РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзве душы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
III
        
III

        
        Блізка два месяцы прайшло ў Маскве, у лазарэце, у прыкрым чаканні, калі пашлюць лячыцца на Каўказ.
        Афіцэры безмальна ўсе мелі радню ў горадзе, безмальна ўсе былі болей-меней здаровыя (яго такога, як быў вольнаапрадзяляючымся, зараз пагналі на фронт), блізка што не жылі ў лазарэце, прыходзілі толькі абедаць, вячэраць і зрэдку пад ранне на начлег, калі ён, устаўшы, пазіраў у вакно на пустую вуліцу, на дворніка ў белым хвартуку з мятлою ў руках і на рэдкіх, марудна паўзучых дамоў, змораных начавых вознікаў.
        І гэтая адзінота была яму даспадобы.
        Толькі дужа не давалі спакою мухі, і Абдзіраловіч выходзіў у садок у будачку, абвітую дзікім вінаградам, – ці чытаў кніжку, ці проста сядзеў на сонейку. Хворае цела перашкаджала думаць, і было толькі адно троху-многа рэльефнае чуццё: бурлячая рэвалюцыя праходзе, вось, міма...
        А ўжо значна ачуняў, ужо не мучыўся на жывот, не млеў, і было досіць добра. Ужо іншы раз увечары ішоў слухаць музыку ці сядзеў у сквэру, хадзіў сярод людзей – і ўсё ўцяшаўся з свае вольнасці і незалежнасці.
        А час ішоў, і робілась не дужа цёпла, навет у горад убіваліся гукі і фарбы недалёчкай восені. Паменшала мух, але ж кусаліся яны вельмі балюча і ліплі, як смала.
        Чарод адпраўкі не падхадзіў, і тонкая, маўляў, джгала вужакі, нуда на незлавімае мгненне датыкалася да сэрца і надта пужала.
        За сталом афіцэры гаманілі аб хамстве народа; пад маскаю прылікі, але са злосцю ў душы, як быццам жартліва, спіраліся аб палітыцы з таварышам няняю, што насіла стравы на стол, ці вылічалі волю пакарнейшаму і найцішэйшаму бежанцу, таварышу санітару, каторы не разумеў, аднак, за якую волю ён знялюбіў ім.
        Можна было йзноў распусціцца з нэрвамі. «Трэба барджэй, барджэй выязджаць», – думаў Абдзіраловіч, седзячы ў сквэру і гледзячы на гуляннікаў.
        Нейкі работнік, у сіняй замасленай блюзе, пад выпетранай шынэлькаю без пагонаў, ішоў, хапаўся; ён пацягнуў за сабою пагляд сваім, здаецца, надта знаёмым абліччам.
        – Васіль! – гукнуў зняцейку для сябе Абдзіраловіч, і работнік прыстояў, пазнаючы яго.
        – Ігнат Восіпавіч?! – з нясмелаю радасцяй прамовіў ён; не ведаў, парукацца яму ці не.
        – А я, а я, любы Васілёк, я самы! А як жа рад нечаканай сустрэчы з табою ў чужой Маскве! – і абшчапіў яго шчыра і проста. Пацалаваліся.
        – Васілёк, як быццам мяне чаго саромішся, – казаў Абдзіраловіч, – што ты, галубец? Прысядзь, родненькі. Пагамонім. Цяпер, аджа, не тая пара – памятаеш, як цябе, ніжняга чына, не пусцілі са мною ў залю першае клясы ў Смаленску?
        – Так, – ухільна адказаў Васіль, марудна трапляючы на патрэбны тон. А быў і ён здаволены.
        – Ці ж ты не салдат ужо? – спытаўся Абдзіраловіч.
        – Не, мяне выпісалі з часці, і я працую на фабрыцы. Жыву з маткаю.
        – Што? І мамка тут! – крыкнуў той, не ведаў, як сказаць аб ёй, а казаць, як калісь, Маланка – сароміўся. – Ай, як ба добра з ёю пабачыцца. А што, здарова, тупаець, як тады?
        – Ат, якое там здароўе, Ігнат Восіпавіч, – а злашчы пры гэткай дарагоўлі. Каб хаця страваванне лепшае.
        Яны троху памаўчалі.
        – Калі не пагрэбуеце... – невясёла і нясмела ўсміхаўшыся, казаў Васіль, – пойдзем, старая будзе надта ж рада. Успамінае вас штодзенна. Адрас вельмі старалася даведацца. Клапаціла, ці не забіты вы?
        – А я, няўстыдны, і не пісаў ніколі сваёй мамцы. Пойдзем, пойдзем... Ай, як добра. Дай веры, Васіль, рад табе, як роднаму брату. З бацькам я блізка што нічога супольнага не маю. Ты, напэўна, ведаеш. І нікагенька ж няма ў мяне. Сустрачаўся, праўда, з рознымі людзьмі. Ат, успамінаць не хочацца. Вось ізноў адзін...
        Яны ўсталі і пайшлі на трамвай. Былі абодва радыя. У непарадку казалі адзін аднаму аб сваіх падзеях апошніх гадоў. І прапаршчык не пазнаваў даўнейшага Васіля, неклапатлівага, вясёла-няўважнага пастуха, потым работніка ў прудзе (млыну). У яго на вачох быў сур'ёзны, удумлівы, крыхачку хмарны работнік, каторы найлепі разважаў аб значэнні падзей і быў гарачы паклоннік недалёчкай сацыяльнай рэвалюцыі. Той, афіцэр, навет некалькі разоў зчырванеў за сваё няведанне і збочнае сугляданне крывавага змагання.
        Ехалі амаль не цэлую газіну ў незнаёмы край горада. Яшчэ доўга ішлі па нячыстых вуліцах, загароджаных вялізарнымі, непрыгожымі дамамі, сярод фабрычных комінаў і каля высачэннага плота.
        – Мне добра: блізка да фабрыкі, – хваліўся Васіль.
        Збочылі ў вузенькі завулак, узышлі на аграмадны панадворак з некалькімі павароткамі, са смуродам ад дзёгцю і вапны з-пад абы-як збітых дашчаных патрэбных каморак і ўрэшце апынуліся каля нізенькага ўвойсця ў падвал.
        Васіль пастукаў.
        – Наш палац, – сказаў ён.
        – Хто там? Ты, Васілька? – пачуўся Абдзіраловічу знаёмы, знаёмы голас нянькі.
        – Я, мама, я... з госцем. Адчыні.
        Аббітыя калматаю рагожаю дзверы скрыгнулі, і тады на парозе паказалася яна, без пары вельмі старая, з абгаркам свечачкі ў руцэ.
        – Зробце ласку! – пусціў Васіль гасця наперад.
        – Нічога, нічога, смеленька, панок, – з пытаннем у вачох запрашала і яна, устаўляла абгарак у адбітае дно бутэлечкі з папераю.
        – Не прызнаешся, мамка? – працягнуў Абдзіраловіч рукі.
        – А хто ж вы, панок? – І трошку памаўчала і паўзіралася. – А!! – раптам неяк пісклява айкнула яна і кінулася да яго. – Панічочак наш! Ігналік! Ах, Ігналік... – і схапіла за рукаў.
        Слёзы папаўзлі ў яе па зморшчынах; яна згубілася ў парадку.
        – Здароў табе, мамка, – паспеў ён прытуліць яе з прыкрай, аднак, трывогай, каб яна цмокнула ў руку, як гэта было зазвычаена ў іх у дварэ, і пацалаваўся з ёю.
        – Ах, панічок! Ігналік... Даруйце ўжо мне, буду гукаць Ігналікам, як маленькага. Воля цяпер, – сарамліва дадала яна і зусім згубілася ў парадку, не ведала, як прыняць, куды пасадзіць яго.
        – А як жа, а як жа. Можаш, мамка, навет за вуха падраць і сказаць: «А-а, ты, нягоднік Ігналік, не пісаў». Але дай веры, мамка, жыццё так выпадала. І адрасу не ведаў.
        Васіль маўкліва барабаніў трубою самавара і з чорным ад вугалля кошыкам у руцэ шмыкнуў некуды за дзверы.
        – А я во гарую тутака. На крылліку, здаецца, вылецела б. Адылі ўсё мадзею з Васільком. Яна агледзелася.
        – Ай, божухна, як жа гэта я? На самавар дык і забылася. Не паставіла, думала, Васіль у камітэтах сваіх заначуе. Бальшавік жа ён у мяне, ай, бальшавік. І бог святы ведае, да чаго яно дойдзець, усё гэта... Пэўне, да Карпавіча па вугалле пайшоў. Той таксама за бальшавікоў цягнець, яшчэ злей. Збівае з розуму і нашага мальца; заўсёды гамоняць а гомоняць ды шашакаюцца.
        Пакой быў досіць вялікі, але гнёў сваймі гмурымі сцюдзёнымі сценамі і нізка навіслаю, аблупленаю каменнаю столлю. За паркалёваю фіранкаю стаяў адзін ложак, ля печы – другі. На стале ў сіняй паперцы ляжаў селядзец. На паліцы, каля высокага, за кратаю, вакна ляжала некалькі нумароў газеты, брашур і тоўстая кніжка ў добрай вокладцы. Нахіліўшы галаву, Абдзіраловіч прачытаў цісненне: «Капітал».
        «Няўжо Васіль чытае Маркса?» – падумаў ён пра сябе.
        Тым часам прыйшоў і ён з вугаллем. Старая забегала з селядцом і ўсё пыталася.
        – Авохці, божачка наш, бацюхна, – казала яна, – каторы год свет увесь круціцца. Воля прыйшла, а ўсё канца няма. Карпавіч наш яшчэ злейшы цяперацька. Толькі й ведае хлопца баламуціць. Ай, каб не дарагоўля – памякчэў ба народ.
        Калі елі селядца і пілі гарбату з брушнічным экстрактам, у дзверы нехта пастукаўся.
        – Васілёк! А, Васілёк, – пачуўся грубы, але прыемны мужчынскі голас, – адчыні, браток, іду на гасця вашага падзівіцца.
        – А каб яго качкі... знайшоў калі час, – нездаволена шапарнула старая. – Завядзець цяпер сваю дуду.
        Увайшоў нізенькі, з сівымі кучаравымі валасамі дзядок у шырокім пільчаку зверху палатнянай вышыванай кашулі, у апорках; царамонна пакланіўся і працягнуў Абдзіраловічу руку.
        – Іван Карпавіч Гаршчок, – сказаў ён, – Васілёў таварыш, работнік па мэталу.
        – Прапаршчык Абдзіраловіч, – адказаў той.
        Дзядок чуў сябе вольна і гаварыў з пэўнасцю і плаўнасцю. Падзякаваў гаспадыні за гарбату і зараз запытаўся ў афіцэра, разглядаючы на грудзёх значок з вучылішча:
        – А якіх вы, так сказаць, паглядаў на палітыку ўжываеце?
        – А вось пакуль што яшчэ самаазначаюся, а на фронце гэта мала карцела, – жартліва адказаў Абдзіраловіч.
        – Ігнат Восіпавіч бліжэй за ўсяго падходзіць, пэўне, да сацыялістаў-рэвалюцыянераў, – дзялова заўважыў Васіль.
        – Ці мала яму, галубчыку, і без таго клопату было, – быццам заступалася старая, – зазнаў гора даволі. Можа, бачыў троху дабра, як дзіцёнкам у дварэ жыў. У навуку рана пайшоў, потым з татулькам нешта пасварыўся, потым вайна. Як выхвараў, збялеў...
        – Усе гэта недарэчы, – сербануў гарбаты, перабунтаваў яе гутарку Карпавіч і дастаў пушачку з махоркаю. – Дазваляе, цётка? – звярнуўся да яе і потым ветліва падставіў афіцэру: – Не пагрэбуйце: што душа мае, тым і прымае. Яно добра, – казаў ёй далей, – значыцца, калі чалавек гора зазнаў, баржджэй працоўнага чалавека абстоіць. Толькі з самаазначзннем бавіцца не выпадае, каб нойды не спазніцца, – зірнуў ён на Васіля. – Мне малец казаў троху чаго аб вас. Аб бацьку вашым казаў... Значыцца, вы за народ, калі з ім за нашага брата пасварыліся. Ну, скажыце мне па шчырасці: каб давялося нам з панамі падужацца, на чый бок станеце вы?
        – З кім яшчэ дужацца хочаце? Ат, не мае стары лепшай гутаркі, – замінала матка. – Ці мальска крыві хрысціянскай пралілося. Бывала толькі: «Ай, каб зямелькі! Ай, каб зямелькі!» А цяпер і зямля будзе, дык яшчэ мала здаецца, немаведама чаго хочацца.
        – О, не, цётачка, гэта пахнець старыною... Не, даволі мы ў іхныя рукі нацалаваліся, – раптам загневаўся Карпавіч. – Сячы трэба да карэння. Шкадаваць іх? Як нашы Гальшанскія – князі? Старэйшы сялян у пятлі давіць, а маладзейшы тут у камітэтах бегае, за народ быццам, – не!
        Познаю начою варочаўся Абдзіраловіч у лазарэт. Васіль правадзіў яго да вялікай вуліцы. Крэпка жмаў яму руку і прасіў не браць у крыўду словы Карпавіча, бо і Карпавіч добры чалавек і аб ім нічога благога не думае і ведае, што ён – афіцэр, а стаіць за народ.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.