РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзве душы
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
X
        
X

        
        Іван Карпячонак Гаршчок, або Карпавіч (так звалі яго ўсе, калі пабыў у свеце), належаў да той даўняй і немалой чарады выхаджэнцаў з беларускай вёскі, каторая чакаець яшчэ ў літаратуры свайго пісьменніка.
        Чарада гэтая маець свой пачынак у дужа далёкай мінуўшчыне, калі прадзеды нашыя, то той, то гэты не прыкутыя да свайго загона, як цяпер унукі, абы-якой культураю, раптам кідалі грэчкасейства і беглі ўва ўвесь белы божы свет шукаць волі, ці тое: гамаваць свае атавістычныя пачуцці.
        Чарада гэта праходзіла таксама скрозь тыя слёзныя часы, калі дзяды нашы, то той, то гэты, і найбольш як той казаў, з ганарыстых, уцякалі ад жорсткіх паноў сваіх, бадзяліся па чужой, тугою аранай, старане, туляліся па розных глухіх куткох, канчае век свой ці ў цёмных лясох, ці ўзімку на бязлюдных дарогах на беленькай снегавой посцілцы, ці ў гарадох на камені пад плотам, калі яшчэ раней таго не накладалі галоўкаю за скрынку пушнога старасвецкага хлебца.
        Цягнецца яна даўно струпехлымі крыжамі і касцьмі ды згладжанымі ад даўгога часу могільнымі курганкамі і ў тыя жалобы ціхія гадзіны, калі беларус у белай кашулі здабываў царом Сярэднюю Азію, і йшоў на вечныя часы за сваю веру ў Сібір, і вызваляў балканскіх «браткоў» з турэцкай няволі, і насыпаў чыгункі па ўсяму Ўсходу Эўропы, і дзе толькі, дзе толькі, апроч хіба свае бацькоўшчыны, не капаў у горах руду, не спушчаў ваду з гнілых балот...
        Губіць свой стройны парадак і буяець ува ўсе бакі чарада ў астатнія колькідзесят гадоў, калі нарадзіўся людзей вялікіх шмат, а зямля не вырасла, а ўсохла да вузенькіх, што й курыца пераскочыць, шнурочкаў. Пацягнуўся тады з вёскі народ куламесаю і хто куды: у Пецярбург і Маскву, Рыгу і Адэсу, Тыфліс і Варшаву і ў далёкую заморскую Амерыку, дзе ёсць дзіўны горад Нью-Ёрк, дзе ёсць глухія, а багатыя фермы ў немцаў і расейскіх духабораў і дзе можна зарабіць добрую капейку, хаця ж і надта, надта цяжкаю працаю.
        Губіць свой стройны парадак чарада ў гэную пару, бо хлопцы з беларускай вёскі пачалі выхадзіць цяпер не толькі «ў свет», адылі і «ў людзі». Школы адчыняліся, і можна было выўчыцца на пісара і на вучыцеля, на чыноўніка, ато дык і яшчэ вышэй: ксяндзы, папы і нават афіцэры пачалі выхадзіць з-пад мужыцкіх стрэх.
        Што ж, як каму таланіла. Мікола Мартынёнак Макасей пехатою і басанож у N. прыйшоў, бо ў дарозе лапці стаптаў, але пашчасціла хлопцу: цяпер ён – Мікола Мартынавіч і вялікія міліёны маець. Іван Гаршчок, ці тое Карпавіч, па чыгунцы прыехаў у Маскву (і дайжа ў ботах, што дзед перад смерцю адказаў), а не меў ён гэткай удачы, хоць і нішто сабе ў манахах жыў.
        Дужа псуець сабе кар'еру мужыцкі сын, калі не скора забываецца на хату бацькіну. Ташнуець тады немаведама чаго; у горадзе ходзіць, як непрыкаяны, а дамоў прыедзе – да працы ахвоты не маець. Так і прамарудзіць задарма жыццё сваё: ні богу свечка, а ні чорту чапяла, ні пан, ні нашчанец, мужыцкі брат.
        Іван Гаршчок быў хлопец удалы, змалку на ўсё здатны і здольны. Змалку ж ён і чытанню-пісанню добра няўся. Як скончыў ён царкоўную школу, пасадзіў яго бацюшка ў школцы граматы вучыцелем.
        А Гаршчок калі за што браўся, дык браўся шчыра: замучыў дзяцей малітвамі, а баб і мужчын – чытаючы ім «Душеспасительный листокъ» з дужа страшнымі малюнкамі: у п'янюгі з рота лезець вужака, пляткарка ліжаць языком гарачае зялеза і да т.п.
        І сасніў аднойчы Гаршчок, што ён вялікі нейкі праведнік ці манах, і пачуў голас ува сне, што павінен ісці ў манастыр, у манахі.
        І пайшоў. Папоўніў чараду.
        Быў ён з маладосці прыгожы: вочы зоркія, спрытныя, валасы кучаравыя, від да ўсякага чалавека спагадны і радасны.
        І скора і лёгка ўбіўся ў ласку да архімандрыта; даручаў той яму стаць ля машчэй, калі знаймуюцца багамолы, і пільнаваць, каб клалі грошы і каб не было абы-якога непарадку.
        А манастыр быў знамяніты. Многа вялікіх паноў прыязджала сюды, асабліва з таго часу, калі забілі недалёчка ад манастыра важную асобу царскага роду; прыязджалі князі і графы, княгіні і графіні закупляць панахвіды.
        І прыязджалі дзве князёўны.
        Любілі яны да машчэй прыкладацца. А станавіліся недалёчка да прыгожага послушніка.
        І неўпрыцям для самога сябе паслізнуўся ён.
        І дайшоў да астатняй брыды.
        Грошы краў, цела брудзіў, а сумленне гарэлкаю заліваў.
        Прапаў Іван Гаршчок.
        Трапіў у самае бясяцкае прадонне.
        ...Прачнуўся аднойчы на голых, запэцканых гразёю, шалупашкамі і слізкімі гурковымі і кавуновымі недагрызкамі, замасленых басяцкім шкумаццём палацях у начулішчы.
        Ляжаў паміж кудлатага, чорнага басячугі і абшарпанай п'яной бабы.
        І нічога не памятаў.
        У расхрыстанай, з калматымі косамі абшарпанкі цякла са шчэрбы на збітую шчаку слюня. Аднэй рукой баба сцяла Гаршка за палу, а другую адкінула – голую, без ададранага рукава капоты. Жылаватыя, брудныя ногі тырчэлі з-пад абмызганай спадніцы, звісаючы з палацяў.
        Гаршчок намагаўся ўцяміць усё і абмеркаваць, але нудна было пад ложачкай, балела галава, гідзіла яго ад аблічча абшарпанкі.
        Дужа карцела курыць, ды не было чаго. Ён вызваліў палу пінжака, і баба заварушылася і засмактала, а кудлаты басяк скрыгаў скрозь соння зубамі.
        Пацягнула знізу ў разбітую шыбу з мутнога надвор'я свежым ветрыкам і прыемна асвяжыла галаву.
        Нылі ўсе косці, калі скрануўся Гаршчок і палез далоў.
        Ён агледзеўся. Начлежны дом быў повен. Была самая пара сну. Стаяла густое цёплае смуроднае паветра, нёсся храп, свістанне і варушэнне.
        У адным вугле ўзняўся глухі гоман, нейкая ваганіна, хрыпаты смех і лайба – усё паніжонымі, начавымі галасамі.
        Пайшоў туды, каб дастаць табакі.
        Гэта прыйшлі з начной працы гаспадары начулішча, яе паважаныя паўсёдныя жыхары. Месца кождага, зазначанае каменем або цэглінай (замест падушкі), пуставала, бо ўсе ведалі, што тут занята і што гаспадар прыйдзе і мае права стурыць.
        Але на адным месцы скорчыўся блізка што голы, аброслы чорнымі валасамі, дробненькі чалавечак, не то цыган, не то армянін ці жыд, – і гаспадар каменя загневаўся за гэткае зняважанне сваіх правоў. Ён злосна плюнуў, без усякай жаласці схапіў навічка, незнаёмага яшчэ з тутэйшымі парадкамі, за ногі звалок яго з палацяў і кінуў на памост, як нейкі мяшок, набіты мякінаю.
        Ніхто і ўвагі не звярнуў.
        А пабіты чорны перацягнуўся, як ніцы сабака, і заснуў проста на падлозе, слізкай і бруднай.
        Гаршчок папрасіў табакі ў таго, хто кідаў. Той злаяўся, падумаў, патрос у кішані і дастаў шчэпаць махоркі, потым з маскоўскага суконнага картуза, маслянага ўжо, як бот, выдраў кавалачак газетнай паперы і даў Гаршку.
        Падзякаваў у спіну басяку, пайшоў на двор і сеў на тумбе; рупліва звярнуў цыгарку і зацягнуўся прыемна і соладка.
        Палягчэла галава, не так нылі косці, і ён мог абдумаць сваё палажэнне.
        Апошнія капейкі былі прапіты. У кішані анічога. На сабе чорны пінжак, там-сям пазашываны белымі ніткамі, надзеты проста на голае цела, абшарпаныя, дзіравыя штаны і стаптаныя, збітыя на нет бацінкі.
        Срэбраны крыжык, на каторы неяк і ў п'янога і ўжо бязбожнага Івана не паднімалася рука, – бо то была памяць дзіцячых гадоў, бацькоўскай хаты і праўдзівага, яшчэ давучыцельскага і даманастырскага жыцця, – гэты крыжык згубіўся: ці адарваўся, ці яго хто адрэзаў у п'янога і прапіў.
        Першы раз за ўсю гульбу паўстала пытанне: што рабіць?
        На работу нійдзе не возьмуць басяка, дый кепскі з яго работнік.
        Прасіць? – страшная мільганула думка. Красці? – бліснула яшчэ страшнейшая і горкая.
        Абчысціўшыся троху і падцягнуўшы штаны, паплёўся ён па сонных, яшчэ пустых завулках на ўзбярэжную.
        Там ужо мялі белыя дворнікі, махаючы аграмаднымі мётламі, беглі на рынак бабы з кошыкамі і цягнуліся на начлег самыя розныя гулякі.
        Недзе далёка за заставаю ўдарыў і загудзеў звон, будзячы на душы нешта колкае і балючае. Брызнула восеннае сонца па закапцелых вярхушках фабрычных каміноў, заскакала па дахах і главах і пабегла, бліскучае, па рэйках; з-пад трамвайнага парка заліўся дробна і звонка, задрынчэў званок, і цераз раку па каменнаму мосту пабег з грукатам і гулам першы, з адным-двума работнікамі, вагон трама. Ціха калыхаліся сонныя лайбы на пляскучых водах ракі, а над імі трапыхаліся флажкі. Ізноў загудзеў далёкі звон.
        Так пачыналася раніца горада.
        Гаршчок асцярожна і быццам сонны злез па прыступачках даўгой лесвіцы да ракі, з нейкай дзіцячай радасцю заскрыпеў бацінкамі па берагавому жвіру, адчуваючы блізкасць да прыроды, уліваючай у людзей спакой і сілу, і спадзяванне.
        Свежы ветрык абдуваў гарачы твар халадком. Гаршчок скінуў кепку, прыгоршчамі набіраў вады і, смакуючы, мыўся. Вецер уздымаў кучаравыя, даўно не чэсаныя валасы.
        Павесялела яму, ёлкасць чуцця пачала знікаць.
        А горад вясёла, як звычайна, прачнаваўся і ўсё гулчэй і званчэй гаманіў, гудзеў і званіў. Чырвонае сонца, усё болей залацеючы, узнімалася на празрыстым сінім небасхіле і залівала святлом шкло ў вокнах вышэйшых паверхаў, дахі, вывескі, дрот, вітрыны.
        Зазванілі нейдзе яшчэ, запляскалі па бруку капытамі коні звозчыкаў, з громам і гулам цягнуліся ламавікі з даўгімі смоленымі бочкамі.
        Сярод гулу Гаршчок ціха йшоў бачком, каб не біць у вочы дрэнным адзеннем, і думаў, што цяпер рабіць. Паехаць дамоў к брату і сабрацца з сіламі – не, не выпадае. «На зіму, на гатовы хлеб прыйшоў валацуга, – скажуць людзі, – чаму не прыхадзіў раней, як меў грошы? Тады пазабыўся, што і браценнік ёсць», – так скажуць яму ў вочы й за вочы. «А брат жа карыстаецца з майго паўнадзела», – упіраўся другі, свой, голас. «Аднак сам-то ты не хочаш карыстаць з яго», – скажуць горкую праўду. Прыйдзеш дамоў і пачнеш хадзіць па лесе ды па дуброве за красою, а бульбу капаць ці каноплі браць – памажы вам божа, а я не хачу...
        Ніяк няможна ехаць дамоў. Дый на што білет купіці?
        Аставалася адно: пайсці да архімандрыта і спытаць колька рублёў, што некалі разам у манастыры «зараблялі».
        Доўга так ішоў ён, куды ішлі ногі, а ногі давялі да сцен манастыра. Чатыры гады назад ішоў ён сюды адухоўнены, поўны веры і сілы духу: ішоў, каб быць бліжэй да бога. Цяпер ён ішоў злы і бязбожны з непрыхільнасцю і дайжа пагардай да гэтых муроў.
        – Эт, будзь, што будзе, – уголас прагаварыў ён сабе і сігнуў за чыгунную кратчатую калітку.
        У прыдзеле адпраўлялі раннюю абедню. Зара павінен быў выходзіць з царквы архімандрыт. Як усё да апошняй драбніцы знаёма тут было Гаршку. Няможна было ўгамаваць тую больку, той разлад прыкры, што сушыў яму сэрца, тую думку, што вось страціла ўсю тут для яго святасць, усякую духоўнасць.
        Яго ўжо прыкмецілі. Таўсты Паісій, з чорнай, як лапата, барадою і бліскучай чырвонай лысінай, хітра ўхмыліўся пад густыя вусы, павёўшы вокам у бок Гаршка, дзеля чагосьці засунуў рукі за чорны кушак, выняў, ізноў зірнуў з-пад кліраса на Гаршка і гудзеў басам на ўсю царкву.
        Худы, як шчэпка, Нікадзім палючымі, глыбокімі вачамі часта калоў Гаршка з несхаванай злосцю.
        Прапелі ўсё як мае быць. Пацягнуліся чорныя бабулькі цалаваць абразы; ксціліся і пільнавалі, калі пройдзе архімандрыт. Гаршчок убачыў яго, як ён, надаўшы паважнасці і святасці, нягледзячы на баб, ксціў іх і падстаўляў цалаваць свае рыжыя валасатыя рукі.
        Гаршчок патроху адхадзіў з чарадою да дзвярэй, гдзе лаўчыўся падайсці, як народ высыплець на цвінтар.
        Хлопчык-послушнік, знаёмы Гаршку, вінавата скаўзануў міма, патрос чорнымі кудзеркамі і пачаў гасіць свечы. Здаецца, ён непрыкметна кіўнуў Гаршку, як бы кажучы: «І такогая люблю цябе».
        Не чакаючы і не просячы блаславення, падышоў да архімандрыта Гаршчок і загаварыў да яго, загарадзіўшы яму дарогу.
        Шыя ў архімандрыта пачырванела.
        Ён сцяміў, чаго той хочаць ад яго.
        – Арыштант! Сацыяліст! Ідзі туды, адкуль прыйшоў, – раптам прасіпеў ён.
        Гаршчок згубіў панаванне над сваёю воляю.
        – Я пайду, пайду, – закіпеў і ён, махаючы рукамі ад вялікага абурэння, – я пайду, але ты, ты... (няўзнаку з'ехаў з вы на ты) – калі ты аддасі мне маіх трохсот рублёў, што я зарабіў, пеючы з табою пры адправах, то ты пойдзеш яшчэ далей за мяне!.. Памятай панагію*!
        * Абразок на грудзёх у праваслаўных архірэяў.
        І для нячулага старога архімандрыта гэтыя словы былі незвычайнаю крыўдаю. О, колькі клопату і страху дадала яму гэтая ўцішку прададзеная панагія.
        – Гукнуць паліцыю!! – ківірнуўся да послушнікаў архімандрыт, аж шугаў ад гнеўнасці.
        – Гукай, гукай! – непрытомна галасіў Гаршчок. – Я пра панагію на ўсю Расею крыкну, няхай ведаюць, як рызнічыя перахоўваюць манастырскае старавечнае дабро. Не аддасцё мне маіх грошы, дык зраблю іначай з вамі! -неасцярожна дадаў ён якраз словы з пісьма, што пісаў архімандрыту троху раней.
        Надта дзікою выглядзела такая праява ў царкве.
        Послушнікі выпіхнулі Гаршка на цвінтар, дзе ўжо беглі два гарадавых.
        – У паліцыю хулігана! – быццам гусак, сіпеў і гагатаў айцец архімандрыт.
        Вусатыя, чырвоныя гарадавікі баяліся гэтага кандыдата на епіскапы, добра ведаючы яго вагу сярод паноў. Не спрачаліся і не распытваліся, схапілі Гаршка за рукі, дырганулі і павалаклі за чыгунныя кратчатыя варотцы на гаманлівую, бліскучую, звонкую вуліцу.
        – Я сам... Я пайду... Я ж сам іду, – увесь белы ад крыўды і сораму, што ўчынілі над ім гвалт, кундыячыў Гаршчок гарадавым. Тыя маўчалі і цягнулі за рог вуліцы.
        Там агоўталіся.
        – Ахвота чапацца з імі, – казаў старэйшы. – Ну, ты, Баброў, ідзі на пост. Я адзін з ім саўладаю.
        Баброў усміхнуўся, зірнуўшы на мізэрную фігурку шабадранага басячугі, і пайшоў.
        Старэйшы, Сімановіч, знаў Гаршка яшчэ тады, калі ён быў у ласцы ў архімандрыта (раней, у тую пару – казначэя і потым – рызнічага); цяпер шкадаваў яго.
        – Эх, Іване, – сказаў ён, – добра я цябе знаю: быў ты й сыты й абуты, у гонару і з грашмі, чаго табе было з імі сварыцца?
        У Гаршка кожная жылка дрыжэла.
        – А цяпер, Іване, пакінь ты іх і займіся чым-колечы другім, што табе падходзіць, – умаўляў гарадавы, – во да чаго дайшоў, – агледзеў ён Гаршка згары да зямлі.
        – Я папрасіў у яго на дарогу. Як у чалавека прасіў, – казаў Гаршчок.
        – Ну, во што, – падумаў Сімановіч, – у паліцыю мы не пойдзем і пратакол пісаць не будзем, бо дзеля гэтага і ён павінен быў явіцца. Ану, на ўсё, можа, забудзецца. Але каб мне не дасталося, калі хопяцца часам, то падушайся, што заўтра ў гэтую пару ты прыйдзеш да мяне. Спадзяюся, што не спытаюць аб табе, але на ўсякую прыгоду... сам ведаеш – служба, дзеці... Ну, раздабывай грошы, купляй білет і едзь сабе з богам у сваю вёску.
        Гаршчок утупіў вочы.
        – Журавы там цяпер лятуць, бабы лён сцелюць, каноплі выбіраюць, пеўня на дабіркі зарэжуць, гаманіў з летуценнем у шэрых вачох Сімановіч; ён дастаў партманет і штосьці поркаўся ў ім.
        – Дык дэкляруешся?
        – Ага. Дзякую вам.
        – Ну, дык во, – замітусіўся гарадавы, – мая рука лёгкая, будзеш мець на дарогу, – і сунуў Гаршку беленькі паўрубель, – ідзі сабе.
        Пайшоў на пост і яшчэ па дарозе крыкнуў: «Глядзі ж прыйдзі на ўсякую прыгоду!»
        Астаўся быццам выніцаваны Гаршчок, варочаў у порных пальцах манету і чуў нямую прыкрасць.
        – Кру-у! Кру-у! – крукала ў вушох, як слова, высака-высака ў небе лятуць журавы над логам, гдзе бабы сцелюць лён, а каб было чысцей – грабяць баграна-залатое асінавае лісце, што наляцела з лесу так далёка.
        Сярод гоману і звону паплёўся Гаршчок прапіваць паўрубля і ўсё болей мякчэў ад думкі, што паедзе на жыццё дамоў.
        А злосць так часам і падпірала яшчэ і была балючай, дужа вострай ад зняможанасці і ўніжэння. «Арыштант, сацыяліст». Я ж табе пакажу, што я за арыштант! Я цябе дапяку.
        Калі на другі дзень Гаршчок прыйшоў да Сімановіча на пост, той старанна пераксціўся.
        – Ну, хваліць бога! – сказаў ён. – А я мысліў: не прыйдзеш. Пойдзем у паліцыю; гукаюць, што рабіць...
        Потым яго вывелі на двор, гдзе стаяла цёмная карэта. Адчынілі дзверцы, упіхнулі яго туды, пасадзілі да яго жандара, замкнулі ў цямноце і некуды павязлі.
        Мякка каціліся аббітыя разінаю каточкі па роўных брукаваных вуліцах, толькі пляцкалі конскія подковы. А думкі ў Гаршка заскакалі: «Што хочуць зрабіць? За якія ўчынкі?»
        Прывязлі яго ў ахранку. Увялі ў раскошны пакой і пасадзілі паміж двух жандараў.
        Зараз выйшлі з другіх пакояў жандарскія афіцэры. Адзін меў у руках Гаршкова пісьмо да архімандрыта, у каторым якраз і было тое – «Калі не аддасцё маіх грошы – зраблю іначай з вамі».
        Ізноў пачаліся распытаванні, хто, адкуль, чым займаўся, завошта меўся забіць архімандрыта, ці меў памагачых у нападзе?
        – У турме сядзеў?
        – Ні разу, пане палкоўнік.
        Афіцэру не падабалася «пане» – Гаршчок чутка заўважыў.
        – Брэшаш, латруга!
        – Ніяк не брашу, вашскародзіе!
        – Ага. Ну, мы праверым.
        Прывалаклі аграмадны альбом з фатаграфіямі розных злачынцаў і зачалі лістаць і шукаць.
        Доўга цягнулася гэтая работа, было горача і прыкра.
        – Так! Першы раз у нас, і ведамасцяў з другіх гарадоў аб табе няма, – сказаў палкоўнік.
        – Анархіст, рэвалюцыянер, бальшавік? – папытаў у яго далей палкоўнік. Гаршчок вытарашчыў вочы. Капітан усміхнуўся.
        – Мяркуючы па яго пісьму і правапісу, пане палкоўнік, – пстрыкнуў ён па пісьму.
        Абодва засмяяліся. Гаршчок пачырванеў – што смяюцца з яго цемнаты.
        – Ну, ты добра спісаў тут манастырскія парадкі, толькі як паважыўся пагражаць? Што значаць словы: «Зраблю з вамі іначай»?
        – Тое, што буду судзіцца за свае грошы, – адказаў Гаршчок.
        – Ага, так! Ну добра.
        Яны пайшлі ў другі пакой і доўга рагаталі там, яшчэ раз перачытваючы Гаршкова пісьмо, перасланае ў ахранку архімандрытам.
        Адылі выйшлі.
        – Ну, што ж: хочаш, каб мы цябе адправілі на родзіну?
        – Хачу, вашскародзіе, – узрадаваўся Гаршчок, думаючы, што яму дадуць бясплатны праезд як нічога не маючаму і не вінаватаму ні ў чым.
        – Добра, пішы, – сказалі пісару і пайшлі сабе. Пісар напісаў паперу, падаў яе салдату і сказаў:
        – У М-ую перасыльную.
        – Як, у турму, па этапу?! – скалануўся Гаршчок.
        – Ато як жа? Сам прасіў.
        – Я не тое... Я не хочу, – узняў голас Гаршчок.
        – Ну ўжо канец, зроблена. Вядзі яго.
        Даўгім і стыдным быў час да турмы сярод двух салдатаў са штыхамі па самай сярэдзіне вуліцы, па каменю.
        «Па этапу, з салдатамі дамоў... О, сорам, сорам», – мысліў Гаршчок у адчаю.
        Яшчэ доўга мучалі яго, пакуль прыймалі ў турме, ізноў пісалі, ізноў пыталі. Цэлы дзень мінуўся – макавай расінкі ў роце не было. Потым упіхнулі ў смуродную, брудную, поўную арыштантаў камеру з палацямі.
        «Яшчэ раз я прапаў», – разважаў Гаршчок.
        Толькі цераз тры месяцы, пацягаўшы па ўсіх пунктах і турмах, даставілі яго ў родны губернскі горад. І за гэты час Гаршчок шмат чаго новага для сябе пабачыў і пачуў.
        Не забавіўся цяпер у брата навет месяца, ізноў паехаў у свет. Выўчыўся рабіць па металу і чытаў безразборна ўсялякую нелегальшчыну з гэткай жа стараннасцю, як некалі – «Душеспасительный листокъ». Здабыў пашану за розум свой ад таварышаў-работнікаў і стаўся Карпавічам. Але правадыры-інтэлегенты з іх характэрнай інстынктыўнай цямнасцю не мелі для яго асаблівай прыхільнасці. Чулі ў Карпавічу той гатунак людзей-самавукаў, каторыя хоць і вялікай высакосці даходзяць у мастацтве, палітыцы ці абы-якой навуцы, але назаўсёды застаюцца з нейкай хібаю ў самым грунтоўным, а дзеля таго неўспадзеўкі і страшна лёгка зваліваюцца часам на самы дол чалавечай думкі. Яны, гэтакія, нейкім дзівам сумяшчаюць у душы сваёй найлепшы, здаецца, гуманізм і найгоршае, акажацца, чалавеканялюбства, хімію і алхімію, марксізм і хірамантыю і з аднолькавай шчырасцю веруюць у тое і другое. Багі іхнія любяць завадзіць сварку, скідаюць адзін аднаго з пасаду і робяць у галаве свайго паклонніка незвычайны сумбур. Багоў гэных зазвычай надта многа, але бываюць часіны, што і няма нічога, вось тагды людзі такога гатунку і вырабляюць розныя неспадзеўныя штучкі.
        «Нікоменьку не прызнаюся, – сам сабе думаў інагды Карпавіч, – але чую, што ў абы-якой партыі мог бы знаходзіцца з поўнай шчырасцю». І праўда: у пачатку вайны ён троху чаго не зрабіўся самым яркім ісціна-рускім патрыётам, потым пад уплывам сваіх знаёмых студэнтаў – свядомых беларусаў – дужа скора асцюдзянеў. І нічога дзіўнага, што за нядоўгі час перамахнуў ён аж да бальшавіцкага лагера. У бальшавізме Карпавіч пачуў нешта блізкае, роднае і любае. «Доўга шукаў, дзякаваць богу, знайшоў-ткі», -уцяшаўся дзядок і, пачуваючы дужась і адвагу, зрабіўся нейкім пэўным ва ўсім чыстам, гаварыў з людзьмі вольна і плаўна і быццам рос, нізенькі, з-пад сівых кучаравых валасоў.
        – Сячы трэба да карэння! – любіў казаць і часта казаў цяпер Карпавіч, хоць і не траціў свайго паўсёднага гумару.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.