РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Марыйка Мартысевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цмокі лятуць на нераст
 
Эсэ ў вершах і прозе
0. Прыгажосьць – гэта...
I. Фрынас
1. Бег, альбо Нацыя эмігрантаў
II. Сьвіцязянка
2. Bronik As We Love Him
III. Barbara Radziwil’s LiveJournal
3. Хадзем са мной
IV. Comme il faut
4. Частка і цэлае
V. Яна і яно
5. Пашлі мяне па-беларуску
VI. Памежныя гісторыі
6. Палеская хроніка
VII. Сястра Зоя і канец сьвету
7. Мае беларусіцы
VIII. І маці іх Сафія
8. Мужчыны, якіх мы выбіраем
IX.
4. ЧАСТКА І ЦЭЛАЕ
        
4. ЧАСТКА І ЦЭЛАЕ

        
расчлянёнка цела культуры

        
        
        У архаічныя эпохі чалавек атаясамліваў сусьвет з чалавечым целам. Індусы, напрыклад, уяўлялі сабе сьвет неабсяжным першачалавекам Пурушам. У наш час усё інакш: чалавек настолькі спасьцігнуў самога сябе, што пачаў напаўняць часткі сябе самымі рознымі, часам вельмі далёкімі ад фізыялёгіі сэнсамі. У наш час цела мысьліцца чалавекам як ідыёма: значэньне кожнай часткі даўно ўжо ня роўнае значэньню цэлага. Я прапаную на ваш суд некалькі кавалачкаў цела культуры. Гэтую “расчлянёнку” я прысьвячаю двум адметным аб’ектам нашай культурнай прасторы: часопісу “Фрагмэнты” і левай пяце Адама Глобуса.
        
        
        
Лёгкія і Багдановіч

        
        Францускі пісьменьнік Фрэдэрык Бэгбэдэр займае ў сучаснай літаратуры пасаду абвяргальніка непахісных, падавалася б, ісьцінаў. Асабіста мне запалі ў душу наступныя развагі ягонага героя:
        
        “Каханьне ня мае нічога супольнага з сэрцам – гэтым агідным насосам, які пампуе кроў. Каханьне перш за ўсё сьціскае лёгкія. (…) Лёгкія – самы рамантычны з чалавечых органаў: усе закаханыя хварэюць на сухоты, нездарма ад іх памерлі Чэхаў, Кафка, Фрэдэрык Шапэн, Джордж Оруэл і сьвятая Тэрэза зь Лізьё…”
        
        Нават на фізыялягічным роўні стаў пераймальнікам эўрапейскіх традыцый Максім Багдановіч – “лірык тонкай душы”, дзякуючы якому кожны вучань РБ ведае, як будзе “тубэркулёз” па-беларуску (сыфілісу ў гэтым пляне пашанцавала менш).
        Невядомы мне аўтар скульптурнага партрэту, які можна пабачыць у холе менскага музэю Багдановіча, стварыў магутны вобраз. Паэт выпрастаўся на пастамэнце ў дзіўнай позе: ці то ў парыве натхненьня, ці то ў прыступе сухотнага кашлю. Можа, таму Багдановіч і пісаў незвычайна лёгкія, празрыстыя вершы, што згасаў на вачах?
        Сухоты былі для Багдановіча нечым большым за спадчынную хваробу: яны ўспрымаліся як фатум, што кіруе чалавечым лёсам. Першыя беларускія вершы і першыя прыкметы тубэркулёзу лёгкіх зьявіліся ў адзін год – калі хлопцу было васямнаццаць. Кажуць, што ён меў шанец праз накіраваньне ад віленскай беларускай грамады паступіць у Пецярбурскі ўнівэрсытэт, аднак па стане здароўя ў паўночную сталіцу Імпэрыі паехаць ня змог; вучыцца на філёляга выправілі Браніслава Тарашкевіча (sic!). Сухоты былі тым, што канчаткова разлучыла Багдановіча з Радзімай, да якой ён фанатычна імкнуўся ўсё жыцьцё. У 1917 годзе ён ад’яжджае зь Беларусі ў Ялту, каб памерці ў белым доме ля сіняй бухты.
        У наш час сухоты перасталі быць сацыяльнай хваробай. Лёгкія беларусаў узятыя пад татальны кантроль рэакцыі Манту, і кожны патэнцыйны сухотнік стаіць на ўліку ў тубдыспансэры. Эру Сухотаў пакрысе замяшчае эра Раку (лёгкіх).
        Цяперашнія нікатынаманы няблага падкаваныя ў галіне мэдыцыны, аднак гэта не замінае ім падстаўляць свае трахеі й бронхі пад цэпкія клюшні невылечнай хваробы. І толькі самым дасьціпным з курцоў прыходзіць да галавы, што пісаць “лёгкія” на пачку цыгарэт – гэта як зьмяшчаць слова “печань” на цэтліку гарэлкі.
        Наіўная эротыка пачатку ХХ стагодзьдзя эвалюцыянавала да яго завяршэньня ў жорсткае порна – зборнік “Вянок” на худых грудзях паміраючага Багдановіча і чорныя лёгкія на плякатах з антырэклямай паленьня розьняцца гэтак сама, як каханьне і сэкс. Бэгбэдэр, разважаючы пра тубэркулёз, пры ўсёй сваёй ультрасучаснасьці, гучыць па-француску сэнтымэнтальна:
        
        “Кожны чалавек тоіць у душы мілосны смутак, які да часу дрэмле. Сэрца, не разьбітае каханьнем, яшчэ ня сэрца. Лёгкія чакаюць сухотаў, каб адчуць, што яны існуюць. (…) Любому з вас варта завесьці вадзяную лілею ў грудной клетцы…”
        
        
        
Чэлес (похва) і Бахцін

        
        Расійскі культуроляг Міхаіл Бахцін – аўтар культавай кнігі “Творчасьць Франсуа Рабле і народная культура Сярэднявечча і Рэнэсансу”, у якой ён меў на мэце апраўдаць вясёлага француза зь ягонымі Гарганцюа і Пантагруэлем у вачох цнатлівага савецкага грамадзтва.
        Чэлес (похва) і азадак, якія Бахцін сарамліва называе “матэрыяльна-цялесным нізам” – асноўная зона ўвагі народнай культуры Сярэднявечча. Бахцін даводзіць, што яны, а таксама павязаныя зь імі прадукты жыцьцядзейнасьці, зусім ня пошласьць і чарнуха. Абліць кагосьці ўрынай альбо лайном (што ці не на кожнай старонцы адбываецца ў Рабле) – гэта травэстыйнае зьніжэньне чагосьці ненавіснага. Аднак у той жа час матэрыяльна-цялесны ніз заўсёды сымбалізаваў плоднасьць і жыцьцядайнасьць, таму гэта акт вельмі станоўчы – ну як здароўя пазычыць. Так што, калі вас паслалі ў гульфік, задумайцеся пра амбівалентнасьць гэтага вэрбальнага акту, нават калі ваш апанэнт ніколі ня чуў пра Бахціна, Рабле, сьмехавую культуру Рэнэсансу ды культуру ўвогуле.
        Адна з заслугаў Бахціна – спасьціжэньне стыхіі карнавалу на народнай плошчы. Калі ўсё пераварочваецца з ног на галаву, матэрыяльна-цялесны ніз робіцца вярхоўнай часткай цела. Гэтак сама народная мова супрацьстаіць царкоўнай лаціне, і рынак – прылізанаму садочку, у якім сядзяць да агіднасьці чысьцюткія й бялюткія паненкі.
        Бахцін выклікае настальгію па старажытнай плошчы зь яе свабодаю й нязмушанасьцю. Тут і цяпер людзі развучыліся ладзіць сабе сьвяты. Плястыкавы куфаль піва і народныя ўпярэмешку з эстраднымі енкі з вулічнай сцэны – гэта ўсё, што адпушчана нам зьверху. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што сучасная моладзь так актыўна занураецца ў глябальнае павуціньне. Гэта ж самая мілая справа – залезьці ў інтэрнэт, узяць красамоўны нік (чытай – нацягнуць карнавальныя апранахі), са смакам паразважаць на тэму чэлесу, похвы і іх узаемадачыненьня, а на разьвітаньне віртуальна арасіць суразмоўцу прадукцыяй матэрыяльна-цялеснага нізу. Show must go on – душа прагне карнавалу!
        Невядома, што насамрэч меў на ўвазе Рабле – аднак гэта ня мае ўжо аніякага значэньня. У апошняе дзесяцігодзьдзе, калі псыхааналіз – мавэтон і прадмет пародыі, тэорыя карнавалізацыі Бахціна знаходзіць усё больш прыхільнікаў (чытай, напрыклад, “Рэкрэацыі” Юрыя Андруховіча). Фройд са сваім фалацэнтрызмам даўно паліць, прычым нэрвова. Прычынныя месцы – не прычына ўсяму, а толькі прасторавая апазыцыя, здаровая рэакцыя на навязлы ў зубох афіцыёз, які прадукуюць галава ды рукі.
        
        
        
Вуха, Майк і Юлія

        
        Калі адно вуха стаіць, а другое –
        не, то ніякія дабаўкі вам не дапамогуць.
        З парадаў сабакаводам

        
        Калі пяць год таму навіны спорту пачыналіся з кадраў акрываўленай морды Майка Тайсана, які толькі што адгрыз вуха Эвандэру Голіфілду, я вельмі спачувала апошняму. І зусім не таму, што парванае вуха – гэта балюча й непрыгожа: усё адно адгрызены кавалак небараку потым прышылі, і ён нават прыжыўся. Гэта вельмі крыўдна, думалася мне, – усё жыцьцё трэніраваць кулакі, а праславіцца на ўвесь сьвет дзякуючы кавалку ўласнага вуха. Крыўдна ведаць, што хлопчыкі-мурыны, якія раней зьбіралі фотаздымкі твайго торсу, цяпер запіваюць кока-колай шакалядныя “вушы Голіфілда”.
        Вуха маёра Амельчанкі ледзь ня ўпала на беларускую палітычную арэну ў траўні 2001 году. Яно пацярпела ад зубоў жонкі былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра. Кабета, імкнучыся прайсьці на закрыты судовы працэс над мужам, пабілася на ганку з амапаўцамі, Амельчанку наклалі шэсьць швоў, Юлія Чыгір атрымала два гады калёніі з адтэрміноўкай за напад на прадстаўніка ўлады.
        Абодва канфлікты маюць адваротны бок. Тайсан, які трапіў праз скандал з вухам на вялікія грошы, пасьля жаліўся журналістам, што перад тым як пакусаў Голіфілда, атрымаў ад таго два разы ілбом у вока. Спадарыня Чыгір таксама пачала ня першая… Гэтыя дзьве тыпалягічна блізкія гісторыі паказваюць, як неглыбока ў падсьвядомасьці сучаснага чалавека ляжаць зьвярыныя інстынкты. Сківіцы – апошняя зброя прыгнечаных і абражаных, калі рукі бездапаможна сьцятыя баксэрскімі пальчаткамі альбо абцугамі пальцаў ахоўніка.
        
        
        
Валасы і сэміётыка

        
        Сэміётыка – навука пра знакі і сыстэмы знакаў. Яе заснавальнік Чарльз Пірс упершыню клясыфікаваў некаторыя аб’екты, створаныя чалавечым грамадзтвам альбо зьвязаныя зь ім як сыстэмы для перадачы інфармацыі.
        Некалькі вядомых мне знакавых сыстэмаў зьвязаныя непасрэдна з чалавечым целам (чалавечая мова, міміка, сыстэма жэстаў, сыстэма зэкаўскіх татуіровак). Валасы таксама задзейнічаныя ў перадачы інфармацыі. Апроч таго, што чалавецтва вельмі рана навучылася скарыстоўваць іх у эстэтычных мэтах, яны здавён, поруч з вопраткай, – самы архаічны спосаб маркіраваць сацыяльнае становішча. Для прыкладу, у Маскоўскай Русі хлопец, перад тым як вастрыць лыжы да якой жанчыны, павінен быў паглядзець на яе галаву. Калі каса адна і абвешаная ўсялякай фігнёю – значыць, дзеўка. Калі дзьве і іх не відаць – ёсьць небясьпека пасьці ахвяраю Дамастрою, атрымаўшы *** ад мужа ўпадабанай кабеты.
        Вельмі часта адметнае становішча ў грамадзтве абазначала адметная фрызура – варта згадаць, напрыклад, танзуры сярэднявечных манахаў альбо “осэлэдці” запароскіх казакоў. У маім позьнеперабудовачным дзіцячым садку насіць у валасох белыя банцікі, калі няма сьвята і не нарадзіўся дзядуля Ленін, мелі права толькі імяніньніцы.
        Мусіць, найпрасьцейшая і разам з тым найцікавейшая апазыцыя валосьсевай сэміётыкі – гэта апазыцыя “кароткія валасы – даўгія валасы”. Самае стэрэатыпнае яе значэньне “мужчына – жанчына” ў ХХ стагодзьдзі актыўна пераадольвалася. Маю цётку бацькі лупілі аднойчы ў жыцьці – за адрэзаную касу: кароткая жаночая фрызурка была для бабулі знакам непрыстойным. На мужчынскай галаве даўжыня валасоў стала мець канцэптуальнае значэньне: няволя – свабода, таталітарызм – бунт, make love – war. У м’юзыкле Майкла Ўэлера “Hair” валасатаму сьвету гіпі супрацьстаіць безвалосая вайна ў Віетнаме. З савецкіх часоў і дагэтуль патлатыя нефармалы пазнаюць гопнікаў і скіноў па лысых патыліцах (сэміётыка вучыць, што адсутнасьць знаку – таксама знак), і наадварот.
        Майму дзеду Ігнату валасы выратавалі жыцьцё. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны яго мабілізавалі ў савецкае войска. Калі іх лягер у Крошыне захапілі немцы, страявую падрыхтоўку ён ужо праходзіў, аднак галаву яму пагаліць не пасьпелі. Усіх стрыжаных расстралялі як ваеннапалонных, дзядулю жа праз два тыдні адпусьцілі дадому. Так што сваім існаваньнем я абавязаная ня толькі маме з татам, але і сэміётыцы.
        
        
        
Рука і Марадона

        
        22 чэрвеня 1986 году на Чэмпіянаце сьвету па футболе Дыега Марадона ўсадзіў рукою мяч у браму ангельцаў. Аднак дзіўным было ня гэта, а тое, што судзьдзя гол залічыў. “Мая рука – рука Бога”, – пракамэнтаваў тое, што адбылося, Марадона.
        У канцы 2002 году ў Аргентыне была створаная “Царква Рукі Божай”. Брацтва дыегарыянцаў вядзе летазьлічэньне anno Diego (цяпер мы жывем у 42-м годзе AD). Самае галоўнае сьвята належыць адзначаць у дзень эпахальнага матчу. Усе, хто не прызнае Марадону за бога, абвешчаныя ерэтыкамі, а тыя, хто дапамагаў яму ў кар’ерным росьце, прылічаныя да сьвятых.
        Зьехаўшых з глузду фанатаў можна зразумець. Няма таго, што раньш было: Марадона-бацька ўшчэнт скакаініўся і ператварыўся ў стары зломак. Марадона-сын толькі-толькі стаў нагамі на футбольнае поле. Вернікі жывыя адно сьвятым духам былое славы куміра.
        
        
        
Сэрца і далонь

        
        Бег запыхаўся Данка
        Са сваёй валянцінкай.
        Джэці

        
        У 1976 годзе анамальная малпа Кінг-Конг на вачах ва ўражаных гледачоў ляснулася з хмарачоса. Ад такога паміраюць, аднак празь дзесяць год улюбёнца публікі вырашылі ўваскрэсіць. “Кінг Конг жывы” (1986 г.) пачынаецца з эфэктнай сцэны перасадкі Кінг Конгу гіганцкага мэханічнага сэрца. Народ натхніўся. Пасьля выхаду фільма ў амэрыканскіх цэнтрах трансплянтацыі паболела замоваў на новае сэрца, а сама ідэя штучных органаў пачала набываць новых прыхільнікаў.
        Трансплянтацыя органаў – бадай што самае значнае дасягненьне мэдыцыны ХХ ст. Першая пасьпяховая перасадка сэрца адбылася ў Кейптаўне ў 1967 годзе, і ўжо праз год гэтую справу паставілі на канвэер. Аднак яшчэ ў 1964-м, калі шараговы абываталь і ўявіць сабе ня мог сэрца асобна ад цела, беларускі пісьменьнік Іван Шамякін у рамане “Сэрца на далоні” зрабіў героем хірурга, якому па ходзе сюжэту давялося патрымаць у руцэ жывое чалавечае сэрца. У кантэксьце трансплянтацыйных досьледаў тагачасны Шамякін – вельмі нават прасунуты празаік.
        
        
        
Далонь і сэрца

        
        “Чалавек – мера ўсіх рэчаў”, – сказаў неяк Пратагор. Чалавек, як заўсёды, усё зразумеў літаральна. Гісторыі вядомыя такія меры даўжыні, як рускі локаць альбо ангельскі foot. Мара сучаснага чалавека прыручыць навукова-тэхнічны прагрэс увасобілася ў palm’е – кампутары велічынёй з далонь.
        Называць palm’ам любую мадэль Personal Digital Agent не зусім карэктна, бо “Palm OS” – толькі адна зь некалькіх праграмаў, якія выкарыстоўваюцца ў PDA. Аднак трапная мэтафара распаўсюдзілася на любы від “надалоньніка”.
        Першыя кішэнныя кампутары зьявіліся ў Беларусі напрыканцы дзевяностых і, нягледзячы на свой немалы кошт, вельмі хутка сталіся папулярнымі. Яны, вядома, не дублююць кампутар альбо ноўтбук, аднак маюць тэкставы, графічны рэдактар, калькулятар, нататнікі, арганайзэр і, вядома ж, шмат гульняў. Да таго ж туды можна загнаць дадатковыя патрэбныя табе рэчы. (З усіх праграмаў у машынцы адной маёй сяброўкі мне найбольш падабаецца люстэрка: запускаеш – і ў манітор можна глядзецца). Галоўныя станоўчыя якасьці надалоньнікаў – кампактнасьць і зручнасьць: palm дазваляе забыцца на папяровыя нататнікі, арганайзэры і нават кнігі, калі ўсталяваць у яго электронную бібліятэчку.
        У Беларусі надалоньнікамі карыстаюцца бізнэсмэны, палітыкі, журналісты, але ў асноўным гэта людзі тэхнічных прафэсій (пераважна праграмісты), а таксама студэнты адпаведных факультэтаў ВНУ. Звычайных уладальнікаў palm’аў варта адрозьніваць ад пальмаводаў – людзей, якія “гадуюць” свае кампутары ўсялякімі наваротамі. PDA – гэта тэхніка зь вельмі шырокімі магчымасьцямі, што і вабіць да яе шанавальнікаў прагрэсу.
        Беларускія пальмаводы – цэлая субкультура. Менскі palm-клюб зьбіраецца прыкладна раз на месяц. Менчукі падкрэсьліваюць, што ад аналягічных мясцовых тусовак ФІДОшнікаў альбо інтэрнэтчыкаў іхняя розьніцца сваёй практычнай накіраванасьцю. У palm-клюбе пачаткоўцы могуць паслухаць даклады дасьведчаных пальмаводаў, паглядзець на навінкі рынку і атрымаць карысныя парады што да наваротаў (напрыклад, як спалучыць palm з мабільным тэлефонам альбо выйсьці зь яго ў інтэрнэт).
        Прагрэс прагрэсам, аднак чалавек, які засяроджана тыцкае стылусам у надалоньнік, няўлоўна нагадвае аўта-бітламана, калі той праводзіць рукой па капоце свайго бліскучага “жука”. Большасьць уладальнікаў palm’аў поўняцца незвычайнай пяшчотай да сваіх маленькіх машынак за вялікія грошы. Што ж, цалкам натуральна для людзей, у чыіх сем’ях галоўная скацінка-карміцелька – кампутарная мышка.
        
        
        
Ногі. Проста ногі

        
        Гэтая скульптура стаіць у Менску, на рагу вуліцаў Рыбалкі і Фабрычнай. Ногі ўдала спалучаюцца з навакольным архітэктурным ансамблем і выглядаюць цалкам самадастаткова. Праўда, кавалак арматуры, які строма вытыркае з блакітных шорцікаў, сьведчыць, што калісьці тут месьцілася нешта больш антрапаморфнае. Спробы высьветліць гісторыю ўсталяваньня кампазыцыі і прозьвішча скульптара ні да чога не прывялі. Сябры маіх сяброў апавядаюць, што іхні сябар калісьці меў знакавы дыялёг са старажылкай
        кварталу:
        – Бабуля, а каму помнік? Чые гэта ногі?
        – Тут быў мальчык.
        – А што за хлопчык? Мо піянер які?
        – Мальчык, проста мальчык.

        Здатныя стаць акрасай любой выставы сучаснага мастацтва, занядбаныя, падрапаныя ногі тужліва зьвісаюць з высачэзнага пастамэнта, селячы дэканструктыўныя ідэі ў мазгі раённых забойцаў-бытавушнікаў. Каля іх не фатаграфуюцца турысты, іх абмінаюць вясельныя картэжы. У той жа час яны вартыя ўвагі менчукоў ня менш, чым парасон бронзавай дзяўчынкі ў Ленінградзкім сквэры альбо стручочак гаротнага анёла на Высьпе Сьлёзаў. У эпоху панаваньня фрагмэнтарнага мысьленьня абсалютна неістотна, а быў лі мальчык. Ногі высяцца на рагу Рыбалкі і Фабрычнай помнікам перамозе Часткі над Цэлым.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.