 | IX |  |
* * * А яшчэ – нельга зьвезьці з сабой краіну (азёры, рэкі), нельга выгадаваць пад пахаю, нібы цмока. Так габрэі раздорвалі хатнія бібліятэкі, каб у тых, хто застаўся, расплюшчылася трэцяе вока. У гэтым цымус жыцьця пад сузор’ем сахі й касы – ты ня пэўны ні ў чым і адно толькі ведаеш пэўна: нельга зьвезьці з сабой краіну (палі, лясы) кантрабандай памерам зь яйка чорнага пеўня. І ты ведаеш: варта напружыць унутраны слых, як патрэскваньнем шкарлупы запульсуюць скроні. Цмокі хутка вылупяцца; хутка яны здрадзяць тых, хто паіў малаком са спраглай кляйнотаў далоні. І калі пацямнее неба ў тым, што на астралягічных мапах фігуруе як дом, дзе ўзыходзіць зорка Вэнэра, гэта значыць – нашыя цмокі лятуць на нераст, несучы гасьцінцы ў пакрытых лускою лапах. Ты чакаеш; ты паліш агні; ты начуеш на ходніку, вызваляеш пад іх пасадку дзьве паласы кальцавой. Будзь пільны; старайся роўна трымаць паходні, калі прызямляецца твой.
|
|