РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Марыйка Мартысевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цмокі лятуць на нераст
 
Эсэ ў вершах і прозе
0. Прыгажосьць – гэта...
I. Фрынас
1. Бег, альбо Нацыя эмігрантаў
II. Сьвіцязянка
2. Bronik As We Love Him
III. Barbara Radziwil’s LiveJournal
3. Хадзем са мной
IV. Comme il faut
4. Частка і цэлае
V. Яна і яно
5. Пашлі мяне па-беларуску
VI. Памежныя гісторыі
6. Палеская хроніка
VII. Сястра Зоя і канец сьвету
7. Мае беларусіцы
VIII. І маці іх Сафія
8. Мужчыны, якіх мы выбіраем
IX.
5. ПАШЛІ МЯНЕ ПА-БЕЛАРУСКУ
5
ПАШЛІ МЯНЕ ПА-БЕЛАРУСКУ
        
Кароткі курс айчыннага брыдкаслоўя

        
        Найноўшая шыза, зь якой носіцца беларускамоўны бамонд сталіцы, – беларусізацыя сэрвісу апэратараў сотавай сувязі. Мая ж мэта больш амбітная, чым навучыць маю мабілку гаварыць са мной па-беларуску. Я адважылася замахнуцца на саму мову.
        Аднойчы мне давялося ўдзельнічаць у этэры тэлеперадачы “5х5”, прысьвечаным брыдкаслоўю ў штодзённым жыцьці. Аўтары перадачы папрасілі мяне заняць адну зь дзьвюх радыкальных пазыцый што да тэмы, і я, троху павагаўшыся, паўгадзіны займалася фарысэйствам, даводзячы, што ўжываць у гаворцы мат і слэнг – гэта ну вельмі дрэнна. Зрэшты, фарысэйствам я б займалася і зь іншага боку барыкады. Калі ідзе гаворка пра лаянку, я ня за і ня супраць яе – я па-за ёю. Праблема цікавіць мяне як фэномэн. І тым больш мяне вабіць тэма лаянкі беларускай, што, паводле агульнага перакананьня, яе не існуе ў прыродзе. Маўляў, мы, беларусы – мірныя людзі і нат мухі ня здольныя пакрыўдзіць – ні ўчынкам, ні словам. Разважаць пра рэчы, якіх нібыта не існуе, цікавей за ўсё. Кажуць, беларуская філязофская тэрміналёгія паўставала менавіта такім чынам: аднаму мысьляру сказалі, што яе няма.
        
        
Introduction
        
        Яшчэ стагодзьдзе таму жыхары не сапсаваных цывілізацыяй беларускіх вёсак раз на год напрадвесьні выходзілі ў поле і цэлы дзень жудасна мацюгаліся. Ці то яны глебу ўгнойвалі такім чынам, ці то злых духаў лякалі – я не батанік, ня ведаю. Гэты безумоўны перажытак паганскіх культаў кажа мне наступнае: тры літары на плоце – таксама культура, прычым вельмі архаічная.
        Прырода славянскага брыдкаслоўя дагэтуль ахутаная таямніцамі і служыць найпапулярнейшым сёньня прадметам як сур’ёзных навуковых дысэртацый, так і псэўданавуковых прафанацый. (З прачытанага за апошні час пацешыў артыкул “Усенародны культ пізьдзяца”, у якім аўтар абвесьціў пізьдзец, хер і манду старажытнымі паганскімі боствамі). Я застануся ўбаку ад мэйнстрыму, тым больш што вытокі сучаснага брыдкаслоўя бачу не ў пракаветным, а ў больш блізкім мінулым Беларусі. Прыблізна ў часах Паўночна-Заходняга краю, калі пасьля эры дуды і лютні ў Беларусі настала эра цымбалаў і гармоніка. Беларускія хлопцы, якія ішлі ў царскае войска альбо на заробкі ў горад, разам з трасянкай прыносілі назад уменьне камбінаваць некалькі ўсім вядомых каранёў. Атрыманыя камбінацыі называліся загібы і вымяраліся ў паверхах. Гэтаму мужчынскаму мастацтву, якое і сёньня надзвычай шануецца ў прымітыўных слаях нашага соцыюму, супрацьстаяла традыцыя, зьберагальніцамі якой былі, вядома ж, жанкі. Там-сям можна прачытаць захапленьні сьведкаў і нават аб’ектаў такіх жаночых перапалак, якімі чалавека апускалі ніжэй за плінтус, не ўжываючы ніводнага мацернага слова. Гэты спосаб лаянкі называюць кленічамі. Прасунутыя фальклярысты адзначаюць падабенства кленічаў да джазавай імправізацыі: поўная свабода зьместу ў спалучэньні са строгімі законамі пабудовы тэксту. Па моцы дзеяньня кленічы параўнальныя хіба з поясам шахідкі: фішка выключна жаночая, пасылае хоць недалёка, затое надоўга і ў розныя бакі.
        На вялікі жаль, пачуць аўтэнтычны кленіч сёньня амаль немагчыма. Падазраю, што студэнткі-зьбіральніцы фальклору посьпехам выключаюць свае дыктафоны, калі на просьбу засьпяваць песеньку паддосьледная бабулька выходзіць у астрал і пачынае вярзьці прыкладна наступнае: “Каб табе паляндрыца ўчамярылася! Што ты мне гарод топчаш, каб цябе на тым сьвеце пеўні тапталі!”, альбо “Ходзіць тут, сракай круціць, каб цябе ў рог скруціла!”… А шкада. Мастацтва адмірае.
        Такім чынам, мы маем дзьве стратэгіі беларускай лаянкі. Ад прадзедаў нам засталася любоў да кароткіх ёмістых выразаў. Ад прабабак – уменьне пасылаць доўга і з пачуцьцём. Гэты вэрбальны інь-ян падаецца мне зародкам таго, што я лічу сучасным беларускім брыдкаслоўем. У наш час, паводле законаў unisex’у, значных полавых разьмежаваньняў ён ня мае. Мужчынскі і жаночы пачаткі ператварыліся ў hard- & soft- варыянты размаітых пасылаў.
        
        
Unit one: Hard – КАЛІ ЦЕЛА СТАЛА СЛОВАМ
        
        Я разумею, чаму расійцы прыпісваюць вынаходства мату татарам: банальная крыўда за некалькі стагодзьдзяў іга. Я не разумею, чаму ўвесь астатні сьвет называе гэты мат расійскім. Дзеяслоў *jeb-ti – вельмі старажытны, яшчэ праславянскі, і трэба паспрачацца, якая з нацыяў надала яму магутнае значэньне. Падазраю, што з мацернай лексыкай адбылося тое самае, што і з гарэлкай: п’юць яе паўсюль, але нацыянальным брэндам яна стала толькі ў Расіі.
        У адных краінах расійскі мат – нэўтральная замена сваёй, надзвычай моцнай лаянкі (так на Каўказе). У іншых ён існуе як вульгарная альтэрнатыва сваёй лаянцы (так у Прыбалтыцы – дый у нас таксама). Стаўленьне да яго ў розных краінах таксама рознае. У Літве расійскі мат – тэма. У той жа час мой знаёмы варшаўскі прафэсар называе расійскі мат у Польшчы “пачварным эспэранта, якое спарадзілі астрогі Імпэрыі”. І насамрэч, звычную постсавецкаму вуху лексыку можна пачуць хіба што ад тамтэйшых гопнікаў. “Пажондны” паляк выдатна ведае, хто такая блядзь, але ў лаянцы аддае перавагу курве. Выходзіць, што выражацца чыста па-польску – толькі з аднаго боку непрыстойна. Зь іншага гэта выглядае як bon ton і праява патрыятызму ва ўмовах, калі захапленьне творамі Генрыха Сянкевіча і размахваньне бела-чырвоным штандарыкам патроху стаецца кічам.
        Тое, што надзвычайная пашыранасьць расійскіх мацюкоў мае імпэрскую прыроду, падаецца мне падобным да праўды. Іншая справа, што нам ня варта адмяжоўвацца ад савецкай спадчыны так рашуча, як гэта робяць палякі.
        
        
Unit two: Grammar
        
        Шчыра кажучы, я люблю слухаць, калі нехта лаецца матам. Але часта вакол мяне матам размаўляюць – і ніякай эстэтыкі! Як на мой рафінаваны густ, ужываць паняткі хуй і пізда дапушчальна толькі ў іх пераносным значэньні. На першы можна пайсьці, другой – накрыцца, але называць так пэніс і вагіну – гэта нарывацца на пытаньні кшталту “Ці надоўга да нас у горад?” Для абмеркаваньня жыцьцёва істотных аб’ектаў чалавечага цела апошнім часам актыўна ўжываецца рэанімаваная сучбеллітаратарамі пара чэлес і похва. Існуюць яшчэ стручок і зеўра – менш ужывальныя, але, як на мяне, ня менш сымпатычныя.
        Гэтак сама ад ябаць у ягоным першым значэньні патыхае дзіцячым садком ці сама меншае школьнай прадлёнкай. Што праўда, з сынонімамі тут больш складана. Самы распаўсюджаны ўсходнеславянскі аналяг трахаць, шчыра кажучы, абрыд. Душа патрабуе разнастайнасьці. Аднак скуль узяць уласна беларускі адпаведнік? У бліжэйшых суседзяў пазычаць няёмка. Украінцы творча пераасэнсавалі дзеяслоў граты – пакіньма гэтую фічу ім. Палякі маюць pieprzyc і яшчэ pierdolic – слова, якое ў беларускай мове разьвіла значэньне “перціся, ісьці куды-небудзь”. А што да дзеяслова мець, які ад нішчымніцы ўжывае беларуская моладзь, то я катэгарычна супраць спробаў надаць яму другое, аналягічнае расійскаму значэньне. Для нашай бо мовы канструкцыі зь мець гучаць цалкам натуральна: параўнайце цнатлівае беларускае “Ён мае котку” з брутальным расійскім “Он имеет кошку”. Да таго ж, што станецца зь ні ў чым не вінаватымі слоўкамі “майно” і “маёнтак”?
        Пытаньне пра альтэрнатыўны беларускі назоў працэсу любошчаў пакуль што адкрытае. Зрэшты, як толькі нехта адмочыць што-небудзь насамрэч вартае, мы вельмі хутка пра гэта даведаемся: мода на лаянку распаўсюджваецца з хуткасьцю боязі захварэць на атыповую пнэўманію.
        
        
Unit three: Pronunciation
        
        У беларускім нацыянальным праекце “Слоўнік Свабоды” ёсьць парадаксальнае выслоўе: “Цьвёрдага ў сваёй веры ў Бацькаўшчыну беларуса можна пазнаць па колькасьці мяккіх знакаў у тым, што ён піша”. І гаворыць, дадам ад сябе. Бо калі ў маёй прысутнасьці правільна па-беларуску вымаўляюць пізЬдзец, я амаль чую гэты мяккі знак. Ёсьць нейкі адмысловы шык у плаўнай, працяглай паўзе паміж з і дз, у якую прамоўца ўкладае ўсё, што думае пра гэты бязьмежна галімы сьвет.
        Адразу пасьля моды на расійскі мат у Сярэднюю Эўропу прыйшла мода на яго адаптацыю да нацыянальных моваў. У прасунутых летувіскіх маладзёнаў, якія з усіх расійскіх словаў найпрыгажэйшымі лічаць мацерныя, бляць выходзіць вельмі элегантна: блят-т. Палякі ў сваіх “расійскіх” мацюках пасьлядоўна ставяць націскі на перадапошнім складзе. Калі я маленькай дзяўчынкай прыяжджала да бабулі ў вёску, мальцы з суседняй вуліцы час ад часу закідалі мне ў вакенца цыдулкі інтымнага зьместу. Начытаўшыся гэтых мілосных мэсыджаў, гадоў да пятнаццаці я была цьвёрда перакананая, што ябаць яно і па-расійску будзе празь я. Само слова стала для мяне ўзорным прыкладам яканьня ў першым складзе перад націскам.
        У славянскім сьвеце, дзе больш за палову словаў аднолькавыя ці, прынамсі, падобныя, такія тонкасьці, як вымова, набываюць адметнае значэньне. Беларускі пізьдзец (альбо пязьдзец) – адрозны ад расійскага пиздеца і ўкраінскага пыздэця і вельмі нат цягне на спосаб нацыянальнай ідэнтычнасьці.
        
        
Unit four: Kiss my...
        
        Для называньня зоны азадку па-беларуску я сустракала ласкавае какаўка і народна-вобразнае пердунова гара. Аднак у разрад лаянкі трапілі два раўнапраўныя словы: срака і дупа. Раней разьмежаваньне было тэрытарыяльным, цяпер выбар паміж варыянтамі – хутчэй справа густу. Народная любоў вынесла іх з глыбіні стагодзьдзяў у наш час праз усе гістарычныя віхуры, хаця з русіфікацыяй Беларусі абодвум словам ледзь не прыйшла агульная вялікая жопа.
        Спачуваючы руху антыглябалістаў, я прынцыпова не раблю дзьвюх рэчаў: ня ем у Макдоне і не ўжываю ў сваёй гаворцы вось гэтага самага слова на ж. Яно ці не адзінае ў сучасным брыдкаслоўі, да якога я стаўлюся ўскрай пурыстычна. Падтрымкаю мне тут літаратурная байка савецкіх часоў. Заходзіць Якуб Колас у рэдакцыю часопіса, а насустрач яму зьбянтэжаная карэктарка. “Канстанцін Міхалавіч, у вас тут у апошнім вершы радок ёсьць: “у-жо-пі-во-ні-рась-цьві-лі”… Мо паправіць? Гучыць неяк непрыстойна”. Падумаў крыху дзядзька Якуб і кажа: “Пакідай як ёсьць. Няма ў беларускай мове слова жопа”. Вось жа, нямашака. А той, хто ня згодны, няхай ідзе ў сраку. Альбо дупу. Каму куды больш падабаецца.
        
        
Unit five: Vocabulary
        
        З гаўном цябе зьем! – пагроза нерэальная, але вобразная.
        Каб цябе пранцы! – шчырае зычэньне захварэць на сыфіліс. Маё ўлюбёненькае. Каб табе ражон у горла ўлез, скульлё морду раздушыла! – так, крыху паэзіі. Знаходзіцца ў актыўным ужытку фанатаў спэктаклю “Камэдыя”.
        Лайно – тое самае, што гаўно, толькі больш інтэлігентна.
        Лярва – тое самае, што курва ў вузкім значэньні: жанчына лёгкіх паводзінаў. Сынонімы: давалка, самадайка, шлёндра (хлюндра).
        Мярзотнік & паскуда – ня тое каб словы дужа брыдкія, проста парачка атрымліваецца надта прыкольная.
        Насяру табе ў руку / у вочы / на галаву – можна яшчэ куды-небудзь. Аўтэнтычныя пасылы (дзякуй бабулям) – яны вельмі варыятыўныя.
        Ссулі – паводле папулярнага жарту, адзінае ў гэтым сьвеце, што ня ёсьць лайном. Ужываецца ў фізыялягічным значэньні, аднак можа азначаць вадкасьць сумнеўнага паходжаньня (скажам, няякаснае піва).
        Трасцы табе ў бок! / каб цябе трасца! – першапачаткова таксама зычэньне хваробы (ліхаманкі). Яшчэ ў аб’екта пасылу можна пацікавіцца: А трасцы ня хочаш? Простае трасцы! ужываецца ў значэньні “фіг табе!”
        Халера – лексычны аскепак колішніх эпідэмій у Вялікім княстве Літоўскім. Па-беларуску можа ўжывацца ў значэньні “блін” і ў значэньні “фігня” – такая сабе затычка ўва ўсе моўныя шчыліны. Вытворныя словы: да халеры (шмат) і халерна (вельмі). Сынонім – трасца.
        Хрэн табе ў вочы – пасыл культавы, нягледзячы на тое, што гэтага пасылу вучаць у школе (гл. “Пінскую шляхту”). Арганічны працяг – і дзяркач у сраку.
        Шмонька – слова знаходзіцца ў стадыі рэанімацыі. Пачутае дыялектолягамі ад жыхаркі Браслаўшчыны Мальвіны Баляславаўны 1916 г.нар. падчас ейнае размовы з мужам: “Я б табе давала – мне шмонькі не шкада – але ж ты мужык урэдны”. Ёсьць жэншчыны...
        
        
БЕЛАРУСКАЕ БРЫДКАСЛОЎЕ IN USE: tendencies
        
        Тэндэнцыяў дзьве.
        Пэсымістычная: ад большасьці словаў, пра якія вялося вышэй, пакуль што патыхае нафталінам. Усе гэтыя дзеркачы і самадайкі выцягнутыя з бабульчыных куфраў і здольныя абразіць хіба што карэктарак літаратурных часопісаў. Поўхі, якую звычайная беларуская дзеўка адвесіць звычайнаму беларускаму хлопцу за лярву, мы дачакаемся ня хутка.
        Аптымістычная: падобна да таго, што сьведамая моладзь нарэшце перастала ставіцца да беларускай мовы як да сьвятой каровы, кананізаванай пяцітомным “Тлумачальным слоўнікам”, і актыўна пачала цягнуць у яе ўсё, што дрэнна ляжыць у іншых мовах і моўных утварэньнях. Гэта тычыцца і лаянкі. Выраз “Фак тваю маць, курва!” зусім не бязглузды і вельмі нават беларускі. Эклектыка зноў у модзе.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.