, не чакаючы адказу, узяла пераляканую Віку за руку і рушыла ў бок дамка Разаліі. Прафесар, змрочна сыходзячы за ёю, зірнуў на мяне:
        — Дзякуй.
        А побач вырас Едрусь.
        — Ты малайчына, Руслана. Давай, трымайся… А то абцасы паломіш.
        І падставіў руку.
        А я… А я, глытаючы сьлёзы, пакульгала, успорваючы шпількамі вільготную зямлю, зусім у іншы бок, далей ад усяго, што лічыла дагэтуль самым важным у сваім жыцьці.
        Лісты па-ранейшаму ціхутка падалі на магілы, нібыта хацелі закрыць ад погляду неба нашыя сьляды...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.