РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Уводзіны
Гульня №1
Гульня №2
Гульня №3
Гульня №4
Гульня №5
Гульня №6
Па-за гульнёй-1
Па-за гульнёй-2
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-4
Па-за гульнёй-5
Па-за гульнёй-6
Па-за гульнёй-7
Па-за гульнёй-8
Фінальная гульня-1
Фінальная гульня-2
Эпілог 1
Эпілог 2
Эпілог 3
Эпілог 4
Эпілог 5
Эпілог 6
ЭПІЛОГ 6
        
ФІНАЛЬНАЯ ГУЛЬНЯ-2

        
        Мы ўтрох, я, Едрусь і былы пацыент Навінак знаходзіліся ў храме. Прафесар захацеў найперш пасьля выпіскі сюды…
        Чамусьці, калі я заходжу ў царкву, нават у чужым горадзе, я заўсёды адчуваю, што прыйшла дадому.
        Той-сёй са знаёмых наракае на іншае: і цяжка яму там, і душна, і сьмешна…
        А мне добра. Спакойна так. Хаця якая з мяне ўцаркоўленая: да споведзі раз на год выбіраюся, на Вялікдзень альбо на Каляды… Паўз царквы часьцей за ўсё проста прабягаю, папрасіўшы ў думках прабачэньня — ну вось, бачыш, Божухна, неадкладныя справы... Стамілася… Крытычныя дні… Гэтак жа прабачаешся ў думках перад старэнькай бабуляй, якая чакае ў госьці ў сваёй самотнай кватэры, чакае, а табе ўсё няма калі. Яна ж родная, яна зразумее, прабачыць…
        І адбягаешся, як неслухмянае дзіця ад маці, усё далей, далей… І нарэшце адбяжышся на такую адлегласьць, што калі цябе нехта пакрыўдзіць — маці не абароніць, бо далёка.
        Спадар Валяр’ян таксама адчуваў сябе ў царкве, як дома.
        Ён раз за разам клаў паклоны перад абразам Маці Божай Адзігітрыі, няхай і не падобным на той, што застаўся ў доме ля могілак, але які выпраменьваў тое ж сьвятло. І яшчэ я разумела, што гляджу на Скаловіча апошні дзень у сваім жыцьці.
        І хацела, каб у маёй памяці назаўсёды засталося гэтае аблічча, асьветленае агнём сьвечак…
        Калі мы зьявіліся ў дом ля могілак, Даліла, Макс і Генусь былі там. Сядзелі за сталом над кучай грошай, як гангстэры, што абрабавалі банк, і нешта планавалі… Пры зьяўленьні і нашай троіцы — найперш высокага Скаловіча ў чорным паліто, з фірмовым сарказмам на вуснах — Даліла ўскочыла і нават пасунулася назад. Класічныя паводзіны пры зьяўленьні прывіда.
        Магла яшчэ закрычаць: “Згінь! Прападзі!”
        Але замест гэтага, забачыўшы маю пагардлівую ўсьмешку, закінула ганарыста галаву і заявіла:
        — Так, я гэта зрабіла! Ну і што?
        Макс і Генусь перазірнуліся. А я не зьбіралася шкадаваць нічые пачуцьці. Я сёньня, між іншым, ледзь ня страціла цнатлівасьць у абдоймах шасьцідзесяцігадовага тлустага дзядзькі. І таму казала жорстка:
        — Ты калі з Амарам дамовілася? У той дзень, як спадара Валяр’яна да ложка прыкруціла?
        Даліла толькі ледзь звузіла зялёныя вочы.
        — А што мне заставалася рабіць? А ты... ты навошта ўлезла? Хто ён — табе? Яшчэ хоць бы дзень…— сяброўка пачынала нервавацца не па-дзіцячы.— Ты разумееш, што вызваліла яго, каб забіць? Ты мазгамі хоць зрэдку варушыш, паэтычная наша? Ён жа зараз сыдзе! На сьмерць чалавека адпраўляеш!
        Даліла пачала душыцца злымі сьлязьмі, якія не выклікаюць спачуваньня.
        Да прысутных патроху пачало даходзіць, што адбываецца.
        — Чакай… Дык я компы свае дарэмна загнаў? — Генусь аж з месца ўзьняўся. А Даліла глядзела толькі на Скаловіча.
        — Валяр’ян… Зразумей… Я не магла дапусьціць, каб ты сышоў. — (Чаго гэта яна да яго на “ты”? Незалежнасьць сваю падкрэсьлівае?) — А мне паабяцалі, што цябе патрымаюць у добрых умовах. І выпусьцяць… Калі дом зьнясуць. Потым — пашпарт зробяць, прапіску… Я сапраўды ня ведала, што яны ўдвая накінуць супраць таго, што мы з Амарам дамовіліся. Але я б усё роўна дастала грошы! І… ты ж памятаеш, я дала табе права выбару, ты застаўся сам!
        — Ну ты і сволач, Дар’я Сымонаўна… — Генуся аж трэсла. — А я ж быў упэўнены, што ты нават маніць ня ўмееш.
        Едрусь, заўсёды такі спакойны, таксама ледзь стрымліваўся.
        — А ты пра Руслану падумала? Яна ж з-за цябе ледзь не…
        Я ў час штурханула рокера. Не жадаю, каб нехта ведаў пра маю няўдалую кар’еру дзяўчынкі па выкліку.
        Даліла, не зважаючы ні на кога, падышла да Скаловіча, які захоўваў змрочнае маўчаньне, паклала вузкую даланю яму на грудзі… Зноў зусім як Антаніна з 1933-га.
        — Валяр’ян… Прашу цябе… Не сыходзь. Што там? Толькі сьмерць ды пакуты. Ну што ты зьменіш? Каму што давядзеш? Пра тваё геройства ніхто — чуеш? — ніхто не даведаецца…
        Скаловіч моўчкі адвёў яе руку. Яго хударлявы твар быў нібы каменны.
        Паветра ў хаце згусла, нібыта перад навальніцай.
        — Ну, што ж… Трэба прысесьці на дарожку! — з уздыхам падаў голас Макс. І палез мацаць па сваіх шматлікіх кішэнях… Ага, дыктафон шукае.
        Мы моўчкі ўселіся за стол. Нават Даліла нібыта зьмірылася. Скаловіч паглядзеў на мяне. Вельмі сур’ёзна. У мяне, зразумела, як і дэкляравала маленькая Наталі Портман, нешта абарвалася ў жываце.
        — Вы, Руслана, ня тым займаецеся ў жыцьці, — ціха прагаварыў прафесар.— Вы — не тэхнар. Архітэктар з вас ніякі… На філфак падавайцеся.
        Ага, разьвітальны “тэстамент”.
        Макс тым часам перакруціў плёнку ў дыктафоне і сунуў прафесару пад нос.
        — А вось скажыце, Валяр’ян Іванавіч, што вы ведаеце пра…
        Генусь штурхануў нашага волата.
        — Выключы… Сумленьне трэба мець. І так загуляліся.
        Мы маўчалі. Дождж сумна барабаніў у шыбы, нібыта праводзіў пахавальную працэсію. Кажуць, што калі ідзе дождж падчас пахаваньня — гэта добры знак, значыць, нябожчык быў някепскім чалавекам, і прырода сумуе па ім.
        Урэшце Скаловіч узьняўся. Падышоў да канапы, нясьпешна расшпіліў паліто, скінуў яго… Гэтак жа нетаропка сьцягнуў з сябе Максаву кашулю, акуратна склаў, потым зноў апрануў паліто — проста на голае, спаласаванае шнарамі цела… Цяпер, здаецца, джынсы здымае… Што гэта значыць? Я разгублена абвяла вачыма тусоўку. Усе прыгнечана маўчалі, хаваючы вочы… Раптам разуменьне працяла і мяне. Гэта ж прафесар рыхтуецца сысьці — у тым выглядзе, як зьявіўся... Калі не лічыць загоеных ранаў і змытага бруду. Наслухаўся Едрусевых тэорыяў пра неўмяшальніцтва ў гісторыю. І я нарэшце ўсьвядоміла напоўніцу, пра што крычала Даліла, і куды наш госьць адпраўляецца… Што яго чакае… Можа, я зрабіла страшэнную памылку, калі выцягнула яго з дурдому?
        Між тым прафесар абуў на босыя ногі боты з гармонікам… Выпрастаўся…
        — Усё… бывайце.
        І пайшоў да сьцяны, дзе вісеў абраз, які дасталі з магілы. Я таксама ўзьнялася, як за паветраным шарыкам узьнімаецца ўверх нітка, якая, можа, зусім і не зьбіралася нікуды ляцець.
        — Спадар Валяр’ян…
        Я ж так яму і не сказала… Скаловіч наблізіўся да мяне, пацалаваў у шчаку, зазірнуў у вочы… Не, усё-ткі ён умеў чытаць думкі. Раптам прыхінуў да сябе і зашаптаў на вуха:
        — Ну-ну… Гэта пройдзе… Гэта ўяўленьне. Вы проста рамантычная, цудоўная дзяўчынка… І рыцар у вас ёсьць, які вас кахае. І вы яго кахаеце… І ўсё ў вас будзе добра. А я — экспанат з мінулага. Стары сярдзіты прафесар, які, па-сутнасьці, даўно ператварыўся ў тло. Дзяўчаткі ў вашым узросьце могуць закахацца ў фотакартку, у мумію… Але ж лепей — жывы, прыгожы і шчыры хлопец. Ну, не сумуйце…
        Пацалаваў у лоб, адышоўся…
        І што, гэта — назаўсёды? І як далей жыць?
        Даліла кінулася да яго праз увесь пакой, як шалёная, з такім адчайным крыкам, які можна чуць толькі падчас сапраўдных — не інсцэнаваных — народных галашэньняў. Абхапіла, ледзь не паваліўшы на зямлю. Мне падалося адразу, што яна зьбіраецца зноў гвалтам затрымаць госьця.
        І Скаловіч раптам таксама абняў яе… Рыўком, амаль груба, прыціснуў… Іх вусны сустрэліся…
        Яны цалаваліся прагна, з жарсьцю, так, як могуць цалавацца перад вечным расстаньнем толькі людзі, якія даўно адзін аднаго кахаюць і адзін аднаму даўно не чужыя. Забыўшыся на нас. Забыўшыся на ўсё. Пальцы Далілы лашчылі цёмныя з сівізной неахайныя валасы… Кручканосы змрочны твар... Кожную рысачку… І яго рукі таксама нібыта стараліся запомніць яе…
        Я зразумела, што плачу, толькі тады, калі сьлезы пацяклі па шыі. Зараз, як Аліса ў Краіне Цудаў, наплачу сабе мора, у якім змагу патануць.
        Дурнічка. Наіўная дурнічка. Гэта не тваё сьвята і не тваё гора. Гэта — для дарослых… Не для такіх малых няўдаліц, як ты… Зрабі сабе пірсінг на сэрцы, малая. Можа, ня так стане балець.
        А Даліла адарвалася ад прафесарскіх вуснаў і прамовіла:
        — Тыдзень таму я яшчэ не была ўпэўненая… Але цяпер ведаю дакладна. Памятай — у цябе будзе нашчадак у нашым часе. З гэтым табе зро­біцца лягчэй паміраць, каханы.
        Скаловіч стрымаў уздых — ён жа чэмпіён па хаваньні эмоцыяў! — і пацалаваў яе далоні.
        — Дзякуй… З гэтым веданьнем мне лёгка памрэцца. І… прабач… Калі зможаш… Бо я не магу зрабіць іначай.
        Адхінуў Далілу… Абвёў нас позіркам цёмных, як вада ў віры, вачэй, усьміхнуўся — на гэты раз без прымешку сарказму, а весела, нават гарэзна, падняў руку…
        — Паспрабую забіць нягодніка. Будуйце тут Альбарутэнію!
        І зрабіў крок… Мне падалося на хвілю, што бачу — ці і праўда ўбачыла? — кабінет са сьценамі, пафарбаванымі ў цьмяны зялёны колер, нерухомыя постаці ў мундзірах… І яшчэ падалося, што на запясьці рукі Скаловіча, узьнятай у разьвітальным жэсьце, праступіў крывавы шнар, які зажыў амаль два месяцы таму. Потым відовішча пачало расплывацца, як адбітак на паверхні вады, у якую кінулі камень. Апошняе, што заўважылася — высокая чорная постаць хіснулася і пачала падаць.
        Ну так. Калі да цябе ў адно імгненьне вяртаюцца наноў усе твае раны, пераломы і пабоі ў такой колькасьці, якім бы трывушчым ні быў — болевы шок забясьпечаны.
        Кола замкнулася.
        Перад вачыма зноў была толькі сьцяна, абклееная шпалерамі з выцьвілымі ружамі.
        І нават апошні прусак у гэтай хаце мог бы пацьвердзіць, што болей ніхто праз гэтую сьцяну ня пройдзе. Нешта нябачнае, трывожнае пакінула пакой.
        — Ты што, праўду яму сказала? Пра нашчадка? — здушаным голасам прамовіў Макс да Далілы.
        Тая не абцяжарылася адказам, павярнулася да нас.
        — Усё. Пакуйце рэчы.
        І рушыла з пакою. Танклявая, гнуткая, прыгожая… Моцная.
        Яна ня будзе плакаць пры нас. Факт.
        Апошняя гаспадыня гэтай хаты маўчала дзесьці на кухні, дождж дваццаць першага стагоддзя барабаніў у брудныя шыбы, на старых могілках дагаралі сьвечкі Дзядоў…
        А Едрусь раптам пацягнуўся па сваю апошнюю, непрададзеную, гітару, пяшчотна пагладзіў яе, нібы вітаўся або прасіў прабачэньня, што яна засталася без сябровак, крануў струны…
        
        Гіене баяцца, сабаку вішчаць,
        Сьвіньні рыцца ў гноі сваім.
        А льву патрэбны калючы гушчар,
        Родны край і свабода ў ім.
        
        Я пазнала песьню на словы Караткевіча, якую чула падчас апошняга фэсту. Едрусь што, звар’яцеў, сьпяваць у такі момант?
        
        П’ю за тое, каб нам сярод родных лясоў
        Не вішчаць, не дрыжэць, не крывіць.
        Бо ўсе мы тут — не з гіен і ня з псоў,
        Бо мы — сапраўднай крыві.
        
        Генусь адняў рукі ад твару, — на шчоках засталіся мокрыя сьляды. Макс сумна схаваў дыктафон у кішэню і ўтаропіўся ў столь, якую так часта вывучаў позіркам наш нядаўні госьць…
        
        І таму давайце за ворагаў піць,
        І за імі сатканую сець.
        Бо ім ня дадзена нас палюбіць,
        І ня дадзена нас зразумець.
        
        Што ж… Зьняволеныя ў “амерыканцы” паэты таксама сьпявалі — пакуль ім не паадбівалі лёгкія… А ў хаце, што згубілася пасярод змрочнага гарадскога лістападу, высноўваліся кашчунныя для рамантыкаў словы пра нашых ворагаў.
        
        Божа! Дам ім даўжэй пражыць,
        Хай спаўна адтрубяць свой час.
        Хай да самай апошняй нашай мяжы
        Будуць яны ў нас.
        Божа! Ты скінуў іх нам, як дары,
        І мы славім мудрасьць тваю.
        Бо яны нас будзяць яшчэ на зары
        І рана заснуць не даюць.
        І ўстаем, і арэм мы нашы палі,
        Пакуль не апусьціцца змрок.
        І мы ўстаем, і зброю сталім,
        Слова сталім, і радок.
        
        Я душылася плачам, як у далёкім дзяцінстве, калі бацькі згубілі мяне ў купальскім лесе.
        
        Даруй ім, яны пакараныя й так,
        Даруй — хоць на гэты раз.
        Бо розуму ў іх — як сьлёз у ката,
        І ня могуць пазычыць у нас.
        І даруй нам, што сеем мы ў душах іх жах,
        Як скачком бяром частакол.
        Што даводзіцца ім дрыжаць у дамах,
        Пакуль гойсае леў вакол.
        
        Зьбялелая Даліла выйшла з кухні — неверагодна, але ў гэтае імгненьне яе гожыя рысы чымсьці нагадалі мне рысы Скаловіча, — падышла да сьцяны, перахрысьцілася на абраз Маці Божай Адзігітрыі (такога я дагэтуль за сяброўкай не заўважала!) і асьцярожна зьняла яго.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.