РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Уводзіны
Гульня №1
Гульня №2
Гульня №3
Гульня №4
Гульня №5
Гульня №6
Па-за гульнёй-1
Па-за гульнёй-2
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-4
Па-за гульнёй-5
Па-за гульнёй-6
Па-за гульнёй-7
Па-за гульнёй-8
Фінальная гульня-1
Фінальная гульня-2
Эпілог 1
Эпілог 2
Эпілог 3
Эпілог 4
Эпілог 5
Эпілог 6
ФІНАЛЬНАЯ ГУЛЬНЯ-1
        
ПА-ЗА ГУЛЬНЁЙ-3

        
        На наступны дзень атрымалася так, што з раніцы да абеду не было каму дзяжурыць у дамку, і госьця з мінулага давялося замкнуць на замок. Вядома, з тлумачэньнямі і прабачэньнямі, на якія было адрэагавана зьедлівым буркатаньнем. Даліла, адпрасіўшыся з працы раней, засьпела хіміка, які стаяў ля вакна, абапершыся рукой аб сьцяну, і пазіраў на могілкі.
        — За час савецкай улады людзі зусім развучыліся правільнаму стаўленьню да сьмерці, — прамовіў ён сьпінай да гаспадыні. — Вы не паважаеце яе. Я разумею, чаму — тое, што пачалося ў мой час, відаць, працягвалася досыць доўга. Пасьля першай сотні тысяч трупаў сьмерць робіцца механічным працэсам, усё роўна што ўкладваецца ў сьцяну чарговая цагліна. І толькі з адлегласьці бачны ўвесь застрашлівы будынак, узьведзены стараньнямі катаў. А сьмерць… Гэта ўрачыста. Гэта таемства. Пераход у іншы стан. Новае нараджэньне душы — з гніючага футаралу цела. Якія страшныя вашыя помнікі…
        Даліла, раскладаючы на стале прадукты, няўважна папыталася:
        — Чаму?
        — Яны нагадваюць паднятыя пліты падлогі. Быццам па іх нехта ўжо таптаўся. У прынцыпе, гэта лічылася вартым хрысьціяніна — сьвятыя людзі, перакананыя ва ўласнай грахоўнасьці, загадвалі хаваць сябе пад парогам царквы, каб усе, хто заходзіць, тапталі іх нагамі. Менавіта так запаведаў учыніць са сваім целам Дон-Жуан. Іспанскі пракуднік Дон Жуан Тэнорыа… Які пабачыў наяве чысьцец, раскаяўся і пастрыгся ў манахі. Спа­дзяюся, вы чулі пра такую асобу. Але на гэтых помніках мала крыжоў, і не выпадае казаць пра хрысьціянскае сьмірэньне.
        Пытаньне Далілы было надта далёкім ад тэмы сьмерці:
        — Якую гарбату вам запарваць? Чорную альбо зялёную?
        Хімік нарэшце павярнуўся да яе.
        — Тую, якую можна піць без агіды. Дагэтуль у вас такая не атрымлівалася. І ежа ў вас… Выбачайце, але ўся з прысмакам гумы. Вы сінтэзуеце мяса з мазуты? Ці проста вашыя персанальныя гаспадарчыя здольнасьці ў мінусе?
        Даліла прашыпела нешта пра жаночае раўнапраўе… Спадар Валяр’ян зьдзекліва прыўзьняў бровы.
        — Я начуты пра жаночае раўнапраўе. Але, выбачайце, нават на фоне працоўных подзьвігаў кабет-трактарыстак у яго ня веру. Кожную ноч у Менску, з якога вы мяне забралі, “чорныя варанкі” прыязджалі за дзясяткамі людзей. Але жанчын амаль не чапалі. А, узяўшы, адпускалі. І ведаеце, чаму? Як патлумачыў мне адзін з тых, хто забіраў, краіне патрэбная танная працоўная сіла, якой лёгка маніпуляваць. Куды лягчэй, чым мужчынскай паловай. У тым ліку — тлумячы галовы раўнапраўем і змушаючы брацца за непадсільную жаночаму арганізму работу. Ведаеце, як называлі жанчын у Вялікім княстве Літоўскім? Белагаловыя.
        Даліла, вядома, не сьцярпела… Скончылася тым, што ледзь гарбату ня выплюхнула ў твар прафесара. Карацей, за стол селі ў варожым маўчаньні. На тым, што ён можа цывілізавана абедаць, седзячы за сталом, настояў сам прафесар. Што ж, калі ласка… Даліла лічыла, што пераадольваць уласныя боль і слабасьць — тое, дзеля чаго мы, можа, тут і жывем, у гэнай “юдолі”.
        Скаловіч, выпрастаўшыся, як быццам яго па-ранейшаму прывязалі да крэсла, акуратна наразаў амлет.
        — Пакуль вас не было, у ваш дом стукаліся. Двое мужчынаў. Яны дужа не спадабаліся мне. Паліцэйскія, жаўнеры, міліцыянты, асабісты… Ва ўсе часы іх можна пазнаць нават у касьцюмчыках з гальштукамі. У іх размовах гучалі словы “прытон” і “маліна”. Не зьдзіўлюся, калі за кампанію з вамі зноў апынуся ў Жоўтым Доме. Яго, я думаю, ня зьнесьлі. Такія будынкі застаюцца пры любой уладзе.
        Даліла спахмурнела.
        — Ды ходзяць тут час ад часу… Нібыта з міліцыі. Намякаюць, што гаспадар суседняй вілы гэты дамок купіць хоча. Глупствы ўсякія гавораць. Маўляў, падазрона памерла былая гаспадыня, бо я ў медустанове працую, маю доступ да атрутных рэчываў… І лепей мне хату гэтую прадаць, каб не наклікаць на сябе праблемы. Але мяне на спалох ня возьмеш. Акрамя вас, іншых злачынстваў за намі няма. Вам патрэбны пашпарт…
        Прафесар узяўся за шклянку з гарбатай.
        — Цікава, а якое імя ў вашым пашпарце? Даліла… Гэта для запалохваньня мужчынаў. Вы б, спадарыня, яшчэ Гаргонай назваліся. Гатовы па­спрачацца на падручнік сучаснай вам хіміі, што гэта не сапраўднае імя.
        — Як хачу, так называюся, — адрэзала Даліла. — А падручнік хіміі я вам не прынясу. Пакуль няма пэўнасьці, што вы тут… назаўсёды.
        — Спадзяюся, не назаўсёды, — змрочна прамовіў прафесар. — Я мушу вярнуцца.
        — Навошта? Працягнуць знаёмства з катамі?
        Скаловіч кінуў на сумоўніцу цяжкі позірк.
        — Ёсьць справы, дзеля якіх можна пайсьці на рызыку страціць яшчэ трохі крыві. Я разумею — у вас дакладныя зьвесткі, што мой лёс варты жалю. Але гэта мой лёс. І ў ім — мае даўгі. А цяпер з-за вашай асабістай дурноты і безадказнасьці…
        — Яшчэ каго-небудзь хочацца выдаць? — Даліла са злосьці кінула відэлец. — Вы ж самі сябе ненавідзіце! Значыць, ёсьць за што. І нават цяпер ня хочаце сумленна пра ўсё распавесьці. Пра свае “даўгі”.
        — Мы не ў царкве, вы — не сьвятары, адпускаць грахі. Вы проста купка юных істотаў, што не знайшлі месца ў сваім часе.
        — А вы — баязьлівец! — крыкнула Даліла, якую страшэнна злавала, што гэты чалавек змушае яе страчваць раўнавагу. — Вы баіцеся ўсіх! Цяжкое дзяцінства, комплексы, не перажыты да канца падлеткавы ўзрост… Зачынюся ў сваёй шкарлупіне і буду на ўсіх атрутай пырскаць, бо мяне ніхто ня любіць. А хто любіць — няхай пакутуе, бо я ж ведаю, што ён ня можа мяне любіць.
        Скаловіч, дзіва, ня ўгневаўся, нават павесялеў.
        — Дык вы ж свой дакладны партрэт намалявалі, мадэмуазэль.
        Даліла трохі пачырванела.
        — Мне ня сорак гадоў, прынамсі. Я магу сабе дазволіць… І раз вы ня хочаце проста быць шчырым — давайце мяняцца. Я таксама шмат пра што магу вам распавесьці… Пра ваш час.
        — Што з Нічыпаровічам? — хутка прамовіў хімік.
        — Ён застрэліўся, — без эмоцыяў паведаміла Даліла. — А вось Анта­ніна…
        І таямніча змоўкла.
        Шклянка ў руцэ прафесара ўздрыгнула, нібыта гарбата ў ёй раптоўна ўскіпела, і прафесар акуратна паставіў яе на стол, накрыты белым ільняным абрусам з жоўтымі сьлядамі ад талерак і кубкаў. Голас па-ранейшаму гучаў роўна.
        — Я ведаю лёс сваёй лабаранткі.
        Даліла напружылася, як кобра перад скачком на ахвяру.
        — Вы ня ведаеце праўды. Таму… вы распавядаеце мне, чаму вас усе называлі здраднікам, чаму вы дазвалялі вырабляць з сабой такое, а я вам — пра Антаніну.
        Рэзкі твар Скаловіча, здавалася, яшчэ больш зьбялеў — хаця здавалася, што гэта немагчыма.
        — Добра… Даставайце свае прылады для запісу.
        І Даліла паклала на стол, не хаваючыся, дыктафон.
        — Толькі спавядайцеся, будзьце ласкавы, лежачы. Мне на вас нават нашатырнага сьпірту шкада.
        І Скаловіч распавёў…
        “Як я вам ужо казаў, калі пазнаёміўся з Сонечкай і Сяргеем, мне было шаснаццаць. Я не хацеў вяртацца ў балаган. За апошні клас здаў экстэрнам. Бабуля прапаноўвала ўладкаваць мяне на пошту. Але я марыў пра навуку. Падтрымліваў мяне ў гэтым і настаўнік па мянушцы Колба. Вечна буду ўдзячны гэтаму сьмешнаму кругленькаму пану. Ніколі не забудуся, як мы зачыняліся ў ягонай імправізаванай лабараторыі, абкладаліся апошнімі нумарамі навуковых часопісаў і спрабавалі нейкія досьледы паўтарыць… А жонка Сымона Аляксандравіча, кругленькая, як і ён, энергічная кабета стукалася ў дзьверы і крычала, каб зараз жа спынялі выраб дыму і смуроду — іначай яна хімічныя досьледы сабе не ўяўляла. Сымон Аляксандравіч ня быў надта адораным, але — энтузіязму ў яго хапала. Як ён ганарыўся тым, што я, ягоны вучань, абараніў дысертацыю, паехаў у Сарбону! Мне дасюль сорамна, што калі я змушаны быў зьехаць з Менску, не знайшоў у сабе сілы напісаць яму… Азваўся толькі праз шэсьць гадоў. Затое, пакуль не пачалася вайна, па ягоных просьбах перасылаў яму столькі кніг і прыладаў для досьледаў, нібыта для маленькага універсітэту. Ён памёр ад іспанкі ў 1914-м, я не пасьпеў з ім сустрэцца…
        Формулы сьніліся мне па начах, сімвалы, нібыта ў нейкім вычварным танцы, мяняліся, вібрыравалі, спалучаліся… А што ў мяне яшчэ мелася? Сябры? Сярод равесьнікаў? Вы што, зьдзекуецеся? Гэтыя маленькія пачвары, мэтай жыцьця якіх было ператварыць жыцьцё сваіх бліжніх у пекла? Яны пакінулі мяне ў спакоі толькі тады, калі я навучыўся рабіць рэчывы, якія маглі выбухнуць у кішэні альбо прымусіць плакаць. Пайшла пагалоска, што я магу атруціць нават на адлегласьці, і я нарэшце атрымаў права на самоту. Самае каштоўнае, што можа займець чалавек. Цішыня, самота… Тут, у вашым дамку, які, як я разумею, стаіць наводшыбе, усе роўна шумна — нешта грукоча, грае, верашчыць нават уночы. Баюся, вы ня ведаеце, што такое цішыня. Дзіва што нервовыя і неадэкватныя.
        Сонечка была вясёлай, як жаўранак. Ня ведаю, ці зацікавіў бы я яе сам па сабе — няўклюдны маўклівы падлетак у чорным касьцюмчыку, з якога даўно вырас, з вечнай кнігай пад пахай, прапахлы дымам рызыкоўных эксьперыментаў. Відаць, трэба прызнаць лагічнае — яе зацікавілі менавіта мае эксьперыменты і сувязь з Альбарутэніяй. Яе дом быў праз вуліцу, і яна магла назіраць, як я завіхаюся над колбамі ў флігелі. А пра мае адносіны да Альбарутэніі ёй маглі сказаць крыкі бабулі: “Беларус ён, ці ж бачыце! Выгадаваўся між малпаў, паскуднік! Скаловічы — не мужыкі! Скаловічы — шляхта! Я табе пакажу — беларусы… Яшчэ слова скажаш на гэтай грубай гаворцы — пакіну без абеду”.
        Сонечку бабуля ненавідзела і баялася. Яна была “палітычная”, нядобранадзейная. Высланая з Санкт-Пецярбургу да сваякоў за ўдзел у студэнцкіх хваляваньнях. Бацька Сонечкі быў важным чыноўнікам міністэрства ўнутраных справаў, таму абышлося высылкай у Менск.
        Для мяне ўвага гэтай стройнай, як каласок, дзяўчыны з вясёлымі блакітнымі вачыма, каротка стрыжанымі пшанічнымі валасамі была — усё роўна як сьляпому раптам далі пабачыць сонца. Я нават ня мог асобна ўспомніць рысы ейнага твару — нос, здаецца, крыху прыўзьняты… З рабацінкамі… Яна ўся была — зьзяньне ў маіх вачах.
        Каб яна сказала мне скокнуць з вежы Пішчалаўскага замку — я скочыў бы, не вагаючыся, шчасьлівы, што магу дагадзіць.
        Потым Сонечка пазнаёміла мяне з Сяргеем. Хлопец, як я цяпер разумею, начытаўся Шылера і Байрана. Тэрарыстаў і рэвалюцыянераў згаданыя паэты спарадзілі болей, чым усе Марксы і Бакуніны. Сяргея можна назваць “прафесійным рэвалюцыянерам”. Бабуля мая пра такіх чамусьці гаварыла “Ганарысты, як хутаранец”. Ён быў дужы і прыгожы, з хвалістымі русымі валасамі, са сьмелым позіркам шэрых вачэй… Бог ты мой, я нават марыць не насьмельваўся быць хоць трохі да яго падобным. І, вядома, куды мне было раўнаваць яго да Сонечкі — не раўнуе мураш кветку да пчалы.
        Потым я пазнаёміўся з астатнімі — бялявым сталёвавокім і сталёвасэрцым Крэчатам, чарнявым Навумам, які ў адрозьненьне ад іншых любіў жартаваць і добра сьпяваў… Гэта быў зусім іншы сьвет — і там маё “цёмнае” паходжаньне, мая балаганная праца і пагарда месьцічаў не былі заганай, а зусім наадварот. Мяне паважалі за тое, што меў такі сумны жыцьцёвы досьвед і не зламаўся, што знайшоў сябе ў навуцы, што зарабляю грошы сам, уласнай працай, у адрозьненьне ад “эксплуататараў”… Шанавалі маю апантанасьць хіміяй і любоў да самоты… А для мяне ўсе яны былі героямі. Сонечка і Сяргей любілі прыходзіць да мяне ў флігель, у якім я зладзіў лабараторыю і дзе, фактычна, жыў. Яны сядзелі на старой канапе, накрытай аблезлай мядзьведжай скурай, і, пакуль я абмазваў шэрай сьмярдзючай жыжай дроцікі, вырабляючы бенгальскія агні, распавядалі пра новыя акцыі сацыял-рэвалюцыянераў, маёўкі і страйкі, абмяркоў­валі Гегеля і Фейербаха, Энгельса і Маркса, Бакуніна і Шпенглера… Зачытвалі “Нашу Ніву”. Зьмест яе ведаеце? Трохі? Ну… Я калісьці мог запамінаць тэкст дзясяткамі старонак. Амаль як Жульен Сарэль, герой раману “Чырвонае і чорнае”, які меў памяць як у генія альбо ідыёта. Не прэтэндую цалкам ні на першае, ні на другое, але і зараз магу працытаваць…
        “Па ўсім Палесьсі ідзе даўно ўжо агітацыя перад выбарамі на дэпутатоў у Думу ад Мінскай губерні. Агітуюць мінскіе “истинно-русские” людзі (чорносоценцы)... Кажуць, што найгоршыя ворагі народные гэта тые, хто дабіваецца аўтономіі”.
        Што? Падобна на ваш час? Віншую…
        “Пад восень гэтага году ў мястэчка Раманава прыходзіў нейкі соцыяліст. Як толькі людзі пачалі варочацца з царквы, ён узьлез на нейкі слончык і пачаў гаварыць аб усіх крыўдзіцелях працуючаго народу. Мужыкі ўпадабалі, што гаварыў той чалавек, пачалі слухаць яго і нават вельмі ахвотна бралі ад яго нейкія пісулькі. Ураднік, шпаркі гэткі, хацеў зразу арыштаваць сацыяліста, але не, не ўдалося: мужыкі не далі, ды яшчэ нават, кажуць, за каўнер урадніку наклалі”…
        ”У Смаленску невядомы чалавек, спаткаўшы князя Урусава пры дзьвярах шляхоцкага клюбу, напроціў саду, у якім шпацэровала багата людзей, пальнуў у яго тры разы з рэвольверу. Князь аступіўся і ўпаў, тым часом той, хто страляў, уцёк”.
        Вось такія тыповыя навіны…
        Краіна была цяжарная сьмерцю.
        А мае новыя сябры былі забойцамі.
        Я гэта разумеў, і мне тое страшэнна падабалася.
        Яны прынесьлі мне належныя хімікаты. І я рабіў, што прасілі. Мая першая бомба выглядала ня вельмі прывабна — замест круглага футаралу Сяргей дастаў нешта падобнае да чыгуннай біклагі. Потым былі больш дасканалыя пасудзіны для сьмертаносных джынаў. Я ўсяго зрабіў іх дзевяць. Дзясятую не лічу.
        Тое, што я мог езьдзіць з балаганам па месцах і мястэчках — таксама падавалася вельмі карысным для арганізацыі. І я нават згадзіўся вярнуцца на лета да бацькоў і побач з чысткай клетак і ўсталяваньнем дэкарацыяў перадаваў патрэбным людзям забароненую літаратуру, зброю, выбуховыя рэчывы. Цырк — увогуле ідэальнае месца для кантрабанды. Хто прыме ўсур’ёз “глумцоў ды блазнаў”? Сярод фальшывых шпаг і пісталетаў прасьцей схаваць сапраўдныя. Хаця й трасуць цыркачоў па традыцыі ўсе паліцыі сьвету асабліва.
        Норавы ў таварышаў маіх бацькоў былі простыя. Свайго Станьчыка ў балагане ня мелася… Памятаеце патрэт знакамітага блазна пры двары Жыгімонта Старога? Станьчык… Трагічны нярвовы твар, усё разумеючыя вочы… Бедны Ёрык, карацей. А тут працавалі людзі, якія жылі ад грошай да грошай. Маленькіх, выпакутаваных грошай. Усе са сьмешнымі амбі­цыямі — “Мы — артысты”. Дрэсіроўшчык сьцьвярджаў, што ён лепшы дрэсіроўшчык у сьвеце, ліліпуты меркавалі сябе самымі ліліпутнымі… Насыпаць у пудру ворагу нягашанай вапны лічылася дасьціпным жартам. Адзін з клоўнаў з гэтай прычыны хадзіў аднавокім — праўда, ад таго ягоная перакрыўленая фізіяномія здавалася яшчэ сьмяшнейшай, а значыць, калецтва было на карысьць.
        Цяпер мне было лягчэй пераносіць зьдзекі “балаганаўцаў” — я быў таемным рыцарам свабоды.
        Калі я вярнуўся да бабулі, Сонечка прынесла мне радасную вестку. Мяне возьмуць “на справу”.
        За год да таго адбыўся замах на генерала Курлова. Думаю, і вы ведаеце пра тую ганебную гісторыю — Курлоў загадаў расстраляць мітынг на прывакзальнай плошчы, удзельнікі якога патрабавалі вызваленьня палітычных вязьняў. Сто чалавек загінула. Іван Пуліхаў узяўся зьдзейсьніць прысуд кату, перастрэў яго ля Сьвята-Петра-Паўлаўскай царквы, але бомба не разарвалася. Тэрарыст спакойна сышоў бы, каб не сямейка Старовых — матка і дзьве дачкі. Яны ўчапіліся ў злачынцу, усчалі крык… На затрыманьне кінуўся паліцмайстар Нораў, але ў яго стрэліла таварышка Пу­ліхава — Аляксандра Ізмайловіч. Дачка генерала, які служыў на Далёкім Усходзе. З эпохі ў эпоху расьпешчаныя дзеці “сталпоў” рэжыму пачы­наюць апантана, нічога не баючыся, змагацца супраць гэтага рэжыму — ім жа не прышчапілі з маленства памяркоўнасьць ды ціхамірнасьць, а веданьня пра “цёмны бок месяца” ў іх куды больш, чым у “дзяцей меднага саслоўя”. І адчуваньня абароненасьці куды болей.
        Івана павесілі, і цела ягонае тры дні вісела на браме Пішчалаўскага замку. Аляксандру саслалі ў Сібір. Вось мае сябры і абавязаліся адпомсьціць за іх. Курлоў на той час сышоў з пасады і зьехаў — з рэпутацыяй крывавага дыктатара. А вось Нораў і сям’я Старовых мусілі быць пакараныя.
        Мне ўпершыню давялося думаць не пра рэвалюцыйную барацьбу ўвогуле, не пра вартых сьмерці катаў увогуле — а пра канкрэтных асобаў, якія з маёй дапамогай будуць забітыя. Дагэтуль мне ніколі не паведамлялі, дзе зробяць пякельную справу мае машыны сьмерці. І калі я чытаў пра тэрарыстычныя “акцыі”, сэрца сьціскалася ад салодкага жаху, падобнага да гонару: гэта, магчыма, зрабіў я. Я небясьпечны. Я — таемны ўладар над жыцьцямі. Суддзя паскуднага гэтага чалавецтва. Цяпер мне належала зірнуць ахвярам у твар. Ну, паліцмайстар — гэта зразумела… Чалавек, які апранае на сябе мундзір, тым прымае на сябе функцыю адказваць за мундзір — забіць альбо быць забітым. А вось Старовы... Тры кабеты… Прычым дзьве — зусім маладыя. Дзяўчаты.
        Так, яны зрабілі жахлівае… Калі глядзець з аднаго боку барыкады. Успомніце Шарлоту Кардэ, якая забіла нажом Рабесп’ера. Ён сядзеў у ваньне — хвароба скуры, невыносны сьверб. На тую самую пошасьць хварэў рымскі дыктатар Сула, іншыя тыраны… Шарлота прыйшла, як быццам просьбітка.
        Адны яе кляймілі, як падступную забойцу… Але іншыя — лічылі гераіняй. Прыгожая дзяўчына, якая ахвяруе сабою, каб пакараць ката, выратаваць тысячы жыцьцяў, даць волю Айчыне… Так, як яна разумела. З аднаго боку — манархістка Кардэ, з другога — народаволка Соф’я Пяроўская. Чалавек, які здольны мысьліць, убачыць гэтую “люстранасьць”.
        Таму тых, хто здольны мысьліць, забіваюць у першую чаргу.
        Ну, уявіце… Тры жанчыны бачаць, як малады чалавек кідае бомбу, назірае за панікай, пагардліва ўсьміхаецца і сыходзіць. Забойца, які можа забіць яшчэ. Як расцаніць, што яны кінуліся яго затрымліваць? Ведаючы, што ён можа быць узброены, што могуць загінуць? Таксама ж сьмелы ўчы­нак?
        Я быў супраць таго, каб забіваць Старовых. Гэта не стасавалася да вобразу высакароднага змагара — карбанарыя, Авадня, Карла Маора, Андрэя Кожухава… У вас чытаюць яшчэ кнігу Сьцепняка-Краўчынскага пра народавольца Андрэя Кожухава? А, у маці ёсьць у шафе? Значыць, зноў пераацэнка каштоўнасьцяў пакаленьняў…
        Я даказваў сваё вельмі горача. І ўрэшце мяне запэўнілі, што забойства ня будзе. Старовых проста трэба напалохаць — так, каб былі папярэджаныя ўсе, хто захоча ў будучым стаць на шляху рэвалюцыянера.
        Бомбу належала ўзарваць пад іх вокнамі, падгадаўшы, каб усе былі дома. Я мусіў зрабіць гэтую бомбу і высачыць кабетаў. Сонечка кіне кошык са сьмяротным снарадам пад вакно — і ўсё. А Норава тым часам пакараюць іншыя. Хто — мне не сказалі. Я здагадваўся, што ў той групе будзе Крэчат. Усё здарыцца на ўгодкі сьмерці Пуліхава.
        Дні разьбіваліся, як дажджынкі аб вечка труны. Я працаваў, як апантаны… Сачыў за Старовымі… Сонечка была да мяне неверагодна ласкавай. У ноч напярэдадні нашай акцыі яна нават пацалавала мяне на разьвітаньне. У левую шчаку… Лёгка і хутка, як птушка… Ніколі не забуду гэты момант. Яе брунатную сукенку ў вузкую сінюю палоску, з шэрагам дробных гузікаў пад горла, чорную шапачку на стрыжаных пшанічных валасах, крыху прыўзьняты носік — і выраз вечнай дзёрзкай цікавасьці на твары. Нібыта яна пыталася ў сьвету: як жа гэта? Чаму так робіцца?
        Яна сышла… А я ўсё ня мог супакоіцца. Сну не было і ў адным воку. Я ўспамінаў, як пільнаваў злачыннае сямейства ля Кацярынінскай царквы. Як бачыў іх на службе. Старэйшая, таўставатая, як на мой густ, увесь час стаяла, апусьціўшы вочы і трохі пахіліўшы галаву ў карункавым капялюшыку да левага пляча — мне здавалася, што ў ейным сьмірэньні я ўгледжваю нешта ненатуральнае. Мажная маці, наадварот, галаву трымала прама, нават паклоны біла з адчуваньнем уласнай годнасьці… І пагрозна паглядала на малодшую, якая крадма перазіралася з нейкім фацэтам у вайсковай форме.
        Я ведаў, што малодшая любіць монпансье — рознакаляровыя круглыя карамелькі. Часта купляе іх у аднаго і таго ж афені-карабейніка. Што старэйшая наведвае мадыстку і таемна скупляе паштоўкі з партрэтамі артыстаў МХАТу, асаблівую перавагу аддаючы асобе Качалава. А да мадам Старовай, шаноўнай удавы, прыходзяць гэткія ж, як і яна, дамы — урыўкі іхніх гутарак, якія мне ўдавалася падслухаць праз адчыненае вакно, можна было друкаваць у газеце “Славянскі сабор”. Людзі сапсаваліся, маралі няма, моладзь… Якая моладзь — напісана яшчэ чатыры тысячы гадоў таму ў Фіванскай пірамідзе. Выказваньне тамтэйшага жыхара слова ў слова супадала з меркаваньнем мадам Старовай. З такой разбэшчанай моладдзю — ніякай будучыні ў няшчаснай старажытнаегіпецкай (рускай праваслаўнай) краіны.
        Дакладна такія кампаніі з такімі ж размовамі зьбіраліся ў маёй бабулі Леакадзіі. Толькі кола іх было трохі “ніжэйшае”, і замест срэбнага на стале красаваўся парцалянавы імбрычак.
        Я стаяў пад таполямі, насупраць дому Старовых на Францысканскай. Раптам паўз мяне прабеглі двое хлапчукоў з крыкамі:
        — Забілі! Забілі!
        Маё сэрца абарвалася. Я нават пераадолеў сваю сарамяжнасьць і да­гнаў хлапчукоў.
        — Каго забілі? Хто?
        Капейка змусіла жэўжыкаў распавесьці падрабязна. Пачутае — няхай перабольшанае, дзе ж дзеці ад гэтага ўтрымаюцца? — кінула мяне ў жах. Нораў цэлы, ад бомбы — маёй бомбы! — загінулі дзьве вясковыя жанчыны і стары лірнік. Нораў спыніўся ля яго, каб накрычаць…
        Аднаго з хлопчыкаў асабліва ўразіла, што ліра, якая адляцела далёка ўбок, яшчэ некалькі імгненьняў працягвала граць сама па сабе.
        Магчыма, яму гэта проста падалося.
        Я пабег да Сонечкі. Быццам маё прышэсьце магло нешта зьмяніць. Горад поўніўся крыкамі і чуткамі. Вось яе дом… Але я не наважваўся зайсьці. Стаяў на ганку, як слуп… І пачуў размову. Гаварыў Сяргей.
        — А твой хімік не перашкодзіць? Зялёны…
        — Ды перастань, я магу з ім рабіць усё, што хачу, — гэта быў вясёлы голас Сонечкі. — Ён такі брыдкі і дзікі, што наўрад хто з ім яшчэ размаўляе. Для рэвалюцыі карысна, калі ў чалавека няма іншых прыхільнасьцяў, акрым барацьбы, і іншых таварышаў. Урэшце, ты ж таксама быў зялёным і баяўся крыві. Калісьці трэба пачынаць. Пасьля першай крыві дарогі назад няма.
        — Твая праўда… — пагадзіўся Сяргей. — Толькі цяпер не прамахніся. Проста ў вакно… Чуеш? Каб усіх траіх, паскуд… У пяць яны садзяцца піць гарбату. Англічан пераймаюць. Зялёны дакладна высачыў.
        — Не прамахнуся. Калі што — і ты з рэвальверу не прамахніся. Крэчат вунь прамазаў… Траіх забіў — а таго, каго патрэбна, не.
        Яны яшчэ нешта гаварылі — як падмануць шпегаў, што сочаць за хатай, як забясьпечыць ад’езд, але я зьбег з ганку і пакіраваўся… Куды? Здаецца, у свой флігель. Сьвет расплываўся ў маіх вачах, нібыта мяне зноў забылі дастаць з жалезнага чэрава мадам Таро. Мне бачыліся знаёмыя і незнаёмыя мне людзі, якіх, магчыма, забілі мае бомбы… І сярод іх пакуль яшчэ жывыя Старовы — з акрываўленымі тварамі, ляжаць, як паламаныя лялькі… Божа мой! Я спрабаваў зачапіцца за выратавальную думку. Сонечка, Сяргей… А можа, яны, мае адзіныя сябры на гэтым сьвеце, маюць рацыю, можа, яны ведаюць нейкую вельмі важную, абсалютова пераканаўчую праўду, якую я пакуль яшчэ не ўсьвядоміў па сваёй дурноце? Але як, як мне да гэтай праўды хоць крыху дапяць, каб не было так жудасна, так моташна на душы?
        Нехта схапіў мяне за плечы.
        — Што ты зноў утварыў, нягоднік? Не мані — я ж бачу, што нешта ўтварыў! Кажы зараз жа, вылюдак, можа, Гасподзь па літасьці тваёй цябе ўратуе!
        Гэта была Леакадзія Пятроўна Скаловіч, мая бабуля. І я, захлынаючыся ад сухой роспачы — плакаць даўно адвучыўся — пачаў расказваць… Потым былі нейкія двое ў цывільным, з вайсковай выпраўкай… Мне загадалі дастаць з падрыхтаванай для Старовых бомбы выбуховае рэчыва і перадаць яе тэрарыстам.
        Я амаль ня памятаю, як прынёс кошык з кветкамі, пад якімі ляжала бомба, пад таполі на Францысканскай. Паставіў… І пайшоў, не азіраючыся. Я ня бачыў, як Сонечка ўзяла гэты кошык, як кінула бескарысную, пазбаўленую мною місіі сьмерці бомбу ў вакно… Як Сяргей ад­стрэльваўся…
        Іх узялі жывымі. Доўга дапытвалі. Потым — павесілі. Не дапамагло, што Сонечка — дачка важнага пецярбуржскага чыноўніка. Іх сьмерць адбылася неяк непрыкметна для грамады — надта часта тады гучалі выбухі, надта часта гайдалася пятля. Дый забойства двух сялянак і жабрака — не асабліва высакародная нагода падымаць дэмакратычны шум.
        Дасюль не магу зразумець, чаму мае сябры так ставіліся да чужых жыцьцяў. Можа, як бываюць асобы, пазбаўленыя музычнага слыху, нараджаюцца людзі, пазбаўленыя літасьці, боязі крыві і чужога болю? А хутчэй за ўсё, былі яны проста жорсткімі дзецьмі, і ўсе гэтыя акцыі, бомбы, разадраныя на часткі целы ўспрымаліся вялікай гульнёй. Зусім, дарэчы, як і ў выпадку з вамі.
        Але і мне не было чым ганарыцца. Я ведаў, што заслугоўваю пагарды і нянавісьці. І больш нічога. Мяне выратавала толькі тое, што тады я знаходзіўся ў нейкім тумане, нібыта чалавек са зламанай нагой, які, як самнамбула, даходзіць дадому і толькі там падае на падлогу ад болю.
        Мяне заахвоцілі за дапамогу ў раскрыцьці небясьпечнай тэрарыстычнай групы — я атрымаў магчымасьць паступіць на хімічнае аддзяленьне фізіка-матэматычнага факультэту Юр’еўскага універсітэту.
        Мара збылася. Але цяпер яна была толькі сухой кветкай на сукенцы нябожчыцы.
        Я жыў дзеля працы. Нібыта спадзяваўся сваймі адкрыцьцямі апраўдацца за зробленае. І… ведаў, што болей ніколі нікога ў сваім жыцьці не прадам і не заб’ю. Потым… Шмат чаго было. Былі хвіліны слабасьці. Памятаю, аднойчы на другім курсе страшэнна закарцела далучыцца да сьвету ценяў. Да аднакурсьніка прыехала сястра, гімназістачка, і, пакуль круцілася ў гасьцёўні інтэрнату, дзе я прыладкаваўся на зручнай канапе з чарговай кнігай, пачала пасылаць мне доўгія погляды. Напэўна, доўга крыўдавала, што я затросься, як пры зьяўленьні прывіда, і ўцёк, нават забыўшыся на здабыты з цяжкасьцю ў публічнай бібліятэцы том. А проста неразумнае дзяўчо страшэнна нагадвала Сонечку.
        Я ня Вертэр. Я ўсяго толькі сын балаганнага факіра. На хуткую руку зьмяшаў сімпатычнае расчыньне, якое пры судакрананьні з агнём мусіла даць прыстойны, але зусім невялікага радыусу, выбух, плюс атрутны газ з малым часам распаду. Дастаткова было знайсьці цёмны пусты кут…
        І я, паколькі рамантыка ў мазгах яшчэ не перагарэла, забраўся ва уні­версітэцкі археалагічны музей, туды, дзе грувасьціліся каменныя саркафагі егіпецкіх фараонаў. Тут і днём нікога ніколі не было — а апоўначы, як я спадзяваўся, нават вартаўнік не дачуецца.
        Затое — якое атачэньне! Фараоны, саркафагі… Што труп з адарванай галавой не прыўкрасяць нават такія дэкарацыі — я неяк не задумваўся. Так сьпяшаўся… Ажно кроў у вушах шумела… І не пачуў крокаў выкладчыка — ён нядаўна атрымаў месца дацэнта на кафедры гісторыі старажытнасьці і выяўляўся ў сваёй навуцы гэткім жа энтузіястам, як я ў сваёй…
        Так я пазнаёміўся з Люцыянам Нічыпаровічам.
        Я доўга даводзіў яму, што такога, як я, ня варта ратаваць і нават гаварыць са мной прыстойнаму чалавеку гідка… У доказ распавёў (яму першаму і адзінаму), якім чынам трапіў сюды на вучобу. Пра Сонечку і Сяргея…
        Спадар Люцыян знайшоў словы, якімі прывязаў мяне да жыцьця. Нагадаў пра Бога, веды, Альбарутэнію... Ён назаўсёды застаўся маім лепшым сябрам.
        Калі я атрымаў праз яго запрашэньне паўдзельнічаць у стварэньні Беларускага універсітэту, не вагаўся ні хвілі. У мяне быў доўг перад гэтай зямлёй. І я прыехаў.
        Ня трэба думаць, што тыя гады — толькі сьмерць ды подласьць. Я ехаў з Парыжу ў краіну, дзе перамагла вялікая рэвалюцыя. Дзе будуецца Альбарутэнія. І не расчараваўся… Так, была беднасьць. Прадуктовыя карткі. Пайкі… Чэргі па селядцы… Але і вечарыны паэзіі, на якіх зьбіраюцца тысячы людзей, і ловяць кожнае слова з вуснаў маладога беларускага генія. Дзень авіяцыі ў 1924-м, падчас якога ўзьляцеў першы ў сьвеце самалёт з надпісамі на беларускай мове… Інстытуты, музеі, часопісы — у якіх усё па-беларуску… Спаборніцтвы па веласпорце… Выступленьні Маякоўскага… Прафсаюзны зьезд хімікаў, на якім усталяваны зносіны з калегамі з Чэхіі… Памятаю, як у кастрычніку 1925 году ў Менск пешкі прыйшоў знакаміты французскі падарожнік Эме Тарал, які нацэліўся абысьці вакол сьвету. Мяне папрасілі быць у дэлегацыі, якая сустракала яго… Мы напаілі француза, вядомага цьвярозьніка і вегетарыянца, старадарожскім першаком так, што ён палез цалавацца з гіпсавым помнікам Гіршу Лекерту ў Аляксанд­раўскім скверы. А як даставаліся білеты на першы беларускі фільм “Лясная быль” у кінатэатры “Культура”, у будынку былой харальнай сінагогі! Памятаю пуск першага трамваю… Вагон, прыўкрашаны кветкамі, з раніцы да ночы вазіў усіх бясплатна… Не, было шмат вясёлага, цудоўнага… А колькі талентаў зьявілася! Наш народ — надзвычай таленавіты. Колькі яго ні выкошвай… Я праводзіў семінары, на якіх прапаноўваў студэнтам пафантазіраваць, што ў нашай галіне хіміі будзе вынайдзена да канца стагоддзя… Вы б гэта чулі! Якія ўсчыналіся спрэчкі, якія ўзьнікалі ідэі ў гэтых учарашніх вясковых хлапчукоў ды дзяўчатак! Упэўнены, у вашым часе да ўсіх іхніх прапановаў яшчэ не дадумаліся. І нават тады, калі пачаліся арышты — для многіх людзей заставалася досыць месца для радасьці і веры ў сьветлую будучыню.
        Але для некаторых гэтага месца не ставала.
        У 1932 годзе сюды прызначылі камісарам Крэчата. Ён пазнаў мяне.
        Ні ў чым яго не вінавачу. Я не заслужыў лёгкай сьмерці. А ён быў гатовы мне яе падарыць. Але, відаць, Крэчат хацеў, каб я паводзіўся падчас допыту трохі іначай. Прасіўся, напрыклад. Выяўляў сваю нягодніцкую сутнасьць. Прызнаўся, як патрабавалі, у сваёй шпіёнскай дзейнасьці на карысьць Францыі, Англіі і Польшчы. Выкрыў змову іншых буржуазных шпіёнаў-прафесараў Беларускага універсітэту… Абмаляваў мяркуемыя дыверсіі… Проста ён ня ведаў, што для мяне сьмерць і фізічны боль — гэта такая дробязь у параўнаньні з іншым… З вечным пакутлівым адчуваньнем віны, якое ледзь ня зьела мяне знутры. А якая радасьць забіць чалавека, які ўпэўнены, што гэта заслужыў, і нават палёгку ў сьмерці бачыць? Мадэст Касіянаў, таксама новы “прызначэнец”, што прыўнёс у працу НКВД асаблівыя метады, прапанаваў больш дасканалае пакараньне для здрадніка. І пасьля чарговага допыту, які, па маіх прыблізных пад­ліках, доўжыўся пяць сутак, “перакупіў” мяне з крэчатавых кіпцюроў для сваёй парафіі.
        Мой папярэднік на ролі “глабальнага здрадніка” павесіўся. Другога задушыў адзін з вязьняў. Двое іншых зламаліся, пачалі сапраўды ўсіх здаваць. І зрабіліся непрыдатнымі для эксьперыментаў. Пра гэта мне сам жа Касіянаў і распавёў, калі мяне першы раз запхнулі ў ягоны “Форд”.
        Таварыш Касіянаў — чалавек недурны. Гісторыю добра ведае. Напрыклад, дэвіз інквізітараў: “Прымусь іх увайсьці”. Гэта значыць, грэшнікаў — у Горад Нябесны. Думаеце, для чаго ерэтыкоў палілі? Каб пакараць? Не. Лічылася, што пакутлівая сьмерць можа ачысьціць бедныя грэшныя душы і даць ім магчымасьць патрапіць на нябёсы. Вось і Касіянаў браўся давесьці, што, па-першае, любога, самага спакутаванага, вязьня можна прымусіць шчыра палюбіць свайго ката, падсунуўшы яму іншы аб’ект для нянавісьці. А па-другое, што любога, самага зацятага, ворага можна прымусіць пайсьці на службу “рэвалюцыі”, дакладней, карным органам. Дастаткова, каб усе паверылі, што ён ужо шчыра супрацоўнічае. Каб ён напачатку звык да пагарды. А пасьля і ганарыцца пачне. А яшчэ карысна, калі вязьню даюць магчымасьць выступіць у ролі ката. Для гэтага “глабальны здраднік” у якасьці “пасіўнага аб’екта” падыходзіць як мага лепей.
        Так здарылася, што падчас першага блізкага знаёмства з Касіянавым у суседнім кабінеце знаходзіўся Нічыпаровіч. Касіянаў выклікаў яго дзеля гістарычнай кансультацыі — якраз дзейнасьць інквізіцыі яго і цікавіла. Прэцэдэнты ў Вялікім княстве Літоўскім. Ён жа, навалач, навуковую працу на падставе сваіх досьледаў піша. І выпадкова акадэмік пачуў нашу з Касіянавым… трохі аднабаковую размову. І, падобна, застаўся ўражаны. Потым, калі мяне выпусьцілі, Нічыпаровіч даў слова ніколі нікому не расказваць пра тое, што даведаўся. Нянавісьць я перажыву. А вось пагардлівую шкадобу… Ды лепей здохнуць.
        Ну і як, вы задаволены маім расповедам? Напэўна, атрымалі вялікую насалоду? Вам жа толькі гадасьці і падабаюцца. Нервы казычуць.“
        Даліла ў адказ прамаўчала.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.