РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Уводзіны
Гульня №1
Гульня №2
Гульня №3
Гульня №4
Гульня №5
Гульня №6
Па-за гульнёй-1
Па-за гульнёй-2
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-4
Па-за гульнёй-5
Па-за гульнёй-6
Па-за гульнёй-7
Па-за гульнёй-8
Фінальная гульня-1
Фінальная гульня-2
Эпілог 1
Эпілог 2
Эпілог 3
Эпілог 4
Эпілог 5
Эпілог 6
ПА-ЗА ГУЛЬНЁЙ-3
        
ГУЛЬНЯ №3

        
        Генусь падрыхтаваўся ісьці Туды, як да здымак у гістарычным фільме. Заявіўся ў дом ля могілак у чорнай ільняной кашулі — падарунак чарговай сяброўкі, на гэты раз прыхільніцы готаў. Дурнічка шыла сама, рукамі, спадзеючыся, напэўна, што Тэрмінатар яе патрыярхальнае стараньне зацэніць. Спадзявалася, у прынцыпе, ня дарма — Генусь палічыў, што няроўныя шыўкі самадзейнай швачкі ў падарожжы ў мінулае нададуць ягонаму прыкіду натуральнасьці, і кашуля пакінула мех з непатрэбнымі анучамі. Штаны таксама адшукаліся па-сутнасьці архаічныя — ільняныя, шэрыя, мятыя, але найноўшай моды. Зробленыя ў Турцыі і купленыя на рынку, які цяпер месьціцца на стадыёне “Дынама”, збудаваным на месцы габрэйскіх могілак. Касьцюм давяршаў сапраўдны картуз з трэснутым чорным лакавым брыльком. Дзе Генусь яго выпараў? Хіба ў якога вясковага пастуха. Насунуў брылёк нізка на лоб… Ды яшчэ валасамі завесіўся — усё па звычцы хаваючы сваё “звыродства”. Мабільнік пакінуў і адключыў — а то званіць будуць усялякія марцэлі. Паглядзеў на Далілу — тая стаяла, закусіўшы губу, нібыта стрымлівала сябе ад крыку. Памарудзіў… Відаць, спадзяваўся, што Даліла скажа “Не хадзі”. Але “кобра” моўчкі глядзела ганарлівымі зялёнымі вачыма…
        — Мае компы не прадавайце! Я іх сам зьбіраў, там такія навароты ды прымочкі… Карацей, калі што, забярыце сабе.
        І Тэрмінатар павярнуўся да сьцяны, глыбока ўздыхнуў і зрабіў крок.
        
        …Прафесар Люцыян Нічыпаровіч яшчэ раз перачытаў ліст, акуратна склаў і паклаў у канверт. Канверт заклейваць ня стаў — навошта? Ня стаў і падпісваць. Дастаткова пакласьці на сярэдзіну стала.
        Прыдуць “археолагі” — знойдуць.
        Калісьці ён удзельнічаў у археалагічнай эксьпедыцыі на Віленшчыне. Раскопвалі руіны замка… І ў сьцяне, справа ад колішняй брамы — знайшлі шкілет жанчыны. Ён стаяў у вузкай — не варухнуцца — нішы, абдымаючы вертыкальна ўмацаванае бервяно.
        Чамусьці па ўсім сьвеце верылі, што каб замак, храм, мост, вежа, гарадская сьцяна стаялі — трэба, каб іх падтрымлівалі нябожчыкі. Закапаныя ці замураваныя жыўцом. Вунь Гальшанскі замак успомніць… Нібыта жонка аднаго з майстроў у сьцяне. Прыйшла, небарака, да мужа з абедам, а муляры, азьвярэўшы ад таго, што сьцяна абвальваецца ў каторы раз, ужо чакалі: чыя кабета першай прыбяжыць, тую і ахвяруем. Паданьне, кажаце? Ды яшчэ ў 1843 годзе жыхары нямецкага мястэчка Гале прапаноўвалі ў падмурак новага мосту пакласьці жывое дзіця. Добра, часы былі іншыя, асьветніцтва, разумееш, і ўлады не згадзіліся. Думаеце, здарма называецца месца, з якога пачынаўся горад — дзядзінец, па-расейску — “детинец”?
        Але самае надзейнае — калі ахвяра згаджалася на такі жудасны скон добраахвотна. У XIX стагоддзі ангельскі зьбеглы матрос патрапіў на востраў Фіджы і бачыў, як будавалі жытло мясцовага правадыра. У кожнай яміне са слупом будучага дома стаяў жывы чалавек, які трымаў бервяно і цярпліва чакаў, пакуль яго разам з бервяном засыплюць.
        У любой вялікай справе павінны быць такія людзі, якія моўчкі трываюць кпіны і зьдзекі і даюць сябе засыпаць… І нават мёртвымі працягваюць трымаць сьцены.
        Прафесар адчыніў шуфляду стала і паглядзеў на тое, што там ляжыць. Так, ён ведае, што зьбіраецца ўчыніць вялікі грэх. Сьмяротны грэх. Але ці лепей будзе пакорліва пайсьці на ўсё, што для яго падрыхтавана “ачышчальнікамі”? Ён ведае, што робяць у сутарэньнях Жоўтага Дому. Ломяць усіх. Ну, хіба… за адным выключэньнем. Але ён, Люцыян Нічыпаровіч, занадта стары. І занадта шмат людзей можа пацягнуць за сабой. А паміраць з ганьбай, з усьведамленьнем, што загубіў бязьвінныя душы — дык лепей ужо загубіць грэшную сваю. І Лёлечцы лепей застацца ўдавою, чым жонкай ворага народу.
        Прафесар падымаецца і праходзіць па пакоі. Для яго не пашкадавалі шыкоўнай кватэры ў цэнтры гораду. Аксамітныя парцьеры, паркет, антыкварная мэбля, прыслуга… Акадэмічны паёк. Ня будзе адмаўляць — звык да камфорту. Ня з графаў — але ўсё-ткі з сям’і гімназічных настаўнікаў. Яму не давялося немаўлём гарлаць у кошыку на ўскрайку жытняга поля, пасьвіць худобу, бегаць у школку басанож… Пазалочаныя анёлкі на каляднай елцы, кніжкі пра індзейцаў з карцінкамі, нянька, урокі ангельскай і нямецкай, фартэпіяна… Бацька — піцерскі, але з роду гарадзенскай шляхты, маці — з сям’і польскіх паўстанцаў. Гэта яна называла яго Люцыянам. У праваслаўным хрышчэньні яму далі імя Лука — але Нічыпаровічу больш падабалася “Люцыян”. Так і падпісваўся заўсёды. У доме чыталі Тургенева і Чарнышэўскага. А яшчэ — Яна Баршчэўскага і Міцкевіча. Ён быў зусім малы, калі яго пазнаёмілі з дзіваком-дзядком, насатым, таўсманным, як сьнегавік, са старамоднымі бакенбардамі і дабрэннымі-дабрэннымі вачыма. Стары павёў яго на другі паверх кватэры і паказаў жывога зайца. Заяц скакаў па ўсім пакоі, не прызнаючы клетку, што адчыненай сіратліва тулілася ў куце. А гаспадар, крэкчучы, згінаўся, каб працягнуць свайму пестуну капусны ліст. Звалі старога сьмешна — пан Каэтан. А зайца завялі ягоныя хатнія па парадзе доктара — дабрэнны пан Каэтан вельмі не любіў рухомага ладу жыцьця, на шпацыры нават хадзіць адмаўляўся. А дзеля жывой істоты — як не ступіць пару лішніх крокаў?
        Гаспадар падарыў маленькаму Люцыяну кніжку на незнаёмай мове са страшнаватымі карцінкамі: мерцьвякі, укручаныя ў нейкія стужкі, людзі з галовамі зьвяроў і птушак, іншыя людзі, нібыта звычайныя, але намаляваныя неяк выкручана — галовы у профіль, а плечы распрастаныя… І — сьмешна — мужчыны ў спадніцах. Пан Каэтан сказаў — гэта фараоны. Слова, ад ягога патыхала таямніцай, як ад куфра старой купчыхі — нафталінам.
        З гэтай кніжкі пачалося зацікаўленьне Люцыяна гісторыяй. Закахаўся ў старую дзеўку Кліа, музу “навук гістарыйскіх”, па самыя вушы. Ды ці дзеўка яна? Ці не самадайка? Калі падумаць, гвалцілі яе на яго вачах заўзята, хто толькі хацеў. І працягваюць…
        Маці потым распавяла, што выпала ім быць у гасьцях у слыннага вучонага родам з Беларусі, Каэтана Касовіча. Які першым у Расейскай імперыі расчытаў санскрыт. І быў адзіным з наведнікаў Лонданскага музею, хто заўважыў, што шумерскія таблічкі з эпасам пра Гільгамеша павешаныя па сьценах залы дагары нагамі.
        У гісторыі Заходняга краю дасюль таблічкі вісяць дагары нагамі. Нічыпаровіч паспрабаваў нешта выправіць. Прынамсі, праца, у якую ўкладзена два дзясяткі гадоў жыцьця, сапраўдная гісторыя тутэйшага люду — крывічаў-ліцьвінаў-беларусаў, абудзіла б думкі і годнасьць многіх… Полацкае княства, якое — ня з Кіеўскай Русі, а з дзявятага стагоддзя… А можа, і раней — калі верыць скандынаўскім летапісам. Не з Масковіі — з Візантыі хрышчанае. Еўрапейская дзяржава… Магла б быць і дасюль — асобнай, незалежнай. Ня Усходнімі Крэсамі, не Заходняй губерняй. Але сёньня надрукаваць гэта немагчыма. Застаецца спадзявацца на чалавека, якому давярае. Які нікому ня выдасьць.
        Не, Люцыян Нічыпаровіч ніколі ня быў зацятым “братком-беларусам”. Бацька лічыў сябе рускім, маці — полькай. “Пан сахі і касы”… Таксама мне нацыянальны архетып. Калі па вялікім рахунку, ён хутчэй — грамадзянін сьвету. Краіны ўзьнікаюць, зьліваюцца ў адно, разьядноўваюцца. Мацнейшыя паглынаюць слабейшых… Нас жа не абурае гэты працэс у жывёльным сьвеце? Супраць “натуральнага адбору” не папрэш.
        Але “перавернутых таблічак” у гісторыі заставацца не павінна. Кожны народ мае права ведаць, хто ён ёсьць. І тады можа адбыцца цуд — як з чэхамі, якія абаранілі сваю культуру ад магутнейшага ўціску нямецкай. Маці перадала Каэтану Касовічу некалькі песень з Віленскага павету, прысланых матчыным дзядзькам, “хлопаманам”, як дражнілі суседзі. Дзядзька, які адтрубіў пяць гадоў высылкі за дапамогу інсургентам, але пазьбег канфіскацыі маёмасьці, упарта называў сябе беларусам і ў кожны лісьце заклікаў піцерскую пляменьніцу і яе мужа прызнаць свае беларускія карані і спрыяць адраджэньню краю. На жаль, Люцыяну не ўдалося з ім пазнаёміцца асабіста. Але ён дасюль памятае дасланыя тэксты:
        
        “І падняўся меч Цыпрыянавы,
        Нібы вогненны цмок, над татарынам.
        Дзьве маланкі ў вачох яго блыснулі,
        Засьмяяўся рыцэр пагрозьліва.
        Не хадзіць табе, збродня татарская,
        Па палёх ліцьвінскіх ды пасьвіцях…”
        
        І яшчэ была старажытная, вельмі сумная песьня, якую маці нават магла сама насьпяваць:
        
        “Едзе рыцар, едзе рыцар збройны,
        Павяртае з велькей-велькей войны.
        У яго шабля, шабля вышчарблёна,
        Ды кашулька ў яго закрвавёна.
        Вітае яго айцей стары,
        Сёстры нясуць, нясуць яму дары.
        …За гарамі рыцар, рыцар збройны –
        Не вярнецца ўжо ніколі з войны.
        Там раскошы ў войску ён ужые,
        Замест вады ён крыві напіе.
        Садзяць яго, садзяць на конь сівы,
        Бо ён рыцар, рыцар справядлівы.
        За ягону кожную трывогу
        Сьцелюць яму кветкамі дарогу.
        А як яго, яго ў дол спушчалі
        З трох ладункаў огня-огня далі.”
        
        Нічыпаровіч зноў сядае за стол. Ці ж яму ня ведаць, як бязьлітасна абыходзіцца час з людзямі. Як забываюцца пакутнікі і набываюць незаслужаны бляск мёртвыя нягоднікі. Летапісы? Помнікі? Ды хоць бы й піраміды… У гіпатэтычнай усыпальніцы самага вядомага егіпецкага фараона-рэфарматара Эхнатона, мужа Неферціці, былі зьнішчаныя ўсе надпісы з яго імем, перачаканена на золаце кожная рысачка… На ўсіх збаночках і заклёпачках… Паклалі ва ўсыпальніцу іншага нябожчыка. І дасюль невядома, ці Эхнатон там першым пахаваны?
        Не, справядлівасьці чакаць нельга, тады не давядзецца труціць душу крыўдай… Бедны Валяр’ян… Нізавошта не згадзіўся б прайсьці праз такое. Нічыпаровіч коратка ўздыхае і паўтарае ўслых:
        — Бедны Валяр’ян… Які лёс… Хоць бы вытрымаў…
        Каб ведаў, што наперадзе — дык, можа, варта было б дваццаць пяць гадоў таму прайсьці міма цёмнага кута універсітэцкага археалагічнага музею, дзе стуліўся худы бледнатвары студэнцік, сузіраючы пастаўленую на егіпецкі саркафаг рэторту з падазроным сінім агеньчыкам, што падпаўзаў, як атрутная жамяра, па танюткай галінцы фіціля да каламутнай вадкасьці. Але ён даў Валяр’яну слова нават не спачуваць.
        І ня хоча нічыйго спачуваньня сам.
        Люцыян Нічыпаровіч працягвае руку і дастае з шуфляды рэвальвер. Прафесар зусім спакойны. Ён пражыў цікавае жыцьцё. Рабіў дабро, рабіў зло — як любы грэшны чалавек. Няхай даруюць вышнія сілы…
        Сенека, калі паміраў, седзячы ў гарачай ваньне з успоратымі па загадзе былога вучня, Нерона, венамі, пакуль мог, дыктаваў свае адчуваньні. Стоік, разумееш…
        Не, сьмерць таксама можна выбраць камфортную, хуткую, акуратную — наколькі гэта магчыма. Прабач, Лёлічка…
        Руля рэвальвера ўпіраецца ў скронь. Раптам страшная думка змушае цела пакрыцца халодным потам. Ён жа ў анатоміі — нуль… Што, калі рана не акажацца сьмяротнай? Былі ж людзі, якія выжывалі пасьля стрэлаў у галаву. Ачуняць у турэмнай лякарні… Альбо — яшчэ горш — застацца спаралізаваным… Ці — звар’яцець. Калісьці маці паўтарала дзіўную фразу: “Чым ганарышся — ад таго і загінеш”. А ён заўсёды ганарыўся сваім розумам. Таму й баяўся ўсё жыцьцё, да бяссоньня, — вар’яцтва. Прыслу­хоўваўся да сябе, правяраў: ці ня здраджвае сьвядомасьць?
        Толькі, відаць, здраджвала: як возьмецца за працу — ці старадрукі расшыфроўваць, ці перабіраць чорныя спрэсаваныя камякі — праслойку пажарышча XV стагоддзя ў раскопе, ці здабываць каменную фігурку Вялеса, якую нейкая бабулька на Старажоўцы хавае на сваім гарышчы — ніякая сіла ня спыніць. Да зьнямогі, да перамогі… Ні спаць, ні есьці. Агнём гарыць душа — як ад найвялікшай любові. Нават Лёлічку ён так не любіў, не гарэў па ёй. Яна часам жартавала: “Твае пальцы гэтак пяшчотна гла­дзяць брудны пергамент, што рэўнасьць бярэ”.
        А ўсё астатняе — лухта.
        На сходах выкладчыкаў універсітэту з удзелам партыйнай ячэйкі — апошнім часам па некалькі разоў на тыдзень — некаторыя трацілі прытомнасьць. Ад страху. Ад тых сьмяротнай моцы абвінавачваньняў, нават не на іх адрас, што там чулі. Не зварухнуцца… Любы рух могуць палічыць за нязгоду. Хіба ў ладкі папляскаць — але і тут жудасна прамарудзіць і на міг. А ён, Нічыпаровіч, у гэты час дзікіх гуляў паўтараў у галаве словы Лаўрэнцьеўскага летапісу альбо які з разьдзелаў Статуту... Успамінаў нататкі Сьветонія пра імператара Нерона ды рымскі сенат — патрыцыі таксама загадзя трэніраваліся ў плясканьні ў ладкі ды адабральных воклічах.
        Калі прафесара прасілі выказацца, гаварыў лёгкім іранічным тонам. Ад якога ў кіраўнікоў сходу пена на вуснах зьяўлялася, як у шалёных сабак. Адмаўляўся асуджаць, галасаваў — няхай ня супраць, але ўстрымліваўся… Вежа са слановай косткі. Успомніць, як усяго дзесяць гадоў таму натхнёны Язэп Лёсік прамаўляў на вышэйшых курсах беларусазнаўства: “Вы ўжо ня тыя, што былі, бо пакаштавалі плоду з таго дрэва, што называецца беларускай справай, беларускім Адраджэньнем, пазналі таямніцы ўваскрашэньня Айчыны нашай — маці-Беларусі. Вашы сьвечкі запаленыя, і вы становіцеся апосталамі беларускай справы. Але бойцеся, каб не пагасла сьвечка вашая, бо ня раз бура захопіць вас у дарозе і не адну навальніцу давядзецца перажыць вам у час свайго падарожжа”.
        Каб ведаў Язэп Юр’евіч тады, як у хуткім часе ўсе дружна дзьмухнуць на свае сьвечкі, апярэджваючы подых чужой буры.
        На гэтай зямлі чалавек — як воск. Цяпер яго, Нічыпаровіча, вінавацяць у тым, за што калісьці ўзносілі. Як ён наважыўся ў лекцыях распавядаць пра быццам нейкія станоўчыя зьдзяйсьненьні прыгнятальнікаў-князёў? А пра буржуазнага нацыяналіста Каліноўскага, як пра годную асобу? Цемрашалка Еўфрасіньня Полацкая — нацыянальная гераіня?!! Якое асобнае княства з беларускай мовай у якасьці дзяржаўнай? Беларусы пачаліся пасьля кастрычніцкай рэвалюцыі.
        На апошнім сходзе ўсе прагаласавалі за ягонае звальненьне.
        Усе, акрамя аднаго. Дэкана хімічнага факультэту Валяр’яна Скаловіча.
        Куды ж правільна стрэліць, каб пэўна? Руля ссоўваецца на паўвяршка ўверх… Стук. Нехта настойліва просіцца ў кватэру. Дзякуй Богу, адчыніць няма каму — Нічыпаровіч паклапаціўся адаслаць на сёньня ўсіх хатніх. Няпрошаныя госьці, аднак, не сыходзілі. Трэск… Ламаюць дзьверы. Што ж, марудзіць больш не выпадае.
        
        Генусь, схапіўшыся за галаву, стаяў на каленях ля пісьмовага стала, за якім сядзеў мёртвы чалавек. З раны на скроні чалавека сьцякаў цёмны струмень. Чаму такі цёмны? Кроў павінна быць пунсовай…
        Чаму ў гэтым падарожжы так усё несправядліва? Ты змушаны назіраць чужую сьмерць, ня ў змозе аніяк паўплываць, умяшацца — толькі перажыўшы яе разам з ахвярай, набываеш волю руху… І тое — адносную… Хай бы і боль быў адносны.
        Па твары Генуся таксама нешта пацякло. Правёў рукой — кроў… З носу… Пунсовая. Картуз з лакавым брыльком, куплены не ў вясковага пастуха, як жартавалі сябрукі, а на барахолцы ў Ждановічах, адкаціўся да нагі забітага.
        Дзьверы расчыніліся ад страшнага ўдару. У пакой забеглі чацьвёра ў вайсковай форме. Адзін, у цывільным, у шэрым паліто і чорным капелюшы, увайшоў за імі спакойнай хадой, як гаспадар.
        Генусь застыў на месцы. Але прыхадні яго не заўважалі. Нават непамысна зрабілася. Як быццам ён стаўся ценем, і зараз паркетная падлога завагаецца, як паверхня вады, і па ёй павольна праплыве чорная Харонава ладдзя. Госьці спрытна, моўчкі рабілі кожны сваю справу, быццам часткі адладжанага, няўмольнага механізму, між валаў і шасьцяронак якога лепей не трапляць. Адзін даставаў адна за адной шуфляды пісьмовага стала, хутка перакладваў паперы. Другі перабіраў кнігі на паліцах уздоўж сьценаў – кожную прагортваючы, патрэсваючы. Трэці аглядаў шафу… Чацьвёрты масьніца за масьніцай прастукваў падлогу. Чуваць было, што падобную справу прыхадні робяць і ў другіх пакоях.Чалавек у цывільным, з нічым не прыкметным, мяккім, трохі азызлым абліччам дамаседа і аматара рыбалкі, — куточкі вуснаў заўсёды ўсьміхаюцца, — агледзеў нябожчыка, акуратна датыкаючыся да яго рукой у пальчатцы, нібыта да рэдкага экспанату. Праверыў патроны ў рэвальверы. Цікава, што картуз з трэснутым лакавым казырком ніхто ня бачыў.
        — Таварыш Касіянаў! Тут ліст…
        Адзін з вайскоўцаў працягваў чалавеку ў капелюшы канверт бяз надпісу.
        Пульхныя бледныя вусны начальніка пакрывіліся. Ліст высьлізнуў з канверта амаль вінавата, ціха шаргатнуў…
        — Нават пасьля сьмерці хоча савецкую ўладу прынізіць! — дакорліва падрахункаваў прачытанае таварыш Касіянаў. – Падшыць у справу… Строга сакрэтна.
        Шэрыя вочы з-пад трохі прыпухлых павек агледзелі пакой, сьлізганулі па Генусю…. Нешта было ў чалавеку з такой звычайнай, мірнай зьнешнасьцю, што выклікала няўтульнасьць у душы. Як погляд на самую мірную зьмяю. Касіянаў утаропіўся ў скурчанага на падлозе Тэрмінатара, нібыта ўглядаўся праз вакно ў начны лес.
        — Мадэст Пятровіч, няма рукапісу!
        Касіянаў толькі трохі прыўзьняў бровы, не адрываючы невыразны погляд ад Генуся.
        — Вядома, няма. Ён жа чакаў нас. Рыхтаваўся. Значыць, знайшоў на­дзейную схованку.
        І голас мяккі, лены. Дабрадзейнага сем’яніна, які ў махрыстым халаце ды пантофлях усеўся ў фатэль ды заўважыў, што дзеці некуды зьнесьлі ягоную газету. Блазьнюкі, што з іх возьмеш?
        Вусаты немалады нкусавец, падобны да стамлёнага бясконцымі пабудовамі запрудаў бабра, упэўнена прамовіў:
        — Зноў трэба хіміка ў апрацоўку ўзяць. Ня можа быць, каб ня ведаў.
        Касіянаў, усё гэтак жа гледзячы ў адну кропку, якая знаходзілася дзесьці ля сэрца зьледзянелага ў сваёй чорнай, зробленай неахайнымі, але закаханымі шыўкамі кашулі Генуся, адказаў:
        — Возьмем, возьмем, папрацуем над хімікам. Чаму ж не. Гэта абавязак наш – з такім матэрыялам працаваць.
        Раптам Генусь падумаў, што – вось ён, шанец, дзеля якога, можа, ён і патрапіў сюды. Забіць гэтую навалач. Вось цяпер жа. І колькі людзей, выдатных, вартых будзе выратавана, пазбаўлена ад заўчаснай сьмерці і пакутаў. І сям’я Разаліі Іванаўны, дарэчы, таксама пражыве інакшы лёс…
        Забіць… Як проста. Як у гульні “Контрастрайк”. Ці “Сан-Андрэас”. А ў эрпэджы “Аблівіён” Генусь яшчэ сёньня раніцай – неверагодная, неўяўная даўніна! – прайшоў за рэкордны тэрмін усе місіі гільдыі забойцаў. Тэрмінатар падняўся на дрыжачыя ногі. Цяпер ужо заазіраліся ў ягоны бок і другія нкусаўцы, але пакуль яшчэ няўважна, як на фіранку, у якой заблытаўся вецер. Калі ён сам адчувае цьвердзь падлогі і стала, значыць, яго цела таксама можа стаць шчыльным, адчувальным для гэтай прасторы. Усё залежыць – наколькі можна зразумець – ад таго, ці пачне ўспрымаць яго, Генуся, сьвядомасьць гэтых людзей. Ён стане рэальным для іх, калі яны гэта дазволяць.
        Страшэнна балела галава. Аж у вачах разыходзіліся сьветлыя кругі – нібыта глядзіш з вады на сонца. Генусь ліхаманкава абводзіў вачыма пакой. Стукнуць Касіянава вунь той бронзавай Артэмідай з гадзіньнікам па галаве? Або… задушыць? Тэрмінатар сьціснуў далоні. Не, можа не хапіць сілаў.
        — Мадэст Пятровіч, глядзіце, тут нечая шапка валяецца. Раней яе не было.
        Малады службовец са сьветлымі, амаль белымі бровамі і ружовым, як шынка, тварам падняў Генусеў картуз. Падобна, хутка заўважаць і яго ўладальніка. Вырашай жа нешта, звыродлівы баязьлівец!
        І наш хакер схапіў са стала рэвальвер, які яшчэ памятаў скронь старога прафесара.
        Цяпер яго заўважылі. Зьдзіўленьня – адкуль раптам у паветры вымаляваўся? – не было. Відаць, сьвядомасьць часу хутка зацягвала разрывы, неяк вытлумачвала ўсё.
        — Кінь рэвальвер!
        Прыхадні занялі абарону вакол, наставіўшы на ворага сваю зброю. Касіянаў моўчкі, сунуўшы рукі ў кішэні паліто, глядзеў на хлопца ў чорнай кашулі. Няпраўда, што кат абавязкова сам страшэнна баіцца болю і сьмерці. Гэты кат баязьліўцам ня быў. Толькі ўсьмешка некуды зьнікла з куточкаў вуснаў, шчокі падцягнуліся, вочы звузіліся — дабрадзейны сем’янін, якім здаваўся яшчэ нядаўна, некуды зьнік. Рэвальвер скакаў у Генусевай руцэ, як жывы.
        — Ты ягоны вучань, так? — голас Касіянава быў мяккі, як падушка, пад якой схаваны кінжал. — Ці ягоны сваяк? Не, не падобны… Значыць, студэнт. Савецкая ўлада дала табе магчымасьць вучыцца, бачыш… Слухаць лекцыі вядомых вучоных. Напрыклад, прафесара Нічыпаровіча. Ты ж любіў ягоныя лекцыі, так?
        Генусь, сам не разумеючы, чаму, хітнуў галавою.
        — Ну вось… — задаволена, нібыта Генусь прызнаўся, што атрымаў значок варашылаўскага стралка, прамовіў Касіянаў. — І, вядома, цябе захапілі некаторыя ідэі прафесара. Незалежная Беларусь, Вялікае княства Літоўскае, пабілі маскавіцян пад Воршаю… Але ведаеш, хлопча, ідэі — усяго толькі плод чалавечага розуму. Яны нараджаюцца тут… — Касіянаў пастукаў пальцам у чорнай скураной пальчатцы па сваім ілбе. — А значыць, ня кожная ідэя справядлівая. Вось жа многія думалі, што такім хлопцам, як ты — ты ж не з багацеяў, праўда? — нельга вучыцца ва універсітэтах, кіраваць дзяржавай, камандаваць арміямі.
        Голас Мадэста Пятровіча, як туман, спавіваў думкі. Неверагодна, але нават ведаючы, што за чалавек перад ім, Генусь ня мог пазбавіцца ад нейкага дурнога даверу, што спакваля запаўзаў у душу, як рабак — гіпноз, ці што? Генусь разумеў, што трэба наважвацца… Націснуць курок... Усяго толькі адзін рух пальцам… І ня мог. Сьлімак.
        — Ты не вінаваты, хлопча. Прафесар падманваў сам сябе. Зразумеў гэта — вось і вырашыў пайсьці з жыцьця. Сьмелы ўчынак. Ён даў табе і такім, як ты, знак: не памыляйцеся! Не ідзіце за мной, бо я вяду ў тупік! Маладыя людзі, здольныя верыць у ідэалы і змагацца за іх, патрэбныя рэвалюцыі. Мы забудзем на гэтую тваю памылку. Апусьці рэвальвер… І шчыра распавядзі пра ўсё, што зьвязвала цябе з тваім выкладчыкам…
        Генусь пераступіў з нагі на нагу, узяўся за рэвальвер абедзьвума рукамі, заплюшчыў вочы... Ну, націскай!
        На яго накінуліся з усіх бакоў. Зброя прафесара адляцела некуды пад стол, так і ня стрэліўшы другі раз. Білі па рэбрах, па нырках, па галаве… Касіянаў назіраў з мяккім дакорам — як доктар за тым, як хворае капрызьлівае дзіця не даецца зрабіць сабе выратавальны ўкол. Непрыемная, але неабходная працэдура… Цярпі, хлопча. Мы цябе вылечым. Галасы зьліліся ў нейкі гуд…
        І Тэрмінатар вярнуўся ў свой хакерскі час.
        Як ні дзіўна, разам са сваім картузам.
        
        Горыч і слодыч мёду,
        якому ня даў наліцца
        У Богам табе адведзеныя,
        не залатыя соты,
        Стануць тваёй атрутай,
        Апошнім глытком вадзіцы,
        Якога не дапрасіцца
        ад брата Лазара ўпотай.
        Зямля ў крыжах, нібы ў дзідах.
        Пустэча — балючай болю.
        Будуй высокую вежу
        з наймоцнай слановай косткі -
        Народжаны быць пчалою
        Ніколі ня зьменіць ролі.
        Ён мусіць зьбіраць да скону
        зямлі сваёй водар Боскі.
        І ўмерці, не даляцеўшы
        да самай апошняй кветкі,
        І ўпасьці на стос паперы
        на паўрадку, на паўфразе.
        А вулей у тую хвілю
        ня сьціх і на зьмірг павекаў.
        А вулей, твой мёд забраўшы,
        ня ўспомніць цябе ні разу.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.