РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Уводзіны
Гульня №1
Гульня №2
Гульня №3
Гульня №4
Гульня №5
Гульня №6
Па-за гульнёй-1
Па-за гульнёй-2
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-4
Па-за гульнёй-5
Па-за гульнёй-6
Па-за гульнёй-7
Па-за гульнёй-8
Фінальная гульня-1
Фінальная гульня-2
Эпілог 1
Эпілог 2
Эпілог 3
Эпілог 4
Эпілог 5
Эпілог 6
ЭПІЛОГ 3
        
ПА-ЗА ГУЛЬНЁЙ-7

        
        Мы з Далілай, ня гледзячы адна на адну, сышлі з бетоннага ганку апорнага пункту аховы правапарадку ў прыцемак і невядомасьць.
        Вечаровае восеньскае паветра мае прысмак дыму.
        Апошнім часам апалую лістоту ў нашым горадзе паляць менш, чым раней, калі абрысы вуліц бачыліся праз вэлюм, утвораны душамі лісьцяў, якія прайшлі праз чысьцец вогнішчаў, але не сьпяшаліся ўзьняцца ў халодныя нябёсы.
        — Даліла! Руслана! Як вы? А дзе Скаловіч?
        “Тры волаты” ўсе сьпяшаліся сюды, не паверыўшы тэлефанаваньню Далілы, што ўсё ў парадку, нас ужо выпускаюць, і ня варта турбавацца… Генусь ішоў наводдаль, моўчкі глядзеў спадылба, праз чорныя пасмы валасоў… Макс трымаў за руку Віку, якая вырвалася і пабегла да маці. А Едрусь… Едрусь наблізіўся да мяне, але неяк нясьмела, нібыта ня быў упэўнены, што я зноў ад яго не ўцяку:
        — Ну як ты, малая? Гэта ж трэба — і цябе забралі… З баявым хрышчэньнем!
        І я адчувала сябе чамусьці вельмі вінаватай перад ім, таму што вось ужо сем гадзінаў пра яго ня думала.
        Ён, вядома, не падазраваў, што я пра яго думала раней, пра тахканьне гадзіньніка, але мне ўсё роўна было сорамна. Нібыта ён зараз мог сказаць: “А чаму гэты ты перастала пра мяне думаць?”
        А музыка раптам зьбянтэжана прамовіў:
        — Ну ты даеш… На званкі не адказваеш… Я нават некалькі разоў да твайго дому падыходзіў — сьвятло ў тваім вакне гарыць, сілуэт за шторай…
        Якім шчасьцем для мяне калісьці было б гэта пачуць… Цяпер жа іншае вярэдзіла душу. Я азірнулася на Далілу.
        Тая, апусьціўшы галаву, прыціскала да сябе Віку. Але я не зьбіралася сама адказваць на пытаньне, якое гучала ўсё настойлівей:
        — Дык дзе Скаловіч?
        Нарэшце Даліла падняла галаву. Яе зялёныя вочы чамусьці нагадвалі сарванае лісьце.
        — Спадара Валяр’яна адвезьлі ў бальніцу...
        Вось, вось, хай сама расказвае... Як невыносны ўпарты Скаловіч цьвеліў міліцыянтаў… Як яго паклікалі на асобную размову ў нейкі кабінет… Як праз нейкі час туды ж увайшлі два дужыя санітары ў белых халатах і доктар… Прафесар жа без дакументаў, і гаворыць на літаратурнай беларускай мове, і яшчэ… Ён геній, але з іншага часу. Ня ведае многіх элементарных для нас рэчаў, як чалавек васемнаццатага веку ня ведаў бы, як можна іначай, чым у ягоным салоне, трактаваць мужчыну з нафарбаванымі вуснамі. Яны ж усе — палітыкі, паэты, філософы, фінансісты, наведнікі салонаў і прыёмаў — фарбавалі вусны, румянілі шчокі, пудрыліся, малявалі сурмою бровы і “мушкі” — чорныя плямкі на твары. Бог яго ведае, што хімік там ляпнуў… Чаго ня змог пазнаць… Мы ж, ідыёты, хавалі ад яго і гістарычныя падзеі і рэаліі сучаснасьці. У выніку нам паведамілі, што дзядзька наш відавочна з праваламі ў памяці, і яго адправяць у бальніцу.
        Божа мой, асістэнт Марыі Складоўскай-Кюры, прафесар Сарбонскага універсітэту, дэкан хімічнага факультэту беларускага універсітэту — у менскай “дурцы”! Ды яшчэ пасьля ўсяго перажытага ў Жоўтым Доме! З усімі сваймі шнарамі, ды яшчэ з мілай прывычкай ледзь не штоноч у сьне праз роўныя прамежкі часу паўтараць занудным гучным голасам фразу: “Я не валодаю такой інфармацыяй”. Відаць, вынік “канвеерных” шмат­дзённых допытаў — праўда, з прафесара каментарыяў ня выцягнулі. Ня любіць, ці ж бачыце, тэму. А Едрусь з-за гэткага “гукавога суправаджэньня” нават начаваць у Разалінай хаце адмовіўся.
        Мы сядзелі ў доме ля могілак, нібыта толькі што вярнуліся з пахаваньня. Усе прыгнечана маўчалі. Даліла такая напятая, нібыта чакае, што вось-вось на яе кінецца воўк.
        А яна тады яго загрызе. Лёгка.
        — Урэшце, па логіцы падзеяў, — разважна загаварыў Макс, — мы можам увогуле выкрасьліць з памяці хіміка. Не было яго — ну і зноў няма. Ну, скажам, падабралі на могілках дзядзьку непрытомнага. Хто такі, адкуль — ня ведаем. Хто ён нам?
        — Ах ты, нягоднік! — Генусь ускочыў з зэдліка, сьціснуўшы кулакі. Макс прымірэнча падняў да яго далоні.
        — Ціха, ціха… Я проста гіпатэтычна…
        — Морду біць за такую гіпатэтычнасьць!
        — Ты, дарэчы, і Скаловічу зьбіраўся морду біць, — насьмешна парыраваў Макс. — А каб зрабіў яму па сваіх хакерскіх каналах хоць якое пасьведчаньне, як абяцаў — усё-ткі надзея…
        — І яшчэ яму, калі спатрэбіцца, морду наб’ю! — гнеўна адказаў Генусь. — Але набіць морду і кінуць падыхаць у дурдоме — розныя рэчы!
        — Ніякай надзеі не было. Ён сам захацеў застацца, хоць мог сысьці, — падала голас Даліла. Нейкі металёва-нежыцьцёвы голас, які мне надта не спадабаўся. — Гэта ягоны выбар.
        Паколькі ня ўсе ведалі, што адбылося ў доме раніцай — мне давялося распавядаць.
        — Гнюсная гісторыя, — спакойна прамовіў Едрусь. — Спадар Валяр’ян — чалавек, варты ўсіх нас разам узятых. Што вы цяпер, зьбіраецеся апельсіны яму ў Навінкі насіць і тым сумленьне суцяшаць? Супер! Вы як хочаце, а я зраблю ўсё, каб…
        — І што ты зробіш? — іранічна спытаў Макс. — Налёт на псіхушку?
        — Ну вось што, спадарства, — Даліла нарэшце ачомалася і паднялася. — Заўтра я сама пагавару з міліцыянтамі. Макс, Генусь, пашукайце яшчэ зьвестак пра гісторыю месца, на якім збудаваны гэты дом. Ну ня можа быць, каб болей нічога… Любыя, самыя сумнеўныя гіпотэзы… Чуткі… Паданьні… Усё, што заўгодна. А ты, Руслана…
        — Ты ўсё яшчэ лічыш сябе лідэрам тусоўкі? — злосна спытаў Генусь. — Камандуеш? Пасьля ўсяго, што ты натварыла — гэта ж усё з-за цябе, ты прыдумала гэтыя нялюдскія падарожжы, прыцягнула прафесара ў наш час… Ды яшчэ пасьля таго, як я бачыў, як ты са Скаловічам…
        — Заткніся! — Даліла крыкнула, нібыта ўдарыла маланкай. — Не твая справа, з кім я і дзе. І ўвогуле — хто ня хоча ратаваць хіміка — валіце…
        Генусь павярнуўся да мяне.
        — Руслана, скажы ты…
        Едрусь і Макс чамусьці таксама павярнуліся ў мой бок з сур’ёзным чаканьнем.
        Няўжо кагосьці зацікавала маё меркаваньне?
        А Едрусь раптам прамовіў:
        — Я веру Руслане. Няхай яна скажа, што рабіць.
        Я сустрэлася поглядам з ягонымі шэрымі вачыма і зразумела, што ніхто тут не жартуе. Ім сапраўды важна, што я скажу. Зірнула на Далілу… Мая сяброўка ўсьміхалася неяк крыва… Яе ўсьмешка нечым нагадвала фірмовую ўсьмешку Скаловіча.
        Я ўспомніла, як пераможна яна ўсьміхалася, калі зваліла непрытомнага хіміка пад нашы ногі пасьля свайго апошняга падарожжа…
        Паўза зацягвалася. Мы тут свае мікраскапічныя амбіцыі вырашаем, а Валяр’ян Скаловіч працягвае ісьці па сваім пекле…
        — Варта паразмаўляць і з міліцыянтамі, — сказала я. — Але найперш трэба яшчэ пагаварыць і з гаспадаром суседняга маёнтку. Ясная справа — без яго не абышлося. Увогуле, думаю, налёт на нас — ягоная справа. Праплаціў. Дом забраць хоча… Напэўна, і прафесара ў дурдом запхнуў у якасьці закладніка. І наконт гісторыі… Неадменна нешта на гэтым месцы мусіла здарыцца ў 1933-м годзе. І, можа быць, наш прафесар нейкім чынам да гэтага датычны. Паспрабую знайсьці яго і распытаць. І варта яшчэ раз дом і ўсё вакол дома агледзець. Кожны прадмет. І нам спатрэбяцца грошы. Шмат грошай. Думайце кожны, дзе ўзяць.
        І я падышла да абразоў, як гэта рабіў прафесар, і, не зьвяртаючы ўвагі на тых, хто побач, і як яны на гэта рэагуюць, перахрысьцілася і памалілася аб тым, каму зараз дапамога была патрэбная болей за ўсіх.
        
        Мы з Едрусем сядзелі ў бальнічным калідоры. Я не разумею, чаму бальніцы і паліклінікі ў нас абавязкова мусяць быць падобнымі да турмаў, нібыта іх будуюць па адных праектах. Можа, ад таго, што сьцены і там, і там пранізаныя людскім болем, пакутлівым чаканьнем, нянавісьцю?
        Думаеце, мала нянавісьці ў той жа раённай паліклініцы? А вы хоць раз сядзелі ў чарзе на прыём да ўчастковага ўрача? Калі перад табой — чалавек дваццаць, палова — з талончыкамі, палова — па жывой чарзе, а яшчэ прыкульгваюць ветэраны, якія ідуць без чаргі, і абавязкова якая-небудзь бабулька з кульбачкай, якую прыводзяць пад рукі з кабінета галоўурача, таму што яна нічога ня памятае, але ёй таксама кепска, таксама баліць… А яшчэ тры-чатыры бабулькі, якія ходзяць сюды, бо больш няма куды ісьці, бо толькі тут можна пасядзець між людзямі, паскар­дзіцца, паўспамінаць, і цябе выслухаюць.
        А тут, дзе мы сядзелі, было псіхіятрычнае аддзяленьне… Воля ваша, але я веру, што псіхічныя хваробы заразныя. Помню, як у кавярні “Вясна”, дзе цяпер нейкая іспанская рэстарацыя, працавала пасудамыйшчыцай паэтка, выпускніца маскоўскага інстытуту… Яна любіла хадзіць па прасьпекце ў вязанай шапачцы, са сшыткам, і на хаду запісвала вершы.
        Аднойчы я доўга ішла за ёю, назірала… Ну як жа, абавязак літаратара — вывучаць фактуру! А потым, вярнуўшыся дадому, ніяк не магла прывесьці ў парадак думкі, якія разьбягаліся спалохана, як дзеці ад Фрэдзі Кругера, і мне здавалася, зараз з маіх вуснаў сарвецца таксама няўцямны блёкат, вершаваныя радкі, скажоныя да непазнавальнасьці, як пусты скамечаны пачак ад чыпсаў.
        Сказаць, што мне было няўтульна між гэтых брудна-зялёных сьценаў — значыць сказаць пра матылька, што яму цёпла ў вогнішчы. Мне было жудасна, страшна, тужліва…
        А Едрусь толькі жмурыў свае шэрыя вочы, нібыта сьвятло лямпачкі ў жалезнай клетцы яго сьляпіла. Хаця насамрэч было яно цьмянае, як лекцыя па сацыяльна-палітычнай філософіі, прачытаная цёткай марксістскага ўзросту па кансьпекце дваццацігадовай даўнасьці.
        Каржакаваты руды санітар, які прыняў Едрусевы даляры, зьявіўся з-за жалезных дзьвярэй, нібыта захавальнік атамнай бомбы. Пасьля доўгіх перамоваў санітар пагадзіўся ўсё-ткі правесьці на “падпольнае” спатканьне мяне адну. Едрусь у сваім чорным “прыкідзе” — скураной куртцы, высокіх чаравіках-камелотах ды з доўгім бялявым хвастом выглядаў занадта падазрона. А мне быў выдадзены белы халат і шапачка, а таксама ліквідаваная завушніца ў губе.
        Рокер агледзеў мяне і падняў вялікі палец: маўляў, класна выглядаеш, малая. Чыста медсястра.
        — Няўжо камусьці ў ахвоту размаўляць з гэтым тыпам? — мармытнуў санітар, калі праводзіў мяне ў пакой для спатканьняў. Я зразумела, што прафесар са сваім “анёльскім” характарам пасьпеў дастаць нават супрацоўнікаў псіхушкі.
        У гэтым пакоі зусім не было вокнаў. На зялёных сьценах (зноў усюдыісны практычны колер!) замест карцін віселі, прымацаваныя скотчам, карысныя плакаты пра тое, як захоўвацца ад СНІДу, пра шкоду наркаманіі і карысьць фізкультуры. Бравы лыжнік у сіняй шапачцы набакір заклікаў далучацца да здаровага ладу жыцьця, з-пад ягоных лыжаў фантанам вылятаў сьнег, а над правым плячом, як быццам матэрыялізаваны дух продка, грувасьціліся слупкі парад па правільным харчаваньні. Злакавыя, садавіна, адварная ялавічына, кефір… Лямпа гарэла люмінесцэнтная, пад стольлю, ненатуральна яркая. Мяне пасадзілі за шырокі пісьмовы стол, які звычайна купляюць для бедных дзяржаўных кантор. Дзьверы насупраць адчыніліся, і ўвайшоў Валяр’ян Скаловіч у сіняй піжаме, які сеў на крэсла па той бок стала. Санітар прыладкаваўся наводдаль, каб бачыць нас…
        Мне было ўсё роўна, я глядзела на прафесара. Ня ведаю, што спадзявалася ўбачыць — быццам суткі ў псіхушцы могуць зьмяніць чалавека да непазнавальнасьці. Прынамсі, даводзілася назіраць Скаловіча куды ў горшым стане. Ды і сіняя выцьвілая піжама выглядала ўсё-ткі больш па-мужчынску, чым Разалін халат у жоўтыя зайчыкі.
        Скаловіч па-ранейшаму пазіраў ганарыста, хаця хударлявы гарбаносы твар стомлены, і яшчэ мне чамусьці падалося, што прафесар чакаў замест мяне ўбачыць кагосьці іншага. Нейкая жарынка расчараваньня загарэлася і згасла ў ягоных цёмных вачах. Але тон ягоны ні на каліўца не зьмяніўся.
        — Нарэшце вы выглядаеце, як прыстойная дзяўчына.
        Што ў перакладзе на звычайную мову, напэўна, можна было ўспрыняць як “Прывітаньне, Руслана, рады цябе бачыць”.
        — Добры вечар, спадар Валяр’ян.
        — На жаль, мне пасьля конскай порцыі брому цяжка зразумець, вечар альбо раніца. Але, прынамсі, гэта ўсё яшчэ стары добры бром.
        Не было калі траціць час на спачуваньні і роспыты “Як вас кормяць?” ды “Ці ня крыўдзяць?”.
        Таму я адразу, паўшэптам, каб ня чуў санітар, распавяла пра нашыя планы, у тым ліку спадзевы адкрыць сакрэт Разалінага дамка.
        — Успомніце, калі ласка, у трыццаць трэцім годзе вы былі на гэтых могілках, паблізу ад дому Разаліі Іванаўны? Ці, можа, чулі што-небудзь пра гэтае месца?
        Прафесар задумаўся. Зморшчына між броваў паглыбілася, і вочы, цёмна-зялёныя, як вада ў віры, зірнулі на мяне цалкам сур’ёзна. Вось табе на… Калі ў гэтых вачах няма насьмешкі, мне, аказваецца, чамусьці трывожна ў іх глядзець… Як з вакна высокага паверху. І прыцягвае, і баішся ўпасьці. Потым позірк прафесара ўпёрся ў сасновую паверхню стала, у якой, аднак, не было нічога цікавага — бо гэта не натуральнае дрэва, а пліта з пілавіньня і клею, з плёнкай, што імітуе драўніну. Без сучкоў, без незвычайных разводаў, у якіх пры жаданьні можна ўбачыць нейкія вобразы. Нават нічога не надрапалі на гэтай мёртвай паверхні. Толькі яна нібыта памутнела ды пакрылася плямамі ад усхваляванага дыханьня ды мноства цяжкіх адчайных позіркаў.
        Скаловіч ціха загаварыў.
        — Мяне забралі амаль адразу пасьля таго, як памерла Антаніна. Яе муж са сваім сябруком Андрэем прыходзілі мяне дапытваць. Праўда, у адрозьненьне ад згаданага Андрэя, які займаў пасаду інструктара па допытах — на яе бралі асабліва спрактыкаваных і фізічна дужых, таварыш камсорг быў аматарам. Але затое зацятым. А я… Я і бяз крыкаў камсорга быў упэўнены, што стаўся прычынай сьмерці ягонай жонкі. І… лічыў, што ён, напэўна, мае права рабіць са мною тое, што… рабіў. Я тады сам сябе гатовы быў закатаваць. Карацей, гэта не былі самыя лёгкія дні ў маім жыцьці. Трэба згадаць, што ў мяне мелася прывілея — ніколі ня білі па твары і галаве. І кісьці рук не чапалі. Чаму? Здагадайцеся… Калі ў турме тысячы людзей са спухлымі, зьбітымі абліччамі, з крывавымі язвамі на галовах — там, дзе вырывалі валасы, з раструшчанымі пальцамі, як мусіць успрымацца нечапаны твар? Таму даведзеныя да паўжывёльнага стану мае знаёмыя і кідаліся на мяне. Адзін, калі сілаў ударыць у яго не было, пачаў мяне кусаць і драпаць… Бядак… Так што прывілея адносная. Тым болей калі ў нос гадзі­намі льюць ваду і нашатыр, гэта не лягчэй, чым калі выдзіраюць валасы. Апошняе новаўвядзеньне, з нашатыром, якраз змагары з кантррэвалюцыяй маглі выпрабаваць на чарговай порцыі вязьняў. Пачынаўся працэс “Беларускай народнай грамады”. Гэта меркаваўся працяг справы пра “кантррэвалюцыйны “Саюз вызваленьня беларускага народу”, які адыграўся трыма гадамі раней. Запэўніваю вас — такая ж містыфікацыя. Было ўжо дастаткова людзей, якія пачыналі разумець усе “вабноты” гэтай улады. Але сярод арыштаваных, напэўна, ня мелася ніводнага, прынамсі, я такіх ня ведаў, хто быў бы гатовы са зброяй у руках зьвяргаць Саветы, забіваць камісараў… Арышту падлягалі навукоўцы, пісьменьнікі, сьвятары, настаўнікі. У 1930-м па справе гэтага “Саюзу” хапанулі чалавек за сто. Сярод іх — найлепшыя пісьменьнікі. Дубоўка, Пушча, Антон Адамовіч, Жылка, Гарэцкі, Бабарэка, Гурло, Шашалевіч… Усіх не пералічу. Янку Купалу цягалі. Пасьля гэтага ён разрэзаў сабе сьцізорыкам жывот. Многіх выслалі, некаторых і адпусьцілі — пад нагляд, на перавыхаваньне. Тады я яшчэ не спаткаўся з Крэчатам і з таварышам Касіянавым. З маёй кафедры забралі чатыры чалавекі. Вядома, мы спрабавалі нешта зрабіць… Мы ж усе верылі, што адбываюцца памылкі. Пісалі лісты, зьбіралі подпісы… З апошнім было цяжка. Вось калі я зрабіўся “штатным здраднікам”, да мяне часам самі падыходзілі, каб па­прасіць аб заступніцтве. А яшчэ сьмешна было сустракацца з некаторымі з тых, хто ўдзельнічаў у эксьперыментах Касіянава. Бачу на калідоры універсітэту чалавека, якога пераканалі, што я яго здаў, і які біў мяне за гэта ў кабінеце НКВД, а пасьля рыдаў ад шчасьця і замілаваньня ў абдоймах сьледчага… І ён глядзіць на мяне, як гусь на бліскавіцу, вітаецца і без усякіх эмоцыяў ідзе далей. І мы — нібыта багатыя кліенты бардэлю для вычварэнцаў, што ў паўсядзённым жыцьці нават знакам не намякнуць адзін аднаму, дзе разам бавілі час. Вядома, той-сёй, ачуняўшы, зразумеў, у якой інсцэ­ніроўцы ўдзельнічаў… Але што яны маглі перайначыць, калі страх пася­ліўся ў сэрцы? Каб вы бачылі, як гэта страшна — чалавек, які быў разумным, дасьціпным, з нашым улюбёным інтэлігенцкім скепсісам, глядзіць на цябе пустымі вачыма, нібыта на дно іх наліта волава, і ўсяго яго расьпірае ад жаданьня служыць савецкай уладзе, даводзіць, які ён адданы ёй, як шчыра яе любіць… Як ён удзячны, што яна, Вялікая Маці, пад наглядам Вялікага правадыра, не адкінула, а перавыхавала, ачысьціла, дазволіла слугаваць… Ён лёгка аддасьць жыцьцё ці заб’е. Ён выказваецца толькі ўрыўкамі з газетных артыкулаў. І нават не хавае, што і гэтую нашу сустрэчу апіша ў “адчоце”.
        Ён нават і мне, здрадніку, удзячны — бо я ж цяпер у ягоных вачах ня здраднік, а патрыёт, такі ж, якім зрабіўся ён.
        Вы пытаеце, ці быў я на гэтых могілках у трыццаць трэцім? Я ня ўпэўнены. Але вы прасілі — любыя здагадкі… Магу распавесьці адзін выпадак. Падчас маёй апошняй адсідкі неяк уночы мяне вывелі з камеры, пераапранулі ў чыстае… Я апынуўся ў добра знаёмым мне “Фордзе” разам з Мадэстам Касіянавым. Верх аўто быў падняты, горад асьвятляўся ня так, як цяпер, дый кеміў я на той момант марудна, таму нават уяўленьня, куды мяне вязуць і навошта, ня меў. Зрэшты, якая розьніца? Калі мяне змусілі выйсьці нібыта ў нейкім гаі, і я ў зыркім сьвятле фараў пабачыў сьвежавыкапаную яміну — у мяне ўнутры салаўі засьпявалі. Божухна, няўжо нарэшце Ты даеш згоду мне сысьці адсюль? Я агледзеўся: дзе мне давя­дзецца спачыць? Непадалёк збліснулі крыжы… Могілкі. Выдатна! Нават не ў якой лясной глушы, не ў балаціне…
        Але магіла, глыбінёй дзесьці з метр, капалася ня мне. З другой машыны, з закрытым кузавам, у Менску называлі яе “варанок”, выцягнулі нешта доўгае і цяжкое… Мне ня трэба было здагадвацца, што — нагледзеўся… Двое ў пальчатках, з марлевымі павязкамі на тварах кінулі нябожчыка ў яміну. Адзін з катаў пасьвяціў уніз ліхтарыкам. Касіянаў жэстам загадаў мне палюбавацца. Я нахіліўся над апошнім прытулкам няшчаснага, які ляжаў тварам уверх, да чорнага неба…
        Я ведаў гэтага чалавека.
        Незадоўга да майго зьняволеньня да мяне прыйшла бабуля Леакадзія.
        Так, яна яшчэ жыла… Хаця й зусім старэнькая — пад дзевяноста.
        Не глядзіце на мяне так. Я адразу па вяртаньні з Францыі яе наведаў… Але яна мяне й на ганак не пусьціла. Слуга шатану, які прыехаў слугаваць слугам шатану.
        Сьляды бацькоў маіх згубіліся на пачатку вайны — здаецца, у Бесарабіі, куды балаган зьехаў бліжэй да цяпла і далей ад рэвалюцыйных выбухаў. Леакадзія Пятроўна засталася адзіным маім родным чалавекам. Але прадукты з акадэмічнага пайка, якія ёй пасылаў, адразу ж вяртала. З настойлівай просьбай забыцца на ейнае існаваньне.
        Карацей, калі яна прыйшла да мяне, я ня бачыў яе сем гадоў.
        Яна вельмі пастарэла. Замест ганарлівай паставы сагнулася амаль удвая, абапіралася на кавеньку. Галава абвязаная па-сялянску чорнай выцьвілай хусткай, нейкая плюшавая зялёная кацавейка… Рот праваліўся, але сьветлыя вочы пазіраюць па-ранейшаму ўладна. Так што мне падалося, што я, як і ў дзяцінстве, гляджу на яе зьнізу ўверх.
        Бабуля сказала, што яе прывяла да мяне божая справа. Нават у самага апошняга грэшніка, такога, як я, заўсёды ёсьць шанец выратаваць сваю душу. Як у разбойніка, укрыжаванага побач з Хрыстом. Я сябрую з галоўным слугой шатана ў гэтым праклятым горадзе. Таму змагу зрабіць тое, аб чым просяць. Зараз у турэмнай бальніцы памірае япіскап Мікалай. Кажуць, у яго тыф. Вядома, ніякага апошняга прычасьця і споведзі ад катаў ён не дачакаецца… І каб падтрымаць сьвятога пакутніка ў ягоных апошніх пакутах, яму трэба перадаць рэліквію…
        Бабуля павольна-павольна, як здымаюць са ствала тонкі слой бяросты, дастала з-пад крыса сваёй кацавейкі нешта памерам з кнігу, акуратна загорнутае ў шэрую паперу. Я ўзяў прадмет з ейных дрыжачых рук, разгарнуў…
        Гэта быў абраз, намаляваны на тоўстай, у тры пальцы, дубовай дошцы, цёмны ад дыму тысяч сьвечак, старажытны, дзівоснага мясцовага пісьма. Я не сьпецыяліст — але думаю, што гэта шаснаццатае стагоддзе. Асаблівы каларыт, барочная мяккасьць і выразнасьць аблічча, тканіны з расьліннымі арнаментамі, як на шляхецкіх вопратках. Маці Божая Адзігітрыя. Тая, што паказвае шлях. З цёмнай паверхні абраза струменіла незвычайнае сьвятло. Вочы Маці Божай глядзелі з такой скрушлівай любоўю…
        Я папярэдзіў бабулю, што “там” не дазваляюць вязьням трымаць пры сабе нічога. Абраз усё роўна ў айца Мікалая забяруць ягоныя турэмшчыкі.
        Леакадзія Пятроўна ўгневалася, пачала стукаць кавенькай у падлогу… Гаварыла, што абраз — з нядаўна разбуранай Крыжаўзьвіжанскай царквы, адзінае, што ўдалося ўратаваць. І самой ёй, рабе Божай Леакадзіі, засталося жыцьця на адну сьвечку… І гэта грэх — сумнявацца, што ўсё ў волі Божай. Я пасьпяшаўся запэўніць, што сьвятыню перадам… Але нічога з маіх прыпасаў бабуля ўсё-ткі не ўзяла — і не дазволіла нават дапамагчы спусьціцца па сходах маёй шыкоўнай акадэмічнай кватэры. Я глядзеў на яе сагнутую сьпіну, няўпэўненыя крокі, і мне здавалася, што сьвятло, што ішло ад абраза, цягнецца за бабуляй усьлед, каб падтрымаць яе замест мяне, роднага ўнука.
        Мне ўдалося выканаць просьбу Леакадзіі Пятроўны. Я нават сам дайшоў да айца Мікалая — меў добрыя сувязі сярод дактароў. Япіскап ляжаў у гарачцы, непрытомны, але калі я схаваў пад ягоную падушку абраз — зрабіў рух, нібыта хацеў яго там намацаць… І я ўклаў Адзігітрыю ў ягоныя схуднелыя пальцы, якія адразу сьціснуліся, нібыта на руцэ найбліжэйшага сябра.
        Праз пару тыдняў мяне выклікалі ў Жоўты Дом.
        І вось цяпер я бачыў знаёмы выснажаны твар айца Мікалая ў яміне. І… Не, мне не падалося — павекі здрыгануліся ад сьвятла ліхтарыка, япіскап быў яшчэ жывы. У гэтым не было неверагоднага — ад тыфу людзі паміралі, здаралася, месяцамі. Я ледзь стрымаў крык… Бо зразумеў — людзі вакол выдатна ведаюць, што ў яміне — ня труп.
        Я пачаў ціха прамаўляць малітву. Гэта не спадабалася прысутным, мяне трохі “ўразумілі” — але я ўсё-ткі дачытаў, што хацеў. Потым мяне паднялі на ногі і зноў змусілі схіліцца над адкрытай магілай.
        Інструктар па допытах Андрэй падаў таварышу Касіянаву нейкі прадмет… І я, толкам не разгледзеўшы, здагадаўся: абраз Маці Божай Адзігітрыі.
        Касіянаў павярнуў да мяне цёмны лік Той, Што паказвае Шлях.
        — Пазнаеш, Скаловіч? Гэта — зброя эксплуататараў, якой яны адурманьвалі народ, зброя, якую ты прынёс гэтаму папу.
        І кінуў абраз у яміну, у ногі япіскапу.
        — Вось ляжыць той, хто працоўны народ адурманьваў. І зараз з тваёй дапамогай, Скаловіч, мы гэты опіум зьнішчым.
        Мне зрабілася страшна. Што яны прыдумалі на гэты раз? А ў руках Касіянава ў сьвятле фараў збліснула шкло… Колба… Трэба ж, не разьбілася… І каламутнае рэчыва на тры пальцы…
        — І гэта таксама пазнаеш? Тут, унутры, яшчэ засталася частка атруты, якую ты падрыхтаваў, каб забіць сваю лабарантку. Бачыш, мы ведаем, што Антаніна Аксючыц загінула з-за цябе. А цяпер тваё злачыннае вынаходніцтва паслужыць справе працоўных…
        Касіянаў працягваў мне пасудзіну.
        — Вылі гэта на абраз!
        Вядома, ніхто і не спадзяваўся, што я згаджуся. Але гэта былі правілы гульні. Пасьля пэўных рытуальных дзеяньняў інструктара па допытах мяне паставілі на калені над магілай. Таварыш Андрэй схапіў мяне за валасы:
        — Глядзі, падла! Успамінай Антаніну!
        Касіянаў нахіліў колбу над ямінай. А япіскап раптам застагнаў.
        І я сказаў:
        — Добра. Я сам…
        Яны вельмі зьдзівіліся. Гэта было маё першае і адзінае “добра” падчас нашых зносінаў. Думаю, таварыш Касіянаў адкаркаваў у думках шампанскае ў гонар свайго метаду.
        А я прамовіў:
        — Я зьнішчу абраз… Але ў тым выпадку, калі вы ня будзеце хаваць гэтага чалавека жыўцом.
        Таварыш Касіянаў узрадваўся нездарма. Бо калі вязень пачынае гандлявацца са сваім катам — гэта першы крок да зламаньня. “Добра, я здам гэтага — а вы не чапайце тых…”
        Потым ён здасьць усіх.
        — Малайчына, Скаловіч! Ты пачынаеш разумець савецкую ўладу! — падбадзёрыў Касіянаў. — Давай напачатку — вылі кіслату… А потым — даю слова — япіскап атрымае шанец на лёгкую сьмерць.
        Я ўзяў колбу, нахіліў над абразам, які ляжаў у нагах айца Мікалая. Празрыстая густая вадкасьць кранула твар Маці Божай… І паверхня абраза — я выразна гэта бачыў у мёртвым сьвятле ліхтарыкаў — усьпенілася, зашыпела, пад белай каламутнай жыжай зьнікла цёмнае аблічча з вялікімі вачыма, у якіх сьвяціліся ўсёразуменьне, любасьць і скруха…
        Я паставіў на зямлю пустую колбу.
        — Вы далі слова.
        Касіянаў усьміхаўся, нібыта балаганны непераможны барэц у паласатым трыко падчас выхаду на арэну.
        — Гэта быў самы лепшы ўчынак у тваім памылковым жыцьці, хімік. І я сваё слова стрымаю. Мы ня будзем хаваць гэтага слугу імперыялізму жыўцом. Злачынец атрымае хуткую сьмерць. Толькі ты сам яе яму і падары.
        І працягнуў мне рэвальвер.
        Што б вы зрабілі на маім месцы?
        Мелася тры магчымасьці.
        Першая — пазбавіць айца Мікалая нечалавечых пакутаў. Стогн даводзіў, што ён быў яшчэ жывы і нават можа апрытомнець.
        Але гэта азначала б, што я — забойца. Яшчэ адзін сьмяротны грэх на душу.
        Другая магчымасьць — забіць Касіянава… Або хоць кагосьці яшчэ з вылюдкаў.
        Праўда, гэта ня выратуе ні мяне, ні айца Мікалая. І, магчыма, справакуе яшчэ большую азьвярэласьць… Хаця ці магчыма большая?
        І трэцяе, самае простае і прывабнае — пусьціць сабе кулю ў галаву.
        І зноў — загубіць сваю душу.
        Дык што б зрабілі вы?
        Я ўзяў рэвальвер, разумеючы, што ўсе тры магчымасьці ведае і мой кат… І зараз я гуляю па ягоных правілах.
        Гэта-ягоная-гульня...
        Паклаў палец на курок… Потым зьняў. І шпурнуў зброю ўбок, як га­дзюку.
        Касіянаў засьмяяўся. Гідка так, пагардліва. Падняў кінуты мною рэвальвер… Пацэліўся мне ў лоб… Націснуў курок… Пачуўся глухі шчаўчок.
        У рэвальверы не было кулі.
        Мне на галаву пасыпаўся дробны халодны дождж. Зашумела лісьце.
        — Ну ты і баязьлівец, Скаловіч. Я стрымаў слова — даў нягодніку магчымасьць лёгкай сьмерці. Ты не дазволіў яму той магчымасьцю скарыстацца. Каб ты стрэліў, давёў сваю рашучасьць — я б пасьля ахвяраваў на яго баявую кулю. А так — усё. Здраднік ты, і застанешся здраднікам.
        Магілу з жывым чалавекам і абразам пачалі засыпаць. Недзе непадалёк, відаць, на чыімсьці падворку забрахаў сабака.
        Я не прынёс ім задавальненьня сваёй істэрыкай. Стаяў на каленях, маўчаў і глядзеў. І ведаў, што Маці Божая Адзігітрыя глядзіць на мяне праз белую пену і пясок.
        Чаму? Таму, што ў колбе была не зусім кіслата. У выніку пэўных працэсаў з цягам часу рэчыва, якое зьела бедную Антаніну, рабілася бясшкодным. Яно магло пеніцца пры судакрананьні са шчолаччу, але не разьядала паверхню.
        І яшчэ мне падалося, што вочы айца Мікалая на нейкае імгненьне зрабіліся асэнсаванымі, і ён сустрэўся са мною паглядам.
        Але тут жа ягоны твар цалкам схаваўся пад кінутым рыдлёўкай вільготным пяском.
        Калі мяне вялі назад, толькі ня ў “Форд”, а ў “варанок” — цяпер я мог запэцкаць дарагую камісарскую машыну зямлёй і крывёй, — я пасьпеў разгледзець непадалёк белую браму…
        А потым жалезныя дзьверы за мной зачыніліся.
        І я мог колькі заўгодна разважаць пра свае тры нявыкарыстаныя магчымасьці.
        Так што, Руслана, гэта ў прынцыпе маглі быць і могілкі, пра якія вы пытаецеся.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.