РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Марыйка Мартысевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цмокі лятуць на нераст
 
Эсэ ў вершах і прозе
0. Прыгажосьць – гэта...
I. Фрынас
1. Бег, альбо Нацыя эмігрантаў
II. Сьвіцязянка
2. Bronik As We Love Him
III. Barbara Radziwil’s LiveJournal
3. Хадзем са мной
IV. Comme il faut
4. Частка і цэлае
V. Яна і яно
5. Пашлі мяне па-беларуску
VI. Памежныя гісторыі
6. Палеская хроніка
VII. Сястра Зоя і канец сьвету
7. Мае беларусіцы
VIII. І маці іх Сафія
8. Мужчыны, якіх мы выбіраем
IX.
7. МАЕ БЕЛАРУСІЦЫ
        
7. МАЕ БЕЛАРУСІЦЫ

        
        У кніжках пра Гары Потэра ёсьць скразная тэма з пасадаю настаўніка па абароне ад цёмных сілаў, якая, маўляў, заклятая, і таму ніхто ня можа прапрацаваць на гэтай пасадзе больш за год. У маім школьным жыцьці такіх выразна заклятых прадметаў было некалькі, але, з пэўных прычын, мяне найбольш закранулі два зь іх – гісторыя і беларуская мова/літаратура. Пра настаўнікаў гісторыі я маральна гаварыць не гатовая, у 1990-я гады з школьнымі курсамі гісторыі ўвогуле адбываліся страшныя мутацыі – спачатку ў адзін бок, а потым у іншы. Сярод саміх жа настаўнікаў, якія вучылі мяне на працягу сямі гадоў, нармальных было толькі два, астатнія пяць-шэсьць пакінулі ў нас ня веды пра дзеі сьвету, а хіба што цяжкія псыхічныя траўмы. Гісторыя забівае. Мае школьныя настаўнікі гісторыі – тэма не для публікі, а вельмі інтымная альбо калі ўсе нап’юцца.
        Настаўніцы беларускай мовы, хоць і спаборнічалі з гісторыкамі ў тым, хто дасьць нам менш ведаў, былі даволі бяскрыўдныя для дзіцячай псыхікі. А пададзеныя ў храналягічнай пасьлядоўнасьці гэтыя, кожная па-свойму калярытныя, кабеты могуць даць амаль поўную алегорыю беларускай мовы ў сучаснай Беларусі.
        
        
        
2 кляса:
        ІГАР І ІРА

        
        Пісаць літары я навучылася ў чатыры гады. Пісаць беларускія літары я навучылася ў другой клясе. У расійскамоўнай беларускай школе ёсьць цэлая мэтодыка навучаньня беларускаму пісьму. Яе практыкуюць на першых уроках першай чвэрці таго году, калі ў праграму ўводзіцца беларуская мова. Настаўніца (у маім жыцьці гэтая адказная місія выпала анёлу ад пэдагогікі, (дарагой) Алене Сяргееўне) з дапамогай “пропісаў” паказвае вучням, як пісаць літары “Іі” і “Ўў”.
        У дзяцінстве я была страшэнна ласая на новыя веды, і таму першых урокаў адзінага новага прадмету ў раскладзе чакала зь нецярплівасьцю. Алена Сяргееўна прыгожа выводзіла на дошцы, а мы выводзілі сьледам за ёю: “Ігар і Іра ідуць у школу”. “Ігар і Іра” – выводзіла я ў сшытку незвычайныя спалучэньні літарак, – “Ігар і Іра”. ІІІІІІІІІІІІІІІ, іііііііііі, – “Ігар”. “І Іра”. А лепей – “І Ігар, і Іра”. Напісаньне гэтай літары прыносіла мне нейкую фрэйдысцкую асалоду. Менавіта Ігар і Іра, а не Алена Сяргееўна ці нехта іншы былі маімі першымі настаўнікамі беларускай мовы. Гэта цяпер ідэя настаўнікаў-сымулякраў можа падацца сьмешнаю, а тады я вельмі яскрава ўяўляла сабе гэтую парачку. Яны былі брат і сястрычка, выяўленыя на дарожным знаку “Асьцярожна, дзеці!”. “Ігар і Іра ідуць прас вуліцу. Ігар ідзе ў школу а Іра ў сат”, – пісала я дома, хоць Алена Сяргееўна не задавала. Каб патрапіць у наш дзіцячы садок, вуліцу пераходзіць было ня трэба. Але дзеля таго, каб папрактыкавацца ў напісаньні менш цікавай, але таксама новай літары “ў”, варта было саграшыць супраць рэальнасьці. Ігар і Іра былі героямі маёй першай літаратуры.
        Фалацэнтрычна фіксуючыся на літары “Іі”, я ані кроплі ня дбала пра арганічнае ўключэньне яе ў шэраг тых літарак, якія ўжо ўмела пісаць па-расійску. Літарка “і” ў маім почырку на ўсё жыцьцё засталася аднаасобніцай, не спалучанай з суседкамі па слове.
        
        
        
5-6 кляса:
        ЭМА ГЕНРЫХАЎНА

        
        Эма Генрыхаўна ўдала збалянсоўвала ў сабе дабрыню і строгасьць і ўмела абыходзіцца з малодшымі школьнікамі. Ейных урокаў літаратуры я ня памятаю зусім, адзіны вобраз яе навукі – бясконцыя сшыткі, мэханічна сьпісаныя практыкаваньнямі на розныя правілы афіцыйнага правапісу, якія, дзякуючы ёй, цяпер ужываюцца рэфлекторна. Пад уплывам мэтадаў Эмы Генрыхаўны я ўспрымала беларускую мову як нешта мёртвае, нейкую лаціну, прыдатную толькі на тое, каб быць запісанай у сшытак фіялетавым атрамантам. Апошняя сустрэча з Эмай Генрыхаўнай, пасьля таго як яна звольнілася са школы, атрымалася ня вельмі пэдагагічнаю. Гэта была сярэдзіна 1990-х, час стыхійнай камэрцыі і брудных ларкоў са сьнікерсамі. Калі я стаяла ў чарзе па жуйку ў адзін з такіх ларкоў, Эма Генрыхаўна выходзіла, скончыўшы працу, з суседняга.
        
        
        
6-7 кляса:
        ЯДЗЬВІГА ДАНІЛАЎНА

        
        Ядзьвіга Данілаўна была лагодная балбатлівая бабуля гадоў за 70. З такімі больш карысна сутыкацца ў клясе 11-й, калі ты хоць крыху разумееш, што перад табой – хадзячы музэйны экспанат і сьведка часу. Яна паходзіла з Заходняй Беларусі, з каталіцкай сям’і, але з 20 гадоў была ў Менску, у настаўніцкай тусоўцы, адкуль паходзіць добрых 60% сучаснай школьнай праграмы белліту. Таму шмат якія ўрокі праходзілі ў жанры мэмуараў, што нам пасавала як найлепей: калі гаворыць настаўнік, вучань адпачывае. У нас нават быў спэцыяльны прыём “разгаварыць Ядзьвігу” – адзін з аднаклясьнікаў, мяркуючы па прозьвішчы і выглядзе, плод палкага каханьня беларуса і эскімоскі, – меў жахлівую беларускую вымову, і слова “гэта” вымаўляў як “гета”. “Скажы “гета”!!!” – шапталі яму хлопцы, калі яго выклікалі да дошкі. Таму што, пачуўшы слова “гета”, Ядзьвіга кожнага разу пускалася ў аповеды пра галякост і пра тое, што на месцы Мінскага гета стаіць наша школа і што ў яме за адзінаццатым домам расстрэльвалі габрэяў.
        Аднойчы яна прынесла на ўрок асобнік газэты “Звязда” і прачытала пра тое, што рыхтуецца рэформа і афіцыйным правапісам стане тарашкевіца. Ніхто нічога не зразумеў, але, як выявілася пазьней, гэта быў урок запаволенага дзеяньня.
        Ядзьвіга Данілаўна была адзіная беларусіца, якая натхняла на рыфмы нават самых непаэтычных вучняў школы: “У Ядзьвігі зьдзьвігі!” – злацешна шапталі старшаклясьнікі ў яе за сьпінаю. На адным з урокаў яна апавядала, што пасьля інстытуту магла стаць тэлевядучаю – пайшла на спробы БТ, але апранула модную тады сукенку з жалезнымі гузікамі. Ад гузікаў фаніў мікрафон, і запіс не прайшоў конкурс з тэхнічных прычын. Так яна стала настаўніцай, але і ў 70 гадоў яна хадзіла па школе горда і станіста, як савецкая тэлевядучая, замест традыцыйных старэчых апранахаў лёгка ўяўлялася вінтажная сукенка з жалезнымі гузікамі і туфлі на плятформе.
        Яна памерла, калі мы толькі перайшлі ў 8-ю клясу, але, як гэта часта бывае, яна была найбольш жывою з усіх у гэтым сьпісе. R.I.P.
        
        
        
8 кляса:
        ТРАЛЯЛЁНАЧКА

        
        была, відаць, яшчэ студэнткаю, бледнаю і спужанай. Першы ўрок, на які яна прыйшла да нас пасьля сьмерці Ядзьвігі, прыпаў на апавяданьне Францішка Багушэвіча “Тралялёначка”. Апісаная ў творы гераіня была выкапаная наша новая настаўніца. “Тра-ля-ля!” – улюлюкалі мальцы з задніх партаў, калі яна спрабавала навесьці ў клясе цішыню. Тралялёначка заходзілася ў рыданьнях і бегла да завуча. Зрэшты, яна мужна пратрымалася да канца навучальнага году.
        
        
        
9 кляса:
        СЬВЕТА МІНІЧ

        
        Сьвета Мініч магла б стаць гераіняй першага нацыянальнага порнафільму – сэксапільная настаўніца белліту сярэдніх гадоў, якая спакушае старшаклясьнікаў, а потым робіць зь імі сэкс на вышываных ручніках, скарыстоўваючы ў мілосных гульнях слуцкія паясы і факсыміле “Вянку” Багдановіча. Прынамсі, такія плёткі пра яе хадзілі, і яна не давала нагоды ім ня верыць. Казалі, што яе забясьпечваў муж і таму яна магла займацца ўсялякімі бздурамі на ўласную прыемнасьць. Ляпіць кераміку, альбо вышываць крыжыкам, альбо настаўнічаць у школе. Яна абрала апошняе.
        Наша кляса (20 дзевачак, 10 хлопчыкаў) яе не любіла. Залеплівалі клеем куточкі пісьмовых працаў і атрымлівалі назад – з ацэнкамі і неразьлепленыя. Увесь год, калі яна працавала ў нашай клясе, белліт не чытаў ніхто. Яна прыходзіла на ўрок з нудным выглядам і ўсе 45 хвілінаў задавала пытаньні з падручніка. Яе твар ажываў, калі адказвалі хлопчыкі і калі на ўрок зазіралі настаўнікі мужчынскага полу.
        Апошняя мая згадка пра Сьвету Мініч – тое, як я апавядаю ёй на выпускным экзамэне пра “Роднае карэньне” і “Літоўскі хутарок” Максіма Гарэцкага, дзьве іншыя настаўніцы п’юць каву на задніх партах, а яна мяне слухае адным вухам, у прамым сэнсе адным, дэманстратыўна ў профіль глядзіць у вакно. Ня кажучы ўжо пра тое, якім ідыятызмам выглядала ў такой сытуацыі абавязковае дэклямаваньне вершу. Бумбамлітаўцы прыкладна ў той жа час чыталі вершы дрэвам і птушкам. Я чытала вершы Мініч. Напэўна, менавіта ў той момант я вырашыла, што буду займацца беларускай літаратурай.
        
        
        
10-11 кляса:
        СЬВЯТЛАНА ЛЕАНІДАЎНА

        
        З уваходам у кабінэт Сьвятланы Леанідаўны ў нашую белмову прыйшоў доўгачаканы працоўны парадак. Яна адразу расставіла пешкі на дошку, напоўніўшы ўсё яшчэ неспасьцігнутую намі матэрыю роднага слова прагматыкай: “Я. Прыйшла. Сюды. Каб. Падрыхтаваць. Вас Да. Выпускных. Экзамэнаў”. Сваё абяцаньне яна выканала. Прынамсі, ейныя канспэкты можна ўжываць і дагэтуль, калі трэба прыгадаць, як там было ў Цёткі. Ва ўроках не было фальшывага замілаваньня прыгажосьцю роднай мовы, але не было і цынічнай абыякавасьці папярэдняй настаўніцы. Яна ніколі не казала лішняга, мы грунтоўна і дзелавіта прасоўваліся па школьным курсе да ягонага лягічнага завяршэньня. Самыя яркія згадкі пра яе ўрокі – гэта тое, як яна рэзка пераходзіла на расійскую мову, калі трэба было зрабіць заўвагу па паводзінах, і тое, як, пішучы клясныя сачыненьні, мы, паварочваючыся адна да адной, пыталіся, напрыклад: “Как будет “уважать”?” – і чулі ў адказ рэфлекторнае: to respect. Кляса ў нас была ангельская, і на ўроках інглішу, у адрозьненьне ад белмовы, па-расійску мы амаль не размаўлялі.
        Менавіта на ўроку Сьвятланы Леанідаўны меў месца гэты прыўкрасны эпізод. Нашая аднаклясьніца – напалову беларуска, напалову ўзбэчка – і ад гэтага вельмі прыгожая, смуглявая, падобная да індыянкі дзяўчына, выйшла да дошкі адказваць па паэме Максіма Танка “Люцыян Таполя”. Раскрыўшы асноўныя пытаньні, яна, відаць, адчула, што такая субстанцыя, як урок белліту, ня можа існаваць бяз патасных словаў, трэба неяк красамоўна скончыць выступ. Воля прыціснула падручнік да грудзей і прамовіла: “Люцыян Таполя заўсёды будзе жыць у нашых сэрцах”.
        
        Гледзячы, як радасна, сьмехам здаровага чалавека сьмяецца разам з усімі Сьвятлана Леанідаўна, я зразумела: Люцыяну Таполю ніколі ня будзе месца ў нашых сэрцах. І гэта, мабыць, правільна.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.