 | II СЬВІЦЯЗЯНКА |  |
…Ён туляецца па беразе, беспрытульна азіраецца навокал, і тут вецер праляцеў па цёмным лесе, усхваляваліся й расступіліся воды. Усхваляваліся, расступіліся віры, і – нечуваная ява – над срэбным люстэркам Сьвіцязі расьцьвітае дзявочая краса. Твар яе – нібы бутон белае ружы ў кропельках расы, строй яе, празрысты, нібы туман, ахінае лёгкую постаць. “Мой мілы хлопча, мой малады хлопча, – чула мовіць дзеўчына, – навошта ты блукаеш каля водаў Сьвіцязі ў пару маладзіковую?..
| Адам Міцкевіч |
Драпінкі кіпцяў рысі – сьлёзкі ў ажурнай альтанцы: заўтра плакаць Марысі, бо сёньня пяяць сьвіцязянцы. Сёньня пяяць сьвіцязянцы, граць на палёх верасовых, танчыць вабныя танцы, пасьвіць сычы і совы. Сёньня ў дубовых лісточках анёлы-збаўцы паснулі, а заўтра ў сваіх садочках будуць раўці Ганулі. Я з азёрных наядаў, я – прынада ліцьвіна, муза ягоных балядаў, грай, сьпявай, мандаліна! Я – вадаплаўная птушка, я – лятучая рыбка, недзе ў карчомцы пірушка, плача габрэйская скрыпка. Я – азёрная фэя з вачыма зялёнае сілы, згуба любога Арфэя, ходзь да мяне, мой мілы! Ён пойдзе гэтаю сьцежкай, ён будзе думаць пра Зосю, вой, не хадзіце пешкі, колькі вас там засталося! Мае цалункі й абдоймы лепшыя лекі ад сьвету: забудзьце вашыя соймы, ваша liberum veto! Грайце, мае кастаньеты – дарунак з гішпанскага краю! Забудзь сваё liberum veto – я табе ўсё дазваляю. Я – атрутней, чым грошы, я – жывая магіла, ходзь да мяне, мой харошы, Кася табе маніла. Тут – твае вусны, юнача, тут – насалода згубы, а там пад вадою плача горад, змрочны і любы. Тут шапоча калосьсе, там – тужлівыя зыкі: калі гэта ўсё адбылося, ў месьце былі музыкі. Ня звоняць калі ў касьцёле, з водаў чуваць катрынку. Мы ім насілі солі, дом наш на самым рынку. Там, у глыбях, бы глыба, цісьне на скроні Сьвіцязь, грукае ў шыбіну рыба й грукае сэрца: віцязь. Але засвойваеш чары і вучысься быць бядою, калі твае сьціплыя мары Бог залівае вадою. Калі Ён стрыножыць рухі твае няхітрае полькі, тады ад роспачы й скрухі табе застаецца толькі скокаць дзікія скокі у прыазёрнай смузе, лавіць за хвасты сарокі і на лузе, на лузе ў стозе шукаць іголку, як найцяжэйшую страту, ўсю ноч. І тануць на золку сэрцам на шпіль магістрату.
|
|