РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Уводзіны
Гульня №1
Гульня №2
Гульня №3
Гульня №4
Гульня №5
Гульня №6
Па-за гульнёй-1
Па-за гульнёй-2
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-3
Па-за гульнёй-4
Па-за гульнёй-5
Па-за гульнёй-6
Па-за гульнёй-7
Па-за гульнёй-8
Фінальная гульня-1
Фінальная гульня-2
Эпілог 1
Эпілог 2
Эпілог 3
Эпілог 4
Эпілог 5
Эпілог 6
ПА-ЗА ГУЛЬНЁЙ-2
        
ГУЛЬНЯ №2

        
        Другім Туды пайшоў Макс.
        Вядома, сам напрасіўся: аж рукі трэсьліся, як у скнары над халяўным гаршчком з дынарамі. Гістарычныя сенсацыі! Вернутыя імёны і рукапісы! Разгадка таямніцаў! Усё пралічыў: і карту тагачаснага Менску вывучыў, і старыя фотаздымкі, і падзеі… Адкрыты тэатр оперы і балета, архітэктар Лангбард хапаецца за сэрца, бо замест падабенства антычнага тэатру — з каланадай, скульптурамі і трыма ярусамі — дзьве шэрыя “бляшанкі”, пастаўленыя адна на адну… Не хапіла сродкаў, дый не Афіны тут, спадар. Затое Дом ураду паўстаў, як мае быць… І помнік Леніну перад ім. Менскі аэрапорт адкрыўся – з першым і адзіным самалётам К-5. Маршрут — вядома, які… На Маскву. У трамвайным парку – 43 трамваі… А яшчэ — забаронены царкоўны перазвон, і ў Екацярынінскай царкве захоўваюцца селядцы. Надпіс на фасадзе “Дом мой домам малітвы нарачэцца” замазваюць фарбай, а ён ізноў праступае. У турме памёр ад тыфу менскі япіскап Мікалай. Уведзеная “наркомаўка” – плаўнае, сьпеўнае, натуральнае гучаньне мовы скасаванае, беларускі правапіс павінен быць як мага больш набліжаны да расейскага… Каб пасьля мовам лягчэй было зьліцца. У камуністычным, так бы мовіць, экстазе, на імперыялістычных прасьцінах. А яшчэ — лютаўскі хапун па справе “Беларускай народнай грамады” і паралельна арышт татарскай інтэлігенцыі. У красавіку — арышты па справе “контррэвалюцыйнай дыверсійна-шпіёнскай арганізацыі ў жывёлагадоўчай галіне БССР”. У жніўні — па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра”… У кастрычніку “вылазкай кантрэвалюцыйнай агентуры беларускага кулачаства і буржуазіі” на ўсебеларускай нарадзе па драматургіі названы п’есы Янкі Купалы, Васіля Шашалевіча, Міколы Грамыкі ды іншых — дзе хоць трохі жыла Беларусь. Крэацівілі чыноўнічкі, каб не прастойваць, фантазія працавала. Маладыя паэты напханыя ў “амерыканку”, камеру ў двары дыхтоўнага будынку НКВД… Катаваньняў нібыта яшчэ няма. Афіцыйна яны зьявяцца потым, у 1937-м… Але насамрэч метады тыя самыя. Толькі ў вязьняў ёсьць яшчэ рэальны шанец на жыцьцё.
        Макс у адну кішэню — лічбавую камеру, у другую — стары “Кодак” з плёнкай, хто яго ведае, як ТАМ лепей…
        І — у сьцяну, дзе абраз “Маленьне аб Чашы”.
        З ложку падаў голас Едрусь.
        — Паслухай, можа, ня варта…
        Макс са зьдзіўленьнем зірнуў на яго. Едрусь сядзеў на ложку, засланым посьцілкай з цвыркунамі, сагнуўшыся ў крук.
        — Нічога, я вунь які здаровы, пару кіль з задавальненьнем там пакіну, магу й дзесяць кіль. А наконт сувязі — дык я мабільнік узяў! — зблазнаваў Макс і зьнік за бляклымі шпалерамі.
        
        …Крэчат адняў ад вуснаў насоўку. Можна не правяраць: у чырвоных плямах. Ну і што? Яму, старому рэвалюцыянеру, выпаў найвялікшы гонар і шчасьце: дажыць да зьдзяйсьненьня сваіх мар. Упэўніцца, што барацьба, сьмерць сяброў і ягоная ўласная сьмерць былі не дарэмныя. Гады ў падпольлі, голад, пагардлівыя позіркі мяшчукоў ды арыстакратаў, палахлівыя — тых, з-за каго ішоў на пакуты. Прывід вісельні, з-пад якога цудам удалося зьнікнуць… Пакінуўшы там дарагіх, лепшых за сябе. Сяргей, Со­нечка — і іх бязвольныя целы на шыбеніцы. Гэта непрыгожая сьмерць — у пятлі. Язык высоўваецца, і яшчэ… Паміраючы спраўляе натуральную патрэбу. А ў мужчынаў адбываецца выкід семя.
        Раней семя вісельніка каштавала вялізныя грошы. Калі ня кат яго зьбіраў — дык існаваў адмысловы клан жабракоў і зельнікаў, якія пільнавалі, каб пасьпець абабраць павешанага, і жылі з тае здабычы. Цудадзейным лічылася ўсё — валасы шыбеніка, ягоныя адрэзаныя пальцы...
        Чалавек, па сутнасьці, сьцярвятнік. Падлаед. Толькі рэвалюцыя можа пазбавіць яго жывёльнасьці, абудзіць у ім чысты дух.
        І ўсё-ткі ён, Крэчат, ня можа забыцца на гэта жахлівае відовішча, якое ён бачыў, на шчасьце, толькі ў думках — Сяргей і Сонечка гайдаюцца ў петлях, тузаюцца, выконваючы “танец вісельніка”, які так любілі сузіраць жыхары сярэднявечных гарадоў. Сінія языкі зьвешваюцца, па нагах сьцякае…
        Не, ён не павінен пра гэта нават думаць — гэта абражае памяць нябожчыкаў.
        Галоўнае, цяпер ён, ацалелы, бачыць, як паўстае магутная дзяржава, у якой кіруюць таварышы, людзі з народу, сумленныя, адданыя рэвалюцыі! Не, ну калі самому быць сумленным — сярод іх таксама ня ўсе вартыя… Гэты… таварыш Мадэст Касіянаў… Ён, Крэчат, ня можа адобрыць ягоныя метады. З паэтам Апіевічам, напрыклад, відавочна перагнута палка. Чалавек быў ня страчаны для рэвалюцыі. Прынамсі, на небясьпечную справу ў сваё эсэрскае мінулае Крэчат яго б узяў, не вагаючыся. Сорак дзён пазбаўляць чалавека сну… Нават інквізіцыя лічыла, што скрайні тэрмін такога катаваньня — шэсьць дзён. Пасьля чалавек лічыўся звар’яцелым. Вядома, у рэвалюцыі вакол — ворагі… Трэба змагацца… Але ці не сумленьней адразу — кулю ў лоб здрадніку? Вось Скаловіча — не шкада. Нягоднік заслужыў усё, што зараз мае. Не хацеў бы ён, Крэчат, быць на ягоным месцы. Гэта папы няхай на споведзі грахі адпускаюць. А рэвалюцыя за ўсё спаганяе напоўніцу, бязьлітасна, бяз скідкі на час і абставіны. І гэта правільна.
        — Ты таксама палезеш у пятлю, Скаловіч, рана ці позна! — хрыпіць Крэчат са злавеснай радасьцю.
        Але… надта ўжо Касіянаў ад таго, што робіць, атрымлівае насалоду. Надта падводзіць пад усё… навуковую базу. Нібыта такая навука спатрэбіцца ў той будучыні, якую яны рыхтуюць, дзеля якой гатовы памерці. Катаваньняў у савецкай краіне няма.
        І… Вось жахлівая думка… Ці гатовы таварыш Касіянаў за тую будучыню памерці?
        Крэчат схіляе галаву — чорныя валасы шчодра перавітыя сівізною. Чамусьці ўсплыў яшчэ ўспамін — месяц таму выпадкова праходзіў па вакзале і бачыў, як з вагона-цялятніка выкідаюць нешта пачварнае. Лю­дзей-клёцак. У рызманах, якія разышліся пад напорам хворай бледнай плоці. Вочы-шчыліны. Чорныя пазногці. Нехта патлумачыў шэптам, што гэта — хахлы. Спухлі ад голаду. Там, на Украіне, выміраюць цэлымі вёскамі. Ураджай багаты — а людзям не даюць ні каласка. Таму што хахлы ўсе кулакі і людажэры.
        Кажуць, цяпер — і праўда — там-сям людажэры.
        Людзей-клёцак выгружалі на брудны асфальт, як мяхі. Нібыта яны ўжо не былі людзьмі. Нехта з іх, яшчэ не зусім страціўшы падабенства са стварэньнем божым, цягнуў руку, нешта прасіў нячутным голасам. Відаць, хлеба…
        Крэчат сышоў тады, і ня ведаў, куды падзеліся прыезджыя. Не хацеў ведаць. Баяўся глядзець. Цяпер баіцца нават думаць.
        А ў камісарыят паступаюць усё новыя зьвесткі і пра голад на Беларусі. Лісты… Допісы… У калгасе “Перамога” Менскага раёну чацьвёра калгасьнікаў памерлі “ад недахопу харчаваньня”. У людзей пухнуць рукі і ногі, што перашкаджае ім выходзіць зарабляць “трудадні”. У калгасе “Вольная праца” на Гомельшчыне таксама некалькі калгасьнікаў, спухшы, памерла. Сярод людзей паніка, прыезджых упрошваюць забраць дзяцей, каб выратавалі ад галоднай сьмерці. У Нараўлянскім раёне ўвогуле, калі верыць тым падмётным лістам, сотні паміраюць, у Жыткавіцкім таксама… Крэчат уласнаручна падпісваў паперу з загадам, каб знайсьці і арыштаваць аўтара антысавецкага ліста, што прысланы ў Сеньненскую газету “Камунар”: «Самі ходзім голыя, паелі ўсю траву, ліпавы ліст, а з нас патрабуюць малака, мяса... Ня ведаю, як перадаць, як вы зьдзекуецеся над намі, пісаць ёсьць чаго, ды няма каму чытаць гэта. Падумаць, ізгалілі Украіну, цяпер узяліся за Беларусію… Сьмерць Сталіну, далоў сацыялізм!”
        Што ж гэта?
        — Шкодніцтва! Наркамат земляробства расстраляць! — вырываецца з пасінелых вуснаў.
        Страшныя сумнівы паляць душу… Няўжо нешта ідзе ня так, як задумвалі бальшавікі? І як з ім, народным камісарам, апошнім часам некаторыя пачалі размаўляць? Паблажліва, ледзь не пагардліва… А гэтае шыпеньне Касіянава: “Радуйся, што хворы!” Хутчэй, хутчэй адагнаць гэтае блюзьнерства, гэты блёкат!
        Крэчат заходзіцца ў кашлі, маленькая частка лёгкага, якая толькі й ня здрадзіла, засталася служыць, не пасьпявае перадаваць у кроў кісларод. Крэчат амаль з пяшчотай уяўляе гэтае апошняе войска клетак, што змагаецца за яго супраць сьмерці. Адзін за адным мізэрныя воі гінуць, наступіць імгненьне, калі сьмерць чарговага з іх стане агульнай паразай… На колькі ўздыхаў іх яшчэ хопіць?
        За вакном хор маладых, няхай ня вельмі зладжаных, галасоў засьпяваў:
        “Белая армія, чорны барон,
        Знова гатовяць нам царскі трон…”
        Сьпявалі з мясцовым акцэнтам, але — задзірыста, з энтузіязмам… Сілаў падысьці да вакна і паглядзець, хто гэта — рабфакаўцы, чырвонаармейцы, асавіяхімаўцы, — не было. Песьня аддалялася, гублялася ў вулічным шуме.
        Радасьць, шчырая радасьць ахапіла ўсю істоту Крэчата. Жыве рэвалюцыя нават у гэтым забытым Богам куточку, калісьці — ускраіне праклятай Імперыі! Шкада, не пасьпеў яшчэ больш наблізіць эпоху, дзе не спатрэбяцца Касіянавы. Ва універсітэце кубло варожае не падчысьцілі. Акадэмі­каў гэтых паганых, сьпяцоў з жандарскімі каўнерыкамі не паганялі да канца… Кулю ім у лоб! Пятлю! Сам Крэчат ніколі не вагаўся, калі трэба было выстраліць. Толькі адзін раз утрымаўся — каб аддаць здрадніка нашмат большай пакуце. А тое, што вучоны, што вынаходніцтвы — дык мы вырасьцім не такіх яшчэ вучоных!
        Крэчат зноў закашляўся і, перагнуўшыся з крэсла ўправа, сплюнуў у масянжовы таз. Сьмерць заўсёды выглядае непрыгожа. Хаця — ён не з гідлівых. Чамусьці ўспомнілася тое, што яшчэ ў бурсацкім юнацтве замкнуў у самай далёкай шуфлядзе сьвядомасьці: твар маці, таксама схілены над тазам — толькі ў тым тазе ня кроў, а чужая бялізна. Пара амаль захінае грубаватыя рысы, рукі, чырвоныя, распухлыя, спрытна кідаюць-падымаюць тканіну ў казачных замках пены. На сярэднім пальцы пярсцёнак з цьмянага жоўтага металу, ня з золата, уціснуўся ў цела, здаецца, урос, як дрот урастае ў ствол дрэва…
        “Трусік-пампусік! Дзе твой бацька? Сьвіньням сена косіць!”
        Уявіце сабе рэвалюцыянера з прозьвішчам “Трусік”! Міхаіл Трусік! Ня дзіва, што падпольная мянушка сталася ягоным адзіным імем.
        — Я — Крэчат! Крэчат — ня Трусік! — ганарыста хрыпіць чалавек, нібыта намагаецца кагосьці ў гэтым пераканаць, і нават стукае худым кулаком па парэнчах крэсла.
        У партыйным білеце ён так і называецца — Максім Крэчат. Прасіў, каб і на помніку было выбіта толькі гэтае імя.
        А помнік мусіць быць прыгожы… Ён заслужыў. Камісар Крэчат. Бо — што ён больш па сабе пакіне? Усё аддадзена сьвятой барацьбе. Не засталося сяброў. Некаторыя — загінулі. Ад некаторых давялося пазбавіцца — не яму самому, рэвалюцыі. Слабы паплечнік — значыць, вораг. Сям’я, дзеці, каханьне… Не да таго было. Яго сям’я — гэта ўся новая краіна. Увесь працоўны народ. Крэчат моршчыцца ад таго, што нават думка такая гучыць фальшыва. Ну, добра, ня ўвесь народ… Але нехта мусіць яго памяць ушаноўваць. Насіць на магілу кветкі. Неяк пра гэта раней ня думалася… А цяпер думка, што да ягонай магілы можа ніхто ніколі не прыйсьці, падалася невыноснай. Калі б ён ня страціў веры ў Бога… А раптам усё, што гэтак ясна ўяўлялася ў дзяцінстве — той сьвет, анёлы, нябёсны суд — праўда? Тады як яго будуць судзіць? Для сябе ж ён ніколі нічога не хацеў…
        — Нічога… Для сябе…
        Крэчат зноў зайшоўся ў кашлі, і чамусьці пабачылася аблічча Валяр’яна Скаловіча — такім, якім бачыў яго апошні раз, недзе месяц таму. Ганарысты твар, нібыта ператвораны ў белую маску, цёмныя вочы… Безнадзейныя, як само пекла. І скептычная ўсьмешка на вуснах.
        Вось іронія лёсу — апошняе, што ён успамінае перад сьмерцю, гэта аблічча здрадніка.
        Таму што гэта сьмерць. Кроў хлынула горлам, замест дыханьня пачулася нейкае булькатаньне… Нага, зьведзеная сутаргай, перавярнула таз… І ў гэтую чырвоную, сьмярдзючую жыжу ўпаў тварам камісар Крэчат.
        
        Макс, задыхаючыся, падняўся з падлогі. Сам не заўважыў, калі ўпаў… Хаця Едрусь жа тлумачыў — пакуль нехта побач не памрэ, ты як прывід… Цяпер можна рухацца. Макс наблізіўся да памерлага. Асьцярожна крануў цела наском чаравіка… Ну, тут ужо нічым не дапаможаш. Ня вельмі прыгожая сьмерць атрымалася ў камісара… Госьць агледзеўся. Што за месца, дзе давялося апынуцца? Не бальніца. Звычайная кватэра. Макс, наколькі мог хутка, падышоў да пісьмовага стала, схапіўся за паперы… Пасьведчаньне наркампроду… Даклад аб забясьпечаньні насельніцтва харчаваньнем у калгасах Менскай вобласьці… Рука палезла па фотаапарат. Але з кішэні дастаўся брусок нібыта спрэсаванай шэрай гліны. А мабільнік? Яшчэ адзін шэры брусок… Што за містыка? І маланка ў джынсах ператварылася ў аморфную, бляклую металічную паласу… Нібыта сьвядомасьць гэтага часу, як прыдуманая польскім фантастам Лемам планета Салярыс, можа паўтараць вобразы толькі таго, што ўцямна і зразумела, а нешта невядомае і складанае — толькі ў агульных рысах, груба, як муляж… Як дзіця малюе ракету. Урэшце рэшт — фізічны сьвет сапраўды створаны з нічога, па Слове Божым. Ядро атама ў параўнаньні з яго абалонкай — усё роўна што вішнёвая костачка ў параўнаньні з планетай Зямля… Пустэча — тое, што мы цэнім, набываем, дзеля чаго губім іншых і сябе. Слова, думка, вобраз — толькі гэта і мае сапраўднае значэньне.
        Апошні раз зірнуўшы на нябожчыка, які ляжаў тварам у чырвонай лужыне, архівіст выйшаў на вуліцу. Паветра якое чыстае… Як у вёсцы. Але дыхаць цяжка, нібыта грудзі сьцягнутыя жалезнымі абручамі. Бедныя дзяўчаты, што насілі гарсэты… Цікава, ці працягвае нехта насіць гарсэты тут? Наўрад… Тут ужо амаль два дзесяцігоддзі пануе вайсковы стыль. Фрэнчы, гімнасцёркі, шынялі… Але не, людзі, амаль усе — у шэрым, ня ў хакі… Макс успомніў, што ў трыццаць трэцім годзе быў аддадзены загад, які забараняў нашэньне вайсковай формы тым, хто ня служыць у Чырвонай Арміі… І гэтыя, у шэрым, ідуць міма, не зважаючы, не дзівуючыся. Ды ці бачаць прыхадня? І на дамах — ні шыльдаў, ні назваў…
        — Гэй! Дзе… тут… вуліца Леніна? Таварыш… Таварыш… не… падкажаш, дзе універсітэт?
        Голас хрыпіць, як прабіты гармонік. Застаецца спадзявацца, што ўзбу­джальнікі сухотаў такім… неверагодным шляхам не перадаюцца.
        Твары — усьмешлівыя, сярдзітыя, стамлёныя. Вось жанчына (вылінялая чырвоная кофтачка, саматканая спадніца, белая хустка) прыпынілася, угледзелася… Ня ў Макса — у тое месца, дзе ён стаяў. Макс падышоў ушчыльную.
        — Не… падкажаце, дзе… універсітэт?
        У вачах жанчыны мільганула зьдзіўленьне. Рука мімаволі паправіла хустку. Ды што, хіба госьця з будучыні ня бачна? Ён — прывід, ці ўсе тут — прывіды? Макс асьцярожна, з заміраньнем сэрца, крануў кабету за рукаў. І з палёгкай адчуў пад пальцамі шурпатую тканіну.
        — Чаго табе трэба? — жанчына нават трохі адскочыла, нібыта шырокаплечы хлопец праявіўся перад ёю проста з паветра.
        — Універсітэт… — прахрыпеў Макс, баючыся, што яго зараз званітуе. Цікава, гэта будзе лічыцца ўмяшальніцтвам у гісторыю — ваніты з іншага часу на брукаванцы?
        Кабета махнула рукою кудысьці ўправа і хутка пайшла, азіраючыся… Цікава, якім ёй бачыўся Макс? Плыткім, у зьменьлівым мігценьні? Прывідаў, кажуць, нельга пабачыць проста — толькі бакавым зрокам.
        Макс ішоў па вуліцы таго часу, калі ён яшчэ не нарадзіўся. Вось і маеш унікальную магчымасьць для збору матэрыялаў… Але як яе выкарыстаць, калі ты — паўмёртвы ад болю, і вывучаныя да драбніцаў фотаздымкі і карты ніяк не супадаюць, не сумяшчаюцца з гэтымі краявідамі, і сам ты — нібыта ўнутры фотаздымку, і табе не хапае нейкага аднаго вымярэньня… Скрасьці б што-небудзь з гэтага часу — як і належыць прафесійнаму злодзею. Знайсьці Янку Купалу… Папярэдзіць Максіма Гарэцкага аб сьмяротнай небясьпецы… Прачытаць хоць чый-небудзь рукапіс з тых, што канфіскаваныя і спаленыя ва ўнутраным двары “Жоўтага Дому” НКУС…
        Цела бязьлітасна сьціснула нейкая сіла, як быццам апусьціўся глыбока пад ваду… І Макс вярнуўся. Як і Едрусь — зваліўся на падлогу ля сьцяны, абклеенай зялёнымі ў ружы шпалерамі.
        Даліла адразу ўшпіліла яму ўкол глюкозы — ужо ведала, чаго чакаць.
        Першае, што сказаў наш архівіст, калі змог гаварыць:
        — Як, схуднеў я трохі?
        — Прыдурак! — адказала за ўсіх Даліла і ледзь ня ляснула яму па твары. Зьбялелым, але ўсё гэтак жа паўнаватым.
        Мабільнік, фотаапараты і “маланка” на джынсах вярнуліся да ранейшага выгляду. Але не працавалі. А “маланка” нібыта пабывала пад прэсам. Давялося распорваць.
        Што ж — кожны з нас, пабываўшы Там, таксама ня быў ранейшым.
        Настаў час асэнсоўваць чарговую “здабычу”. Генусь прыцягнуў ноутбук, Макс раскінуў свае тэчкі…
        Крэчата ў энцыклапедыі не аказалася. Затое Міхаіл Дармідонтавіч Трусік згадваўся — у “Энцыклапедыі БССР”. Родам з Магілёву. Адукацыя — царкоўна-прыходская школа плюс незакончаная семінарыя. Дзяржаўны дзеяч, камуніст, спрычыніўся да стварэньня сістэмы аховы ўнутранага парадку на Беларусі. Пахаваны на Вайсковых могілках.
        На наступны дзень Даліла і Макс нават адшукалі ягоную магілу, праўда, з цяжкасьцю. Невялікі чорны помнік урос у зямлю. Трава, палын, крапіва, ніводнай кветкі — нават сатлелай штучнай… Надпіс ледзь прачытваецца. Прозьвішча згодна энцыклапедыі. Трусік.
        Потым была доўгая спрэчка. Едрусь адмоўчваўся, а Генусь-Тэрмінатар упёрся: навошта ТУДЫ хадзіць? Паглядзіце на сябе… Разалія Іванаўна да інсульту давандравалася. У пяцьдзясят два гады выглядала на семдзесят. Мы ж нічога ня зьменім. Ці зробім яшчэ горш. Ні адтуль нічога ня вынесьці, ні адсюль… Вы што, сапраўды зьбіраецеся ігрушы пілаваць у 1933 годзе?
        Тады Даліла нечакана сказала:
        — Схадзі ТУДЫ сам. Адзін раз. Слабо? А тады скажаш.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.