РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Марыйка Мартысевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цмокі лятуць на нераст
 
Эсэ ў вершах і прозе
0. Прыгажосьць – гэта...
I. Фрынас
1. Бег, альбо Нацыя эмігрантаў
II. Сьвіцязянка
2. Bronik As We Love Him
III. Barbara Radziwil’s LiveJournal
3. Хадзем са мной
IV. Comme il faut
4. Частка і цэлае
V. Яна і яно
5. Пашлі мяне па-беларуску
VI. Памежныя гісторыі
6. Палеская хроніка
VII. Сястра Зоя і канец сьвету
7. Мае беларусіцы
VIII. І маці іх Сафія
8. Мужчыны, якіх мы выбіраем
IX.
VIII. І МАЦІ ІХ САФІЯ
        
VIII. І МАЦІ ІХ САФІЯ

        
        
        
Yhvh.by

        
        [На Беларусі Бог жыве… У.Караткевіч]
        [В деревне Бог живёт не по углам… І. Бродзкі]

        
        Курган і дарога, і берагі два ў ракі.
        Прывезла Табе цяльняшку – бяры й насі,
        мой колісь магутны сівенькі Божа, які
        у пэнсійным узросьце пасяліўся на Белай Русі.
        
        Мой пастаральны Госпад – сьціплы пчаляр,
        рой вясковых турботаў у яго галаве:
        зьдзейсьніўшы найсаладзейшую зь існых мар,
        ён у слоікі мёд ліе і бароніць вульлі свае.
        
        Госпадзе, Ты сплятаеш цыбулю ў вянкі
        і пчолак, цалуючы, садзіш сабе на язык.
        Даруй нам занятасьць сабой і імпэт гарадзкі,
        як даруем і мы невяртальнікам нашых пазык.
        
        Даруй нацыяналісту, каторы кажа: перадусім
        Мова, і лёзунгам глушыць зумканьне пчолаў тваіх:
        ён тут і такім нарадзіўся, зрэшты, мы ўсе вісім
        на гэтым, хоць і не зьбіраемся больш за траіх.
        
        Даруй фэміністцы, каторая кажа: усе мужыкі
        казлы, й канкуруе зь нябёсамі сіньню сваіх панчох.
        Даруй ёй, хаця, магчыма, я і сама з такіх:
        Ты не крыўдуй на дурніцу, мой патрыярхальны Бог.
        
        Даруй антыглябалісту, каторы зь дзіцячай рукі
        вышыбае бляшанку колы і гамбургер топча двайны.
        Даруй нам усім, бо гэта не на вякі,
        гэта на пару хвілін да пачатку вайны.
        
        
        
Wiosna narodow

        
        XVIII стагодзьдзе.
        Прыходзіць дзяўчынка па навуку ў маёнтак,
        кажа: “Дабрыдзень, цётачка!” –
        а ёй – бізуном па срацы:
        
        Mow, kurwa, po polsku!
        Mow, kurwa, po polsku!
        
        ХІХ стагодзьдзе.
        Прыходзіць хлопчык па навуку ў школку,
        кажа: “Дабрыдзень, дзядзечка!” –
        а яму – лінейкай па пальцах:
        
        Говори, блядь, по-русски!
        Говори, блядь, по-русски!
        
        Адно й застаецца радасьці:
        кароўкі ў полі,
        каштэлі ў прыполе
        і хлеб на абруску.
        
        
        
Love is…

        
        Любовь – это два сердца на одной булавке.
        Зь дзявочых анкетаў.

        
        Што такое страла Амура, я ўведала рана.
        Я гасьціла ў Польшчы, й Альжбета, мая гаспадыня,
        прынесла аднойчы зранку навіны з крамы
        пра “жах, які здарыўся ўчора ў суседняй гміне”.
        
        Першы цалунак, нясьмелыя першыя крокі –
        такога раней не было ў іх жыцьцёвым цыклі,
        яна яму шалік вязала, зрабіўшы ўрокі,
        ён прагульваў урокі й катаў яе на матацыклі.
        
        Яны не прысьпешвалі дзеяў ні ў вершах, ні ў прозе,
        яны проста любілі дарогу й самотныя гонкі,
        але вось “учора” на іх улюбёнай дарозе
        фурман, распрогшы, каня паіў ля калёнкі.
        
        І быў вецер у сьпіну, і быў далягляд чысты,
        але тут гэты воз. Фурман толькі й выгукнуў: “Во бля!”
        (ці як там па-польску?) – калі таго матацыкліста
        і яго пасажырку наскрозь працяла аглобля.
        
        Вось табе й “лав мі тэндэр”, вось і “бэсамэ муча”, –
        жах ажылай мэтафары, сьмерць у суседняй гміне...
        Я тады зразумела: каханьне – гэта балюча,
        ў асабліва цяжкіх выпадках каханак гіне.
        
        Яны маглі б разьвітацца, бо яна паступіла ў Варшаву,
        альбо кахацца на кухні, бо хатнія выйшлі,
        ды Амур, зрабіўшы сваю амурную справу,
        пакінуў іх сэрцы вісець на адным дышлі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.