РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Уводзіны
Гульня №1
Гульня №2
Гульня №3
Гульня №4
Гульня №5
Гульня №6
Па-за гульнёй-1
Па-за гульнёй-2
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-4
Па-за гульнёй-5
Па-за гульнёй-6
Па-за гульнёй-7
Па-за гульнёй-8
Фінальная гульня-1
Фінальная гульня-2
Эпілог 1
Эпілог 2
Эпілог 3
Эпілог 4
Эпілог 5
Эпілог 6
ПА-ЗА ГУЛЬНЁЙ-5
        
ГУЛЬНЯ №6

        
        Дрэва хутка прагніе,
        Камні скоцяцца на дно,
        Сталь-жалеза зьесьць іржа,
        Срэбра-золата скрадуць…
        Абрушыўся Лёнданскі мост,
        Абрушыўся Лёнданскі мост,
        Абрушыўся Лёнданскі мост,
        Лэдзі мая, лэдзі…
        
        Генусь, прабегшыся па Сеціве, запэўніў, што гэта дзіцячая сярэднявечная песенька. У пачатку мінулага стагоддзя ангельскія “жаўранкі”-беспрытульнікі расьпявалі яе на вуліцах, як расейскія — “Разлуку”… І з той жа мэтай. “Падайце, Хрыста дзеля, чырвонец залаты”.
        А фалькларысты лічаць гэтую песьню водгукам звычаю прыносіць у ахвяру новаму мосту жывое дзіця.
        Значыць, Скаловіч пажыў і ў Лондане.
        Я зноў і зноў ва ўсіх дэталях пераказвала ўбачанае падчас візіту Туды. Макс, як дасьведчаны архівіст, стварыў ужо цэлы архіў гісторыі нашага асваеньня мінулага. Кожны персанаж — нават эпізадычны — у яго меў уласнае дасье. На Антаніну Аксючыц дасье аказалася зусім кароценькае. Ніякіх зьвестак. Можа быць, справа ў тым, што мы ня ведалі ейнага дзявочага прозьвішча, пад якім яна дзе-небудзь і мільганула ва універсітэцкім справаводстве? Камсорг Аксючыц адзін раз згадваўся — у “звяздоўскім” матэрыяле пра камсамольскі сход, на якім студэнты асудзілі сваіх палітычна блізарукіх таварышаў, што напісалі ліст у абарону беларускамоўных лекцыяў.
        Паўлюка Шукайлу, паэта-футурыста, дасталі і ў Ленінградзе. Ён зьехаў туды у 1932-м, пасьля таго, як удалося адвесьці абвінавачваньні па справе “Саюза вызваленьня Беларусі”. Там з ягоным харызматычным характарам таксама прабіўся — нават на пасаду віцэ-прэзідэнта Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. А потым — зноў пагроза арышту. Зьбег у Маскву… Хаваўся… Жыў абы-дзе… Ды ад савецкай улады не схаваешся! Расстралялі ў 1939-м, пасьля паўгоду допытаў. Але — вось рэдкасьць! — вінаватым сябе не прызнаў. З характарам быў наш першы футурыст.
        Выпадкова пабачаная мною студэнцкая парачка так і засталася неапазнаная.
        Мы спрачаліся, сварыліся, мірыліся... Тэрмінатар нападаў на Макса, Даліла на ўсіх… Едрусь па-сяброўску ляпаў мяне па плячы: “Трымайся, старая…”
        Ад гэтага сяброўскага тону мне хацелася злосна і тужліва выць, як кінутаму ваўчаняці.
        А Едрусева мама яшчэ ўчыніла: у паэтычным салоне, куды яна ха­дзіла, ёй канчаткова затлумілі галаву ейным высокім талентам. Гаспадыня салону, вядомая артыстка, любому гатовая была пазычыць крылаў. Томік вершаў з аўтографам выбітнага паэта Анатоля Сыса ляжаў у яе ў адным стосіку з рускамоўнай графаманіяй — і на тых жа правах. А чым горшая ад Сыса паэтка, якая пайшла працаваць стрэлачніцай, каб быць далей ад зямной мітусьні, і напісала сто санетаў, прысьвечаных савецкаму сьпеваку Юрыю Антонаву? Прынамсі, яна ж ня п’е. І не памрэ, як Сыс, перад уласнай прыбіральняй, захлынаючыся ад крыві і паху таннага віна, і ведаючы — няма каму прыйсьці, знойдуць, дасьць Бог, дні праз тры-чатыры.
        Карацей, Едрусева мама напісала нават ня сто — тысячу вершаў па матывах Жывой Этыкі Рэрыхаў. Аўры-шмаўры. Шамбала-камбала. Вядома, гэта адкрыцьцё, шэдэўр, падзея, і неадкладна трэба выдаць кніжку.
        Ніхто з салонных “ахальшчыкаў” ахвяраваньняў сваіх, аднак, на “шэдэўр” ня даў. І паэтэса — зарплата бібліятэкаркі вядома якая — вырашыла прадаваць кватэру.
        Не, не, яна ўсё прадумала — не застанецца без жытла, замест двухпакаёўкі купіць аднапакаёвую, дзе-небудзь на ўскраіне. А ўвогуле дастаткова і маленькага пакойчыка ў камуналцы.
        Шкада? На ТАКОЕ шкада? Усяго за пяцьсот долараў можна, кажаце, кніжку выдаць? Не ТАКУЮ, спадарове! Наклад і выданьне мусяць быць вартымі зьместу.
        Адзіная замінка выйшла ў “геніяльнай паэткі”: у кватэры па-ранейшаму быў прапісаны яе недалужны сын Эдуард. І без ягонай згоды кватэру нельга было ні прыватызаваць, ні прадаць.
        І вось аднойчы са сцэны клуба “Арэна”, пасярэдзіне песьні пра пляцы і палацы, Едрусь забачыў між дзяўчатак у марынарках і чорных кашулях ружовую з белымі карункамі блузачку сваёй матулі, што засяроджана, грэбліва падціснуўшы вусны, прабіралася да ганебнага ўзвышэньня, на якім гарлалі нешта непрыстойнае “наркаманы” з гітарамі, адзін з якіх ейны прапашчы нашчадак Эдуард.
        Я сама прапанавала Едрусю прысутнічаць разам з ім пры перамовах — ён быў у такім адчаі, што згадзіўся. Але, баюся, мае завушніца ў ніжняй губе і фарбаваны басмай, чорнай і індыйскай, “вожык” на галаве не дадалі ўзаемаразуменьня пакаленьням. На жаль, я таксама падпадала пад катэгорыю “наркаманкі”.
        Едрусь хутка ў чарговы раз пераканаўся, што заклікаць да розуму матулю дарэмна. Як ні абяцаў, што сам зьбярэ грошы на ейную кніжку, што ня трэба прадаваць кватэру — толькі абвінавачваньні ў бездухоўнасьці і карысьлівасьці. Увесь у татачку пайшоў. А выдаваць ТАКУЮ кніжку на грошы, здабытыя невядома як, хутчэй за ўсё антымаральным і антыграмадскім спосабам, яна нізавошта ня стане. Калі б Эдуард згадзіўся на дыягностыку кармы…
        Тады Едрусь махнуў рукой і пакорліва пайшоў падпісваць усё, што падсоўвалі натарыусы.
        А я яшчэ зрабіла глупства. У пэўны момант, абураная да пячонак, пачала раскрываць вочы паэтычнай мамачцы на сапраўдную мастацкую вартасьць ейных “хвостапісаў”, як называе падобную ўзвышаную ахінею мая знаёмая паэтка Наталка. Едрусь вельмі груба мяне “заторкнуў”, і, па-мойму, дасюль крыўдуе.
        Маўляў, нельга пазбаўляць чалавека ілюзій, якія трымаюць яго ў гэтым жыцьці.
        Сентыментальны… Шкадуе… А сам застаўся, лічы, без жытла і без прапіскі. “Бомж” натуральны. А паколькі рокерскае жыцьцё час ад часу сутыкае з міліцыяй — я ўжо ня ведаю, чым гэта для Едруся можа скончыцца.
        Даліла хацела прапісаць яго ў Разаліну хату — хаця б як субкватаранта. Але рокер наш пакуль цешыцца са свайго бамжоўскага статусу.
        Што ж, лепшы сродак здушыць боль і крыўду — зрабіць іх тэмай жартаў.
        Ці ня так рабіў Скаловіч?
        Наконт хіміка меркаваньні тусоўкі падзяліліся. Адны лічылі яго апошнім мярзотнікам, другія — проста мярзотнікам. Макс, які пазнаёміўся з Нічыпаровічам, згадваў, што той Скаловіча шкадаваў. А Даліле ўпарта хацелася знайсьці ворага, з якім можна змагацца. Яна абяцала Разаліі Іванаўне выправіць выпадак з ігрушай і тварам хіміка, па якім згаданая ігруша сьцебанула. І яна выправіць.
        А я… Мне не спадабалася, як Скаловіч паводзіў сябе з Антанінай. Але ж яна за нешта яго кахала? І верыла яму…
        Што ж, адзін і той чалавек можа ўспрымацца рознымі асобамі абсалютова па-рознаму. І нават адзін можа быць розным. Аўтар назвы самай адыёзнай навукі, ідэалогіі — француз дэ Трасі, апазіцыянер Напалеона. Эпоха асьветніцтва, васемнаццатае стагоддзе… І вось учынілі браткі-асьветнікі рэформу навучаньня. І дэ Трасі напісаў падручнікі для тых школ, у якіх вучылі дзяцей, што мусілі, вырасшы, кіраваць грамадствам. А потым ён жа напісаў падручнік для школ, у якіх вучылі будучае быдла — тых, хто мусіць слухацца і выконваць. І гэта аказаліся зусім іншыя падручнікі, з іншай гісторыяй Францыі.
        І нельга ж сказаць, каб ідэйны француз маніў — проста ў кожным падручніку была патрэбная праўда.
        Гісторыя пра дэ Трасі — адзінае, што я запомніла з лекцый па ідэалогіі. Таму залік па згаданай сьпецыяльнасьці шчасьліва заваліла.
        Засталася без стыпендыі. Супер.
        Генусь падкінуў “халтурку” — рабіць вокладкі для пірацкіх дыскаў. І па начах я сядзела ў падвальчыку, дзе месьцілася туманістая кампутарная фірма, у якой ён працаваў, і цягала з Інтэрнэту патрэбныя кадры. І час ад часу засьпявала сябе на тым, што ў абліччах старых галівудскіх артыстаў спрабую ўгледзець рэзкія рысы Валяр’яна Скаловіча. І мімаволі вяртаюся да лёсу гэтага чалавека.
        З сям’і артыстаў… Якіх менавіта? Аперэта? Драма? Дзе ігралі? На сталай сцэне ці ў антрэпрызе? Звычайна дзеці, якія вырастаюць у тэатральных сем’ях, самі рана пачынаюць выходзіць на сцэну. Часта іх выносяць туды яшчэ ў пялюшках. “Зорка” нямога кіно Мэры Пікфард, напрыклад, ужо ў пяць гадоў была прафесійнай актрысай, яе сястра таксама. Ад дзяўчатак кармілася маці, кінутая мужам, дзяцінства праходзіла ў гастролях… Танныя вагоны, халодныя грымёркі, боязь вырасьці з роляў анёлападобнага дзіцяці… Дарэчы, калі Мэры вырасла і нават выйшла замуж, маці, звыклая цалкам распараджацца талентам дачкі-зоркі, змусіла яе разьвесьціся і таемна зрабіць спарон, і бязьдзетная Мэры сьпілася. Стужкі са сваімі фільмамі ўсе спаліла.
        Якое ж дзяцінства было ў Скаловіча? Мяркуючы па ягоным паскудным характары, ня надта шчасьлівае.
        А ў нас — у каго было шчасьлівае?
        А ці мы можам зрабіць чыёсьці дзяцінства шчасьлівым?
        Дачка Далілы падхапіла ангіну. Даліла ўзяла бюлетэнь і лётала па кватэры з рознымі гогалямі-могалямі. Макс спрабаваў перадаваць апельсіны-цукеркі, накупіў адмыслова чорнага горкага шакаладу, які любіла сама Даліла — але тая хлопца турнула. Сама можа купіць. У доме ля могілак беспрытульны Едрусь брынкаў на гітары і нават паклаў на музыку адзін з вершаў сваёй апантанай мамачкі: на матыў “Запрагайце, хлопцы, коней…” сьпяваў “Медитацией спасёмся”.
        Час ішоў. Крыжы на могілках патроху абрасталі мохам і заглыбляліся ў зямлю, нібыта хацелі схавацца ад цьмянага беларускага сонца. Але мы ўсе ведалі, што нашы падарожжы ня скончаны. Што настане час, і нехта зноў адправіцца Туды. Макс усё часьцей загаворваў пра таямніцы мінулага… Зьніклыя рукапісы…
        Але ўсё вырашыла Даліла. Як заўсёды.
        Кінула ўсім па эсэмэсцы — “Зьбіраемся”, а калі мы прыйшлі, то пабачылі нашу сяброўку апранутай у тую самую чорную сукенку, у якой яна хадзіла ў Засьценьне мінулы раз, і з тым самым рашучым выразам твару. “Мае грудзі, ваша амбразура, пацалуйце за мяне Пазьняка”.
        Мы не пасьпелі толкам паспрачацца. Едрусь увогуле маўчаў, седзячы на ложку нябожчыцы і ўтаропіўшыся ў нефарбаваную драўляную падлогу колеру гнілой анучы. Мільганула чорная сукенка — і чакайце нас з таго сьвету.
        А, яшчэ Даліла перад адыходам кінула Максу:
        — Паклапаціся пра Віку!
        Макс, зьбялелы, моўчкі нахіліў галаву.
        А Едрусь і Генусь кінулі на яго вельмі аднолькавыя позіркі. Ня надта добрыя і надта тужлівыя.
        
        …Мужчына ў акуратным мундзіры, са звычайным, трохі азызлым, добразычлівым тварам булачніка сядзеў на звычайным драўляным крэсьле з абшарпанай сьпінкай. Газета даўно была прачытаная і адкінутая ў кут, яна ляжала на падлозе, бездапаможная, як вязень, які страціў прытомнасьць. І мужчына проста бязмэтна пазіраў на сьцяну, усю ў прожылках трэшчын, выбоінах і вычварных пісягах. Пры ўяўленьні — а ў мужчыны хапала ўяўленьня — у гэтых узорах можна было ўгледзець розныя дзівосныя карціны. Напрыклад, вавёрак, якія скачуць па кедрах. Альбо прыгажунек у сетчатых панчохах, якія дружна падкідваюць ногі на сцэне нэпманаўскага рэстарану. Альбо мітынг… Напэўна, чалавек з тварам булач­ніка часьцей за ўсё ўяўляў мітынг. Ці яшчэ лепей — як конармія перасьледуе белых. Шашкі сьвішчуць, расьсякаюць целы, цячэ кроў, і не блакітная яна зусім, белагвардзейцы падаюць пад капыты…
        Якія яшчэ фантазіі могуць быць у начальніка аддзела па барацьбе з нацыянал-фашызмам таварыша Касіянава?
        А можа, ён проста перажывае, што ў маленькага сына Кімушкі — ангіна, і трэці дзень трымаецца тэмпература? Бо таварыш Касіянаў — клапатлівы бацька і добры муж… І з годнасьцю выконвае сваю цяжкую, але неабходную працу ў гэтых брудных сьценах, і заслужыў, каб дома яго чакала гарачая вячэра, пастаўленыя ў вітальні пантофлі і ласкавы жончын пагляд…
        Жонка любіць акуратнасьць. Сама калісьці была прыслугай. Цяпер патрабуе ад сваёй прыслугі сапраўднай працы.
        Добра, што яна ніколі не пабачыць, у якіх умовах даводзіцца працаваць яе Модзіку.
        Так, наўрад удасца калі-небудзь змыць са сьцяны гэтыя пацёкі.
        Прыдзецца праз нейкі час атынкаваць ды пафарбаваць. У той самы практычны зялёны колер. Як мундзір. Гэтая сьцяна таксама мае права насіць мундзір.
        Таварыш начальнік нецярпліва пацягнуўся. Напэўна, надакучыла ся­дзець. Каб курыў — дык было б чым заняцца. Але Мадэст Касіянаў клапаціўся аб сваім здароўі. Яму яшчэ шмат трэба пасьпець зрабіць.
        Ён паглядзеў уніз. Староньні назіральнік здрыгануўся б, напэўна, ад гэтага відовішча. Між ножак крэсла ляжаў складзены ўдвая чалавек. Ляжаў нерухома, маўкліва. Як манекен. Але ён быў жывы — рукі, выцягнутыя наперад, паўзьверх ног, ад пакуты нават не дрыжэлі — уздрыгвалі, як ад удару токам. Адна рука была заматаная бруднай скрываўленай анучай.
        Ды староньніх назіральнікаў тут не магло быць. А “мясцовых” відовішча ня ўражвала.
        — Ну што, Кадура, можа, хочаш падняцца? — голас мужчыны гучаў лена і добразычліва. Складзены маўчаў, рукі яго ўсё ўздрыгвалі, калі прыгледзецца, можна было заўважыць, што гэтак жа ўздрыгваюць цяг­ліцы на ўсім целе — рызманы мала што прыкрывалі. А варта было б прыкрыць — цела, зьбітае, худое, бруднае — выглядала страшна.
        Мужчына ў фрэнчы раздражнёна крэкнуў. Мусіць, вырашыў, што і праўда трэба гада даставаць. Падобна, гаварыць ён проста ўжо ня можа.
        Чалавек пад крэслам, аднак, мог гаварыць.
        Але навошта? Ён даўно ўжо зьмірыўся з тым, што памрэ. Яшчэ тады, калі напісаў свой верш пра буру і мерцьвякоў. Не, ня супраць савецкай улады. За што яму, вясковаму хлапчуку, якому, каб не рэвалюцыя, не ва універсітэце вучыцца, а кароў век пасьвіць, — жадаць канца савецкай ула­дзе? Але набрыдзь усялякая, навалач, усё сапсавала. Свабоду далі — цяпер забіраюць. У кулакі палову вёскі запісалі. І краіну напалам падзялілі, каб лепшым яе кавалкам адкупіцца ад суседскага злога сабакі. Мову “наркамаўкай” скалечылі. Хто праз сто гадоў здагадаецца, што ў сьпявучым беларускім слове “сьнег” стаяў мяккі знак?
        Бура зруйнавала хаты, прагнала жывых, а мерцьвякі, крыжы над якімі паваліліся, вызваліліся ад палону зямлі і ўзялі ўладу. І назвалі сваё ўладараньне краінай шчасьця.
        “Толькі косткі рыпяць над зямлёю маёй,
        Ды ў калодзежах стыне атрута.
        Сьпіць з кінжалам ў грудзях наш крывіцкі герой,
        Называецца шчасьцем пакута”.
        
        Ён ведаў, што кожнае слова набліжае да сьмерці. Але ня мог не пісаць. Ён ніколі ня мог не пісаць.
        Таму і быў невыносны — так казалі ўсе.
        Бацькі, якія спадзяваліся, што адзіны сын падтрымае гаспадарку. А ён усё кінуў і ўцёк на рабфак — босы, з адзіным багацьцем у торбачцы — кніжкай “Дудка беларуская”.
        Дзяўчаты... Кожная хацела няхітрага: каханьне-вясельле-дзеці-дом — і, гэта зноў жа значыць, гаспадарку. Ён пісаў ім вершы, цьвіло каханьне, потым — расчараваньне, сьлёзы, дакоры… З гэтага ён таксама высноўваў вершы, як павук высноўвае павуту з уласных вантробаў.
        І выкладчыкі педуніверсітэта абураліся — далі магчымасьць самародку паступіць без іспытаў, закрываем вочы на прагулы і запоі — хоць бы які залік здаў. Сябры сьмяротна крыўдзіліся на забойчыя заўвагі. Мог сказаць : “Не пішы ты, браце, вершаў. Ня ўмееш. Лепей ідзі ў школку, дзяцей вучыць.” Або ўвогуле — “Ты пралятаеш, як фанера над Парыжам”.
        Яго баяліся запрашаць выступаць, і не запрасіць — таксама баяліся. Прыйдзе сам, нашуміць, абразіць. Вершы правакацыйныя пачытае.
        А колькі нерваў, мусіць, ён папсаваў людзям у мундзірах! У паказаньнях блытаецца, на супрацоўніцтва ідзе — але так па-дурному, што ўсё зрываецца. Пасьля чарговай размовы ў Жоўтым Доме выйшаў на плошчу да помніка Сталіну і пачаў раўсьці на ўвесь горад: “Я цяпер агент ворганаў! Я на ўсіх данясу! Усіх выкрыю! Ушанавалі мяне каханенькія-родненькія даверам сваім!“
        Блазан.
        Ён прыходзіў у бальніцу да Янкі Купалы — да гэтага колькі разоў сядзеў у яго дома, разам з іншымі маладымі паэтамі. Цяпер ніхто не гаварыў уголас, што здарылася з дзядзькам Янкам. Але шаптацца ніхто нікому не забароніць — нават у камеры сьмяротнікаў. Калі сам Купала паспрабаваў уцячы з гэтага жыцьця, ды яшчэ такім пакутлівым шляхам — лязо нажа, харакіры, што казаць пра іншых?
        Знаёмы пасьля па сакрэце сказаў, што дзядзьку Янку прапаноўвалі ўзяць на сябе ролю “кіраўніка кантррэвалюцыйнай арганізацыі “Саюз вызваленьня Беларусі”. Выступіць на закрытым судовым працэсе, усіх выкрыць… Усе ўжо арыштаваныя, справы заведзеныя… Не хапае толькі аўтарытэтнага лідара, які б пакаяўся. Паэт аддаў перавагу пакутлівай сьмерці. Потым тую ж ролю прапануюць Купалаваму сябру, акадэміку Усеваладу Ігнатоўскаму — і той застрэліцца ў 1931-м…
        Да Купалы не пусьцілі. Удалося пабачыць толькі “арганіста” на крэсьле, з газеткай у руках, перад белай занавескай, за якой стаяў ложак з паэтам.
        Гэты, Касіянаў, таксама сядзеў над ім, Зьмітраком Кадурам, з газеткай… У якой, магчыма, калі нумар стары, яшчэ ёсьць надрукаваны да травеньскіх сьвятаў Кадураў верш.
        Сьвядомасьць пачала трохі імгліцца ад болю і страшэннага напружаньня.
        На вокліч начальніка прыбеглі двое ў такіх жа зялёных мундзірах. Паэт адчуў, што яго цела разгінаюць. Як балюча…У вачах згусала цемра. Галасы гучалі здалёк, як з другога канца поля.
        — Нясі вядро з вадой!
        На твар лінулі халодным.
        Ён аднойчы тануў у “проланцы”, з якой вяскоўцы чэрпалі ваду. Па­трапіў туды не з-за таго, што катаўся па лёдзе, а таму, што хацеў зазірнуць у чорную таемную бездань. Бо дакладна ведаў — там, на дне, залатая карона вужынай каралевы. І ведаў, як выглядае: высокія зубцы, на краях якіх дробныя перліны, як расінкі па краях лісьця мацярдушкі. І буйныя, як арэх, перліны па коле.
        Нават падалося, што ўбачыў сьветлы круг… І тут жа абрынуўся ў ільдзяныя абдоймы вады. Ці вужынай каралевы, што не схацела аддаваць нават чужым вачам сваю маёмасьць.
        Цяпер зноў падалося — бачыць карону з перлінамі. Кадура паціху выплываў з чорнай палонкі наверх, да залатога круга…
        — Устаць, падла!
        Боль вяртаўся, як надакучлівая жонка, якая пачынае сварыцца яшчэ за парогам. Нечы бот ударыў у бок.
        — Што ляжыш, зноў верш сачыняеш? Мусіць, трэба ў галаву табе цьвік загнаць.
        Ён і праўда спрабаваў пісаць вершы нават тут. На ўласных рызманах, на сьценах… Заўважылі. І ў якасьці пакараньня прыбілі руку цьвіком да тае ж сьцяны, на якой былі надрапаныя няроўныя, тонкія, як пульс памі­раючага, радкі.
        Не прасіўся і не наракаў. Толькі плакаў ад болю.
        Тут хутка пераставалі саромецца крыку, сьлёз, прыніжаных маленьняў.
        Проста ён ведаў, што ня выжыве. Ад сьмерці няма зельля.
        Вязьня паставілі на ногі. І ён сустрэўся поглядам з таварышам Касіянавым. Поглядам ня грэблівым, ня злосным — дабразычлівым.
        — Ты разумееш, Кадура, што ты зусім не герой? Напэўна, думаеш — нашчадкі даведаюцца, што ніколі ня быў супраць савецкай улады, што органы памыліліся… І ўшануюць цябе, бязьвіннага пакутніка. Вершы твае тамінай з залатым абрэзам выдадуць. А ты ведаеш, што знойдуць нашчадкі? — Касіянаў гаварыў амаль спачувальна. Кадура неўразумела гля­дзеў у яго спакойныя, як плаха, вочы. — А знойдуць яны пратаколы допытаў, у якіх ты прызнаешся ў сваёй шпіёнскай дзейнасьці. І называеш, хто з сяброў яшчэ замяшаны. І расстрэльваць цябе ніхто ня будзе. Ты паедзеш у высылку, папрацуеш на лесанарыхтоўцы. Потым вернешся, і цябе нават прымуць на працу ў газету “Советская Белоруссия”. І ўсе скажуць: ён перавыхаваўся, ён усіх сваіх знаёмых ворагаў савецкай улады выкрыў.
        Вусны Зьмітра задрыжэлі. Вось жа, сволачы, заўсёды намацаюць тую кропку ў душы, дзе яшчэ можа забалець.
        — Гэта ўсё няпраўда… Я быў амаль непрытомны, калі падпісваў…
        — І хто пра гэта даведаецца? Хто паверыць? — мякка папытаўся Ка­сіянаў. — Асабліва калі ёсьць людзі, якія ўсім раскажуць, што ты — шпіён і здраднік. Дарэчы, зараз я пазнаёмлю цябе з такім чалавекам.
        Ахоўнікі пацягнулі вязьня ў суседні пакой.
        За сталом, ганарліва адкінуўшы галаву на высокую сьпінку крэсла і схаваўшы рукі пад стол, у чорным паліто, зашпіленым да падбароддзя, сядзеў прафесар хіміі Валяр’ян Скаловіч.
        Кадура моўчкі глядзеў на прафесара. Гарбаты нос, цені вакол прыжмураных вачэй, фанабэрыстыя вусны, неахайныя валасы… Рэзкае, непрыгожае аблічча.
        Скаловіча многія не любілі. Расказвалі пра яго ўсялякія пачварныя гісторыі. Згвалціў, забіў, чужую працу прыўлашчыў… Ну і, вядома, стукач.
        Але пра самога Кадуру таксама расказвалі ўсялякае. І таксама не любілі.
        І яшчэ: Зьмітро ні разу ня бачыў, каб суровы прафесар да кагосьці падлагоджваўся, усьміхаўся, калі гэтага не хацелася, гаварыў тое, што чакаюць. Затое казаць непрыемнае майстар. Самавар, пабыўшы трохі ў кампаніі прафесара, мог закіпець сам па сабе. Ну дык і Кадура на такое здатны.
        Сапраўдныя падлюкі так сябе не паводзяць.
        Касіянаў нешта балбатаў над вухам пра тое, колькі ворагаў дапамог выкрыць Скаловіч, як ён нават уласных сяброў і студэнтаў не шкадуе. Нават, мусіць, перастараўся. Вось і Кадуру ледзь не прымусіў арыштаваць.
        Зьмітрок моўчкі глядзеў на прафесара. Той не адвёў позірк, толькі скрывіў вусны ў горкай усьмешцы.
        Кадура дакладна ведаў, што тут нічога ня робіцца выпадкова. Мадэст Касіянаў вывярае кожную дробязь. Што яны чакаюць ад гэтай сустрэчы са Скаловічам? Каб ён, Зьмітрок, узьненавідзеў прафесара? Дзіўна… “Сваіх” так не падстаўляюць.
        — Давай, падыдзі да яго. Ня бойся. Ведаеш, Кадура, можа, ты ня так ужо і вінаваты. Ты ж таленавіты паэт. Табе трэба пісаць, друкавацца, аздабляць сваім талентам савецкую ўладу. А з-за гэтага чалавека, з-за ягонай падазронасьці, ты пазбаўлены такога лёсу. Мы — што, мы — хірургі, выдаляем з цела дзяржавы пухліны, нарасты, гнілыя часткі. А здаровыя тканкі пакідаем. Разумееш, пра што я кажу, паэт?
        Кадура хітнуў галавою.
        — Значыць, па-вашаму, я — гніль.
        Касіянаў незадаволена скрывіўся — вязень яшчэ можа разважаць. Кепска.
        — Гэта вырашылі напачатку ня мы, а гэты чалавек, Скаловіч. З-за яго ты тут апынуўся… Уяві: твае вершы, паэзія, а паміж імі і табой — гэты мярзотнік. Ня хочаш нічога сказаць яму? Ну, давай жа… Мы ня будзем супраць, калі ты з ім пагаворыш як мае быць. Скажу табе па сакрэце — мы ведаем, што прафесар загубіў і зусім нявінных людзей, сваіх сяброў. Яны загінулі з-за яго даносу. Праўда, Скаловіч?
        Хімік па-ранейшаму маўчаў, толькі апусьціў вочы, і цені на ягоным твары зрабіліся яшчэ глыбейшымі. А Касіянаў асьцярожна паклаў на край стала, бліжэй да Кадуры, пісталет і салдацкую дзягу з жоўтай масянжовай спражкай. Вось яно што…
        Зьмітро падняў на Касіянава налітыя крывёю, запухлыя вочы.
        — Месяц таму вашы падначаленыя паставілі побач мяне і Петрака… Распранутымі. І прымушалі, каб мы сьцябалі адзін аднаго дзягамі. Пятрок згадзіўся… Я — не. І… ён біў мяне… Але вінаваціць беднага Петрака — усё роўна што вінаваціць дзягу. Чуеш, Скаловіч, — Кадура павярнуўся да чалавека ў чорным паліто. — Дзяга не вінаватая.
        Прафесар яшчэ больш скрывіў вусны і прахрыпеў, нібыта нешта сьціскала яму горла:
        — Не… разумнічайце, Кадура. У вас… усё роўна… не атрымліваецца.
        Зьмітро раптам усьвядоміў, што горла прафесара сапраўды нешта пераціскае… Ды ён жа проста галавой варухнуць ня можа. І рукі недарэмна пад сталом… Вось сволачы, зноў падстава...
        А Касіянаў шыпеў над вухам сваё:
        — Апраўдайся перад савецкай уладай! Улада ўсё даруе. Яна твая маці. Пакарай гэтага нягодніка, які падмануў тваю маці.
        Адчайная весялосьць раптам ахапіла ўсю істоту Кадуры — весялосьць сьмяротніка. Ён закінуў галаву і зарагатаў страшным, хрыплым сьмехам.
        — Маці, бля! Ну і дзеткі ў гэтай маці! Ты гаўно, Касіянаў! Ты пралятаеш, як фанера над Парыжам!
        Апошняя фраза захлынулася пад ударамі.
        Кадура ўпаў… І яму пашанцавала тым страшным шанцаваньнем, якое магло здарыцца тут — яго скронь патрапіла якраз на кут стала з цяжкога цёмнага дрэва.
        
        …Даліла, задыхаючыся, глядзела на мёртвае цела.
        Зноў — тыя самыя персоны, той самы кабінет… І зноў — труп. Што за лялькавод тузае за ніты ў гэтай пакутлівай гульні?
        Касіянаў лаяўся. Нават твар ягоны страціў падманлівую азызласьць і мяккасьць, вочы, у сіраты пазычаныя, пасьвятлелі ад злосьці.
        Мёртвае цела вынесьлі з пакою, накрыўшы выбеленай накрухмаленай прасьціною.
        — А з гэтым што? — папытаўся начальніка адзін са службоўцаў, кіўнуўшы ў бок прафесара.
        — У камеру. Да сьмяротнікаў. Там, дзе з універсітэту ёсьць.
        — У расход хіба? — зьдзівіўся асабіст.
        Касіянаў злосна павярнуўся.
        — Не заслужыў ён хуткай сьмерці, — і павярнуўся да прафесара. — Чуеш, Скаловіч? Усіх будуць страляць, а цябе — не. На цябе паляцяць чужыя мазгі, пырскі крыві… І так будзе, пакуль не зразумееш — твае выбрыкі бескарысныя. Ты ўсё роўна станеш добраахвотна дапамагаць сьледству. Рана ці позна. Сваім “я не валодаю гэтай інфармацыяй” ты нікога не падманеш. Усё роўна аддасі нам рукапіс Нічыпаровіча. Бо нікуды не падзенешся ад мінулага. Памятаеш Сяргея і Соф’ю? Што, вочы апусьціў? Не, ня выйдзе з цябе бязьвіннай ахвяры. Бо ты прадаў сяброў. Ты ж сам сабе не дараваў, праўда? І рэвалюцыя табе не даруе, пакуль ты ёй шчыра ня служыш. Таму ты станеш слухаць перадсьмяротныя крыкі. І крыкі нянавісьці ў свой бок. Але будзеш заставацца жывы. Столькі, колькі трэба.
        Скаловіч фанабэрыста скрывіў вусны і прахрыпеў, умудраючыся пры гэтым захоўваць невыносна ментарскі тон:
        — Вы, шаноўны, хаця я не сьпяшаўся б надаваць вам такі эпітэт, па-ранейшаму не навучыліся выказвацца лагічна. “Сколькі трэба”… Безадноснае вызначэньне, якое траціць сэнс. Трэба — каму? Вам? Мне? Партыі? І, па-мойму, толькі што эмпірычным метадам вам было даведзена, што падтрыманьне або спыненьне жыцьцядзейнасьці арганізма суб’екта лёгка выходзіць за рамкі вашага кантролю.
        Касіянаў амаль адчайна завыў і кінуўся быў на “лектара”, але ў апошні момант затрымаўся, сьціснуў сківіцы, разьвярнуўся і выйшаў з кабінету хуткім крокам.
        Даліла неверагодным намаганьнем узьнялася… Забіць! Касіянава трэба было забіць! Позна… Шкада, у яе ня мелася ў руках рэвальверу, як у баязьліўца Генуся. Яна б ня схібіла. Даліла павярнулася да Скаловіча. Ля таго завіхаліся нкусаўцы. Нешта адвязвалі, адкручвалі — ля шыі, на руках… Дапамагалі падняцца.
        Скаловіч у сваім доўгім чорным паліто, з-пад якога віднеліся бліскучыя боты з “гармонікам”, стаяў пасярод пакою, нібыта вялізны кажан, і расьціраў запясьці рук. Яго змрочны худы твар не выказваў нічога. Можна было падумаць, што ён тут гаспадар.
        Даліла раптам адчула страшэнны прыліў нянавісьці да гэтай персоны. Так, ён — таксама ахвяра. Але ж, падобна, і кат.
        Што было далей — Даліла не магла распавесьці дакладна. Яна проста зразумела, што яе хвіліны Тут сыходзяць… І апошняя магчымасьць нешта выправіць — таксама.
        Ужо ў зьменлівым мігценьні — быццам плёнку ў відзіку пачало “заядаць” — Даліла ўбачыла, што чорная постаць пахілілася і ўпала на падлогу. Як сьсечанае дрэва.
        І аматарка горкага шакаладу кінулася да прафесара.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.