РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Марыйка Мартысевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цмокі лятуць на нераст
 
Эсэ ў вершах і прозе
0. Прыгажосьць – гэта...
I. Фрынас
1. Бег, альбо Нацыя эмігрантаў
II. Сьвіцязянка
2. Bronik As We Love Him
III. Barbara Radziwil’s LiveJournal
3. Хадзем са мной
IV. Comme il faut
4. Частка і цэлае
V. Яна і яно
5. Пашлі мяне па-беларуску
VI. Памежныя гісторыі
6. Палеская хроніка
VII. Сястра Зоя і канец сьвету
7. Мае беларусіцы
VIII. І маці іх Сафія
8. Мужчыны, якіх мы выбіраем
IX.
VI. ПАМЕЖНЫЯ ГІСТОРЫІ
        
VI. ПАМЕЖНЫЯ ГІСТОРЫІ

        
        
        
ВЫЕЗД
        эротык

        
        
А. (23 гады), выпускніца філялягічнага факультэту,
        ляціць (праз Варшаву) па запрашэньні вялікіх сяброў
        Беларусі на паэтычны фэстываль у Парыж.
        А. (28 гадоў), старэйшы лейтэнант памежных
        войскаў Берасьцейскай пагранзаставы, заступіў у
        начную зьмену і зьдзяйсьняе пашпартны кантроль
        цягніка “Менск – Варшава”.

        
        Яна падумала: “Трасца, няўжо я ў сьпісах?
        Але колькі я там стаяла, на гэтай Плошчы?” –
        а ён адчуў, што язык у яго высах,
        і мову адняў позірк, што з пашпарту хвошча.
        
        Ён паставіў штамп – усё, на што меў права,
        а яна сядзела, закрыўшыся коўдрай зьнізу,
        таму ён, удаўшы, што робіць сваю справу,
        папрасіў узьняцца і расшпіліць валізу.
        
        Яна расшпіліла, і ён запусьціў туды рукі
        паволі і асьцярожна, нібыта ён быў самы першы,
        хто мацаў гэты вялікі махровы ручнік, касмэтыч-
        ку, 3 станікі: сіні, белы, чырвоны, – француска-
        расійскі размоўнік, 1 спадніцу “максі” і 1 “мідзі”,
        2 маечкі бяз надпісаў і 1 з надпісам “Damn! It feels
        good to be a hamster!”, 2 пары калготак Conte (20
        дэн), 4 пары шкарпэтак, 6 майтак, фэн, дэпілятар,
        крэм для ног, шампунь з кандыцыянэрам для нар-
        мальных і тлустых валасоў, вяхотку-жабку, веча-
        ровую і кактэйль-сукенкі (на ўсялякі выпадак: на
        паэтычных фэстывалях да такога ніколі не даходзіць,
        але ж Парыж!), туфлі на абцасах, шлёпкі-віетнамкі,
        зарадку ад тэлефона Motorola, каралі са штучных
        пэрлінаў,
        так доўга, пакуль – вось удача! – ня выцягнуў вершы.
        
        А далей пачаліся сапраўдныя “жэсьць!” і “ваў!”:
        Такое ня сьнілася й найразьбітнейшаму бітніку:
        ён быў на межах сьвядомасьці – ён не чытаў
        вершаў на польскай мяжы беларускаму мытніку.
        
        Яна сказала сабе: “Вось прыкол! Апішу ў ЖЖ!”
        і вязала яго тэмбрам голасу – слуцкім пасам,
        а ён адчуў ціск у пахвіне: “Ну вот, ужэ…” –
        і адчайна шукаў нагоды застацца сам-на-сам.
        
        “Прашу вас, гражданка А., прасьледуйце вонкі:
        трэба праверыць, ці вы не зьвязаная з НАТА”.
        “Ведаю вас, лейтэнантаў, спачатку абы мікраплёнкі
        ў майтках пашукаць, а потым “прабач-я-жанаты!””

        
        Яна зразумела яго, а ён разумеў, што болей няма чаго
        лавіць яму ў гэтым вагоне і ўвогуле на зямлі,
        і сыйшоў на пэрон, у ноч Берасьця; жонка зь дзецьмі ў яго
        і сапраўды былі.
        
        А яна засталася пісаць sms табе,
        што ўсё ў парадку, што хутка нэўтральным полем
        уедзе ў братнюю Польшчу ў ейнай польскай журбе
        з адвечным польскім пытаньнем, колькі вязем алькаголю.
        
        
        
ТРАНЗИТ
        гавэнда

        
        
В. (19 гадоў), часова беспрацоўная, дабіраецца на заробкі ў
        Чэхію. Галасуе адразу за памежным пераходам у Тэрэспалі,
        плача, бо польскі памежнік аблаяў яе рознымі польскімі
        словамі і сказаў, што яна мае права заходзіцца ў Польшчы
        транзытам содні, а ня пяць, а яна яшчэ хацела заехаць у
        Кракаў да каляжанкі Гражыны.
        В. (31 год) – дальнабойшчык з Баранавічаў. Вязе груз у
        Нямеччыну.

        
        “Што за шум? Хто пакрыўдзіў дзяўчыну?
        Кракаў? Знаю, дзе гэта.
        Мне вышэй, ды сядай, падкіну:
        гэта зло, калі плача кабета.
        Але што з табой, дзеля сьвентых айцоў?
        Хто? Які з пагранцоў?
        Стары альбо малады?
        Худы і руды?
        Яцэк! О, пазнаю паразыта.
        Ён усім так вымае душу, паразыт.
        Супакойся, пяць дзён транзыт,
        тут у сьвеце мы ўсе транзытам.
        Мне так сказаў адзін ксёндз,
        я яго ўзімку падвозіў.
        Уяўляеш, Вадохрыст, мароз –
        і ксёндз стаіць пры дарозе.
        Але што тут рабіць пяць дзён? Гэта ж Полянд – поле!
        Я б закіс на трэція содні,
        йшоў бы 5 у гадзіну, паволі,
        як Гроб Гасподні,
        абмінаў бы мыйкі, чытаць каб, што дзеці
        пішуць пальцам па брудзе,
        выпіваў бы ў матэлях за час, калі ў сьвеце
        межаў болей ня будзе.
        А жыцьцё, ксёндз казаў, – транзыт, доўгі шлях паміж межамі
        і да т.п.
        Цмокi лятуць на нераст | 67
        й трэба ў Бога прасіць пра шанец
        перажыць яго без ДТП.
        Добры ксёндз, вось, пакінуў ружанец.
        А Яцку – даруй небараку:
        вёска польская, польскае войска…
        Тут на Кракаў.
        Бывай здарова.
        Будзе час – зазірні ў Чэнстахову,
        там Матка Боска”.

        
        І пайшоў на Зялёну Гуру,
        над трасай пара,
        урачыста, бы вёў ня фуру,
        а фару.
        
        
        
ВЪЕЗД
        абразок

        
        
С. (21 год), студэнт-праграміст,
        вяртаецца аўтастопам з Амстэрдаму (Крыму),
        але ўрэшце гэта яго задзірае і ў Чарнігаве (Варшаве)
        ён бярэ квіток на цягнік да Менска.

        
        Першы раз яго так страмала
        падчас нараджэньня, калі
        ён выносіў з утульнага ўлоньня маці
        ў сьвет цэлы
        свой кантрабанды крык
        і радзімую пляму на левым плячы.
        
        Так і цяпер
        ён вывозіць з гэтай утульнай,
        хоць і вялікай яму краіны
        сваё піва звыш нормы (“Білу ніч” альбо “Zywiec”)
        і, як белых халатаў, баіцца блакітнай формы
        мытніка, чый позірк расцэньвае як падазроны,
        але вось ён ужо чакае канца санітарнай зоны,
        шчасьлівы, паршывец,
        але не таму, што Палесьсе,
        бярозкі ў восеньскім лесе,
        карацей, не таму, што Радзіма,
        а таму, што радзіма,
        і нарэшце можна наперад вярнуць гадзіньнік,
        і нарэшце можна расслабіцца і запаліць,
        таму што ў заплечніку “Zywiec” (ці “Біла ніч”)
        і плюшавы мішка – адзінай.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.