РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Уводзіны
Гульня №1
Гульня №2
Гульня №3
Гульня №4
Гульня №5
Гульня №6
Па-за гульнёй-1
Па-за гульнёй-2
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-4
Па-за гульнёй-5
Па-за гульнёй-6
Па-за гульнёй-7
Па-за гульнёй-8
Фінальная гульня-1
Фінальная гульня-2
Эпілог 1
Эпілог 2
Эпілог 3
Эпілог 4
Эпілог 5
Эпілог 6
ПА-ЗА ГУЛЬНЁЙ-3
        
ГУЛЬНЯ №4

        
        Вярнуўшыся Адтуль, Генусь выглядаў горай за ўсіх. Таму што вярнуўся ў сіняках і акрываўлены. А кроў заўсёды надае сур’ёзнасьці. Зброя, якая не расьсякала цела, а толькі трушчыла косткі, была куды больш сьмертаноснай, бо ўдзельнікі двубою ў час не спыняліся.
        Даліла, не прыгаворваючы абавязковыя для іншых кабетаў “ой, бедненькі —пацярпі — чаму я цябе не спыніла”, агледзела Генуся. У прынцыпе, кроў цякла толькі з носу.
        Генусю было кепска, а потым стала яшчэ горш — бо давялося распавядаць, што было Там. І пра сваю недаравальную баязьлівасьць. Скажаце, навошта? Можна было не расказваць? Сылгаць? Каб у гэтай тусоўцы манілі, у ёй былі б іншыя людзі. Якія займаліся б іншымі справамі. Напрыклад, гулялі вечарамі ў сокер — падкідвалі нагамі напханую шкарпэтку. Ці пераказвалі адзін аднаму апошнія навіны пра гурт “Токіа-Гатэль” ды абменьваліся ружовымі значкамі…
        Але людзі гэтай тусоўкі ўсе былі ў доме ля могілак.
        Даліла толькі вусны пагардліва пакрывіла. Як можна было ня выстраліць? Макс маўчаў. А Едрусь прамовіў:
        — Я б таксама ня змог. Забіць — нават ката — грэх. Твой грэх.
        Генусь валяўся з тэмпературай на ложку Разаліі. Пытаньне, дзеля якога ён пайшоў Туды — варта болей хадзіць ці не — засталося без адказу. І так ясна было, што — пойдуць. Счакаўшы тыдзень, ці два… Але пойдуць. Пакуль жа абмяркоўвалі ўсё ў драбніцах. Відавочным рабілася — аб’ядноўваў усіх людзей, з якімі яны сустракаліся, адзін персанаж. Усе “кліенты” перад сьмерцю ўспаміналі пра хіміка Валяр’яна Скаловіча. Можа, Там галоўнае — сустрэць менавіта яго? І гэта яго належыць “сьпілаваць”, а не галіну ігрушы?
        Пакуль наш Генусь ачуньваў, Макс павёз Далілу ў вандроўку ў чарговую сядзібу. Ды ня проста ў сядзібу, а туды, дзе пахаваны барон фон Нолік, вядомы мецэнат і бібліяфіл XIX стагоддзя, з якім Макс, аказваецца, у сваяцтве праз прабабулю, якая выйшла замуж за аднаго з чатырнаццаці баронавых дзяцей.
        Макс загадзя сьпісаўся з мясцовым краязнаўцам. Што атрымалася далей — Даліла пасьля пераказала мне, таму і я магу вам распавесьці.
        На месцы сядзібы і баронскай усыпальніцы пасьля рэвалюцыі пабудавалі шклозавод. І менавіта ў тым цэху, што на месцы могілак, пачалі зьяўляцца здані. То нейкія цені сьлізгаюць, то прадметы самі рухаюцца, то гукі таямнічыя. На пасадзе начальніка цэху больш за год ніхто не прабыў — паміралі. Васьмёра памерла. І некалькі апошніх гадоў месца вакантнае.
        І вось згаданы краязнаўца, ад якога звычайна адны замарочкі — лямантуе, што ня тое бураць, ня тое будуюць, — паведамляе начальству, што прыедзе нашчадак барона фон Ноліка, гэта значыць, Макс. А тут — ні магіл, ні сядзібы… Сорамна.
        Месьцічы, запалоханыя містыкай, убачылі ў прыезьдзе баронава спадчыньніка шанец пазбавіцца ад жаху. Людзі з рыдлёўкамі кінуліся на тое месца, дзе, па расповедах старых, была закапаная магільная пліта знакамітага барона. Камень у тону вагою выцягнулі і ўстанавілі пасярод клумбы перад фасадам заводу. Кветак натыркалі — нібыта век тут расьлі. За госьцем-арыстакратам прыслалі машыну. Школьнікі з кветкамі, начальства з урачыстымі фізіяноміямі. Крамяныя дзеўкі ў нацыянальных строях з хлебам-сольлю. Не пасьпелі Макс і Даліла выйсьці з машыны — журналісты мясцовых газетаў ды радыё кінуліся да іх, як да Джоні Дэпа з Кірай Найтлі пад ручку. І самы ўпаўнаважаны журналіст з усьведамленьнем урачыстасьці місіі зьвярнуўся да Макса па-нямецку. Ну як жа, бароны фон Нолікі! Дарэмна Макс тлумачыў, што ён ня немец, што выдатна разумее і па-беларуску, і па-расейску, і што на тытул барона прэтэндаваць ня можа — прамыя спадчыньнікі жывуць у Польшчы. Так і прахадзіў баронам да канца візіту, а дабрачынныя гіды час ад часу спрабавалі паўтараць ключавыя фразы сваіх аповедаў на мове Гётэ і Шылера. А Даліла, якая шчыра цешылася з сітуацыі, відаць, сыходзіла для ўсіх за баранэсу.
        Павялі “барона” і да адзінай ацалелай магілы роду фон Нолікаў: малодшага сына са спамянутых чатырнаццаці дзяцей. Пахаваны асобна, бо — самазабойца. Распавялі тут жа кранальную гісторыю: закахаўся малады паніч у цыганку, тая нарадзіла яму дзіця, а бацька-барон не дазваляў жаніцца… Ён і засіліўся.
        Макс тут змог прыўнесьці яснасьць — загадзя раскапаў сапраўдныя факты ў архівах. Можа, падставай было і каханьне… Але засіліўся паніч з-за іншага. Ён вучыўся ў піцерскім універсітэце і быў выкліканы — ці сам каго выклікаў — на двубой. Тады сьмяротныя гулі з абаронай гонару забаранілі. Таму тыя, што жадалі “сатысфакцыі”, рабілі так. Ворагі пісалі кожны разьвітальную запіску аб намеры добраахвотна сысьці з гэтага сьвету. Потым секунданты кідалі ў шапку дзьве косткі — чорную і белую. Той з удзельнікаў двубою, хто даставаў чорную костку, мусіў застрэліцца, а ўсе сьведкі падтрымлівалі версію пра самагубства.
        Малодшаму фон Ноліку не пашанцавала.
        “Барона” і “баранэсу” адвезьлі ў Менск на машыне начальніка мясцовай адміністрацыі. Ці суцішацца пасьля іхняга візіту выбрыкі памерлых фон Нолікаў — пакуль невядома.
        Макс пасьля сьпісаўся з сапраўднай уладальніцай тытулу — шаноўнай дамай з Уроцлава. Дык тая нават расплакалася, даведаўшыся, што яе паважаныя прадзеды так непрыгожа паводзяць сябе пасьля сьмерці.
        Карацей, нават дачка Далілы, малалетняя Віка, дражніла цяпер дзядзьку Макса “Фон-барон”. Яго ж не баялася — дзядзька вясёлы, добры, на руках пагушкае, шакаладку дасьць, цікавую казку раскажа… Шкада, не іграе на гітары, як дзядзька Эдзік, і не дае пагуляць у незвычайныя кампутарныя гульні, як дзядзька Генусь.
        І, вядома, Макс быў супраць таго, каб Даліла пайшла Туды. Што ты за маці? Асіраціць дзіця хочаш? У цябе і так тры паддосьледныя трусікі мужчынскага полу маюцца. Можа, досыць іхніх пакутаў? Генусь з ложку нешта запярэчыў… А Даліла — вось дзіва! — ня ўгневалася, а хутчэй разьнервавалася. Яшчэ крыху — і ўсе пабачылі б цуд у выглядзе сьлязінкі на зялёным воку. Але цуды на грэшнай зямлі здараюцца рэдка. Найбольш — у выглядзе старасьвецкай чорнай сукенкі, якую наша сяброўка апранула замест заўсёдных нагавіцаў, рыхтуючыся да падарожжа. Таму Даліла толькі прагаварыла перарывістым голасам, што сябры — гэта не паддосьледныя трусікі. І калі каму ў голаў зайшло падобнае, тым больш трэба давесьці, што яны нароўні. Рызыкаваць чужым жыцьцём, не рызыкуючы сваім — несумленна.
        І бегма, адпіхнуўшы Макса, кінулася Туды.
        
        …Пятро Замоцкі моўчкі глядзеў у адну кропку. Дакладней, на драпінку ў падлозе з шэрых гранітных плітаў. Нават на погляд падлога была халоднай. Але яму давялося адчуць гэты холад навобмацак. І не адзін раз. А разоў гэтак трыста.
        І кожны раз спадзявацца — што гэтае выратавальнае халоднае дакрананьне падоўжыцца. Што не падымуць, пакінуць ляжаць… І новая сустрэча з болем адцягнецца… Ну хоць на пяць хвілінаў.
        Дарэмна спадзяваўся. Тыя, хто працаваў тут, ведалі сваю нялюдскую працу дыхтоўна. Калі ім трэба спыніцца, даць вязню крыху надзеі, каб потым яшчэ нясьцерпней падаліся зьдзекі, а калі трэба не аслабляць націск ні на хвілю, толькі мяняючы яго накірунак. Як ламаюць лазовы прут.
        Цяпер ён на той стадыі, калі яму даюць надзею. Што ж, яны не памыліліся. Ён даўно гатовы падпісаць усё, што ім хочацца. Здаецца, нешта ўжо падпісваў… Выкрыкваў разам з крывёй прозьвішчы. А яны казалі: “Ня тыя! Мала! Яшчэ!”
        Калі ласка… Міцкевіч, Луцэвіч, Кудзелька, Астрэйка, Дудар, Кадура… Магу назваць Напалеона Банапарта… Магу Маці Боскую Вострабрамскую… Толькі дайце-дайце заснуць… Перастаньце біць… І хоць кроплю вады…
        Пятро глядзіць на свае босыя ногі. Божа мой, гэта — яго ногі? Чорныя ад сьмярдзючага бруду і запеклай крыві… Пазногці, як кіпцюры.
        Замоцкі ўспамінае, як паўтара дзесяткі гадоў таму гэтак жа зьдзіўлена глядзеў на свае ногі, праўда, зусім з іншым пачуцьцём — першы раз у жыцьці абуў лакавыя чорныя чаравікі. Пазычыў іх маладому настаўніку педтэхнікуму прафесар Доўнар-Запольскі, які нядаўна прыехаў з Расіі і стаў суседам па доме. Няёмка, вядома, паважанага акадэміка пасьвячаць у свае побытавыя праблемы… Але нельга ж было ісьці сустракаць вялікага пісьменьніка Якуба Коласа, які прыязджаў з Курскай губерні на радзіму, у падраных чаравіках! Жонка ўжо і атрамантам замазвала драпіны, і суровымі ніткамі сшывала…
        А якая гэта была сустрэча! Білеты распаўсюджваліся па сьпісах Саўнаркаму, па некалькі — на кожны тэхнікум, школу, прытулак. Ён ухапіў усяго адзін — але жонка сказала: “Ня возьмеш з сабою — лепей дамоў не вяртайся.”
        Прабіліся… Усё-ткі Гандзя была сакратаркай у Наркампродзе, а значыць, звыкла мець справу з напорыстымі асобамі, што вымагалі падвышанага пайка. Загартавалася ў бойках з натоўпам. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч прыязджаў у сьпецыяльна вылучаным дзеля яго вагоне, у суправаджэньні “сьвіты”… А зусім нядаўна працаваў сьціплым настаўнікам у вясковой школе ў Абаяні Курскай губерніі. Яшчэ і адпускаць “губнаробраз” каштоўнага кадра не хацеў. Беларускі саўнаркам абураную перапіску завязаў: вярніце нам нашага паэта!
        Колас выйшаў з вагону — Замоцкі з-за мора галоў ды плеч бачыў толькі хударлявы вусаты твар, шчасьлівы, расчулены… Нават разгублены. Народжаная ў вірах часу Беларусь тоўпілася на менскім вакзале. Хто тады думаў, чым гэта закончыцца?
        Хаця… Некаторыя прадказвалі. Асабліва калі ў 1920-м расстралялі паэта Фабіяна Шантыра. Ужо большага рэвалюцыянера ўявіць цяжка было. Не чалавек — паходня. Ці кулямёт. Па здольнасьці прамаўляць доўга, пераканаўча і аднастайна пафасна. Але захацеў абысьціся без маскоўскіх бальшавікоў. Маўляў, у нас ёсьць свае, беларускія, камуністы.
        Ідэаліст. Кажуць, вельмі жанчын любіў. Нават у прысудзе яму гэта ўпісалі — “за добровольно-принудительную сьвязь”.
        Цікава, што зараз робіць Гандзя? Падобна, пастаралася выкрасьліць яго са свайго жыцьця. Дзяцей жа ім лёс ня даў. Яно і добра, як на сёньня. Праўда, сусед па камеры неяк шаптаў яму на вуха — дзіва што, вязьні ляжалі адзін на адным, як шпроты ў бляшанцы, — што зьняволеным проста не перадаюць пасылак з дому. Наглядчыкі ўсё забіраюць — нават калі вязень даўно мёртвы, ня скажуць, возьмуць, — і спажываюць самі.
        Замоцкі адчуў трывогу — нешта надта ён расслабіўся. Пачаў думаць пра недапушчальнае. Дом, жонка…
        — Замоцкі, пад’ём!
        Вязень ускочыў, як быццам крэсла пад ім запалала, заклаў рукі за сьпіну. Сьледчы задаволена глядзеў на спухлы, счарнелы твар з запалымі вачыма, падобнымі да апусьцелых шклянак. Гатовы. Яшчэ крыху… І доўгая лента дасканала арганізаванага канвееру вынесе адсюль патрэбны выраб. Паводле параметраў, вызначаных таварышам Касіянавым. Яшчэ падгабляваць… Даціснуць... Ня цела — душу. Калі на зьмену нянавісьці, крыўды, гневу да “аб’екту” прыходзяць пакорлівасьць і паслухмянасьць, наступны крок — “аб’ект” мусіць палюбіць свайго ката. Шчыра, самааддана. І ўсё яму прабачыць, і перапоўніцца шчырай удзячнасьцю. Варта толькі падказаць іншы накірунак для нянавісьці, іншага — “сапраўднага” — ворага. Таварыш Касіянаў кажа, што па гэтай схеме працавалі ўсе вялікія. Рымскія цэзары выкарыстоўвалі ў якасьці “пудзілаў”, на якіх можа скіравацца ўся назапашаная нянавісьць, першых хрысьціянаў, іспанскія каралі — габрэяў. А ў нашых, драбнейшых, масштабах аддзелу НКУС — дастаткова сярод паддосьледных выбраць аднаго… Галоўнае — не памыліцца з выбарам.
        — Наперад!
        Замоцкі дробнымі крокамі, баючыся паказаць, што балюча ісьці, перайшоў у другі пакой. Пасьля таго, як білі жалезнай трубой па галаве, адно вуха перастала чуць, і боль, быццам нехта час ад часу ўтыкае нож проста ў мозг.
        — Сядай.
        Пятро сеў, куды загадалі. Толькі пасьля гэтага сьвядомасьць уключылася. Побач, за сталом, сядзеў нехта маўклівы ў чорным. Але без загаду павярнуць галаву, паглядзець, хто гэта — не магло і думкі мільгануць! Знаёмы, як боль, голас сьледчага прамовіў амаль спачувальна:
        — Вось ты, Замоцкі, напэўна, думаеш, якія сволачы цябе схапілі, мучаюць.
        Па твары зьняволенага прайшлі дрыжыкі — ад жаху, што маглі падумаць, што ён праўда такое думае, і ад жаху, што мог не стрымацца і запярэчыць услых. Сьледчы працягваў:
        — Ня трэба баяцца сваіх памылак. Памылкі трэба выпраўляць. Менавіта з-за іх ты сюды і трапіў. А яшчэ дзякуючы таму чалавеку, які сядзіць у гэтым пакоі. Ён сказаў нам, што ты памыляешся. Мы яму за гэта ўдзячныя. І ты мусіш быць удзячны. Ты ж выправіўся з нашай дапамогай, праўда? Паглядзі на яго.
        Замоцкі павярнуўся налева. За сталом у высокім крэсьле — разная сьпінка вышэй галавы — сядзеў у дыхтоўным чорным паліто, зашпіленым на ўсе гузікі да самага падбароддзя, ганарыста выпрастаўшыся і схаваўшы рукі пад стол, дэкан хімічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага універсітэта Валяр’ян Скаловіч. Твар белы, шчокі запалі, але вочы ўсё гэткія ж зьедлівыя. І на вуснах — ня можа быць! — крывіцца тая ж непрыемная ўсьмешка. Ён яшчэ можа ўсьміхацца, вылюдак!
        Замоцкі ледзь стрымлівае дрыготку нянавісьці. Загнаны глыбока на дно душы гнеў раптоўна падымаецца наверх. Нібыта ўсё, што ён перажыў за апошнія паўгады, можна зараз спагнаць, выплюхнуць… Нехта мусіць яму за гэта заплаціць…
        — Бачыш, які ён задаволены жыцьцём, твой знаёмец Валяр’ян Скаловіч? У такім прыгожым чорным паліто… У такім прыгожым крэсьле…
        Твар Скаловіча перасмыкнула, як ад агіды. Ён тузануўся, нібыта хацеў устаць, але замест гэтага толькі ганарліва адкінуў галаву на сьпінку крэсла.
        — Ня вер ім… Пятро, ня вер ім… Яны эксьперыментуюць над намі, паскуды…
        Здушаны голас хіміка цяжка было пазнаць. Да таго ж, Замоцкі мог слухаць толькі Касіянава — як слухаюць усемагутны лёс.
        — Ты разумееш, Замоцкі? Гэта ня мы, гэта Скаловіч вінаваты ў тым, што ты трапіў сюды. Скажы гэтаму чалавеку, што пра яго думаеш, ня бойся. А можа быць, ён сам правінаваціўся перад савецкай уладай, а ад нас гэта схаваў? Можа быць, гэта ён мусіў быць на тваім месцы?
        Замоцкі падымаецца, як у сьне. Ногі дрыжаць. Бледны твар Скаловіча падаецца яму тварам самой сьмерці, самым паскудным, што ёсьць у жыцьці. Зьнішчыць яго — і вернецца сьвятло і дабро.
        — Ты, ты… Сволач… — у горле зьняволенага хрыпіць нянавісьць. Ён, як самнамбула, набліжаецца да здрадніка, цягнучы рукі… Хімік глядзіць неяк незразумела — нібыта з затоеным болем. Не адхінаецца, не адводзіць вачэй… І па-ранейшаму крывіць, крывіць свае вусны… Схапіць за горла...
        — Толькі не па твары! Чуеш, Замоцкі, па твары нельга! Пачакай!
        Але Замоцкі цягнецца да бледнага аблічча кашчавымі пальцамі, на двух з якіх сарваныя пазногці.
        Сьледчы вычэквае, потым падае знак канвойнаму. Той падыходзіць да Замоцкага і акуратна б’е па галаве прыкладам вінтоўкі. Чэрап нібыта ўзрываецца. Пятро падае ў трыста першы раз на гранітныя пліты.
        — Я ж казаў, толькі трохі аглушыць!
        — Ды я ня моцна, таварыш лейтэнант… Відаць, у чэрапе была трэшчына.
        Ужо згасаючы позірк выкладчыка педтэхнікуму скіраваны пад стол… І бачыць, выразна, як уласную сьмерць, што з-пад чорнага дыхтоўнага паліто чалавека, які сядзіць за сталом, высоўваюцца ногі, дакладна такія ж, як у самога Замоцкага. Босыя, чорныя ад бруду і крыві, і нават сьвежыя чырвоныя струменьчыкі па гэтых нагах, прыкручаных дротам да ножак цяжкога крэсла, па кроплі сьцякаюць у лужынку на гранітных плітах.
        Відовішча аддаляецца… Замоцкі разумее, што яго цягнуць за ногі. І гэта апошняе, што ён разумее ў гэтым жыцьці…
        
        …Даліла ня памятае, як патрапіла ў іншы пакой, куды перацягнулі нябожчыка. Сьцены тут пафарбаваныя зялёнай алейнай фарбай колеру бэзавай лістоты. У пакоі пісьмовы стол, два сьціплыя крэслы, драўляны зэдлік, лямпачка ў жалезнай круглай “клетцы”… Пах карболкі — як у бальніцы. Нічога страшнага. Калі не лічыць мёртвага цела вязьня, што выцягнуўся на падлозе з шэрых гранітных плітаў, нібыта ўпаляваны зьвер. Далілу ўсё яшчэ калоціць ад апошняга моцнага пачуцьця, якое перажыў перад сьмерцю нябожчык — ад нянавісьці. Ёй хочацца кагосьці забіць — з-за того, што перажыў мёртвы. Пакой пусты. Нікому няма справы да выкладчыка педтэхнікуму Пятра Замоцкага, які не дажыў да таго, каб стаць гатовым вырабам канвееру... Не, не канвееру сьмерці, сьмерць — гэта збой, гэта адкіды… Подласьці, ці што…
        Даліла адарвалася ад сьцяны. Наша феміністка ведала, што ў яе цяпер ёсьць лічаныя хвіліны, перад тым, як невядомая сіла выцісьне Адсюль. І, вядома, спадзявалася правесьці гэтыя хвіліны куды карысьней за хлопцаў-першапраходцаў. Няшчаснаму Замоцкаму не дапаможаш… Трэба знайсьці той пакой, дзе сядзіць хімік. Магчыма, за гэтымі дзьвярыма… Даліла націскае на новенькую жалезную ручку ў форме зоркі… Дзьверы не адчыняюцца. Ідзе да другіх дзьвярэй — тыя таксама замкнёныя.
        І што, варта было сюды трапляць, каб правесьці час у кампаніі з нябожчыкам? Мая сяброўка кінулася да пісьмовага стала — можа быць, хоць тут нейкія вартыя дакументы, таямніцы? З шуфлядаў пасыпаліся на падлогу жоўтыя пустыя аркушы. Дзіўна, але Даліла выдатна ведала, што насамрэч на гэтых аркушах ёсьць тэкст, проста ейная сьвядомасьць не магла яго ўспрыняць, як вока ня можа разгледзець нешта занадта далёкае. Мінулае праглядалася, як пейзаж з вакна цягніка — то ўсё зьлівалася ад хуткасьці, то на нейкім павароце ці на прыпынку можна было ўхапіць каліўца чужога жыцьця. Асобныя кадры, маленькія эпізоды… І зноў — размытыя, няпэўныя відарысы.
        Трэба пастукаць у дзьверы… Закрычаць… Калі Генуся Тут білі, у яго засталіся сінякі. Значыць, у прынцыпе, Тут цябе могуць і забіць, няхай ты і з часу лядовых палацаў.
        Даліла рашуча падышла да дзьвярэй… Але перш, чым яна пасьпела яшчэ раз тузануць за ручку-зорку, па той бок пачуліся крокі. У замку павярнуўся ключ, і ў пакой увайшлі трое ў форме. Адзін, каржакаваты, як мядзьведзь, нёс на плячах складзеныя насілкі.
        — Грузіце.
        Расчыненыя дзьверы — тое, што трэба… Даліла асьцярожна абышла прыхадняў…
        — Стой! Ты да каго, грамадзянка?
        Даліла здрыганулася ад нечаканасьці. Хлопцы ж расказвалі, што пакуль сам не “праявішся”, не пачнеш з кімсьці размаўляць, дзейнічаць — ты для тутэйшых прывід.
        Сьветлавалосы нкусавец з тварам, пабітым воспай глядзеў проста на яе… Не, дакладней, праз яе. Таму што з-за сьпіны Далілы, з калідору адказаў няўпэўнены жаночы голас:
        — Я да таварыша Касіянава… Ён выклікаў мяне. Я жонка арыштаванага Пятра Замоцкага.
        Даліла павярнулася і пабачыла худзенькую кабету ў сукенцы, падобнай да гімназічнай, з вялізнымі спалоханымі вачыма, якія з жахам зазіралі ў пакой, пасярод якога ляжалі насілкі з накрытым белай, чысьцюткай, адпрасаванай прасьцінай целам. У гэтым быў таксама асаблівы зьдзек — брудны, закарэлы труп вязьня накрываць дасканала чыстай казённай тканінай. Нкусавец сярдзіта захінуў сабой насілкі.
        — Налева па калідоры, грамадзянка. Чаму вы без суправаджаючага? Што за непарадак?
        — Я тут! — маладзенькі шпіёналоў падляцеў да кабеты. — Я ж вам казаў — пачакаць. Тут нельга хадзіць адной.
        — Прабачце… — прашаптала жанчына, усё яшчэ не адрываючы вачэй ад насілак. — Я выпадкова… Мне падалося, што… А… мой муж… ён дзе? Мне дадуць яго пабачыць?
        — Вам усё патлумачаць, — маладзён схапіў жанчыну за плечы і сілай разьвярнуў у калідор. — Ідзіце, куды сказана.
        Даліла рушыла сьледам. Раптам жанчына адпіхнула суправаджаючага з моцай, неверагоднай для ейнага худзенькага цела, і бегма кінулася назад, у пакой са страшнымі насілкамі.
        — Стой, сьцерва! Страляць буду! — закрычаў нкусавец і выхапіў рэвальвер. Вось тут Даліла і адчула, што можа выканаць сваю гістарычную місію… Зараз штурхне забойцу ці прыме кулю на сябе…
        — Ну якая вы нярвовая, грамадзяначка, — жонку Замоцкага трымаў амаль у прыяцельскіх абдоймах каржакаваты, які нёс раней насілкі.— Адразу з таварышам Касіянавым пабачцеся, а тады лётайце сабе. Калі захочаце.
        — Я ведаю — гэта Пятрок! Я адчуваю! — жанчына задыхалася ад хваляваньня. — Скажыце мне праўду!
        — Таварыш Касіянаў скажа.
        — Дайце я толькі пагляджу, хто там, на насілках!
        Даліла моўчкі глядзела, як жанчыну валакуць, ледзь не выносяць. І — што цяпер? Каго біць, штурхаць, страляць? А вось і знаёмае па расповедах хлапцоў сьцісканьне цела. Як быццам цябе хочуць зьмясьціць у вельмі вузкую труну…
        І Даліла вярнулася ў хату ля могілак.
        Хлопцы без яе “адарваліся”. Макс з падбітым вокам — Генусь прыклаўся. За тое, што Далілу справакаваў на падарожжа. Едрусь парваў струну на гітары… А якіх яшчэ вынікаў чакаць ад саракахвіліннага няспыннага нярвовага брынканьня?
        А Даліла была змрочнай, як раструшчанае люстэрка. Так нічога і не зьмяніла. Дарэмна схадзіла. Такое болей не павінна паўтарацца.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.