РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Марыйка Мартысевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цмокі лятуць на нераст
 
Эсэ ў вершах і прозе
0. Прыгажосьць – гэта...
I. Фрынас
1. Бег, альбо Нацыя эмігрантаў
II. Сьвіцязянка
2. Bronik As We Love Him
III. Barbara Radziwil’s LiveJournal
3. Хадзем са мной
IV. Comme il faut
4. Частка і цэлае
V. Яна і яно
5. Пашлі мяне па-беларуску
VI. Памежныя гісторыі
6. Палеская хроніка
VII. Сястра Зоя і канец сьвету
7. Мае беларусіцы
VIII. І маці іх Сафія
8. Мужчыны, якіх мы выбіраем
IX.
VII. СЯСТРА ЗОЯ І КАНЕЦ СЬВЕТУ
        
VII. СЯСТРА ЗОЯ І КАНЕЦ СЬВЕТУ

        
        
        
I. Сястра Зоя

        
        
1.

        
        Кажуць, сястра Зоя
        нарадзілася ў вайсковай частцы –
        днявальны знайшоў яе ў тумбачцы,
        загорнутую ў парцянку.
        Калі ён нёс яе камандзіру,
        за ім тоўпілася байцоў дваццаць,
        нібы ў пансіянат кармэлітак прымалі
        новенькую, крывенькую, нэгрыцянку.
        Спачатку яе хацелі аддаць
        у найлепшы інтэрнат рэгіёну,
        але бязьдзетныя палкоўнік з жонкаю
        яе ўдачарылі.
        Калі яна ўпершыню адчула ў сабе
        Ёну,
        яна ўжо ведала
        дзевяць лічбаў кірыліцай.
        
        Падрастала дзяўчынка ціха –
        як і любая кіціха.
        
        
        
2.

        
        Сястра Зоя, колькі сябе помніла, чула ў чэраве сваім Ёну.
        Калі яна яшчэ поўзала, ён казаў ёй: “Устань і ідзі”, –
        або: “Маўчы і сядзі”, –
        калі выклікалі да дошкі ў школе,
        або: “Дуры”, –
        калі аднаклясьніцы плявалі на чорны хвартушок,
        або: “Прыгожа”, –
        калі сонца сядала за КПП гарнізону.
        А аднойчы, калі Ёна ізноў сказаў: “Устань і ідзі”, –
        яна ўстала і пайшла – у сьвет цэлы – Нінэвію,
        на завод арганічнага шкла.
        
        
        
3.

        
        Калі сястру Зою
        высялялі з завадзкога інтэрнату
        падчас скарачэньня,
        ёй нешта казалі пра суворыя законы рынку.
        З трох рынкаў гораду
        яна абрала Дамаскі.
        Яе былі нанялі ў шапік “Морапрадукты”,
        але яна вырашыла, няхай гэта будуць фрукты.
        Яна прадавала
        бананы, апэльсіны і ківі
        шумэрскім сялянам,
        чарэшні і чарнасьліў
        падарожным у Дамаск
        і вінаград вам,
        дочкі Ерусаліму.
        
        Яна працавала ў цесным фургончыку
        з шасьці да васьмі
        і жыла ў ім
        з васьмі да шасьці.
        У гэты пэрыяд яе жыцьця
        Ёна вырашыў,
        што будзе расьці.
        
        
        
4.

        
        Дзівосныя дзялы твае, Госпадзе,
        нават тыя, што ў магазыне на скрынках.
        Навіну абмяркоўвалі ўсе на Дамаскім
        і сёй-той на Бабілёнскім рынках.
        Варыянт зь беззаганным пачацьцем
        агучваўся, але жартам.
        Разглядаць ІП ейнага,
        дзеда гэтага,
        Юзіка
        таксама было сьмеху варта.
        Сышліся на тым,
        што й ва ўбогіх бывае інтым.
        
        А яна клалася ў сваім закутку,
        калі на рынку рабілася ціха,
        абхоплівала надзьмуты жывот,
        задаволеная кіціха,
        і ляжала так давідна.
        
        Ёй здавалася, нібы
        Левіяфан – у ёй,
        а Ёна – яна.
        
        
        
5.

        
        Часам сястра Зоя выходзіла
        дапамагчы грузчыку.
        Аднойчы –
        акурат на Каляды –
        яны разгружалі дадатковыя мандарыны.
        Грузчык быў нападпітку,
        ён пацягнуў ніжнюю скрыню.
        Зою зваліла з ног,
        яна ляжала й глядзела,
        як зь неба лятуць мандарыны.
        Некаторыя ляцелі ў скрынях,
        некаторыя – самі,
        і аб твар, грудзі, жывот
        сьмешна шмякалі аранжавыя мячыкі.
        Але галоўнае – цэлыя скрыні:
        імі было балюча.
        Пад лямант жанок і сірэну хуткай
        яна патанула.
        
        А калі яна ўсплыла,
        навокал было ціха-ціха.
        Ляжала яна на баку,
        нібы выкінутая на бераг кіціха.
        І калі доктар зайшоў пацьвердзіць,
        што Ёна сыйшоў зь яе цела,
        яна села на койцы,
        добра ўсё ўзважыла
        і звар’яцела.
        Яна зразумела,
        што гэтая ў ёй пустэча
        хутка мусіць запоўніцца нечым.
        
        
        
        
II. Канец Сьвету

        
        
6.

        
        Вальжыне, Галіне
        
        Сястра Зоя, калі засынала,
        сьніла Неба. Нібы
        Госпад наш Бог сабраў разам усіх бацькоў,
        як Настаўнік на Сходзе,
        устаў перад імі,
        абапёрся плячыма дужымі
        на сонца, якое ўзыходзіць,
        і сказаў:
        
        “Вось жа, шаноўныя, Адміністрацыя
        скрайне незадаволеная
        пасьпяховасьцю вучняў Маіх
        у апошняй чвэрці стагодзьдзя,
        і таму ў наступнай пастанавіла правесьці
        пазаплянавы Апакаліпсіс.
        Адмыслова рыхтавацца ня трэба,
        проста майце на ўвазе, што ён адбудзецца.
        Паколькі час і дата Канца Сьвету
        дакладна яшчэ невядомыя,
        грошы, сабраныя на рамонт кабінэту,
        пакуль што вяртаць ня будзем.
        Я думаю, выдатнікі годна падыдуць
        да Суднага Дня,
        а вось таварышам, за якімі грашкі,
        варта было б падцягнуцца,
        я зараз зачытаю сьпісы...”
        
        Пераканаўшыся,
        што Ёны ў сьпісах няма,
        яна прачыналася. Зьбянтэжаная,
        ня ведала бо, як далікатней паведаміць сыну,
        што ён больш у яе не адзіны.
        
        
        
7.

        
        “Я зноў цяжарная”, –
        
        казала сястра Зоя сяброўкам ціхутка.
        І голасна ўсім:
        
        “Як вам тое, што Канец Сьвету – хутка?
        Чакайце, мы ж з вамі разам чулі пра гэта!
        Не, не сьвятла – сьвету.
        Хоць сьвятло, вядома, зьнікне на самым пачатку,
        ад чаго ляснуцца інтэрнэт і мабільная сувязь –
        тады і пачнецца непасрэдна Апакаліпсіс:
        павыбухаюць кацельныя,
        згаснуць ТЭЦ,
        з кранаў выцеча ўся вада,
        сьмецьце спыніцца ў сьмецьцеправодах
        і беспрытульны прыродны газ
        заструменіць па бязьлюдных вуліцах”.
        
        Але, казала яна, ня варта баяцца сьмерці,
        бо гэта шчасьце – легчы,
        зазірнуць у блакіт Ягоных вачэй і памерці.
        Вы б яе зразумелі, ўбачыўшы Ягоныя вочы.
        Не, пра Збаўцу нічога ня згадвалася,
        хаця,
        можа, гэта й яно –
        яна носіць Яго дзіця.
        
        
        
8.

        
        Гэтак казала сястра Зоя
        гандлярам на Дамаскім рынку,
        доктаркам у жаночай кансультацыі,
        бамжам на вакзале “Нінэвія-пасажырскі”,
        дачнікам у дызэлі на Багдад
        і нават у сюжэце моладзевай праграмы Асырыйскага тэлебачаньня.
        Рэжысэр быў думаў,
        яшчэ адзін ролік пра гарадзкіх вар’ятаў у яго калекцыю,
        але перад тэлескрынкамі ўсчалася паніка.
        Праз тыдзень пасьля этэру, згодна зь міліцэйскай зводкай,
        больш за семдзесят жыхароў
        Акадскай і суседняй Шумэрскай вобласьцяў
        патанулі падчас няўдалай спробы хрышчэньня:
        трыццаць скокнулі ў Тыгр і сорак два – у Эўфрат.
        Ратаўнікі патэлефанавалі псыхіятрам,
        Псыхіятры выслухалі, паклалі слухаўку і адказалі: “Браць”.
        Сястра Зоя барукалася,
        яна пакусала трох санітараў пры затрыманьні
        і толькі пасьля ўколу
        заснула ў прыймовым пакоі ў ваньне.
        
        
        
9.

        
        Канца Сьвету можа й ня быць:
        сястра Зоя, калі яе не пільнуюць, прымае меры.
        Сястра Зоя, у анамнэзе якой напісана:
        “Лічыць, што яна – Багародзіца”, –
        мяняе падушкі на жываце
        (1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9),
        а потым
        кладзецца,
        рассоўвае ногі, тужыцца –
        а
        раптам нехта
        зь яе
        народзіцца.
        
        
        
10.

        
        Для тых, хто сочыць
        за сытуацыяй вакол
        Канца Сьвету:
        сястра Зоя бясьсьледна зьнікла
        з псыхіятрычнай лякарні.
        Мэдпэрсанал бег на дзіцячы плач,
        але знайшоў у палаце
        толькі дзевяць падушак,
        пялюшку, плямы на якой
        складаліся ў выразны малюнак,
        і тры паламаныя німбы
        (адзін вялікі і два маленькія).
        Сьлядоў уцёкаў альбо ўзьнясеньня
        выявіць не ўдалося.
        
        
        
11.

        
        Ну і апошняе:
        калі вы шукаеце тое,
        што ўзьняла нашую цывілізацыю
        па-над плінтусам кайназою –
        вам сястру Зою.
        
        Кажуць, яна дагэтуль
        ходзіць недзе па сьвеце,
        а за ёю бягуць белы коцік
        і чорны выжал,
        і калі да яе падыйсьці,
        сказаўшы: “У цябе прыгожыя дзеці”, –
        то нават падчас Канца Сьвету
        магчыма выжыць.
        
        А знайсьці яе вельмі проста.
        Трэба:
        - вызначыць каардынаты месца,
        у якім Radio Maria беззаганна вяшчае на хвалі 88,14;
        - вызначыць каардынаты Храма Хрыста Спасіцеля;
        - вызначыць каардынаты Гробу Гасподняга;
        - апусьціць пэрпэндыкуляр на найбольшы
        з бакоў атрыманага простакутніка;
        - у кропцы перакрыжаваньня пэрпэндыкуляра з асновай
        паставіць латок з:
        -к-а-р-а-л-я-м-і-
        броШКамі
        зАвушніцАмі
        -бр--ан--за--ле-та--мі-
        стужкамі
        крабікамі
        гРаБяНцАмІ
        гОлкамі
        невідзімкамі
        імакрэтсюл
        і іншымі прадметамі,
        неабходнымі ў штодзённым жыцьці, –
        і тады Багародзіца Зоя,
        па муках ходзячы,
        ня зможа міма прайсьці.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.