|
ПА-ЗА ГУЛЬНЁЙ-5 Я не была ў дамку ля могілак, напэўна, тыдні два. Адключыла “сотавы”. Накупіла дыскаў з фільмамі Грынуэя, Кім-Кі-Дука і Ванвармердама — мой улюбёны дэпрэсьняк. Асабліва люблю Грынуэя “Адлік нябожчыкаў”. Там жанчыны гэтак вытанчана топяць мужчынаў… аднаго за другім… у атачэньні кветак, апалых лісьцяў і чырвоных яблыкаў. І ўсё гэта таксама Вялікая Гульня — толькі іхняя, а ня нашая. Заняткі таксама прагуляла. Бацькам, вядома, па барабану. Маці толькі аднойчы зьедлівым тонам прамовіла, што лепей бы я, чым блытацца па хаце бяз справы, схадзіла на вечарыну барда Сьцяпана Ветравея, якога зараз не пускаюць на вялікія сцэны. Нічога ня маю супраць барда Ветравея. Але дваццаць гадоў сьпяваць адно і тое ж, з тым самым пафасам, і практычна для той самай публікі, якая за гэты час пасівела і палысела, і не выканала нічога з таго, да чаго гэтыя песьні заклікаюць? Я лепей апавяданьне напішу… Пра аднаго з паэтаў, расстраляных у гонар дня народзінаў савецкага камсамолу, 29 кастрычніка 1937 году. Пра дзяўчыну, якая кахала свайго прафесара, але пайшла замуж за камсорга. Пра сёньняшнюю студэнтачку архітэктурнага аддзяленьня, якая няздольная разабрацца ў тым, што ёй рабіць у гэтым жыцьці — прынамсі, не будаваць жа лецішчы для багацеяў. Лядовыя палацы таксама неахвота. Дый увогуле… Здавалася толькі, што архітэктура амаль тое самае, што маляваньне. Музыка, замкнёная ў камні... Ле Карбюзье, Гаудзі… Ага… А “супрамат” хто вывучыць? А ўсе гэтыя праграмы тры-дзі-макс? Балкі-швелеры-русты-канелюры? А жах майго жыцьця — адмыўка? Вы ведаеце, што такое адмыўка? Гэта калі празрыстую ваду, у якой расчынена фарба, слой за слоем вельмі акуратна наносіш на накрэсьлены на ватмане фрагмент, раз за разам адступаючы. Такім чынам дзесьці фарба — у два слаі, дзесьці — у дзесяць… І атрымліваецца дасканала плаўны пераход ад сьветлага да цёмнага. Мне ніяк не ўдавалася роўненька ссоўваць пэндзлем валік афарбаванай вады па нахіленым планшэце. Заўсёды атрымліваліся пісягі. А мае прабабулі, напэўна ж, пралі, ткалі, вышывалі… Божа мой, я ж нават вязаць не навучылася — не разумею, як гэта можна не ўдавіцца ад нуды, тысячу разоў аднолькавым рухам чапляючы на дроцік нітку… А тут… І ўсё жыцьцё гэтым займацца? Таму я валялася на канапе, глядзела Грынуэя, а па начах пісала на сваім старэнькім кампутары прозу, а ў сшытку — вершы. Не прызнаю, калі вершы пішуцца на кампутары. Па-мойму, парушаецца нешта пры гэтым. Ну, усё роўна як стол накрываць газетамі. Час сьцякаў марудна, па кроплі, як вада ў кітайскім катаваньні. Вядома, я чакала, што нехта ўсё-ткі праб’ецца праз узьведзеную мною сьцяну. Самыя зацятыя мізантропы заўсёды на гэта спадзяюцца. Чым мацней яны адасабляюцца — тым больш пякучая надзея, што нехта зараз раскайваецца ў тым, што не цаніў іх прысутнасьць. Насамрэч чым болей часу ты хаваешся ад сьвету, тым болей цябе забываюць, а ты, наадварот, “накручваеш” сябе. У маіх начных жахах бачыўся Едрусь, які працягвае мне руку, на якую я так і не апусьціла сваю, сьпіна Генуся і ягоны разьвітальны зьняважлівы жэст, вусны Далілы, з якіх зьлятаюць крыўдныя словы, і змрочны твар Скаловіча. Мне нават некалькі разоў падалося, калі я глядзела праз вакно на двор, што я бачу постаць Едруся, які таксама пазірае на мяне. Да трызьненьняў сябе давяла. Я ўяўляла, што робіць госьць з мінулага ў дамку… Мы ўжо перасталі дзівіцца некаторым ягоным звычкам. Напрыклад, кожную раніцу і ўвечары ён станавіўся перад абразам і хвілінаў пятнаццаць прамаўляў малітвы. Не зважаючы, глядзім мы, не, зьвяртаемся да яго ці не… Вось менавіта на гэты час у яго прызначанае самае важнае спатканьне — і ён нізавошта гэтае спатканьне не прапусьціць. Потым пачаў адціскацца ад падлогі. Адразу — нядоўга, па некалькі разоў, падаючы ад болю. Але чым больш ачуньваў, тым даўжэй адціскаўся. На адной руцэ, на другой… На кулаках… Зноў жа — не зважаючы на насьмешкі і роспыты. Толькі адно патлумачыў — маўляў, хімік ня мае права сапсаваць досьлед з-за таго, што ў яго трасуцца ад слабасьці рукі. Нібыта быў пэўны, што вось-вось давядзецца зноў узяцца за досьледы. А яшчэ ён бясконца выпрабоўваў розныя рэчывы. Усё роўна, што… Адшкрабаў галоўкі запалак, выціскаў крэм для галеньня… Разглядаў, зьмешваў, падпальваў. І чыркаў, чыркаў алоўкам на абрыўках газетаў, на цэтліках, на любых ашмётках паперы нейкія формулы. Аднойчы — ня ведаю, з чаго — яму ўдалося зрабіць сапраўдны фейерверк. Рознакаляровыя іскры разьляталіся фантанам, чамусьці нічога не апякаючы. Але смурод утварыўся такі, што давялося расчыніць усе вокны, нават тыя, што гадоў трыццаць не адчыняліся, і з іх павылятала вата, усыпаная раструшчанымі навагоднімі цацкамі. А яшчэ ён умеў жангліраваць чым заўгодна. Так, так, спадар мізантроп мог быць і такім. Малая Віка страшэнна радавалася і падсоўвала дзядзьку то цыбуліну, то лыжку, то кубак — каб паляталі ў паветры. Мяне ўвогуле зьдзіўляла, што ў Скаловічы, калі прыгледзецца лепей, ужываліся і малітоўнасьць, выхаваная бабуляй, і балаганныя штукарствы, дарунак бацькоў. Хрысьціянскасьць — і дзіцячая крыўдлівая зацятасьць. Змрочны аскетызм — і схільнасьць да гумару, праўда, чорнага. Педантычнасьць — і побытавы мінімалізм, амаль хіпоўскі. Я ўспамінала, як з Далілай прыйшла позна вечарам у дамок, забраць Віку, пакінутую на прафесара, і яшчэ спанадворку мы пачулі дружны сьмех… Даліла прыклала палец да вуснаў, і мы прасьлізнулі ў хату, як дзьве мышы… І… пабачылі прафесара і Віку ў становішчы дагары нагамі. Ён, аказваецца, вучыў яе па ейнай просьбе стойцы на руках. І гэта з рэбрамі, якія ледзь зрасьліся! Абодва час ад часу падалі на падлогу і рагаталі, хаця прафесар пры гэтым і моршчыўся ад болю. Нарэшце абодва акрабаты заўважылі нашу аслупянелую прысутнасьць і зараз жа да сьмешнага аднолькава зрабілі каменна-сур’ёзныя твары і імгненна ўселіся за стол, на якім ляжала адчыненая кніга, каб з перабольшанай цікавасьцю працягваць знаёмства з прыгодамі паноў Кубліцкага ды Заблоцкага. Не, Даліла мае рацыю — прафесар сапраўды яшчэ не разьвітаўся з падлеткавым узростам. За гэтыя два тыдні, што я не бачыла Скаловіча, ён не выходзіў у мяне з галавы. І ўрэшце я вырашыла наведаць дом на могілках. Божа, як я сябе ненавідзела… Але ўсё-ткі рушыла. Калісьці мы зрабілі на ўсіх ключы ад дамка. Я ціха, нага за нагу, зайшла на двор, у соты раз уяўляючы, што мяне чакае за вокнамі, пад якімі тырчэлі высокія ссохлыя мальвы, нібыта інквізітары пад дзьвярыма ерэтыка. Зазірнула ў вакно… Даліла сядзела на краі ложку, на якім ляжаў Скаловіч, і павольна гладзіла прафесара па твары рукой, схіліўшыся над ім, як мне падалося, з пяшчотай. У мяне ў грудзях заварушылася вострая ільдзінка. Гэтага проста ня можа быць. Ня-можа-быць... Вядома, першае, што падумалася — дарэмна я сюды іду. Але я ўсё-ткі штурхнула дзьверы з пафарбаваных аблезлай зялёнай фарбай дошак і ўвайшла ў дом, у якім пахла падгнілай бульбай, лекамі і нечым гарэлым. Даліла пры маім зьяўленьні неяк хутка паднялася і выглядала надзвычай разгубленай. Я перавяла позірк на ложак. І… Прафесар ляжаў, прывязаны, як у класічным фільме пра кіднэпінг. Відаць, тыя, хто гэта зрабіў, хапалі ўсё, што траплялася пад руку — разарваная прасьціна, вяроўка для бялізны, нават баваўняныя калготкі Вікі ярка-бэзавага колеру. Бледны скамянелы твар, пагардліва падціснутыя вусны, заплюшчаныя вочы. Я не пасьпела задаць пытаньне, як Даліла загаварыла сама. Божа ж мой, ды ў яе сапраўдная істэрыка — са сьлязьмі і панікай. — Я ня ведаю, што рабіць! Ён ня слухае! Ён хоча сысьці! Аказалася, што сёньня раніцай Скаловічу распавялі падрабязнасьці наконт нашых падарожжаў у ягоны час. Ён падышоў сам памацаць сьцяну, абклееную шпалерамі з выцьвілымі ружамі. І… на яго раптам спрацавала. Рука зьнікла ў сьценцы… І, каб Даліла ня кінулася на хіміка, як хорт на лася, ён цяпер быў бы, відаць, зноў у кабінеце таварыша Касіянава. Прафесар ірваўся ў сьцяну, і добра, што Макс не пасьпеў сысьці на працу — ён жа мажны, як шафа, кілаграмаў сто, — і неяк удалося ўтрымаць госьця… Макс таксама ня супраць пакінуць тут каштоўную крыніцу інфармацыі пра мінулае… Але ж гэта подла! — Зараз жа адвяжы яго! — выціснула я скрозь зубы. — Хто ты пасьля гэтага? Ну!.. Мая сяброўка пакорліва апусьцілася на калені ля ложка і пачала разблытваць вузлы. Я дапамагала з іншага боку… Даліла на хвілю прыпынілася і, намагаючыся гаварыць з ранейшай звыклай мне безапеляцыйнасьцю — але сьлёзы перашкаджалі — прамовіла: — Спадар Валяр’ян! Прашу вас, толькі ня трэба — адразу туды… Прашу… Добра, вам усё роўна, што вас там чакае. Што вас заб’юць. Разумееце — заб’юць! Пакутліва, нерамантычна… Але пабудзьце яшчэ дні тры… Толькі тры дні… Вы ня маеце права мне адмовіць! Скаловіч нават вачэй не адплюшчыў. Я з недаўменьнем паглядзела на сяброўку. — А што за тры дні зьменіцца? — Ня ведаю… — адвяла вочы Даліла. Скаловіч узьняўся з ложку, і, ня гледзячы на нас, падышоў да вакна. Даліла рушыла за ім, апусьціўшы галаву. — Ну прабачце мяне… Я ня верыла сваім вушам. Даліла просіць прабачэньня! — Валяр’ян… Спадар Валяр’ян… Даліла глядзела ў ягоную сьпіну, абцягнутую чорнай Максавай кашуляй, нібыта ў сьцяну, за якой схавана нешта дарагое. Мяне нават трохі скаланула: зусім як калісьці Антаніна. — Гэта… гэта проста бессардэчна! Ну зразумейце ж мяне — я хачу як лепей! Я не магу, каб вы… Скаловіч нарэшце зьлітаваўся павярнуцца. — Таварыш Касіянаў таксама хацеў, як лепей! Таварыш Гітлер, які на маёй памяці толькі прыйшоў да ўлады, таксама хацеў, як лепей! Нашто я вам — тут? У якасьці цацкі? — Няўжо я абыходжуся з вамі, як з цацкай? — абурана запярэчыла Даліла. — У пэўным сэнсе — так, — зьедліва сьцьвердзіў Скаловіч, і мая сяброўка чамусьці апусьціла вочы, і яе вусны задрыжэлі. — А са мной, як з цацкай, значыць, можна? Вось так — узяць і сысьці пры першай магчымасьці? Вы… ты… Ты проста эгаіст! А пра іншых... А пра мяне… вы падумалі? Але хімік працягваў выкрываць. — Мне самому вырашаць, як распарадзіцца сваім жыцьцём! Вы ж не ведаеце, што і каму я вінны… І ніхто ня мае права адмовіцца ад таго, што толькі ён мусіць у сваім часе зрабіць. Ганарова гэта, ці прынясе адны кпіны, запомніцца, забудзецца — мы ўсе, як пчолы, што мусяць напаўняць свае соты. Кропля слодычы, кропля атруты… Ад суворага дзядоўніку, ад сьветлай ліпы, ад няшчаснай сурэпкі… Патрэбнае ўсё. Тым болей столькі нашых пчолаў нясуць мёд іншым вульлям. А калі пустыя соты — вулей вымірае, і гаспадар шукае для вольнага жытла новы рой. Я мусіў запоўніць сваю ячэйку. Ці найлепшым мёдам — якая розьніца… Прафесар правёў рукой па твары, нібыта сьціраючы павуціньне стомы. — І што — я схаваюся тут, а там няхай замест мяне нехта гіне? Няхай Касіянаў далей на кімсьці ставіць свае эксьперыменты? Няхай з-за мяне зьнікне праца майго лепшага сябра? Толькі я ведаю, дзе яна зараз схаваная. Люцыян Нічыпаровіч паведаміў мне перад тым, як я пайшоў па выкліку ў Жоўты Дом. Прасіў адно — калі надарыцца магчымасьць, апублікаваць гэты рукапіс. Ад вас я даведаўся, што спадар Люцыян застрэліўся. І цяпер разумею сэнс ягонай просьбы. — Мы можам пашукаць ягоную працу цяпер! — горача прапанавала Даліла. Хімік зьмерыў яе зграбную фігурку ў чорнай майцы і штроксах суровым позіркам. — Там, дзе ён яе схаваў, папера семдзесят гадоў не праляжыць. А што я буду тут рабіць без навукі! Вы што, хочаце, каб я перакваліфікаваўся ў брамнікі? Скаловіч зноў пачаў шыпець ад гневу, як забыты на агні чайнік. Даліла не спрабавала пярэчыць, стаяла, угнуўшы галаву і ўпарта прыкусіўшы губу. — А вы, Руслана, — прафесар нечакана павярнуўся да мяне, — што вы думаеце, як самая адэкватная з кампаніі? Я страшэнна разгубілася, гледзячы ў ягоныя цёмныя вочы. І чамусьці прашаптала: — Застаньцеся, калі ласка… Хоць яшчэ на тры дні… Скаловіч аж галавою закруціў. — Можна падумаць, што на вас спрацоўвае адзін з комплексаў паводле тэорыі Фройда, і я мушу замяніць вам недахоп бацькоўскага пачатку — альбо сублімаваць яго як аб’ект вашай нянавісьці. Добра. Я звык да нянавісьці. Хімік дэманстратыўна абыякава падышоў да паліцаў, зьняў томік Купалы (я заўважыла, што гэта быў дзявяты том з апошняга збору твораў — там, дзе сабраныя дакументы, у тым ліку пратаколы допытаў), і ўлёгся на ложак, змахнуўшы з яго на падлогу імправізаваныя вяроўкі. Гэты дзень быў цяжкі, як праклён. Даліле неадкладна спатрэбілася на працу, і яна пакінула мяне з хімікам у якасьці вартаўніка. За ўвесь гэты час Скаловіч ня вымавіў ні слова, нягледзячы на мае нясьмелыя спробы яго разгаварыць. Ляжаў, чытаў. На адзін том у яго трацілася гадзіна. Усяго да прыходу Далілы ён пасьпеў прачытаць тры тамы. Даліла вярнулася з пакункамі, напятая, рашучая, нібы камікадзэ перад вылетам. — Зараз будзем вячэраць. Спадзяюся, спадар прафесар ня хоча замарыць сябе галоднай сьмерцю на знак пратэсту? Але павячэраць у гэты дзень нам не давялося. У дзьверы пастукалі. Даліла, нават не пытаючыся, хто там, адчыніла дзьверы. Іх было трое. Усе ў цывільным. Каржакаваты, які нагадваў стамлёнага бабра. Высокі белабровы, з тварам, як шынка. Галоўны — са звычайным трохі азызлым тварам добрага сем’яніна, з вуснамі, куточкі якіх трохі ўсьміхаліся. — Дар’я Сямёнаўна Крашынская? Домаўладальніца? Міліцыя… Дазвольце ўвайсьці. Даліла моўчкі ўпусьціла прыхадняў… І дакументаў не папыталася. Не пазнаю сяброўку… Свой прыход міліцыянты патлумачылі тым, што былі скаргі суседзяў. На тое, што хату пенсіянеркі Разаліі Іванаўны Самлевіч захапілі падазроныя асобы. Нефармальная моладзевая суполка. Сходкі, оргіі, наркотыкі… Белабровы затрымаўся позіркам на Едрусевай гітары (адной з трох) — на ёй красавалася налепка з Пагоняй. Ну і, вядома, праверка дакументаў… З дакументамі, як вы здагадваецеся, у нас было, як у маскалёў у XVII стагоддзі з тэатрам. Гэта значыць — ніяк. Нават я забылася студэнцкі білет у заплечніку, з якім звычайна хаджу на заняткі. Я дзівілася спакою Далілы. Мяне ж усю ажно калаціла… Але ўвага няпрошаных гасьцей была скіраваная на прафесара. Скаловіч зьедліва пасьміхаўся і дэманстраваў вышэйшы пілатаж сафістыкі. Вы, напэўна, ужо заўважылі яго мілую манеру адказваць пытаньнем на пытаньне. — Як вы добра размаўляеце на беларускай мове… — нібыта між іншым заўважыў азызлатвары. — А да якой партыі належыце? — А што, валоданьне беларускай мовай зьяўляецца апазнавальным знакам прыналежнасьці да палітычнай партыі? — усё гэтак жа “міла” вымавіў прафесар. — Дазвольце пацікавіцца, шаноўныя, а як бы вы вызначылі мае палітычныя погляды, калі б я пачаў размаўляць з вамі па-ангельску альбо па-французску? Дапускаю, што згодна вашай асабістай логікі мая французская мова сьведчыла б пра тое, што я прадстаўляю палітычную партыю, якая мае на мэце дасягненьне ўлады французаў ва ўсім сьвеце. Як вядома з гісторыі, такой асобай быў Напалеон Буонапарці, не зусім, дарэчы, і француз — да канца жыцьця гаварыў на мове Лафантэна са страшэнным акцэнтам. Мой сябра, слынны сьпецыяліст па псіхіятрыі, распавёў бы вам наконт знаёмстваў са шматлікімі Напалеонамі. Калі я размаўляю з вамі па-беларуску, значыць, я па меншай меры Кастусь Каліноўскі? А чаму вы ня зробіце маленькае дапушчэньне, што калі я размаўляю па-французску, я альбо француз, альбо проста люблю гэтую мову. А калі карыстаюся ў якасьці камунікатыўнай беларускай мовай, я, адпаведна, беларус і люблю мову Купалы? Шкада, што самыя простыя лагічныя сувязі вам несімпатычныя. У выніку — пабудова сілагізму сыходзячы з ілжывых дапушчэньняў. — Хопіць! Дзе твае дакументы? — зароў раздражнёны слоўнай плыньню спрактыкаванага лектара азызлатвары. А “бабёр” прабурчэў: — Такога сапраўды ў дурку варта… Трэба было нешта распавядаць пра насатага цемнавокага дзядзьку, у якога вышэйшая адукацыя была напісаная на высокім лобе рунічнымі пісьмёнамі, відочнымі нават з космасу. Па складаньні праўдападобных гісторыяў у нас сьпец — Макс. Але яго заўсёды няма менавіта тады, калі ён больш за ўсё патрэбны. Простыя словы, простыя рэчы наконт таго, што дзядзька ёсьць дзядзькам гаспадыні кватэры, не спрацоўвалі. Міліцыянты жадалі падрабязнай споведзі. Прапіска, месца працы, сямейнае становішча… І — праедземце ў аддзяленьне. Давялося ўсё рабіць самой. Я ж усё-ткі пісьменьніца, хаця й маргінальная. Я трохі павагалася наконт варыянту з амнезіяй… Не, лепей ціснуць на нацыянальнае пытаньне. У маім аповедзе паўставаў трагічны лёс бежанца з Узьбекістану, выкладчыка хіміі ў Харэзмскім палітэхнічным інстытуце (нядаўна глядзела фільм пра вайну харызматычнага Чынгісхана і фанабэрыстага харэзмскага султана). Валяр’ян Іванавіч — дзядзька шаноўнай Дар’і Сымонаўны па бацьку (Няхай шукаюць, каб пацьвердзіць, ейнага бацьку… Маці дзесяць гадоў адшукаць не магла, каб аліменты стрэсьці, дык можа гэтым удасца). Сюжэт разьвіваўся на ўсё больш пашыраных вачах Скаловіча і Далілы. Спадар Валяр’ян змушаны быў пакінуць сваю кватэру ў Харэзьме, бо яе падпалілі узьбекскія нацыяналісты. Потым быў палон у мясцовага бая, зьдзекі, катаваньні, цяжкая праца на прыватных плантацыях бавоўны (трэба ж было неяк патумачыць наяўнасьць шнараў, якія госьці пры пэўных абставінах змогуць заўважыць). Уцёкі, таварныя вагоны, пакутлівы шлях да роднай Беларусі… — Гэты чалавек прайшоў пешкі дзьве тысячы кіламетраў! — пранікнёна абвесьціла я. А цяпер ён чакае статусу бежанца і грамадзянства… І праз дні тры ўсе дакументы будуць у парадку. Так што прыходзьце пазьней, спадарства… Скаловіч слухаў, іранічна прыўзьняўшы бровы. Дзякуй Богу, хаця б не ўздумаў пярэчыць. Эх, калі б наш хакер не псіхануў, каб хоць якую паперку для пацьверджаньня асобы хіміка здабыў… Я выразна паглядзела на Далілу і прамовіла. — І ўвогуле, Валяр’ян Іванавіч ужо ў нас загасьціўся. Думаю, Вам, Валяр’ян Іванавіч, час вярнуцца туды, адкуль прыйшлі. Даліла зразумела мае словы, зірнула на абраз “Маленьне аб Чашы”, потым на Скаловіча… Панурыла галаву... Прафесар нясьпешна падышоў да абраза, перахрысьціўся… Вось зараз ён зьнікне за сьцяной у выцьвілыя ружы… Сапраўды, нават Даліле ясна, што выцягнуць чалавека на семдзясят гадоў наперад, каб ізноў кінуць у шчыльныя абдоймы “ворганаў”, гэта ўжо не па-людску… Азызлатвары міліцыянт зьвярнуўся да Далілы: — Ну што, праедземце ў аддзяленьне на прадмет высьвятленьня асобаў? Я заўважыла, што Скаловіч усё яшчэ стаіць, уважліва назіраючы за падзеямі. І твар ягоны ўсё змрачнее. Чаму ён не сыходзіць? Затое прыйшоў яшчэ адзін госьць… Нават ня стукаючыся ў дзьверы, уваліўся па-гаспадарску… Уладальнік суседняй вілы, якога я некалькі разоў бачыла. Немалады сівы дзядзька, падобны да ўсходняга бая, мажны, як бык, у чырвонай кашулі і джынсавай куртачцы. Смуглявая скура на ягоным твары ледзь не трэскалася ад тлушчу. Міліцыянты прывіталі яго амаль па-свойску, я здагадалася, што няйначай ён і ёсьць заяўнік на нашы “оргіі”… Аглядаў сусед Разаліну хату таксама неяк надта па-гаспадарску… І нас з Далілай… па-гаспадарску. Мне здавалася, што ягоны позірк пакідае на мне тлустыя плямы, як ад пальцаў, якімі толькі што елі плоў. Скаловіч адышоў ад запаветнай сьцяны і ўсеўся на ложак, дэманструючы прафесарскую пагарду. А белабровы, які шнырыў па хаце, нібыта рукі часаліся ўсё тут абшукаць, заўважыў на паліцы шафы стосік дыскаў, на вокладках якіх было напісана “За свабоду”. Дыскаў заставалася пару дзесяткаў — знаёмы рокер папрасіў Едруся параздаваць пасьля канцэртаў. — Гэта чыё? — Маё! — адразу ж адгукнуўся Скаловіч, які, хутчэй за ўсё, абсалютова ня ведаў нават, што гэта за канверцікі. — Адкуль гэта ў вас? — жвава запытаўся белабровы. — Вы ж самі толькі што адтуль іх дасталі — з шафы. Цікаўнік пачаў траціць цярпеньне. — Ну а ў шафу як яны трапілі? — Калі ёсьць пацьверджаньне, што гэта належыць мне, можна дапусьціць, што я і паклаў. — А дзе ўзялі, каб пакласьці? — З шафы і ўзяў. — Яны што, самі там зьявіліся? — Гэта ненавуковае дапушчэньне. Думаю, вам дастаткова сьведчаньня, што гэтыя прадметы належаць мне. — Зьдзекуешся? Нічога, у аддзяленьні разьбярэмся… Але азызлатвары кінуў на ініцыятыўнага белабровага міліцыянта незадаволены позірк, і той неахвотна паклаў дыскі на месца. Чаго гэта на “крамолу” вырашылі не зважаць? Я перахапіла позірк прафесара і паказала вачыма на абраз. Скаловіч адмоўна пахітаў галавой. Ён таксама быў спакойны… Што ж, яму не прывыкаць — столькі разоў забіралі… — Выходзьце, грамадзяне!
|
|