РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Уводзіны
Гульня №1
Гульня №2
Гульня №3
Гульня №4
Гульня №5
Гульня №6
Па-за гульнёй-1
Па-за гульнёй-2
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-4
Па-за гульнёй-5
Па-за гульнёй-6
Па-за гульнёй-7
Па-за гульнёй-8
Фінальная гульня-1
Фінальная гульня-2
Эпілог 1
Эпілог 2
Эпілог 3
Эпілог 4
Эпілог 5
Эпілог 6
ЭПІЛОГ 4
        
ПА-ЗА ГУЛЬНЁЙ-8

        
        Восемдзясят адсоткаў вулканаў на Зямлі — падводныя.
        Восемдзясят сем адсоткаў людзей на Зямлі — тыя, што ня здольныя да самастойнага мысьленьня. Восемдзясят дзевяць адсоткаў — пазбаўленыя паэтычнага слыху.
        Восемдзясят працэнтаў беларусаў назвалі сваёй роднай мовай беларускую.
        Трынаццаць-адзінаццаць — гатовыя змагацца за яе існаваньне.
        Трынаццаць-адзінаццаць… Столькі ж, колькі здольных да самастойнага мысьленьня, колькі маюць паэтычны слых і гатовыя выбухнуць на паверхні зямлі.
        У цемры гарадскіх могілак гарэлі шматлікія сьвечкі — на магілах і ў руках наведнікаў. Да Дзядоў заставалася яшчэ некалькі дзён, але людзі прыйшлі на ўгодкі “чорнай ночы” беларускай літаратуры. У ноч 29 кастрычніка з нагоды сьвяткаваньня Дня савецкага камсамолу былі расстраляныя амаль трыццаць беларускіх пісьменьнікаў.
        Дзьве тысячы пісьменьнікаў рэпрэсавана па ўсім Савецкім Саюзе.
        З іх восемдзясят адсоткаў — з нацыянальных рэспублік.
        На Беларусі бралі нават паэтаў-пачаткоўцаў… Нават тых, хто пасьпеў надрукаваць толькі адзін верш…
        Каля пяцісот чалавек. Цэлае літаратурнае пакаленьне.
        Ноч — з нагоды дня.
        На вакне хаты, дзе мы ўпершыню пабачылі кручканосага прафесара хіміі з паскудным характарам, таксама мігцела сьвечка.
        — Мы з табой ідзем на гэты агеньчык, нібыта і мы — госьці з іншага сьвету, — прамармытаў Едрусь.
        Таксама мне, жартаўнік… І так страшна. Вецер вые. Апошняя лістота цісьнецца да чорнага гальля. Цёмна… Сьвечкі мігцяць… Як тут жыла Разалія Іванаўна разам са сваімі і чужымі мерцьвякамі?
        Добра, што калісьці Эдысон прыдумаў электрычную лямпачку. Сьляпуча-жоўты вусень сьпіралі, укрыжаваны на вострых дзідах-дроціках, здольны пазбавіць містыкі нават інтэр’ер дому ля могілак.
        Першае, што я заўважыла, калі ўвайшла ў пакой са шпалерамі ў выцьвілыя ружы, было тое, чаго не было. А дакладней, абраза “Маленьне аб Чашы”.
        Кут нязвыкла пуставаў. А над сталом схіліліся Макс і Генусь. Перад імі ляжаў абраз, вынуты з рамкі, і Макс пінцэтам адрываў ад дошкі наклееную папяровую карцінку.
        Што за кашчуннасьць? Я наблізілася з прадчуваньнем таямніцы. Пад паперай, на дошцы бачыўся цёмны малюнак алейнай фарбай. Куточак рызы, расшытай расьліннымі ўзорамі…
        Яшчэ да таго, як паказалася цудоўнае аблічча з дзіўнымі вачыма — любасьць і скруха — я зразумела…
        Маці Божая Адзігітрыя.
        Абраз, які быў пакладзены ў магілу з япіскапам Мікалаем. Яго старанна замаскавалі — сьпілавалі частку дошкі, каб быў танейшы, абклеілі карцінкай…
        Пакуль мы з Едрусем наведвалі Скаловіча, Макс і Генусь узяліся абшукваць хату па ўсіх метадах дэдукцыі і індукцыі, Холмса, Пуаро і Ніра Вульфа…
        Сьцены прастукалі, шпалеры месцамі паадрывалі… Да абраза дабраліся, дасталі яго з рамкі. Потым пасварыліся — Макс упарта хацеў ададраць ад зваротнага боку паперу. Генусь крычаў пра кашчуннасьць… Пачалі цягаць у бакі… Папера на згінах і разьехалася. І там паказаўся нейкі цёмны слой. Адхінулі… І вось…
        Пасьля таго, як я распавяла ўсё, што пачула ад Скаловіча, мы зрабілі прыблізна такую рэканструкцыю падзеяў.
        Япіскапа закатавалі тут, ясна. Хаця ў даведніках значылася — памёр ад тыфу ў турме. Скаловіч бачыў нейкі дамок, відаць, якраз гэты. Абраз — з Крыжаўзьвіжанскай царквы, дзе прыслужваў дзед Разаліі Іванаўны. Зразумела, што той дзед сачыў за лёсам айца Мікалая, і, магчыма, менавіта ён выратаваў абраз са зруйнаванай царквы і перадаў яго праз бабулю Леакадзію ў турэмную бальніцу.
        Тое, што адбывалася на ўскрайку могілак, асьвятлялася фарамі машынаў. Гэта маглі бачыць з дамка.
        Ці ведалі дакладна насельнікі дому, каго хаваюць прыхадні? Але ясна, што яны пайшлі раскапаць магілу. Навошта — зразумела: паглядзець на забітага, каб пазнаць яго, або хаця б запомніць аблічча, потым — пахаваць па-хрысьціянску.
        Ці быў айцец Мікалай да таго часу жывы? Мы зноў жа ня ведаем. Хутчэй за ўсё — наўрад. Увогуле маглі з-за асьцярогі раскапаць магілу ў іншую ноч…
        Галоўнае — вось ён, абраз са спаленай царквы. І вось жахлівы выпадак, зьвязаны з гэтым месцам: пахаваны жыўцом япіскап.
        Ці магло гэта паўплываць на ўтварэньне нейкай часавай анамаліі?
        Паколькі лепшай версіі ў нас не было, вырашылі — магло.
        Вядома, абраз ня ўвесь час тут вісеў. Пры Разалінай маці-камуністцы — дык дакладна не. І ход у мінулае тады, відаць, не адкрыўся. Калі Разалія Іванаўна знайшла ікону, калі павесіла на сьцяну?
        Дзёньнік заведзены восем гадоў таму.
        Калі вы думаеце, што там падрабязныя апісаньні прыгодаў, накшталт як я вам распавядаю — дык не. Кароткія запісы “Выйшла ў 1933. Пнеўманія. Нічога не пасьпела”.
        Што азначала, што нехта памёр у прысутнасьці госьці з будучыні ад запаленьня лёгкіх, а ігруша так і не была знойдзеная.
        Усяго Разалія Іванаўна пасьпела выйсьці ў той сьвет адзінаццаць разоў.
        Ну, добра…
        А пры чым тут Скаловіч?
        А хто, акрамя яго, мог распавесьці пра лёс япіскапа? Пра гісторыю гэтага абраза? Ён жа казаў, што апошняе, што япіскап бачыў у жыцьці — гэта ягоны, Скаловічаў, твар.
        Вось вам і гульня… Нават Гульня з вялікай літары. Там, дзе пачынаецца рэальны боль, яна заканчваецца.
        А што мы раней ведалі пра жыцьцё? Тое, што яно — дзярмо. Што мы — лепей за іншых, бо незразуметыя і пры гэтым прасунутыя, і наша Альбарутэнія — таемны ордэн, які дае права на эксклюзіўнасьць.
        І вось што цікава, наўрад Валяр’ян Скаловіч скажа, што жыцьцё — дзярмо. Нават седзячы ў псіхушцы. Нават прайшоўшы праз усё, што прайшоў… Хаця Даліла і вінаваціла яго ў мізантропіі, ён ніколі ня скардзіўся на жыцьцё. На несправядлівасьць лёсу, фатум і падобную дэпрэсіўную муту.
        І, пры ўсім сваім зьнешне фанабэрыстым характары — які насамрэч проста бар’ер між ім і сьветам, добраахвотная псіхалагічная вязьніца — хіба ён лічыў сябе лепшым за іншых? Ды ён жа ўвесь час над сабою падсьмейваецца.
        А хто з нас можа над сабою шчыра пасьмяяцца? Даліла, ці што? У нас жа ўсё так сур’ёзна…
        Вось і зараз хлопцы пачалі вельмі сур’ёзна спрачацца наконт рэлігійных канфесіяў. Хто ў каго храмы адбіраў. Бог ты мой. Мы — беларусы. Было — праваслаўных братчыкаў камянямі на вуліцах білі. Было — уніятаў бізунамі ў праваслаў’е заганялі. Як да гэтага праваслаўных — ва ўніяцтва. А цяпер у касьцёл ідуць, бо там службы прыгажэйшыя, больш культурна, па-еўрапейску… А беларускія храмы абарончага тыпу ўсё яшчэ стаяць зруйнаваныя. Францыска Асізскага на іх, дыскусійні­каў, няма, з аднаго боку, а з другога — Серафіма Сароўскага. Сьвяты Францыск чарвяка называў “брат мой чарвяк” і пераносіў з дарогі на траўку, а сьвяты Серафім, неверагодны аскет, калі ў пост яго частавалі бедныя сяляне па няведаньні самым лепшым, беражоным, але скаромным, не ўшчуваў, але частаваўся — бо страшней пакрыўдзіць, чым самому саграшыць.
        Беларусу адзін аднаго пакрыўдзіць — як перад чужым прагнуцца. На раз. “Ну что у нас за нелепый язык? “Як”, “як”… Смешно! Вот у русских — “как”, как”! Кр-расота!”
        Ня ведаю, да чаго б яны даспрачаліся — праваслаўны Едрусь, каталік Макс і схільны да ўніяцтва, як да блізкай эйкуменізму канфесіі, хакер Генусь. Добра яшчэ саентолагаў сярод нас няма. Альбо прыхільнікаў секты Аум Сенрыкё.
        Але вярнулася Даліла.
        Глядзець на яе было ніякавата. Дождж на вуліцы халодны, ды ня самы моцны, так, вераб’я напалохаць, але Даліла не мела моды хадзіць пад парасонам ( А навошта адгароджвацца ад прыроды? Хіба мы слабей за нашых продкаў?) і таму пасьпела добра вымакнуць. Чорная “луска” (куртачка-шалік-штроксы) ня выратавала. Валасы зьвісаюць жаласнымі пасмамі, зялёныя вочы апушчаныя…
        — Сволачы.
        І табе прывітаньне, Далілачка. Але, здаецца, сяброўка наша насамрэч мела на ўвазе ня нас. Ну і на тым дзякуй.
        А мела Даліла сёньня аж два спатканьні. Адно — з бабрападобным міліцыянтам. Другое — з сытым насельнікам суседняй вілы.
        Усходні таварыш Далілу прыняў вельмі добра. Каву падрыхтаваў, вінаград-персікі на стол паставіў… Усе клопаты па афармленьні куплі-продажу Разалінай развалюхі на сябе бярэ… Вось толькі з цаною — праблемка. Дзесяць тысячаў — і ня болей.
        “Дзевушка, карасавіца, я ж мог нічога табе ня даць. Старая ханум вельмі нядобра памерла. Пачнуць дазнавацца, як — і дом у цябе забяруць, і сама сядзеш. А зона пры тваёй прыгажосьці — ай, кепска. І дачка ў цябе маленькая, сіратой застанецца…”
        Але, калі што, Амар можа цану набавіць удвая. Калі Даліла ўлагодзіць яго з дапамогай сваёй прыгажосьці.
        “Добрая зьдзелка. Але як, дзевушка, зрэшты, хочаш. Амар — не гвалтаўнік. Амар бярэ толькі тое, што яму аддаюць самі. І плаціць гатовы”.
        — Я не пайду да яго! — Даліла сьціснула кулакі, нібыта мы прымушалі яе зараз жа ісьці да гэтага Амара.
        А міліцыянт доўга разважаў на тэму сваёй прыхільнасьці закону, пра тое, як мы, моладзь няшчасная, са сваім псіхованым дзядзькам, уляпаліся, потым намякнуў, што вызваленьне з псіхушкі падазронага тыпа — справа калектыўная. Шмат начальства трэба будзе ўлешчыць. Асоба дзядзькі ня высьветленая, у венах — сьляды ўколаў… Можа, ён наркаман? А што вярзе! Як размаўляе з персаналам! Агалцелы нацыяналіст. Такіх толькі ў псіхушках і трымаць, і лячыць па поўнай праграме. За тое, каб гэткі бэнээфавец на свабодзе апынуўся, ня дзесяць тысячаў, а ўсе дваццаць, ня меней, патрэбна. Зразумела, ня дроваў. І не беларускіх рублёў. А то праседзіць ваш дзядька на транквілізатарах і шокавай тэрапіі да другога прышэсьця… Сваяцтва ж вы пацьвердзіць ня можаце?
        Карацей, міліцыянт, падобна, з тых, хто за капейку жабу да Барысава дубцом пагоніць.
        Макс пасунуўся да гаспадыні дома.
        — Куртку скідай… А Руслана няхай гарбату зробіць.
        Даліла, аднак, зьмерыла клапатліўца ганарлівым поглядам, адсунулася.
        — Сама зраблю сабе гарбаты… Не рассыплюся. І чаму ты пасылаеш да пліты менавіта дзяўчыну?
        Макс сумеўся. Ну так — парушыў няпісаны этыкет тусоўкі. “Галантнасьць — зброя мачызму”.
        Даліла, не здымаючы мокрай курткі, пашыбавала на кухню, хутка там нешта забразгала, нібыта полтэргейст гарэзаваў…
        Мокры вецер аблізваў шыбы шурпатым чорным языком. Сьвечак на могілках усё менела… Нібыта адна за другой адляталі назад, у вышэйшы і лепшы сьвет, душы.
        Ноч расстраляных паэтаў згушчала сваю цемру вакол дамка ля могілак.
        Каб выкупіць прафесара, нам не хапала дзесяці тысячаў баксаў.
        Божа мой, столькі пакутаў, крыві, каханьня — і ўсё ўпіраецца ў баксы. “Пратарчака жыцьця”, як сказаў бы Самсон Самасуй.
        — Быў такі паэт, Рыгор Папараць, у сапраўднасьці — Сапун, — задумна прамовіў Макс. — Калі толькі пачыналіся рэпрэсіі, зьехаў у Піцер. Нават зладзіў там філію “Маладняка”. І ажаніўся выгодна — з дачкой былога латышскага стралка. Кватэра шыкоўная, з антыкварнай мэбляй… Дый жонка — першая прыгажуня, актрыса, балерына. Праўда, і раўнаваць даводзілася паэту…— Макс чамусьці кінуў змрочны позірк у бок Далілы. — Але й Папараця гэнага забралі. Прывезьлі сюды, у Менск… І тады жонка з цешчай прадалі з хаты латышскага стралка ўсё, што можна. Мэблю, карціны, футры… Бацька Папараця, селянін, але адукаваны, заможны — таксама аддаў, што меў. І выкупілі небараку з турмы. Праўда, той даў расьпіску, што болей ніколі пісаць ня будзе. І не пісаў. Вершамі душыўся. Плакаў у падушкі. Крычаў: “За што? За што?” А за тое… Што ня трэба беларусам нараджацца. І да таго ж — паэтам пры тата­літарным рэжыме.
        — Давядзецца і нам — шляхам Папарацевай радні,— прамармытаў Генусь.
        — Ды вось жа — абраз прадамо! — узрадваўся Макс і працягнуў руку да Адзігітрыі.
        — Не чапай! — сінхронна гукнулі Едрусь і Даліла.
        — А што? — бязьвіным позіркам абвёў усіх Макс. — Мы ж не сабе грошы забярэм, а хіміка выкупім.
        — Ня трэба гэта чапаць, пакуль Скаловіч ня вернецца. А потым… Потым гэта трэба вярнуць у храм, — цьвёрда прамовіла я. — А за айца Мікалая заўтра закажам саракавуст… Вось ня ведаю, ці ўдасца адшукаць ягоную магілу…
        — Наўрад, — паківаў галавой Макс. — Калі дакладна месца не вядомае… Хіба Скаловіч бы пазнаў, і тое сумніўна. Та-ак, дасца нам гэты хімік у знакі… Грашовыя.
        — У пячонкі ён нам дасца! — раптам “прарвала” абсохлую Далілу. Яе зялёныя вочы зноў пачалі бліскаць маланкамі. — Ён жа і сапраўды псіх! Вы што, не зразумелі? Маньяк! Цяжкое дзяцінства, комплексы… Яго цягне браць на сябе чужую віну. Ня ведаю, як гэты сіндром называецца ў псіхіятрыі. Але яго дакладна трэба лячыць! Калі б Чарнобыль пры гэтым тыпусе ўзарваўся — ён бы сказаў, што гэта ён узарваў! Прыдурак стары! Хто яго прасіў з міліцыянтамі ды дактарамі счэплівацца! Вось хай зараз і лечыцца!
        Даліла намагалася, каб з вачэй ня выліліся здрадніцкія сьлёзы. Як яна злавалася на тое, што плача! І якая яна была прыгожая нават у такія моманты!
        — Ну што, пайшлі па дамах? — падняўся Генусь. — Маці ня вельмі добра сябе адчувае. І грошы трэба шукаць. Застанецца тут хто сёньня начаваць?
        Ахвотных не знайшлося.
        Хата Разаліі Іванаўны стаяла чорная, апусьцелая, нібыта выкапнёвы чэрап. Я мімаволі перавяла пагляд туды, дзе побач сьвяцілася еўравокнамі вясёленькая трохпавярховая віла за высокім белым плотам з сістэмай відэаназіраньня.
        Там ніколі ня будуць успамінаць расстраляных беларускіх паэтаў.
        А на могілках тым часам згасалі апошнія сьвечкі. І ўва мне ў такт крокам біліся няроўныя радкі:
        
        «Сьвечкі Дзядоў на магілах трымцяць безыменных,
        Вершы спалёныя ў восеньскім лісьці шапочуць.
        Выбіты кулямі вашы імёны на сьценах
        У сутарэньнях, дзе сёньня пяюць і рагочуць.
        Кат дажывае, як пан, біяграфію ката.
        Ведае — вуліца ў гонар яго назавецца.
        Косьці паэтаў маўкліва ляжаць пад асфальтам,
        Вецер да сьвечкі ляціць, быццам куля — да сэрца.»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.