РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Марыйка Мартысевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цмокі лятуць на нераст
 
Эсэ ў вершах і прозе
0. Прыгажосьць – гэта...
I. Фрынас
1. Бег, альбо Нацыя эмігрантаў
II. Сьвіцязянка
2. Bronik As We Love Him
III. Barbara Radziwil’s LiveJournal
3. Хадзем са мной
IV. Comme il faut
4. Частка і цэлае
V. Яна і яно
5. Пашлі мяне па-беларуску
VI. Памежныя гісторыі
6. Палеская хроніка
VII. Сястра Зоя і канец сьвету
7. Мае беларусіцы
VIII. І маці іх Сафія
8. Мужчыны, якіх мы выбіраем
IX.
3. ХАДЗЕМ СА МНОЙ
        
3. ХАДЗЕМ СА МНОЙ

        
vademecum па горадзе Менску

        
        
        
        Мусіць, з кожным у жыцьці здараліся сытуацыі, калі на даляглядзе зьяўляўся іншагародні альбо замежны сябар (далей – госьць) ці нават натоўп гасьцей (-ёў) з іншаземных абласьцей (-ёў), які чакана альбо нечакана зваліўся на галаву і прагне новых уражаньняў. У чалавека, які добра знаецца адно на геаграфіі свайго спальнага раёну, пачынаецца мандраж ад думкі, што яму трэба паказаць уласны горад з прыгажэйшага фасаду, а часам і разабрацца, дзе ж ён ёсьць, гэты фасад.
        Складаючы свой пуцяводнік па горадзе Менску, я не імкнуся апісаць усё пэдантычна і дэталёва, а толькі неахайна махаю рукою ў тым ці іншым накірунку ў адказ на пытаньне how to get to… Дый не пуцяводнік гэта зусім. Так, некалькі настраёвых шпацыраў па Менску. Гэта акурат тое, як перакладаецца з лаціны vade mecum – “хадзем са мной”. А там будзе відаць…
        
        
        
Шпацыр першы
        AULD МЕНСК
        (Верхні горад)

        
        Вы стаіцё на гары каля Белай царквы. Першыя фотаздымкі панарамы гораду, паветра ў грудзі – і наперад. Цэнтар арэалу, які вы маеце агледзець – плошча Свабоды. Раней яна насіла назвы Верхні рынак, Ратушная і Саборная. Апошнюю назву яна мела таму, што ў ХІХ стагодзьдзі яе атачалі каля тузіну храмаў. Колькі засталося да нашых часоў – можаце палічыць разам з госьцем. Вандроўка старым горадам нядоўгая, аднак даволі насычаная, калі ты вырашыш падрыхтавацца (балазе турыстычная літаратура ў РБ пачынае руліць) і апавядзеш госьцю ўсё, што расказалі б ацалелыя муры, калі б яны размаўлялі.
        Выгодныя месцы для мэдытацый на гэтым маршруце – музэй Ваньковічаў (вул. Інтэрнацыянальная 33-а) з аўрай шляхецкай сядзібы пачатку ХІХ стагодзьдзя і сьцяна Цоя цераз дарогу ад яго. Каму дзе ўтульней.
        
        
        
Шпацыр другі
        МЕНСК. ПРЫЦЕМКІ
        (Праспэкт Скарыны. Фрагмэнт)

        
        У трывожную гадзіну сутоньня, пракрочыўшы мэтраў 50 ад ганку Мэтрапалітэну ў кірунку Паштамту, спыніцеся: гэта адна зь нешматлікіх кропак, адкуль у Менску відаць Пішчалаўскі замак, альбо славутая Валадарка. За савецкім часам гэты рамантычны палац у новаангельскім стылі – піск моды канца ХІХ стагодзьдзя – стаў беларуcкай Бастыліяй. У 30-я гады там сядзелі ўсе. Гэтыя чатыры вежы, якія тады называлі “амэрыканкі”, былі першым, што аднавілі Саветы пасьля вызваленьня Менску ў 1944-м. Сядзяць там і цяпер. Хлопцу будзе да твару пакутліва ўзьняць вочы ўгору і прызнацца, што і ён прабавіў некалькі страшных дзён у гэтых засьценках. Вядома ж, праз памылку альбо зь вельмі высакароднай прычыны… Натуральна, трымалі цябе “вунь у той” вежы. Як там унутры? Брррр… Вежавыя камэры нарэзаныя сэктарамі, таму пачуваесься, нібы ўсярэдзіне імяніннага торта…
        Аповед пра вашыя прыгоды на Валадарцы можа стаць лягічнаю зьвязкаю падчас пераходу ад плошчы Незалежнасьці да будынку пад вежай сьвятога Лаўрэна. Скончыць дзень можна півам на “Фэліксе”.
        
        
        
Шпацыр трэці
        МЕНСК TIMES NEW ROMAN
        (вул.Багдановіча/Траецкая гара)

        
        Гэта быў самы высокі пункт Барысаўскай заставы – рэдут Сьвятое Тройцы. Мусіць, глеба ўвабрала ў сябе водар вайсковага мінулага, і яго адчуў Ёсіф Лангбард, які ў 1930-я гады пачаў ставіць тут Беларускі тэатар Опэры й Балету… Ёсьць у спраектаванай ім спарудзе нешта ад трагічнай велічы палацаў позьняга Рыму. Стрыманасьць і суворасьць беларускага канструктывізму чаруе. Зеляніна крыху злагоджвае эфэкт, таму лепш ня браць у кадар дрэвы, факусуючыся адно на холадзе чыстай красы… Калі твой госьць эстэт, у любы час сутак на фоне тэатральных калёнаў у вас атрымаецца стылёвая фотасэсія.
        …Магчыма, твайму сугуба замежнаму госьцю сталага веку захочацца пабачыць Опэрны тэатар усярэдзіне. Ненавязьліва пратэстуй. Калі ж квіткі ўсё-ткі будуць набытыя, папярэдзь яго, хай не зьдзіўляецца, калі раптам публіка ў залі будзе вітаць яго плясканьнем і стоячы. Хутчэй за ўсё яго, як адзінага гледача ў смокінгу, прымуць за дырыжэра.
        Пасьля “штурму” Траецкай гары можна пасядзець у сквэрыку Марата Казея, у змрочным і таямнічым месцы сыесты гарадзкіх люмпэнаў, альбо адпачыць сярод вясёлага кічу Траецкага прадмесьця, у эклектычнай і наіўнай, але ўтульнай раскошы яго музэяў і кавярняў.
        
        
        
Шпацыр чацьвёрты
        NIAMIHA DRIVE
        (касьцёл сьв. Сымона і Алены – Валадарскага – Гарадзкі вал – Няміга)

        
        Паўз Рускі тэатар, у якім яшчэ можна пазнаць былую сынагогу, паўз радзільню №1 на Валадарскага, у якой ты, магчыма, нарадзіўся, цераз новаствораны арэал спатканьняў “на Міцкевічы” вы плаўна сьцякаеце на Нямігу. У ХІХ стагодзьдзі ад каліcьці глыбокай ракі засталася ручаіна, церазь якую падчас вясновых паводак прадмесцкія габрэі перавозілі менчукоў. Можна толькі фантазіяваць, як бы тут усё выглядала, калі б Нямігу не загналі ў калектар, а ізноў паднялі ў ёй ровень вады. Дзе тыя ажурныя масткі і белыя лодачкі… Цяпер тут ці ня самы капіталістычны краявід сучаснага Менску.
        McDonalds, Zepter, casino Princess і іншыя буржуйскія надпісы на адным пятачку. Маленькае Токіё, дый годзе.
        З тэрасы гандлёвага дому – галоўнай моладзевай пагулянкі – добры від на старую Нямігу. Яшчэ адна выгодная кропка для фотаздымкаў.
        Таксама вартыя ўвагі музэй кіно (Сьвярдлова, 4) з сапраўдным рэтра-інтэр’ерам на адным канцы маршруту і вабноты стравень Ракаўскага прадмесьця на другім.
        
        
        
Шпацыр пяты
        МЕНСК NOUVEAU
        (праспэкт Машэрава)

        
        Праспэкт Машэрава (да сьмерці гэтага самага дэмакратычнага з кіраўнікоў КП Беларусі ў 1980-м – Паркавая магістраль) з самага пачатку плянаваўся БССРаўскімі горадабудаўнікамі як чарада высотак савецкага “бізнэс-цэнтру” леваруч і зона спорту і адпачынку справа, таму было б цалкам лягічна гэтую частку маршруту паказаць госьцю, стаўшы разам зь ім на ролікі альбо сеўшы на ровары.
        Адрэзак паміж крамай “Рамонак” і “Машэраўскім”. Фантаны ў этнічным стылі з атлетычнымі фігурамі юнакоў і дзяўчатак – гарманічнае спалучэньне ідэяў перабудовы і Адраджэньня. Падземны пераход са сьценамі пад кафлю – нібыта зрэз самага старажытнага культурнага слоя гэтага гораду. Вельмі прыемны адціначак. Настальгія па сямейных сэансах у кінатэатры “Масква” і васьмідзясятыя фарэва!
        Каля гасьцініцы “Юбілейная” варта перабрацца на іншы бок праспэкту і наблізіцца да Камсамольскага возера. Называецца яно так, бо капалі яго і напраўду камсамольцы. Адны кажуць, што адкрыцьцё толькі плянавалася на 22 чэрвеня 1941 году, іншыя – што фэст такі-адбыўся, і што проста адсюль, у белых кашульках і выпускных сукенках, нашыя дзядулі і самыя адважныя нашыя бабулі ішлі запісвацца на фронт.
        Парк пасадзілі ў 1945, у гонар Перамогі, а ў 1980-я, тут, паводле трапнага выразу аднаго сучаснага летапісца, “узьмятнулася 45-мэтровая стэла”. Побач са стэлай – маці-Радзіма, беларускі варыянт. Тое, што яна трымае ў рукох і што нагадвае глюкагенныя грыбкі – гэта фанфары, сымбаль “трыадзінства Савецкай арміі, падпольшчыкаў і партызанаў”. Але зь цягам часу помнікавы комплекс страціў свае былыя канатацыі і ператварыўся ў яшчэ адзін фалас, якому езьдзяць пакланіцца менскія маладажоны. Значна цікавей апавесьці пра драўляныя дамкі, якія помнікавы насып затуляе ад праспэкту. Яшчэ некалькі год таму, па чутках, там жыла камуна крышнаітаў, якая ад раньняй вясны да позьняй восені пасьвіла сваіх каровак у парку каля Камсы і на разьдзяляльнай паласе праезнай часткі, а часам пускала іх пагуляць і ўзімку. Міліцыя нічога не магла парабіць са сьвятымі жывёламі, і скончылася ўся гэтая сансара, толькі калі ў Менску пачалі касіць газоны.
        Падыхаўшы сьвежым паветрам на паркавых роварных сьцежках і пафоціўшыся ў спартовых строях на фоне “кветачкі” “БелЭкспа”, можна скончыць маршрут каля Футбольнага манэжу, які зь нядаўняга часу варта прэзэнтаваць няйнакш як “пляцоўку, дзе Ваўчкоў нацягнуў Южнага”.
        
        
        
Шпацыр шосты
        МЕНСК ПАВАЕННЫ
        (вул. Кісялёва, Чычэрына, Камуністычная, Захарава)

        
        У ціхае надвор’е добра нырнуць у арку рэстарацыі “Белая вежа” і заблукаць на гэтых вуліцах… Кажуць, большую частку жылых дамоў тут будавалі пасьля вайны палонныя жаўнеры вэрмахту. Можа, таму час цячэ тут паважна, амаль па-бюргерску. Часам падаецца, што проста непрыстойна заходзіць сюды бяз кепачкі “аладкай” і палітончыку, перашытага з вайсковага шынялю. Улетку ў гэтых дворыках прыемна затусавацца самому (-ой) з пакецікам макавых сушак і раманам “У жніўні 44-га”. Гуляючы па гэтых вулках з госьцем, кіруйцеся на Шпіль, і ваш маршрут пакрысе прывядзе да доміка І зьезду РСДРП. Узьнясіце хвалу таму анёлу, які захаваў для нашчадкаў гэтую выспачку менскай гарадзкой культуры пачатку ХХ стагодзьдзя і папрасіцеся ў вахцёркі на экскурсію.
        
        
        
Шпацыр сёмы
        МЕНСК У CO UNTRY-STYLE
        (сядзібна-паркавы комплекс Лошыца)

        
        Дваццаць хвілін ад цэнтру на 5-м тралейбусе – і перад вамі Лошыца: аазіс старасьвеччыны сярод прыгарадных новабудоўляў і даступны прыклад таго, што мелі на ўвазе аўтары брэнду “Салодкі фальварак”. Сядзіба гэтая аднойчы ледзь ня стала “Прэзыдэнцыяй”. Нашчадак уладальнікаў сядзібы граф’ёў Прушынскіх вярнуўся ў пачатку 1990-х на гістарычную радзіму з мэтаю балятавацца ў прэзыдэнты РБ. Турыста брутальна абламалі, і таму рэстаўрацыя маёнтку доўжыцца і сёньня. У Лошыцкім парку робяць шторанкавы jogging жыхары Серабранкі, на сьцены паравога млына караскаюцца альпіністы, а ў красавіку каля сядзібы цьвіце магнолія. Былая панская вінакурня цяперака – слынны менскі сквот, дзе і дагэтуль жывуць без прапіскі мастакі і іншыя падазроныя асобы.
        
        
        
Шпацыр восьмы
        МЕНСК INDUSTRIAL

        
        Гады два таму Дэвід Лінч наведаўся ў Чэхію. Падчас перабываньня там ён спрабаваў адшукаць завод альбо фабрыку сацэпохі, вялізарную і закінутую, для здымак свайго чарговага шэдэўру.
        Мэтр ня ведаў, у якую амбасаду яму ісьці па візу. Бо, напрыклад, Жодзіна пры пэўных умовах магло б стаць Нясьвіжам беларускага індустрыяльнага турызму. Зірні іншымі вачыма на ТЭЦ-4, завод Кірава і іншыя фабрыкі ў тваім акне. Прычым прылізаныя МАЗ і “Атлянт” пакіньма ўбаку ад экскурсійнага маршруту. Месцам паломніцтва аматараў постсавецкіх краявідаў могуць стаць могілкі пад’ёмных кранаў (вул. Сіліцкага, Шабаны). Пакуль што там гойсаюць толькі схватчыкі…
        
        
        
ЗАЦЕМКІ НА ПАЛЯХ ТВАЁЙ МАПЫ:

        
        • Першае ўражаньне – адзін з самых істотных момантаў. Падземны пераход ад цягнікоў да мэтро працуе спраўна, але сустракаючы госьця на чыгуначным вакзале “Менск-Пасажырскі”, колькі б валізаў ні звалілася на цябе з тамбура вагону, раю падцягнуць госьця на гару, у залю чаканьня і спусьціцца ў вэстыбюль новага вакзалу на эскалятары. Спрацоўвае асабліва ў вечаровы час, калі на вежах Прывакзальнае плошчы ўрубаюць падсьветку. Пасьля гэтага ты можаш валіць госьцю ўсю праўду: і пра зьнішчаную старую архітэктуру, і пра грошы падаткаплатнікаў, якія штоночы згараюць у гарадзкой ілюмінацыі… Празь некалькі дзён ён усё адно паедзе на радзіму, несучы мэсыдж пра Менск як сталіцу чысьціні і добрапарадку.
        • Старайся не вадзіць і не вазіць госьця аднымі і тымі ж шляхамі. Шпіёна заблытаеш, цікаўнаму чалавеку пакажаш больш новага. Не злоўжывай мэтро – хопіць адной-дзьвюх паездак, каб госьць адчуў, якое яно ў нас сьветлае і зручнае.
        • Памятай, што ты паказваеш госьцю свой горад. Знаходзь ракурсы, зь якіх можна цікава падаць тыя ці іншыя аб’екты. Магчыма, 2-я гарадзкая клініка – ня проста больніца ў будынку былога Ўзьнясенскага манастыра, а месца, дзе табе выразалі апэндыцыт. Зрэшты, не перашчыруй. Заўжды балянсуй паміж Менскам “тваім” і “ўсіхным”.
        • Апавядай гісторыі. Ад хрэстаматыйных легенд пра асілка Менеска і бітву на Нямізе да баек, якія ты быў чытаў у “Вячэрнім Мінску”. Адзінае не забывайся аб прывязцы да мясцовасьці.
        • Калі маеш колы, можаш пракаціць госьця паўз увесь сталінскі ампір праспэкту Скарыны. Але падчас пешай вандроўкі горадам лепш разьдзяліць праспэкт на часткі, праходзячы кожнага разу па некалькі кварталаў і ўчасна збочваючы ў суседнія вуліцы і сквэры. Хаця, фанаты могуць адужаць і ўсю дыстанцыю, ад школкі БДПУ да ст.м. “Усход”. Гэта 12 км. І 2,5 гадзіны хады. У добры шлях.
        • Болей інтэрактыву. Сумяшчай прыемнае з карысным. (Напрыклад, небалтаславянскаму замежнаму госьцю можна апавесьці пра абрад Купальля і папараць-кветку, плёхаючыся ў сьпякотны дзень у фантане “Вянок”, што ў Купалаўскім сквэры).
        • Плянуй маршрут так, каб доўгія пешыя пераходы чаргаваліся з адпачынкам.
        • Дадай у экскурсію экстрыму: калі ня маеш доступу на дах “дому з караблікам” – найвышэйшага менскага хмарачосу – хаця б пакатай госьця на коле агляду ў парку Горкага.
        • Сусьветны турызм стаіць на тым, што прадставіць замежніку краіну – гэта, сярод іншага, даць яму пасмакаваць і памацаць айчынныя гандлёвыя маркі. Пачынаючы ад бульбы на дранікі і станікаў “Мілавіца” і заканчваючы СD – на гэтым тыдні вы толькі і купляеце, што беларускае.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.