РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Уводзіны
Гульня №1
Гульня №2
Гульня №3
Гульня №4
Гульня №5
Гульня №6
Па-за гульнёй-1
Па-за гульнёй-2
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-4
Па-за гульнёй-5
Па-за гульнёй-6
Па-за гульнёй-7
Па-за гульнёй-8
Фінальная гульня-1
Фінальная гульня-2
Эпілог 1
Эпілог 2
Эпілог 3
Эпілог 4
Эпілог 5
Эпілог 6
ПА-ЗА ГУЛЬНЁЙ-4
        
ГУЛЬНЯ №5

        
        — І вось сядзіць ён у чорным паліто. І, уяўляеце сабе, усьміхаецца!
        Даліла сыходзіла праведным гневам, як кактус апунцыя – маленькімі калючымі атожылкамі. З кожнага атожылку магла таксама вырасьці вялі­кая шыпастая расьліна.
        Едрусь паспрабаваў запярэчыць – усіх катавалі, таму судзіць тых, хто даваў паказаньні, нельга… А паказаньні давалі практычна ўсе. Макс распавядаў не аднойчы, што старонкі ў сьледчых справах крывёй запырсканыя. Толькі ў 1933-м яшчэ зьдзекваліся так, каб чалавека можна было пасьля падлячыць ды выпусьціць. Невядома, як мы б прайшлі праз гэтыя пакуты. Напэўна, таксама здавалі б усіх і згаджаліся на ўсё. Даліла толькі фыркнула – і сказала, што гэта “апраўданьне позы”. Вельмі распаўсюджаны на сёньня ў асяродку інтэлектуалаў занятак. На іспытах у тэатральныя вучэльні ды інстытуты жадаючым далучыцца да гільдыі блазнаў і трубадураў даюць заданьне стаць неяк асабліва вычварна, камандуюць: падымі правую нагу, завядзі левую руку за сьпіну, абапрыся правай рукой аб падлогу… А тады трэба прыдумаць і сыграць абставіны, у якіх тая поза будзе абсалютна натуральнай. Напрыклад, калі ты стаіш ракача, узьняўшы руку над галавой — гэта сьмешна. А калі ў руцэ пантофля, і ты зьбіраешся забіць прусака — ужо нармальна. Вось і той, хто дэфармаваўся ў таталітарнай сістэме, падрыхтаваўся лізаць азадак альбо захінуўся ад удару, сьціснуўся, угнуўся, зашыўся пад лаву — прыдумвае сабе высакародныя апраўданьні.
        Цэлыя бліскучыя, дасьціпныя артыкулы і манаграфіі бываюць прысьвечаныя апраўданьню позы…
        Бо натуральная для чалавека толькі адна — вольна выпрастаўшыся.
        Даліла разумела, што ісьці Туды яшчэ раз пакуль ня можа. Саслабла. А пакінуць усё надоўга яна не хацела. Да таго ж, новы чалавек можа ўбачыць нешта новае…
        І да Гульні далучылі мяне.
        Хлопцы, дарэчы, былі супраць. Кожны парываўся пайсьці сам. Але Даліла пераканала — трэба пусьціць новенькую. Мне сумленна распавялі пра рызыку.
        Я апранулася так, як параіў Макс, знаўца часу. Ня стала браць у бацькоў нацыянальныя строі. Вампука ўсё гэта, іхнія вышыванкі, камізэлькі, андаракі… Для “ражаных”. Зайшла да знаёмай мастачкі Вольгі, пазычыла сукенку з нефарбаванага лёну, на дробных гузічках, і высокія чаравікі з чорнай патрэсканай скуры — усё сапраўднае, канца саракавых гадоў. Волечка, дарэчы, у чарговы раз мяне зьдзівіла: іду да яе, а яна сядзіць насупраць пад’езда свайго дому-“сталінкі” на зэдліку і крышыць перад сабою батон. Побач фатограф Сева. Перад імі стаіць венскае крэсла, цераз скразную, у выглядзе вензеля, сьпінку якога Сева цэліць аб’ектывам. Я не адразу скеміла, што да чаго. У сьцяне Вользінага дому нішы — пад ідэалагічна правільныя помнікі. Колькі гадоў пустыя… Дык адну нішу Волечка заслала парчой і расклала нацюрморт у стылі старых галандцаў: чаканеныя з металу вазы, ружы, піёны, вінаград, гарбузы, яблыкі, персікі, лімоны… А хлеб крышыцца — каб яшчэ і галубы сюды падляталі.
        І калі ў гэтым горадзе нехта робіць казку — хто можа зьнішчыць гэты горад? Ды яшчэ ў ім ёсьць такія людзі, як Волечка, якія ніколі не пытаюцца, нашто табе тое ці іншае. Нават камсамольскі значок трыццатых гадоў з калекцыі Вользінага дзядулі.
        Я начапіла на сукенку з дробнымі гузікамі значок і праігнаравала загад студэнтам пятага курсу сабрацца на інстытуцкім стадыёне для падрыхтоўкі да сьвята горада — мы мусілі ісьці падчас урачыстасьцяў салдацкім строем у чырвона-зялёных спартовых касьцюмчыках і махаць чырвона-зялёнымі сьцягамі. Замест гэтага, рызыкуючы “двойкай” па фізкультуры, рушыла на могілкі.
        За крок да сьцяны з абразам “Маленьне аб Чашы” Даліла прымусіла мяне дастаць металёвы шарык-завушнiцу з губы.
        А татушку-чарапушку, рэцыдыў цяжкога ўзросту, усё роўна на левай лапатцы наўрад забачаць. Ня ў лазьню зьбіраюся.
        Я весела ўсьміхнулася сябрам і зрабіла крок наперад.
        
        …У верхняй частцы высокага вакна красаваўся новенькі вітраж — чырвоная зорка, серп, молат…
        Каляровае шкло магло кінуць адценьне на растворы і перашкодзіць убачыць іх сапраўдныя колеры падчас досьледаў. Але ніхто не наважыўся нават рэкнуць пра тое, каб прыбраць сімвалы савецкай улады з вакна універсітэцкай лабараторыі. Толькі змрочны дэкан хімічнага факультэта Валяр’ян Іванавіч Скаловіч напісаў заяву на імя рэктара. Рэктар, зьбялелы, як папера, на якой была напісаная заява, выклікаў да сябе славутага хіміка. Што яны казалі за зачыненымі дзьвярыма — невядома, але заява бясьсьледна зьнікла. У адрозьненьне ад зоркі ў вакне.
        Антаніна, закусіўшы губу, глядзела на сьпіну высокага мужчыны ў белым халаце. Мужчына вельмі акуратна пераліваў белую каламутную вадкасьць з прабіркі ў вялікую колбу, напалову напоўненую празрыстым расчыньнем. Упэўненыя рухі, хударлявая, але моцная постаць…
        — Валяр’ян Іванавіч, вы не адказалі мне.
        — Я не абавязаны адказваць на абсалютна дурныя і некарэктныя пытаньні сваіх падначаленых, — нізкі глыбокі голас мужчыны гучаў зьедліва, як серная кіслата. Здавалася, гэты голас таксама можа праліцца на падлогу, і нават з камня пойдзе ёдкі дым. Антаніна нярвова адвяла за вуха пасмачку рудых непаслухмяных валасоў.
        — Валяр’ян Іванавіч…
        — Студэнтка Аксючыц! Я пачынаю шкадаваць, што ўзяў вас на пасаду лабаранткі. Вы, здаецца, ня маеце нават самага элементарнага ўяўленьня пра тэхніку бясьпекі падчас працы з атрутнымі хімічнымі рэчывамі! Ніякіх староньніх размоў!
        Голас грымеў так, што нязвыклы чалавек мімаволі адхіснуўся б назад. Але рухі мужчыны пры гэтым ні на зьмірг ня страцілі сваёй разьмеранасьці. Ды і дзяўчына, відаць, да падобных грымотаў прызвычаілася, бо толькі яшчэ мацней прыкусіла ніжнюю губу. З боку гэта выглядала зусім па-дзіцячы… Хаця дзяўчына была прыгожай той шчасьлівай прыгажосьцю, калі ўзрост губляе значэньне — такія аднолькава вабяць вока і ў пятнаццаць, і ў сорак. Дасканалая гнуткая постаць, высокія грудзі, вялікія зялёныя вочы з “русалчыным” разрэзам — трохі прыўзьнятыя зьнешнія куткі, выгінастыя бровы, высокі белы лоб… Велікаватыя ружовыя вусны, зараз горка падцятыя… Забіцца ці забіць за такую прыгажосьць.
        Мужчына скончыў працу, нясьпешна паклаў прылады на месца і павярнуўся. Ён быў ужо немалады — гадоў сорак, але пастава выпрастаная, як у таго, хто любіць пазіраць на ўсіх звысоку або шмат займаўся гімнастыкай. Цёмныя вочы змрочна і ганарыста глядзелі на лабарантку. Худы твар мужчыны наўрад хто назваў бы прыгожым. Бледная скура, вялікі нос кручком, рэзкія лініі ад носу да фанабэрыстых вуснаў, глыбокая вертыкальная зморшчына між прамых густых броваў...
        — Ну, што вы стаіце, таварыш Антаніна? Здаецца, вам плоцяць не за сузіраньне свайго прафесара, а за тое, каб вы ў ліку іншага мылі пустыя прабіркі. Калі, вядома, гэты надзвычай складаны працэс даступны вашаму інтэлекту. Ну, будзеце далей выяўляць з сябе саляны слуп?
        Зялёныя вочы дзяўчыны глядзелі так адчайна, што звычайны прадстаўнік адамава племя спапяліўся б у іх зялёным агні, упаў бы на калені і маліў аб прабачэньні…
        — Валяр’ян, прашу цябе, не хадзі туды.
        — Студэнтка Аксючыц! Хто вам дазволіў зьвяртацца да свайго выкладчыка так недапушчальна фамільярна?
        Ну, нашто ён зноў будуе гэтую шкляную сьцяну? Дзяўчына ступіла наперад і паклала вузкую даланю на грудзі мужчыны. Той тузануўся, каб адхіснуцца, але ўсё-ткі застаўся на месцы. Толькі яшчэ больш адкінуў назад галаву.
        — Я бачыла позву на тваё імя… Чаму яны прыслалі табе позву ва уні­версітэт? Другім прыносяць дахаты, таемна. Чаму яны хочуць, каб усе ведалі, што ты туды пойдзеш?
        Прафесар апусьціў вочы і прамовіў скрозь зубы:
        — Таварыш Антаніна, адыдзіце ад мяне. Гэта пераходзіць усе…
        — Перастань! — голас Антаніны сарваўся на крык.— Што ты з сабой робіш? Чаму паводзіш сябе з усімі як апошні паскуднік?
        — А я і ёсьць апошні паскуднік, — голас мужчыны гучаў цалкам сур’ёзна. З ледзь прыкметным дамешкам горычы. — Хіба Вы не заўважылі, Антаніна, што пасьля майго візіту ў Жоўты Дом з універсітэту зьнікла пару дзясяткаў людзей? Калі вы ня бачыце тут сувязі, значыць, ваш узровень інтэлекту яшчэ ніжэйшы, чым я думаў.
        — Я ня веру! — дзяўчына ўчапілася ў белы халат свайго суразмоўцы абедзьвюма рукамі, нібыта баялася, што яго злыя словы зараз садзьмуць яе, як вецер. — Яны зноў напісалі, як мінулы раз, што выклікаюць цябе “для кансультацыі”… Тады ты зьнік на паўгода… Потым вярнуўся такі… На цябе страшна было глядзець. Ад цябе пахла сьмерцю… Але ня страхам. Ня подласьцю. Не баязьлівасьцю. Мяне ты не падманеш сваёй… сваёй бессардэчнай манерай зносінаў.
        — Усё, гэта ўжо занадта! — мужчына адарваў ад сябе рукі дзяўчыны. — Займіцеся справай! Пачніце, урэшце, разгадваць душэўныя нюансы ў сваім мужы.
        — Я кахаю цябе! — пракрычала Антаніна ў сьпіну прафесару, які пачаў нясьпешна здымаць халат. — Ужо пяць гадоў. З першага курсу. Я выйшла замуж за Антона толькі таму, што ты мяне адштурхнуў!
        Голас Валяр’яна Іванавіча ні на залатнік ня страціў атрутнасьці.
        — Чыста жаночая логіка. Выйсьці ад крыўды за камсорга універсітэту. Вы ўпэўненыя, што бравы чырвонаармеец Аксючыц вашу логіку зразумее?
        Скаловіч павярнуўся да дзяўчыны. Ён застаўся ў чорным пінжаку, зашпіленым на ўсе гузікі, і ў белай кашулі з высокім каўняром. Быццам рыхтаваўся выйсьці на сцэну. Цёмныя вочы глядзелі ўсё гэтак жа звысаку.
        — Шаноўная, прафесар, які спакушае студэнтачку, гэта банальна, як гусар, які спакушае гімназістку. Выпіце нанач маёй цёзкі, валяр’янкі.
        — Я не магу без цябе. Ты выдатна ведаеш, што я не маню! Што для мяне гэта сур’ёзна. І — прызнайся — для цябе… Тады, пасьля вечарыны ў політэхнічным, калі я ўпала, а ты мяне падхапіў… Калі вярталіся пад дажджом… І потым, калі капнула сабе на руку кіслатою… Ты ж трохі выйшаў са сваёй сталёвай абалонкі?
        — Чаму такі паскуднік, як я, ня можа пагуляцца пачуцьцямі наіўнай дзяўчынкі? — холадна адказаў прафесар, гледзячы некуды за вакно з чырвонай зоркай. — Зразумейце, мне за сорак, і мяне ня могуць сур’ёзна зацікавіць маладзенькія інжэню. Шкада, што вы настолькі… бязмозглая, што вырашылі, быццам у мяне ёсьць сэрца.
        — Валяр’ян! — Антаніна кінулася да мужчыны, абняла за шыю – ён стаяў нерухома, схаваўшы рукі ў кішэні пінжака. — Я ня ведаю, у якія гульні гуляюць з табой нкусаўцы… Мне ўсё роўна, што гавораць пра цябе іншыя. Чаму ты караеш сябе так жорстка? Чаму ня хочаш, каб цябе любілі? — вусны прафесара здрыгануліся, але ён прамаўчаў. Дзяўчына працягвала гаварыць гарачым шэптам.
        — Але я ведаю, што гэта ты выратаваў Паўліка ад арышту, што гэта ты схаваў насьценгазету перад вышукам, і наш выбрык застаўся без наступстваў, і што гэта два дурныя трэцякурсьнікі выпадкова перакулілі партрэт Сталіна ў трыццаць другой аўдыторыі, а ты ўзяў на сябе. І дасюль чытаеш лекцыі на беларускай мове, хаця цябе за гэта тройчы разьбіралі на сходах. І на гэтых лекцыях студэнты сядзяць нават на падваконьнях і на падлозе – не хапае месцаў. Ты вялікі вучоны. І я адчуваю, што ў Жоўтым Доме цябе чакае нешта страшнае. Як ні хаваеш — я бачыла на тваіх руках чырвоныя шнары. Вось тут… І тут… І на шыі, пад каўняром. Дазволь мне выратаваць цябе! Мы можам зьехаць… Вунь паэт Паўлюк Шукайла зьехаў у Ленінград… І яго не арыштавалі.
        З твару прафесара зьнік сарказм — засталіся толькі стома і сум.
        — Зьбегчы… Божа мой… Наіўнае дзяўчо… Калі б можна было зьбегчы… Тут створаная сістэма, ад якой схавацца немагчыма. Ведаеш, я… спрабаваў. Не, мне дапамагчы нельга. Мая роля прадвызначана. Гэта як у балагане. Клоун можа быць хворы, п’яны, можа паміраць…. Але ад гэтага яго нумар яшчэ сьмяшнейшы.
        Голас прафесара зноў набраў моцы.
        — І ўвогуле, чаму вы вырашылі, што мяне варта шкадаваць? Я заслужыў усё, што маю. Ваша фантазія пра мяне беспадстаўная. Запэўніваю вас — я сапраўды даносчык і здраднік, і на мне сапраўды кроў маіх сяброў.
        Ён сказаў гэта так, што сэрца дзяўчыны пахаладзела... І паверыла. Перад тым, як выйсьці з аўдыторыі, Валяр’ян Іванавіч азірнуўся:
        — Памыйце прабіркі. І ня так неахайна, як мінулы раз. Не зачапіце па няўклюднасьці вялікую колбу. Працэс мусіць доўжыцца да дзесяці трыццаці раніцы. А з заўтрашняга дня вы пераводзіцеся на пасаду лабаранта біялагічнага факультэта. Я ўжо дамовіўся з дэканам.
        Дзьверы зачыніліся. Антаніна моўчкі стаяла і глядзела. На апліку ля дзьвярэй вісеў белы халат. Ягоныя рукавы нагадвалі зьмятыя крылы.
        Дзіўна, звычайна Скаловіч старанна распроствае, перш чым павесіць, свае “хімічныя дасьпехі”.
        Зялёныя вочы дзяўчыны згасьлі… Холад падымаўся ад сэрца да вуснаў, расьцякаўся па руках да кончыкаў пальцаў… Як холадна… Як у магіле.
        Яго вусны былі такімі гарачымі падчас іх першага пацалунку — тады, пад дажджом. Па-праўдзе, гэта яна яго пацалавала, сама. Немаладога, непрыгожага, суровага прафесара з невысносным характарам. Тады ён раптоўна сьціснуў яе ў абдоймах — і адказаў на пацалунак. А потым адштурхнуў ад сябе і прачытаў цэлую лекцыю пра неўтаймаваную эратычную энергію падлеткаў і этыку адносінаў між студэнтамі і выкладчыкамі.
        Часам здавалася, што яна проста прымроіла тое, пасьля чаго між імі прагучала “ты”… Імгненьні шчасьця… І — такое жорсткае расстаньне.
        Але яе нянавісьці і крыўды не хапіла надоўга.
        Антаніна, як у сьне, падышла да стала з прабіркамі, колбамі ды іншым начыньнем сучасных алхімікаў, якія ня верылі ў філасофскі камень. Каб каму з яе знаёмых расказаць, што яе нешта зьядноўвае з фанабэрыстым і геніяльным нягоднікам Скаловічам — пасьмяяліся б. Цяпер і яна можа пасьмяяцца. Такім тонам ня маняць. Няўжо ён і праўда — даносчык? Забойца? І ходзіць у камісарыят па сваёй волі? І ня варты каханьня? І… не кахае яе?
        Вось што адзіна важнае.
        Ён-не-кахае-яе.
        Аскалёпкі разьбітай надзеі ўпіліся ў душу. Калі душа сьцякае нябачнай крывёю, гэта надоўга.
        Антаніна моўчкі ўтаропілася на колбу з каламутнай белай вадкасьцю. Вось быў бы лепшы сродак ад болю… Толькі невядома, каму лепей прыняць – ёй, яму… Ці – напалам… Шлюбны келіх вар’яцкага часу. На рудых валасах, заплеценых у касу, скакалі вогненныя водсьветы промняў сонца, што прабіваліся праз чырвоную зорку на вітражы.
        Раптам дзьверы ў лабараторыю расчыніліся. Антаніна з раптоўнай на­дзеяй павярнулася. Антон, муж… Шырокаплечы, блакітнавокі, надзейны. З твару дзяўчыны нібыта імгненна сьцерлі нейкі тонкі сьветлы выраз. За Антонам сунуўся ягоны прыяцель Андрэй – Антаніна яго не любіла, і нават пабойвалася. Здаецца, таварыш Антона па колішняй службе ў асобым атрадзе. Валасы, бровы, вейкі амаль белыя, а твар ружовы, як шынка. І вочы сьветлыя… Як гузікі ад салдацкіх кальсонаў.
        Андрэй чамусьці зачыніў за сабой дзьверы лабаранцкай на ключ. Адкуль у яго ключ? А Антон, пачуўшы за сьпіной пагрукваньне замка, раптам імкліва падыйшоў да жонкі і моцна ўдарыў па твары.
        Антаніна пахіснулася… Яе падхапілі моцныя рукі – гэта белабровы. Прыціснуў сьпінай да сябе, рукі — як абцугі. Голас над вухам, сіплы, нібы ў карчмара:
        — Ты што, Антон? Не павінна быць сьлядоў!
        Камсорг грэбліва скрывіўся і сказаў, як плюнуў, у твар жонкі.
        — Сучка! Ну што, не нацягнуў цябе сёньня твой прафесар? Мусіць, у яго праблемы з гэтым. Прабірак нанюхаўся.
        Антаніна тузанулася, але Андрэй яшчэ мацней сьціснуў яе.
        — Пусьціце мяне! У нас... са Скаловічам… нічога не было…
        — Тады ён цалкавіты мудак.
        Антаніна ўбачыла, што Антон бярэ са стала колбу з каламутнай вадкасьцю.
        — Пастаў на месца! Гэта нельга чапаць да заўтра. Ты сапсуеш Валяр’яну Іванавічу досьлед! Да таго ж тут кіслата. Апячэшся.
        Антон нявесела ўсьміхнуўся.
        — Якая клапатлівая ў мяне жоначка. Дзень і ноч толькі пра мяне думае.
        — Слухай, а можна яе… разок… наастачу? – прагучэў над вухам Антаніны задыханы, як ад бегу, голас Андрэя.— Гарачая дзеўка.
        — Можа, пад Скаловічам і гарачая была, — прашыпеў Антон. – Але ты, Андрык, кінь дурное, а то моркву тваю адарву. Гэта мая жанчына! Ня мне – дык нікому.
        І па твары яго прабег цень болю. Даўняга, стоенага, які на дне душы даўно ператварыўся ў атруту нянавісьці.
        Антаніна з жахам разумела, што яны ўжо нешта вырашылі наконт яе. І не чакаюць ні тлумачэньняў, ні раскайваньня, нічога.
        — Трымай мацней!
        Яна з усіх сілаў пачала вырывацца… І абсунулася ад жорсткага ўдару.
        — Што вы… Навошта?
        — Сюрпрыз твайму прафесару рыхтуем!
        Антон паднёс колбу да ейных вуснаў і схапіў дужай рукой за падбароддзе.
        — Скажы “а”!
        Апошняе, што падумала Антаніна – яны хочуць зрабіць Скаловіча забойцам. Вядома, Валяр’ян вырашыць, што яна скончыла самагубствам з-за яго. Але… Значыць, насамрэч – ён ніколі ня быў забойцам! Ён зноў на сябе нешта нагаварыў! Валяр’ян… Невыносны… Любы…
        Што з табой будзе, калі ты даведаешся пра маю сьмерць?
        Рот апякло пякельным агнём… І акрамя болю, у гэтым сьвеце не засталося нічога.
        Дзьверы зноў зачыніліся. Халат, што вісеў на апліку, трохі варухнуўся, быццам хацеў затрымаць злачынцаў.
        
        Я глядзела на дзяўчыну, што ляжала пасярод сьветлага пакоя з белымі металёвымі шафамі са шклянымі дзьверцамі. Была б вельмі мастацкая дэталь, каб чырвоны водсьвет вітража-зоркі падаў якраз на труп у белым халаціку.
        Але зорка працэджвала сонечныя промні ў бок левай шафы. Праўда, готыка атрымлівалася і пры гэтым: шкляное начыньне шафы, колбы ды рэторты, здаваліся напоўненымі крывёю, як у кабінеце чорнага мага.
        Чырвань, магчыма, была яшчэ і ў маіх вачах. Госпадзе, як жа мне было фігова! Цяпер я разумела, што перажывалі мае сябры. Прысутнічаць пры чужой сьмерці… І табе нібыта перадаецца боль таго, хто па­мірае… І ты ня можаш нічога зрабіць — бо фізічна цябе пакуль у гэтым сьвеце няма.
        Я адвяла вочы ад твару нябожчыцы. Кіслата — гэта вам не напой “Бураціна”… Рука забітай нібыта трымала колбу, у якой заставалася яшчэ са шклянку вадкасьці. У эксьперыментальным расчыньні павольна за­кручваліся белыя сьпіралі, быццам дым. Што ж, пасьля таго, як камсорг з сябрам папрацавалі над дэкарацыямі, нават самы тупы, калі зойдзе, адразу зразумее, ад чаго памерла прыгажуня.
        У галаве маёй, як заўсёды ў стрэсавыя моманты, быццам на шалёным верацяне, высноўваліся радкі, у якіх убачанае перакручвалася, скажалася, прысмак сьмерці ператвараў дзень у ноч, сонца — у поўню…
        
        Выпіць атруту.
        Нічога ня помніць пра зоркі
        У вітражах ацалелага дому пакуты.
        Поўня, нібыта адзінае злоснае вока
        Чорнага зьвера, які да граніту прыкуты.
        Выпіць атруты…
        Мой келіх запомніў адбіткі
        Рук тваіх цёплых…
        Мае ж схаладнеюць навечна.
        Колькі разумных…
        А мудрых няма, і вялікіх.
        Нас падзялілі на сьпісы, участкі і рэчы.
        Зоркі шкляныя
        працэджваюць погляды поўні
        Гэтак ашчадна,
        як злая шынкарка — гарэлку…
        Цемра і ціша.
        Ты проста, як рану, запомні
        Вочы мае… І табой цалаваныя вейкі.
        
        Па-праўдзе, больш за ўсё мне хацелася адсюль зьнікнуць. І я зараз жа ўявіла, як раптам не змагу вярнуцца — мала што… Замок у дзьвярах ня быў зачынены. Каты ж не хацелі, каб іх справа засталася незаўважанай. Пусты калідор. Я дайшла да вакна ў яго канцы і зірнула ўніз: здаецца, трэці паверх. Вакно выходзіла ў маленькі, як кішэня, унутраны дворык, засаджаны кустамі і яшчэ кволымі дрэўцамі. На лаўцы пасярод дворыка цямнела постаць. Мужчына ў чорным пінжаку сядзеў да мяне сьпінай, апусьціўшы галаву з неахайнымі пасмамі валасоў. Нерухомы, як камень. У ягоных прыўзьнятых плячах, апушчанай галаве мне чамусьці пабачыўся безнадзейны адчай. Хаця, можа быць, прафесар проста медытаваў на гіпсавага Леніна, які бялеў насупраць лаўкі ідэалагічным маяком. Я зразумела, што мне трэба рабіць.
        Пайсьці і сказаць Скаловічу, што адбылося ў лабараторыі.
        Ён, вядома, страшэнна непрыемны чалавек. Абсалютова незразумела, чым прывабіў прыгажуню Антаніну. Застаецца меркаваць, што незвычайнымі посьпехамі ў хіміі.
        Але нават самы апошні мярзотнік мае права ведаць, што на яго сумленьні забойствам менш. Хаця з прыгажуняй-лабаранткай быў ён невыносна грубы. Далілы няма на такога грубіяна.
        Я выйшла на лесьвіцу і патроху пабрыла ўніз. Другі паверх… Першы… Вестыбюль… Сонца 1933-га года расплылося ў маіх вачах, нібыта па паверхні вады ўдарылі вяслом, і кожнай маленькай хвалі ўдалося ўхапіць сваё адлюстраваньне нябеснага вока.
        Завярнула за рог, спрабуючы зразумець, дзе тут уваход у дворык з чорнай (жывой) і белай (гіпсавай) фігурамі. Здаецца, там… Мяне абагналі двое — шырокаплечы хлопец у шэрым пінжаку і картузе, амаль такім, як выкуплены Генусем “на Жданах”, і дзяўчына з кароткай стрыжкай, у сіняй кофтачцы і белай спадніцы. У абодвух — камсамольскія значкі, такія ж, як я пазычыла ў Волечкі. Парачка зьбіралася ўжо завярнуць у двор, куды меціла і я, але прыпынілася. Дзяўчына грэбліва прамовіла напаўголасу.
        — Там Скаловіч сядзіць. Фу. Пайшлі адсюль.
        — І праўда… Вось халера… А чаго гэта ты пра яго — “фу”?
        — Дык ён жа на НКУС працуе. Усе ведаюць. Даносіць.
        Хлопец неўразумела паціснуў плячыма.
        — Ну і правільна робіць. А што, мы не павінны паведамляць савецкай уладзе пра ўсякія варожыя вылазкі? Шпіёны ж паўсюль, белыя, кулакі, нацдэмы замаскіраваныя… У нашым універсітэце таксама.
        Дзяўчына трохі сумелася.
        — Ну, так… Але... Ну вось ты, Міхась, хіба пасьля лекцыі Нічыпаровіча пабег даносіць, што ён хваліў князя Радзівіла?
        Міхась стаяў да мяне сьпіной, і я ня бачыла ягонага твару. Але заўважыла, як вушы яго, злёгку аттапыраныя, пачырванелі.
        — А што, хваліць эксплуататараў, па-твойму, савецкі выкладчык мае права? Тэатр, разумееш, крывасмок пабудаваў, галерэю карцінную… Ня сам жа будаваў! Прыгонных сваіх змушаў! Бізунамі! Дай волю такім нічыпаровічам — яны вернуць царскі лад, пры якім у іх была прыслуга і залатыя талеркі.
        — Якія залатыя талеркі? — дзяўчына зазлавала. — Глупствы вярзеш. Галоўнае — чалавек абазнаны. Любіць Беларусь, перадае нам свае веды, робіць гэта самааддана, цікава…
        — А трэба — не “цікава”, а так, каб па-нашаму, па-пралетарску. Цікава — гэта ў кафэшантане. Вунь тры гады таму гэтыя “пісьменьнікі”, што паступілі ва універсітэт без іспытаў — Дудар, Александровіч, Дарожны, Глебка, Лужанін, Кадура — памятаеш, якімі фацэтамі хадзілі? У капялюшыках, пры гальштуках, з кульбачкамі буржуйскімі… З “простымі” студэнтамі не размаўляюць. А калі пра іх фельетон зьмясьцілі ў насьценгазеце — у “Савецкую Беларусь” напісалі. “Беларускіх пісьменьнікаў у Дзяржуніверсітэце прыціскаюць!” А потым — што? Пасьля правільнай партыйнай крытыкі? Усе прыпаўзьлі прабачэньня прасіць. І дзе цяпер яны самі, і дзе іх капелюшы?
        Дзяўчына бліснула на хлопца шэрымі вачыма.
        — І ўсё роўна… Калі чалавек памыляецца — пра гэта трэба сказаць на сходзе, адкрыта, каб той, каго абвінавачваюць, мог выказацца, прызнаць памылку, а пасьля выправіцца.
        — Вось і давай абмяркуем цябе на наступным камсамольскім сходзе, — вельмі сур’ёзна прапанаваў хлопец. — Спытаем у таварышаў, ці мела ты рацыю, калі асуджала прафесара Скаловіча за шчырае супрацоўніцтва з Наркаматам унутраных спраў і апраўдвала прафесара Нічыпаровіча за ўхвалу эксплуататарскіх класаў.
        Я пабачыла, што дзяўчына спалохалася. Нават рабацінкі, якія шчодра ўсыпалі ейны круглы тварык, збляднелі. Яна амаль шчыра засьмяялася.
        — Ну, можа, я і памылілася. Ты ж многа раз казаў мне, што я занадта даверлівая. Проста… Нічыпаровіч зусім стары… А Скаловіч такі… няветлівы. Ён жа і на цябе адзін раз накрычаў.
        — Так, тып, трэба прызнацца, непрыемны…— неахвотна прабурчэў Міхась. Дзяўчына схапіла яго пад руку і разьвярнула да вуліцы.
        — Ну, пайшлі да мяне ў інтэрнат.
        — Ты ж не хацела? — падазрона прамовіў Міхась.
        — А я перадумала.
        Твар хлапца асьвяціўся ўнутраным задавальненьнем, нібыта ад доўгачаканай перамогі. Ён шырока ўсьміхнуўся і рушыў з дзяўчынай пад руку… Я нейкі час глядзела ім усьлед.
        Быў час, быў век, была эпоха…
        А цяпер трэба знайсьці Скаловіча. Я зайшла ва ўнутраны дворык… Вось — чорная фігура на лаўцы. У той жа паставе смуткуючага… Я наблізілася і пачула, што прафесар — вось дзіва — нешта напявае ціха-ціха і змрочна. Да таго ж па-ангельску.
        І тут мяне “накрыла” “хваля вяртаньня”.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.