РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Уводзіны
Гульня №1
Гульня №2
Гульня №3
Гульня №4
Гульня №5
Гульня №6
Па-за гульнёй-1
Па-за гульнёй-2
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-4
Па-за гульнёй-5
Па-за гульнёй-6
Па-за гульнёй-7
Па-за гульнёй-8
Фінальная гульня-1
Фінальная гульня-2
Эпілог 1
Эпілог 2
Эпілог 3
Эпілог 4
Эпілог 5
Эпілог 6
ПА-ЗА ГУЛЬНЁЙ-6
        
ПА-ЗА ГУЛЬНЁЙ-1

        
        Вяртаць з небыцьця вас ня варта…
        Вядома, ня варта…
        Вы ў неба сплылі —
        і забыліся нашых балотаў,
        Дзе вуліцай вузкай
        начная праходзіла варта,
        Дзе крылы даюцца —
        ды лётаць чамусь неахвота.
        Сьцяну, быццам воспа,
        пабілі расстрэльныя кулі.
        Выбоіны бачна —
        а кроў пасплывала з дажджыма.
        У жоўтым пясочку
        паэты і каты паснулі,
        І шашаль да німбу
        залочаных зьеў херувімаў.
        У тэчках са справамі сьледчымі
        сьпіць Незалежнасьць,
        Між шчырых даносаў,
        нібыта між скураў зьмяіных.
        Рукою, да мура прыбітай,
        напішуцца вершы.
        І Бог
        Беларусь
        пералепіць
        з палепшанай гліны.
        
        Пад нашымі нагамі, на аблезлай падлозе дому ля могілак, тварам уніз ляжаў чалавек у доўгім чорным паліто, у бліскучых новых ботах з “гармонікам” і зблытанымі цёмнымі валасамі. Даліла пераможна ўзьнялася, абапіраючыся рукой аб сьцяну.
        — Цяпер… усё… скончана.
        — Гэта хто, Скаловіч? — ашаломлена прамовіў Макс. — Што ты нарабіла?
        — Тое, што не змаглі вы! — прагаварыла зьняможаная, але шчасьлівая Даліла. Яе зялёныя вочы зьзялі, як у амазонкі, што ўсадзіла стралу ў лыт­ку старажытнага грэка. — Я зьмяніла час. Цяпер у жніўні трыццаць трэцяга няшчасная ігруша нікога не сьцебане па твары!
        — Ідыётка! — Макс відавочна не лічыў патрэбным далікатнічаць.— Як ты магла! Успомні маю лічбавую камеру ды мабільнікі! Ты ж забіла яго!
        Мы ўсе схіліліся над прыхаднем з іншага часу. У мяне мімаволі вырвалася:
        — Ну і сьмярдзіць!
        — Ён не з салону прыгажосьці, а з турмы, — пагардліва патлумачыла Даліла.
        — Прывід Эдмона Дантэса да ягонага пераўтварэньня ў графа Монтэ-Крыста, — скрозь зубы прагаварыў Генусь, датыкаючыся да непрытомнага няўпэўнена, нібыта да шкла з трэшчынай.
        — Пераварочвайце яго. Асьцярожна.
        Калі шчыра, я баялася ўбачыць замест твару нешта пачварнае. Але твар быў звычайны… Хаця гэтае вызначэньне не падыходзіла да аблічча Скаловіча.
        У параўнаньні з тым, якім я бачыла хіміка апошні раз, падчас яго размовы з Антанінай, ён схуднеў, цёмная шчэць надавала яшчэ больш змрочнасьці рысам, глыбокая складка між броваў нібыта падоўжылася, а валасы выглядалі, быццам іх уладальніка рыхтавалі на ролю першабытнага чалавека, які жыў да вынаходніцтва расчосак і мыцьця галавы. Тым ня менш пабояў і драпінаў на твары не было бачна.
        — Жывы! — са зьдзіўленьнем і трывогай прамовіў Макс, намацаўшы пульс хіміка. — Але як жа гэта? Мы ж нават паперкі не маглі адтуль вынесьці!
        — Значыць, яму было прадвызначана пабыць тут! — упэўнена сказаў Едрусь. — І невядома, дарэчы, колькі ён тут прабудзе. І ўвогуле — чалавек у непрытомнасьці. Давайце здымем з яго гэта піжонскае паліто ў стылі готаў.
        Я дрыжачымі пальцамі пачала расшпільваць дробныя гузікі.
        — Вошай не набярыцеся! — гукнула Даліла, якая сядзела на падлозе, прыхінуўшыся да сьценкі.— Калі гэты не памёр — дык і вошы маглі выжыць.
        Мае рукі яшчэ больш затрэсьліся, так што гузікі пачалі высьлізваць з пальцаў. Едрусь узяўся дапамагаць…
        Тое, што адкрылася пад паліто, змусіла ўсіх здрыгануцца. Едрусь прысьвіснуў, Макс вылаяўся… А мяне ледзь не званітавала.
        — Даліла, тут медык трэба… — здушаным голасам вымавіў Генусь і адвярнуўся. Амазонка з падрыхтаваным сярдзітым выразам на твары падышла… І пабачыла тое, што і мы.
        Пад дыхтоўным паліто Скаловіч быў апрануты ў адныя падштанікі. І тыя парваныя і спрэс у закарэлай крыві. А як выглядала цела — гэта я і цяпер успамінаць не хачу. Не білі прафесара, напэўна, толькі печчу. А шыю апярэзваў чырвоны шнар, нібыта душылі дротам. Такі ж сьлед — на запясьцях. Бліскучыя боты аказаліся таксама бутафорыяй — усьцягнутыя на босыя ногі, чорныя ад бруду і крыві.
        Даліла адразу перамянілася — пачуцьцё абавязку. Хоць, напэўна ж, было ёй самой нядобра. Самі ведаем, як гэта. Але яе адрывістыя загады надалі нашым дзеяньням армейскую зладжанасьць і хуткасьць.
        Калі чалавек, які даўно павінен быў быць спарахнелым мерцьвяком, ляжаў на ложку, вымыты, абмазаны лекамі, перабінтаваны і апрануты ў адносна новы фланэлевы халат з жоўтымі зайчыкамі на блакітным фоне (застаўся ад Разаліі Іванаўны, а нічога лепшага не знайшлі), Даліла строга, як вынік фінансавай праверкі дзяржкантролем чарговай дробнай фірмы, абвесьціла:
        — Зламана два рабры. Ну, можа, і ў другіх рэбрах ёсьць трэшчыны — ня ведаю. Галоўнае, каб ныркі працавалі… Бо сьляды на сьпіне — быццам дошкай прыклаліся… Ці трубою. Там-сям невялікія нагнаеньні, гэта зажыве. Акрамя звычайных ран, ён яшчэ і пакусаны. Сабакамі цкавалі, ці што? І кіпцямі драпалі… Вялікіх унутраных пашкоджаньняў не заўважаю, хаця я ж ня доктар. Я ўкалола антыбіётык, а паколькі ў гэты арганізм антыбіётык не трапляў раней ніколі, то — спрацуе. Ну, і яшчэ… Яму па­трэбная сьпецыяльная дыета. Пакуль што прынясу з працы кропельніцу… Будзем даваць глюкозу.
        Я мімаволі зірнула на нашага госьця. Спалучэньне бледнага твару з кручкаватым носам і фланэлі ў зайчыкі выглядала хутчэй недарэчна, чым сьмешна.
        — А калі ён усё-ткі памрэ?
        Даліла паціснула плячыма.
        — Дык ён жа і так памёр.
        Самае галоўнае было — каб ніхто не даведаўся, што ў доме ля могілак ляжыць непрытомны чалавек без дакументаў. Суседнія дамы “прыватнага сектару”, у прынцыпе, стаялі далекавата. Даліла ні з кім з суседзяў не кантактавала — або алкашы, альбо бізнэсоўцы, што выкупілі дамкі ў згаданых алкашоў і на іх месцы збудавалі свае шыкоўныя вілы. Бізнэсоўцы амаль усе выглядалі гэткімі ўсходнімі баямі, так што ніякіх стасункаў з імі быць не магло. З дакументамі на хату ўсё даўно ўладжана — Даліла, адзі­ная спадчыньніца, спраўна плаціла за сьвятло, ваду, газ ды іншыя даброты, якія прадастаўляла хаце на могілках шчодрая дзяржава.
        Адно выклікала непакой: пару разоў наведваліся нейкія мужчыны ў касьцюмчыках з тэчкамі пад пахамі. Распытвалі, хто прапісаны, ці адна Даліла тут жыве, ці не зьбіраецца прадаваць дамок… І нават нешта намякалі пра падазроныя абставіны сьмерці былой гаспадыні. Раён прэстыжны, цэнтр. Хата-развалюха каштоўнасьці не ўяўляе, але ж ахвочых атрымаць гэты кавалак зямлі шмат.
        Каб яны яшчэ ведалі, што ў дадатак да гэтага кавалку!
        А з дадаткам атрымалася цікава. Не працаваў ён. Макс спрабаваў на наступны ж дзень па зьяўленьні Скаловіча Туды прайсьці — і толькі аб сьценку стукнуўся.
        Зачыніўся ход. Як клетка, у якую пасадзілі паддосьледных трусоў.
        Часам мне нават хацелася паўглядацца ў столь і пашукаць гіганцкае вока назіральніка.
        Як мы ні чакалі гістарычных зьменаў вакол, нічога не заўважалі. Жалезны крыж з масянжовым вяночкам над унукам Касіянава Севам стаяў, як і раней. Ні літары ў энцыклапедыях ня зрушылася. Ні адной паперкі ў архівах.
        І самае застрашлівае — паўсюль напісана, што Скаловіч быў расстраляны ў 1934-м. А мы ж скралі яго, калі верыць зьвесткам пра час сьмерці Зьмітрака Кадуры, у траўні 1933-га…
        Генусь сьцьвярджаў, што гэта таму, што насамрэч мы падарожнічаем ня ў той трыццаць трэці, які ўсе ведаем, а ў ягоны цень, астаткавы сьлед, марэньне… Макс разважаў на тэму шматварыянтнасьці гісторыі. Магчыма, у нейкай — іншай — Беларусі і зьмянілася нешта ад зьнікненьня Скаловіча. І Разалія Іванаўна Касіянава дзесьці жыве са сваім мужам Усеваладам Касіянавым і гадуе ўнукаў.
        А я была згодная з Едрусем. Гісторыя зрабіла маленькую пятлю на сваёй трасе. Яе кола толькі трохі збочыла на няроўнай дарозе. Скаловіч у любое імгненьне можа вярнуцца. Як вярталіся мы ў свой час.
        Пытаньне: што рабіць, калі ён раптам апрытомнее?
        Скажаце, нічога страшнага? Едрусь думаў па-іншаму. Мы вандравалі ў мінулае, якое і так добра ведалі. А вось вяртаецца з будучыні ў свой час гэткі Настрадамус, які можа прадказваць падзеі і вынаходніцтвы… Другую Сусьветную, сьмерць Сталіна, узьяднаньне Усходняй і Заходняй Беларусі, гібель Купалы ў гатэлі “Масква”, Хатынь і Чарнобыль…
        А то яшчэ — ён жа вучоны! — змайструе ў сваім трыццаць трэцім атамную бомбачку ды ірване ворагаў сваіх.
        Карацей, ачуняе Скаловіч — ніякай інфармацыі не даваць! Сьветлую будучыню не паказваць! Ніякіх сотавых, тэлевізараў, кампутараў…
        А што з ім у такім выпадку рабіць?
        Ня ведаў ніхто. Падазраю, што ўсе мы былі ўпэўненыя, што тым і скончыцца. Паляжыць непрытомны — і аднойчы зьнікне. Гэтак жа нечакана, як зьявіўся. У нас жа няма для яго “цудадзейнага Электуарыя па шэсьць пенсаў за пінту”, якім ў шаснаццатым стагоддзі ратавалі паміраю­чых. Па-добраму, яго б у бальніцу, у рэанімацыю…
        Адна Даліла ўпарта ня верыла, што яе высілкі дарэмныя. Можа, праз месяц нешта зьменіцца… Праз год… Скаловіч не павінен вярнуцца! Часам мне падавалася, што мая сяброўка кідае на хворага крыважэрныя позіркі. Думаеце, я перабольшвала? Не было ў мяне пэўнасьці, што мы не пераступім “мяжу ягняці”... Гэта калі ператвараешся з ахвяры ў драпежніка. Мы ж тады са сьмерцю зжыліся, як лялькі ў беларускай батлейцы.
        А яшчэ пры поглядзе на выснажаны твар хіміка, на яго рукі з доўгімі вытанчанымі, але моцнымі пальцамі — у вене тырчэла голка кропельніцы — мне рабілася страшна. Містычны страх — найгоршы ад усіх. І гэта не прывід у цёмным калідоры. Гэта звычайная рэч у неўласьцівых ёй абставінах, якая паводзіць сябе ня так, як трэба. Акно адчыняецца само, спрацаваная рука дэхканіна высоўваецца з калоны мячэці… Чалавек, якога расстралялі шмат гадоў таму, ляжыць перад табой на ложку ў жаночым фланэлевым халаціку.
        І, між іншым, выбачайце за фізіялагічную падрабязнасьць, яму трэба час ад часу мяняць памперсы (Даліла прывалакла цэлы пачак са шпіталю — адмыслова для ляжачых старых). А штучнае кармленьне… Ад аднаго ўспаміну ўва мне прачынаецца гарачая малітва аб тым, што калі надыдзе маё ўласнае скананьне, каб было яно хуткім і без такога вось “абслугоў­ваньня”.
        А верасень нават у горадзе быў прыгожы. Гэткі месяцатвары паніч у залатых ботах, жупане і з завушніцай. Чаму? Таму што мне цікава ўяўляць моду часоў французскага караля Генрыха Трэцяга, які трохі пакіраваў Рэччу Паспалітай, пакуль ня зьбег ад дзікуноў-сарматаў уночы, не разьвітваючыся… Дваране насілі завушніцы, парыкі, пудрыліся, фарбавалі вусны, паліравалі пазногці, апраналіся ў аксаміт і атлас, расшытыя перлінамі… І кожнае імгненьне маглі выхапіць шпагу, маглі гэтак жа лёгка, як таньчылі ці сьпявалі рандэлі, забіць ці быць забітымі, альбо па­трапіць у катавальню… А пад бліскучым адзеньнем ва ўсіх — нават у караля — хаваліся шнары ад “самабічаваньня”: каталікі лічылі абавязковым падобнае “ўціхамірваньне плоці”.
        Пад залатым убраньнем восені таксама ёсьць крывавыя таямніцы. Увогуле люблю восень. Адзін малады паэт на літсуполцы, куды я хадзіла, пакуль не псіханула на заўвагі, напісаў верш, які пачынаўся: “Верасень, Кастрычнік, Лістапад”… І далей абыгрываў тое, што першыя літары гэтых слоў утвараюць “ВКЛ”. Вялікае княства Літоўскае. Прыўкрасны, залаты наш міф, адабраны суседзямі. Разумееце, і нічога прыдумваць ня трэба — у саміх восеньскіх назвах ужо паэзія, гісторыя і трывога.
        Мы па чарзе дзяжурылі ў дамку ля могілак. У пятніцу, пасьля самай паскуднай лекцыі з філасофскай назвай “супраціўленьне матэрыялаў” надышла мая чарга. Даліла загадала па сотавым працерці мазьзю з непрыстойнай назвай “салкасерыл” раны на шыі і руках хіміка — ніяк не жадалі загойвацца, хаця прамінуў тыдзень.
        Я асьцярожна вадзіла кавалкам марлі па шыі Скаловіча, у які раз вывучаючы ягонае аблічча. На скронях сівізна. Глыбокая зморшчына між густых броваў, ганарлівая складка вуснаў, нос… Ну, ня так ужо кручком, але вялікаваты, з гарбінкай. Падбароддзе, якое ў дэтэктывах любяць называць “валявым”. Нешта было ў гэтых рысах… Змрочная ўнутраная моц…
        І раптам павекі здрыгануліся, і ў мяне ўтаропіліся цёмныя вочы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.