РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Марыйка Мартысевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цмокі лятуць на нераст
 
Эсэ ў вершах і прозе
0. Прыгажосьць – гэта...
I. Фрынас
1. Бег, альбо Нацыя эмігрантаў
II. Сьвіцязянка
2. Bronik As We Love Him
III. Barbara Radziwil’s LiveJournal
3. Хадзем са мной
IV. Comme il faut
4. Частка і цэлае
V. Яна і яно
5. Пашлі мяне па-беларуску
VI. Памежныя гісторыі
6. Палеская хроніка
VII. Сястра Зоя і канец сьвету
7. Мае беларусіцы
VIII. І маці іх Сафія
8. Мужчыны, якіх мы выбіраем
IX.
2. BRONIK AS WE LOVE HIM
        
2. BRONIK AS WE LOVE HIM

        
        Калі прыбраць з гэтага тэксту ўсе літары “Ь”, ён стане карацейшым на 129 сымбаляў. Калі правярнуць гэтую апэрацыю над нумарам часопісу “Студэнцкая думка”, вызваліцца паўтары-дзьве тысячы знакаў – памер нармальнага AD-матэрыялу. Прычыны такіх істотных ахвяраў і вытокі “выпяндрожнага” правапісу, ад якога ў рэдактараў газэты “Зьвязда” пачынаюцца сутаргі па ўсім целе, трэба шукаць у асобе, якая толькі празь непаразуменьне ня трапіла яшчэ на футболкі беларускіх teen’аў.
        
        
        
§ Бронік

        
        Што супольнага маюць чалавек, жывёліна й расьціна? Ці яны кормяцца, растуць, паміраюць?
        
        Браніслаў ТАРАШКЕВІЧ aka Бронік (20.01.1892, Віленшчына – 29.11.1938, ?). Самы эпатажны беларускі палітык ад Масквы да Бэрліна, паліглёт (12 моваў), інтэлектуал, эстэт, прамоўтар моды на Беларусь, закансьпіраваны пад настаўніка клясычных моваў агент “Ь”, м-м-м-м... мой герой.
        Згадваючы гады міжваеншчыны, з 1918 па 1941, нашы бабулі дагэтуль нэрвова аглядаюцца ў пошуках людзей у цывільным. Тады ўсё было інакш, чым пра гэта пішуць у падручніках. І пакуль паэтыка міжваеннай Беларусі даступная толькі для наведнікаў дзяржархіваў, нам застаецца толькі чакаць, калі гэтая фактура нарэшце дойдзе да кінасцэнарыстаў. Закопваючыся ў матэрыялы пра Тарашкевіча, я пачувалася нібы з пультам на канапе. Кінавобраз вымалёўваўся сам сабою: абаяльны кавалер vis-а-vis з табою ў рэстарацыі (на жаль, ужо заняты: дзьве жонкі па два бакі мяжы).
        
        
        
§ Містэр “Ь”

        
        Шукальнікі дэтэктыўных каранёў беларускай нацыянальнай ідэі лічаць, што кадыфікацыя беларускай мовы была той таемнай місіяй, зь якой Броніка Тарашкевіча – адоранага гімназіста віленскай рускай гімназіі – выправілі вучыцца ў Піцер. Так ці інакш, “Беларуская граматыка для школ” стала практычнай часткай ягонага дыплёмнага праекту: на першым выданьні дзеля кансьпірацыі было падпісана “Б. Тарашкевіч – кандыдат філялёгіі Петраградзкага ўнівэрсытэту”. Толькі дзеля гэтага ён ішоў на філфак да наварочанага расійскага прафэсара Шахматава – па жыцьці Броніка больш вабілі “пытаньні экономічныя і політычныя”.
        
        Зрабі тое самае ў прошлым і будучным часе: я пісаў, ты пісаў… я буду пісаць, ты будзеш пісаць… я напішу, ты напішаш…
        
        “Беларуская граматыка для школ” (Вільня, 1918). Падручнік, па якім тут вучыліся з 1918 па 1933, вытрымаў шэсьць перавыданьняў (шостае прыпала на гады гітлераўскай акупацыі – гэты факт дагэтуль любяць нагадваць электарату падчас “моўных хвілінак” на Першым канале Беларускага радыё). Гэта быў бэстсэлер у абедзьвюх Беларусях: Заходняй і Савецкай. Яго чыталі нават тыя, хто не хадзіў у беларускую школу і ў школу ўвогуле. Сэнс “Граматыкі” быў зусім ня ў “клюбах” і “парлямантах” (інакш тады не казалі) і нават ня ў тым, куды ставіць мяккія знакі (настаўнікі вясковых школаў і ў наш час выкрэсьліваюць іх у сшытках тых дзетак, якія вядуцца на хлусьлівую аксыёму “як чуецца, так і пішацца”). Тарашкевіч прапаноўваў ня курс “бел-мова дзьве-гадзіны-на-тыдзень + адміністрацыйны дыктант”, а ўводзіў вучня ў мову як такую – праз усе пяць пачуцьцяў.
        
        Зрок, слых, нюх, смак i вошчуп даюць распазнаць, што нас акружае з надворнага сьвету.
        
        Гэты хлопец ведаў, што рабіў. Мяккі знак стаў знакавым: той фішкай, якой сталінскія рэфарматары беларускага правапісу пазбавіліся ў першую чаргу. І, што відавочна сёньня, актуальным брэндам. Мода на яго вяртаецца разам са стылем мілітары, якому аддаваў перавагу Тарашкевіч.
        
        
        
§ Вера: Галівуд адпачывае

        
        Love story, якая яшчэ прымусіць кіназалі рыдаць ад замілаваньня. Яна звала яго Тарасам. Яны пазнаёміліся ў сваякоў пад Радашкавічамі: ёй прадставілі дырэктара Віленскай беларускай гімназіі – па-стылёваму лысага, у пэнснэ, у “кароткім шырокім паліто цёмна-балотнага колеру і высокіх чорных шнураваных ботах”. Ён прыцягнуў яе ўвагу супэрмэнскай фігурай і бліскучай перамогай у спартакіядзе. У Вільні ён зачасьціў да яе на кватэру – яны называлі гэта “прыватнымі ўрокамі лаціны”. Вянчаліся двойчы: спачатку ў праваслаўным саборы ў Варшаве, пасьля – для канфэсійнай роўнасьці – у Віленскім беларускім касьцёле. Яна памятае іх першую шлюбную ноч у віленскім гатэлі “Эўропа”, смак кавы ў яго ўлюбёнай цукерні “Зялёны Штраль” і тое, як падчас сухога закону ў пілсудзкай Польшчы Тарас знайшоў у рэстарацыі “ўтульны пакой у турэцкім стылі” (насамрэч цёмную каморку, дзе афіцыянт наліваў кантрабандны сьпірытус). Памятае яго па-элінску ахайную кватэру зь зялёным кілімам, купленым у нейкага марака, белай канапай і бюстамі Дантэ і Вальтэра ў нішах. Памятае, што калі над ім вісела пагроза другога арышту, ён пераапрануў яе ў мужчынскі строй і гуляў зь ёй надвячоркам, шэпчучы на вушка ўсялякія бздуры і напружваючы шпегаў: каму і якое партыйнае даручэньне перадае ён гэтым разам?
        
        Сонца грэе, васілёк пахне, цукар салодкі, а іхныя назовы ці грэюць, ці пахнуць, ці салодкія?
        
        Апошні раз яна бачыла яго на памежнай чыгуначнай станцыі, калі досыць празаічна перадавала яму праз калючы дрот валізу з вопраткай і рукапісамі.
        
        
        
§ Legalize!

        
        Неблагі шпіёнскі дэтэктыў пра палітыкаў… У палітыку яго цягнула з маленства. Пачынаў Тарашкевіч у студэнцкім прапольскім руху “Вызваленьне”, скончыў удзелам у Кампартыі Заходняй Беларусі. Быў братам польскай масонскай ложы: Броніка меркавалі зрабіць заснавальнікам беларускага масонства. Па перакананьнях яго заўсёды цягнула налева, у “соцыялістыя”. Але калі бальшавікі брудна карысталіся пралетарыятам, то Бронік бачыў у сялянах і зьбяднелай шляхце патэнцыял будучай нацыі. Таварыства беларускай школы было, па сутнасьці, цэнтрам інструктажу новай эліты – маладых настаўнікаў, навукоўцаў і г.д. І яны зьяўляліся – маладыя і злыя. Зрэшты, занадта рамантычныя.
        
        Мы самі і нашыя імёны і прозьвішчы гэта зусім розныя рэчы. Мы жывём, ходзім, думаем, працуем. Імя і прозьвішча – гэта толькі назоў...
        
        Да якога б руху ні далучаўся Бронік, ягонай палітычнай плятформай заўсёды было Legalize Belarus! Паводле афіцыйнай польскай прапаганды, сам Тарашкевіч (жыхар Віленшчыны, каталік) быў палякам. Бронік і Ко. марылі пра палітфармаваньне, якое пакіне беларусаў у спакоі і дасьць а) аб’яднанай б) незалежнай дзяржаве нармальнае жыцьцё. Але паводле законаў Жэчы Пасполітай беларуская ідэя адносілася да цяжкіх наркотыкаў. У Саветах жа замест аўтэнтычных зёлак хлопцам і дзеўкам падсоўвалі сынтэтыку.
        
        
        
§ 1933

        
        Міжваеннай парою дзеці ў польскіх Стоўбцах гулялі ня ў “ворага народу”, як іх аднагодкі на ўсход ад мяжы, а ў “перадачу палітвязьняў” – change адбываўся паблізу, на памежным пераходзе Коласава. Цяперака на гэтым паўстанку беларускай чыгункі выходзяць адно грыбнікі ды ралевікі, а ў тыя часы тут быў перакінуты празь мяжу драўляны масток, да якога афіцэры “рэпатрыяцыйнай службы польскай” і камісары ГПУ ў абумоўлены час канваявалі абумоўленых асобаў. Абсурд гэтага тэатру ў тым, што звычайна “bialorusinow” тут мянялі на “белорусов”. Тарашкевіч сустрэўся на коласаўскім мастку са сваім даўнім прыяцелем Францішкам Аляхновічам.
        На рэпатрыяцыйны масток Тарашкевіч ступаў досыць бадзёра – нават Францішкава хваравітая пастава ў чырвонаармейскіх лахманах і роспачнае “Бронюсь, куды ты ідзеш?” не папсавалі настрою. Савецкую Беларусь ён бачыў у напаўмістычным сьвятле, апісваў яе вучням як утапічны Беларускі Дом, які будуецца на ўсходзе для іх, “трэцяга пакаленьня”… Хлопцы і дзяўчаты слухалі, натхняліся, разьвітваліся з бацькамі, кахаліся ўночы ў дуброве пад Налібокамі, а пад ранак, узяўшыся за рукі, пераходзілі польска-савецкую мяжу.
        Цяпер Бронік сам ступаў у гэтую немарач.
        
        Закончанае трываньне ня мае цяперашняга часу, а будучны час мае просты…
        
        Пра яго сьмерць не скажу нічога арыгінальнага – ты бачыў дату.
        
        
        
§ Олдскул №1

        
        Бронік – Джэймс Бонд і Джордж Вашынгтон па-беларуску. Ягоныя партрэты будуць друкаваць на нашых эўра. Гэты чалавек прыдумаў дзяржаву. Узяў і напісаў Беларусь – падручнік, па якім мы вучымся, і мы ня ў стане ўжо закрыць гэты файл ці перагарнуць старонку.
        …Апусьці руку. Не нясі дзёньніка. Гэта хатняе заданьне. Перапішы яго некалькі разоў – шчасьця ад гэтага не прыбудзе, але ўсё адно перапішы.
        
        Перапісаўшы, падчыркні назовы прадметаў простай рыскай, назовы асаблівасьцей пакручастай…

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.